Сімяон II Міхайлавіч Алелькавіч (1460–1505)

Хаця князь Міхаіл Алелькавіч быў аб'яўлены дзяржаўным злачынцам і пакараны, Случчына засталася за Алелькавічамі. Дасталася яна ў спадчыну сыну Міхаіла князю Сімяону.
Да першай паловы 1490-х гг. Сімяон Міхайлавіч кіраваў гаспадарствам разам са сваёй маці, княгіняй Ганнай. Яго жонкай на пачатку 1490-х гг. стала княгіня Анастасія, дачка апошняга мсціслаўскага князя Івана Юр'евіча. У 1492 г. у княжацкай сям'і нарадзіўся сын Юрый, пазней дачка Аляксандра. Жылі Алелькавічы ў Капылі, потым перабраліся ў Слуцк.
Па старадаўняй традыцыі князі Слуцкія карысталіся аўтарытэтам у асяроддзі праваслаўных магнатаў краіны. Не раз імі выказваліся меркаванні аб магчымасці кандыдатуры Сімяона на велікакняжацкую пасаду. Аднак пасля трагічных падзей 1481 г. прэтэнзіі саміх Алелькавічаў на трон у Вільні скончыліся. Для іх стала відавочным, што Слуцк не часовае месца прыпынку, а канчатковае. Алелькавічы скіравалі энергію на ўладкаванне сваёй вотчыны. Перш за ўсё ўдасканальваліся замкавыя пабудовы, паляпшаліся яго абарончыя ўмацаванні. Будаўніцтва ў Слуцку разгарнулася вялікае, сведчаннем чаму можа служыць захаваўшаяся да XX ст. у вусных народных паданнях легендарнае імя галоўнага замкавага будаўніка Мураша. Архітэктура слуцкага дзядзінца павінна была годна прадстаўляць рэзідэнцыю знакамітага роду, у якім злучыліся галіны велікакняжацкіх радоў Альгердавічаў і Рурыкавічаў.
Разам з іншымі паўднёвымі беларускімі землямі Случчына на пачатку XVI ст. падверглася нападам крымскіх татараў. Першы з іх адбыўся восенню 1502 г., двойчы – ў 1503, потым у 1505, 1506, 1508, апошні ў 1521 г. З'яўляліся татары звычайна нечакана, таму падрыхтавацца загадзя магчымасці не было. «Князь Сімяон Міхайлавіч у той час быў у Слуцку і не ведаў нічога, толькі глянуў з града на места за ракой Случ з царквой святога Юр'я, і ўбачыў татар, скачучых на конях, і мужчын, і жанчын хапаючых і забіваючых» – так апісваюцца падзеі восені 1502 г. у «Хроніцы Быхаўца». У 1503, 1505, 1521 гг. татары з вялікім палонам і здабычай вярталіся ў Крым. Аднак у 1502, 1503, 1506 і 1508 гг. поспеху захопнікі не мелі. У 1502 г. Сімяон Слуцкі разам з ваяводам Янам Бучацкім, якога прыслаў на дапамогу кароль і вялікі князь Аляксандр, паспелі дагнаць крымчакоў на рацэ Ужы каля Бабруйска. Вораг быў разбіты, а палон вызвалены. У 1503 г. князь Сімяон трымаў абарону ад татараў у замку і не змог перашкодзіць ім вярнуцца з дабычай. Але ў той жа год, падчас другога нападу, аб'яднаныя войскі Сімяона Слуцкага, Альбрыхта Гаштольда, Юрыя Неміровіча і Станіслава Кішкі перахапілі татараў за Прыпяццю. Крымчакам была нанесена параза, а палон і дабыча адбіты.
Слуцкі замак татары не захапілі, аднак пасадская забудова і прадмесці падвяргаліся спусташэнню. У сувязі з ваеннай небяспекай і разбурэннямі па волі князя Сімяона было ліквідавана Магдэбургскае права. Замест яго мяшчанам былі дадзены некаторыя іншыя прывілеі.
У 1505 г. князя Сімяона не стала. Як мяркуюць, ён памёр ад занесенай татарамі эпідэміі. Аднак не выключаецца і магчымасць атруты.