Кальвінісцкая навучальная ўстанова ў 1775—1826 гадах
Пасля першага раздзелу Рэчы Паспалітай польскі ўрад правёў шэраг рэформ. Была створана спецыяльная Адукацыйная камісія з найбольш адукаваных людзей тагачаснай Польшчы.
Кальвінісцкія вучылішчы і гімназіі ад нагляду камісіі ўхіліліся, але дух часу зрабіў сваю справу: літоўскі сінод, якому падпарадкоўвалася Слуцкая гімназія і які яе часткова фінансаваў, стварыў сваю Адукацыйную камісію. У яе склад увайшлі тры свецкія і тры духоўныя асобы.
Для кіраўніцтва сінод выдаў камісіі інструкцыю. Згодна з гэтай інструкцыяй, у гімназіі заставаліся тры класы, але раілася змяніць парадак выкладання прадметаў. У першым і другім класах павінны былі папераменна працаваць два настаўнікі ў залежнасці ад таго, хто з іх будзе адчуваць сябе больш здольным да выкладання тых ці іншых навук. Такім чынам, камісія вырашыла ліквідаваць «пакласны» метад выкладання, калі адзін выкладчык вёў у класе ўсе прадметы. Гэта павінна было палепшыць якасць вучнёўскіх ведаў.
Кожны дзень на ўрокі адводзілася па шэсць гадзін: тры раніцай і тры пасля абеду. Многія рэлігійныя святы ў гімназіі не адзначаліся. У гэтыя дні павінны былі праводзіцца заняткі.
Кола навук, якія вывучаліся ў гімназіі, пашыралася. У III класе было ўведзена чыстапісанне і начаткі геаграфіі; у II — начаткі геаметрыі, а ў I (вышэйшым) пачалі вывучаць трыганаметрыю і начаткі фізікі. У I класе ў сераду і суботу трэба было папераменна праводзіць дыспуты па філасофіі, матэматыцы, заалогіі, складаць планы зямельных участкаў і г. д.
Адукацыйная камісія павінна была паклапаціцца аб падручніках, геаметрычных і фізічных інструментах, аб правільным размеркаванні гадзін на асобныя прадметы.
Дакладна не вядома, ці было ўсё гэта ажыццёўлена, але пасля 1775 года ў гімназіі адбыліся наступныя змены: прыбавіўся адзін клас, з"явіўся яшчэ адзін выкладчык, пачала вывучацца французская мова, крыху павялічылі зарплату настаўнікам.
Рэформа гімназіі, распачатая ў 1775 годзе, завяршылася к 1778 году. 3 гэтага часу кальвінісцкая гімназія пачала называцца публічным евангелічным вучылішчам. Закончанай сярэдняй адукацыі з 1778 года яно не давала. У той перыяд пры Берлінскім, Лейдэнскім і іншых універсітэтах былі адкрыты акадэмічныя гімназіі. Выпускнікі Слуцкага і іншых евангелічных вучылішчаў спачатку займаліся ў акадэмічных гімназіях, а потым ва універсітэтах.
У канцы XVIII стагоддзя адбылася важная гістарычная падзея ў жыцці Слуцка: у 1793 годзе па другому падзелу Рэчы Паспалітай ён быў далучаны да Расіі. У той час у горадзе існавалі дзве навучальныя ўстановы: кальвінісцкае і каталіцкае павятовае вучылішчы.
У 1802 годзе ў Расіі было ўтворана міністэрства асветы. У гэтым жа годзе ўпершыню ў курс Слуцкага вучылішча ўключылі рускую мову (па дзве гадзіны на тыдзень у кожным класе). 3 1803 годз вучылішча пачало падпарадкоўвацца Віленскаму універсітэту. У ліпені 1803 года прафесар Віленскага універсітэта Богуш правяраў Слуцкае вучылішча. У акце рэвізіі ён выказаў здзіўленне, што вучэбны працэс у навучальнай установе, пра славу якой ён многа чуў, знаходзіцца ў запушчаным стане. Ускрываючы прычыны кепскай арганізацыі работы, Богуш адзначаў недахоп у вучылішчы падручнікаў, адсутнасць належнай колькасці кніг у бібліятэцы, фізічных і матэматычных прыбораў, а таксама строгай дысцыпліны і мізэрнасць зарплаты выкладчыкаў.
Прафесар Богуш паставіў пытанне пра немэтазгоднасць існавання ў невялічкім Слуцку дзвюх навучальных устаноў і вынес прапанову ліквідаваць кальвінісцкае вучылішча, пакінуўшы каталіцкае. Богуш як католік у сваіх вывадах быў не бесстароннім, бо католікі спрадвеку вялі барацьбу супраць кальвіністаў. I зразумела, яго сімпатыі былі на баку каталіцкага вучылішча.
Вывады Богуша амаль не аказалі ўплыву на лёс кальвінісцкага вучылішча. У хуткім часе (у 1809 годзе) каталіцкае вучылішча было пераведзена са Слуцка ў Нясвіж, а кальвінісцкае засталося ў Слуцку як адзіная няпоўная сярэдняя навучальная ўстанова.
Захавалася копія раскладу заняткаў на 1802/03 навучальны год. Расклад сведчыць, што ў той час у вучылішчы выкладалі наступныя прадметы: закон божы, мовы (рускую, польскую, лацінскую, французскую, нямецкую), гісторыю, геаметрыю, арыфметыку, фізіку, геаграфію і касмаграфію, «нравоученне» (мараль), логіку, рыторыку.
Са спісу настаўнікаў, якія працавалі ў той час у вучылішчы, відаць, што іх было ўсяго шэсць чалавек, пяць з іх атрымалі вышэйшую адукацыю ў Кенігсбергскім і Берлінскім універсітэтах.
3 1809 года Слуцкая евангелічная навучальная ўстанова стала называцца «публічным павятовым вучылішчам». Сярод вучняў наглядаецца змяншэнне колькасці асоб кальвінісцкага веравызнання. У гэты перыяд вучылішча фінансавалася з дзвюх крыніц: з фондаў сінода і міністэрства асветы. Такім чынам, вучылішча, якое да 1809 года было прыватнай навучальнай установай, паступова пачало пераўтварацца ў звычайную ўрадавую навучальную ўстанову. Змена назвы «евангелічнае вучылішча» на «павятовае» змяніла і крыніцы фінансавання. Вучылішча ўтрымлівалася ў асноўным на дзяржаўныя сродкі.
3 1809/10 навучальнага года лік вучняў узрос у 2—3 разы і ў асобныя гады (да 1827 г.) дасягаў 231 чалавека. Наглядаўся вялікі наплыў панскіх дзяцей каталіцкага веравызнання. Так, у 1820/21 навучальным годзе ў вычылішчы займаліся 204 чалавекі, з іх 196 — панскія дзеці (163 — каталіцкай веры).
Фундаментальная бібліятэка ў першай чвэрці XIX стагоддзя значна папоўнілася, але ў ёй пераважна былі кніжкі на польскай і замежных мовах (кнігі на рускай мове амаль адсутнічалі).
У 1826 годзе ў вучылішчы было два глобусы, тры геаграфічныя атласы, дванаццаць геаграфічных карт, геаметрычны столік, землямерны ланцуг, паветраная помпа, дзве электрычныя машыны, барометр, тэрмометр і некалькі шкляных прыбораў для здабывання газаў. Нумарацыя класаў у гэты перыяд перамянілася. Першы клас стаў малодшым, а шосты — самым старэйшым. Колькасць урокаў павялічылася. Заняткі пачыналіся ў 8 гадзін раніцы і працягваліся з перапынкам на абед да 4—5 гадзін вечара.
У 1800 годзе Слуцкае кальвінісцкае вучылішча скончыў будучы славяназнаўца, пачынальнік беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай археалогіі, фалькларыстыкі, этнаграфіі і дыялекталогіі Зарыян Якаўлевіч Даленга-Хадакоўскі (Адам Чарноцкі, 1784—1825), навуковая і збіральніцкая дзейнасць якога была ўзорам і праграмай для шэрага навукова-літаратурных аб"яднанняў Беларусі, Польшчы, Украіны і Расіі. У сваёй працы «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818 г.) ён упершыню зрабіў спробу даць малюнак старажытнага славянскага быту, культуры і народнай творчасці ў дахрысціянскі перыяд. У «Даследаваннях адносна рускай гісторыі» Даленга- Хадакоўскі крытыкаваў некаторыя палажэнні «Гісторыі дзяржавы Расійскай» М. Карамзіна. У наступных выданнях Карамзін улічыў крытычныя заўвагі нашага земляка. «Многія славяназнаўчыя праблемы (слав. этнагенез, прарадзіма славян), вы - лучаныя Д [аленгам]-Х [адакоўскім], — гаворыцца на 124 старонцы IV тома Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, — актуальныя і ў наш час».
У спісах выпускнікоў Слуцкага вучылішча за 1825 год значыцца прафесар Генрых Кулакоўскі — заснавальнік першай у Расіі спецыяльнай клінікі па хваробах скуры.