Адметнасці канфесійнага жыцця Случчыны ў канцы XIX – пачатку XX ст.

Адметнасці канфесійнага жыцця Случчыны ў канцы XIX – пачатку XX ст.

21.01.2019

У выніку другога (1793 г.) падзелу Рэчы Паспалітай тэрыторыя былога Слуцкага княства (з 1791 г. – павета ў складзе Навагрудсткага ваяводства) была далучана да Расійскай імперыі. З самага пачатку Слуцк становіцца цэнтрам павета Мінскага намесніцтва, а затым Мінскай губерні і застаецца ў такім статусе да рэвалюцыйных падзей XX ст., якія перакроілі карту тэрыторыі Беларусі на новы лад. Знаходжанне ў складзе новай дзяржавы не прынесла гэтаму старажытнаму беларускаму гораду, як і іншым гарадам з вялікай гістарычнай спадчынай і традыцыямі, новай славы і не садзейнічала імкліваму развіццю ці нават захаванню культурна-гістарычных набыткаў мінулага.

Пра адміністрацыйны статус і этнічную прыналежнасць гэтага беларускага горада ў канцы XIX ст. адзначалася так: «Слуцк, теперь незначительный уездный город Минской губернии, принадлежит к числу очень древних русских городов» [1]. А пра этнічна-канфесійны статус горада ўказвалася: «Слуцк, наследие Владимира Святого, в настоящее время совсем обратился в еврейский город, так как евреи, о которых до XV века и помину там не было, составляют целую половину постоянного и оседлого населения. Неудивительно поэтому, что до нынешнего времени в Слуцке осталось весьма немного памятников его прежней славы и могущества, как резиденции Слуцких князей, и как твердыни православия…» [2].

Тэрыторыя павета, адміністрацыйным і культурна-рэлігійным цэнтрам якого стаў г. Слуцк, была даволі вялікай. Зыходзячы з сучаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, у яго склад уваходзіў Слуцкі, Нясвіжскі, Клецкі, Капыльскі, большая частка Старобінскага, Любанскага, Ганцавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў [3]. У канцы XIX ст. у склад Слуцкага павета ўваходзілі 23 воласці (Быстрыцкая, Вызнанская, Гавязнянская, Грэская, Грыцэвіцкая, Грозаўская, Заастравецкая, Кіевіцкая, Клецкая, Кругавіцкая, Ланьская, Ляхавіцкая, Мядзведзіцкая, Пагосцкая, Пацейкаўская, Раманаўская, Сіняўская, Слуцкая, Старобінская, Целядавіцкая, Цімкавіцкая, Цараўская, Чапліцкая). У павеце налічвалася: 1 заштатны горад (Нясвіж), 16 мястэчак, 495 вёсак, 143 засценкі, 268 маёнткаў, 38 сёл, 8 паштовых станцый, 86 урочышчаў, 168 фальваркаў, 14 хутароў і інш.). Усяго 1254 населеных пунктаў [4].

Магчымасць найбольш дакладна прааналізаваць канфесійны склад насельніцтва Слуцка і Слуцкага павета ў канцы XIX ст., а таксама ўстанавіць колькасць культавых устаноў розных канфесій даюць матэрыялы «Першага Усеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі», які быў праведзены ў 1897 г. У адпаведнасці з данымі перапісу насельніцтва Слуцкага павета, па канфесійным прызнаку яно падзялялася наступным чынам. Усяго ў 1897 г. у павеце пражывала 260 499 чал. Большасць з іх складалі праваслаўныя і аднаверцы – 190 930 чал. (73,3 %). Другой па колькасці канфесійнай групай былі іудзеі – 40 906 чал. (15,7 %). Наступная канфесійная група (рымска-католікі) складалася з 27 493 чал. (10,55 %). Пражывала ў павеце таксама невялікая колькасць мусульман – 708 чал. (0,27 %), лютэран – 292 чал. (0,11 %), 84 старазеры, 70 рэфарматаў, 10 армяна-католікаў, 3 баптысты і 1 прадстаўнік армяна-грыгарыян [5]. Такім чынам, большасць насельніцтва ў павеце складалі праваслаўныя, што адпавядала агульнай структуры падзелу насельніцтва Мінскай губерні па веравызнаннях.

Канфесійная карта беларускіх гарадоў, як правіла, мела свае адметнасці і адрознівалася ад павятовай. Не быў тут выключэннем і Слуцк. Перапіс зафіксаваў у горадзе ў 1897 г. 14 349 жыхароў. Абсалютную большасць па веравызнанні складалі сярод іх іудзеі – 10 264 чал. (71,5 %); праваслаўныя – каля 23 % (3 288 чал.), католікі – каля 5 % (699 чал.). Акрамя таго ў горадзе пражывала 86 чал. «протестантов различных исповеданий» и 11 мусульман [6].

Размеркаванне насельніцтва горада па веравызнаннях і роднай мове, згодна з данымі перапісу 1897 г., было прадстаўлена такім чынам:

Усяго праваслаўных і аднаверцаў 3 288 чал.

Назвалі сваей роднай мовай

Беларускую 2214 чал. (67,3 %)
Велікарускую 1051 чал. (31,96 %)
Маларускую (украінскую) 12 чал.
Польскую 9 чал.
Латышскую 2 чал.

Усяго рыма-католікаў 699 чал.

Назвалі сваей роднай мовай

Польскую 480 чал. (68,6 %)
Беларускую 193 чал. (27,6 %)
Велікарускую 21 чал.
Чэшскую 1 чал.

Усяго лютэран 46 чал.

Назвалі сваей роднай мовай

Нямецкую 30 чал. (65,2 %)
Велікарускую 8 чал. (17,4 %)
Беларускую 3 чал.
Латышскую (разам) 2 чал.
Чэшскую 2 чал.
Польскую 1 чал.

Усяго рэфарматаў 38 чал.

Назвалі сваей роднай мовай

Польскую 31 чал. (81,6 %)
Літоўскую 5 чал.
Чэшскую 1 чал.
Французскую 1 чал.

Усяго іудзеяў 10 264 чал.

Назвалі сваей роднай мовай

Яўрэйскую 10 238 чал. (99,7 %)
Велікарускую 24 чал.
Беларускую 1 чал.


Усяго мусульман 11 чал.

Назвалі сваей роднай мовай

Беларускую 5 чал.
Персідскую 4 чал.
Татарскую 2 чал.

Такім чынам, з агульнай колькасці праваслаўнага насельніцтва, што пражывала ў Слуцку, назвалі беларускую мову роднай 67,3 %, 31,96 % – велікарускую, некалькі чалавек – украінскую, польскую, латышскую. Большасць рымскіх католікаў па роднай мове пазначылі сябе палякамі (68,6 %). Яны назвалі сваёй роднай мовай польскую, і толькі 27,6 % – беларускую. Сярод лютэран большасць (65,2 %) назвалі роднай мовай нямецкую; рэфарматаў – 81,6 % польскую. Найбольш аднародна традыцыйна выглядала канфесійная група іудзеяў: 99,7 % назвал і сваёй роднай мовай яўрэйскую. Разам з тым, 24 іудзеі палічылі сваёй роднай мовай велікарускую [7]. Гэта тыповае размеркаванне насельніцтва па роднай мове ў разрэзе веравызнанняў у гарадах Мінскай губерні, ад якога адрознівалася павятовае ў бок павелічэння колькасці беларусаў сярод праваслаўных і католікаў.

Што датычыцца культавых устаноў, то вызначыць іх наяўнасць у той час дазваляюць перапісныя лісты, якія складаліся па кожным населеным пункце Беларусі падчас перапісу 1897 г. Найбольш значна ў колькасных адносінах у канцы XIX ст. у Слуцкім павеце былі прадстаўлены праваслаўныя цэрквы і прыходы. Усяго ў Слуцкім павеце на той час дзейнічалі 62 прыходскія праваслаўныя царквы, размеркаваныя па чатырох благачынных акругах з цэнтрамі ў вёсцы Чапліца (13 цэркваў); мястэчку Вызна (20 цэркваў); сяле Целядавічы (24 цэрквы). I чацвёртая гарадская благачынная акруга г. Слуцка, у склад якой уваходзілі ўсе гарадскія цэрквы [8]. Перапісны ліст 1897 г., у якім аспісваўся горад Слуцк, пазначыў там 6 праваслаўных цэркваў і адну часоўню [9]. Акрамя таго, у непасрэднай блізкасці ад горада (ад 1 да 12 вёрст [10]), у Слуцкай воласці, у склад якой уваходзіла 44 населення пункты, дзейнічала адна прыходская праваслаўная царква ў в. Серагі, 20 часовен і 15 школ пісьменнасці [11]. Ba ўсіх астатніх валасцях налічвалася ад двух да шасці праваслаўных цэркваў. Але ніводная з іх не мела такой колькасці школ граматы, як Слуцкая (у некаторых валасцях царкоўных школ наогул не было) [12].

Традыцыйна, што адным з кірункаў праваслаўнай дабрачыннасці з"яўлялася дапамога церпячым людзям, а таксама матэрыяльная падтрымка разнастайных ініцыятыў, у тым ліку і адукацыйных. Такую дапамогу аказваў праваслаўным вернікам Слуцкі Свята-Троіцкі манастыр [13].

Самай масавай канфесійнай групай г. Слуцка да канца XIX ст. становяцца іудзеі. Аб дзейнасці ў горадзе іудзейскіх культавых устаноў і школ на працягу XIX ст. даволі падрабязна распавядаецца ў артыкуле даследчыка С.А. Рыбчонка «Из истории религиозной жизни и образования слуцкой еврейской общины в XIX в.», надрукаваным у часопісе «Архіварыус» [14]. Ён прыводзіць звесткі, што першы ўспамін аб яўрэях у Слуцку адносіцца да 1583 г. А ў канцы XVII ст. гэта даволі шматлікая яўрэйская абшчына з наяўнасцю у ёй многіх знаўцаў Св. Пісання і Талмуда была ўключана Ваадам [15] у лік галоўных абшчын ВКЛ і з таго часу яе прадстаўнікі прысутнічалі на пасяджэннях ваадаў з правам галасу [16].

Згодна з перапісам 1897 г., для рэлігійных патрэб самай вялікай канфесійнай групы Слуцка (іудзеяў) у горадзе дзейнічалі 1 сінагсіга і 17 яўрэйскіх малітоўных дамоў [17]. У Слуцкай воласці сінагог і малітоўных не было па прычыне таго, што у ёй не было іншых гарадоў і мястэчак, дзе па законах Расійскай імперыі маглі пражываць яўрэі. У павеце сінагогі, акрамя Слуцка, дзейнічалі таксама ў горадзе Нясвіжы, мястэчках Вызна (2), Пагост, Капыль; яўрэйскія малітоўныя дамы – у Нясвіжы (12), Пагосце, Старобіне (2), Семежаве, Сіняўцы, Клецку (5), Цімкавічах (3), Мядзведзічах, Ляхавічах (3), Грозаве, Раманаве (2), Бабоўні, Капылі (4), Грэску [18].

У іудаізме асноўныя прынцыпы і напрамкі дабрачыннасці (міласэрнасці) развіваліся адпаведна свяшчэнным тэкстам (Талмуд і Тора). Але традыцыйна іудзейская дабрачыннасць не была так моцна, як у хрысціянскіх канфесіях, звязана з месцамі рэлігійнага культу. Гэта паспрыяла працэсу трансфармацыі іудзейскай дабрачыннасці, якая перастала быць выключна рэлігійнай і, адпаведна «Высочайше утвержденному положению о евреях» (1835 г.), стала абавязкам кожнай яўрэйскай абшчыны. Для бедных іудзеяў сталага ўзросту, адзінокіх і хворых у гарадах і мястэчках усталёўваліся багадзельні. Як сведчыць статут яўрэйскай багадзельні г. Слуцка, яны мелі на мэце «призрение в ней неимущих средств и существованию престарелых евреев г. Слуцка и его уезда» [19]. Той, хто пражываў у багадзельні бясплатна, карыстаўся «полным содержанием, а именно пищею, одеждою, бельем, и, в случае надобности, медикаментами и врачебным пособием состоящего при богодельне врача» [20]. Сродкі складваліся з сум каробачнага збору, прыватных добраахвотных ахвяраванняў і членскіх выплат у памеры пяці рублёў штогод з кожнага, хто быў членам гэтай дабрачыннай установы.

У пачатку XX ст., калі ў Расійскай імперыі быў узяты курс на лібералізацыю прававых узаемаадносін «царква-дзяржава», іудзеі Слуцка разам з іншымі чакалі новых павеваў для свайго становішча. Але і так званы ўказ аб верацярпімасці ад 17 красавіка 1905 г., і «Высачайша зацверджанае» палажэнне Камітэта міністраў ад 17 красавіка 1905 г., якое вылучыла спецыяльны раздел «По иноверным нехристианским исповеданиям», абышло іудзеяў маўчаннем [21]. Толькі адзіны пункт указа ад 17 красавіка пад № 3 меў на ўвазе іудзеяў у шэрагу іншых нехрысціянскіх канфесій: «Установить <…> что лица, числящие православными, но в действительности исповедывающие ту нехристианскую веру, к которой до присоединения к Православию принадлежали сами они или их предки, подлежат по желанию их исключению из числа православных» [22].

Тым не менш, у іудзейскіх абшчынах Беларусі, у тым ліку і Слуцкай, у пачатку XX ст. адчуваўся некаторы ўплыў новых кірункаў рэлігійнай палітыкі. Перш за ўсё сярод рабінаў. Аб гэтым сведчыць ліст Слуцкага грамадзянскага рабіна Абрама Гіршавіча Эшмана ў Дэпартамент Духоўных спраў замежных веравызнанняў: «Положение общественного раввина в еврейском обществе всегда было очень тяжелое. Зависимость от периодически повторяющихся выборов, зависимость <…> от капризов разных общественных деятелей, имеющих влияние на уплату раввину его содержания, заставляют его действовать согласно желаниям избирающего его общества и отдельных его заправил. <…> Но особенно тяжело становилось положение раввина с 1905 года, когда каждая еврейская община разделилась на множество политических партий и каждая партия желала завербовать раввина в свою сторону или восстановить против него» [23].

Каб аблегчыць становішча рабінаў, яны дабіваліся адмены для іх а дукацыйнага цэнзу, у тым ліку і абавязковага валодання рускай мовай. Выступалі іудзеі і супраць таго, што на рабінаў ускладаўся абавязак весці метрычныя запісы.

Невялікая колькасць старавераў, што пражывалі ў Слуцкім павеце (84 чал.), абумовіла адсутнасць на гэтай тэрыторыі стараверскіх малітоўных дамоў. Каб заахвоціць свае рэлігійныя патрэбы стараверы маглі звяртацца ў суседні Бабруйскі павет, дзе пражывала самая вялікая ў Мінскай губерні колькасць старавераў (9353 з 15 860 чал.) і, адпаведна, дзейнічала самая вялікая колькасць стараверскіх малітоўных дамоў (7 з 10). Згодна з данымі Вялікага гістарычнага атласа Беларусі, у Бабруйскім павеце стараверскія малітоўныя дамы дзейнічалі ў Бабруйску, Капусціне (Качэрыцкая вол.), Турках (Туркаўская вол.), Паплаўцы (Рудабельская вол.), Салатцы (Сцепская вол.), Бароцін (Новадарожская вол.), Багушэўка (Гарбацэвіцская вол.) [24].

Колькасць вернікаў евангелісцка-рэфармацкага вызнання ў Слуцкім павеце (з якіх больш за палову пражывала ў Слуцку) перавышала гэтую лічбу ва ўсіх іншых паветах Мінскай губерні і складала больш за 30 % агульнай колькасці па губерні. Вернікі гэтай канфесіі з"явіліся на Случчыне з XVII ст. і даволі мірна ўжываліся з праваслаўнымі. На гэту акалічнасць звярталі ўвагу ў пачатку XX ст. нават праваслаўныя расійскія аўтары: «Как православные, так и реформаты мирно уживались друг с другом и даже оказывали взаимную поддержку» [25]. Таму не дзіўна, што ў Слуцку да канца XIX ст. працягваў дзейнічаць евангелісцка-рэфармацкі збор [26]. У пачатку XX ст. на ўсю Мінскую губерню дзейнічалі дзве галоўныя евангелісцка-рэфармацкія царквы (з іх адна у Слуцку), дзве прыпісныя і адзін малельны дом (у в. Кукавічы Слуцкага павета) [27].

Да другой паловы XIX ст. рэфарматы змаглі захаваць толькі адну сярэднюю навучальную ўстанову – Слуцкую гімназію. Праўда, кіраванне гімназіяй з 1809 г. належала Сіноду евангелісцка-рэфармацкай царквы сумесна з Міністэрствам народнай асветы. Першапачаткова Слуцкая гімназія, якая ставіла сваей мэтай пашырэнне евангелісцка-рэфармацкага веравучэння ў краі, была монаканфесійнай навучальнай установай. Але ўжо ў XIX ст. вучнёўскі склад Слуцкай гімназіі ўтрымліваў прадстаўнікоў практычна ўсіх канфесій, што існавалі на беларускіх землях: тут навучаліся католікі, рэфарматы, праваслаўныя, лютэране, мусульмане, іудзеі [28]. Пры гімназіі мелася багатая бібліятэка. Каталог на 1854–1862 гг. утрымліваў літаратуру: па тэалогіі – 852 найменні, юрыспрудэнцыі – 305, гісторыі – 637, філалогіі і літаратуры – 1115, філасофіі, матэматыцы і прыродазнаўчых навуках – 666 [29]. Але актыўны ўдзел настаўнікаў і навучэнцаў гімназіі ў паўстанні 1863–1864 гг. парушыў гэту гармонію. Больш за 60 % агульнай колькасці вучняў была выключана з гімназіі. Частка выкладчыкаў за падтрымку паўстанцаў была саслана ў Сібір, да 1868 г. сярод іх не засталося не толькі кандыдатаў Сінода, але і наогул мясцовага насельніцтва. Навучальная ўстанова на падставе «мнения» Дзяржаўнага савета, зацверджанага імператарам 8 чэрвеня 1868 г., перайшла ў напасрэднае падпарадкаванне Віленскай навучальнай акругі. А Віленскі евангелісцка-рэфармацкі сінод атрымаў ў ёй толькі спецыяльна выдзеленыя месцы для вучняў кальвінскага веравызнання. Колькасць іх была невялікай і складала 8–10 чал. У 1915 г. гімназія была эвакуіравана ў Пензу, у 1916 г. вярнулася ў Слуцк. Напярэдадні рэвалюцыйных падзей 1917 г. сярод навучэнцаў гімназіі налічвалася каля 50 % палякаў, столькі ж складалі беларусы і адзінкі – рускія [30].

Колькасць мусульман у Мінскай іуберні складала 4 619 чал., або (0,2 % ад усяго насельніцтва. Разам з тым, чатыры паветы, сярод якіх быў і Слуцкі, пераўзыходзілі гэты сярэдні паказчык па губерні. Для вернікаў-мусульман у губерні дзейнічала 10 мячэцяў, з іх 4 – у Слуцкім павеце (Клецк, Асмалова, Ляхавічы, Капыль) [31].

Рымска-каталіцкія вернікі як у павеце, так і ў горадзе былі трэцяй па колькасці рэлігійнай групай. Перапісныя лісты за 1897 г. зафіксавалі ў межах Слуцкага павета дзеючыя касцёлы ў Слуцку, Нясвіжы, Клецку, Цімкавічах, Капылі, у маёнтках Боркі, Балотчыцы, Кругавічы; закрытыя – у Мядзведзічах і Старчыцах [32]. У пачатку XX ст., па архіўных звестках 1912 г., касцёлы ў Мядзведзічах і Старчыцах ужо дзейнічалі ў якасці парафіяльных [33].

Рымска-каталіцкая царква мела даволі трывалыя дабрачынныя традыцыі. Рэалізацыяй і падтрымкай шэрагу дабрачынных ініцыятыў займаўся Слуцкі дом міласэрнасці. Установа гэтая была заснавана пралатам С. Шантырам. У сферу яе дзейнасці ўваходзілі збор і выдача сродкаў на ўтрыманне парафіяльных школ у Слуцку, Капылі, Урэччы, на навучанне двух дзяўчат у школе марыявітак. Ca сродкаў дадзенай інстытуцыі таксама ўтрымліваліся хлопцы, якія навучаліся музыцы, 1 сірата ў кляштары, раздаваліся абеды бедным [34].

Пачатак XX ст. характарызуецца зменай канфесійнай палітыкі Расійскай імперыі, якая, з аднаго боку, скасоўвала некаторыя абмежаванні ў дзейнасці каталіцкай царквы, а з іншага – імкнулася абмежаваць уплыў каталіцтва на беларускіх вернікаў. З новай сілай аднавілася барацьба за выкараненне польскай мовы з каталіцкага касцёла. Аднак цяпер, нягледзячы на захаванасць галоўнай мэты – барацьбы з паланізмам, была зроблена спроба выкарыстаць для гэтага не толькі рускую, але і мясцовыя мовы. Для выяўлення мэтазгоднасці такога ўвядзення звярнуліся да мясцовых улад. У рапарце Слуцкага павятовага спраўніка ў адказ на падобны запыт адзначалася, што, на падставе яго назіранняў за гады службы, католікі павета дзеляцца на дзве групы: «поляки-интеллигенты и белорусы-крестьяне». Да першай группы ён залічыў католікаў Слуцка і Нясвіжа, да другой – вясковых жыхароў. Першыя размаўляюць па-польску, другія – на «белорусском диалекте». Але ўвядзенне беларускай мовы для другой групы, лічыў ён, будзе сустрэта імі адмоўна, бо яны «в этом акте усмотрят посягательство на их религиозную свободу в смысле обрусения католического богослужения, поэтому в видах спокойного отправления духовных потребностей я полагал бы и для этой группы богослужение оставить на польском языке» [35].

Архіўныя матэрыялы сведчаць, што Слуцкі павятовы спраўнік не меў для сваіх высноў аб"ектыўных падстаў. Па звестках на 1912 г., католікі Слуцкага павета пазначылі сябе: велікаросамі – 0 %, беларусамі – 73,4 %, маларосамі – 0 %, палякамі – 26,5 %, літоўцамі – 0,03 %. Сярод ксяндзоў у павеце ў той час было: 4 палякі, 3 літоўцы, 3 беларусы [36].

Спрэчкі працягваліся і далей. Канец ім быў пакладзены толькі з пачаткам Першай сусветнай вайны, потым – рэвалюцыйныя падзеі, якія прывялі да кардынальных змен у канфесійнай палітыцы і адмаўлення з боку дзяржавы сацыяльнай ролі рэлігіі і царкоўных інстытутаў.

З пачаткам Першай сусветнай вайны адносіны паміж рознымі хрысціянскімі канфесіямі на тэрыторыі Беларусі вызначаліся як і раней гістарычнымі традыцыямі шматвяковага суіснавання. Але цяпер у іх умяшалася адна з самых вострых праблем часоў вайны – бежанства. Гэтыя перамяшчэнні значна змянялі і без таго пярэстую канфесійную структуру тэрыторыі і часцяком абвастралі адносіны не толькі паміж рознымі канфес іямі, але і ўнутры іх. Урад імкнуўся накіраваць бежанцаў углыб Расіі, але значная іх частка заставалася на тэрыторыі Беларусі. Па даных Мінскага губернскага аддзялення камітэта па ўладкаваннй бежанцаў, у Мінскай губерні да 20 сакавіка 1916 г. знаходзілася больш за 123 тыс. бежанцаў. Найбольшая іх колькасць «асела» ў Мінску – 24 361 чал. і Слуцкім павеце – 16 998 чал. [37].

Акрамя духоўных паслуг бежанцам была патрэбна і матэрыяльная падтрымка: адзенне, жыллё, харчаванне, уладкаванне на працу і г. д. Для гэтага ў цэрквах ўводзіліся адмысловыя зборы, з даходаў духавенства рэгулярна вылічаліся адпаведныя сумы. Становішча ўскладнялася яшчэ і тым, што ў складзе бежанцаў апынуліся прадстаўнікі розных канфесій. I ім усім патрабавалася і матэрыяльная дапамога, і пастарскае суцяшальнае слова, і выкананне розных духоўных паслуг.

Влади́мир Никола́евич Львов — российский и советский политический, государственный и религиозный деятель. Член Государственной думы III и IV созывов. Обер-прокурор Святейшего синода. Внук Александра Львова, брат политика Николая Львова.1917 г. паклаў пачатак кардынальным зменам у канфесійнай палітыцы ў дачыненні да ўсіх без выключэння канфесій. Але больш за ўсіх адчула перамены праваслаўная царква, бо яна пазбаўлялася статусу вяршынства. Тым не менш, 6 сакавіка 1917 г. Св. Сінод апублікаваў пасланне, у якім заклікаў «верных чад праваслаўнай царквы» падтрымаць Часовы ўрад. Сінадальным вызначэннем 7–8 сакавіка было адменена ўпамінанне падчас царкоўнай службы імператара і пастаноўлена «возносить моления о благоверном Временном правительстве» [38]. Што датычылася стаўлення да вайны, то Св. Сінод падтрымаў курс Часовага ўрада на працяг вайны, спрыяў распаўсюджванню «Займа войны» [39]. Праўда, варта адзначыць, што да гэтага часу ўжо быў прызначаны новы обер-пракурор Св. Сінода (В. Львоў) і сфарміраваны яго новы склад.

Праваслаўнае духавенства праводзіла на месцах з"езды, на якіх выказвала згоду з пазіцыяй Св. Сінода па ацэнцы палітычнай сітуацыі і прымала рашэнні аб падпарадкаванні Часоваму ўраду, неабходнасці працягу вайны да пераможнага канца [40]. Аднак жыццё ўносіла свае карэктывы: то там, то тут успыхвала незадаволенасць праваслаўнага духавенства тым, як ажыццяўлялася канфесійная палітыка на месцах.

Паступова прывітальныя пасланні ў адрас Часовага ўрада змяніліся скаргамі з месц аб беззаконнях з боку мясцовых улад. Наприклад, у ліпені 1917 г. у Слуцку адбыліся падзеі, якія епіскапам Мінскім і Тураўскім Георгіем былі ацэнены як «адвольныя дзеянні камісара Астроўскага». А менавіта: 15 ліпеня 1917 г. адбыўся циркуляр губернскага камісара Астроўскага аб адкрыцці ў будынку Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра гімназіі. Каб пазбегнуць перашкод, настаяцель манастыра архімандрит Афанасій быў выдалены з павета за «безумоўна контррэвалюцыйную дзейнасць». Прыбыўшы ў манастыр з групай рабочих і салдацкіх дэпутатаў, камісар сабраў яго насельнікаў і прапанаваў абраць новага настаяцеля. Што і было зроблена. Новы настаяцель падпісаў дакументы аб выдаленні архімандрита, а таксама кантракт аб здачы ў арэнду на год манастырскага будынка за 500 руб. Выплаціўшы толькі 100 руб., Астроўскі літаральна праз тры дні на правах дырэктара гімназіі адвёў сабе і будучым выкладчыкам у манастырскім будынку кватэры і пасяліўся там [41].

Падобныя дзеянні выклікалі законнае абурэнне. Сярод духавенства раслі апазіцыйныя настроі ў дачыненні да Часовага ўрада, спела незадаволенасць дзеяннямі обер-пракурора В. Львова. У выніку В. Львоў быў звольнены з пасады і заменены прафесарам А. Карташовым. Неўзабаве (5 жніўня) пасада обер-пракурора была скасавана і заснавана Міністэрства веравызнанняў на чале з А. Карташовым. Тэты акт гісторыкамі расцэньваецца як завяршэнне двухсотгадовага «сінадальнага» перыяду. У падпарадкаванне Міністэрства веравызнанняў былі перададзены справы не толькі праваслаўнай царквы, але і ўсіх інших «инославных» і «иноверных» канфесій.

Такім чинам, у выніку дзяржаўнай палітыкі Расійскай імперыі, Слуцк – адзін з буйных эканамічных і культурных цэнтраў Вялікага княства Літоўскага – істотна змяніў не толькі свой адміністрацыйны статус, але і канфесійную карту. Горад, які змог захаваць і падтрымліваць моцныя праваслаўныя традыцыі ў складзе Рэчы Паспалітай, згубіў іх у дзяржаве, пануючай рэлігіяй якой з"яўлялася менавіта праваслаўе і пераўтварыўся пераважна ў яўрэйскі гарадок. Колькасць іудзеяў у Слуцку перавышала сярэдні паказчык па гарадах Мінскай губерні і саступаў толькі двум з 11 гарадоў губерні – Пінску і Докшыцам, дзе гэты паказчык быў яшчэ вышэйшы. Але ў цэлым параўнальны аналіз даных перапісу 1897 г. выяўляе аднолькавую мадэль канфесійнай структуры насельніцтва ўсіх гарадоў Мінскай губерні: а) перавага іудзеяў; б) на другім месцы праваслаўныя; в) на трэцім рыма-католікі. Што датычыцца канфесійнай структуры насельніцтва Слуцкага павета, то тут стабільна першае месца займалі праваслаўныя, абсалютная большасць якіх (98 %) лічылі сябе беларусамі.

 

Валянціна ЯНОЎСНАЯ,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт, загадчык аддзела гістарыяграфіі і метадаў гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Материалы научно-практической конференции «Беларусь, Слуцкий край и Эдвард Войнилович», Минск, 2018

 



1. Глебов И.А. Город Слуцк (Исторический очерк). Вильна, 1904. С. 3.
2. Серно-Соловьевич Ф.Ф. Древне-русский город Слуцк и его святыни. Исторический очерк с шестью гравюрами. Вильна, 1896. С. 1–2.
3. Грицкевич А.П. Слуцк. Исторический очерк. Минск, 1960. С. 19.
4. Справочная книга и Спутник по Минской губернии / сост. И.А. Бомштейн. Минск, 1889. С. 455.
5. Первая Всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г. XXII. Минская губерния. Санкт-Петербург, 1904. С. 3.
6. Первая Всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г. XXII. Минская губерния. С. 1, 3.
7. Падлічана па: Первая Всеобщая перепись населения Российской империи. 1897 г. XXII. Минская губерния. С. 108, 109, 111.
8. Справочная книга и Спутник по Минской губернии. С. 452–453.
9. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў (далей – РДГА). Ф. 1290. Boп. 11. Спр. 1336. Арк. 1.
10. 1 вярста – руская адзінка вымярэння адрэзку шляху, у сучасным вымярэлні адпавядае 1066,8 метра (1,067 км).
11. РДГА. Ф. 1290. Boп. 11. Спр. 1336. Арк. 13, 16, 17, 21–23, 25, 26, 33, 35, 46, 48–50, 55–57, 60.
12. РДГА. Ф. 1290. Воп. 11. Спр. 1336. Арк. 1–1910.
13. Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII – пачатак ХХст.). Мінск, 2015. С. 372.
14. Рыбчонок С.А. Из истории религиозной жизни и образования слуцкой еврейской общины в XIX в. // Архіварыус. Вып. 6. Мінск, 2008. С. 187–202.
15. Літоўскі Ваад – канферэнцыя прадстаўнікоў яўрэйскіх абшчын ВКЛ, якая збіралася для вырашэння агульных пытанняў, якія тычыліся усіх яўрэяў ВКЛ.
16. Рыбчонок С.А. Из истории религиозной жизни и образования слуцкой еврейской общины в XIX в. С. 187, 188.
17. РДГА. Ф. 1290. Воп. И. Спр. 1336. Арк. 1.
18. РДГА. Ф. 1290. Воп. 11. Спр. 528. Арк. 4, 164, 261, 288, 418, 798, 843, 885, 1020, 1102, 1257, 1354, 1625, 1674, 1694.
19. Устав еврейской богадельни в г. Слуцке Минской губернии. Минск, 1898. С. 3.
20. Устав еврейской богадельни в г. Слуцке Минской губернии. С. 4.
21. Гл.: Высочайше утвержденное положение Комитета Министров (Апрель 17, 1905 г.) «Об укреплении начал веротерпимости» // Николин А. Церковь и государство (история правовых отношений). С. 358–359.
22. Именной Высочайший указ, данный Сенату (17 апреля 1905 г.) «Об укреплении начал веротерпимости» // Николин А. Церковь и государство (история правовых отношений). М., 1997. С. 351.
23. РДГА. Ф. 821. Воп. 133. Спр. 763. Арк. 49.
24. Гл.: Філатава А.М., Яноўская В.В. Стараверства. XIX – пачатак XX ст. // Вялікі гістарычны атлас Беларусі. Т. 3. Мінск: Белкартаграфія, 2016. С. 93.
25. Глебов И.А. Город Слуцк (Исторический очерк). Вильно, 1904. С. 16.
26. РДГА. Ф. 1290. Воп. 11. Спр. 1336. Арк. 4.
27. Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII – пачатак ХХст.). С. 154.
28. Глебов А.И. Историческая записка о Слуцкой гимназии с 1617–1630–1901 гг. С. 46–47, 70.
29. Бібліятэка Урублеўскіх Літоўскай АН. Рукапісны адцзел. Ф. 40. Спр. 80.
30. Бібліягэка Урублеўскіх Літоўскай АН. Рукапісны аддзел. Ф. 40. Спр. 217. Арк. 10, 11; Спр. 78. Арк. 10,12.
31. РДГА. Ф. 1290. Воп. 11. Спр. 1336. Арк. 843, 944, 1102, 1639.
32. РДГА. Ф. 1290. Воп. 11. Спр. 1336. Арк. 1, 4, 337, 352, 377, 379, 539, 843, 885, 1020, 1639.
33. Национальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГАБ). Ф. 265. Воп. 1. Спр. 8060. Арк. 328.
34. Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канед XVIII – пачатак XX ст.). С. 385.
35. НГАБ Ф. 295. Воп. 1. Спр. 7597. Арк. 14 адв.
36. НГАБ Ф. 265. Воп. 1. Спр. 8060. Арк. 321 адв. – 323.
37. Беларусь в годы Первой мировой войны (1914–1918): сборник документов. Мінск, 2014. С. 140, 141.
38. Русское православие: вехи истории. М., 1989. С. 425.
39. Русское православие: вехи истории. С. 427.
40. НГАБ. Ф. 2301. Воп. 1. Спр. 927. Арк. 6.
41. РДГА. Ф. 796. Воп. 7. Спр. 445. Арк. 3–8.