Сафія III Юр`еўна Алелькавіч-Радзівіл (1.05.1585–19.03.1612)

Пасля смерці бацькоў, а праз некалькі гадоў і двух родных дзядзькоў, калі тры слуцкія ўдзелы зноў былі аб'яднаны ў адзінае Слуцкае княства, Сафія Юр'еўна Алелькавіч засталася адзінай спадчынніцай іх уладанняў. Блізкі сваяк пан Юрый Хадкевіч быў назначаны апекуном сіраты, але ён неўзабаве памёр і апякунства перайшло да брата Юрыя пана Гераніма Хадкевіча.
Дзіцячыя гады Сафіі праходзілі як у Слуцку, так і ў маёнтках Хадкевічаў, у тым ліку ў іх віленскім палацы.
Род Хадкевічаў даволі вядомы. Яго прадстаўнікі раней трымаліся праваслаўя, але на разглядаемы час Юрый і Геранім спавядалі каталіцызм. Веравызнанне апекуноў, а таксама ахвяраванні княгіні Сафіі, якія яна ў свой час ў чарадзе з іншымі храмамі рабіла і слуцкаму фарнаму касцёлу, сталі падставай для меркаванняў некаторых даўнейшых польскіх даследчыкаў, што і княгіня Сафія была выхавана каталічкай. Меркаванні такія, аднак, няправільныя.
Калі князёўна была малалетняй, адбываліся адчувальныя змены ў жыцці краіны. Напрыканцы XVI ст. абвастрылася сітуацыя ў рэлігійным жыцці грамадства. Ці спрабаваў уплываць апякун католік Хадкевіч на царкоўнае жыццё Случчыны, мы не ведаем. Але выклікаць насцярожанасць гэта акалічнасць у праваслаўных жыхароў горада магла. Спадзяванні ўскладваліся на падрастаючую князёўну як на магчымую прадаўжальніцу палітыкі сваіх продкаў у справах духоўных. Дзеля ўмацавання праваслаўя было створана пры гарадской Спаскай царкве Праабражэнскае брацтва. Калі ў 1596 г. у Брэсце была аб'яўлена царкоўная Унія з Рымам, то Слуцк і каля трыццаці прыходаў Случчыны Уніі не прынялі. Далучыцца да яе выказаў згоду толькі адзін слуцкі святар, і яго адышоўшы да Уніі мітрапаліт Міхаіл Рагоза назначыў сваім слуцкім намеснікам. Аднак абураныя слуцакі не пусцілі гэтага святара ў горад, і больш выпадкаў прымушаць Случчыну да Уніі не было.
Падзеяй, што пакінула па сабе след, было паўстанне ўкраінскіх казакоў, якое перакінулася і на Літву. Пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі яны 6 лістапада 1595 г. захапілі Слуцк. Як тое здарылася, дакладна невядома. Горад быў добра ўмацаваны, пра падыход казакоў ведалі загадзя, ды і штурму не было. Верагодна, браму паўстанцам таемна адчынілі іх прыхільнікі з боку мясцовых жыхароў. Сафіі Алелькі ў замку не было, а знаходзіліся тут жонка Хадкевіча і два яго малалетнія сыны. У Слуцку захопнікі заставаліся нядоўга. Абрабаваўшы замак і мяшчанаў, забраўшы замкавую зброю, 27 лістапада яны рушылі ў бок Магілёва.
Падзея, якую нельга абмінуць, мела непасрэднае дачыненне да самой князёўны. Узрушыла яна на пачатку 1600 г. жыццё вярхоў грамадства краіны. Гэта гісторыя сватаўства і жаніцьбы Януша Радзівіла з Сафіяй Алелькавіч.
Апекуны княжны Хадкевічы і біржанскія Радзівілы заключылі дамову, што калі Януш і Сафія самі не будуць супраць, то, дасягнуўшы пэўнага ўзросту, стануць мужам і жонкай. Калі прыспеў час, паміж двума шаноўнымі родамі ўзніклі непаразуменні матэрыяльнага характару. Справа разглядалася ў судзе і вырашылася несправядліва на карысць Радзівілаў. Абураныя Хадкевічы тады скасавалі шлюбную дамову. Узнік канфлікт, у які ўцягнуліся магнацкія групіроўкі краіны. Хадкевічаў падтрымлівалі католікі, Радзівілаў – пратэстанты і праваслаўныя. Канфлікт, які ледзь не перарос ва ўзброенае сутыкненне, з дапамогай караля скончыўся мірна.
У папулярнай гістарычнай літаратуры можна знайсці, што Януш Радзівіл пры ўступленні ў шлюб быў католікам, называецца ён часам і князем нясвіжскім. Гаспадаром Нясвіжа тады быў католік Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка», а Януш Радзівіл належаў да іншай галіны іх роду – біржанскай. Кальвіністамі былі яго дзед князь Мікалай V «Рыжы» і бацька Крыштоф Мікалай «Пярун». Вядомымі кальвіністамі ў гісторыі засталіся сам Януш і яго нашчадкі.
Тут прыгадаем, што абмежаваная колькасць у краіне магнацкіх сем'яў, да таго ж іх падзел па веравызнаннях або па іншых прыкметах стваралі шмат праблем для шлюбных саюзаў. Таму многія арыстакратычныя роды былі ў складаных і вельмі пераплеценых сваяцкіх сувязях. У выпадку Януша і Сафіі прыгадаем наступнае. Маці Януша Кацярына (другая жонка Крыштофа Радзівіла «Пяруна») была з роду князёў Астрожскіх, а ў сваю чаргу маці Кацярыны (бабка Януша) Аляксандра Сямёнаўна паходзіла з роду Алелькавічаў, была роднай сястрой Юрыя I Слуцкага – прадзеда князёўны Сафіі.
У той жа час маці апекуноў Сафіі – Юрыя і Гераніма Хадкевічаў – прыходзілася роднай сястрой дзеду слуцкай князёўны Юрыю II Алелькавічу. Падчас шлюбнага канфлікту аб'яднаныя сілы каталіцкай групоўкі Хадкевічаў узначальваў Ян Караль Хадкевіч, у якога жонкай была Сафія Мялецкая, быўшая перад тым у першым шлюбе за Янам-Сімяонам Алелькавічам – дзядзькам Сафіі Юр'еўны. У яго ж «ворага» Крыштофа Радзівіла «Пяруна» – бацькі Януша, разам з якім, дарэчы, Ян-Караль паспяхова ваяваў у Лівоніі супраць шведаў, трэцяй жонкай стала Кацярына Тэнчынская – удава Юрыя II Алелькавіча, родная бабка Сафіі Юр'еўны.
Усе справы, аднак, уладзіліся, і вянчанне Януша і Сафіі адбылося 1 кастрычніка 1600 г. у Брэсце.
Пасля жаніцьбы Януш прымаў удзел у многіх ваенных выправах. Княгіня Сафія шмат часу ўдзяляла справам духоўным, рабіла ахвяраванні храмам, падтрымлівала дзейнасць слуцкага Праабражэнскага брацтва. Пры Спаса-Праабражэнскай царкве з яе дапамогай у 1600 г. засноўваецца брацкі Спаса-Праабражэнскі манастыр са шпіталем і школай. У вершаваных радках тагачаснага паэта Саламона Рысінскага, прысвечаных слуцкай княгіні, гаворыцца: «Зорачка! Ты захавалася ў сузор'і Слуцкім адзіная Паміж літоўскімі першая славай, ярчэйшая дочка! Хіба ты меней рыцар, чым ганарлівы муж твой вялікі?»
Пры заключэнні шлюбу было дамоўлена, каб дзеці заставаліся праваслаўнымі. Па жаданню Сафіі Януш атрымаў ад караля грамату, якой забаранялася ўвядзенне на Случчыне ўніяцтва сілаю. Тут трэба адзначыць, што ў адносінах да праваслаўя князь Януш працягваў традыцыі свайго бацькі: Крыштоф Радзівіл разам з Канстанцінам Астрожскім у свой час стварылі і ўзначалілі канфедэрацыю праваслаўных і пратэстантаў, якая выступала супраць увядзення ў 1596 г. царкоўнай Уніі.
Памерла княгіня Сафія Алелькавіч-Радзівіл у 1612 г. у Амеляве пры нараджэнні дачкі, якая таксама памерла. Са смерцю Сафіі Юр'еўны канчаткова адышоў у нябыт род князёў Алелькавічаў.
Пахавалі княгіню ў слуцкім Троіцкім манастыры. Памяць пра яе шанавалася насельніцтвам краю. Адкрытыя пазней яе нятленныя мошчы ўказвалі вернікам на асобую да яе благадаць божую. Доўгі час княгіня Сафія лічылася блажэннаю, служыла аб'ектам пакланення жыхароў Случчыны, асабліва жанчын. Спачатку дамавіна з яе мошчамі стаяла ў правым прыдзеле Троіцкага манастырскага храма, у другой палове XIX ст. была перанесена ў цёплую манастырскую Благавешчанскую царкву.
Мошчы блажэннай Сафіі пасля рэвалюцыі, калі атэістычнымі ўладамі шырока праводзілася «развянчанне» святасці царкоўных падвіжнікаў, са Слуцка былі адпраўлены ў Мінск і дэманстрыраваліся ў медыцынскім інстытуце. Падчас Вялікай Айчыннай вайны, калі акупацыйнымі ўладамі дазвалялася адкрываць храмы, іх перанеслі ў мінскі Свята-Духаўскі сабор, дзе знаходзяцца і зараз.
У 1980-я гады Рускай Праваслаўнай царквой Сафія Слуцкая кананізавана і аб'яўлена святой (Дзень памяці 19 сакавіка/1 красавіка н.с.). Гэтым актам адзначана вялікая заслуга як самой княгіні Сафіі Юр'еўны, так і ўшанаваны ўвесь род праваслаўных князёў Слуцкіх-Алелькавічаў за іх клопаты ў справе захавання Праваслаўя на Случчыне.
У 2000 г. у цэнтры Слуцка святой Сафіі княгіні Слуцкай пастаўлены помнік.