Лізавета Аўгуста Сафія (17.03.1693–30.01.1728)

Дачка Людвікі-Караліны Радзівіл і Карла Філіпа Нойбургскага Лізавета Аўгуста Сафія стала ўладальніцай Слуцкага княства ў 1695 г. На перыяд малалецтва справамі яе спадчынных ўладанняў займаўся бацька. У 1717 г. унучка Багуслава Радзівіла выйшла замуж за князя зульцбахскага Ёзэфа Карла Эмануэля (1693–1729). Праз тры гады ў іх нарадзілася дачка Лізавета Аўгуста (17.01.1721–17.08.1794), потым яшчэ дочкі Марыя Ганна Шарлота (22.06.1722–25.04.1790) і Марыя Франчэска Даратэя (16.06.1724–15.11.1794).
У адрозненне ад маці, Лізавета Аўгуста Сафія ў сваіх літоўскіх маёнтках, у тым ліку і ў Слуцку, ніколі не бывала. Як і раней, кіравалі краем намеснікі. Даходы і справаздачы адсылаліся ў далёкую Германію. У ВКЛ за ўладаннямі, што перайшлі ў спадчыну Нойбургам, замацавалася назва «Нойбургскія маёнткі». Іх цэнтрам быў Слуцк. У параўнанні з другімі беларускімі рэгіёнамі своеасаблівая эканамічная і культурная адасобленасць Случчыны, яе сувязь з Германіяй накладвала адбітак і спрыяла захаванню адметнасцяў краю.
У часы апякунства Карла Філіпа ў Слуцку з"яўляюцца езуіты, чыя прысутнасць праз нейкі час стала прычынай сутыкненняў католікаў з пратэстантамі, а потым і з праваслаўнымі.
У горадзе на той час можна было налічыць да васемнаццаці праваслаўных храмаў і тры манастыры, два пратэстанцкіх храмы, каталіцкія парафіяльны касцёл і тры кляштары – бернардзінскі і два езуіцкія, дзве сінагогі.
Развівалася рамесная вытворчасць і гандаль. Па колькасці рамесных цэхаў і аб'ёму вытворчасці Слуцк значна пераўзыходзіў іншыя беларускія гарады. Па дазволу Карла Філіпа з 1700 г. Слуцк пачаў карыстацца Магдэбургскім правам у поўным аб'ёме. Тым не менш, сітуацыя, калі багацейшы край дзяржавы з'яўляўся ўласнасцю іншаземцаў, у Рэчы Паспалітай разглядалася як ненатуральная і заўсёды была пад кантролем прэтэндэнтаў.