Гімназія ў пачатку XX стагоддзя
На жаль, у Слуцку амаль не захавалася архіўных дакументаў, якія характарызуюць работу гімназіі з 1900 па 1917—1919 гады. Таму пры вывучэнні гэтага перыяду прыходзілася абапірацца больш на ўспаміны былых вучняў. Так, з 1906 па 1915 год у гімназіі вучыўся жыхар Слуцка Д. В. Дубіскі (памёр у 1973г.). Ён многа расказваў пра жыццё гімназіі ў гэты перыяд. 3 яго дапамогай удалося аднавіць прозвішчы выкладчыкаў і іншыя факты. У той час гімназія працавала ў адпаведнасці з адзінымі для Расіі палажэннямі і жыццё яе было тыповым для правінцыйных гімназій.
У пачатку XX стагоддзя жыццё ў гімназіі было асабліва бурным. Слуцкі краязнавец Л. Т. Трухан (1884—1972), які да рэвалюцыі працаваў сакратаром павятовага суда, расказваў, што манархісты тады ў адрас гімназіі кідалі папрокі: «Каго тут рыхтуюць? Забойцаў міністраў!..» (Маецца на ўвазе забойства міністра асветы Багалепава.)
У маі 1905 года бальшавіцкая газета «Вперед», якая выходзіла ў Жэневе, пісала: «Вучні сярэдніх школ працягваюць энергічна абараняць свае правы і патрабуюць неабходных рэформ, яны не жадаюць працягваць навучанне «ў атмасферы бяспраўя». Яны аб"ядноўваюцца, падаюць петыцыі, бастуюць, але петыцыі іх гучаць цяпер не просьбай, а патрабаваннем і суправаджаюцца пагрозамі, што «ў выпадку незадавальнення іх патрабаванняў вучні пакідаюць за сабою права аказаць на ўрад уздзеянне спосабам па іх меркаваннях. Падобная петыцыя, якая суправаджалася пагрозамі, была складзена і ў маленькім і глухім горадзе Слуцку. Падача петыцыі суправаджалася агульнай дэманстрацыяй усіх сярэдніх школ горада. Нават малыя дзеці вырашылі самі выступіць на абарону сваіх правоў, не спадзеючыся ўжо больш на дапамогу сваіх бацькоў». (Фотакопія газеты «Вперед» захоўваецца ў фондах Слуцкага краязнаўчага музея.)
Хваляванні і забастоўкі ў Слуцку пачаліся яшчэ ў лютым 1905 года. Кульмінацыйнага пункту яны дасягнулі ў кастрычніку 1905 года, калі ў горадзе пачаліся масавыя выступленні рабочых і рэвалюцыйна настроеных гімназістаў. 11 кастрычніка 1905 года вучні старэйшых класаў гімназіі аб"явілі забастоўку ў знак пратэсту супраць вобыску ў аднаго з іх. Забастоўшчыкі былі выключаны з гімназіі.
12 кастрычніка яны сілай спынілі заняткі ва ўсіх класах. Пасля гэтага былі выключаны і тыя, хто спачуваў забастоўшчыкам.
Вось як апісваў 2 лістапада 1905 года падзеі тых дзён Мінскі губернатар у сваім данясенні ў дэпартамент паліцыі: «11 кастрычніка ў Слуцку пасля вялікай пераменкі вучні класічнай гімназіі спынілі заняткі і разышліся па дамах. На наступны дзень тыя гімназісты, якія забаставалі, даведаўшыся, што ў малодшых класах заняткі працягваюцца, уварваліся ў будынак гімназіі, разламалі ўваходныя дзверы і, спыніўшы заняткі, прымусілі вучняў разысціся. На сходках, арганізаваных спачатку ў памяшканні гімназіі, а потым на двары яе, на якіх прысутнічалі і пабочныя асобы, было пастаноўлена не прыступаць да ўрокаў у далейшым, пакуль не будуць прыняты ў гімназію выключаныя вучні.
13 кастрычніка ў горадзе пачалася ўсеагульная забастоўка, у якой прынялі ўдзел гандлёвыя і прамысловыя ўстановы, рабочыя ўсіх майстэрняў і двух паравых млыноў. З"явіўшыся на адной з вуліц, натоўп стачачнікаў са спяваннем і крыкамі накіраваўся да гарадскога вучылішча, але пры з"яўленні вайсковага патруля ўсе разышліся. Следам за тым натоўп сабраўся зноў і, калі павялічыўся за 1000 чалавек, забастоўшчыкі сумесна з вучнямі правялі перад будынкам гімназіі дэманстрацыю, якая суправаджалася крыкамі «Ура!» і кіданнем уверх шапак; на патрабаванне паліцыі разысціся натоўп адказаў крыкамі: «Страляйце, усё роўна не разыдземся». (Фотакопія данясення захоўваецца ў фондах Слуцкага краязнаўчага музея.)
Далей мінскі губернатар расказваў, як ваенны патруль разагнаў дэманстрацыю, прычым 20 чалавек былі затрыманы, але пры гэтым «15 вучняў уварваліся ў калідор гімназіі і некім з іх быў разбіты флакон з хлорыстым вадародам».
Падобныя дэманстрацыі праводзіліся на працягу ўсяго дня (13 кастрычніка) у розных частках горада. 14 кастрычніка зноў пачаліся дэманстрацыі, якія перараслі ва ўзброеныя сутычкі з паліцыяй. У горадзе чуліся пісталетныя выстралы, паліцэйскага ўрадніка невядомыя асобы паранілі выстралам з пісталета...
Дэманстрацыі з актыўным удзелам гімназістаў працягваліся ў горадзе 15 і 16 кастрычніка, але яны былі разагнаны паліцыяй.
Вось што расказваецца пра падзеі ў Слуцку ў данясенні таго ж губернатара: «Калі разнесліся весткі пра маніфест 17 кастрычніка, па вуліцах горада пачаўся ўзмоцнены рух; раздавалася спяванне «Марсельезы» і рабочых песень; у розных месцах гаварыліся антыўрадавыя прамовы, выказвалася незадавальненне канстытуцыяй, пралетарыят заклікаўся да адкрытай барацьбы супраць капіталу і буржуазіі. Такія дэманстрацыі працягваліся да позняй ночы.
19 кастрычніка на вуліцах з"явіліся натоўпы люду, пераважна рабочага класа. Яны спявалі «Марсельезу» і месцамі спыняліся, каб выслухаць прамоўцаў... Па навучальных установах, дзе працягваліся заняткі, хадзілі эмісары і патрабавалі спыніць урокі. (Ролю эмісараў выконвалі гімназісты старэйшых класаў. — Р. Р. )
20, 21, 22 кастрычніка ў Слуцку натоўпам моладзі пры ўдзеле рабочых арганізаваны шэраг антыўрадавых дэманстрацый. Пры руху натоўпу гаварыліся гарачыя прамовы, якія заканчваліся заклікамі: «Далоў самаўладства! Далоў Дзяржаўную думу! Далоў рускую канстытуцыю! Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!», пры гэтым гарэлі агні і кідаліся ракеты. 22 кастрычніка з самай раніцы пачаўся ўзмоцнены рух па вуліцах, сярод натоўпу былі выкінуты чырвоныя сцягі... Прамоўцы заклікалі «звергнуць» дзяржаўны лад і весці адкрытую барацьбу з урадам».
3 цытаванага дакумента яскрава відаць, што гімназісты прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыйных выступленнях 1905 года.
Хваляванні ў сценах Слуцкай гімназіі адбываліся і ў 1906 годзе. Так, 16 сакавіка 1906 года гімназісты пратэставалі супраць смяротнага прыгавору лейтэнанту Шмідту.
Вось як гэта апісваў у сваім данясенні 11 красавіка 1906 года ў міністэрства асветы папячыцель Віленскай навучальнай акругі: «Яшчэ раніцай 16 сакавіка на першых двух уроках заўважаны быў чакальны і неспакойны настрой вучняў некаторых класаў; на перапынку перад трэцім урокам з VI класа выйшла група вучняў, да якіх далучыліся гімназісты з іншых класаў; гэта група, загарадзіўшы ніжні калідор, сканцэнтравалася каля лесвіцы, якая вядзе на другі паверх. Вучань VI класа Баранчык Іван нечакана разгарнуў надзеты на палку чорны сцяг, даўжынёй у 1, 5 аршына і шырынёй у аршын, з чырвонымі каёмкамі і паласой па дыяганалі; на гэтай паласе чорнымі літарамі было надрукавана: «Далоў смяротнае пакаранне», а на самым сцягу белымі літарамі: «Памяць змагарам, якія палі за свабоду». Пачулася гучнае спяванне рэвалюцыйнага марша «Вы жертвою пали в борьбе роковой» вучнямі, якія згрупаваліся каля сцяга. Інспектар гімназіі Пранікаў, стрымліваючы вучняў, якія хлынулі з другога канца калідора, тэрмінова паслаў служыцеля да дырэктара на верхні паверх у настаўніцкі пакой. Там каля дзвярэй стаяў дырэктар і назіраў за парадкам у актавай зале. Спускаючыся па лесвіцы і з цяжкасцю накіроўваючы натоўп вучняў па класах, дырэктар прыйшоў у ніжні калідор ужо пасля таго, як вучаньVII класа Ратнер паспеў пракрычаць наступныя словы: «Таварышы, мы пратэстуем супраць смяротнага пакарання Шмідта, Пуліхава і іншых, супраць усялякіх абмежаванняў свабоды... Няхай жыве рускі рэвалюцыйны рух». Гэтыя словы былі падхоплены крыкамі «Ура!» і спяваннем дэманстрантаў.
На допыце ў дырэктара многія з гімназістаў заявілі, што яны «лічылі сваім маральным абавязкам выказаць пратэст супраць смяротнага пакарання». «У наступныя дні, асабліва 17 і 18 сакавіка, сярод вучняў была заўважана агітацыя. Нават вучні VIII класа хваляваліся, увесь час адпрошваліся выйсці з урока і заходзілі на перапынках у іншыя класы; узмоцнены нагляд за агітатарамі даў многа клопатаў інспекцыі і дырэктару». (Фотакопія данясення знаходзіцца ў Слуцкім краязнаўчым музеі.)
Былы вучань гімназіі Д. В. Дубіскі расказваў: «Памятаю, у 1906—1907 гадах і пазней у Слуцку была нелегальная перасоўная бібліятэка, якой карысталіся гімназісты і жыхары горада. У ёй можна было ўзяць забароненыя кніжкі. Былі там творы Крапоткіна, Сцепняка-Краўчынскага і інш.»
Выпускнікі Слуцкай гімназіі прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 года ў розных гарадах Расіі. Вось адзін з яскравых прыкладаў.
У канцы 1981 года ў Слуцкай газеце з"явіўся артыкул пра актыўнага ўдзельніка першай рускай рэвалюдыі, былога вучня гімназіі А. Ф. Чэскага.
Пасля сканчэння гімназіі А. Ф. Чэскі паступіў на прыродазнаўчы факультэт Маскоўскага універсітэта, дзе зарэкамендаваў сябе таленавітым хімікам. У час першай рускай рэвалюдыі ён узначаліў адну з баявых дружын, якая ў дні снежаньскага паўстання вяла баі на барыкадах Чырвонай Прэсні ў Маскве. У пачатку 1906 года А.Ф. Чэскі быў членам Маскоўскага ваеннага тэхнічнага бюро РСДРП. У час арышту на яго кватэры была знойдзена «поўная лабараторыя для вырабу выбуховых рэчываў». Аляксандру Фёдаравічу ў час арышту ўдалося ўцячы і перабрацца ў Пецярбург, дзе ён звязаўся з бальшавікамі.
У мястэчку Куакала ў Фінляндыі, дзе ў той час жыў і працаваў У.I. Ленін, А.Ф. Чэскі і яго сябры арганізавалі школу-лабараторыю. Будучы вопытным аружэйнікам, Чэскі добра наладзіў у школе работу. Бліжэйшым яго памочнікам стаў былы слуцкі гімназіст Альфрэд Нейман. 16 мая 1907 года па даносу правакатара А.Ф. Чэскі і яго сябры былі арыштаваны. Судовы працэс цягнуўся доўга. Актыўная ўдзельніца першай рускай рэвалюцыі С. М. Познер пісала: «Усе паводзіны Чэскага на судзе, дзе ён трымаўся з вялікай рэвалюцыйнай мужнасцю, вызначаліся імкненнем выгарадзіць таварышаў. Ён усё браў на сябе». Толькі 10 месяцаў вытрымаў Чэскі ў адзіночнай камеры Трубяцкога бастыёна Петрапаўлаўскай крэпасці. У сакавіку 1909 года ён памёр...
У 1914 годзе пачалася першая сусветная вайна. У 1915 годзе Слуцк стаў прыфрантавым горадам. Гімназія эвакуіравалася ў Пензу. У яе будынку размясціўся штаб 2-й рускай арміі. (Старэйшая школа вярнулася з эвакуацыі праз 10 месяцаў, у 1916 годзе.)
Летам 1917 года ў Слуцку была заснавана Першая беларуская гімназія. Пры камплектаванні гэтай навучальнай установы некаторыя вучні з класічнай гімназіі перайшлі ў яе.
У Першай беларускай гімназіі вучыўся вядомы беларускі пісьменнік Ян Скрыган. У яго апавяданні «След гумавых шын» праўдзіва паказваюцца некаторыя моманты з жыцця гэтай навучальнай установы.
У рэвалюцыйных падзеях 1917 года актыўны ўдзел прымалі і слуцкія гімназісты. Былы сакратар Першай беларускай гімназіі К. В. Чарнушэвіч успамінае: «Яшчэ ў дні Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Слуцкай мужчынскай гімназіі быў утвораны першы ў горадзе вучнёўскі рэвалюцыйны камітэт. На жаль, я ўжо забыў прозвішчы вучняў, якія ўваходзілі ў гэты орган. Вучнёўскі рэвалюцыйны камітэт гімназіі перш за ўсё пачаў арганізоўваць такія камітэты ў іншых навучальных установах горада. Памятаю такі выпадак: прадстаўнікі камітэта мужчынскай гімназіі прыйшлі ў вышэйшае пачатковае вучылішча, дзе ў той момант быў і я. Яны прыйшлі з мэтай утварыць тут рэвалюцыйны вучнёўскі камітэт, але інспектар вучылішча Антон Юрэвіч хацеў не дапусціць іх да вучняў. Ён сказаў гімназістам: «Трэба вучыцца, а не займацца глупствам». Нягледзячы на гэта, вучнёўскі рэвалюцыйны камітэт у вышэйшым вучылішчы ўсё ж быў утвораны. Рэвалюцыйныя камітэты праводзілі сходы, арганізоўвалі ўдзел вучняў у гарадскіх мітынгах».
... Устанаўленне Савецкай улады на Случчыне было праведзена мірным шляхам. Калі была атрымана вестка з Петраграда аб перамозе Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, раніцай 26 кастрычніка адкрылася экстраннае пасяджэнне Слуцкага Савета. Савет пераважнай колькасцю галасоў прыняў прапанаваную бальшавікамі рэзалюцыю і цалкам падтрымаў Саўнарком на чале з У. І. Леніным. У тыя дні ў горадзе часта праводзіліся мітынгі, у якіх прымалі ўдзел вучні школ, у тым ліку і гімназісты. На мітынгах і маніфестацыях выкрыкваліся лозунгі: «Няхай жыве Савецкая ўлада! Ура Леніну!»
У лютым 1918 г. Слуцк быў заняты легіянерамі Доўбар-Мусніцкага, пазней — нямецкімі войскамі. У снежні 1918 г. Чырвоная Армія вызваліла горад, а ў 1919 г. яго акупіравалі белапалякі. Класічную гімназію выселілі з будынка. У ім заснавалі польскую гімназію, а класічная ў час акупацыі вымушана была некаторы час працаваць у памяшканні жаночай гімназіі. (Жаночая гімназія была ўтворана ў 1907 г. на базе чатырохкласнага жаночага вучылішча.) Заняткі ішлі ў дзве змены. Днём працавала жаночая гімназія, а вечарам — класічная.
У пачатку 20-х гадоў класічная гімназія была зліта з Першай беларускай гімназіяй і пераўтворана ў школу другой ступені, а потым у сямігодку.
Вось некаторыя выпускнікі Слуцкай гімназіі 1900—1918 гадоў.
У. А. Дубовік, генерал-лейтэнант, удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў; працаваў выкладчыкам у Ваеннай акадэміі імя Фрунзе, узначальваў ваенную дэлегацыю СССР у АНН, быў ваенным аташэ ў ЗША.
Анатоль Фядзюшын, доктар біялагічных навук, заслужаны дзеяч навукі РСФСР, прафесар Омскага сельскагаспадарчага інстытута. Пяру Фядзюшына належаць 219 апублікаваных прац па біялогіі. Ён аўтар манаграфіі «Птушкі Беларусі».
Іван Сяржанін, член-карэспандэнт АН БССР, доктар біялагічных навук, прафесар.