Дзейнасць земскіх начальнікаў Слуцкага павета (1906–1914 гг.)
07.03.2019
Земскія ўчастковыя начальнікі – мясцовыя судоваадміністрацыйныя органы, якія пачалі сваю дзейнасць у Расійскай імперыі ў адпаведнасці з законам ад 12 ліпеня 1889 г. [1] Указ аб яго распаўсюджанні на Віцебскую, Магілёўскую і Мінскую і губерні быў падпісаны Мікалаем II 12 чэрвеня 1900 г. [2], але ўступіў у дзеянне толькі з 1 кастрычніка 1901 г. У Гродзенскай і Віленскай губернях гэта адбылося ў канцы 1903 г. – у адпаведнасці з царскім указам ад 8 чэрвеня 1903 г. [3]
Закон аб земскіх начальніках значна змяніў структуру органаў мясцовага кіравання ў адносінах да сялянства. У руках гэтых чыноўнікаў была сканцэнтравана адміністрацыйная і судовая ўлада над усім насельніцтвам участка і органамі сялянскага самакіравання.
У 1901 г. у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях быў створаны 171 участак земскіх начальнікаў, у тым ліку ў Мінскай – 67, Магілёўскай – 54, а ў пяці беларускіх паветах Віцебскай губерні – 23. Колькасць участкаў земскіх начальнікаў у паветах была розная. Большасць паветаў Мінскай губерні была падзелена на 7–8 участкаў, і толькі Мінскі павет складаўся з 6. У Магілёўскай жа губерні былі паветы і з трыма (Чавусаўскі). і з васьмю (Гомельскі) участкамі, а паветы Віцебскай губерні складаліся з 4–6 участкаў земскіх начальнікаў [4]. Такі падзел праіснаваў да 1914 г.
Колькасць валасцей ва ўчастках земскіх начальнікаў была неаднолькавай у розных паветах. Так, у Мінскай губерні 12 участкаў складаліся з дзвюх валасцей, 41 – з трох і 14 – з чатырох валасцей. 24 воласці Слуцкага павета размяркоўваліся па 8-мі ўчастках (2–4 воласці на ўчастак, часцей – 3). У Віцебскай губерні 8 участкаў складаліся з 4 валасцей кожны, па 7 участкаў – з трох і пяці валасцей, а адзін – з шасці. У Магілёўскай губерні 35 участкаў складаліся з трох валасцей, 18 участкаў – з дзвюх і ў адным участку было 4 воласці. У сярэднім у склад земскіх участкаў названых губерняў уваходзіла 3,1 воласць з 27 сельскімі грамадамі [5].
Адначасова ў вялікарасійскіх губернях у сярэднім на ўчастак прыходзілася па 3,8 валасцей і па 45 сельскіх грамад. Прычынай такой розніцы было тое, што пры распаўсюджанні закона 1889 г. на Віцебскую, Мінскую і Магілёўскую губерні ўрад прымаў ва ўвагу складанасць пазямельных адносін, звязаных з існаваннем некаторых асаблівых катэгорый сельскага насельн іцтва (сельскіх вечных чыншавікоў, адзінаверцаў, стараабрадцаў і праваслаўных арандатараў), а таксама значную колькасць уключаных у склад земскіх участкаў мястэчак з пераважна яўрэйскім насельніцтвам [6].
Для разумения складанасці заданы па рэалізацыі Сталыпінскай аграрнай реформы неабходна мець на ўвазе, што пазямельныя адносіны ў Мінскай губерні, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, мелі праблемны характар. Адным з пацвярджэнняў гэтага з’яўляюцца наступныя даныя. Як ужо адзначалася, земскія начальнікі мелі шырокае кола паўнамоцтваў, у тым ліку разглядалі судовыя і адміністрацыйныя справы. Да апошніх адносіліся і зямельныя спрэчкі рознага кшталту. За перыяд з 1 кастрычніка 1901 па 1 чэрвеня 1914 г. да земскіх начальнікаў губерні паступіла 17 745 і было вырашана 14 998 зямельных спраў, у тым ліку ў Слуцкім павеце – адпаведна 871 (4,9 % ад агульнай колькасці па губерні) і 707 (4,7 %). Гэта вельмі сціплыя паказчыкі, асабліва калі адзначыць, што ў адным толькі 5-м участку Ігуменскага павета адпаведных спраў за адзначаны перыяд паступіла 1 298, што амаль у 1,5 раза больш, чым ва ўсім Слуцкім павеце.
Выклікае цікавасць такі факт, што ў 3-м земскім участку Слуцкага павета, у якім знаходзіўся маёнтак Э. Вайніловіча, было менш такіх спраў, чым у астатніх – іх паступіла 19 (2,2 % ад колькасці па павеце) і вырашана 10 (1,4 % ад колькасці па павету), а ў суседнім 2-м участку – 301 і 277 адпаведна [7]. На нашу думку, такое становішча можна тлумачыць узважанай пазіцыяй земскага начальніка да пазямельных адносін і імкненнем вырашыць спрэчныя пытанні без судовага разбіральніцтва. Дарэчы, у трэцім участку Слуцкага павета з 1 кастрычніка 1901 да 1914 г. пасаду нязменна займаў Яўген Васільевіч Робуш, а ў другім за гэты час змяніліся чатыры земскія начальнікі [8].
Адной з важнейшых задач, якія ўскладаліся на земскіх начальникаў з 1906 г., было садзейнічанне практычнай рэалізацыі Сталыпінскай аграрнай рэформы. Па сваіх прамых абавязках земскі начальнік павінен быў ведаць геаграфічныя і дэмаграфічныя асаблівасці мясцовасці і галоўныя праблемы пазямельных адносін жыхароў участка. З гэтай прычыны гэтыя чыноўнікі былі ўведзены ў склад павятовых землеўпарадкавальных камісій, якія ствараліся на падставе ўказа ад 4 сакавіка 1906 г. [9]. Мінкі губернскі камітэт па справах земскай гаспадаркі 23 мая 1906 г. прыняў рашэнне аб утварэнні землеўпарадкавальных камісій у шасці з дзевяці паветаў: Бабруйскім, Барысаўскім, Ігуменскім, Мазырскім, Пінскім і Слуцкім. У цэлым да 1 студзеня 1907 г. у 5 паўночна-заходніх губернях было адкрыта 5 губернских і 28 павятовых землеўпарадкавальных камісій [10]. Удзел земскіх начальнікаў у дзейнасці апошніх даваў ім магчымасць уплываць на рашэнні гэтых органаў прапанаваць, якія хадайніцтвы заслугоўваюць задавальнення ў першую чаргу.
Важную ролю ў набыцці зямлі сялянамі выконваў Сялянскі пазямельны банк. Менавіта з мэтай павышэння эфектыўнасці яго дзейнасці ў адпаведнасці з указам ад 4 сакавіка 1906 г. і ствараліся губернскія і павятовыя землеўпарадкавальныя камісіі [11]. У склад павятовых камісій, якія па сутнасці, проводзілі ўсю землеўпарадкавальную работу, уваходзілі: павятовы прадвадзіцель дваранства (старшыня), старшыня павятовай земскай управы або яго намеснік, неадменны член камісіі або асоба, якая яго замяшчала, член акруговага суда, земскі начальнік адпаведнай мясцовасці, тры члены па абранні ад павятовага земскага сходу і тры прадстаўнікі ад сялян, якія прызначаліся з ліку кандыдатаў, абраных валаснымі сходамі (арт. 1, п. 1) [12].
Галоўнай задачай землеўладкавальных камісій было «облегчение покупки крестьянами земель» пры дапамозе Сялянскага банка. Акрамя таго, на камісіі ўскладаўся абавязак садзейнічаць насельніцтву «к устранению в установленном законом порядке недостатков существующего землевладения и землепользования <…> при непременном сохранении законных прав частных владельцев» [13]. Асноўная ўвага ў гэтым напрамку была накіравана на дакументальнае замацаванне за сялянамі тых зямельных надзелаў, якія знаходзіліся ў іх карыстанні, на ліквідацыю цераспалосіцы і сервітутаў, што значна перашкаджала развіццю і прыбытковасці як памешчыцкай, так і сялянскай гаспадаркі і інш.
Рэалізацыя закона ад 4 сакавіка 1906 г. спрыяла павелічэнню колькасці сялян, якія жадалі набыць дадатковыя плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў. Так, калі з 1893 па 1906 г. у 5 паўночна-заходніх губернях было пададзена 1 204 заявы аб набыцці зямлі, то толькі ў 1907 г. – 3 260 (з іх 1 916 атрымалі дазвол) [14].
Для вырашэння пытання аб выдачы пазыкі ад Сялянскага банка неабходна было падрыхтаваць шэраг дакументаў. Пры гэтым на першым этапе галоўная задача ўскладалася менавіта на земскага начальніка, які «збіраў звесткі».і перадаваў іх са сваім заключэннем на разгляд спецыяльнай камісіі, якая і вырашала пытанне па хадайніцтве. У статыстычных даных адлюстраваны толькі тыя здзелкі, якія завяршыліся набыццём зямлі. Пры гэтым частка з іх па розных прычынах «расстроилась». У прыватнасці, у 1913 г. у Мінскае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка было прадстаўлена 530 пагадненняў з 553 гаспадарамі двароў на набыццё 8422,1 дзес. банкаўскай зямлі з выдачай грашовай пазыкі банкам і 17 – на набыццё 159,2 дзес. без пазыкі. Саветам банка, упаўнаважаным і аддзяленнем банка была дазволена пазыка па 514 здзелках 547 гаспадарам двароў з пазыкай і па 14 здзелках – на 148,4 дзес. зямлі без яе. Адхіленых пагадненняў па набыцці банкаўскай зямлі не было. Пры гэтым яшчэ да разгляду банкам па розных прычынах «расстроились» 33 здзелкі па набыцці 33 гаспадарамі 650,6 дзес. зямлі з банкаўскай пазыкай, і 7 здзелак з 118 гаспадарамі двароў па куплі 1845,9 дзес. за кошт уласных сродкаў. Аднак ужо пасля дазволу банкам пазыкі 49 здзелак на 1145,5 дзес. зямлі «расстроились» [15].
Банк разглядаў таксама заявы на пазыку для набыцця зямлі непасрэдна ў землеўладальнікаў. У прыватнасці, у 1913 г. у Мінскае аддзяленне паступілі такія хадайніцтвы ад 1 сельский грамады, 156 таварыстваў і 1 224 асобных гаспадароў (усяго 3 012 пакупнікоў) на набыццё 39 246,6 дзес. зямлі. У цэлым у 1913 г. па 1 874 здзелках банк дазволіў пазыку 3 793 гас падарам на 35 610,1 дзес., а па 101 здзелцы (163 гаспадары і 1392,6 дзес. зямлі) адмовіў. Пры гэтым яшчэ да разгляду банкам «расстроилось» 119 здзелак, у якіх удзельнічалі 363 гаспадары з мэтай куплі 5981,8 дзес. з дапамогай пазыкі ад банка. Аднак пасля дазволу пазыкі 268 здзелак не былі рэалізаваны, па якіх 747 гаспадароў меркавалі набыць 7 509,1 дзес. Зямлі [16]. Трэба адзначыць, што ў гэтыя лічбы ўвайшла і пэўная частка хадайніцтваў, пададзеных ў папярэдні час. Такім чынам, прадстаўляецца праблематычным дакладна вызначыць аб’ём папярэдняй работы земскіх начальнікаў па падрыхтоўцы дакументаў па хадайніцтвах сялян на набыццё зямлі праз Сялянскі пазямельны банк, але можна сцвярджаць, што ён быў значным.
Пры дапамозе Сялянскага пазямельнага банка да чэрвеня 1914 г. толькі ў 1-м участку Слуцкага павета Мінскай губерні сяляне Слуцкай воласці набылі 1219 дзес. у прыватнае валоданне, у Грэскай пакупшчыкі аб’ядналіся ў таварыствы і набылі 5 087 дзес. у прыватную ўласнасць. Такія поспехі былі вынікам работы земскага начальніка Паўла Іванавіча Бельчанкі. Ён тлумачыў сялянам сэнс заканадаўства, ім «принималось самое близкое и живое участие в заключении и окончании сделок по покупке земель частного владения». Адначасова ў Пукаўскай воласці ніякага продажу і набыцця земляў за гэты час не адбылося [17]. Такую значную розніцу можна патлумачыць тым, што Пукаўская воласць была ўключана ў склад участка ў 1909 г., і, магчыма, земскі начальнік яшчэ не меў у ёй неабходнага ўплыву. У сваю чаргу, Грозаўская воласць была пераведзена ў 3-ці ўчастак. Да гэтай падзеі земскі начальнік 1-га ўчастка Бельчанка пераканаў землеўладальніка аб карысці продажу сялянам воласці ў вёсцы Скобін аднайменнага маёнтка. У памяць такой падзеі сяляне далі новую назву вёсцы ў гонар земскага начальніка – в. Бельчанкава [18]. Дарэчы, жыхары гэтай воласці да 1914 г. набылі 1012 дзес. 1906 саж. зямлі, з іх 144 дзес. 2339 саж. – у межах Слабода-Пырашэўскай воласці Ігуменскага павета, а астатнія 867 дзес. 1967 саж. – у межах сваёй воласці [19].
У цэлым можна меркаваць, што паспяховасць набыцця сялянамі зямлі ў пэўнай ступені залежала ад дзейнасці земскага начальніка. Зразумела, што плацежаздольнасць членаў грамады мела асноўнае значэнне. Аднак умение даходліва растлумачыць асаблівасці заканадаўства, а таксама юрыдычныя тэрміны пры заключэнні дагавораў з Сялянскім пазямельным банкам, аўтарытэт асобы земскага начальніка таксама мелі важнае значэнне. Так, у 6-м участку Слуцкага павета з 1901 па 1914 г. змянілася 5 земскіх начальнікаў. Тут сяляне набылі 489 дзес. Адначасова ў 4-м участку ўвесь тэты час пасаду займаў Уладзімір Дзмітрыевіч Цвеціновіч, пры якім сяляне набылі звыш 6 727 дзес. зямлі [20]. На больпхай частцы набытай зямлі ствараліся хутары ці адрубы, што спрыяла мадэрнізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, павелічэнню яе прыбытковасці.
Галоўным крокам урада ў рэалізацыі аграрнай рэформы стаў указ ад 9 лістапада 1906 г. [21] У адпаведнасці з ім сяляне атрымалі права ўмацаваць у асабістую ўласнасць сваю частку надзельнай зямлі з пераходам да хутарской ці адрубной гаспадаркі. На тэрыторыі Мінскай губерні існавала падворнае землекарыстанне, але да гэтага часу заканадаўча не быў вызначаны парадак здзяйснення здзелак аб адчужэнні «состоящих в подворном владении участков надельной земли», на якія ўласнікі не мелі асобных актаў на ўладанне [22].
У адпаведнасці з указам ад 9 лістапада 1906 г., патрабаванні аб замацаванні ў асабістую ўласнасць часткі абшчыннай зямлі прад’яўляліся грамадзе праз сельскага старасту. На сельскім сходзе абшчыннікі простай большасцю галасоў прымалі рашэнне. У станоўчым выпадку грамада на працягу месяца павінна была адвесці ўчасткі, якія паступалі ў асабістую ўласнасць, а ў пэўных выпадках усталяваць памер даплаты за дадатковую зямлю (звыш сярэдняй нормы) і ўмовы карыстання агульнымі ўгоддзямі. Калі ў вызначаны тэрмін грамада не выносіла адпаведнага рашэння, то гаспадар двара мог падаць хадайніцтва земскаму начальніку, які самастойна разбіраў «па сутнасці» ўсе ўзнікшыя спрэчкі і абвяшчаў сваю пастанову (арт. 6). У дакуменце абавязкова вызначалася: 1) колькасць, памер і якасць участкаў, якія замацоўваліся за гаспадаром двара; 2) колькасць і апісанне ўгоддзяў, якія знаходзіліся ў надзеле грамады і перараздзяляліся на асобных падставах, а таксама пастаянная доля ўдзелу ў іх гаспадара двара, што пераходзіў да асабістага ўладання; 3) тыя ўгоддзі, якія не перараздзяляліся і заставаліся ў агульным карыстанні членаў грамады (арт. 7) [23].
Зацікаўленыя бакі маглі прыносіць скаргі на рашэнні сходаў і земскіх начальнікаў у павятовы з’езд земскіх начальнікаў на працягу 30 дзён. Скаргі на грамадскія прыгаворы падаваліся праз земскага начальніка, а ён, у сваю чаргу, прадстаўляў іх у павятовы з’езд са сваім заключэннем пасля «папярэдняга даследавання» ўсіх абставін справы на месцы. Абскарджаныя і неабскарджаныя грамадскія прыгаворы і пастановы земскага начальніка прадстаўляліся на зацвярджэнне павятовага з’езда, рашэнні якога лічыліся канчатковымі. Аднак і на іх можна было падаць скаргу ў губернскую прысутнасць, але толькі ў выпадку перавышэння межаў улады ці яўнага парушэння закона (арт. 9) [24].
Для адчужэння надзельных зямель у грамадах з падворным землекарыстаннем неабходна было атрымаць дакумент, які пацвярджаў прыналежнасць участка. Гэта маглі быць: «крепостной акт»; «владенная запись», выдадзеная сялянскімі ўстановамі; пастановы агульнаграмадзянскіх ці валасных судоў ці павятовых з’ездаў; зацверджаныя павятовым з’ездам грамадскія прыгаворы ці пастановы земскага начальніка аб замацаванні ўчастка ў асабістую ўласнасць асобных гаспадароў двароў. Земскі начальнік зацвярджаў таксама прыгаворы сельскіх сходаў аб сапраўднай прыналежнасці ўчастка асобе ў грамадах з падворным землекарыстаннем, а ў дачыненні да сядзібных участкаў – і ў грамадах з абшчынным землекарыстаннем (аддз. II, арт. 2). У папярэднія гады ў сялян не было асаблівай неабходнасці ў масавым парадку набываць гэтыя дакументы, таму звярталіся за імі толькі ў рэдкіх выпадках. Так, у 1903 г. у Слуцкім павеце адбылося толькі 57 «вводов во владение крестьян по данным» [25]. З 1906 г. колькасць падобных спраў стала значнай. Напрыклад, у Віленскай губерні ў адпаведнасці з указам ад 9 лістапада 1906 г. земскія начальнікі зацвердзілі 4 068 «удостоверительных приговоров», а па законе 14 чэрвеня 1910 г. – 4 883 [26]. Такім чынам, земскі начальнік, па сутнасці, з’яўляўся першай інстанцыяй у рэалізацыі Сталыпінскай аграрнай реформы.
Менавіта на земскіх начальнікаў ускладалася задача растлумачыць сялянам сэнс закона і карысць пераходу да хутарскога ці адрубнога землеўладання, а таксама ліквідацыі цераспалосіцы і сервітутаў. На паспяховасць іх дзейнасці ў гэтым кірунку звярталася ўвага пры правядзенні сістэматычных рэвізій неадменнымі членамі губернскай прысутнасці і камандзіраванымі чыноўнікамі Земскага аддзела Міністэрства ўнутраных спраў [27]. У прыватнасці, пры рэвізіі, праведзенай Пінскім павятовым прадвадзіцелем дваранства I. Папа-Афанасопула ў другім земскім участку Пінскага павета Мінскай губерні ў жніўні 1908 г., было адзначана, што насельніцтва ўчастка да той пары «совершенно не знакомо со всеми позднеишими предначертаниями и распоряжениями, касающимися улучшения крестьянского быта». Да іх адносіліся маніфест ад 5 кастрычніка 1906 г. аб ураўнанні сялян у грамадзянскіх правах з прадстаўнікамі іншых саслоўяў; указ ад 9 лістапада 1906 г. аб праве выхаду з абшчыны з уласным зямельным надзелам (магчымасці замацавання надзельнай зямлі ў приватную ўласнасць); закон ад 15 лістапада 1906 г., які дазваляў выдачу Сялянскім банкам пазык пад залог надзельных зямель, і іншыя распараджэнні, якія адносіліся да аграрнай рэформы. Рэвізор адзначаў, што гэтыя заканадаўчыя акты і рознага роду циркуляры былі зусім невядомы не толькі простаму насельніцтву, але і сельскім і валасным службовым асобам [28]. Адносна земскіх начальнікаў Слуцкага павета Мінскай губерні падобных заўваг па выніках рэвізій намі не знойдзена.
Такім чынам, земскія начальнікі непасрэдна ўдзельнічалі ў рэалізацыі рэформы. Землеўпарадкавальныя камісіі ўяўлялі сабой галоўныя рычагі, з дапамогай якіх царскі ўрад меркаваў вырашыць актуальный аграрный пытанні. З прычыны гэтага камісіі валодалі шырокім колам абавязкаў і паўнамоцтваў што дазваляла ім рэалізоўваць землеўпарадкавальныя праекты ўсебаковай накіраванасці. Пры гэтым вялікая падрыхтоўчая работа ўскладалася менавіта на земскага начальніка. У цэлым можна казаць, што ні адна справа па землеўладкаванні не абыходзілася без актыўнага ўдзелу гэтых чыноўнікаў. Законам на іх ускладаўся ўдзел у рассяленні сялян на хутары і адрубныя ўчасткі, распаўсюджанне палепшаных форм землеўладання і г. д.
Напрыклад, у палявы перыяд 1914 г. земскім начальнікам 3-га участка Слуцкага павета Я.В. Робушам ажыццяўлялася першапачатковая падрыхтоўка землеўладкавальных спраў па адмежаванні прыватнага выгана на плошчы ў 4 дзес. 1200 саж., у якім былі зацікаўлены 7 гаспадароў двароў. Падрыхтоўка справы яму была даручана ў красавіку 1913 г., а зямлю планавалася адмежаваць да 7 чэрвеня 1914 г. У тэты ж перыяд земскі начальнік 1-га ўчастка К. Кракавяк займаўся падрыхтоўкай да развярстання ўгоддзяў для 277 двароў на 1826 дзес. зямлі, якія належалі сялянам 4 паселішчаў [29]. У некаторых выпадках земскім начальнікам даручаліся работы па ўнутрынадзельным землеўладкаванні не толькі на этапе падрыхтоўкі і збору звестак, але і ў якасці землеўладкавальніка. Тут прадугледжвалася не толькі веданне якасці зямлі ў розных частках надзелаў, але і ўзаемаадносін паміж сялянамі. З-за складанасці такія работы часцей за ўсё даручаліся неадменным членам павятовых землеўладкавальных камісій. Гэта сведчыць аб высокім прафесіяналізме земскіх начальнікаў і даверу іх аўтарытэту зацікаўленых у вырашэнні справы бакоў.
У выніку рэалізацыі Сталыпінскай аграрнай реформы за 1906–1914 гт. агульная сялянская зямельная уласнасць у 5 паўночна-заходніх губернях павялічылася на 1041 128 дзес. за кошт продажу маёнткаў Сялянскага пазямельнага банка, а таксама продажу і арэнды казённых зямель. За тэты час удзельная вага сялянскага землеўладання павялічылася з 43,6 % да 54,1 % [30].
Адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці земскіх начальнікаў была ліквідацыя цераспалосіцы, размежаванне зямель, стварэнне хутароў і адрубоў на базе надзельнага землекарыстання. У 1907–1910 гг. у Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губернях пры актыўнай рабоце земскіх начальнікаў землеўпарадкавальнымі камісіямі былі праведзены работы па асобных упарадкаваннях на агульнай плошчы 544 909 дзес., што ахапіла 52 057 сялянскіх двароў, і па групавых землеўпарадкаваннях на 72 996 дзес. зямлі для 60 739 сялянскіх двароў. З гэтага вынікае, што сяляне разгл ядаемых губерняў аддавалі перавагу арганізацыі прыватнаўласніцкіх аднаасобных гаспадарак. У агульнай колькасці за 5 гадоў землеўпарадкавальныя камісіі рэалізавалі ў азначаных губернях зямельных праектаў на плошчы 617 905 дзес. З 1907 па 1911 г. пад хутары і адрубы было адведзена 1 086 063 дзес. зямлі, што складала 81 % усёй плошчы. У цэлым жа за 19071914 гг. былі праведзены зямельныя пераўтварэнні на плошчы 1 957 724 дзес. Пры гэтым асноўная доля рэалізаваных праектаў прыпадала на стварэнне хутарскіх і адрубных гаспадарак [31].
Такім чынам, у рэалізацыі Сталыпінскай аграрнай рэформы земскія начальнікі прымалі непасрэдны ўдзел. Ад таго, наколькі своечасова і дакладна яны інфармавалі мясцовае насельніцтва, тлумачылі сэнс заканадаўчых актаў і цыркуляраў мясцовых устаноў, залежала актыўнасць сялян у набыцці зямлі ў прыватную ўласнасць ці яе арэндзе, пераходзе да хутароў і адрубоў, выкарыстанне новых спосабаў вядзення гаспадаркі. Акрамя таго, земскія начальнікі нярэдка выступалі пасрэднікамі паміж сялянамі і землеўладальнікамі. Менавіта гэтыя чыноўнікі сталі першай інстанцыяй ў названых працэсах. Некаторыя з земскіх начальнікаў удзельнічалі ў непасрэдным землеўладкаванні сялян не толькі на этапе падрыхтоўкі, але і пры развярстанні зямель.
Святлана ТАЛМАЧОВА,
кандидат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітзта імя Максіма Танка.
Поўная назва работы: Дзейнасць земскіх начальнікаў Слуцкага павета па рэалізацыі Сталыпінскай аграрнай рэформы (1906–1914 гг.)
Аблічбоўка тэксту - Уладзімір ХВОРАЎ
1. Полное собрание законов Российской империи. – Собр. 3-е. (далей – ПСЗРИ). Т. 9. № 6196. С. 508–535.
2. ПСЗРИ. Собр. 3-е. Т. 20. № 18854. С. 762–764.
3. ПСЗРИ. Собр. 3-е. Т. 23. № 23106. С. 687–689.
4. Памятная книжка Витебской губернии на 1902 год. Витебск, 1901. С. 69, 86, 118, 126–127, 154–155; Памятная книжка Минской губернии на 1902 год. Минск, 1901. С. 104, 113, 130, 143, 154, 165, 178, 192, 203;
Памятная книжка Могилевской губернии на 1902 год. Могилев, 1902. С. 62, 78, 87 – 88,108,119,128,138,151,162,171,178.
5. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей – РДГА). Ф. 1291. Воп. 54. Спр. 229. Арк. 30;
Толмачова С.А. Земскія начальнікі // Дзяржаўнае юра – ванне і грамадскае самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.) / А.П. Жытко [і інш.]; пад агул. рэд. А.П. Жытко. – Мінск, 2017. – С. 99.
6. РДГА. – Ф. 1291. Воп. 54. Спр. 229. Арк. 20 адв.;
Толмачова С.А. Земскія нач. альнікі // Дзяржаўнае кіраванне і грамадскае самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.). Мінск, 2017. С. 99.
7. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГАБ). Ф. 1595. Вот. 1. Спр. 3345. Арк. 125 адв. – 126,129–131.
8. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 1. Спр.85. Арк. 36,38.
9. ПЗСРИ. Собр. 3-е. Т. 26. № 27478. С. 199–201.
10. Жытко А.П., Толмачова С. А., Тарановіч К.Ю. Дзейнасць землеўпарадкавальных камісій па рэалізацыі Сталыпінскай аграрнай рэформы // Дзяржаўнае кіраванне і грамадскае самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.). Мінск, 2017. С. 113.
11. ПСЗРИ. Собр. 3-е. Т. 26. № 27478. С. 199–201.
12. ПСЗРИ. – Собр. 3-е. – Т. 26. – № 27478. – С. 199–200.
13. ПСЗРИ. – Собр. 3-е. – Т. 26. – № 27478. – С. 199.
14. Жытко А.П., Толмачова С.А., Тарановіч К.Ю. Дзейнасць землеўпарадкавальных камісій па рэалізацыі сталыаінскай аграрнай рэформы // Дзяржаўнае кіраванне і грамадскае самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.). Мінск, 2017. С. 115.
15. Обзор Минской губернии за 1913 год / Издание Минского губернского статистического комитета. Минск, 1914. С. 67–68.
16. Обзор Минской губернии за 1913 год. С. 68.
17. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 1. Спр. 85. Арк. 33–34.
18. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 1. Спр. 85. Арк. 34.
19. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 1. Спр. 85. Арк. 39.
20. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 1. Спр. 85. Арк. 45,47,50–50 адв.
21. ПСЗРИ. Собр. 3-е. Т. 26. № 28528. С. 970–974.
22. ПСЗРИ. Собр. 3-е. Т. 26. № 28528. С. 970.
23. ПСЗРИ. Собр. 3-е. Т. 26. № 28528. С. 971.
24. ПСЗРИ. Собр. 3-е. Т. 26. № 28.528. С. 971–972.
25. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 1. Спр. 323. Арк. 4 адв.
26. Краткий обзор десятилетней деятельности крестьянских учреждений Виленской губернии, преобразованных по закону 12 июля 1889 года (1 декабря 1903 – 1 декабря 1913) / Составлен Виленским губернским присутствием. – Вильна, 1913. – С. 8.
27. Съезд непременных членов губернских присутствий и землеустроительных комиссий. Труды Съезда непременных членов губернских присутствий и землеустроительных комиссий. 10–23 янв. 1909 г. Санкт-Петербург, 1909. С. 104–109.
28. Акт ревизии, произведенной Пинским уездным предводителем дворянства И.А. Папа-Афанасопуло во втором земском участке Пинского уезда 5–7 и 16,17, 26, 27 августа 1908 года. [Минск, 1908]. С. 3.
29. НГАБ. Ф. 1595. Воп. 1. Спр. 3350. Арк. 28 адв. – 29.
30. Жытко А.П., Толмачова С.А., Тарановіч К.Ю. Дзейнасць землеўпарадкавальных камісій па рэалізацыі сталыаінскай аграрнай рэформы // Дзяржаўнае жіраванне і грамадскае самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.). Мінск, 2017. С. 115.
31. Жытко А.П., Толмачова С.А., Тарановіч К.Ю. Дзейнасць землеўпарадкавальных камісій па рэалізацыі сталыаінскай аграрнай рэформы // Дзяржаўнае кіраванне і грамадскае самакіраванне на тэрыторыі Беларусі (канец XVIII – пачатак XX ст.). Мінск, 2017. С. 115–116.