Літаратурная гісторыя Случчыны

Літаратурная гісторыя Случчыны

Сёлета ў пачатку красавіка менскае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Колорград” выпусціла ў свет тыражом 50 экзэмпляраў (255 старонак тэксту і 12 старонак фотаілюстрацый) кнігу жыхара горада Слуцка Анатоля Жука “Слуцкая літаратурная даўніна”.

Выданне прысвечана слуцкім літаратарам XV–XIX стагоддзяў (хто нарадзіўся не пазней за 1900 год). Аўтар звярнуў увагу не толькі на ўраджэнцаў Случчыны, але і на тых пісьменнікаў, якія некаторы час жылі (вучыліся ці працавалі) у нашым краі, і хто ў сваёй творчасці не абыходзіў увагай Случчыну і случакоў. У выніку атрымаўся цікавы даведнік пра жыццё і творчасць амаль дзевяці дзясяткаў тагачасных літаратараў.

Так склалася, што большасць ураджэнцаў Случчыны жылі і займаліся літаратурнай творчасцю за межамі Беларусі: у Злучаных Штатах Амерыкі, Ізраілі, Польшчы, Расіі. Таму на радзіме пра іх мала што вядома. А між тым Яакаў Кахан і Іцхак Доў Бярковіч, напрыклад, сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Ізраіля ў галіне літаратуры, прытым Бярковіч – двойчы. А ці многія ведаюць пра тое, як сябравалі і дапамагалі адзін аднаму случак Браніслаў Залескі і ўкраінец Тарас Шаўчэнка? Яшчэ аднаго случака, Аўрома Эпштэйна, сучаснікі называлі “одним из тех, кто формировал облик современной еврейской литературы”.

Нямала цікавых фактаў аўтар прыводзіць пра тых літаратараў, хто часова знаходзіўся на Случчыне. Напрыклад, ці ведаеце, што выдатны дзеяч беларускага Адраджэння Мацей Стрыйкоўскі, па ўласным прызнанні, у Слуцку працаваў “як раб у егіпецкіх каменяломнях”? А рускі публіцыст і царкоўны дзеяч Арцемій, які вёў палеміку з Сымонам Будным, з чатырнаццаці сваіх пасланняў, накіраваных супраць рэфармацыйнага руху ў Вялікім Княстве Літоўскім, дзевяць напісаў менавіта ў Слуцку.
 

Слуцк займае адметнае месца ў мемуарах Фёдара Еўлашоўскага, Яна Цадроўскага, Фадзея Булгарына, Эдварда Вайніловіча. Слуцкім князям Алелькавічам прысвячалі свае творы Саламон Рысінскі, Даніэл Набароўскі, Крыштаф Зяновіч, Станіслаў Кулакоўскі, Юзаф Крашэўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Жазэфіна Асіпоўская.

Пра гэта і многае іншае можна даведацца з кнігі “Слуцкая літаратурная даўніна”. “Сведчаць сучаснікі”, “Першыя літаратары з гімназістаў”, “Ад Замосця да Варшавы”, “Брат і сястра – пісьменнікі” – назвы толькі некаторых яе раздзелаў. Дадатковую значнасць кнізе дадае ўнушальны (87 пазіцый!) спіс выкарыстаных аўтарам крыніц не толькі на беларускай, але і на рускай, польскай, англійскай мовах.
 

Дзве самыя старадаўнія з іх адносяцца да 1772 і 1781 гадоў выдання. Менавіта ў кнізе 1781 года можна прачытаць уласнаручныя запісы пра Слуцк іераманаха Дзімітрыя (сапраўдныя імя і прозвішча Даніла Савіч Туптала), які з часам стаў вядомым пісьменнікам і праваслаўным царкоўным дзеячам, мітрапалітам Растоўскім. У памяці случакоў засталіся не толькі пропаведзі іераманаха Дзімітрыя, але і тое, што на пагосце слуцкага Свята-Троіцкага манастыра ён уласнаручна выкапаў калодзеж, сам зрабіў для яго зруб і на верхняй дошцы выразаў:
Пошто намъ въ Самарію  за водой ходити,
Егда и зде, въ Случеске, лепо её пити?

Такімі словамі іераманах Дзімітрый выказаў згоду з імкненнем епіскапа Феадосія Васілевіча (архімандрыт слуцкага Свята-Троіцкага манастыра) і яго аднадумцаў з ліку праваслаўных вернікаў зрабіць беларускую царкву незалежнай ад Масквы і Кіева.

Анатоль Жук самакрытычна заўважае: пра некага з літаратараў, што мелі адносіны да Случчыны, удалося знайсці больш звестак, пра кагосьці – не вельмі шмат, таму расказ пра іх атрымаўся кароткім. Яно так, але змест кнігі “Слуцкая літаратурная даўніна” дае спадзяванне, што яе з карысцю могуць выкарыстаць настаўнікі літаратуры, гісторыі, вучні і студэнты, работнікі ўстаноў культуры.

Набыць кнігу Анатоля Жука “Слуцкая літаратурная даўніна” можна ў менскім магазіне “Акадэмкніга” (праспект Незалежнасці, 72), а даведацца пра яе наяўнасць у продажы – па тэлефонах: 375 (17) 379-46-52; 375 (17) 379-50-43.

аўтар артыкула: Мікола Курыльчык, жыхар г. Слуцка

 

Самарыя – старадаўні горад у Палесціне, сталіца Ізраільскага царства, куды вернікі хадзілі па святую ваду (і – не памылка, а тагачаснае напісанне).