Ян-Сімяон Юр`евіч Алелькавіч (1560?–9.03.1592)

Ян-Сімяон Алелькавіч быў князем Слуцкім і Капыльскім. У адпаведнасці з бацькавым завяшчаннем атрымаў Новы Слуцак (Новае Месца або Зарэчча) з Новым замкам, маёнтак пры горадзе Новы Двор, замак і месца Капыль з воласцю, Амговічы, Цімкавічы, Савічы і іншыя маёнткі.
У 1586 г. жонкай Яна-Сімяона стала Сафія – дачка кароннага гетмана і ваяводы Падольскіх земляў Мікалая Мялецкага. Аднак шчасця ў гэтай сям'і не было. У 1590 г. у іх нарадзілася дачка, якая пражыла ўсяго каля году. Сам Ян-Сімяон памёр у наступным 1592 г. Княгіня Сафія Мялецкая-Алелькавіч (1567-1619) у другім шлюбе стала жонкай літоўскага падчашага Яна Караля Хадкевіча.
Як і жадаў бацька, дзеля адукацыі Ян-Сімяон і яго брат Аляксандр выязджалі за мяжу, вучыліся ў Рыме, дзе Ян-Сімяон перайшоў у каталіцтва.
Памёр князь у Любліне, там жа і пахаваны ў касцёле іезуітаў. Ён быў апошнім прадстаўніком роду Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці ўсе тры слуцкія ўдзелы адышлі да яго пляменніцы, дачкі старэйшага брата Юрыя, княжны Сафіі Юр'еўны Алелькавіч.