Грыцька Канстанцінавіч Слуцкі (?–?)

Несумненна, што імя згаданага князя – паменшанае імя Грыгорый. Імя па бацьку можа нам падказаць і імя магчымага папярэдняга ўладара краю – князя Канстанціна, які таксама мог быць і бацькам вышэйзгаданага Юрыя Слуцкага. Аднак з-за таго, што імя па бацьку Юрыя невядома, то яго мы можам прыняць і за сына Грыцькі-Грыгорыя.
Калі ў жніўні 1387 г. вялікі князь літоўскі Ягайла, незадоўга перад тым стаўшы і каралём польскім, паслаў Вітаўта адваёўваць у венграў Галіч, то ў дружыне Вітаўта разам з князямі Васілём Пінскім, Сымонам Сцяпанскім, Юрыем Белзскім і іншымі быў і Грыцька Слуцкі. Падчас супрацьстаяння Ягайлы і Вітаўта слуцкі князь, верагодна, падтрымліваў апошняга. Калі кароль Уладзіслаў-Ягайла, далучыўшы да Польшчы Галіцыю і Валынь, пачаў там раздаваць польскім магнатам уладанні, што выклікала нязгоду мясцовых феадалаў, у Слуцку адбылося паўстанне супраць Ягайлы. Паўстанне было задушана, а князь Грыцька Канстанцінавіч апынуўся ў няволі.
Імёны апошніх з вядомых нам старажытнарускіх слуцкіх князёў сведчаць, што былі яны праваслаўнымі і паходзілі, верагодней за ўсё, з мясцовай старажытнай дынастыі, што вяла свой радавод ад тураўскіх Ізяславічаў.
Больш чым двухсотгадовы перыяд гісторыі Случчыны пад уладарніцтвам прадстаўнікоў дынастыі, што вяла свой радавод ад легендарнага Рурыка, у канцы XIV ст. скончыўся. Наступала эпоха Вялікага княства Літоўскага.