Краязнаўчы нарыс «Слуцк» Аляксандра Ельскага

Краязнаўчы нарыс «Слуцк» Аляксандра Ельскага

15.01.2014

У рускіх летапісах Случеск, Случск, у лацінскіх граматах Slucіа, Sluckum, калісьці цэнтр Слуцкага княства, з 1795 года павятовы горад Мінскай губерні. Знаходзіцца Слуцк пад 53°1' паўночнай шыраты і 45°13' усходняй даўгаты, на правым беразе ракі Случ, ля старой Маскоўска-Брэсцкай шашы, у мясцовасці роўнай, бязлеснай, урадлівай і багатай лугамі; на адлегласці 200 вёрстаў ад Мінска, 457 вёрстаў ад Варшавы і 738 вёрстаў ад Масквы. Бліжэйшая чыгуначная станцыя знаходзіцца за 144 вярсты ў Гарадзеі (Маскоўска-Брэсцкая чыгунка) і за 84 вярсты ў Ляхавічах (Палеская чыгунка). Рака Случ працякае за вярсту на ўсход ад горада, але ў адведзеным ад яе канале, які перасякае горад, падтрымліваецца даволі высокі ўзровень вады, таму на ім пабудаваны двухколавы млын.

Горад складаецца з трох частак: Старога горада, Новага горада, які завецца таксама Трайчанамі, і прадмесця Востраў. Ёсць яшчэ частка горада пад назвай Школішча, заселеная выключна яўрэямі. Паводле апошніх звестак, Слуцк мае 60 мураваных і больш за 1400 драўляных дамоў; 28 складоў (11 мураваных) і 361 краму (96 мураваных); да 20 000 жыхароў, у тым ліку каля 6600 праваслаўных, больш за 1300 католікаў, да 200 пратэстантаў, каля 40 магаметан, астатнія – яўрэі. У 1867 годзе ў горадзе было 1118 двароў (19 мураваных), 169 крамаў і 15 689 жыхароў (758 католікаў, 112 пратэстантаў, 10 магаметан, 5 406 яўрэяў); у 1877 годзе было: 21 мураваны і 1366 драўляных дамоў, 16 651 жыхар (4545 праваслаўных, 822 католікі, 154 пратэстанты, 39 магаметан і 10 881 яўрэй).

Тут знаходзяцца 6 цэркваў (тры прыходскія непасрэдна ў горадзе, дзве – сабор і царква, пры манастыры св. Тройцы ў прадмесці Трайчаны, і адна – у прадмесці Востраў), старажытны манастыр у Трайчанах, каталіцкі касцёл (былы бернардзінскі), дзве каталіцкія капліцы, два кальвінскія зборы (адзін – яшчэ фундацыі Януша Радзівіла, у гатычным стылі, са зграбнай вежай, другі – невялікі, існуе з 1852 г.), сінагога і дзесятак яўрэйскіх малітоўных дамоў.

У Слуцку ёсць 5 навучальных устаноў: васьмікласная класічная мужчынская гімназія (былая кальвінская школа), чатырохкласная мужчынская духоўная школа, пяцікласны прыватны жаночы пансіён, двухкласная яўрэйская школа з падрыхтоўчым класам, аднакласная прыходская школка. Далей, тут знаходзяцца публічная чытальня, клуб, гарадскі шпіталь на 15 ложкаў, турэмны шпіталь на 10 ложкаў, шпіталь дабрачыннага таварыства для 14 невылечнахворых.

У Слуцку размясціліся наступныя мясцовыя ўлады: паліцэйская ўправа, сельская валасная ўправа, кантора павятовага маршалка, канскрыпцыйная ўправа, з’езд міравых суддзяў, кантора міравых суддзяў 1-га і 2-га паліцэйскіх участкаў, а таксама судовага следчага 1-га паліцэйскага ўчастка; кантора Слуцкага праваслаўнага благачыння, каталіцкага дэканата і Беларускай кальвінскай акругі, управа яўрэйскай духоўнай воласці, гарадская ўправа, павятовая каса і, нарэшце, управа слуцкіх уладанняў князя Гогенлоэ, якія некалі належалі Радзівілам.

З грамадскіх арганізацый варта адзначыць дабрачыннае таварыства, заснаванае ў 1817 годзе вядомым пробашчам слуцкай фары былым езуітам Станіславам Шантырам. Калісьці вельмі актыўнае, у 70-я гады мінулага стагоддзя яно часова спыніла сваю дзейнасць, аднак дзякуючы руплівасці мясцовых жыхароў праз 12 гадоў зноў адрадзілася, паспяхова развіваецца і ўжо мае капітал да 20 000 рублёў. Апрача шпіталя таварыства ўтрымлівае ў мясцовай гімназіі да 40 вучняў і раздае грашовую дапамогу бедным. Фабрычная вытворчасць развіта слаба, яе прадстаўляюць тут 8 татарскіх гарбарняў, 4 бровары, 4 цагельні, 10 ганчарняў, мылаварня, фабрыка тытуню ніжэйшых гатункаў. Саматужнымі промысламі ў 1878 годзе займалася 280 чалавек: 70 выраблялі прадукты харчавання, 92 – адзенне і 118 – гаспадарчыя рэчы; абарот складае каля 20 000 рублёў. Гандаль, нязначны з прычыны аддаленасці горада ад чыгункі, цалкам знаходзіцца ў руках яўрэяў. Торг адбываецца кожную нядзелю, сераду і пятніцу, а кірмашы – чатыры разы на год: 9 мая на св. Мікалая, у дзень св. Тройцы, у дзевятую нядзелю пасля Вялікадня і 29 чэрвеня на святых Пятра і Паўла; аднак агульны абарот вельмі нязначны. Мяшчане, нават яўрэі, займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай і жывуць адносна заможна. Гораду належаць 653 дзесяціны зямлі (у 1867 г. – 1019 дзесяцін), вадзяны млын на Случы, дом і 29 крамаў, якія даюць больш за 1000 рублёў даходу. Слуцк знаходзіцца ў нізінным месцы, пасярэдзіне ракі, запруджанай у некалькіх месцах каля млыноў, і гэта вельмі неспрыяльна для здароўя мясцовых жыхароў. Слуцкая сельская воласць складаецца з 8 сельскіх акруг (старостваў), налічвае 791 двор і 3917 сялян мужчынскага полу, якія трымаюць 9 885 дзесяцін зямлі.

Гісторыя. Час заснавання Слуцка невядомы; верагодна, адбылося гэта яшчэ ў дагістарычны перыяд. Першае ўпамінанне пра Слуцк мы знаходзім у рускіх летапісах пад 1116 годам, калі ён быў спалены мінскім князем Глебам, які бунтаваў супраць вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха. У 1148 годзе ў Слуцку сядзеў адзін з сыноў вялікага князя кіеўскага Ізяслава, але пасля разгрому апошняга пад Пераяславам Слуцк дастаўся чарнігаўскаму князю Святаславу. У 1162 годзе Слуцк зноў вярнуўся да кіеўскай лініі ў асобе князя Уладзіміра, малодшага брата вялікага князя кіеўскага Расціслава, якога неўзабаве выгналі князі тураўскія, крывіцкія і інш. Потым Слуцк, гэтак жа як Наваградак і Заслаўе, перайшоў, верагодна, да Літвы, аднак невядома, ці стаў ён цэнтрам асобнага ўдзелу. У 1275 годзе мангольскія орды Мангу-Цімура, пакліканыя галіцкім князем Львом на дапамогу супраць літоўскага князя Трайдзеня, аб’ядналіся пад Слуцкам з дружынамі рускіх князёў. Пасля гэтага хронікі маўчаць пра Слуцк ажно да 1315 года, калі вялікі князь літоўскі Вітаўт надаў стрыечнаму брату Уладзіміру Альгердавічу Капыль з наваколлямі, куды ўваходзіў і Слуцк. Пры яго сыну Аляксандру (Алельку) Слуцк ужо набыў пэўнае значэнне, бо ў 1441 годзе Казімір Ягелончык надае яму магдэбургскае права.

Далейшае развіццё горада прыпынілі татарскія набегі. У канцы жніўня 1503 года 6000 татараў на чале з Беці-Гірэем напалі на Літву і аблажылі Слуцк, горад быў спалены. У 1504 годзе 3-тысячны татарскі загон разрабаваў горад, але гэтым разам слуцкі князь Сямён I з дапамогай Станіслава Кішкі, Альбрэхта Гаштольда і Юрыя Неміровіча нагнаў нападнікаў каля Прыпяці і разбіў ушчэнт. У часы ўладарання яго жонкі Анастасіі ў 1505 годзе адбыўся трэці, апошні і самы жахлівы набег татараў на Слуцк. Менглі-Гірэй з сынамі Беці-Гірэем і Бурнашам напаў на Літву, а гэтыя апошнія ў дзень Узнясення Багародзіцы спыніліся пад Слуцкам. Захапіць замак, які мужна бараніла княгіня Анастасія, яны не змаглі, але горад зруйнавалі. У 1508 годзе Слуцк быў спустошаны Міхалам Глінскім, які помсціў за адмову княгіні Анастасіі стаць яго жонкай. Пасля згасання роду Алелькавічаў у асобе Юрыя (памёр у 1586 г.) Слуцк як пасаг за дачкой Соф’яй дастаўся князю Янушу Радзівілу і з гэтага часу горад ператварыўся ў цэнтр кальвінізму на гэтых землях, сядзібу кальвінскіх суперінтэндантаў Наваградскай акругі.

У 1617 годзе Януш Радзівіл заснаваў у Новым горадзе, побач з пакінутай царквой св. Юрыя, кальвінскі збор. Крыштоф Радзівіл, апякун дзяцей Януша, адкрыў у 1625 годзе школу і семінарыю гэтага ж веравызнання, а ў 1630 годзе падараваў школе зямельныя ўладанні і надаў ёй статут, надрукаваны ў 1628 годзе ў Любчы. Сын Януша Багуслаў Радзівіл стаўся для Слуцка сапраўдным дабрачынцам. Пры ім у горадзе пасялілася нямала шатландцаў, якія значна пашырылі мясцовы гандаль, пачаўшы вывозіць свае вырабы ў самыя аддаленыя гарады Рэчы Паспалітай і нават у Расію і Германію.

У 1648 годзе Слуцк беспаспяхова асаджвалі казакі. У кампенсацыю за панесеныя страты горад у наступным годзе атрымаў падатковыя льготы. Апрача таго, Багуслаў Радзівіл дамогся ў Яна Казіміра аднаўлення гарадскіх правоў, і прывілей, выдадзены 27 жніўня 1650 года, забяспечвае гораду на вечныя часы магдэбургскае права, вызначае парадак абрання бурмістраў, радцаў, лаўнікаў, прызначае апеляцыі ў справах супраць памешчыка, зацвярджае, разам з іх статутамі і артыкуламі, купецкія і рамесныя цэхі ўжо існуючыя альбо тыя, што мусяць быць устаноўлены па волі памешчыка; загадвае карыстацца старажытным гербам Слуцкага княства: з выявай вершніка ў панцыры на белым кані, у чырвоным полі і з выцягнутым мячом, празванага Пагоньчыкам; дазваляе будаваць ратушу і крамы, устанаўляе агульныя меры вагі і, нарэшце, прызначае торг у панядзелак і ў суботу, а кірмаш – два разы на год: на дзве нядзелі перад масленіцай і на дзень св. Іллі. Прывілеі гэтыя ва ўзнагароду за вернасць горада Рэчы Паспалітай у поўным аб’ёме зацвердзіла соймавая канстытуцыя 1653 года. Гэты ж Радзівіл трымаў у Слуцку шматлікі добра ўзброены гарнізон, які складаўся з чатырох палкоў, на чале з губернатарам княства Вільгельмам Петэрсанам. Гэтыя жаўнеры, празваныя выбранцамі, набіраліся з вольнага люду, якому Радзівілы раздавалі навакольныя землі з адзінаю толькі ўмовай, каб здольная ваяваць моладзь, утрымліваючыся ўласным коштам, уваходзіла ў слуцкі гарнізон.

У час вайны, якую вёў Ян Казімір, дваццацітысячнае рускае войска на чале з князем Трубяцкім 2 верасня 1655 года аблажыла Слуцк. Каб зручней было абараняцца, начальнік гарнізона загадаў спаліць прадмесце Востраў, а Трубяцкой, прастаяўшы некалькі дзён каля горада і спаліўшы прадмесце Трайчаны, ад аблогі адмовіўся. 27 верасня таго ж года, падтрыманы пяцітысячным аддзелам казакаў, ён зноў аблажыў Слуцк, але, убачыўшы гатоўнасць да абароны, пасля трохдзённай аблогі адступіў ад горада.

Пасля гэтых падзей Слуцк атрымаў новыя свабоды і прывілеі. У 1661 годзе Слуцк на 4 гады быў вызвалены ад жаўнерскага пастою і падатку; у 1677 годзе – на 12 гадоў ад выплаты мыта і ўсіх пошлін, што пацверджана ў 1678 годзе. У 1717 годзе слуцкі яўрэйскі кагал плаціў 4 700 злотых падушнага.

20 сакавіка 1767 года ў Слуцку пад кіраўніцтвам генерала літоўскага войска Яна Грабоўскага была створана канфедэрацыя дысідэнтаў з мэтай аднаўлення належных ім грамадзянскіх і рэлігійных правоў.

У наступным годзе са Слуцка быў зняты абавязак трымаць гарнізон дзеля патрэбаў Рэчы Паспалітай, горад на вечныя часы вызваляўся ад надзвычайных падаткаў – акцызаў. З прычыны пажару і заняпаду горада сойм 1775 года на 10 гадоў вызваліў яго ад усіх падаткаў. Але галоўную ролю ў адраджэнні горада адыграла соймавая пастанова 1778 года, якая ператварыла яго ў цэнтр навастворанага Слуцка-Рэчыцкага павета. Павет гэты існаваў да 1793 года, потым Слуцк нядоўгі час уваходзіў у Нясвіжскі павет Мінскага намесніцтва, а ў 1795 годзе стаў цэнтрам Слуцкага павета. Да 1845 года Слуцк заставаўся ва ўласнасці князя Людвіга Сайн-Вітгенштэйна (мужа князёўны Стафаніі Радзівіл), потым яго выкупіў урад.

Дакладных звестак пра першыя слуцкія цэрквы няма. Толькі княгіня Анастасія Алелькавіч фундавала тут драўляную саборную царкву на так званым Капцы; у 1673 годзе, калі яна спарахнела, паставілі другую, але ў 1702 годзе яе спаліла маланка. Тут мусілі быць пахаваны парэшткі Юрыя III Алелькавіча (памёр у 1586 г.). У 1-й палове бягучага стагоддзя гэты драўляны сабор быў адбудаваны. А ў 1885 годзе распачата будаўніцтва вялікага мураванага храма. У 1748 годзе ў Слуцку было ажно 14 цэркваў (з капліцамі), фундаваных у розныя часы князямі Алелькавічамі: 1) св. Тройцы, пры манастыры на Трайчанах; 2) Праабражэння, з мужчынскім манастыром; пры гэтай царкве ў 1620 годзе іерусалімскім патрыярхам Феафанам было зацверджана брацтва; царква адбудавана ў 1628 годзе пасля пажару; 3) саборная Замкавая; 4) Божага Нараджэння; 5) св. Юрыя; 6) св. Мікалая, якой князь Юры дакументам ад 1553 года загадвае аддаваць мёд і дазваляе выкарыстоўваць пэўныя землі; 7) св. Варвары; 8) св. Міхаіла; 9) св. Іллі; 10) Уваскрэсення, якой Януш Радзівіл у 1611 годзе пацвярджае колішнія наданні – фальварак Меляшкевічы, сяло Пасеку з 9 слугамі і ў сяле Капачэвічы 1 слугу; 11) св. Іаана Хрысціцеля; 12) св. Сімяона; 13) св. Канстанціна; 14) св. Стафана. У 1748 годзе ўсім гэтым цэрквам зрабіла запісы жонка чарнігаўскага падстолія Рэгіна Горват. Праваслаўныя ў Слуцку не прынялі унію і гэтым самым аказвалі ўплыў на навакольнае насельніцтва. Пасля таго, як Слуцк у XVII стагоддзі перайшоў да Радзівілаў, дысідэнтаў Януша і Багуслава, а таксама ў часы валадарання дачкі Багуслава Людвікі Караліны і пазней – пфальцграфіні рэйнскай Лізаветы, дачкі апошняй, абедзвюх шчырых кальвіністак, цэрквы мелі самую зычлівую апеку. 20 сакавіка 1690 года княгіня Людвіка Караліна надала праваслаўным Слуцка-Капыльскага княства акт, які гарантаваў поўную свабоду веравызнання.

Першай каталіцкай фундацыяй быў парафіяльны касцёл (фара), ад якога пайшло зацяганае выслоўе, што «старэйша слуцкая фара, чым кальвінска вяра». Ён быў пабудаваны ў 1410 годзе з лістоўніцы князем Міхалам, сынам вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча, і ім жа ў 1439 годзе забяспечаны капіталам. У 1632 годзе касцёл быў асвечаны біскупам Слупскім. Тут захоўваецца памятная дашчэчка з лістоўніцы з прымацаванай да яе карткай, дзе запісаны адпаведныя гістарычныя даты. У 1666 годзе Казімір Клакоцкі заснаваў пры фары шпіталь, які падпарадкоўваўся архібрацтву св. Ганны. Пры гэтай фары у 1815–1845 гадах служыў пробашчам былы езуіт ксёндз Станіслаў Шантыр. Яму Слуцк абавязаны заснаваннем дабрачыннага таварыства, якое існуе да сённяшняга дня, ім створаны сельскагаспадарчыя пасяленні ў маёнтках Чабусы і Келя, што належалі фары і, нарэшце, па яго ініцыятыве адчыняліся вясковыя школкі. Фарны касцёл існаваў да 1852 года, калі з прычыны струхлеласці ён быў закрыты, а набажэнствы перанесены ў былы бернардзінскі касцёл. З матэрыялаў, што засталіся ад разабранага касцёла, пабудавалі каплічку над касцельным склепам, у якім спачывае губернатар Слуцкага княства Казімір Клакоцкі (памёр у 1684 годзе). Паводле Каяловіча, касцёл і кляштар бернардзінцаў фундаваў у 1639 годзе староста мазырскі Людвік Аскерка, якога Балінскі памылкова называе Самуэлем, суддзёй земскім мазырскім. А храніст віленскіх бернардзінцаў Копаць прыпісвае фундацыю кляштара князю Багуславу Радзівілу нібыта ў 1661 годзе. Існуе дакумент, які пацвярджае запіс Аскеркі на карысць бернардзінскага храма. Касцёл, здаецца, пацярпеў ад пажару і, паводле афіцыйных крыніц, у 1820 годзе быў адбудаваны з цэглы ўжо як касцёл св. Антонія. Гэта мураваны гмах з высокімі, закругленымі ўверсе вокнамі, без вежы, з верхавінай, якая спераду выступае па-над дахам і заканчваецца крыжам, а ніжэй з абодвух бакоў знаходзяцца бляшаныя урны. Усярэдзіне скляпенне закругленае, яго падтрымліваюць 8 калон. Цяпер пры касцёле знаходзіцца парафія слуцкага дэканата, якая налічвае 4200 вернікаў, мае філію ва Урэччы (Бабруйскі павет), капліцы: на месцы пры могілках, у Чавусах, Поклічах, Юркавічах, Балочыцах і Вінніцах. Раней капліцы існавалі таксама ў Пагосце, Белічах, Ванькоўшчыне і Рачкевічах.

Езуітаў запрасіў у Слуцк стольнік камянецкі Станіслаў Чобар Ляшчынскі, а ў 1696 годзе Марыяна Бекер, жонка тагачаснага слуцкага губернатара, і пазней Эльжбета Слонская, жонка падчашага віцебскага, забяспечылі ордэн капіталам, а староста рэчыцкі Геранім Клакоцкі, зрабіўшыся езуітам, пабудаваў у 1704 годзе для ордэна драўляны храм св. Духа. У 1707 годзе езуіцкаму кляштару быў нададзены статус калегіума, а манахі ў суседнім Замосці атрымалі місію. Клакоцкі не толькі аддаў братам пад калегіум уласны дом у Слуцку, але, паміраючы ў 1721 годзе, завяшчаў ім значны капітал на мэты выхавання збяднелай шляхецкай моладзі. Дзеля вядзення прапаганды езуіты заснавалі друкарню, а адпраўляючы набажэнствы, дыскутуючы з іншаверцамі і выдаючы кніжачкі духоўнага зместу, пашыралі сваё веравызнанне, асабліва ў правінцыі. Пасля скасавання ордэна храм у руках белага духавенства праіснаваў да 1804 года, калі пажар знішчыў яго дашчэнту.

Пратэстанцкае веравызнанне пашырылася ў Слуцку ў сярэдзіне XVI стагодзя. Князь Януш Радзівіл каля 1615 года фундаваў тут збор, верагодна перароблены з нейкага касцёла, як мяркуе Лукашэвіч на падставе таго, што ў 1709 годзе слуцкі пробашч ксёндз Мантэцкі ўзбудзіў супраць кальвіністаў справу пра храм. Сын Януша Багуслаў, канюшы літоўскі, ператварыў Слуцк у асяродак пратэстантызму і, сярод іншых, тут знайшлі прытулак шматлікія сем’і шатландскіх эмігрантаў. Слуцкі збор быў кафедрай Літоўскай правінцыі, пры ім заўсёды жылі трое міністраў, якія атрымлівалі штогод па 2184 злотых з сумы, пакінутай паводле тастамента Людвікай Радзівіл, княгіняй нойбургскай. Езуіты падбухторвалі школьную моладзь супраць іншаверцаў, таму ў 1724 годзе кальвіністы звярнуліся са скаргай на іх да караля, просячы выдаліць са Слуцка ордэн, які парушае грамадскі спакой. Гэты ж аўтар мяркуе, што кальвінісцкую школу заснаваў каля 1626 года князь Крыштоф Радзівіл, брат князя Януша. Школа гэтая належала да вышэйшых навучальных устаноў кальвінісцкага веравызнання ў Літве. Першым яе рэктарам быў Андрэй Музоній, а за ім па чарзе Рэйнальд Адам, Ярэма Сіліній, Якаў Таўбман, Якаў Інгліс (1715). Падрабязнасці пра тагачасную кальвінісцкую школу прыводзіць Лукашэвіч. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай слуцкая школа не спыніла свайго існавання, і ў 1801 годзе яе скончыў вядомы даследчык старажытнага славянства, родам случак, Адам Чарноцкі (Зарыян Даленга-Хадакоўскі). Прафесарамі ў гэты час тут былі Талавінскі, Немановіч, Пятроўскі. У 1809 годзе школа перароблена ў павятовае вучылішча, а ў 1827 годзе – у гімназію пад кіраўніцтвам вядомага вучонага, ксяндза Леапольда Ваноўскага. Тут выкладалі Главацкі, Цэраскі, Вагнер, Міладоўскі, Курнатоўскі, Кунцэвіч, Герман, Калыша і інш., іх вучнямі былі, у прыватнасці, Антоні Пяткевіч (Плуг), Аляксандр Валіцкі, Аляксандр Аскерка. У 1881 годзе ўрад выкупіў гімназічны будынак, і на гэтым уплыў кальвінісцкай абшчыны цалкам спыніўся. Сёння гімназія налічвае да 300 вучняў. Калісьці кальвіністы мелі ў Слуцку два драўляныя зборы, якія неаднойчы аднаўляліся пасля пажараў. Чвэрць стагоддзя таму быў пабудаваны прыгожы мураваны храм, у якім захоўваецца шмат цікавых памятак мінулага, а таксама знаходзіцца памятная дошка ў гонар Леапольда Ваноўскага (памёр у 1849 годзе і пахаваны на пратэстанцкіх могілках непадалёк ад горада). Да 1885 года доўгі час тут быў прапаведнікам вучоны, вядомы бібліяфіл, уладальнік багатага збору рэдкіх польскіх выданняў ксёндз Юльян Бергель. Ён сабраў і размясціў у бабінцы касцёла больш за 3000 каштоўных кніг і брашур. Тут былі цікавыя рукапісы, у тым ліку сінадальныя акты пратэстанцкай царквы Літоўскай правінцыі, пачынаючы з 1544 года, якія першапачаткова складаліся на лаціне, а з 1561 года па-польску міністрамі Сільвіем, Вянгерскім і інш., а таксама акты слуцкага магістрата 1655 года, часоў аблогі горада князем Трубяцкім. Пасля смерці ўладальніка спадкаемцы прадалі гэтыя зборы антыкварам.

Бантке, грунтуючыся на словах Пасевіны і Гофмана, сцвярджае, што першая друкарня ўзнікла ў Слуцку ў 1581 годзе, аднак іншыя крыніцы гэтага не пацвярджаюць, а Лялевель адносіць стварэнне друкарні да 1674 года, Лукашэвіч жа лічыць часам яе заснавання прыкладна 1670 год, калі Слуцкам валодаў Багуслаў Радзівіл. Яго дачка Людвіка Караліна, княгіня нойбургская, шчырая кальвіністка, у 1693 годзе падаравала яе пратэстанцкай царкве. Друкарня першапачаткова знаходзілася ў Кейданах. У 705 годзе яе перанеслі ў Каралявец. У друкарні гэтай, калі яна яшчэ дзейнічала, было надрукавана некалькі свецкіх твораў, якія згадвае Бантке. Другая друкарня ўзнікла тут у пачатку XVIII стагоддзя дзякуючы руплівасці езуітаў і працавала, здаецца, да часу скасавання ордэна ў 1775 годзе. Руская друкарня, пра якую Лукашэвіч згадвае асобна, верагодна ўвогупе не існавала, а вось пры манастыры ў Трайчанах мусіла быць школа перапісчыкаў літургічных кніг, і князь Юры Алелькавіч быццам бы вызначаўся ў гэтым мастацтве. У царкве на Трайчанах захоўваецца перапісанае яго рукой Евангелле, хораша і багата апраўленае і датаванае 1581 годам.

Надзвычай шмат для ўздыму горада ў 1-й палове XVIII стагоддзя зрабіў падчашы літоўскі Геранім Фларыян Радзівіл. Пры яго двары існаваў тэатр; ён упрыгожваў горад і трымаў тут і ў суседнім Нясвіжы да 10 000 жаўнераў. Радзівіл быў руплівым адміністратарам, і гэта яму Слуцк абавязаны слыннай фабрыкай персідскіх паясоў. Першыя ўзоры, створаныя пад кіраўніцтвам нейкага Яна Маджарскага, фабрыканта з Турцыі, з’явіліся каля 1750 года. Колькасць майстэрняў даходзіла да 25, а майстроў пазней рыхтавалі з мясцовых мяшчан. Фабрыку першапачаткова арандаваў Маджарскі, выплочваючы князю штогод 10 тысяч злотых. Пасля Яна Маджарскага фабрыкай кіраваў яго сын Леан. У часы князя Кароля Пане Каханку, які апекаваўся гэтай «персіярняй», штогод выраблялася адных толькі залататканых паясоў коштам ад 5 да 50 дукатаў, па 200 штук. Пасля Маджарскіх кіраўніцтва фабрыкай перайшло да мясцовага мешчаніна Каролькі, які жыў пад Слуцкам у радзівілаўскім фальварку Сёлка. Апошнім дырэктарам фабрыкі быў нейкі Барсук (памёр каля 1823 года). У пазнейшы перыяд існавання фабрыкі паясы пазначаліся літарамі F.S., што значыла «Factus Sluciae». Існуе план Слуцка іn fоlio без даты. Пра Слуцк пісалі апрача Балінскага і Лукашэвіча Вінцэнт Каратынскі, Міхаіл Гаўсман, а таксама «Памятная кніжка», Кіркор, «Жывапісны агляд» (т. III). Звесткі пра цэрквы і манастыры змешчаны ў працы архімандрыта Мікалая «Гістарычна-статыстычнае апісанне Мінскай епархіі».

Слуцкае княства. На больш як дваццацімільным абшары, ад вытокаў Нёмана да месца ўпадзення Случы ў Прыпяць, на якім узнікла Слуцкае княства, у Наваградскім ваяводстве, жыло ў дагістарычныя часы славянскае племя дрыгавічоў, а цэнтрам яго быў Клечаўск, сучасны Клецк з прылеглым слуцка-капыльскім удзелам. Дрыгавічы, як і іншыя плямёны, перад нашэсцем варагаў мелі, верагодна, сваіх мясцовых уладароў. Старажытная гісторыя Слуцкай зямлі пасля захопу яе варагамі невядома. Захаваліся толькі звесткі, што Случчына ўвайшла ў склад Валынскага княства і, здаецца, пад 1127 годам у хроніцы ўпершыню згадваецца Клецк, уладальніка якога Вячаслава Яраславіча вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч паклікаў на дапамогу супраць Полацкага княства. У 1142 годзе Клецк і Чартарыйск атрымаў Святаслаў, сын вялікага князя кіеўскага Усевалада Ольгавіча, але неўзабаве ён адмовіўся ад гэтага ўдзелу дзеля Уладзіміра. Пра Слуцк у гэты перыяд нічога не чутно, таму мы не ведаем, ці з’яўляўся ён асобным удзелам, ці, можа, быў аб’яднаны з Клецкай зямлёй. Аднак другое меркаванне выглядае больш верагодным, бо праз 7 гадоў, менавіта ў 1149 годзе, суздальскі князь Юры Уладзіміравіч Далгарукі, разбіўшы пад Пераяславам вялікага князя кіеўскага Ізяслава Мсціславіча, аддаў Слуцк, Клецк і інш свайму саюзніку чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу і выдаў сваю дачку за ягонага сына Алега, а ў 1155 годзе аддаў у валоданне Святаславу пагранічны са Слуцкам Мазыр. Але гэтым разам Мазырская зямля, відаць, не ўтрымалася за Святаславам, бо ў 1158 годзе вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Давыдавіч надае яе Святаславу паўторна. Святаслаў памірае каля 1160 года, і невядома, якім чынам слуцкі ўдзел заняў цяпер саюзнік вялікага князя кіеўскага Ізяслава Давыдавіча Уладзімір Мсціславіч, але ў 1161 годзе новы вялікі князь кіеўскі Расціслаў забраў у яго гэты ўдзел узамен за пяць гарадоў на Кіеўшчыне. У гэтым жа 1161 годзе саюзнік Расціслава полацкі князь Рагвалод, разбіты пад Гарадком мінскімі Глебавічамі, схаваўся ў Слуцку. На гэтым асобныя згадкі ў хроніках пра ўладаранне варажскіх князёў на зямлі дрыгавічоў абрываюцца, потым наступае перапынак у 150 гадоў. Якраз у гэты перыяд Літва заняла славянскія землі над Нёманам, Прыпяццю, Бярэзінай і Дняпром і, такім чынам, ужо ў XIII стагоддзі наблізілася да Кіева. У 1395 годзе Уладзіміра, сына князёўны віцебскай Марыі, пазбавіў кіеўскага ўдзелу Вітаўт, аддаўшы яму Капыльска-Слуцкую зямлю, што цягнулася ад вытокаў Нёмана па Арэсе і да вусця Случы. Відавочна, Уладзімір першы паспрыяў уздыму Слуцка, прычым Капыль застаўся на другім плане. З гэтага часу пачынаецца ўжо больш пэўная гісторыя Слуцка.

Ад Уладзіміравага сына Алелькі (Аляксандра) пайшло найменне слуцка-капыльскіх князёў Алелькавічаў. Клецкі ўдзел, які калісьці зазнаў тую ж долю, што і Слуцк, заставаўся пад уладай вялікіх князёў літоўскіх ажно да таго часу, калі яго атрымалі ад Жыгімонта Аўгуста Радзівілы. Алелькавічы засядалі ў літоўскім сенаце, а на соймах займалі месцы, паводле канстытуцыі 1572 года, адразу ж за біскупамі віленскімі. Жыгімонт, малодшы брат Вітаўта, пазбавіў князя Аляксандра Алелькавіча капыльска-слуцкага ўдзелу і зняволіў у Кернаве, а яго жонку разам з дзецьмі пасяліў ва Уцянах. Пасля смерці Жыгімонта (1440), калі зноў паўстала пытанне кандыдатуры на велікакняжацкі трон, літоўскія паны другі раз прасілі караля за Алельку Уладзіміравіча. Але княства ўзяў тады Казімір Ягелончык, а Алелька, вярнуўшы сабе свабоду і маёмасць, атрымаў, апрача таго, у 1443 годзе ў пажыццёвае валоданне бацькоўскі Кіеў. Пасля яго смерці ў 1454 годзе старэйшы сын Сямён, жанаты з пінскай князёўнай Марыяй, застаўся ў Кіеве дзякуючы наданню Казіміра Ягелончыка. Малодшы ж Міхал узяў Слуцк і Капыль. Жыццё яго скончылася трагічна, бо за ўдзел у змове супраць караля Казіміра ён быў пакараны смерцю ў канцы 1481 года. Яго ўдава княгіня Ганна ў 1483 годзе атрымлівае ад караля Казіміра прывілей, які абавязвае князёў і баяраў служыць ёй, як да гэтага яны служылі князю Міхалу. Княгіня Ганна жыла яшчэ ў 1493 годзе разам з сынам Сямёнам Міхайлавічам, пра што сведчаць прывілеі, выдадзеныя ёю ў Слуцку. У 1499 годзе князь Сямён Міхайлавіч мусіў бараніць свае ўладанні Слуцк і Капыль, на якія прэтэндавала ўдава яго дзядзькі пінская княгіня Марыя. Ён быў жанаты з княгіняй Анастасіяй, дачкой апошняга мсціслаўскага князя Івана Юр’евіча. Ужо быўшы ўдавой, яна праславілася мужнай абаронай Капыля ў час нашэсця ў 1505 годзе на Случчыну татараў, адбіццём нападу на Слуцк Міхала Глінскага, які дамагаўся яе рукі, і яшчэ адной перамогай над татарамі ў 1508 годзе. Унук гэтага Сямёна Юры II Алелькавіч меў з Кацярынай Тэнчынскай, дачкой ваяводы кракаўскага, трох сыноў: Юрыя III, Яна-Сямёна і Аляксандра. Гэты апошні ўзяў пасля бацькі Петрыкаў і прадмесце Востраў у Слуцку; удзел Яна, здаецца, знаходзіўся па-за межамі Случчыны, а ў Слуцку ён узяў прадмесце Трайчаны. У Слуцка-Капыльскім княстве застаўся Юры III, жанаты з дачкой ваяводы падляскага Барбарай Кішка, а пасля яго смерці ў 1586 годзе ўдзел гэты перайшоў да ягонай адзінай дачкі Соф’і Алелькавіч, якая атрымала таксама спадчыну пасля бяздзетных дзядзькоў-католікаў Аляксандра (памёр у Кракаве ў 1591 г.) і Яна (памёр у Любліне ў 1592 г.).

Князёўна Соф’я апынулася ў цэнтры інтрыг вяльможаў, мэтай якіх было завалоданне яе вялізным пасагам. Пасля смерці бацькі апекунамі Соф’і сталі яе сваякі Хадкевічы. Вінаватыя значныя сумы Радзівілам, яны вырашылі, скарыстаўшы сваю выхаванку, не толькі разлічыцца з даўгамі, але і штосьці пры гэтым зарабіць. Было заключана пісьмовае пагадненне паміж апекуном князёўны старостам жамойцкім Юрыем Хадкевічам і ваяводам віленскім Крыштофам Радзівілам, якое прадугледжвала выданне князёўны замуж за сына ваяводы Януша Радзівіла пасля дасягнення ёю паўналецця ў дзень 6 лютага 1600 года. Неўзабаве памёр староста жамойцкі, а яго брат Геранім Хадкевіч, прыняўшы на сябе апеку над князёўнай, аднавіў пагадненне з Радзівіламі, прычым князю Янушу дазвалялася бачыцца з паненкай, якая жыла тады ў Вільні ў доме Хадкевічаў. Усё ішло гладка, але калі Радзівілы пачалі неабачліва дамагацца ад Хадкевічаў за даўгі Копыся пад Оршай, тыя, абураныя, разарвалі адносіны паміж князёўнай Соф’яй і князем Янушам. Абодва бакі, нават не думаючы пра ўступкі, самым сур’ёзным чынам пачалі рыхтавацца да грамадзянскай вайны. Вербаваліся чужаземныя войскі, збіраліся натоўпы прыхільнікаў. Ян Замойскі нават прыслаў Радзівілу 200 коней. Радзівілы ўзброілі 6000 наёмнікаў, а Хадкевічы сабралі ў сваім віленскім палацы 3000 узброеных людзей. Кароль Жыгімонт, даведаўшыся, куды хіляцца справы ў Вільні, паслаў туды міратворцаў: біскупа жамойцкага Гедройца, маршалка вялікага кароннага Дарагастайскага і падскарбія літоўскага Завішу. Урэшце Хадкевічы пайшлі на міравую. Былі скасаваны ўсе прэтэнзіі Радзівілаў да Хадкевічаў, а апошнія вызвалены ад апякунства; апрача таго, Хадкевічы атрымалі 360 080 злотых гатоўкай і 500 валок зямлі навечна, а князёўна Соф’я 1 кастрычніка 1600 года ў Брэсце была выдадзена замуж за князя Януша Радзівіла. Сямейнае жыццё княгіні было сумотным, і ў росквіце жыцця 9 сакавіка 1612 года яна памерла ў Амялёве (ці Амельне над Пціччу, цяпер у Ігуменскім павеце), пражыўшы няпоўныя 26 гадоў. Перад смерцю княгіня запісала мужу свае вялізныя ўладанні, і ў выніку Слуцкае княстза перайшло ў дом Радзівілаў. Узбагачаны з ласкі жонкі, князь Януш Радзівіл адразу ж пасля яе смерці ўступае ў новы шлюб. Усё гэта распальвае зайздрасць Хадкевічаў, якія знаходзіліся ў сваяцтве са згаслым родам Алелькавічаў. На канюшым літоўскім Багуславе, сыне князя Януша і немкі, скончылася гэтая галіна Радзівілаў па мужчынскай лініі. А дачка Багуслава Людвіка Караліна, выдадзеная за рэйнскага пфальцграфа, прынца нойбургскага Карла Філіпа, абмінаючы каралевіча Якуба, прынесла мужу ў пасаг Слуцка-Капыльскае княства разам з Біржанскім графствам у Трокскім ваяводстве. Пасля смерці ў 1695 годзе княгіні Людвікі Караліны літоўскія ўладанні перайшлі да яе адзінай дачкі Лізаветы Аўгусты, і з гэтага часу пачынаецца новая грамадзянская вайна за Случчыну паміж пфальцграфам, бацькам і апекуном Лізаветы, з аднаго боку, і Радзівіламі і Сапегамі, з другога, якая скончылася пагадненнем і выкупам у 1744 годзе нойбургскіх земляў Радзівіламі.

Паводле тагачаснага дакумента, княства Слуцкае і Капыльскае ўключала наступныя радзівілаўскія вёскі і фальваркі:
А) Слуцкія ўладанні: Балочыцы, Бялевічы, Баслаўцы, Бранчыцы, Бранава, Боркі, Балочна Вялікая, Балочна Малая, Белічы, Бальшэц, Цялявічы, Чэрнева, Хлядавічы, Цярошкі, Хрэнава, Дарашкевічы, Доркі, Дрынкі, Гледкі, Грычынавічы, Гарадзятычы, Юравічы, Юркавічы, Іслочка, Івань, Качалаў, Кляшчаны, Кароліна, або Паздзёр, Каты, Крынкі, Ленін, Лютавічы, Лучнікі, Латкаўшчына, Лазаўшчына, Манькаў, Мусічы, Міхейкі, Мілішкевічы, Мазалі, Морач, Мількавічы, Макавічы, Мяцевічы, Навадворцы, Гізаўка, Непачытовічы, Неклапаўшчына, Абрусавічы, Прусы, Пагост, Папярова, Пашкаўшчына, Прошчыцы (аддадзены кальвінскаму збору), Палужжа, Парэчча, Пратасевічы, Рачкевічы, Радзятычы, Рухаў, Сліва, Шумятычы, Слаўковічы, Стрыж, Смолкаў Вялікі, Смолкаў Малы, горад Слуцк з фальваркамі, Сёлка, Сцулякі, Спаскае, Садовічы, Старобін, Старча, Урэчча, Ушалавічы, Вызна, Вясея, Васілінцы Выбранецкія і Ванькаўшчына;
Б) Капыльскія ўладанні: Адамавічы або Вагрымаўшчына, Бібакоўшчына, Балговічы, Бабоўня, Бязлабікі, Цяцеравічы, Чыжэвічы, Доктаравічы, Дараговічы, Дэлятычы, Гішкавічы, Грозаў Малы, Ізва, Якубавічы, горад Капыль з фальваркамі, Класоўшчына, Кабылічы, Келя (належыць Слуцкай плябані), Какорычы, Краяўшчына, Кунцаўшчына, Любча (горад і ўладанні), Латкаўшчына, Лагнытаўшчына, Малышкаўшчына, Мардвілоўшчына, Адкаловічы, Асташын, Драўляны, Пясочна, Палужжа, Паўбераг, Прывода, Раманаў (горад з фальваркамі), Рыме, Русакі, Старыца, Слабодка, Свідзічы, Свінка, Шастакі, Скабін, Усаў, Вераскова, Завушэнне і Завулкі. Агулам 127 населеных пунктаў, у тым ліку 18 гарадоў і мястэчак.

Усе гэтыя ўладанні сталі алодыяй ардынатаў нясвіжскіх з дому Радзівілаў і пасля смерці апошняга па прамой лініі ардыната Дамініка, сына Гераніма, зводнага брата князя Кароля Пане Каханку, перайшлі да яго адзінай ад Тэафілі Мараўскай дачкі Стафаніі. Паколькі ў 1812 годзе князь Дамінік апынуўся за мяжой, яго ўладанні былі секвестраваны. Аднак паводле ўказа імператара Аляксандра I, выдадзенага 24 лютага 1814 года ў Шамо, Нясвіжская ардынацыя была вернута дому Радзівілаў з прускай лініі, а аладыяльныя ўладанні, пасля задавальнення крэдытораў, мусілі скласці пасаг князёўны Стафаніі, якую ўзяла ў сваю апеку імператрыца Марыя. Пад уплывам двара з ёю ажаніўся граф Людвіг Леан Вітгенштэйн, які крыху пазней атрымаў тытул князя. Перад смерцю княгіня Стафанія запісала ўладанні мужу. Пасля смерці князя Людвіга Вітгенштэйна Случчыну атрымаў яго адзіны сын князь Пётр, які, паміраючы ў 1887 годзе халастым, у тастаменце адмовіўся ад усіх правоў на карысць сваёй роднай сястры княгіні Гогенлоэ, жонкі намесніка Эльзаса і Латарынгіі.

1889

 

Публікуецца па выданні Ельскі, А. Выбранае.
- Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004

Тэкст падрыхтавалі:
Анатоль ЖУК і Уладзімір ХВОРАЎ