Дамінік Радзівіл (4.8.1786–11.11.1813)
Унук «Рыбанькі» князь Дамінік Радзівіл нарадзіўся ў Бялай. Ён быў сынам Гераніма Вінцэнта Радзівіла (1759–1786) і княгіні Сафіі Турн-Таксіс. Калі меў пяць гадоў ад роду, яму дасталіся ў спадчыну ўладанні Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку».
У выніку трох падзелаў (1772, 1793, 1795 гг.) Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты Еўропы. Яе тэрыторыю ўключылі ў свой склад Аўстрыя, Прусія і Расія. Раскіданымі па розных краінах аказаліся і ўладанні князя Дамініка Радзівіла. Большасць яго земляў, у тым ліку і Случчына, знаходзіліся ў Расійскай імперыі.
Для выхавання малалетняга княжыча Дамініка, які к таму часу застаўся без бацькоў і нагляду за яго землямі, былі назначаны тры апекуны, а па спаўненню паўналецця ён прыняў прысягу і атрымаў званне камергера (старэйшы прыдворны ранг) пры двары рускага імператара. Сучаснікі ўспаміналі яго як прыгожага маладога чалавека, аднак адзначалі, што адукацыю ён меў даволі павярхоўную, быў разбалаваны сваімі багаццямі і еўрапейскім бытам. Яго першая жонка – графіня Ізабэла Мнішак, другой стала Тэафілія Мараўская, ад якой нарадзілася дачка Стэфанія. Быў ад Тэафіліі Мараўскай у князя таксама пазашлюбны сын Аляксандр.
У 1807 г., пасля перамогі рэвалюцыйнай Францыі над Прусіяй, Напалеон у прапагандысцкіх мэтах стварыў марыянетачнае Варшаўскае княства. Многія, пераважна маладыя патрыёты былой Рэчы Паспалітай, убачылі ў княстве пачатак адраджэння сваёй страчанай краіны і імкнуліся ў Варшаву. Быў сярод іх і Дамінік Радзівіл. На свае сродкі ён у 1810 г. стварыў і ўзначаліў у Варшаве кавалерыйскі полк. А ў 1812 г., калі пачаўся паход Напалеона ў Расію, разам з ім і Дамінік рушыў са сваім палком.
У рускім паходзе Радзівіл выступаў у складзе войскаў маршала Мюрата і змагаўся супраць 1-й рускай арміі Барклая дэ Толлі. Як адважны кавалерыст карыстаўся аўтарытэтам нават у самога Напалеона. Вызначыўся ў баях пад Смаленскам, Мажайскам. Прыйшлося яму ўрэшце падзяліць лёс «непераможнай напалеонаўскай арміі» і адступаць. Прымаў удзел у бітвах пад Лютцэнам, Дрэздэнам, Лейпцыгам. Створаны ім польскі кавалерыйскі полк за часы «рускай кампаніі» амаль поўнасцю быў вынішчаны. У 1813 г. у Францыі пад месцам Гаўнаў ад атрыманых ран Дамінік Радзівіл памёр і быў пахаваны ў Парыжы. На ім скончылася старажытная нясвіжская галіна роду Радзівілаў.
За даволі кароткі тэрмін на мяжы стагоддзяў Случчына пазнала шматлікія перамены. На закаце Рэчы Паспалітай, у 1791 г. рашэннем сейма было ліквідавана Слуцкае княства, горад стаў цэнтрам Случарэчскага павету Навагрудскага ваяводства. А з лета 1792 г. сітуацыю ў Слуцку ўжо кантралявала рускае войска пад началам генерала Ферзена.
На працягу студзеня – сакавіка 1793 г. Случчыну афіцыйна далучылі да Расіі. Горад стаў павятовым цэнтрам у складзе Мінскай губерні. Ствараліся новыя, у адпаведнасці з расійскім заканадаўствам, гарадскія і павятовыя органы дзяржаўнай улады. Магдэбургскае права адышло ў мінулае. Тым не менш, уладальнікам краю і горада заставаўся Радзівіл. Паралельна з дзяржаўнай дзейнічала і княжацкая адміністрацыя. Колькасць чыноўнікаў павялічылася. Прыбываўшыя з Расіі чыноўнікі дзівіліся захаваўшыміся ў добрым стане магутнымі абарончымі збудаваннямі Слуцка. Агульная ж колькасць насельніцтва горада працягвала змяншацца. У 1800 г. было 3718 жыхароў. Цэрквы, прыходы якіх станавіліся невялікімі, закрываліся, не стала Праабражэнскага манастыра. Да пачатку XIX ст. было восем дзейнічаючых праваслаўных цэркваў, гарадскі Ільінскі і Трайчанскі манастыры. Было тры (з іх два не дзейнічалі) каталіцкіх касцёлы і адзін кляштар, два пратэстантскіх храмы і чатыры сінагогі.
Мяшчане адчувалі змены, у тым ліку і ў тым, што прыходзілася цяпер плаціць падаткі і ў дзяржаўную і ў княжацкую казну.
Вёску перамены кранулі ў большай ступені. Асабліва звярталі на сябе ўвагу падзеі, звязаныя з выбранецкімі вёскамі. Здаўна іх жыхары карысталіся шляхецкімі вольнасцямі. Але Дамінік Радзівіл у 1808 г. хацеў перавесці іх у разрад звычайных прыгонных сялян. 3-за гэтага распачаўся канфлікт паміж вяскоўцамі і ўладаром. Ад'езд Радзівіла ў Варшаву прыпыніў канчатковае рашэнне пытання. Але незадаволенасць слуцкіх мяшчан двайным падаткаабкладаннем і праблемы з выбранецкімі вёскамі стымулявалі і падштурхоўвалі працэс набыцця горада з прыватнай уласнасці ў дзяржаўную казну. Вырашэнне праблемы расцягнулася на некалькі дзесяцігоддзяў і завяршылася ўжо пры іншых уладарах.