Леў Пятровіч Вітгенштэйн (1799–1866)

Леў Вітгенштэйн належыў да старадаўняга германскага арыстакратычнага роду. Яго дзед падчас вайны трапіў у рускі палон і пайшоў на царскую службу. Бацька таксама служыў у царскім войску, стаў героем Айчыннай вайны 1812 г.
Пры Льве Вітгенштэйне ў 1834 г. нарэшце было вырашана пытанне з выбранецкімі вёскамі. Іх жыхары царскім урадам прызнаваліся вольнымі, але павінны былі плаціць за карыстанне зямлёй. Пры Вітгенштэйне скончылася і шматвяковая гісторыя прыватнаўладальніцкага горада Слуцка. Як вядома, торг за яго пачаўся яшчэ ў 1803 г., але толькі ў 1846 г. горад быў выкуплены ў дзяржаўную казну.
У 1861 г. у Расійскай імперыі адмянілі прыгоннае права, вольнымі сталі і сяляне. Аднак галоўным землеўладальнікам на Случчыне заставаўся Вітгенштэйн. 3 1866 г. пасля смерці Льва Вітгенштэйна яго ўладанні перайшлі дзецям.
Сын Льва Вітгенштэйна Пётр Львовіч дзяцей не меў, таму пасля смерці, з 1887 г., яго частка спадчыны перайшла да сястры Марыі.