Міхаіл V Казімір Радзівіл (13.6.1702–22.5.1762)

Случчына разам з іншымі ўладаннямі князя Гераніма Фларыяна Радзівіла ў 1760 г. стала ўласнасцю яго старэйшага брата нясвіжскага князя Міхаіла Казіміра.
Гэты князь, які меў мянушку «Рыбанька», – асоба ў беларускай гісторыі адметная. Ён быў багацейшым магнатам краіны. Карыстаўся поўным даверам караля і вялікага князя Аўгуста III. А так як апошні рэдка пакідаў сваю родную Саксонію, то Міхаіл Казімір фактычна з'яўляўся ў Рэчы Паспалітай яго паўнапраўным прадстаўніком.
На дзяржаўнай службе князь займаў розныя пасады і ўрэшце стаў вялікім гетманам Вялікага княства Літоўскага.
Міхаіл Казімір лічыўся галавой разгалінаванага роду Радзівілаў. Меў сваё прыватнае войска, у Нясвіжы ўтрымліваў кадэцкі корпус. Разам з астатнімі прадстаўнікамі роду пры неабходнасці мог выставіць да 50 тысяч войска.
У якасці ўладара Случчыны Міхаіл Казімір прабыў толькі два гады.
Ён увайшоў у гісторыю як заснавальнік славутай Слуцкай фабрыкі шаўковых паясоў (персіярні). У тым жа 1760 г., калі памёр яго брат Геранім Фларыян, Міхаіл Казімір перавёў Нясвіжскую персіярню ў Слуцк і далучыў да яе майстроў трох невялікіх слуцкіх ткацкіх фабрык, на якіх, дарэчы, акрамя іншых вырабаў, ужо ткаліся і шаўковыя паясы. Размясцілі фабрыку ў пабудаваных на Сенатарскай вуліцы новых карпусах, кіраўніком яе стаў Ян Маджарскі. Гэта была адна з першых мануфактур у Рэчы Паспалітай, вырабы якой з часам заваявалі сусветную вядомасць.
А слуцкі тэатр – і тэатральную трупу, і рэквізіты, што былі пагружаны на дзесяць вазоў, – князь перавёз да сябе ў Нясвіж.
У сувязі з тэатрам трэба згадаць і яго жонку княгіню Уршулю. Пад яе апекай і непасрэдным удзеле квітнеў Нясвіжскі тэатр. Княгіня пісала п'есы, прымала ўдзел у пастаноўках. Сярод прыгонных яго акцёраў мы знойдзем і тых, хго пачынаў сваю дзейнасць у Слуцку.
Адпраўляліся ў Нясвіж і скарбы слуцкіх палацаў – карціны, кнігі і іншыя каштоўнасці. Туды перавялі і афіцэрскую школу. За апусцелымі слуцкімі палацамі наглядалі намеснікі, а прыдворнае жыццё ў Слуцку пачало згасаць.