Марыя Львоўна Вітгенштэйн-Гогенлоэ (16.02.1828 – 21.12.1897)

Княгіня Марыя Львоўна Вітгенштэйн жыла ў Германіі. Па веравызнанню была лютэранкай. Яна стала жонкай германскага князя Хлодвіга Карла Віктара Гогенлоэ (1819-1901), які займаў адказныя дзяржаўныя пасады і ўрэшце стаў імперскім канцлерам. У Марыі і Хлодвіга нарадзіліся два сыны.
Ні Пётр Вітгенштэйн, ні Марыя Вітгенштэйн-Гогенлоэ да Слуцка (пасля таго, як ад іх бацькі горад перайшоў у казну) ужо дачынення не мелі. На Случчыне з'яўляліся новыя землеўладальнікі, таму што і Вітгенштэйны, і Гогенлоэ патроху зямлю распрадавалі. Тым не менш, яны на працягу XIX ст. заставаліся буйнейшымі землеўладальнікамі на Случчыне. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў маёмасць Вітгенштэйнаў-Гогенлоэ ўжо была або выкуплена дзяржавай, або перайшла да розных прыватных асоб. Памерла княгіня Марыя і пахавана ў Берліне. Яе сыны, як замежныя грамадзяне, правоў мець маёмасць у Расійскай імперыі ўжо не мелі.
Апошнія гаспадары і ўладальнікі – і Вітгенштэйны, і Гогенлоэ – не ўплывалі істотна на эканамічнае і культурнае жыццё Случчыны. Для іх яна ўжо была замежнай маёмасцю, у якой уладальнікі краю бачылі толькі крыніцу сваіх матэрыяльных выгод. Сам Слуцк на працягу XIX ст. усё больш і больш адставаў у эканамічным і культурным жыцці ад іншых буйных беларускіх гарадоў і на пачатку XX ст. ужо ўяўляў сабою патрыярхальную глыбінку. Гэта, аднак, спрыяла захаванню шматлікіх помнікаў старасвеччыны, што дазволіла даследчыкам на пачатку ХХ ст. гаварыць: «Слуцк – гэта горад-музей».