Юрый I Сімяонавіч Алелькавіч (1492–17.04.1542)
Княжычу Юрыю лёсам было наканавана змалку станавіцца і воінам, і ваяводам. Упершыню ворагаў пад сценамі Слуцка будучы князь слуцкі ўбачыў ва ўзросце дзесяці гадоў. А неўзабаве, калі не стала бацькі, прыйшлося па-сапраўднаму адчуць і асабістую адказнасць за край. 3 пятнаццаці гадоў ён актыўна ўдзельнічаў у абароне горада ад татараў і войскаў Глінскага. У 1511 г. разам з іншымі князямі і панамі літоўскімі прымаў удзел у разгроме чарговага татарскага нападу. У верасні 1514 г. на чале слуцкай дружыны ўдзельнічаў у бітве літоўскага войска з маскоўскім пад Оршай. Зімою 1537 г. удзельнічаў у вялікай выправе аб'яднанага літоўскага войска супраць татараў, падчас якой апошнія былі разбіты непадалёку ад Кіева.
Трэба адзначыць, што паўнапраўным уладаром краю Юрый Сімяонавіч стаў з 1524 г., а да гэтага дзяліў уладу са саёй маці княгіняй Анастасіяй, якая была яго дарадцай, аплотам і несумненным аўтарытэтам у справах і абароны, і кіравання гаспадаркай.
Як воін князь Сімяон працягваў слаўныя традыцыі сваіх адважных продкаў. У краіне з прыватных магнацкіх дружын войска Слуцкага княства было адным з самых вялікіх па колькасці і добра ўзброеным. Сцены і вежы слуцкага замка ўжо з XV ст. аснашчаліся гарматамі. А ў XVI ст., і, хутчэй за ўсё, з часоў Юрыя Сімяонавіча, вытворчасць агнястрэльнай зброі наладзілася ў Слуцку. У рэестры попісу, зацверджаным на Віленскім сойме 1528 г., дзе гаворыцца, колькі хто з паноў і шляхты ў Вялікім княстве Літоўскім для службы вайсковай павінен ставіць коней, імя князя Юрыя Слуцкага займае трэцяе месца. Ён мог падчас небяспекі выставіць 433 узброеных конных воінаў і саступаў толькі віленскаму ваяводу Гаштольду (466 коней) і жамойцкаму старасту пану Станіславу (617 коней). Разам з іншымі вышэйшымі асобамі краіны ён, як і яго продкі, уваходзіць у склад Рады Вялікага княства Літоўскага – дзяржаўнага заканадаўчага органа пры вялікім князі.
Князь Юрый, як і яго продкі, быў праваслаўным. Верагодна, напрыканцы 1520-х гг. ён узяў шлюб з дачкой віленскага ваяводы, а потым канцлера ВКЛ католіка Мікалая II Радзівіла княгіняй Аленай (?- 1546). У князёў слуцкіх былі дзеці – сыны Юрый II (1530-1578) і Сімяон III (?-1560) і дачка Сафія II (?-1571). У першага з іх, князя Юрыя II Юр'евіча, жонкай стане дачка кракаўскага ваяводы Кацярына Тэнчынская. Князь Сімяон III Юр'евіч стане вядомым сваёй авантурнай жаніцьбай з нешчаслівай княгіняй Хальшкай Астрожскай («Чорнай княгіняй»). А цераз княгіню Сафію II Юр'еўну род Алелькавічаў парадніўся з родам Хадкевічаў.
За часамі князя Юрыя Сімяонавіча канчаткова паўстаюць з руінаў і аднаўляюцца гарадскія пасады і прадмесці. Павялічваецца тэрыторыя Слуцкага княства – як за кошт шлюбных укладанняў, так і за кошт набыцця іншым чынам. Пры ім, напрыклад, была далучана Грэская воласць. Само Слуцкае княства, якое раней уваходзіла ў склад Віленскага ваяводства, з 1507 года ўвайшло як асобная спадчынная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў склад новастворанага Навагрудскага ваяводства.
Сярод праваслаўных магнатаў Вялікага княства Літоўскага князь Слуцкі і яго сваяк князь Астрожскі былі самымі магутнымі апекунамі праваслаўнай царквы. Па прыкладу продкаў князь Юрый шмат дапамагаў слуцкім Троіцкаму і Ільінскаму, грозаўскаму Мікалаеўскаму манастырам, значныя сродкі ахвяраваў кіеўскаму Пячэрскаму манастыру. Пры ім у Слуцку з'яўляюцца першыя пратэстанты – лютэране.