Персіярню бачылі? А беларускі Луўр?

Персіярню бачылі? А беларускі Луўр?

12.12.2019

Не ведаеце, якая адлегласць паміж гэтымі аб’ектамі? На самай справе падлічыць не вельмі складана, калі ведаць, дзе знаходзіцца (ці знаходзілася) персіярня і дзе – беларускі Луўр. Здагадаліся?

Зрабіць такое падарожжа запрашае Кацярына Мяшкова, аўтар кнігі «Ад Персіярні да беларускага Луўра», нядаўна выдадзенай пад эгідай касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску. Кніга расказвае пра паездку групы мінчан у гарады Слуцк і Старыя Дарогі для азнаямлення з тамтэйшымі цікавосткамі. А ролю экскурсавода выканаў ураджэнец Слуцка, паэт, публіцыст, краязнавец Яўген Гучок. Па словах аўтара, «аб падарожжы з такім унікальным гідам, патрыётам роднай зямлі, чалавекам з энцыклапедычнымі ведамі, шырокім кругаглядам і прыгожай душой можна было толькі марыць».

«Пасля ўезду ў Слуцк, – піша Кацярына Мяшкова, – мы спачатку накіраваліся на старыя могілкі канца XVIII–ХІХ стагоддзяў, дзе раней адна частка была лютэранскай, другая – кальвінісцкай… На каталіцкай палове, дзе калісьці было шмат прыгожых помнікаў, якія бясследна зніклі, пакланіліся магіле Альгерда Абуховіча-Бандынелі, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры і нашчадка старажытнага роду… Па дарозе Я. Гучок паказаў дом свайго сябра Рыгора Віктаравіча Родчанкі, беларускага (слуцкага) краязнаўца, фалькларыста, літаратуразнаўца і паэта, які адшукаў магілу Абуховіча».

Экскурсанты пабылі на вуліцы Камсамольскай (ранейшая Шырокая, Сенатарская, дзе некалі знаходзіліся фабрыка шаўковых паясоў – персіярня і дом Эдварда Вайніловіча, у якім у 1920 годзе праходзіў Беларускі з'езд Случчыны), у музеі гісторыі слуцкіх паясоў, каля помнікаў Сафіі Слуцкай і Анастасіі Слуцкай, у Свята-Міхайлаўскім саборы… «Мы пабачылі, дзе быў будынак дваранскага сходу, пастаялы двор, гандлёвая вучэльня… а таксама адзіны захаваны корпус Свята-Троіцкага манастыра. Такі мізэр ад такой святыні!» – усхвалявана піша К. Мяшкова.

Госці з Мінска ўбачылі гэтыя і некаторыя іншыя месцы і аб'екты горада і атрымалі ад свайго гіда цікавую інфармацыю не толькі пра іх, але і ў цэлым пра гісторыю Слуцка. Імёны князёў Алелькавічаў, Радзівілаў, Яна Маджарскага, Язэпа Дылы, Альгерда Абуховіча, Вітольда Цэраскага, Рыгора Родчанкі, шэрагу іншых асоб, якія непарыўна звязаны са слуцкай мінуўшчынай, засталіся на старонках кнігі К. Мяшковай. Яна ўзгадала і некалькі вершаў Яўгена Гучка, з якімі ён пазнаёміў удзельнікаў паездкі. Напрыклад:

 

Прысутнасць Рыма і Парыжа
Заўсёды ў Слуцку адчуваю
Я на магіле Абуховіча.

 

А калі мець на ўвазе, што ў Слуцку захавалася вельмі мала архітэктурных помнікаў мінулага, то такія радкі Яўгена Гучка выдатна паслужылі б эпіграфам да кнігі «Ад Персіярні да беларускага Луўра»:

 

Трэба помніць, што родны край
Адпрадвеку мяжуе з Богам;
Дык у сэрцы тваім няхай
Патрыёта жыве трывога!


 

Сярод мінскіх экскурсантаў знаходзілася мастак-мадэльер, гісторык моды, сябра Беларускага саюза дызайнераў, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Галіна Якаўлеўна Мяшкова. Са Слуцкам яна сустракалася не ўпершыню. Раней яна двойчы прыязджала на фабрыку мастацкіх вырабаў у якасці сябра экспертнага савета гандлёва-вытворчага аб'яднання «Белмастацпромыслы» і сябра журы рэспубліканскага конкурсу на лепшую ткачыху. На яе думку, слуцкія паясы – гэта гонар беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Развітваючыся са Случчынай, Г.Я. Мяшкова не ўстрымалася і прачулена сказала, што «пасля кожнай сустрэчы са Слуцкам у сэрцы застаецца пачуццё цеплыні і любові да гэтага ўнікальнага беларускага горада».

У Слуцку час праляцеў вельмі хутка, як прызналіся экскурсанты, а наперадзе іх чакалі Старыя Дарогі і знаёмства з экспазіцыяй мастацкага музея, які стварыў на сваёй сядзібе грамадска-культурны дзеяч, навуковец, калекцыянер Анатоль Яўхімавіч Белы (1939–2011). Сустракала іх музыкант і філосаф, жонка і паплечніца Анатоля Белага – Ала Мікалаеўна.

З тэксту Кацярыны Мяшковай чытач кнігі мае магчымасць уявіць, што з сябе прадстаўляе музей, які па маштабнасці і значнасці «можна з гонарам назваць беларускім Луўрам дзякуючы багатай гісторыі калекцыянавання мастацкіх і гістарычных рэліквій. Аднаго наведвання мала, трэба вяртацца сюды зноў і зноў, бо немагчыма з першага (аднаго) разу асэнсаваць усю глыбіню гэтага праекта даўжынёй у жыццё». Дарэчы, Яўген Гучок некалі пісаў пра Анатоля Белага:

 

…Ён вельмі любіў жыццё.
І клуб свой «Спадчыну»,
І свае кнігі, зборы, як нарогі, –
Ўсяго падсумаваць
Я не бяруся…
І нават дом уласны
У Старых Дарогах
Ператварыць ён змог
Ў абсягі Беларусі.


 

У свой час пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан пасля знаёмства з музеем зазначыў: «Неймаверна, непасціжна, каб гэткае мог зрабіць адзін чалавек». Аўтар кнігі не хавае сваёй улюбёнасці ў дзецішча Анатоля Белага і шчыра жадае: «Няхай ягоны Луўр у Старых Дарогах не саступае па папулярнасці свайму вялікаму французскаму цёзку!». Нялішнім будзе ўзгадаць і тое, што кнігу «Ад Персіярні да беларускага Луўра» аўтар прысвяціла «светлай памяці Анатоля Яўхімавіча Белага».

Аповед Кацярыны Мяшковай пра паездку ў Слуцк і Старыя Дарогі праілюстраваны васьмю дзясяткамі фотаздымкаў. Шкада, што некаторыя з іх атрымаліся не вельмі добрай якасці і не даюць поўнага ўяўлення пра сфатаграфаваны аб'ект. Нягледзячы на гэта і некаторыя хібы тэксту, кніга можа быць цікавай шырокаму колу чытачоў, і ў першую чаргу тым, хто ўпершыню знаёміцца з гісторыяй нашага краю. Асабліва калі ўлічыць, што кніг, брашур, буклетаў і іншых выданняў пра старажытны Слуцк яўна недастаткова. Ці часта вы бачылі што-небудзь з гэтага, напрыклад, у мясцовых кіёсках «Белсаюздруку» ці ў магазіне «Кніжны свет»?

Дэкан Паўночна-Заходняга дэканату горада Мінска і пробашч касцёла Святога Сымона і Святой Алены Уладзіслаў Завальнюк у прадмове да кнігі напісаў: «Жыццё чалавека ад нараджэння – часовая зямная вандроўка на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў». Ён выказаў спадзяванне, што «прапанаваная праца – падарожжа спадарыні Кацярыны – стане дапаможнікам і заахвочваннем не толькі наведаць Случчыну, але і іншыя гістарычна знакамітыя мясціны нашай Бацькаўшчыны». Як ён лічыць, гэта мае велізарнае значэнне, бо «пры наведванні важных мясцін абуджаецца адказнасць не толькі зберагчы кожную гістарычную часцінку-рэліквію як гістарычную каштоўнасць, але і як святое месца перадаць наступным пакаленням жыццём і дзеямі».

І напрыканцы – пра аўтара кнігі «Ад Персіярні да беларускага Луўра». Кацярына Мяшкова нарадзілася і жыве ў Мінску. Яна – аўтар паэтычных зборнікаў «Алея кахання», «Кляновы цуд», «Чароўная хваля вандровак» (паэзія, проза), шматлікіх публікацый у перыядычным друку. Узначальвае мінскае літаратурна-музычнае аб'яднанне «Галактыка». Пісьменнік і журналіст Вячаслаў Корбут у прадмове да адной з вышэйзгаданых кніг напісаў, што «Кацярына Мяшкова – гэта ўвасабленне паэтэсы і вандроўніцы ў самым лепшым значэнні…».

Анатоль ЖУК