Кацярына Тэнчынская-Алелькавіч (1544–1592)
Княгіню Кацярыну ў сваім завяшчанні Юрый II назваў добрай жонкай. За ёю слуцкі князь пакінуў некалькі маёнткаў і пэўную суму грошай. Яна ж да паўналецця дзяцей павінна была кіраваць краем.
Жонкай князя слуцкага Кацярына, дачка кракаўскага ваяводы Станіслава Тэнчынскага, стала ва ўзросце 14 гадоў. Як і бацька, спавядала каталіцызм, маці ж яе паходзіла з праваслаўнага беларускага роду.
У Слуцк Кацярына прыбыла з тагачаснай польскай сталіцы Кракава, што несумненна паспрыяла арыентацыі слуцкага княжацкага двара на польскую і заходнееўрапейскую культуру.
Пасля смерці Юрыя II самастойна гаспадарыла Кацярына крыху больш трох гадоў, падчас якіх істотных зменаў у жыцці краю не адбывалася. Вядома, што ў 1580 г. княгіня слуцкая выстаўляла ў выправу на Вялікія Лукі ад сваіх уладанняў 800 коннікаў, у выправе на Пскоў у наступным годзе прымалі ўдзел 400.
У адпаведнасці з завяшчаннем Юрыя II і са згоды маці 6 ліпеня 1582 г. адбыўся падзел горада і княства. 3 гэтага часу гаспадарамі краю (кожны ў сваім удзеле) сталі сыны Юрыя II.
Сама Кацярына ў хуткім часе выйшла замуж за князя Крыштофа Мікалая Радзівіла (1547-1603). Князь гэты ў нашай гісторыі вядомы з мянушкай «Пярун», дадзенай за яго вайсковыя здольнасці. Для апошняга гэта таксама ўжо быў не першы, а трэці шлюб. Яго сын ад другога шлюбу Януш праз пэўны час стане ўладаром Случчыны.
У Кацярыны і Крыштофа яшчэ нарадзіліся дзеці: сын Крыштоф (1585-1640), які, як і бацька, пазней стане вялікім гетманам ВКЛ, і дачка Ізабэла (1583-1611), у будучым жонка выдатнага палітычнага і дзяржаўнага дзеяча ВКЛ Льва Сапегі.