Нойбургі (1728–1744)

Пражыўшы 34 гады, княгіня Лізавета Аўгуста Сафія памерла. Яе літоўская спадчына перайшла да трох малалетніх дочак. У хуткім часе не стала і іх бацькі Ёзэфа Карла Эмануэля. Апекуном дзяцей застаўся іх дзед Карл Філіп.
Смерць Карла Філіпа ў 1742 г. спрычынілася да ўзняцця ў ВКЛ пытання пра Нойбургскія маёнткі. Са шматлікіх прэтэндэнтаў на іх перамаглі нясвіжскія Радзівілы. Яны ўжо пасля смерці Лізаветы Аўгусты адчувалі сябе на Случчыне гаспадарамі, а з 1744 г. сталі яе ўладарамі юрыдычна. Дзеля гэтага прыйшлося задаволіць прэтэнзіі іншых прэтэндэнтаў, якім Радзівілы заплацілі за адказ ад прэтэнзій грошы. Два мільёны злотых атрымалі Сапегі. Адзін мільён злотых – прускі кароль Фрыдрых II. 230 дукатаў дасталася пфальцграфу рэйнскаму Карлу Тэадору, які быў жанаты на старэйшай нойбургскай прынцэсе Лізавеце Аўгусце. Пэўныя сумы атрымалі і іншыя прэтэндэнты.
Афіцыйным ўладаром Случчыны з 22 мая 1744 г. стаў малодшы сын нясвіжскага князя Караля Станіслава Радзівіла «Справядлівага» Геранім Фларыян.
Перыяд змены ўлады быў даволі цяжкім. Пакуль лёс краю не быў вызначаны канчаткова, тут дзейнічалі атрады прэтэндэнтаў, перш за ўсё – Радзівілаў і Сапегаў, якія не столькі ўдакладнялі адносіны паміж сабою, колькі рабавалі насельніцтва. Гэта, а таксама неўраджай былі прычынай народных хваляванняў, іх прыйшлося стрымліваць намесніку Станіславу Незабітоўскаму. Свавольства магістрата было прычынай выступлення гараджанаў у 1699 г.
Не абмінулі край і падзеі Паўночнай вайны 1700-1721 гг. Хаця наша краіна фармальна ў ёй не ўдзельнічала, менавіта Рэч Паспалітая пацярпела ад вайны больш за ўсіх. Два разы – 11 мая 1706 г. і вясной 1708 г. – у Слуцк заходзілі шведскія войскі. У жніўні 1707 г. была руская армія. Карл XII, які быў у сваяцкіх адносінах з нямецкімі ўладарамі Случчыны, пастараўся абысціся з горадам ашчадна. Таксама і Пётр I загадваў сваім войскам не шкодзіць краю, асноўным насельніцтвам якога былі іх адзінаверцы. Аднак вынікам прысутнасці чужынцаў сталі значныя матэрыяльныя страты, хаця, адзначым, і меншыя, чым тыя, што прынесла вайна іншым беларускім гарадам.
У Слуцку помнікам тых падзей застаўся драўляны дом побач з фарным касцёлам, у якім у свой час спыняўся шведскі кароль Карл XII, а потым рускі цар Пётр I. Гэты будынак, які прастаяў да пачатку XX ст., зваўся спачатку «Шведскім домам», а потым – «Домам Пятра Першага». У цэлым жа Паўночная вайна прынесла краіне столькі шкоды, што ад пачаўшагася пасля яе палітычнага крызісу і эканамічнага заняпаду Рэч Паспалітая так і не выйшла.