Караль Станіслаў Радзівіл (27.2.1734–21.11.1790)

Князь Караль Станіслаў – сын Міхаіла Казіміра Радзівіла, пасля смерці бацькі застаўся гаспадаром вялікіх латыфундый, што знаходзіліся на Украіне, у Польшчы, Літве, Беларусі. Цэнтрам яго ўладанняў з'яўляўся Нясвіж. 3 багаццямі, якімі валодаў нясвіжскі князь, не мог параўнацца ніхто, што дазваляла Каралю Станіславу адчуваць сябе і сапраўдным уладаром краіны. Гэта яму належаць зняважлівыя словы, кінутыя ў бок новага караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага: «Кароль у Варшаве, а ў Нясвіжы Караль».
Ён увайшоў у гісторыю сваімі свавольствамі, разнастайнымі дзівацтвамі і экстравагантнымі ўчынкамі, як, напрыклад, катанне летам на санях па дарозе, засыпанай соллю, або катанне на санях, запрэжаных мядзведзямі, жорсткімі часам жартамі над кампаньёнамі, неверагоднымі байкамі пра свае быццам бы паходжанні, выдумляў якія сам.
На дзяржаўнай службе займаў розныя адказныя пасады, аднак быў князь легкадумным палітыкам і дрэнным дыпламатам. У палітыцы часцей апіраўся не на цвярозы разлік, а на ўласны капрыз. Прымаў удзелы ў шматлікіх аслабляючых краіну ўсобіцах і канфедэрацыях, што часам яму дорага каштавала. Двойчы – у 1764–67 і 1768–77 гг. яго нават пазбаўлялі маёмасці, і Караль Станіслаў уцякаў за мяжу. Ён быў супраць умяшання ў справы Рэчы Паспалітай Расіі. «Прытрымліваюся справядлівасці. Не ведаю караля без дваранства. Мой голас гучыць вольна. Я – абаронца перадавога накірунку, не прашу нічога ў іншых, як робяць тыя, хто свой вольны голас прадае маскалям», – казаў князь. У эміграцыі лёс звёў яго з авантурысткай і інтрыганкай, у рускай гісторыі вядомай як княжна Тараканава, якая аб'явіла сябе прэтэндэнткай на расійскі трон. У шляхецкім асяроддзі карыстаўся князь аўтарытэтам і вялікай павагай. Ён проста і добразычліва звяртаўся нават да самага збяднелага шляхціца, за што заслужыў мянушку «Пане Каханку». Пра сябе казаў, што і ён увогуле бедны, што ён толькі вартаўнік скарбаў роду Радзівілаў. Калі паўстала пагроза незалежнасці дзяржаве, наўмысна і адкрыта падкрэсліваў патрыятычнасць і адданасць роднай культуры.
Палітычныя хістанні Караля Станіслава дорага каштавалі Слуцку. У 1764–1767 гг., калі князь уцёк за мяжу, а ўладанні яго былі секвестыраваны, Случчынай распараджалася Генеральная Літоўская канфедэрацыя, кіраўнікі якой накінуліся на горад як на дармаўшчыну і неспадзяваную здабычу.
Нанесены слуцкім мяшчанам убытак складаў 960120 злотых. У маёнткі новых гаспадароў вывозіліся альбо разбягаліся ад уціску лепшыя гарадскія рамеснікі, пера- важна хрысціяне. Іх месца з гэтага часу займалі яўрэі. Таму рамесная, потым прамысловая вытворчасць і звязаны з імі гандаль у Слуцку з гэтага часу амаль поўнасцю канцэнтруюцца ў руках прадстаўнікоў яўрэйскай абшчыны горада. Пайшоўшы на саюз з Кацярынай II і яе стаўленікам каралём Станіславам Панятоўскім, «Пане Каханку» вярнуў сваю маёмасць. У канцы мая – пачатку чэрвеня 1787 г. Караль Станіслаў наладзіў пышны прыём караля Рэчы Паспалітай у Нясвіжы і Слуцку. Аднак бурлівай дзейнасці князя ўжо падыходзіў канец. Зменшыўся яго ўплыў у краіне.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) пэўная колькасць уладанняў Радзівіла на ўсходзе краіны апынулася ў Расіі і была разрабавана альбо трапіла да новых уладароў.
Быў князь Караль двойчы жанаты – на Марыі Любамірскай і Тэрэзе Жавускай, але дзяцей не меў, таму ўсе яго ўладанні пасля смерці перайшлі ў рукі пляменніка Дамініка Радзівіла.
За часамі Караля Станіслава Радзівіла край атрымаў значны эканамічны ўрон. Да таго ж Слуцк у 1775 гг. моцна пацярпеў ад пажару, з-за чаго сейм вызваліў горад ад падаткаў на 10 гадоў. У выніку збегу абставін з канца XVIII ст. Слуцк канчаткова губляе сваё былое палітычнае і эканамічнае значэнне. Змяншаецца колькасць гарадскога насельніцтва, у 1785 г. складала яно крыху больш пяці тысяч чалавек. У горадзе было 833 жылых дамы (у 1728 г. было 1177). Каля трэці насельніцтва складалі яўрэі. Слуцкая яўрэйская абшчына, да таго даволі бедная, становіцца адной з самых уплывовых у краіне. Слуцкі Троіцкі манастыр пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай застаўся самым значным у краіне цэнтрам праваслаўя. Архімандрытам сюды ў сане епіскапа быў назначаны Віктар Садкоўскі. На кароткі час – каля дзесяці гадоў – Слуцк з'яўляўся праваслаўным цэнтрам Рэчы Паспалітай. На разглядаемыя часы – 1770-1790-я гг., – прыходзіцца росквіт дзейнасці Слуцкай фабрыкі шаўковых паясоў, якой тады кіраваў сын Яна Маджарскага Лявон, за што Лявон Маджарскі атрымаў шляхецкае званне.