Анастасія Іванаўна Мсціслаўская-Алелькавіч (1473–1524)

Княгіня Анастасія нарадзілася ў Мсціслаўлі, цяпер гэта горад у Магілёўскай вобласці. Паходзіла з роду праваслаўных князёў Мсціслаўскіх, які вёў свой пачатак, як і Алелькавічы, ад вялікага князя літоўскага Альгерда. Калі б не бурныя падзеі, што мелі месца падчас яе княжання ў Слуцку, і ў якіх па волі лёсу ёй прыйшлося прыняць удзел, хутчэй за ўсё, яна так і засталася б у цяні гісторыі, як і многія іншыя яе сучасніцы.
Пасля заўчаснай смерці мужа Сімяона Міхайлавіча Слуцкага на плечы Анастасіі леглі і сямейныя справы, і кіраванне краем, і вайсковыя клопаты.
Працягваліся напады на край крымскіх татар. У 1505 г. адбылася самая цяжкая і працяглая аблога слуцкага замка, калі да горада падступілі з дваццацітысячным войскам татарскія царэвічы Біці-Гірэй і Бурнаш. Замак не быў узяты. Але Случчына падверглася спусташэнню. У наступным годзе аб'яднанае літоўскае войска ўшчэнт разбіла крымчакоў пад Клецкам, іх рэшткі слуцкая дружына дабівала пад Копылем і Петрыкавічамі. Няўдачай для татараў скончыўся і напад 1508 г. 3 гэтых часоў за княгіняй Анастасіяй і замацавалася слава адважнай ваяўніцы.
Сцены слуцкага замка бачылі не толькі татараў. У 1508 г. да іх двойчы са сваім войскам падступаў адважны воін і таленавіты ваявода князь Міхаіл Глінскі. Ён прымаў актыўны ўдзел у разгроме крымчакоў. Аднак, не атрымаўшы ад вялікага князя літоўскага належнай пашаны, рашыў падняць мяцеж. Навукоўцы выказваюць меркаванне, што ён хацеў адарваць частку зямель ад Вялікага княства Літоўскага, і там, карыстаючыяся падтрымкай Масквы, стаць уладаром. Але, магчыма, мяцежныя землі проста хацеў далучыць да Вялікага княства Маскоўскага. Глінскаму былі вядомы ранейшыя апазіцыйныя настроі Алелькавічаў да Вільні, таму разлічваў у сваёй справе на падтрымку Слуцка. Ён хацеў аб'яднаць сваё войска са слуцкім, таму звярнуўся да княгіні Анастасіі з прапановай шлюбу. Атрымаўшы адмову, падступіў да горада з войскам і хацеў справу завяршыць сілай. I ў першы, і ў другі раз слуцкі замак выстаяў. А Міхаіл Глінскі са сваім войскам і ўсім сваім родам адышоў у Вялікае княства Маскоўскае.
Разбураны чужынцамі і абрабаваны край трэба было аднаўляць. Па загаду княгіні Слуцкай у горадзе разгарнуліся вялікія будаўнічыя работы. На тэрыторыю замка прывозілі зямлю, падвышалі як абарончыя валы, так і ўсю астатнюю тэрыторыю дзядзінца. Рамантаваліся сцены і вежы, якія выцярпелі шматлікія асады. Замест старой была ўзведзена новая замкавая Успенская царква.
Змянілася планіроўка горада. На новае месца – на захад ад дзядзінца, за Бычок, перанеслі гандлёвую плошчу. А большую частку тэрыторыі старога торга занялі пад яшчэ адзін замак. «... І зараз княгіня град каля града залажыла, і нізіна раўнаваты ся і падвышаты ся пачала», – запісана ў Слуцкім летапісе. Стары замак (дзядзінец, які з тога часу атрымаў яшчэ адну назву «Капец») сталі называць Верхнім (Горнім), а новы – Ніжнім (Дольным) замкам.
У Троіцкім манастыры замест старой драўлянай царквы, якая пацярпела падчас нападаў, княгіня ў 1505 г. заклала новую мураваную. Храм узводзіўся ў гонар ласкі божай, як удзячнасць Богу за выратаванне краю ад татараў і ў памяць аб загінуўшых слуцкіх воінах, сярод якіх быў і князь Сімяон Міхайлавіч.
Не стала княгіні ў 1524 г. Незадоўга да смерці яе дачка Аляксандра стала жонкай князя Канстанціна Астрожскага – выдатнага палкаводца, найвышэйшага гетмана ВКЛ, пераможцы маскоўскага войска ў 1514 г. пад Оршай. Сын Юрый Сімяонавіч у гэты час ужо быў самастойным кіраўніком краю.
Памяць пра князёў Сімяона і Анастасію на Случчыне жыла доўга. У народзе іх нават пачыталі як нябесных апекуноў краю, хаця афіцыйна царквой яны не былі кананізаваны. Захаваліся звесткі, што да пачатку XX ст. у мураванай царкве Троіцкага манастыра віселі зробленыя ў іканапіснай манеры амаль у поўны рост іх партрэтныя выявы.
Не забывалі пра княгіню Анастасію і на радзіме. На сцяне адной з цэркваў мсціслаўскага Тупічэўскага манастыра (на жаль, яна была разбурана падчас Вялікай Айчыннай вайны) мелася жывапісная выява княгіні.
Тым не менш, звесткі пра княгіню Анастасію Слуцкую да нашага часу захаваліся вельмі сціплыя. Некалькі радкоў, прысвечаных Анастасіі, мы можам знайсці ў паэме гісторыка і паэта XVI ст. Мацея Стрыйкоўскага, дзе апісваецца абарона нашых земляў ад крымчакоў: «Княгіня Слуцкая сваіх баяр разаслала пераняць палахлівых татар, многа іх пад Копылем было пабіта...»