Статут слуцкай школы. Дапаможнік па рыторыцы
Беларускі даследчык і перакладчык Якаў Парэцкі адшукаў у Ленінградзе статут Слуцкай школы. Паколькі гэты дакумент не быў нікім зацверджаны, то, з аднаго боку, яго мы можам разглядаць як своеасаблівы маніфест слуцкіх педагогаў першай палавіны XVII стагоддзя. 3 другога боку, статут, безумоўна, абагульняе вопыт работы слуцкага вучылішча і іншых навучальных устаноў таго часу.
Знаходка Я. Парэцкага мае вялікае значэнне. Гісторыкам педагогікі статут не быў вядомы. На жаль, да гэтага часу ён яшчэ не перакладзены з лацінскай на беларускую ці рускую мову. Аб яго змесце мы ведаем толькі па публікацыях Я. Парэцкага ў зборніку «Методы обучения иноязычной речи» (Мн., 1972) і ў восьмым нумары часопіса «Неман» за 1973 год.
Як сведчыць Я. Парэцкі, у статуце змешчана праграма, вучэбны план, методыка выкладання шэрага прадметаў і распрацоўкі пазакласных заняткаў. «Тая акалічнасць, — адзначае даследчык, — што статут быў выдадзены на лацінскай мове ў Беларусі, гаворыць аб асобым месцы, які ён займае ў развіцці педагагічнай думкі. Справа ў тым, што Слуцкі ліцэй узнімаў на новую ступень і ўдасканальваў педагагічную сістэму Іагана Штурма».
Каб было зразумела, што новага ўнеслі ў развіццё педагогікі слуцкія выкладчыкі, спынімся крыху на сістэме I. Штурма. Нямецкі педагог-гуманіст I. Штурм у XVI стагоддзі выдаў статут, які быў узорам для наступных статутаў аж да XIX стагоддзя. Аўтар аддзяляў багаслоўскую падрыхтоўку ад свецкай; у апошнюю ён уводзіў пераважна гуманітарныя навукі, асабліва лацінскую мову і літаратуру. Ён рэзка выступаў супраць сапсаванай латыні, абараняючы чысціню класічнай мовы. Прыхільнікі царкоўных дагматаў абвінавачвалі яго паслядоўнікаў у адмаўленні ад хрысціянства і ў звароце да язычніцтва. На справе ж аднадумцы штурмаўскай метадалогіі былі найбольш паслядоўнымі ў барацьбе за свецкую адукацыю.
«У той час, — працягвае Якаў Парэцкі, — калі першая палавіна XVII стагоддзя ў Заходняй Еўропе азнаменавалася ў школьнай справе адыходам ад гуманістычных класічных узораў у карысць каталіцызму і рэфарматарскага дагматызму, статут Слуцкага ліцэя заставаўся бастыёнам гуманізму».
Чаму так здарылася? У сувязі з наступленнем рэакцыі перадавыя педагогі Заходняй Еўропы сталі праследавацца. Перад настаўнікамі стаяла дылема: або прыстасавацца да чужых ім поглядаў і выжыць або загінуць. (Рэакцыянеры, як правіла, былі бязлітаснымі.) Праўда, было яшчэ адно выйсце: пакінуць радзіму і шукаць сабе прытулак там, куды хваля рэакцыі яшчэ не дакацілася. Гэту магчымасць выкарысталі Андрэй Музоніус і Рэйнгальд Адамі. Яны перасяліліся ў шляхецкую рэспубліку — Рэч Паспалітую. Рэакцыя, як вядома, у хуткім часе дайшла і да Рэчы Паспалітай, але яна мала закранула Слуцк, дзе знайшлі прытулак педагогі-эмігранты.
Тут трэба ўлічваць адну істотную акалічнасць. На працягу ўсяго існавання Рэчы ІІаспалітай Слуцкае княства захоўвала пэўную аўтаномію, яно на працягу больш чым двух стагоддзяў паспяхова супрацьстаяла націску каталіцызму. Слуцкі князь Януш VI Радзівіл у барацьбе за захаванне аўтаноміі свайго княства вымушаны быў абапірацца на праваслаўе. Атрымаўся сімбіёз. Князь-кальвініст і кальвінісцкая абшчына Случчыны ў саюзе з праваслаўем супрацьстаялі наступу каталіцкай рэакцыі. Гэту сітуацыю ўдала выкарысталі Андрэй Музоніус і Рэйнгальд Адамі. У саюзе з перадавымі беларускімі педагогамі таго часу (Андрэем Дабранскім і іншымі) яны ператварылі Слуцкую школу «ў бастыён гуманізму», зрабілі яе на некаторы час важным цэнтрам гуманістычнай педагагічнай думкі еўрапейскага значэння.
Характарызуючы палітычнае становішча Беларусі таго часу, аўтары статута адзначалі, што наступілі вельмі цяжкія часы для свету, які «ўсё болей коціцца да горшага». Гэтым яны намякалі на ўзмацненне каталіцкай рэакцыі. Выказваючы свае адмоўныя адносіны да перамогі дагматызму ў рэфармацыі, педагогі-гуманісты спасылаліся на прыклад «суседніх народаў Германіі, даўняя веліч і шчасце якіх не захавалася». Слуцкіх педагогаў хваляваў заняпад навук. Прычыну гэтага яны бачылі ў абвастрэнні рэлігійных супярэчнасцей, якія прывялі да таго, што аказаліся забытымі асноўныя прынцыпы выхавання грамадзяніна, адданага радзіме і дабрабыту народа.
Па думцы аўтараў статута, за рэлігійнымі спрэчкамі хаваліся інтарэсы людзей, прагных да нажывы і да прывольнага жыцця. «Куды вы, людзі, ідзяце? Грошы збіраеце, а між тым забываеце пра адукацыю дзяцей», — гаварылі педагогі словамі Плутарха. У звароце да чытачоў Слуцкі трыумвірат (аўтарамі Статута былі А. Дабранскі, Р. Адамі і А. Музоніус) гаварыў: «... прыходзьце ж усе, каму дарагая радзіма, хто правільна ўсвядоміў мэтанакіраванасць сваіх учынкаў. Няхай нікога не адштурхае ад нашага парога разыходжанне ў рэлігіі... У нашай установы задача: не ўладарыць над свядомасцю, а выхоўваць норавы і прыцягваць моладзь да навукі».
У статуце гаворыцца аб прыгажосці прыроды Случчыны, аб прыветлівасці яе людзей і іх таленавітасці. Адзначаючы гэту мясціну ў статуце, Я. Парэцкі піша: «Гэта ледзь не адзіны ў гэтым родзе педагагічны твор, у якім апісваецца ўплыў грамадскага асяроддзя і прыродных умоў краю на вучняў і настаўнікаў».
Затым у дакуменце гутарка ідзе пра паслядоўнасць і чарговасць вывучэння навук; аўтары звязваюць гэта з ступенню ўзрастання цяжкасцей, падкрэсліваюць неабходнасць улічваць узроставыя асаблівасці вучняў. Аб багаслоўі, якое ў той час было ў ліку вядучых дысцыплін, аўтары статута гавораць як аб прадмеце, які не патрабуе самастойнага вывучэння і які трэба разглядаць толькі як сумежны прадмет з філасофіяй. «Варта аддаць перавагу, — пісалі педагогі, — не столькі самастойнаму вывучэнню багаслоўя... колькі сістэме асноўных пачаткаў хрысціянскай рэлігіі, пры тым трэба адкідваць суб"ектыўныя ацэнкі». (Для таго часу выказванне аб абмежаванні — хай сабе і не поўным — багаслоўя ў вучэбным працэсе было даволі смелым.)
У статуце адзначаецца неабходнасць развіваць у вучняў пачуццё сувязі навукі з жыццём, вучыць іх знаходзіць у тэксце асноўнае ядро. Авалодванне мовамі, галоўным чынам лацінскай і грэчаскай, слуцкія педагогі лічылі ўсеагульным сродкам, які дазваляе ўспрымаць спадчыну, разумець навуковыя працы, абараняць свой погляд, абвяргаць погляды супраціўнікаў. Матэматыцы адводзілася другарадная роля.
Шмат увагі аўтары статута адвялі пытанням красамоўства. Яны распрацавалі цэлую сістэму прыёмаў, якія выкладаюцца пункт за пунктам. Педагогі прапанавалі арганізоўваць у школе дыспуты, праводзіць дэкламацыі. Апанент, указвалі яны, павінен «пазбягаць рэзкасці, злых выпадаў... выкрыкаў... адным словам, паказаць сябе такім, як гэта патрабуе прыстойнасць, месца і навукі, якія называюцца гуманітарнымі».
У статуце родная мова ўключалася ў вучэбны план толькі дзеля таго, каб аблегчыць разуменне і ўспрыняцце моў, якія выкарыстоўваліся ў навуцы, а таксама для тлумачэння складаных з"яў і разваг. Каб вучні больш практыкаваліся ў вывучаемых мовах, ім забаранялася нават у час гульняў і адпачынку карыстацца роднай мовай. (Адзначым, што так было і ў Кракаўскім універсітэце, калі там вучыўся Ф. Скарына.)
Слуцкія педагогі адводзілі належнае месца фізкультуры і адпачынку вучняў. Дэвізам для іх служыла выказванне Платона: «Каб цела не гартавалася без розуму, а розум без цела».
У статуце гаворыцца і аб нормах паводзін у гімназіі, аб неабходнасці выканання ўнутранага распарадку. Ад вучняў патрабавалася дакладнасць запісаў усіх урокаў, а настаўнікам даручалася сістэматычна правяраць сшыткі па «анталогіі, фразеалогіі і лексіцы». Выкладчыкі павінны былі сачыць за тым, каб у практыкаваннях і сачыненнях захоўвалася стройнасць думак, доказаў, патрабаваліся выказванні па сутнасці, для таго «каб моладзь, у якой звестак мала, не запаўняла старонкі сваіх запісаў адным толькі бразгатаннем слоў і траскатнёй выразаў».
Аналіз статута паказвае, што ў ім утрымліваюцца многія палажэнні, якія дагэтуль нам былі вядомы ў асноўным па творах Яна Амоса Коменскага. Вось некаторыя з іх. Коменскі пісаў: «У школы трэба аддаваць не толькі дзяцей багатых ці знатных, але і ўсіх наогул». Ёсць, як мы бачылі, такое палажэнне і ў статуце Слуцкай школы. Новае ў Коменскага тут толькі тое, што ён прапануе вучыць не толькі хлопчыкаў, але і дзяўчат. Коменскі выступаў супраць схаластыкі і дагматызму, за ператварэнне школ у «майстэрні гуманнасці». А хіба пастулат слуцкіх педагогаў «не ўладарыць над розумам, а выхоўваць» не ёсць заклік ператварыць школы ў майстэрні гуманнасці?.. Усе тыя прадметы, якія Коменскі ўключаў у курс гімназіі, былі ў курсе Слуцкай навучальнай установы. Розніца ёсць, але невялікая. У Слуцкай гімназіі ў курсе значыцца матэматыка, а ў Коменскага — астраномія, геаметрыя, арыфметыка, фізіка. Класна-ўрочная форма навучання, якой карыстаўся Коменскі, у Слуцкай школе прымянялася з 1617 года. Палажэнне аб тым, што вучыць трэба грунтоўна і з навуковага матэрыялу апускаць усё неістотнае, захоўваючы толькі асноўнае, ёсць і ў Коменскага, і ў Слуцкім статуце.
Думаецца, што ўсе гэтыя важныя педагагічныя вынаходніцтвы належаць не аднаму Коменскаму ці слуцкім педагогам. Яны з"яўляюцца агульнымі дасягненнямі ўсёй прагрэсіўнай педагогікі.
У 1971 годзе беларуская даследчыца Ю. I. Прэнская адшукала ў Кракаве «Кароткі дапаможнік па красамоўству... для карыстання ў Слуцкай школе», напісаны на лацінскай мове Рэйнгальдам Адамі і выдадзены ў Любчы недзе ў 1629—1631 гадах. Як і статут Слуцкай школы, дапаможнік яшчэ не перакладзены на беларускую ці рускую мову. Аб яго змесце мы можам меркаваць па артыкулу Якава Парэцкага «Слуцкі кампендыум па рыторыцы». Як сведчыць аўтар артыкула, дапаможнік складаецца з невялікай прадмовы і трох частак. Усяго ў кнізе 71 старонка. У звароце, што адкрывае слуцкі «Кампендыум», піша Я. Парэцкі, гучыць голас чалавека, які ўстрывожаны заняпадам навук, распаўсюджваннем невуцтва ў смутныя часы контррэфармацыі.
Аўтар дапаможніка асуджае пануючыя колы грамадства за няўвагу да школьнай справы і раскрывае высакародныя імкненні слуцкіх педагогаў паставіць навуку на службу грамадскаму прагрэсу. «Жыццё найбольш плённае ў школа — гэтых майстэрнях чалавечых душ, тут захоўваецца гонар і талент чалавека», — гаворыцца ва ўступе. ІІершая частка дапаможніка носіць назву «Метад, пытанні, каноны», другая — «Вызначэнне ўсяго мастацтва красамоўства». У трэцяй частцы — «Спецыяльнае красамоўства» — аўтар знаёміць з практычным прымяненнем рытарычных прыёмаў. Апошняя частка ў сваю чаргу мае тры падраздзелы, у якіх разглядаюцца прыклады рытарычнага наследавання, змен і аналізу.
Каб чытачы мелі больш поўнае ўяўленне пра гэты дапаможнік, працытуем некаторыя мясціны з яго па артыкулу Я. Парэцкага. «Красамоўства ёсць мастацтва, якое вучыць прыгожа гаварыць», — так вызначае аўтар гэту навуку. Праводзячы мяжу паміж сапраўдным красамоўствам і падфарбаваным, паміж плённым красамоўствам і пустым, Рэйнгальд Адамі заўважае: «У аднаго мэта — дабро, у другога — гульня. Першае Платон рэкамендуе і ўхваляе як «шчырасць», другое адкідвае як манернасць». На пытанне, ці з"яўляецца троп падманам, у падручніку даецца адказ: «Троп — гэта ператварэнне, а не фальсіфікацыя рэчы».
Першыя дзве часткі дапаможніка пабудаваны ў форме пытанняў і адказаў. У ім праводзіцца мяжа паміж красамоўствам і логікай. На пытанне, чым адрозніваюцца красамоўныя вызначэнні, развагі, класіфікацыі ад лагічных, даецца адказ: «Гэтыя прыёмы ўжываюцца ў красамоўстве для ўпрыгожвання, узмацнення, а ў логіцы — для абучэння».
Аўтар «Кампендыума» перакананы, што мастацтва адлюстроўвае ўсё, з чым чалавек сустракаецца ў жыцці: «Усё, што ёсць у гутарковай мове, павінна быць таксама і ў мастацтве».
Якаў Парэцкі падрабязна аналізуе ўсе тры часткі дапаможніка і прыходзіць да думкі, што «для слуцкага «Кампендыума» характэрны нагляднасць, свежасць і даходлівасць прыкладаў, рэалістычнасць трактоўкі моўнага матэрыялу» і што гэты дапаможнік з"яўляецца першым помнікам прац па красамоўству ва Усходняй Еўропе». Нельга не згадзіцца з гэтымі вывадамі.