Мікола Жук: «Вайна мае трывожыць сны»

Мікола Жук: «Вайна мае трывожыць сны»

Мікалая Андрэевіча Жука ведаюць на Случчыне і Любаншчыне як земляка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ветэрана педагагічнай працы, паэта, аўтара шматлікіх публікацый у перыядычным друку і кніг паэзіі «Ля падножжа маіх святынь» (Горкі, 1995), «Запаветнае» (Любань, 2014). Гэтыя словы я прачытаў у анатацыі да трэцяй паэтычнай кнігі Міколы Жука (1914–1995), якая нядаўна выйшла з друку.

З яе назвы – «Водгулле вялікай вайны» – відаць, што змешчаныя ў ёй 125 вершаў і сем паэм прысвечаны падзеям крывавай і ахвярнай Вялікай Айчыннай вайны, захаванню памяці пра народнае змаганне з германскімі нацыстамі і іх акупацыйным рэжымам на тэрыторыі Беларусі, бо, па словах аўтара («Памяць»):

Кулямётныя чэргі і сёння гучаць,
У мяне забіраюць спакой.
Гэта памяць мая ўсё не хоча маўчаць,
Быццам крочу я й сёння ў бой.

Вайна, гібель братоў, таварышаў па партызанскім змаганні з ворагам, народная трагедыя настолькі балюча прайшлі праз сэрца Міколы Жука, што ваенная тэма стала адной з асноўных у яго творчасці. «Трывожных водбліскаў вайны мне не забыць да самай смерці», «У кожным вершы ўсё пра вас, дарагія сябры, партызаны», «Запомню гэты бой да скону», «Партызанскія дні і ночы, я дасюль вас забыць не магу», – пісаў ён і праз паўстагоддзя пасля ваеннага ліхалецця.

Акупацыя роднага краю германскімі захопнікамі ў 1941 годзе не пахіснула ў настаўніка-патрыёта веры ў перамогу савецкага народа:

Я таму й не панік галавою,
У сваім доме – я вольны, не раб.
Дзень і ноч рыхтаваўся я к бою,
Дзень і ноч к бою сілы збіраў.

Па старонках «Водгулля вялікай вайны» можна прасачыць факты ваеннай біяграфіі Мікалая Андрэевіча, якая пачалася з таго, што ён выконваў абавязкі партызанскага сувязнога. Калі ж заставацца ў вёсцы стала небяспечна, ён з жонкай і маленькай дачушкай пераправіліся ў партызанскі атрад, пра што пазней напісаў у паэме «Наша хатка»:

На наш пераход у атрад далі згоду,
Да нашае хаткі прыгналі падводу.
Дачку мы захуталі ў лахманы,
Адну з многіх мучаніц страшнай вайны.

І ў час зрабілі гэта, бо праз некалькі гадзін на вёску Мерашыно наляцелі гітлераўцы і паліцаі і спалілі хату. На Любаншчыне ў атрадзе імя Р.І. Катоўскага партызанскай брыгады 64-й імя В.П. Чкалава са зброяй у руках Мікалай Андрэевіч змагаўся супраць захопнікаў. А ў перапынках паміж баямі і паходамі рука цягнулася да алоўка, каб запісаць радкі, што ішлі ад самага сэрца. Вось назвы некалькіх вершаў, якія расказваюць пра эпізоды партызанскай барацьбы: «Ранены баец», «Адступленне», «На пасту», «На заданне», «У блакаду», «Над магілаю партызана». Пад многімі творамі таго часу ёсць паметкі: партызанскі атрад імя Катоўскага; блакіраваная зона, Салавуцк; Куценка; партызанская зона, Азярное. Ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За баявыя заслугі», «Партызану Айчыннай вайны» і іншымі ўзнагародамі адзначаны ўклад М.А. Жука ў барацьбу за свабоду і незалежнасць Радзімы. Ён меў поўнае права сказаць («Вернасць»):

Я ўсё зрабіў, што толькі мог,
Святое клятвы не парушыў.
А водбліск даўніх тых дарог
Мне й сёння азарае душу.

І ў той жа час –

Вайна мае трывожыць сны.
Сябры загінуўшыя сняцца.
Здаецца, шэпчуць штось яны
І сіляцца з зямлі падняцца.

Кніга «Водгулле вялікай вайны» праілюстравана трыма дзясяткамі фотаздымкаў, на якіх Мікалай Андрэевіч Жук – з роднымі людзьмі, калегамі-настаўнікамі Старцавіцкай (цяпер вёска Знамя) і Урэцкай №1 сярэдніх школ, на афіцыйных мерапрыемствах і ў сваім садзе радуецца дарам восені, «пасля вяртання з лесу любуецца прыгажунамі-баравікамі».

Укладанне паэтычнага зборніка «Водгулле вялікай вайны», грунтоўную прадмову да яго з расказам пра жыццё і творчасць Мікалая Андрэевіча Жука зрабіла яго дачка – доктар філалагічных навук прафесар Таццяна Дасаева. Яна выказвае «шчырую ўдзячнасць паважанаму земляку Бойка Уладзіміру Уладзіміравічу, пры непасрэдным садзейнічанні і матэрыяльнай падтрымцы якога да 110-годдзя з дня нараджэння Міколы Жука пабачыла свет кніга яго паэзіі «Водгулле вялікай вайны» і ўстаноўлена інфармацыйная мемарыяльная дошка ў гонар паэта, настаўніка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны на доме, дзе ён жыў з сям'ёй з 1959 па 1995 год у вёсцы Мерашыно».

аўтар артыкула: Анатоль Жук