Гімназія ў 1827—1862 гадах
У 1824 годзе была закрыта Кейданская (у Літве) кальвінісцкая гімназія. Кальвіністы Беларусі і Літвы такім чынам страцілі апошнюю сваю сярэднюю навучальную ўстанову. Віленскі кальвінісцкі сінод і слуцкае дваранства звярнуліся да міністра асветы Расіі з просьбай пераўтварыць Слуцкае павятовае вучылішча ў гімназію. Па прадстаўленню міністра цар дазволіў гэта зрабіць. Так амаль праз паўстагоддзя кальвінісцкая навучальная ўстанова зноў стала гімназіяй. Яна ў той час складалася з трох класаў павятовага вучылішча і трох гімназісцкіх класаў.
У першай чвэрці XIX стагоддзя вучылішча займала стары драўляны будынак, у якім былі чатыры класныя пакоі, пакой для падліку вучняў і зала для публічных экзаменаў. У 1829 годзе пачалося будаўніцтва мураванага будынка гімназіі, у якім зараз размяшчаецца майстэрня і музей слуцкай сярэдняй школы № 1. Яно працягвалася да 1840 года, бо не было сродкаў.
Яшчэ ў пачатку XIX стагоддзя Слуцкая кальвінісцкая навучальная ўстанова пачала страчваць свой рэфарматарскі характар. У гэты перыяд на некаторы час у ёй узмацняецца польска-каталіцкі ўплыў. Спрадвеку выкладанне тут вялося на польскай мове. У вучылішчы вялікае месца займала вывучэнне рыторыкі і паэзіі, якія фактычна з"яўляліся курсамі польскай мовы і гісторыі польскай літаратуры. Аб моцным польскім уплыве ў сценах вучылішча сведчыць і той факт, што выкладчык польскай мовы лічыўся старшым, а рускай — малодшым.
Паступова ў сценах гімназіі пачала разгортвацца барацьба паміж прадстаўнікамі польскай і рускай культур. Яна дасягнула свайго кульмінацыйнага пункту ў 1862— 1863 гадах. Прычыны гэтай барацьбы зразумелыя. Пасля далучэння Слуцка і яго акругі да Расіі на «новых землях» руская культура сутыкнулася з польскай. Прыхільнікі польскай культуры лічылі Слуцк сваім горадам. Беларуская мова і культура ў разлік імі не прымаліся. Узмацненне каталіцкага ўплыву ў кальвінісцкай навучальнай установе тлумачылася і тым, што колькасць кальвіністаў у краі значна паменшылася, а значыць, стала менш іх дзяцей у вучылішчы. Гэтыя месцы занялі дзеці польскіх магнатаў і апалячанай шляхты. (Далучэнне Слуцка і яго акругі да Расіі не адразу вызваліла Случчыну ад польскага ўплыву, бо доўга яшчэ многія маёнткі Случчыны і іншых рэгіёнаў Беларусі заставаліся ў руках польскіх магнатаў.) Акрамя таго, узмацненне польскага ўплыву ў гімназіі было своеасаблівай рэакцыяй прыхільнікаў польскай культуры на царскую палітыку русіфікацыі, якую яно праводзіла ў Беларусі.
У 1809—1836 гадах Слуцкая навучальная ўстанова двойчы рэфармавалася: уводзіліся новыя прадметы, упершыню быў прызначаны свецкі дырэктар; паступова школа пачала пераходзіць з польскай на рускую мову выкладання. Прыхільнікі польскай культуры вялі то тайную, то адкрытую барацьбу супраць рэформ. Аб гэтым сведчаць многія факты. Прывядзём адзін з іх.
24 верасня 1833 года вучні-католікі ў час богаслужэння ў касцёле ўхіліліся ад паўтарэння малітвы, у якой заклю чалася маленне аб здароўі і мнагалецці «яго імператарскай вялікасці і ўсяго аўгусцейшага дома».
Мінскі губернатар загадаў дырэктару вучылішчаў Мінскай губерні і Слуцкаму гараднічаму разабрацца, «ці не быў гэты выпадак вынікам тайнага імкнення да распаўсюджвання паміж вучнямі духу непрыхільнасці да ўрада». Дырэктар мінскіх вучылішчаў Кутневіч і Слуцкі гараднічы Стахоўскі, якім даручалася правесці следства, не захацелі, мусіць, выносіць «смецце з хаты» і данеслі начальству, што вучні проста не паспелі вывучыць новую для іх малітву. Яны абвінавацілі ва ўсім ксяндза Скіндэра і прапанавалі звольніць яго з пасады выкладчыка.
Вышэйшае начальства разважыла інакш. Яно прыняло рашэнне рэфармаваць школу. Сутнасць гэтай рэформы заключалася ў тым, каб Слуцкую гімназію яшчэ больш наблізіць да ўрадавых навучальных устаноў.
У справу ўмяшаўся нават сам цар. Міністр асветы Увараў падаў тады ў камітэт міністраў спецыяльную запіску аб пераўтварэнні Слуцкай гімназіі. Цар 3 ліпеня 1835 года на гэтай справе наклаў рэзалюцыю: «Слуцкую гімназію па ўладкаванню наблізіць да іншых гімназій у заходніх губернях, прызначыўшы ў яе асобнага свецкага дырэктара з прызначэннем яму 600 рублёў у год і 150 рублёў серабром на кватэру і канцылярскія прыпасы».
Згодна з рашэннем цара ў Слуцкую гімназію прызначаўся выкладчык закону грэка-расійскага веравучэння і два рускія настаўнікі для выкладання рускай мовы і гісторыі. Прызначэнне дырэктара і выкладчыкаў рускай і французскай моў, матэматыкі, фізікі, рысавання ўскладалася на вучылішчнае начальства, а выбіраць інспектара і некаторых іншых настаўнікаў павінен быў сінод. Дырэктар і выкладчыкі Слуцкай гімназіі залічваліся на сапраўдную дзяржаўную службу... Пенсіі ім прызначаліся з вучылішчнага ведамства.
На падставе рашэння цара на гімназію быў распаўсюджаны статут 1828 года, якім кіраваліся ў той час навучальныя установы. Прадпісвалася склад выкладчыкаў у ёй узгадніць з існаваўшымі штатамі, за кожным педагогам замацаваць той ці іншы прадмет, каб «не драбніць аднаго і таго ж прадмета паміж многімі настаўнікамі». Гэта значыць, уводзіўся прадметны спосаб выкладання. Апрача таго, Беларуская акруга абавязала выкладчыкаў гімназіі «ўсе навукі выкладаць на рускай мове і па рускіх кніжках».
Пераход на рускую мову навучання адбываўся павольна. Частка прадметаў (геаграфія і статыстыка) з 1832 года выкладаліся на рускай мове, гісторыю ў некаторых класах пачалі вывучаць на рускай мове з 1834 года.
Інспектар гімназіі Ваноўскі ў рапарце ад 9 жніўня 1835 года скардзіўся: пераход на рускую мову адразу зрабіць цяжка і нават немагчыма, пажадана, каб гэта рабілася паступова, бо амаль усе выкладчыкі атрымалі адукацыю ў нямецкіх універсітэтах і рускай мовай валодаюць слаба. Ён прасіў начальства, каб «у гэтым і ў наступным навучальным годзе не толькі пры тлумачэнні цяжкіх сказаў, але і пры перакладах з замежнай на народную мову па першаму разу магла ўжывацца польская мова, пры паўтарэнні ж іх — руская» (народнай — інспектар лічыў польскую мову). Выкладанне польскай мовы было прыпынена ў 1840/41 навучальным годзе, але ў 1857/58 вывучэнне яе аднавілі.
У 1836 годзе ўпершыню ў кальвінісцкую гімназію быў прызначаны свецкі дырэктар калежскі асэсар М. В. Чашнікаў; настаўнікаў рускай мовы пачалі называць старшымі выкладчыкамі. Такім чынам, 1835/36 навучальны год быў пераломным: з рэфарматарскай гімназія паступова пачала пераўтварацца ў дзяржаўную ўстанову. Пераўтварэнне канчаткова завяршылася толькі ў 1868 годзе.
У перыяд паміж 1835 і 1863 гадамі ў жыцці гімназіі адбыліся і іншыя пераўтварэнні, бо рэформа 1836 года была не поўнай. У гэты перыяд увялі плату за навучанне, якая паступова павялічвалася. Таму лік гімназістаў з простых людзей змяншаўся, а з панскіх — павялічваўся.
У 1835/36—1862/63 навучальных гадах лік вучняў у школе вагаўся ў прамежку ад 260 да 421. 3 1836 года ў спісах з"яўляюцца вучні не толькі рэфарматарскага, каталіцкага і праваслаўнага, але і магаметанскага і іудзейскага веравызнанняў.
Вось некаторыя выбарачныя звесткі і лічбы са статыстычных даных Слуцкай гімназіі. (Табліца ў поўным выглядзе змешчана ў кнізе Івана Глебава «Историческая записка о Слуцкой гимназии... », с. 93.)
Як сведчыць табліца, пераважную большасць у гімназіі займалі дзеці паноў. Назіралася вялікае разыходжанне паміж лікам тых, хто паступіў і хто скончыў курс навучання. У гімназіі спрадвеку быў вялікі адсеў вучняў. Скончыць яе мала каму ўдавалася. Прычыны вялікага адсеву былі розныя.
У перыяд з 1835 па 1863 год у гімназіі некалькі разоў праводзіліся рэвізіі. 3 1863 года на дырэктара гімназіі ўскладаліся абавязкі наглядальніка за вучылішчамі Слуцкага і Бабруйскага паветаў. Інспектар пачаў прызначацца з ліку свецкіх асоб. Было ўстаноўлена званне ганаровага апекуна гімназіі.
К канцу разглядаемага перыяду фундаментальная бібліятэка мела даволі вялікую колькасць кніг, але сярод іх мала было кніг на рускай мове. Папоўніліся дапаможнымі прыборамі фізічны і прыродазнаўчы кабінеты. I ўсё ж дапаможнікаў і неабходных прыбораў не хапала.
У асяроддзі выкладчыкаў барацьба паміж прыхільнікамі польскай культуры, з аднаго боку, і рускай — з другога знайшла сваё адлюстраванне нават у пратаколах пасяджэнняў педагагічнага савета.
27 сакавіка 1862 года педагагічны савет, абмяркоўваючы чарговы праект статута агульнаадукацыйных навучальных устаноў, у першым пункце рашэння выказаў патрабаванне: «увесці ў народныя вучылішчы і настаўніцкія інстытуты Жмудзі і ўласна Літвы навучанне чытанню і пісьму на польскай і літоўскай мовах, а ў заходніх губернях — на польскай, прадстаўляючы гэта жаданню мясцовых жыхароў» (Пад мясцовымі жыхарамі члены педсавета, што галасавалі за гэты пункт, мелі на ўвазе польскіх паноў і апалячаных беларусаў.).
У другім пункце было запісана: «Выратаваўчыя і цудоўныя пастановы новага праекту па мясцовых умовах Остзейскага краю не распаўсюджваюцца на Дэрпцкую акругу. Чаму ж Віленская навучальная акруга... пазбегла такога лёсу?».
Формула «Выратаваўчыя і цудоўныя пастановы новага праекту» — гэта ўсяго толькі дымавая заслона слуцкіх педагогаў, за якой хаваецца ўзмоцненая русіфікатарская палітыка царызму ў Беларусі. Калі эстонцам і многім іншым так званым «інародцам» у нейкай меры дазвалялася пры навучанні дзяцей карыстацца роднай мовай, то беларусы і ўкраінцы былі пазбаўлены такой магчымасці. Парадаксальна, але факт: самыя блізкія па крыві да рускага народа беларусы і ўкраінцы ставіліся царызмам у самыя цяжкія ўмовы. Пазней рэакцыйны міністр асветы Д. А. Талстой у пункце трэцім сваіх правіл «О мерах к образованию населяющих Россию инородцев» беларусаў, украінцаў і некаторыя іншыя народы аднёс да групы «народаў, якія дастаткова абруселі». Дзяцей гэтых народаў Талстой патрабаваў вучыць толькі на рускай мове. Гэты ж міністр-рэакцыянер сфармуляваў тады такую думку: «Канчатковай мэтай адукацыі ўсіх іншародцаў, якія жывуць у межах нашай айчыны, бясспрэчна, павінна быць абрусенне іх і зліццё з рускім народам».
Усе гэтыя русіфікатарскія ўстаноўкі Талстой сфармуляваў у 1870 годзе, а дзейнічалі яны фактычна яшчэ ў 1862 годзе. Аб гэтым яскрава сведчыць рашэнне педсавета Слуцкай гімназіі.
У тым жа рашэнні педсавета (у пункце шостым) слуцкія педагогі выказалі жаданне, «каб дырэктар і інспектар выбіраліся настаўнікамі на пэўную колькасць гадоў». Гэты пункт быў накіраваны супраць прызначэння ў гімназію ўрадавага дырэктара. Педсавет раскалоўся. Супраць першага і шостага пунктаў пратакола выказаліся рускія члены педсавета. Але іх было ўсяго два чалавекі, і перавагі яны не мелі...
Сярод вучняў, якія скончылі гімназію ў 1827—1862 гадах, быў А. Непакайчыцкі. За ўдзел у вайне з Турцыяй у 1853 годзе ён атрымаў званне генерал-лейтэнанта і быў узнагароджаны залатой зброяй. У званні генерала ад інфантэрыі А. А. Непакайчыцкі быў начальнікам штаба Паўднёва-Дунайскай арміі, якая дапамагала ў вайне 1877—1878 гадоў брацкаму балгарскаму народу вызваліцца ад турэцкай навалы. Больш падрабязна пра гэта можна прачытаць у кнізе П. Гаркавенкі «Война России з Турцией 1877—1878 гг.» (М., 1879).
У 1840 годзе Слуцкую гімназію скончыў Робуш — прафесар вышэйшай матэматыкі Харкаўскага універсітэта.
Адукацыю ў сценах Слуцкай гімназіі атрымаў Антон Пяткевіч, пісьменнік (вядомы пад псеўданімам Адам Плуг). Артыкул пра жыццё і дзейнасць Адама Плуга змешчаны ў кнізе Адама Мальдзіса «Падарожжа ў XIX стагоддзе» (Мн., 1969).
У першай палавіне XIX стагоддзя Слуцкую гімназію скончыў К. I. Карсалін (1809—1871), сын слуцкага мешчаніна. Пасля вучобы ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў ён некалькі гадоў жыў у Кітаі, працаваў там мастаком пры расійскай місіі. У 1857 годзе К. I. Карсалін быў абраны акадэмікам па класу жывапісу. Яго карціны захоўваюцца ў нашай краіне (Ленінградзе, Мінску), а таксама ў Японіі...
Са сцен гімназіі ў 40-я гады XIX стагоддзя выйшаў А. Я. Красоўскі — класік айчыннага акушэрства. Нарадзіўся ён у Слуцку ў 1821 годзе. Скончыўшы Пецярбургскую медыка-хірургічную акадэмію, стаў працаваць прафесарам у Пецярбургу. У 1865 годзе А. Я. Красоўскі выдаў «Курс практычнага акушэрства», які неаднаразова перавыдаваўся. Яго пяру належаць шматлікія навуковыя працы па гінекалогіі. Яны друкаваліся ў XIX стагоддзі ў перыядычных выданнях і выдаваліся асобнымі кнігамі і брашурамі. Некаторыя працы А. Я. Красоўскага былі перакладзены на французскую мову. У 1870 годзе ён стаў дырэктарам буйнейшай у Расіі Санкт-Пецярбургскай родадапаможнай установы (цяпер роддом імя В. Ф. Снігірова), якая ацэньвалася як лепшая ў Еўропе і была базай практычнага навучання шэрага вядомых акушэраў-гінеколагаў. Памёр Красоўскі 13 красавіка 1898 года.
У 1851 годзе Слуцкую гімназію скончыў Іван Няшкоўскі, пазней доктар медыцынскіх навук, а ў 1854 — Эдуардас Якубас Даўкша, літоўскі пісьменнік-дэмакрат (1836—1890). Ад імя літоўскага народа ён выступаў на жалобным мітынгу пры пахаванні вядомага беларуска-польскага пісьменніка Уладзіслава Сыракомлі (Кандратовіча).
У першай палавіне XIX стагоддзя ў Слуцкай гімназіі вучыўся Альгерд Абуховіч- Бандынэлі — беларускі пісьменнік-дэмакрат, пачынальнік жанру байкі ў беларускай літаратуры, перакладчык на беларускую мову твораў Дантэ, Гётэ, Пушкіна і інш. Разам з Ф. Багушэвічам А. Абуховіч з"яўляецца заснавальнікам крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Ён вядомы і як выдатны педагог-асветнік. Памёр у 1898 годзе.
Выпускніком гімназіі першай палавіны XIX стагоддзя быў Сталь (Стаэль), які пакінуў цікавыя «Успаміны аб Слуцку», выдадзеныя ананімна ў 1905 годзе ў Гнезда, што каля Познані. У сваіх успамінах Сталь адзначаў, што сапраўдным культурным цэнтрам Слуцка ў першай палавіне XIX стагоддзя была гімназія. Сярод выпускнікоў гімназіі ён называў фалькларыста 3. Даленгу-Хадакоўскага, мемуарыста і мастацтвазнаўца Э. Паўловіча і Адама Плуга. Больш падрабязна пра ўспаміны Сталя можна прачытаць у кнізе А. Мальдзіса «Падарожжа ў XIX стагоддзе».
Слуцкую гімназію ў 40-я гады XIX стагоддзя скончыў Эдвард Баніфацы Францавіч Паўловіч (1826—1909) — мемуарыст, мастак. Скончыўшы Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, ён пачаў працаваць выкладчыкам у Навагрудку. За ўдзел у паўстанні 1863 года быў высланы ў Екацярынаслаў. Пакінуў мемуары «Успаміны з-пад Віліі і Нёмна», працаваў у жанры партрэта. Бальш падрабязна пра Э. Паўловіча можна прачытаць у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (т. VIII).