Уладзімір Альгердавіч (1330–1398)
Князь Уладзімір у 1395 г. стаў уладаром Капыльскага і Слуцкага княстваў. Случчынай яму кампенсавалася княства Кіеўскае, якое Уладзімір Альгердавіч раней атрымаў ад свайго бацькі вялікага князя літоўскага Альгерда, а цяпер адабранае новым вялікім князем Вітаўтам. Вітаўт не жадаў эканамічнага і палітычнага ўмацавання сапернікаў і магчымых прэтэндэнтаў на велікакняжацкі трон. «...князю Володимеру Ольгердовичу, тогда бывшу в Киеве, и не всхоте покоры учинити и челом ударити великому князю Витовту. ... Того же лета, на осень князь великий Витовт выведе его и с Киева и даст ему Копыль...» – звяшчаецца ў летапісе. Валоданне Кіевам разглядалася як прыступка да Вільні, таму і барацьба за яго прымала часам драматычны характар. Пасля таго як Кіеў быў адабраны, Уладзіміру Альгердавічу прыйшлося бегчы ў Вялікае княства Маскоўскае і шукаць падтрымкі там. А пастаўлены ў Кіеў новы князь вельмі хутка памёр, меліся чуткі, што яго атруцілі.
Пра Уладзіміра Альгердавіча вядома нямнога. Гэта быў праваслаўны князь. Яго маці – княгіня Марыя Яраслаўна Віцебская. Бацька Альгерд перад тым, як узяць з ёю шлюб, прыняў праваслаўе. Меў князь Уладзімір сыноў Аляксандра, Івана і Андрэя. Ад старэйшага Аляксандра пайшоў род князёў Слуцкіх.
Новае ўладанне Уладзімір Альгердавіч атрымаў у сталым узросце. Аднак ён прыкладаў намаганні, каб вярнуць сабе страчаны Кіеў. У справе гэтай, верагодна, нечага і дамогся, аднак часу жыццё яму ўжо не адпусціла. Пахаваны князь Уладзімір Альгердавіч у Кіеве, у Кіева-Пячэрскай лаўры, што з'яўляецца сведчаннем аб яго заслугах перад праваслаўнай царквой.