Слуцкая канфедэрацыя 1792–1793 гг.: Асаблівасці ўтварэння

Слуцкая канфедэрацыя 1792–1793 гг.: Асаблівасці ўтварэння

14.08.2018

Звычайна тэрмін «канфедэрацыя» асацыіруецца са Слуцкам у сувязі з дзейнасцю дысідэнтаў Вялікага Княства Літоўскага ў 1767 г. [1], аднак у дадзеным выпадку мы прапануем адгарнуць іншую старонку жыцця горада, звязаную з яшчэ адной канфедэрацыяй – Таргавіцкай. Яна была абвешчана ў маі 1792 г. пад лозунгам барацьбы супраць Канстытуцыі 3 мая і ў далейшым мела мноства мясцовых структур, у тым ліку на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Пра існаванне ў азначаны перыяд мясцовай канфедэрацыі ў Слуцку у навуковай літаратуры згадваецца вельмі рэдка [2]. Тым не менш, яна, безумоўна, заслугоўвае ўвагі з боку гісторыкаў, бо, з пункту гледжання сваіх праграмных дакументаў, персанальнага складу і абставін утварэння, можа быць названая непажаданым або незаконнанароджаным «дзіцём» таргавіцкага руху. Яе вытокі варта асацыіраваць не з таргавіцкім актам, а з утварэннем Случарэцкага павета, які паўстаў у выніку адміністрацыйнай рэформы (і адпаведнага закона Чатырохгадовага сойма ад 2 лістапада 1791 г. [3]). Рэформа ўключыла Слуцк у лік новых адміністрацыйных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага (разам з Кобрынам, Паставамі, Прэнамі, Цялыданамі, Эйшышкамі і інш.), адкрыўшы перад мясцовай шляхтай перспектыву заняцця вялікай колькасці новых пасад, звязаных з павятовым прадстаўніцтвам і самакіраваннем. Сабраўшыся па прыкладзе іншых паветаў 14 лютага 1792 г. на бліжэйшы «грамнічны» соймік, слуцкая шляхта за пяць наступных дзён абрала са свайго кола (на альтэрнатыўнай аснове) шэсць асэсараў аднаго дэпутата Галоўнага Трыбунала, харунжага, падкаморага, пісара і сем суддзяў мясцовага зямянскага суда, трыццаць сем гранічных камісараў, люстратара старостваў, трыццаць сябраў мясцовай цывільна-вайсковай парадкавай камісіі [4]. Удзельнікі сойміка, які праходзіў пад старшынствам экс-абознага Вялікага Княства Літоўскага Міхала Лопата, пастанавілі таксама накіраваць дэлегацыю з падзякай да караля (з удзелам Яна Вайніловіча [5]), з энтузіязмам прысягнулі Канстытуцыі 3 мая [6], пасля чаго зацвердзілі герб новага павета [7], форму прадстаўнічага адзення мясцовых ураднікаў («ярка-чырвоны жупан і гранатавы кунтуш з ярка-чырвонымі манжэтамі» [8]), а таксама, паколькі Слуцк быў прыватнаўласніцкім горадам, звярнуліся да віленскага кашталяна Мацея Радзівіла ў справе вызначэння месца для рознага кшталту адміністрацыйных будынкаў і правядзення наступных соймікаў [9]. Задавальняючы гэтую просьбу Мацей Радзівіл 2 сакавіка 1792 г. перадаў ва ўласнасць павета дзеля «патрэбнай забудовы соймікавай Ізбы; ізбаў на судовыя юрысдыкцыі; канцэлярый; архіваў і вежаў (для ўтрымання вязняў – В.А.)» пляц памерам 52 на 145 м., які знаходзіўся ў даволі выгодным месцы горада – недалёка ад персіярні, насупраць былога езуіцкага (Фарнага) касцёла [10] і змяшчаў шэраг старых будынкаў у тым ліку (як можна ўбачыць на расійскім плане Слуцка другой паловы 1792–1793 гг. [11]) даўні палац памерлага ў 1790 г. Караля Станіслава Радзівіла. У гэтых будынках, верагодна, і праводзілі да лета 1792 г. свае пасяджэнні мясцовыя зямянскі суд і цывільна-вайсковая парадкавая камісія. Дапускаем таксама, што дзесьці тут павінна была пазней размяшчацца канцылярыя суда мясцовай канфедэрацыі.

14 мая 1792 г. у Таргавіцы быў абвешчаны акт Генеральнай кароннай канфедэрацыі, выкарыстаны кіраўніцтвам Расійскай імперыі ў якасці фармальнага абгрунтавання пачатку ваеннай інтэрвенцыі ў Рэч Паспалітую [12].

Пры разгортванні ваенных дзеянняў і прасоўванні ў глыб краіны расійскіх войск, пры іх удзеле ў цэнтрах ваяводстваў і паветаў Вялікага Княства Літоўскага ў падтрымку таргавіцкага акта абвяшчаліся мясцовыя канфедэрацыі, у тым ліку – у суседніх са Слуцкам Мінску (пасля 25 чэрвеня), Слоніме (8 ліпеня), Наваградку (17 ліпеня), Пінску (7 жніўня) [13]. Сам Слуцк у гэты шэраг не павінен быў патрапіць, паколькі перастаў лічыцца павятовым цэнтрам: канфедэраты ўсе законы Чатырохгадовага сойма абвясцілі нядзейснымі, а разам з імі скасавалі і адміністрацыйную рэформу 1791 г.

Непрызнанне Случарэцкага павета з боку Таргавіцкай канфедэрацыі (якая ў выніку далучэння да яе караля атрымала функцыі дзяржаўнай улады ў краіне) рабіла нелігітымнымі ўсе пастановы мясцовага сойміка, прынятыя ў лютым 1792 г., у тым ліку ўхваленыя на ім шматлікія прызначэнні.

Тым не менш 14 жніўня 1792 г. у Слуцку быў абнародаваны і папярэдне зарэгістраваны ў мясцовым зямянскім судзе «Акт вольнай канфедэрацыі Случарэцкага павета», змест якога трэба разглядаць як дэманстрацыю жадання і спробу слуцкай шляхты захаваць (насуперак неспрыяльным геапалітычным і ваенным абставінам) свой павет разам з ўласным судом, цывільна-вайсковай парадкавай камісіяй і камплектам павятовых ураднікаў.

Сам дакумент істотна адрозніваўся ад аналагічных актаў большасці канфедэрацый, абвешчаных дагэтуль у Польскай Кароне і Вялікім Княстве Літоўскім (перад усім – тым, што ўтрымліваў шматлікія выказванні павагі да караля і не змяшчаў крытычных слоў адносна Чатырохгадовага сойма і Канстытуцыі 3 мая).

У якасці прыкладу параўнаем яго пачатак са зместам аналагічнага акта, прынятага 17 ліпеня 1792 г. у суседнім Наваградку.

Сравнение Актов конфедераций Новогрудского воеводства и Случереческого поветаЯк бачым, абодва акты, змяшчалі даволі стандартныя для падобнага кшталту дакументаў выразы аб неабходнасці захавання прэрагатыў каталіцкай веры, правоў шляхецкага саслоўя і грамадскай бяспекі, а таксама ўтрымлівалі словы павагі да расійскай імператрыцы Кацярыны II, войскі якой знаходзіліся ў Наваградскім ваяводстве з чэрвеня 1792 г. Бадай што на гэтым падабенства вышэй цытаваных дакументаў заканчвалася. Акт канфедэрацыі ў Наваградку даслоўна дубліраваў змест і нават фальшывую дату абвяшчэння (14 мая) таргавіцкага акта, напоўненага шматслоўнымі і бескампраміснымі абвінавачваннямі на адрас Станіслава Аўгуста і сойма ва ўзурпацыі ўлады. Аўтары акта ў Слуцку, наадварот, усяляк устрымліваліся ад сцвярджэнняў падобнага кшталту. Больш за тое, у самым першым яго сказе было заяўлена аб большай прывязнасці слуцкай шляхты не да кіраўнікоў Таргавіцкай канфедэрацыі, а да караля. Менавіта яго акцэс да таргавіцкага саюза (выкананы па патрабаванню Кацярыны II 24 ліпеня 1792 г.) быў абвешчаны ў Слуцку адзінай нагодай і прыкладам для стварэння мясцовай канфедэрацыі.

Цікавай адметнасцю акта было таксама тое, што ў ім адначасова са стварэннем канфедэрацыі абвяшчалася аб захаванні паўнамоцтваў мясцовых ураднікаў і працягу працы ў Слуцку цывільна-вайсковай камісіі парадку і зямянскага суда [16]. Верагодна, па гэтай прычыне ніводны з зямянскіх суддзяў не быў уключаны ў склад кіраўніцтва мясцовага канфедэрацкага саюза [17].

Старшынёй («маршалкам») Слуцкай канфедэрацыі меркавалася зрабіць Міхала Рэйтана, у недалёкім мінулым – пісара земскага суда Навагрудскага ваяводства, які ў лютым 1792 г. быў абраны харунжым Случарэцкага павета; яго васьмю дарадцамі («консуламі») – Міхала Бярновіча, падкаморага Случарэцкага павета і пасла Чатырохгадовага сойма ад Навагрудскага ваяводства; стольніка Навагрудскага ваяводства Міхала Гінтэра; пісара гродзкага суда Смаленскага ваяводства Тадэвуша Адынца; стражніка Навагрудскага ваяводства Міхала Яблонскага; стражніка Троцкага ваяводства Алаізія Кжываблоцкага; стольніка Галіцкай зямлі Барталамея Непакойчыцкага; Пятра Строўскага і Станіслава Вяндорфа (апошнія два – на месцы консулаў ад павета ў Генеральнай канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага [18]).

Заўважым, што кожны з іх на лютаўскім сойміку 1792 г. атрымаў тую ці іншую пасаду ў Случарэцкім павеце: М. Рэйтан, як адзначалася вышэй, быў абраны падкаморым; М. Бярновіч – харунжым (першым па старшынстве ўраднікам ў павеце – у сітуацыі адсутнасці каралеўскага прызначэння на пасаду мясцовага старасты); М. Гінтэр – асэсарам; П. Строўскі і Б. Непакойчыцкі – цывільна-вайсковымі камісарамі парадку; Т. Адынец, М. Яблоньскі, С. Вяндорф (разам з М. Рэйтанам, М. Бярновічам, М. Гінтарам) – гранічнымі камісарамі [19].

З улікам вышэй названых асоб, акт канфедэрацыі Случарэцкага павета зацвердзілі сваімі подпісамі падкаморы, харунжы, пісар і 4 (з 6-ці) суддзяў мясцовага зямянскага суда, 9 (з 30-ці) камісараў парадку, 24 (з 37-мі) гранічных камісараў (гл. дадатак). У параўнанні з іншымі актамі гэта была значная лічба з улікам негатыўнага стаўлення ў грамадстве да Таргавіцкай канфедэрацыі і адсутнасці на месцы часткі землеўладальнікаў, якія ў сітуацыі ваенных дзеянняў выязджалі ў кірунку Варшавы або яшчэ далей – за мяжу.

Пра тое, што прычынай стварэння канфедэрацыі ў Слуцку была не падтрымка мэт таргавіцкага руху, а захаванне ўласнага павета з належным яму камплектам павятовых ураднікаў, сведчыў тэкст прысяг, якія 14 жніўня адзін перад адным выканалі маршалак і консулы мясцовай канфедэрацыі.

У якасці прыкладу прывядзем тэкст прысягі М. Рэйтана, разам з узорам аналагічнай прысягі, зацверджаным актам Таргавіцкай канфедэрацыі:

Тэкст прысягі М. Рэйтана, разам з узорам аналагічнай прысягі, зацверджаным актам Таргавіцкай канфедэрацыі



Варта пазначыць, што з пункту гледжання этыкі шляхецкіх паводзін, прысяга, змешчаная ў левым слупку, была больш простай для выканання. Паколькі на сойміку ў лютым 1792 г. яго ўдзельнікі звязалі сябе клятвай вернасці Канстытуцыі 3 мая, а таргавіцкі акт – наадварот утрымліваў патрабаванне ўсімі сіламі Канстытуцыю знішчаць, то слуцкая шляхта, імкнучыся, прынамсі, фармальна не адступаць ад публічна засведчанага абяцання, приступала да канфедэрацыі не так, як таго патрабавала таргавіцкае кіраўніцтва [22]. Зрэшты, у апошняга было мноства іншых прычын для незадавальнення. Акт канфедэрацыі ў Слуцку даручаў мясцовай парадкавай камісіі рэгуляваць зносіны насельніцтва з расійскімі войскамі [23] адлюстроўваючы тым самым нежаданне слуцкай шляхты падпарадкоўвацца распараджэнням на конт іх забеспячэння [24], якія паступалі ад ваяводскай канфедэрацыі з Наваградка [25]. Само захаванне цывільна-вайсковай парадкавай камісіі, як і мясцовага зямянскага суда, напрамую супярэчыла рашэнням Генеральнай канфедэрацыі аб часовым прыпыненні ў краіне дзейнасці дзяржаўных інстытутаў, а абвяшчэнне лакальнай канфедэрацыі з выкарыстаннем назвы Случарэцкага павета – пастановам аб непрызнанні нядзейснымі рэформ Чатырохгадовага сойма.

Не выпадае здзіўляцца, што ў хуткім часе, пасля таго як друкаваныя экзэмпляры акта Слуцкай канфедэрацыі, згодна з усталяванай традыцыяй і тэкстам дакумента [26], былі развешаны на сценах парафіяльных храмаў (а яго змест у скарочанай форме ўніверсала [27] быў дадаткова зачытаны з амбонаў мясцовымі святарамі), у Слуцк з суседняга Наваградка быў накіраваны расійскі вайсковы атрад, які ўзначаліў консул гэтай канфедэрацыі Марк Туганоўскі.

У актавай кнізе канфедэрацыі Рэчыцкага павета захаваліся некалькі копій яго лістоў, у адным з якіх даволі красамоўна адлюстраваны падзеі, што адбываліся ў гэтыя дні ў Слуцку. Па прызнанні М. Туганоўскага, ён «з назойлівасцю быў вымушаны прадстаўнікоў павета, якія супраціўляліся, да таго часу пераследаваць, моцна зневажаючы іх не толькі словам, але таксама ўжываннем сілы, пакуль там сабраныя ў канфедэрацыю пасля ўжо адкрытай сесіі не раз"ехаліся» [28].

Слуцкія ўраднікі ў адказ паскардзіліся Станіславу Аўгусту, а таксама выслалі двух дэлегатаў з прынятым актам да Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ, маршалкам якой акурат з другой паловы жніўня стаў прыхільны да караля вялікі літоўскі канцлер Аляксандр Сапега.

На вялікае здзіўленне М. Туганоўскага, 30 жніўня С. Вяндорф і П. Строўскі прывезлі з Вільні жаданую рэзалюцыю [29].

З аднаго боку, на пасяджэнні 24 жніўня Генеральная канфедэрацыя ВКЛ акт канфедэрацыі, прыняты 14 жніўня ў Слуцку, афіцыйна адхіліла як неадпаведны намерам кіраўніцтва і прызнала яго нядзейсным; з другога боку, каб засведчыць сваю лагоднасць перад шляхціцамі, якія гэты акт падпісалі, дазволіла ім праз прысланых дэлегатаў разам далучыцца да таргавіцкага саюза [30] (фактычна, не прызнаючы акт, палічыла дзейснымі на ім усе подпісы), а таксама прызнала раней абраны склад Слуцкай канфедэрацыі, з унясеннем у яго пэўных змен і даручэннем працягваць сваю дзейнасць у патрэбе ажыццяўлення на месцы судовых і адміністрацыйных функцый (зямянскі суд і парадкавая камісія пры гэтым спынялі дзейнасць).

Юрысдыкцыя мясцовага канфедэрацкага суда рашэннем Генеральнай канфедэрацыі павінна была распаўсюджвацца на сем парафій: Глускую, Слуцкую, Капыльскую, Цімкавецкую, Клецкую, Ляхавіцкую і Нядзведзіцкую [31], што цалкам адпавядала межам былога Случарэцкага павета, вызначаным пастановай Чатырохгадовага сойма ад 2 лістапада 1791 г. [32]

М. Туганоўскі ў лісце да маршалка Рэчыцкай канфедэрацыі дапускаў, што прынятае ў Вільні рашэнне аб захаванні мясцовай канфедэрацыі і судовых структур у Слуцку, было звязана з умяшаннем караля, які ў дадзеным выпадку дзейнічаў праз вялікага літоўскага канцлера А. Сапегу, і з іроніяй рабіў з гэтага песімістычную для прыхільнікаў таргавіцкага руху выснову, што «Канстытуцыя [3 мая], такая святая, [ужо] пачала атрымліваць афіцыйнае адабрэнне» [33].

Як было адзначалася вышэй, у першапачатковы склад Слуцкай канфедэрацыі, у параўнанні з актам 14 жніўня, былі ўнесены пэўныя змены. Замест маршалка канфедэрацыі, титул якога не быў ухвалены віленскім кіраўніцтвам па прычыне непрызнання Случарэцкага павета, старшынёй пасяджэнняў канфедэрацыі і яе суда стаў лічыцца першы консул. Ім быў прызначаны М. Бярновіч. Мясцовымі консуламі (з судовымі функцыямі), у адпаведнасці з рашэннем Генеральнай канфедэрацыі ад 24 жніўня, сталі таксама М. Рэйтан (былы маршалак канфедэрацыі), П. Строўскі, С. Вяндорф (па прычыне адсутнасці павета апошнім двум было адмоўлена ў праве засядаць ў Генеральнай канфедэрацыі), М. Гінтар, Т. Адынец і М. Яблонскі. З ліку консулаў (колькасць якіх, акрамя старшыні, не павінна была перавышаць шасці чалавек), у параўнанні з актам 14 жніўня, былі выдалены Б. Непакойчыцкі і А. Кжываблоцкі. Таксама, па прычыне здзяйснення канфедэрацыяй судовых функцый, ёй было загадана мець пісара (з правам голасу, роўным суддзі). Ім стаў Алаізі Чарноцкі, рэгент былога зямянкага суда Случарэцкага павета [34]. Такім чынам, акрамя апошняй згаданай асобы, усе іншыя суддзі Слуцкай канфедэрацыі былі прызначаны ў склад яе кіраўніцтва ў адпаведнасці з актам ад 14 жніўня 1792 г.

Паколькі Генеральная канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага існаванне Случарэцкага павета афіцыйна так і не прызнала, мясцовая канфедэрацыя ў сваіх дакументах выкарыстоўвала найменне «судаводская канфедэрацыя, размешчаная ў Слуцку» [35]. Яе дзейнасць – са жніўня 1792 г. да красавіка 1793 г., моманту ўключэння Цэнтральнай Беларусі ў склад Расійскай імперыі – адлюстроўваюць матэрыялы судовага справаводства, якія ў колькасці пяці спраў захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску [36]. Большасць з іх прысвечаны рознастайным аспектам узаемаадносін мясцовага насельніцтва з расійскімі войскамі, размешчанымі ў Нясвіжы, Навагрудку і не пазней снежня 1792 г. – у Слуцку [37], а таксама судовым справам, значная частка з якіх была звязана з сітуацыямі вакол радзівілаўскай «спадчыны» і Слуцкага праваслаўнага архімандрыцтва (адсылаем чытача да адпаведных артыкулаў на гэтую тэму [38]).

Адзначым толькі, што характар дзейнасці Слуцкай канфедэрацыі ў кантэксце агульнай палітычнай сітуацыі ў краіне і грамадска-эканамічных адносін унутры скасаванага павета падкрэсліваюць біяграфіі яе двух галоўных прадстаўнікоў: старшыні – М. Бярновіча і яго намесніка (пры адсутнасці першага на судовых пасяджэннях) – М. Рэйтана. Абодва яны былі цесна звязныя з Радзівіламі, першы ў дадатак – належаў да кола давераных асоб Станіслава Аўгуста. М. Рэйтан з 1760-х гг. знаходзіўся ў бліжэйшым сяброўскім атачэнні Караля Станіслава Радзівіла (у гэтым вобразе паказаны А. Міцкевічам у «Пан Тадэвуш»); М. Бярновіч – з"яўляўся супрацоўнікам і даверанай асобай Мацея Радзівіла, у якасці пасла (разам з братам М. Рэйтана – Станіславам) адзначыўся актыўнай пазіцыяй на Чатырохгадовага сойме, выступіў на баку Канстытуцыі 3 мая, а ў 1792 г. канкурыраваў з М. Лопатам за каралеўскую намінацыю на пасаду кіраўніка Случарэцкага павета з патэнцыяльнай годнасцю кашталяна. Палітычная вага, якую мелі суддзі канфедэрацыі ў Слуцку, дазваляла ім праводзіць адносна самастойную палітыку (з улікам інтарэсаў сваіх палітычных патронаў і прысутнасці войск суседняй Расійскай імперыі), як падаецца, не толькі ў дачыненні да суседняга Наваградка, але таксама і Вільні. Абодва пры гэтым пасля падзелаў Рэчы Паспалітай змаглі знайсці паразуменне з расійскімі ўладамі: М. Рэйтан у 1795 г. стаў нясвіжскім павятовым маршалкам, а М. Бярновіч – у 1802 г. атрымаў аналагічную пасаду у Слуцку [39].

Такім чынам, Слуцкая канфедэрацыя была адной з 22-х лакальных канфедэрацый, якія дзейнічалі ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1792–1793 гг., але пры гэтым адзінай, якая існавала на тэрыторыі, не прызнанай у якасці павета. Змест яе акта, прыняты 14 жніўня 1792 г. (з разлікам на ўхваленне і падтрымку з боку каралеўскага двара), хаця і канфліктаваў з галоўнымі мэтамі таргавіцкага руху і быў прызнаны ў Вільні нядзейсным, тым не менш знайшоў практычнае ўвасабленне ў выглядзе дазволу на працяг існавання мясцовай канфедэрацыі. Важным аспектам яе дзейнасці, якая часткова кампенсавала функцыі ліквідаваных у тым жа годзе мясцовых зямянскага суда і цывільна-вайсковай парадкавай камісіі, была самастойная, мінаючы пасрэдніцтва Навагрудка, рэалізацыя судовых, натарыяльных і адміністрацыйных функцый. Падаецца, што менавіта наяўнасць мясцовага суда ў Слуцку была ўлічана расійскімі ўладамі пры вызначэнні ў 1793 г. адміністрацыйных цэнтраў на новадалучаных тэрыторыях. Такім чынам, існаванне гэтай канфедэрацыі варта разглядаць не толькі як праяву апазіцыйнасці ўнутры таргавіцкага руху, далёкага ад унутранага адзінства, але і як неабходны, хаця і вельмі кароткі па часе, «мосцік», які звязаў «powiat Słuczorecki» ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай са «Слуцким уездом» у складзе Расійскай імперыі.

Вадзім АНІПЯРКОЎ,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі
Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч», Минск, 2018

Оцифровка текста – Владимир ХВОРОВ

Дадатак

Правілы перадачы тэксту: Тэкст перадаецца згодна: «Instrukcja wydawnicza dla źródeł historycznych od XVI do połowy XIX wieku / red. Kazimierz Lepszy. Wrocław, 1953». Напісанне ўсіх прозвішчаў захаванае, як у арыгінале. Абзацныя водступы, знакі прыпынку, вялікія і малыя літары расстаўлены ў адпаведнасці з сучаснымі правіламі пунктуацыі і арфаграфіі.

 

 

Акт канфедэрацыі Случарэцкага павета, г. Слуцк, 14 жніўня 1792.

Акт канфедэрацыі Случарэцкага павета, г. Слуцк, 14 жніўня 1792



1. Пра Слуцкую канфедэрацыю 1767 г. гл.: Грыцкевіч А.П. Рэлігійнае пытанне і знешняя палітыка царызму перад падзеламі Рэчы Паспалітай // Весці АН Беларускай ССР. Сер. гум. навук. 1973. № 6. С. 62-71; Носов Б.В. Установление российского господства в Речи Посполитой. 1756–1768 гг. Москва, 2004. С. 321-358; Mironowicz А. Kościół prawosławny w Polsce. Białystok, 2006. S. 438-463; Анішчанка Я.К. Народжаны рабалепнічаць. Беларускія землі пры першым падзеле Рэчы Паспалітай. Мінск, 2007. С. 42-68.
2. Smoleński W. Konfederacja targowieka. Kraków, 1903. S. 268-269; ŚmigelskytćStukienć R. Lietuvos Didżiosios Kunigaikśtystes konfederacijos susidarymas ir veikla 1792–1793 metais. Vilnius, 2003. P. 129,139, 314-316.
3. Rozkład woiewództw, ziem, i powiatów, z oznaczeniem miast, a w nich mieysc konstytucyinych dla sejmików w prowincyach koronnych i Wielkiego Xięstwa Litewskiego // Volumina legum. T. 9. Kraków, 1889. S. 326-338.
4. Akt laudum sejmikowego [pow. słuczoreckiego] — 20II1792 // Нацыянальны riстарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ). Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1 Арк. 10-13.
5. Ян Вайніловіч (Jan Woyniłowicz) на сойміку Случарэцкага п-та быў абраны адным з шасці асэсараў, таксама адным з двух (разам — з Міхалам Арачэўскім) дэлегатаў мясцовай шляхты да караля. (НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 10 адв.)
6. НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. И; Szczygielski W. Referendum trzeciomajowe: sejmiki lutowe 1792 roku. Łódź, 1994. S. 346.
7. «Герб [...] — на харугві павятовай, якая мае быць на чырвоным полі, з аднаго боку колас, зверху коласа польская шапка і пры тым жа коласе шабля, як знак, што сімвалізуе свабоду, з другога боку — літоўская пагоня і цялё, як знак [...] панавання найяснейшага Станіслава Аўгуста» (НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 11); тут і далей — пераклад на беларускую мову аўтара.
8. НГАБ.    Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1.    Арк.    11.
9. НГАБ.    Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1.    Арк.    10 адв.-11.
10. НГАБ.    Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1.    Арк.    24-24 адв.
11. Волкаў    М.А. Слуцк на старых    планах. Мінск, 2017. С. 112 (выказваем падзяку аўтару выдання Міколу Аляксандравічу Волкаву за кансультацыі падчас падрыхтоўкі дадзенага артикула).
12. Akt Konfederacyi Generalnej wolnej Koronnej // Zbiur Wszystkich Druków Konfederacyi Targowickiey у Wilenskiey. Cz. 1. Warszawa, 1792. S. 17-56.
13. Śmigelskyte-Stukiene R. Lietuvos Didżiosios Kunigaikstystćs konfederacijos susidarymas ir veikla 1792–1793 metais. P. 72 (kortelć «Konfederacijos jsitvirtinimas LDK 1792 m.)
14. Akt konfederacyi wolnej powiatu słuczoreckiego // НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 499502 адв.
15. Akces województwa nowogrodzkiego // Lietuvos mokslą akademijos Vrublevskiy biblioteka (LMAVB). RS. F. 9 – 359. L. 89-99.
16. «[...] Не стрымліваючы працягу справядлівасці, для бяспекі нашых людзей і маёмасці патрэбнай, асобы, якія складаюць зямянскі суд і засядаюць у цывільна-вайсковай камісіі нашага павету, пры абавязках, дапоўненых прысягай, а таксама судовага і актавага пісараў на іх становішчы, захоўваем» (НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 500 адв.-501)
17. 17 II 1792 на сейміку Случарэцкага павета суддзямі зямянскага суда былі абраныя: Яўхім Корсак (Joachim Korsak), стольнік Віцебскага в-ва, былы дэпутат Галоўнага Трыбунала; Тамаш Масальскі (Tomasz Massalski), палкоўнік пярэдняй стражы войск ВКЛ; Юзаф Тжціньскі (Józef Trzciński), рэгент земскага суда Навагрудскага в-ва, былы дэпутат Галоўнага Трыбунала ВКЛ; Ігнацы Кярсноўскі (Ignacy Kiersnowski), рэгент Галоўнага Трыбунала ВКЛ; Ксаверы Чарноцкі (Ksawer Czarnocki), былы камісар цывільна-вайсковы і парадакавы Навагарадскага в-ва; Адам Пясецкі (Adam Piasecki), маёр войск ВКЛ, былы дэпутат Галоўнага Трыбунала ВКЛ; Бенедыкт Булгарын (Benedykt Bułgaryn), камісар цывільна-вайсковы і парадакавы Навагарадскага в-ва; пісарам — Юзэф Чарноцкі (Józef Czarnocki), рэгент гранічны Наваградскага в-ва (НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1 Арк. 11-12)
18. Генеральная канфедэрацыя ВКЛ была створаная 25 чэрвеня 1792 г. у Вільні як структура, асобная ад кароннай канфедэрацыі, але з поўным ухваленнем яе таргавіцкага акта («нібыта ён праз нас саміх быў складзены [...], нічога са зместу яго не выключаючы»); яе аснову складалі прадстаўнікі сканфедэраваных ваяводстваў і паветаў ВКЛ, большасць з якіх, аднак, была загадзя вызначана, г. зн. у рэальнасці мясцовымі канфедэрацыямі не абіралася (Akt Konfederacyi Generalnej wolnej W.X. Litt. // Zbiur Wszystkich Druków Konfederacyi Targowickiey у Wilenskiey. Cz. 1. S. 3-16; Аніпяркоў В.В. Утварэнне і механізм дзеяння інстытутаў Таргавіцкай канфедэрацыі на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага // Весн. Беларус. дзярж. ун-та. Сер. 3. 2009. № 3. С. 12-17.)
19. Akt laudum sejmikowego // НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1 Арк. 10-13.
20. Aktykacya juramentów, dla jj. ww. marszałka, konsyliarzów konfederackich i przestępujących, przepisanych // НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 498.
21. Przysięga marszałka // Zbiur Wszystkich Druków Konfederacyi Targowickiey у Wileńskiey. Cz. 1. S. 48-49.
22. Характэрны прыклад — Томаш Хазлер (Tomasz Hazier), генерал-ад"ютант булавы польнай войск ВКЛ, які, спазніўшыся на пачатак лютаўскага сойміка 1792 г., асобна ад іншых 15 II 1792 урачыста разам з сынамі прысягнуў Канстытуцыі 3 мая, а14ѴІІІ1792 паставіў свой подпіс пад актам канфедэрацыі Случарэцкага павета. (НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 11, 502).
23. Войскі Расійскай імперыі летам 1792 г. у Слуцку не размяшчаліся, бліжэйшыя падраздзяленні знаходзіліся ў Нясвіжы, Мінску і Наваградку (LMAVB. RS. F. 9 – 359. L. 102-103).
24. «[...] А каб прадухіліць непрыемнасці, якія могуць здарыцца для грамадзян празмерным патрабаваннем фуражу для войскаў, тое ж фуражаванне ў прапорцыі з заможнасцю грамадзян і цаной, адпаведнай да таргоў, вызначыць цывільна-вайсковай камісіі нашага павета даручаем.» (НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 501)
25. LMAVB. RS. F. 9 – 359. L. 119-124.
26. Akt konfederacyi wolnej powiatu słuczoreckiego // НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 501.
27. Akt uniwersału konfederacyi pow. Słuczoreckiego // НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 496-497 адв.
28. M. Тугагоўскі — канфедэрацыі Рэчыцкага павета, 7 IX 1792 // НГАБ. Ф. 1903. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 21
29. Aktykacyja rezolucyi od n. Konfederacyi Generalnej W. Ks. L. // НГАБ. Ф. 1934. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 11-11 адв.
30. Akt akcesów obywateli woj. Nowogródzkiego // LVIA. F. SA. B. 5811. L. 4-7 v.
31. НГАБ. Ф. 1934. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 11 адв.
32. Volumina legum. T. 9. Kraków, 1889. S. 326-338.
33. M. Тугагоўскі — канфедэрацыі Рэчыцкага павета, 7 IX 1792 // НГАБ. Ф. 1903. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 21-21 адв.
34. НГАБ. Ф. 1934. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 13 адв.; Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 501 адв.
35. НГАБ. Ф. 1934. Bon. 1. Спр. 4 (вокладка).
36. НГАБ. Ф. 1934. Bon. 1. Спр. 1-5.
37. LMAVB. RS. Е 9 — 359. L. 102-103; Анішчанка Я.К. Ваеннае забеспячэнне Расіяй другога падзелу Рэчы Паспалітай // Беларускі гістарычны агляд. 2008. Т. 15. № 1/2. С. 365-374.
38. Аніпяркоў В.В. Эканамічныя аспекты дзейнасці Слуцкага праваслаўнага архімандрыцтва ў 1789–1793 гг. // Христианство в Беларуси: история и современность: сб. науч. ст. / редкол.: А.А. Коваленя [и др.]. Минск, 2014. С. 115-117; Аніпяркоў В.В. Барацьба за апеку над князем Дамінікам Радзівілам (1786–1813) і кіраванне Нясвіжскай ардынацыяй // Беларусь, Нясвіжскі край і Эдвард Вайніловіч: матэрыялы навук.-практ. канф., г. Нясвіж, 26 жн. 2016 г. Мінск, 2016. С. 63-72; Аніпяркоў В.В. Гандаль правіянтам і фуражом у 1792–1793 гг. у кантэксце адносін паміж шляхтай Вялікага Княства Літоўскага і войскамі Расійскай імперыі // Гісторыя гандлю на тэрыторыі Беларусі: зб. навук. арт. Мінск, 2016. С. 201-211.
39. Przyznanie dokumentu ugodliwego między j.w. ks. kasztelanem u j.w. kciem wojewodą trockim zawartego // НГАБ. Ф. 1787. Bon. 1. Спр. 1. Арк. 261 адв.; M. Бярновіч да Станіслава Аўгуста, 6II1792, Бабоўня // Biblioteka Książąt Czartoryskich — Muzeum Narodowy w Krakowie (BCz.). Rkps. 722. L. 461; M. Лопат — Станіславу Аўгусту, 1791 // BCz. Rkps. 728. L. 793; M. Лопат — Станіславу Аўгусту, 6 II 1792, Нясвіж // BCz. Rkps. 728. L. 795; Herbarz polski. T. 1: Aaron — Boniccy. Warszawa, 1899. S. 171; Mycielski M. Reytan Michał // Polski słownik biograficzny. Wroclaw etc., 1988. T. XXXI/2. S. 230-231.
40. Напісана над радком.
41. Напісана над радком.