Пакупка Слуцка дзяржавай: арганізацыйна-фінансавыя аспекты
24.04.2018 (читать на русском языке)
Беларускі гісторык А.П. Грыцкевіч вызначыў пэўныя этапы, звязаныя з пакупкай Слуцка дзяржавай [1], аднак шэраг высноў даследчыка, як і выпраўление зробленых ім памылак і недакладнасцей, патрабуюць пэўных карэкціровак шляхам уводу ў навуковы зварот некаторых новых архіўных звестак. У прапанаваным даследаванні аўтар паспрабаваў дапоўніць і ўдакладніць некаторыя матэрыялы, звязаныя з працэсам выкупу Слуцка ў казну з пункту гледжання арганізацыйна-фінансавых аспектаў праблемы.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай былы цэнтр Случарэцкага павета Навагрудскага ваяводства (1791) са студзеня 1793 г. увайшоў у склад Расійскай імперыі і стаў цэнтральным горадам Слуцкага павета. У прыватнаўласніцкіх мястэчках (Нясвіжы, Слуцку, Давыд-Гарадку, Паставах) адкрываліся павятовыя прысутныя ўстановы, але права ўласнасці на зямлю пакідалася за ранейшымі ўладальнікамі. У далейшым намячалася купіць гэтыя мястэчкі дзяржавай ці абмяняць. Нясвіж і Слуцк маглі паступіць ў казну за радзівілаўскія даўгі [2]. Такім чынам, нягледзячы на змену адміністрацыйнага статусу, Слуцк у прававых адносінах заставаўся прыватнаўладальніцкім горадам, падпарадкаваным гаспадару, які меў выключнае права зямельнай уласнасці і атрымання ўсіх гарадскіх прыбыткаў.
Імператар Павел I 11.06.1799 г. канфірмаваў запіску графа П.В. Завадоўскага і барона А.I. Васільева, у адпаведнасці з якой планавалася ў забеспячэнне казённага доўгу ацаніць Слуцк пад наглядам літоўскага грамадзянскага губернатара. Аднак выкананне гэтага рашэння было прыпынена, паколькі ў дасланым дакуменце горад памылкова быў найменаваны Луцкам. У адпаведнасці з сенацкім указам ад 18.06.1800 г. апякун непаўналетняга Дамініка Радзвівіла, віленскі ваявода князь Міхал Радзівіл, прыехаў у Нясвіж [3]. Сваяк Д. Радзівіла Міхал Радзівіл уступіў у перамовы з урадам аб пагашэнні дзяржаўнага доўгу, якога на 1.05.1801 г. налічылі на Радзівілах з працэнтамі ў памеры 776172 руб. сер. [4]. У 1800 г. Сенат загадаў правесці апекуну ацэнку Слуцка, які знаходзіўся ў поўным закладзе за казённы доўг. Паколькі даход горада (больш за 12 тыс. руб.) быў невялікі, а дзяржаўны доўг Радзівілаў з працэнтамі даходзіў да 250 тыс. чырвонцаў, было загадана падлічыць даходы ўсіх іх свабодных маёнткаў у Літоўскай, Мінскай і Валынскай губернях. Паводле канфірмаванага 30.08.1801 г. даклада Правячаму Сенату было пацверджана, што для забеспячэння казённага доўгу мець у закладзе Слуцк з іншымі свабоднымі маёнткамі Д. Радзівіла, а ўпраўляючаму грамадзянскай часткай Мінскай, Валынскай і Падольскай губерняў А.Р. Розенбергу было даручана звярнуць увагу на пакупку ў казну г. Слуцк [5].
Слуцк неабходна было ацаніць паводле вартасці зямлі, а таксама праверыць велічыню гарадскіх даходаў на месцы. Міхал Радзівіл і прызначаныя ўрадам апекуны Тышкевіч і Машыньскі сабраліся ў Нясвіжы пасля таго, як мінскі грамадзянскі губернатар, тайны саветнік З.Я. Карнееў абвясціу аб сваім прыездзе ў Слуцк 5.05.1800 г., калі ні адзін з апекуноў не застаўся [6]. Па яго даручэнні накіраваныя ў Слуцк чыноўнікі губернскага праўлення правялі ацэнку зямлі і нерухомых маёмасцей горада. Слуцк быў ацэнены ў 616 376 руб. сер., землі горада – у 100 тыс. руб. сер., агульны даход – у 15 тыс. руб. сер. Апекуны прапанавалі прадаць Слуцк у казну за 3 736 000 злотых (560 400 руб. сер.). Міхал Радзівіл ацэньваў даходы Слуцка ў 3736 тыс. злотых, у тым ліку 82800 злотых ад прапінацыйнай арэнды, якая існавала да 1798 г. у памеры 72 тыс. злотых, 10 тыс. злотых ад персіярні, 800 злотых з скарбовых агародаў. Разам выходзіла 1636 тыс. злотых 20-гадовай капітальнай сумы, без уліку кошту фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада, замка з цытадэлью (2 млн. злотых), новай будоўлі з вежамі і аздабленнем у замку, павецяў з будынкамі ў цытадэлі, будынкаў і млыноў на скарбовых пляцах горада (100 тыс. злотых) [7]. Назіралася блытаніна ў вызначэнні кошту чыстага прыбытку горада. Так, паводле рахункаў 1797–1798 гг., было паказана даходу з арэнды Слуцка не 80 тыс. злотых, а толькі 66170 злотых. У 1797 г. па кантракце Слуцк быў здадзены ў арэнду за 72 тыс. злотых (калі выключыць 8 тыс. за млыны), але калі лічыць 66170 злотых арэндных, 8 тыс. злотых за млыны і 5830 злотых за асобныя вёскі, тады сапраўды атрымліваецца 80 тыс. злотых. У 1798 г. за арэнду горада было выплачана 80174 зл. У наступным 1799 г. арэнда Слуцка была скасавана, але ўладальнік здаў у часовае трыманне скарбовую гарадскую прапінацыю з выдаткам у 63322 злотых, акрамя незаконных корчмаў. У 1800 г. быў заключаны кантракт на 91056 злотых на арэнду Слуцка з далучэннем да яго ўмоў даходаў з Іванскай карчмы і тайных шынкоў (з вылікам 7656 злотых за незаконныя шынкі і Іванскую карчму заставалася 83400 злотых гарадскога даходу). Апекуны, згодна з рахункамі вольных уладанняў магната, вылічалі даход Слуцка ў 105 тыс. злотых (83400 злотых чыстага даходу з горада і 21600 злотых ад арандаваных бенедыкцінскімі ксяндзамі фальваркаў і з фальварка Iваня, арандаванага ад Абуховічавай). Ацэначны табель паказваў толькі 83400 злотых агульнага даходу, а апякунскі – толькі 35500 злотых чыстага прыбытку (за вылічэннем 47900 злотых выдаткаў: 2703 злотых 2 грошы на дзяржаўныя падаткі за сялян (3,2 % валавага даходу), 28530 злотых – крэдыторам па эксдывізарскаму дэкрэту, 6 тыс. злотых – пажыццёвай пенсіі Мараўскаму, 2513 злотых – фундушавай аннуаты слуцкім касцёлам, 8154 злотых – на ўтрыманне эканомаў, пісараў, чэлядзі і іншых службоўцаў). Імператарскі ўказ міністру фінансаў ад 4.02.1803 г. абвяшчаў аб пакупцы Слуцка дзяржавай у кошт пагашэння даўгоў нясвіжскага ардыната Д. Радзівіла [8].
Пасля дасягнення ў 1804 г. паўналецця і зняцця апекі князь Д. Радзівіл падаў прашэнне імператару Аляксандру I аб выданы яму 3-х млн дзяржаўнага крэдыту і прапанаваў купіць у яго Слуцк для разліку з даўгамі [9]. Для пагашэння галандскага доўгу, пераведзенага на імператарскі скарб, князь Д. Радзівіл даў дазвол на продаж Слуцка і праз свайго ўпаўнаважага ў сталіцы Расійскай імперыі падаў у Міністэрства фінансаў геаметрычны план і інвентар з большым гадавым даходам. Слуцкі гараднічы надворны саветнік, барон дэ Сталь (Шталь) пісаў, што скарб не карыстаўся б і паловай даходу па набыцці горада па ацэнцы князя за 616375,89 руб. [10]. У 1806 г. слуцкі гараднічы Шталь разам з губернскім страпчым (памочнікам пракурора) Вішняковым агледзеў горад, адзначыўшы яго населенасць беднымі жыхарамі ў старых дамах, з прычыны чаго ўрад не будзе мець значнага прыбытку ў выніку куплі горада. Д. Радзівіл у 1809 г. звярнуўся з просьбай да міністра ўнутраных спраў А.Б. Куракіна з патрабаваннем адкласці выплату казённага доўга на 15 год і зноў прапанаваў купіць у яго горад Слуцк [11], аднак пакупка Слуцка не адбылася, паколькі слуцкі гараднічы даводзіў аб няправільнай ацэнцы гарадскіх зямель, хоць у запісцы 1809 г. імператару Аляксандру I А.Б. Куракін аргументоўваў мэтазгоднасць набыцця Слуцка дзяржавай.
Паводле ацэнкі 1806 г. мяркуемага да продажу ў казну Слуцка, горад меў 981 двор (мяшчан хрысціян 514, мяшчан яўрэяў 405, дваран 16, духавенства 22, уладальніцкіх 24), 17 цэркваў (11 уніяцкіх, 4 каталіцкія, евангелісцкую і лютэранскую), 4 манастыры (2 уніяцкія і 2 каталіцкія), яўрэйскую малельню, 3 вучылішчы (уніяцкае, каталіцкае і евангелісцкае), крамны рад на гандлёвай плошчы, у гасцінага двара пад назвай ліцэнта, 2 вінных свіраны, 7 гасцінных заезджых двароў, 2 вадзяныя мучныя млыны, васкабойню, фабрыку персідскіх паясоў, драўляны дварэц (Новы замак), цытадэль, шпалерны сад. Разам кошт Слуцка вызначаўся ў 616376,29 руб. сер., у тым ліку 25195,21 руб. сер. гадавога даходу і 503904,6 руб. сер. капітальнай сумы за 20 год, з дадаткам вартасці зямлі. Асноўныя прыбыткі горада заключаліся ў зборы гадавога водкупу за продаж гарачага віна і ўсіх замежных напояў, ад гандлю дзёгцем і смалой, за кошт вадзяных мучных млыноў і васкабойні, ад гандлёвага, брукавага, сосавага, вагавага, жарнавога, крамнага, плячковага і маставога збораў, збораў напойных фарштацкіх і інш. У 1806 г. з ix атрымлівалі 16243,5 руб. сер. гадавога даходу, i дадаткам 1500 руб. з фабрыкі персідскіх паясоў, 4260 руб. ад салетраванага завода, 3477,11 руб. за кошт спрэчнага пазямельнага аброку. Разам гадавы даход горада складаў 25480,61 руб., акрамя асобна ацэненых уладальнікам пабудоў на 12 тыс. руб. i 94266 руб. сер. за гарадскія землі [12].
За удзел Д. Радзівіла ў вайне 1812 г. на баку Напалеона яго маёнткі летам 1813 г. былі секвестраваныя, аднак указам ад 24.02.1814 г. секвестр быў зняты і дачка Д. Радзівіла Стэфанія атрымала Слуцк. У 1821 г. Міністэрства фінансаў зноў параіла ўлдальніку прадаць Слуцк для пагашэння даўгоў.
Па прадстаўленні міністра фінансаў і ўпраўляючага Міністэрствам юстыцыі ў сувязі з разглядам справы аб даўгах памерлага Д. Радзівіла міністр фінансаў заключыў дамову з апекай Стэфаніі аб суме за Слуцк. Імператар Мікалай I зацвердзіў журналы Камітэта міністраў ад 10.01. и 7.02.1828 г. аб пакупцы Слуцка з ваколіцамі. Па палажэнні Камітэта міністраў ад 7.02.1828 г. для набыцця за выгадную цану Слуцка ў горад была паслана Камісія ў складзе аднаго з саветнікаў Мінскай казённай палаты, страпчага казённых спраў і асобнага чыноўніка Міністэрства фінансаў. Яна вылічыла даход Слуцка наступным чынам: за 1806 г. 25480,61 руб., з 1813 па 1818 гг. даход ад водкупу складаў 12284 руб., а 10 гадовы сярэдні – 11470,05 руб., з 1818 па 1821 гг. – 35597,75 руб., з 1821 na 1824 гг. – 35597,75 руб., з 1824 па 1827 гг. – 32531,25 руб., з 1827 па 12.06.1828 г. – 10993,75 руб., разам 114720,5 руб. Пасля ўдакладненняў даход горада складаў 11272,55 руб., а за вылікам 436 руб. расходаў, уладальніку заставалася 10836,55 руб. чыстага прыбытку. Паводле дакументаў апекі Стэфаніі, у 1828 г. даход Слуцка дасягаў 12027,58 руб. (па капітальнай ацэнцы – 240551,7 руб. сер.), выбранецкіх вёсак – адпаведна 1871,74 руб. і 37434,8 руб., фальварка Горкі – 2249,1 руб. і 44982 руб., фальварка Пупераў – 856,8 руб. і 17136 руб., разам 17005,22 руб. і 340104,5 руб. Па звестках на 1828 г., у горадзе пражывала 16 сем"яў купцоў, у тым ліку адзін 1-й гільдыі і пятнаццаць 3-й гільдыі (64 душы), паводле 7 рэвізіі – мяшчан 595 душ хрысціян і 1533 душ яўрэяў, 4 сям"і вольных людзей, 31 – служачых і няслужачых салдат і 59 сем"яў іншых разначынцаў, 2 купецкія сям"і часова па пашпартах. У 6 выбранецкіх вёсках па 7 рэвізіі налічвалася ў наяўнасці з нованароджанымі 755 душ мужчынскага полу. За ранейшыя гады і першую палову 1828 г. мяшчане-хрысціяне Слуцка мелі 6100,32 руб., а яўрэі – 3201,62 руб. нядоімак. У горадзе з ваколіцамі налічвалася 999 двароў (7 уладальніцкіх, 69 дваранскіх і разначынцаў, 30 духоўных, 337 мяшчанскіх (595 душ) і купецкіх хрысціянскіх, 556 яўрэйскіх), 17 каменных i 1015 драўляных дамоў, 17 цэркваў (11 праваслаўных, 4 каталіцкія, евангелісцкая, лютэранская), 4 манастыры (2 праваслаўныя і 2 каталіцкія), 6 яўрэйскіх малітоўняў, 3 вучылішчы ў ведамстве Віленскага ўніверсітэта, 8 школ (2 праваслаўныя духоўныя, 6 яўрэйскіх), 7 уладальніцкіх дамоў, 23 заезджыя шынкі, вадзяныя гарадскія млыны, персіярня, васкабойня, італійскі сад. Як і раней, галоўныя даходы горад атрымліваў ад здачы на водкуп некаторых галін ад продажу ў горадзе і 4-х прадмесцях віна, гарэлкі, піва, мёду, замежных напояў, смалы і дзёгцю, ад гандлёвага, брукавага, вагавага, жарнавога, крамнага і маставога збораў, ад вадзяных мучных млыноў і васкабойні, з гасціных дамоў і крам, з увозу дроў і лесаматэрыялаў [13]. Паколькі Камісія ацаніла горад з даходамі і ваколіцамі на занадта высокую прадажную суму (616375,89 руб. сер.), таму яе рашэнне так і не было зацверджана вышэйстаячымі ўладамі.
У 1828 г. з асабістага дазволу імператара Аляксандра I сын генерал-фельдмаршала Пятра Хрысціянавіча Вітгенштэйна малады князь, калежскі саветнік Людвіг Леан (Леў Пятровіч) Зайн Вітгенштэйн Берлебург (1799–1866) ажаніўся ca Стэфаніяй Радзівіл. Указам Сената ад 30.06.1831 г. Слуцк з яго даходамі быў замацаваны за Стэфаніяй. Аднак у 1832 г. 23-гадоная ўладальніца Слуцка памерла, і яе муж Л.П. Вітгенштэйн пасля выплаты ў 1834 г. даўгоў памерлай жонцы стаў валадаром горада.
У сувязі з выкананнем зацверджанага 7.02.1834 г. меркавання Дзяржаўнага Савета аб пералічэнні вольных людаей (ці слуцкіх выбранцаў) на казённыя землі, памешчыку Л.П. Вітгенштэйну было прапанавана прадаць выбранецкія землі казне разам з павятовым горадам да канчатковага вырашэння судовай спрэчкі выбранцаў. Паколькі для казны пакупка выбранецкіх вёсак, якія знаходзіліся побач з уездным горадам, была нявыгаднай у выніку іх магчыма большай ацэнкі, чым іншых, і быў прапанаваны праект іх адначасовай пакупкі з горадам.
Пасля сканчэння 5-гадовага тэрміну знаходжання выбранцаў на землях Л.П. Вітгенштэйна (з 11.04.1839 г.) спынялася прызначаная яму па ўказе Сената ад 28.02.1834 г. выплата чыншу па 7,2 руб. сер. з валокі зямлі [14]. Калі б пакупка дзяржавай Слуцка не адбылася, то па прыкладзе сумежнага з ім казённага паселішча ўладальнік па люстрацыйных правілах павінен быў бы атрымаць збораў па 26 руб. з кожнай валокі зямлі, а з некаторых нават i па 30 руб., а за 8 гадоў (г. зн. з часу пражывання выбранцаў на яго землях больш прызначанага ім тэрміну – А.Е.), Л.П. Вітгенштэйн павінен быў бы атрымаць ад урада 32912 руб. платы з 180 валок зямлі. Да таго ж перасяленне выбранцаў (да 2 тыс. душ абодвух палоў) з уладкаваннем іх на новым месцы для казны каштавала б не менш чым па 150 руб. на кожнае цягла, ці разам 45900 руб., акрамя страт ад льготных павіннасцей, даваемых былым выбранцам на некалькі гадоў. Разам казённыя выдаткі на перасяленне выбранцаў каштавалі б дзяржаве да 100 тыс. руб. (за кошт узнагароды ўласніку за выбранецкія землі не па 7,2 руб., а па 30 руб. з валокі, ці 32912 руб. капіталу, за перасяленне 306 двароў 45900 руб., за кошт ільготных павіннасцей казна пазбаўлялася да 21188 руб. даходу). Пры пакупцы Слуцка з навакольнымі выбранецкімі вёскамі казной гэтая праблема скасоўвалася. Паколькі Слуцк размяшчаўся пасярэдзіне паміж Бабруйскам і Брэстам, з аднаго боку, а таксама Масквой і Варшавай – з другога, пасля ўладкавання шашы адкупны гарадскі даход пры забяспячэнні яго правамі казённых водкупаў значна б павялічыўся, што палегчыла б цяжкасці з выплатам Л.П. Вітгенштэйну аднаразова ўсёй ацэначнай сумы. Уладальнік пагадзіўся на адначасовую выплату яму толькі 1/3 часткі ацэначнай сумы, узяць на водкуп усе даходы Слуцка на 12 і больш гадоў з абавязкам выплачваць працэнты той крэдытнай установе, якая дасць пазыку на пакупку горада і звыш таго – уносіць налічаныя на ўтрыманне павятовага цэнтра выдаткі. Князь, адчуваючы страты ад неперасялення выбранцаў у вызначаны тэрмін і жадаючы дапамагчы ўраду, пагадзіўся на продаж выбранецкіх зямель за сапраўдную іх вартасць за 84892 руб., у тым ліку і для пазбягання падзелу цераспалосных зямель паміж выбранцамі і жыхарамі Слуцка [15].
Паводле ўказа Сената ад 30.06.1831 г., пры губернскім праўленні была заснавана Слуцкая камісія для разбору ўзаемных правоў і абавязкаў жыхароў г. Слуцка з вотчыннымі ўладальнікамі, князямі Радзівіламі, якая пачала дзейнічаць з 16.02.1833 г. і скончыла сваю працу па недзейнасці чыноўнікаў 2.08.1840 г. [16]. На ўтрыманне Камісіі на працягу шматлікіх гадоў Л.П. Вітгенштэйн выдаткаваў больш за 50 тыс. руб. асігнацыямі [17]. Камісія, справы якой былі перададзены ў Мінскую палату грамадзянскага суда, сабрала шматлікія дакументальныя матэрыялы з XVI ст. у выглядзе больш чым 17 аб"ёмных тамоў [18]. Слуцк з выбранецкімі землямі і лясной дачай, за выключэннем пляцоў і зямель, не прызначаных для продажу, быў ацэнены Камісіяй для разбору ўзаемных правоў і абавязкаў жыхароў Слуцка з Радзівіламі ў 235631,49 руб. [19]. Пры патрабаванні кампенсацыйных выплат жыхары Слуцка спасылаліся на старадаўнія правы і прывілеі, кантракты і ўмовы, дадзеныя ўладальнікамі гораду і яго жыхарам у розныя часы з XVI ст. Прыкладам, па прывілею ад 30.07.1587 г. князь Семяон даў магчымасць жыхарам на вечны час свабодна і бясплатна высякаць лес у акрузе горада на 3 мілі. З улікам таго, што ў Слуцку з навакольнымі фальваркамі і манастырамі мелася да 1 тыс. дамоў, выходзіла штогод да 50 тыс. вазоў дроў. Арандатары спаганялі з воза па 5 кап. і па 10 кап., лічачы няправільна 1 воз за 2 вазы, і давалі на карысць Л.П. Вітгештэйна 5 тыс. руб. сер. даходу. Таму павераныя прасілі прысудзіць для жыхароў Слуцка за 22 гады (з 1818 па 1840 г.) 110 тыс. руб. сер. агульнай сумы. Нягледзячы на тое, што гарадскія зборы над назвай ліцэнта і акцызу былі скасаваны ў 1768 г., Караль Радзівіл іх захаваў паводле інструктара 1769 г. і пазнейшага дадатку да яго ў 1803 г. У 1818 г. камісар Тамашэўскі наклаў на жыхароў разнастайныя зборы з розных рэчаў і лясных прыпасаў па 5 тыс. руб. штогод. Такім чынам, на працягу 72 гадоў (з 1768 па 1840 г.) выручка ўладальніка склала 360 тыс. (ці нават 435 тыс.). Да 1718 г. у гарадскую касу паступала чвэрць піцейных даходаў. Аднак паводле кантракта, падпісанага Міхалам Казімірам Радзівілам 12.06.1760 г., акрамя ліцэнты, было паказана 60 тыс. злотых гадавога даходу (15 тыс. піцейных). Таму за 72 гады (з 1768 па 1840 г.) лічылася ў недаборы 1080 тыс. злотых ці 162 тыс. руб. серабром напойных збораў [20].
У 1844 г. па патрабаванні міністра ўнутраных спраў i прапанове віленскага ваеннага губернатара мінскім губернатарам А.В. Сямёнавым была заснавана асобная Камісія для высвятлення атрымоўваемага Л.П. Вітгенштэйнам даходу са Слуцка і для ацэнкі горада. Паводле звестак, сабраных губернскай камісіяй, даход з пляцаў і земляў Слуцка складаў 2337,5 руб. У адпаведнасці з зацверджаным 24.12.1845 г. палажэннем Камітэта Міністраў для правільнасці вылічэння даходаў была створана яшчэ адна мясцовая камісія з чыноўнікаў Міністэрстваў унутраных спраў, дзяржмаёмасцей і генерал-губернатара. У склад Камісіі ўвайшлі чыноўнік асобных даручэнняў віленскага ваеннага губернатара, калежскі асэсар Чарнеўскі, чыноўнік Міністэрства ўнутраных спраў калежскі асэсар Грот і мінскі губернскі люстратар тытулярны саветнік Папоў. Другая ацэначная Камісія 1846 г. прызнала ўладальніцкія правы толькі за трымальнікамі 18 пляцаў, якія Камісія па указе Сената ад 30.06.1831 г. вызваліла ад плацяжу чыншу па прадстаўленых дакументах. Такім чынам, 18 пляцоў лічыліся спрэчнымі, а астатнія пляцы і землі Слуцка паводле сенацкага ўказа 1831 г. былі прызнаны ўласнасцю Л.П. Вітгенштэйна і абкладзены плацяжом чыншу ў 2404,9 руб. Паводле складзеных у 1846 г. апісання і ацэнкі горада, даход з пляцоў і зямель, за выключэннем даходу ад зямель, якія адышлі пад шашу і выключаных уладальнікам ад продажу, склаў 2343,12 руб. [21].
Пры продажы ўласнікам Слуцка дзяржаве ў разлік браліся даныя памераў зямлі першай ацэначнай камісіі, паколькі другая новымі вымярэннямі земляў не займалася (звесткі па складзеным ў 1840 г. і правераным у 1844 г. слуцкім павятовым землямерам плане зямлі). Пры вылічэнні паводле купчай крэпасці гарадскіх і выбранецкіх зямель па гарадскім плане 1844 г. у гарадской акрузе было ўлічана 2070 дзесяцін, у тым ліку пад Слуцкам з 4 фарштатамі (Трайчаны, Востраў, Выгода, Сіёлка) – 1455 дзесяцін, асобна каля р. Лакной (Лакнея) – 14 дзесяцін, ва ўрочышчы Града (Грады) у карыстанні слуцкіх мяшчан па прывілеі 1565 г. – 600 дзесяцін. З 2070 дзесяцін фундушавых і спрэчных зямель 28 дзесяцін было вылучана пад Брэст-Бабруйскую шашу, а 9 дзесяцін знаходзіліся ў спрэчцы. У 6 выбранецкіх вёсках было ў бясспрэчным валоданні Л.П. Вітгенштэйна 180 валок ці 3576 дзесяцін зямлі, у тым ліку 79 дзесяцін фундушавай і 57 дзесяцін спрэчнай. На патрэбы жыхароў Слуцка і выбранцаў быў выдзелены ўчастак страявога і дрывянога лесу з Омгавіцкай лясной дачы памерам 932 дзесяціны. У цэлым, разам было ўлічана 6579 дзесяцін гарадскіх і навакольных ад горада зямель. Да таго ж выбранцы мелі ў часовым карыстанні 128 дзесяцін сенажацяў цераспалосных зямель, раскіданых сярод іншых маёнткаў Л.П. Вітгенштэйна, якія ён саступаў без платы. З зямель і пляцоў у Слуцку і на фарштаце Сіёлка былі выключаны Л.П. Вітгенштэйнам ад продажу 86 дзесяцін з штогадовым чыншам 67,4 руб., не ўключаны сенажаці пры вёсках Варкавічы (86 дзесяцін) і Агароднікі (41 дзесяціна) [22].
Губернская Камісія 1844 г. і генерал-губернатарская 1846 г. па-рознаму ацэньвалі крыніцы даходаў Слуцка і выбранецкіх вёсак: некаторыя з іх былі выключаны, іншыя – паменшаны ці не ўлічаны ўвогуле. Калі з 15 тыс. руб. прапінацыйнага даходу выключыць іншыя зборы, тады напойны збор з продажу гарачага віна, гарэлкі і мёду ў прыватных гарадскіх дамах і ўладальніцкай карчме складаў бы 10430 руб. Камісія 1844 г. ацаніла прапінацыйны даход з продажу напояў у горадзе і выбранецкіх корчмах, з піўнога завода, вадзянога млына і крам на 10425 руб. У 1846 г. з піўнога завода атрымлівалі 1392,5 руб., з вадзянога млына – 1800 руб., з выбранецкіх корчмаў – 870 руб., з крам – 171 руб. прыбытку, разам з напойным зборам 14663,5 руб. Чыншавы збор быў у памеры 2343,12 руб., а Камісія 1844 г. вылічыла яго ў 2337,5 руб. Камісія 1844 г. выключыла некаторыя зборы па інструктары 1818 г., знішчаныя Слуцкай Камісіяй, за якія арэндны трымальнік плаціў уладальніку штогод па 4575 руб. Камісія 1846 г. ліквідавала сосавы, брукавы, брамны, гандлёвы, маставы, плячковы, млынавы і ўвазны зборы – усе, акрамя вагавага (ад узважвання тавараў у гарадской важні), паменшыўшы яго напалову з 700 да 350 руб. Камісія 1844 г. не ўлічыла кантракт з адміністратарам за рыбныя лоўлі ў 15 руб. штогод, як і збору з актаў і здзелак у 106,37 руб., 0,25 % даходу з абвешчаных купецкіх капіталаў у 137,1 руб. З разліку па 7,2 руб. з валокі зямлі Камісія 1844 г. выводзіла даход з выбранецкіх вёсак у 1298,09 руб., аднак па люстрацыйных правілах у казённых маёнтках дзесяціна ворнай і сядзібнай зямлі ацэньвалася па 85 кап., сенажацяў – па 83 кап. Тады, за выключэннем 500,54 руб. вінакурнай пошліны, выходзіла 1793,66 руб. Ранейшы лясны даход з разліку 90 руб. за валоку складаў 253,8 руб. (капітальнай сумы 4230 руб.). У 1846 г. з 932 дзесяцін лесу аказалася прыдатнага дрывянога і часткова страявога толькі 500 дзесяцін, кошт якога па сярэдняй цане на дровы складаў 375 руб. Такім чынам, валавы даход 1846 г. дасягаў 19863,75 руб., а калі з яго выключыць 1068,13 руб. (935,68 руб. на гарадское ўпраўленне і гаспадарку, 107,45 руб. на кіраванне выбранецкімі зямлямі з разліку 6 % гадавых, 25 руб. для ўпраўлення лясной дачы), то атрымоўвалася чыстага прыбытку 18795,62 руб. супраць 14136 руб., пададзеных Камісіяй 1844 г. (з агульнага даходу 14313,5 руб. яна выключыла палову выдаткаў (177,5 руб.) на ўтрыманне гарадскога кіравання). У цэлым, новая ацэначная Камісія 1846 г. устанаўлівала большую капітальную суму (313260,3 руб.), чым папярэдняя Камісія 1844 г. (235631,49 руб.). Калі да агульнай сумы 313260,3 руб. дадаваліся іншыя (3112,33 руб. за пабудовы фальварка Сіёлка, 935,68 руб. (15594,6 руб. суразмернай капітальнай) выключаных выдаткаў на ўтрыманне гарадскога ўпраўлення, 350 руб. (5800,33 руб. капітальнай) вылічанай Камісіяй за непадлічаны вагавы збор), тады разам ацэначная сума да выплаты дасягала 337767,57 руб. У чэрвені 1846 г. Камісія падала віленскаму ваеннаму губернатару запіску, па якой ацэнка Слуцка і наваколля, па падліках Камісіі і грамадзянскага губернатара заключалася ў 324655,27 руб., аднак Л.П. Вітгенштэйн лічыў яе няправільнай, паколькі павінна было быць 343371,76 руб. (з дадаткам 10549,83 руб. за вінны падатак і ўтрыманне па выбранецкіх вёсках, 1500 руб. на рамонт установаў, 6666,66 руб. сапраўды паступаючых збораў з замежных напояў) [23].
Чынш з гарадской зямлі даваў 2343,12 руб. прыбытку, прапінацыйны даход – 10430 руб., з піўнога завода ў фальварку Горкі арэндны трымальнік выплачваў 1450 руб. штогод (чысты даход 1392,5 руб.), з утрымання вадзянога мукамольнага млына атрымлівалася 1880 руб. чыстага даходу. За найм крам і права продажу ў прыватных крамах плацілі 300 руб., найм памяшканняў для купцоў – 171 руб., з гарадскіх акцызаў – 4575 руб., за рыбную лоўлю – 15 руб., з явачных актаў і здзелак – 106,37 руб. даходу, гільдзейскіх збораў – 137,1 руб. З выбранецкай зямлі чысты прыбытак складаў 2304,2 руб., з дадаткам 500,54 руб. вінакураных, прычым чысты даход быу паказаны па памылцы ў 1793,66 руб., але сапраўды трэба было лічыць 1803,66 руб. З 5 выбранецкіх корчмаў было 870 руб. чыстага даходу, з лясной дачы – 375 руб. Аднак ацэначная Камісія вылічыла 19863,75 руб. даходу і з прылікам паказала памылкова 19873,75 руб. Камісія вызначыла штогодных выдаткаў на 1068,13 руб., у тым ліку на ўтрыманне паліцыі, магістрата, кватэрнай камісіі, пажарнай часці і інш. – 1871,36 руб. (на абавязку ўладальніка палова ці 935,68 руб.) і 132,45 руб. вылікаў на патрэбы выбранцаў (на кіраванне выбранцамі 107,45 руб. і ўтрыманне 2 палясоўшчыкаў Омгавіцкай лясной дачы 25 руб.). Тады з 19863,75 руб. валавага даходу заставалася чыстага даходу 18795,62 руб., а капітальная сума з улікам 6 % гадавых – 313260,3 руб., без кошту гарадскіх пабудоваў, якія Л.П. Вітгенштэйн саступаў казне без платы [24] (табл. 1).
Паводле журналаў Камітэта Міністраў ад 19, 26.11., 10.12.1846 г. па ацэнцы 1844 г. штогодны даход Слуцка з ваколіцамі складаў 21437 руб., Камісія налічыла 18795,62 руб., а Ф.Я. Міркавіч вызначыў чысты прыбытак у 20090,28 руб. (334838 руб. капітальнай сумы) [26].
Адначасова з ацэнкай даходу Камісія апісала горад. У 1846 г. у Слуцку было ўлічана 7151 жыхароў (3634 мужчын i 3517 жанчын, 2913 хрысціян і 4238 яўрэяў). Сярод 3634 душ мужчын было 3107 мяшчан, 247 ніжніх вайсковых чыноў, 83 дваран, 74 сялян і разначынцаў, 70 купцоў, 53 прадстаўнікоў духавенства. У 269 дварах 6 выбранецкіх вёсак налічвалася 863 рэвізскіх душ мужчынскага полу. У горадзе было 2 плошчы, 28 вуліц, 848 дамоў (17 каменных і 831 драўляны), у тым ліку 5 казённых (2 каменныя i 3 драўляныя), 11 царкоўных (каменны і 10 драўляных), 21 грамадскіх (2 каменныя і 19 драўляных), 811 прыватных (12 каменных і 799 драўляных), 14 цэркваў (10 праваслаўных, 2 рымска-каталіцкія, 2 лютэранскія), 11 сінагог, гімназія, пансіён для дзяўчынак, 99 крам, тракцір, кандытарская, 25 пастаялых двароў, 2 ренсковых склепа. Купцы 1-й гільдыі абвясцілі капіталаў на 15000 руб., 2-й гільдыі – нa 6000 руб., 3-й гільдыі – на 33600 руб. [27].
Спачатку Л.П. Вітгенштэйн не пагаджаўся на саступку сумы з атрымоўваемых ім гарадскіх збораў, прымаючы за аснову штогодны акцызны гарадскі казённы даход у 4575 руб. Па асобным кантракце, заключаным з купцом I. М. Маянсам, за гэта выходзіла 76230 руб. капіталу з улікам 6 % гадавых. Камісія ацаніла даход з гарадскіх пляцоў, за выключэннем пакінутых у валоданні ўласніка, у 2337,5 руб. (38958,33 руб. капітальнай сумы). Аднак з гэтай крыніцы даходу Камісія выключыла 177,5 руб. на штогоднае ўтрыманне гарадскога кіравання (пад 6 % гадавых 2958,33 руб. капіталу), хоць у запісцы да міністра ўнутраных спраў Л.П. Вітгенштэйн і даказваў, што не патрэбна выключаць гэтай сумы з яго даходу і з ацэначнага кошту, аднак у цэлым пагадзіўся яе адлічыць з агульнага выніка даходаў. Кошт выбранецкіх зямель памяншаўся напалову сапраўднай іх вартасці (з 30 да 15 руб. за валоку, з 6 % гадавых – 34250 руб. капіталу) з умовай, што казна прыме на сябе спагнанне нядоімак чыншу з выбранцаў і ўзнагародзіць Л.П. Вітгенштэйна сумай пры плацяжы вартасці за землі. За лес Камісія раіла заплаціць па 90 руб. за валоку (каля 4,5 руб., за дзесяціну) (у той час як нармальны кошт самай дрэннай зямлі складаў 7,5 руб. за дзесяціну). Такім чынам, Л.П. Вітгеиштэйн па новым кантракце павінен быў атрымліваць штогод 24044,3 руб. даходу (пад 6 % гадавых 400738,33 руб. ацэначнай сумы): 15 тыс. руб. прапінацыйнага даходу, 4575 руб. па асобным кантракце з іншых гарадскіх збораў, 2160 руб. даходу з гарадскіх пляцоў (прызналі і ацэначная камісія, і губернатар, з выняткам 177,5 руб. на ўтрыманне гарадскога кіравання), 2055,5 руб. палавіннага даходу з выбранецкіх зямель, 253,8 руб. (4230 руб. капіталу) за лясны ўчастак [28].
У запісцы аб набыцці казной Слуцка з ваколіцамі Л.П. Вітгенштейн занатаваў цяжкасці кіравання павятовым горадам у вотчынным уладанні і яшчэ большыя складанасці, звязаныя з перасяленіем выбранцаў з яго ўладання. Ацаніўшы штогодны чысты прыбытак у 24044,3 руб. і палічыўшы ад яго 6 % ад вартасці, ён прасіў за Слуцк з навакольнымі выбранецкімі вёскамі 400738,33 руб. сер. капіталу ў якасці 37-гадовай пазыкі з крэдытнай установы з далейшым яе штогадовым пагашэннем за кошт даходаў маёнтка [29]. Гэтая сума была вылічана пад уплывам Камісіі, прызначанай з боку ўрада, паводле падліку гадавога даходу з горада і навакольных зямель. З дадаткам жа 17 тыс. руб. узнагароды за страты ўладальніка (10 тыс. сапраўднага даходу з выбранецкіх зямель, пакінутых на ўласніцкіх землях, ад змены льготнага тэрміну да моманту пакупкі ў казну, 2 тыс. руб. накопленай нядоімкі чыншу ці аброчнага збору выбранцаў за ранейшыя 5 ільготных гадоў, 5 тыс. руб. пасля правядзення 2-вёрстнай дыстанцыі пасля пакупкі ropaда і стратаў 300 руб. даходу ад 2 корчмаў, якія адыходзілі ў адкупную казённую дыстанцыю), уся пазначная магнатам сума павялічвалася да 417738,33 руб., за якую ён, згодна з лістом ад 10.10.1843 г., пагадзіўся прадаваць выбранецкія землі разам з Слуцкам і яго ваколіцамі [30]. У запісцы ад 10.12.1843 г. упаўнаважаны па справах Л.П. Вітгенштэйна I. Шукевіч зазначыў, што Слуцк ацэнены ў 288177,5 руб., выбранецкая зямля ў 39514,5 руб. ці 31810,7 руб., фальварак Горкі – у 26493,95 руб. ці 27711,77 руб., разам у 354185,95 р. ці 347699,97 руб. [31].
Падчас наведвання Л.П. Вітгенштэйнам у 1845 г. Пецярбурга ўрад прапанаваў яму саступіць землі казне, паколькі дзяржаве было больш выгадна набыць Слуцк з ваколіцамі ў асноўным складзе без драблення. Саступкі Л.П. Вітгениітэйна казне, без уліку кошту выбранецкіх зямель і ўтрымання дзейнасці Камісіі, заключался ў наступным: палова кошту выбранецкіх зямель, з нізкай ацэнкай лесу, 177,5 руб. на ўтрыманне гарадскога ўпраўлення, даходу ад лоўлі рыбы на Случы, узяцце на сябе значных выдаткаў ад перанясення піўнога завода ў горад, ахвяра ад непазбежных і значна павялічаных у далейшым піцейных і іншых гарадскіх даходаў, няўлік збораў з 18 пляцоў, якія Камісія прапанавала скасаваць. Апроч таго, Л.П. Вітгенштэйн саступіў бясплатна фальварак Сіёлка з угоддзямі (па ацэнцы 4965,16 руб.). Хоць Л.П. Вітгенштэйн і быў упэўнены, што адхіленыя віленскім ваенным губернатарам гарадскія зборы, існаваўшыя з 1769 г. і зацверджаныя paшэннем былой радзівілаўскай камісіі ад 18.07.1818 г., не могуць быць знішчаны ці заменены іншымі, аднак пагадзіўся на вызначаную Ф.Я. Міркавічам выкупную суму. Пры разглядзе справы аб выкупе Слуцка ў Камітэце Міністраў міністр унутраных спраў прапанаваў Л.П. Вітгенштэйну саступіць казне ўсе землі і ўгоддзі, выключаныя ім ад продажу да 123 дзесяцін сенажацяў, якія знаходзіліся ў часовым валоданні выбранцаў, на што князь пагадзіўся ў сталіцы Расійскай імперыі. Князь Л.П. Вітгенштэйн прапанаваў ураду купіць у яго Слуцк з выбранецкімі вёскамі з выплатай налічанай на іх нядоімцы да 12900 руб. [32]. Аднак прапанова Л.П. Вітгенштэйна, адобраная міністрам унутраных спраў, выклікала пярэчанні віленскага ваеннага губернатара Ф.Я. Міркавіча ў адносінах некаторых галін гарадскога акцызнага збору.
Віленскі ваенны губернатар, даручыўшы ацэнку горада і навакольных зямель разгляду асобнай Камісіі, лічыў, што некаторыя галіны гарадскіх збораў неабходна паменшыць на 3475 руб., паколькі яны супярэчылі агульнаму гарадскому палажэнню і не маглі быць прынятыя да разгляду адміністрацыйным парадкам. Ф.Я. Міркавіч адзначыў, што вольныя людзі пры найме прыватных зямель звычайна плацілі па 30, 20 і не менш чым па 15 руб. з валокі зямлі, а пры люстрацыі казённых маёнткаў даход з сядзібнай, ворнай і сенакоснай зямлі складаў у сярэднім па 1,5 руб. з дзесяціны ці да 30 руб. з валокі. Тады 180 выбранецкіх валок ці 3576 дзесяцін каштуюць 34258,33 руб., лясны участак 47 валок ці да 930 дзесяцін па заключэнні ацэначнай камісіі – 4230 руб., разам 38488,33 руб., якія Л.П. Вітгенштэйн саступаў. Чынш з пляцоў і дамоў Слуцка складаў 2404,93 руб. (чысты даход 2337,5 руб. пасля выключэння 67,4 руб. за пляцы). Выдаткі на ўтрыманне гарадскога кіравання і пажарнай каманды даходзілі да 355 руб., палова з якіх (177,5 руб.) прыпадала на Л.П. Вітгенштэйна. Ацэначная Камісія вызначыла даход уласніка Слуцка ў 21735 руб.: і зямель слуцкіх выбранцаў – у 1298,09 руб. (з разліку 7,2 руб. к валокі), з 47 валок лесу – 4230 руб. (па 90 руб. за лясную валоку). Ацэначная Камісія выключыла 4575 руб. гарадскіх збораў, прапанаваных у 1840 г. да знішчэння, на што не пагаджаўся Л.П. Вітгенштэйн. З гарадскіх збораў віленскі ваенны губернатар залічыў у крыніцу даходу толькі вагавы і за ўвоз замежных напояў (1100 руб.). Неаспрэчны чысты штогодны даход складаў 21437,5 руб., а горад з ваколіцамі ці выбранецкімі вёскамі неабходна купіць за 342821,66 руб. (ацэнка 1844 г. пад наглядам Ф.Я. Міркавіча), паколькі казна была ў стане пагасіць пазыку на працягу 37 гадоў шляхам штогоднай выплаты на 6 % з даходаў Слуцка [33].
Такім чынам, Л.П. Вітгенштэйн і Ф.Я. Міркавіч па-рознаму ацэньвалі даходы Слуцка і адпаведны памер выкупной сумы: па вылічэннях Л.П. Вітгенштэйна даход горада складаў 400738,33 руб. сер., Ф.Я. Міркавіча – 342821,66 руб. сер. (табл. 2). Розніца заключалася ў вылічэнні гадавога даходу акцизных гарадскіх збораў, здаўна зацверджаных у адпаведнасці з добраахвотнымі пагадненнямі свабодных пасяленцаў горада.
З прыведзенага вышэй вынікае, што найболыныя непаразуменні былі наконт сумы гарадскіх збораў. Па заключаным 20.09.1844 г. кантракце прапінацыйныя даходы Слуцка паступілі ў 3-гадовае арэнднае ўтрыманне слуцкаму купцу Ёселю Міровічу Маянсу, як і іншыя крыніцы штогодных даходаў гарадскіх збораў у адпаведнасці з т. зв. інструктарямі 1769 і 1818–1819 гг.: сосавы (каля 550 руб.), за ўвоз замежных напояў і мёду (400 руб.), брукавы (300 руб.), брамны (1000 руб.), гандлёвы (1115 руб.), плячковы ад забою жывёлы (300 руб.), вагавы (700 руб.), маставы (100 руб.), ад конных млыноў і дзягцярнага шынка (за дзёгаць) (110 руб.), агулам 4575 руб. За тры гады (з 14.05.1845 да 14.05.1848 г.) купец Ё.М. Маянс абавязаўся за збор даходаў адлічваць у касу пры слуцкай адміністрацыі ці ў Галоўнае ўпраўленне радзівілаўскіх маёнткаў штогод 4575 руб., ці штомесячна роўнымі часткамі па 381,25 руб. з закладам над квітанцыю касіра 500 руб., якая да сканчэння тэрміну кантракта была ў касе князя і з якой кожны год выплачвалі па 6 % ці залічвалі за арэндныя выплаты [35].
Свае думкі і заўвагі аб набыцці Слуцка з ваколіцамі ў 1846 г. далі вышэйшыя ўрадавыя чыноўнікі. Так, міністр унутраных спpaў Л.А. Пяроўскі меркаваў, што для перасялення выбранцаў патрэбную суму магчыма зручна выплаціць, як лічыў віленскі ваенны губернатар Ф.Я. Міркавіч, шляхам вылічаных Камісіяй даходаў з горада. Жаданне аб падобных выплатаx абвяшчаў і сам Л.П. Вітгенштэйн пры ўмове, што зборы па Слуцку будуць зданы яму на водкуп. Аднак неабходная і карысная пакупка горада ў казну не магла неадкладна адбыцца за кошт пазыкі грошай з капіталаў прыказаў грамадскай апекі з прычыны ўзмоцненай выдачы пазыкаў з іх у некаторыя губерні, якія пацярпелі ад хлебных неўраджаяў. Грошы на пакупку горада можна было ўзяць па білетах з Дзяржаўнага Пазыковага банка. Л.П. Вітгенштэйн жадаў атрымаць толькі 1/3 частку сумы, а астатнія 2/3 прасіў растэрмінаваць на 2 гады з платай яму па 4 % штогод. Калі ацэньваць гарадскія даходы ў 18437,5 руб., а кошт выбранецкіх зямель лічыць у суме каля 3 тыс. руб., то ўся даўгавая сума да выдачы будзе ў памеры 342821 руб., якую меркавалася пазычыць на 37-гадовых правілах: 304333 руб. з сум Мінскага прыказа грамадскай апекі на кошт горада і 38488 руб. з Дзяржаўнага Пазыковага банка на кошт выбранцаў. Такім чынам, Слуцк з гарадскімі землямі, выбранецкімі і іншымі ўгоддзямі, за выключэннем пакінутых уладальнікам за сабою па агульным гарадскім палажэнні з плацяжом чыншу з пляцавай зямлі і фальварка Сіёлка, неабходна набыць за 342821 руб. сер. шляхам пазыкі грошай з Дзяржаўнага Пазыковага банка на 37-гадовых правілах ці з іншай крэдытнай установы (спачатку выдаць 1/3, а праз 2 гады – 2/3 сумы) з наступным яе пагашэннем па распараджэнні Міністэрстваў унутраных спраў і дзяржмаёмасцей з даходаў Слуцка і зямель выбранцаў. Розныя зборы ў Слуцку, якія не былі ўключаны ацэначнай Камісіяй у разлік за належную суму да выплаты Л.П. Вітгенштэйну, да моманту пошуку іншых крыніц гарадскіх даходаў для іх узмацнення, неабходна было пакінуць у сваей моцы. Міністр дзяржаўных маёмасцей П.Д. Кісялёў раіў купіць выбранецкія землі за 38488 руб. і кампенсаваць недаплату па 7,2 руб. за валоку шляхам спагнання сумы з выбранцаў. Міністр фінансаў статс-сакратар Ф.П. Урончанка, шкадуючы, што слуцкія прыходскія праваслаўныя цэрквы пазбавяцца вернікаў, прапанаваў Л.П. Вітгенштэйну прадаць у казну землі выбранцаў павераны якога вызначаў іх кошт па табелі 1819 г. не менш чым у 84892 руб. Князь быў гатовы іх прадаць, але толькі ca Слуцкам. Сума чыстага даходу 21437,5 руб., на яго думку, была дастатковая, каб даць Л.П. Вітгенштэйну 417738,33 руб. (штогод неабходна было б выплочваць 25063 руб.) [36].
Апісанне і ацэнка Слуцка Камісіі 1846 г. паступілі на разгляд мінскага грамадзянскага губернатара, віленскага ваеннага губернатара, пасля – у Міністэрства ўнутраных спраў i Kaмітэт міністраў. У адпаведнасці з зацверджаным імператарам 10.12.1846 г. палажэннем Камітэта міністраў, выкуплены з прыватнага ўладання Л.П. Вітгенштэйна за 342821 руб. сер. Слуцк з 6 выбранецкімі вёскамі паступіў у казённае ведамства [37]. У адпаведнасці з прапановай віленскага ваеннага губернатара ад 8.02.1847 г. князю Л.П. Вітгенштэйну залічвалася 342821 руб. з Дзяржаўнага Пазыковага банка на 37-гадовых правілах без плацяжу прэміі з пералічэннем з гэтай сумы 34388 руб. доўгам на Міністэрства дзяржмаёмасцей, а 304333 руб. – на Мінскі прыказ грамадскай апекі з наступным зваротам сумы з даходаў горада, якую загадвалася адсылаць у Мінскі прыказ грамадскай апекі на выплату доўгу. У красавіку 1847 г. Слуцк быў перададзены дзяржаўным уладам.
Мінская палата грамадзянскага суда 27.08.1847 г. ажыццявіла купчую крэпасць, па якой Слуцк, уведзены ў валоданне Л.П. Вітгенштэйну па ўводным лісце ад 11.08.1839 г., разам з выбранецкімі землямі перайшоў ва ўласнасць казны. Пры пакупцы Слуцка ў купчую крэпасць былі ўключаны ўсе землі: пляцавыя, агародныя, ворныя, сенажаці, пашавыя, зарослыя мызняком, пад вадой, усе вуліцы і дарогі. Паводле купчай крэпасці Л.П. Вітгенштэйн саступіў дзяржаве бязвыплатна ўсе спрэчныя пляцы і землі горада і ваколіц. Па распараджэнні мясцовага начальства былі прызначаны да паступления ў казённую ўласнасць не толькі жыхары гарадскія і на фарштатах, якія не ўвайшлі у прадажную ацэнку, але нават і 26 душ абодвух палоў уласных сялян магната, паселеных на фальварке Сіёлка, які складаў фарштат Слуцка [38].
Такім чынам, Слуцк меў статус павятовага цэнтра, але лічыўся прыватнай уласнасцю ўладальніка. Горад як адно з нешматлікіх вольных радзівілаўскіх уладанняў паступіў у іпатэчнае забеспячэнне пераведзеных на дзяржаву даўгоў роду. Працэс выкупу і набыцця ўрадам павятовага прыватнаўласніцкага города Слуцка расцягнуўся больш чым на 50 гадоў. Перамовы і працяглая перапіска аб пакупцы горада аднаўляліся ў 1800, 1806, 1813, 1821, 1828, 1830, 1834, 1843–1847 гг. Неабходнасць высялення выбранцаў, якія пражывалі ў навакольных ад горада вёсках, з"явілася каталізатарам і адным з рашаючых фактараў, які паскорыў выкуп Слуцка дзяржавай.
Аляксандр ЕРАШЭВІЧ,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта
Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, Слуцкі край і Эдвард Вайніловіч», Минск, 2018
1. Грыцкевіч А.П. Гісторыя куплі Слуцка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусь 1975. № 4. С. 42–43; Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Минск, 1985. С. 33–35.
2. О разных распоряжениях касательно устройства Минской губернии: именной указ 3.05.1795 г., данный правящему должность генерал-губернатора минского, изяславского и брацлавского, генерал-поручику Тутолмину // ПСЗ-1. Т. 23. № 17327. С. 694.
3. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГАБ). Ф. 694. Воп. 7. Спр. 523. Арк. 103 адв., 104,104 адв.
4. НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 123. Арк. 23.
5. НГАБ. Арк. 20, 23, 23 адв.
6. НГАБ. Ф. 694. Воп. 7. Спр. 523. Арк. 14.
7. НГАБ. Арк. 35.
8. НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 123. Арк. 23 адв. – 24,191,191 адв., 201 адв., 202–202 адв.
9. Грыцкевіч А.П. Гісторыя куплі Слуцка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусь 1975. № 4. С. 42.
10. НГАБ. Ф. 146. Воп. 3. Спр. 22. Арк. 3707.
11. Грицкевич А.П. Древний город на Случи. Минск, 1985. С. 33–34.
12. НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 168. Арк. 2,2 адв. – З адв., 5,5 адв.-б адв., 131 адв.
13. НГАБ. Арк. 45,47, 54–57, 57 адв. – 58, 99 адв. – 100 адв., 126 адв., 130.
14. НГАБ. Ф. 694. Вон. 3. Спр. 554. Арк. 42,116 адв., 118., Спр. 4069. Арк. 63.
15. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4069. Арк. 64, 64 адв., 101 адв., 102–102 адв., 183–183 адв.
16. НГАБ. Спр. 4056. Арк. 302,303 адв.
17. НГАБ. Спр. 4069. Арк. 135 адв.
18. Гл.: Дела Слуцкой комиссии для разбора взаимных прав и обязанностей жителей Слуцка с вотчинными владельцами князьями Радзивиллами. НГАБ. Ф. 146. Оп. 3. Д. 18–34. Ч. 1–17.
19. НГАБ. Ф. 694. Вон. 3. Спр. 554. Арк. 118 адв.
20. НГАБ. Ф. 146. Воп. 3. Спр. 22. Арк. 3698, 3698 адв. – 3699, 3699 адв. Спр. 27. Арк. 6625 адв. – 6626, 6626 адв., 6627.
21. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4069. Арк. 9, 9 адв., 10,11, 228.
22. НГАБ. Арк. 65–65 адв., 66–67,173–173 адв., 228.
23. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4069. Арк. 214, 214 адв. – 216 адв., 217, 219 адв., 225, 234.
24. НГАБ. Арк. 229, 229 адв., 230, 230–231 адв. Падрабязны роспіс даходаў і выдаткаў Слуцка гл.: НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 554. Арк. 177–191.
25. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 554. Арк. 191,192 адв.
26. НГАБ. Арк. 247.
27. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 554. Арк. 174 адв. – 175 адв. Спр. 4069. Арк. 228-228 адв.
29. НГАБ. Спр. 4069. Арк. 123,123 адв., 124,124 адв., 125.
30. НГАБ. Арк. 101 адв.
31. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 554. Арк. 84–84 адв., 125 адв. – 126. Спр. 4069. Арк. 103 адв. – 104,125 адв., 176–176 адв.
32. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 554. Арк. 34.
33. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4069. Арк. 67 адв., 68,69–69 адв., 72 адв., 74–74 адв., 83, 86,126.
34. НГАБ. Арк. 71 адв., 72, 73 адв. – 74, 116, 166 адв., 167, 168, 174, 174 адв., 174 адв. – 175,177,180.
35. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 554. Арк. 1–2. Спр. 4069. Арк. 104, 178 адв179.
36. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4069. Арк. 159, 159 адв., 160, 174. Воп. 7. Спр. 839. Арк. 25, 27.
37. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 554. Арк. 112 адв. – 113 адв., 227, 249 адв» 250 адв. Спр. 4069. Арк. 61 адв., 62, 62 адв., 165, 172, 180 адв. – 181, 182–182 адв., 183 адв., 185 адв., 186.
38. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4069. Арк. 83 адв., 277 адв.; Варадинов Н. История Министерства внутренних дел. СПб., 1862. Ч. 3. Кн. 3. С. 379.
39. НГАБ. Ф. 694. Воп. 3. Спр. 4069. Арк. 11 адв., 12, 27, 83 адв. – 84. Воп. 7. Спр. 839. Арк. 1.