Заснаванне кальвінісцкага вучылішча
Канец XVI і пачатак XVII стагоддзя характарызаваліся магутным наступленнем каталіцызму, які з дапамогай Брэсцкай уніі 1596 года імкнуўся дэнацыяналізаваць і паланізаваць беларускі і ўкраінскі пароды. Вярхі праваслаўных духоўных і свецкіх феадалаў, каб зберагчы свае саслоўныя, эканамічныя і палітычныя пазіцыі, як правіла, падтрымалі ўнію. Рэдкім выключэннем быў той факт, слуцкі князь Юрый Алелькавіч да канца свайго жыцця заставаўся прыхільнікам беларускай культуры. Унію ён не прыняў. У канцы XVI стагоддзя гэты апошні ў мужчынскім калене прадстаўнік роду Алелькавічаў памёр. На княжацкі трон села яго дачка Софія. У 1600 годзе яна выйшла замуж за кальвініста князя Януша Радзівіла з умовай, што дзеці ад шлюбу будуць праваслаўнымі. Нарадзіўшы мёртвую дачку, Софія памерла. Слуцк і Слуцкае княства перайшлі ў рукі Януша VI Радзівіла. Адчуўшы сябе пасля смерці жонкі поўным гаспадаром у Слуцку і на Случчыне, ён 20 мая 1617 года выдаў грамату аб заснаванні ў горадзе рэфарматарскага храма і вучылішча пры ім. У грамаце, у прыватнасці, гаварылася: «Паведамляем гэтай нашай граматай усім наогул і кожнаму з людзей, як цяпер, так і на будучы час, што, жадаючы, каб багаслужэнне евангеліцкае... як мага больш павялічвалася, як у цэлай айчыне, так пераважна ў княствах і гарадах маіх, я задумаў у сваім горадзе Слуцку пабудаваць евангеліцкі храм... угледзеўшы для гэтага зручную мясціну ў Новым Горадзе, у Слуцку, на Зарэччы над ракой Случ... Для пабудовы евангелічнага храма і вучылішча для навучання хрысціянскага юнацтва даручыў я Юрыю Капушчэўскаму, Мінскаму стольніку, Слуцкаму старасту, каб ён вывез з бліжэйшых пушчаў бярвёнаў, прыгодных для пабудовы дамоў, і як мага хутчэй стараўся пабудаваць храм, жыллё для прапаведніка і памяшканне для вучылішча».
Так быў пакладзены пачатак існавання адной з старэйшых школ краіны. Месца для школы было выбрана зручнае і маляўнічае (цяпер гэта вуліца Камсамольская, 7). У той час побач са школай размяшчаўся княжацкі парк (сучасная тэрыторыя гарадской кацельні). Над рэчкай быў пасаджаны сад, а ў ім пабудаваны дом для настаўнікаў. Ад дзён заснавання школы, акрамя месца ды двух дубоў-волатаў, нічога не захавалася, бо першыя школьныя памяшканні былі драўлянымі. Дубы ж, якія былі пасаджаны ў той час ці крыху пазней, і сёння растуць на тэрыторыі школы. Іх захавалі і пры будаўніцтве новага будынка ў 1980 годзе.
Ёсць падставы меркаваць, што заняткі пачаліся з восені 1617 года, хоць новы будынак школы і не быў яшчэ ўзведзены. У адным дакуменце, напісаным у 1623 годзе, сустракаем запіс: «Школка: два пакоі, печ і вокны патрабуюць паправы (рамонту), гэтак жа і дах спарахнелы». Таму можна сцвярджаць, што школа спачатку працавала ў нейкім старым будынку і што воля князя аб будаўніцтвё школы не была выканана і праз шэсць гадоў пасля выдачы ім граматы. Калі быў пабудаваны першы новы будынак школы, мы дакладна не ведаем. Але вядома, што ён быў драўляны і прыгожы.
3 першых дзён працы школа залежала як ад свецкіх колаў, так і ад віленскага кальвінісцкага сінода. Двайное падпарадкаванне давала выкладчыкам пэўны прастор для творчасці, бо калі б школа залежала толькі ад кальвінісцкага сінода, то ён заглушыў бы прагрэсіўны струмень, які яўна назіраўся ў рабоце школы ўжо з першых дзён яе існавання.
Звычайна гісторыкі характарызуюць работу навучальных устаноў старажытнага перыяду па статутах. Гэта не лепшы спосаб асвятлення іх жыцця і дзейнасці, бо статуты — ідэал, да якога павінны імкнуцца школы. Пры адным і тым жа статуце вынікі працы часта бываюць рознымі. Па выніках работы Слуцкага кальвінісцкага вучылішча за 1617—1630 гады можна меркаваць, што яно адразу пачало працаваць на высокім узроўні. Так, праз 7—8 гадоў пасля пачатку заняткаў вучні ўжо маглі пісаць на лацінскай мове неблагія вершы. Гэта яркае сведчанне таго, што выкладчыкі нядрэнна рыхтавалі сваіх выхаванцаў. У 1625 годзе ў Любчы Слуцкае вучылішча выдала на лацінскай мове зборнік вершаў. У вершы «Да Слуцка» вучань школы Аляксандр Бянецкі пісаў:
«Слуцк, ты цветешь урожаем полей, изобильем и златом,
Градам соседним соперник единственный, ты впереди».
Дзве крыніцы фінансавання і двайное падпарадкаванне школы прывялі да таго, што з 1628 года тут дзейнічалі два статуты. 3 аднаго боку, быў статут евангелічных вучылішчаў, выконваць які патрабаваў сінод, і з другога — статут Слуцкай школы, выдадзены на лацінскай мове ў Любчы ў 1628 годзе. Сінодскі статут меў амаль манастырскі характар. Статут, выдадзены ў Любчы, вызначаўся свецкай накіраванасцю.
Якім жа з іх кіраваліся рэктар гімназіі і настаўнікі? Думаецца, адным і другім. Зразумела, евангелічны статут стаяў (афіцыйна) на першым месцы, бо быў зацверджаны сінодам і ўхвалены князем. Але ж князем быў ухвалены і статут Слуцкай школы; і хоць ён не быў зацверджаны, аднак яго выдалі друкарскім спосабам. Два статуты, безумоўна, выпрацавалі і рэгламентавалі жыццё школы, парадкі і сістэму навучання, якія і далі падставы называць гімназію «Слуцкімі Афінамі», «узорнай Слуцкай гімназіяй».
Евангелічны статут вызначаў кожны крок выхаванцаў згодна з тымі мэтамі, дзеля якіх было ўтворана вучылішча. Той, хто канчаў навучанне, павінны быў стаць прапаведнікам кальвінісцкага веравучэння, а некаторыя (пазней, калі была ўтворана гімназія) накіроўваліся ва універсітэты. Рэктар гэтай навучальнай установы і выкладчыкі абавязаны былі весці набожнае жыццё, каб падаваць «добры прыклад» вучням. Яны не павінны былі патураць ім, але у той жа час і не абыходзіцца сурова і жорстка. Выкладчыкам забаранялася пакідаць сцены школы да таго часу, пакуль у ёй заставаўся хоць бы адзін вучань. Кожную суботу настаўнікі і рэктар праглядвалі ў вучняў дзённікі, сачылі, каб усё належнае там было запісана. У час канікулаў настаўнікі працавалі са слабымі вучнямі па дзве гадзіны ў дзень. Выкладчыкі коратка перадавалі сваім выхаванцам сутнасць таго, што трэба было вывучыць, а апошгія запісвалі заданні ў асобныя сшыткі. Настаўнікі імкнуліся не перагружаць выхаванцаў, не даваць ім многа матэрыялаў для завучвання.
Аднак станоўчыя бакі педагагічнай дзейнасці былі магчымы не столькі з-за патрабаванняў статута, колькі ў выніку імкнення выкладчыцкага калектыву ажыццяўляць свае прагрэсіўныя намеры ў працэсе навучання і выхавання.
Настаўнік гімназіі за якую-небудзь правіннасць спачатку абкладваўся грашовым штрафам, а затым яму выносілася вымова ад імя абшчыны. Роль назіральнікаў і выхавальнікаў выконвалі вучні старэйшых класаў. Гэты парадак захоўваўся да XIX стагоддзя.