Уладзімір Мсціславіч (1132–30.05.1171)
Праз два гады пасля вяртання Тураўскага княства да Ізяславічаў, калі Тураў трымаў асаду валынскага князя, у 1160 г. Слуцк захапіў адзін з унукаў Уладзіміра Манамаха князь Уладзімір Мсціславіч. Ён стварыў удзельнае Слуцкае княства. Упершыню Слуцк стаў сталіцай самастойнай міні-дзяржавы. Аднак моцным тагачаснае Слуцкае княства не было – у 1162 г. кааліцыя Ізяславічаў прагнала слуцкага самазванца – свайго далёкага сваяка – і Случчына зноў была далучана да Тураўскага княства.
У хуткім часе пасля смерці Юрыя Яраславіча Тураўскае княства само пачало дзяліцца на ўдзелы. Прынята лічыць, што гэты працэс адбываўся ў 1180-90-я гг. Тым не менш, выказваюцца і меркаванні, што Пінскі і Дубровіцкі ўдзелы з'яўляліся на працягу 1167-1174 гг., прыкладна тады, або крыху раней – Слуцкае княства. Клецкае княства, магчыма, вылучылася яшчэ раней, бо пад 1127 г. упамінаецца князь клецкі Вячаслаў Яраславіч (брат Юрыя). Пазней іншых з'явілася Сцяпанскае княства. Іх гаспадарамі станавіліся сыны князя Юрыя Яраславіча (у летапісах упамінаюцца Святаполк Юр'евіч Тураўскі (1162, 1190), Глеб Тураўскі (1195), Іван Юр'евіч з Турава (1170), Яраслаў (1183) і Яраполк Пінскія, Глеб Юр'евіч Дубровіцкі), а потым іх нашчадкі. Адсутнасць на старонках летапісаў звестак пра іх можа служыць сведчаннем, што яны не прымалі ўдзелаў у міжусобных войнах, а жылі ў згодзе між сабою і з суседзямі.
Бурнае, насычанае ўсобіцамі XII ст. канчалася. Якім быў Слуцк тады? Умацаваная земляным валам і драўлянай сцяной частка – дзядзінец – займала тэрыторыю ў сутоку ручая Бычок і ракі Случ. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца Дом культуры. Побач, на месцы цяперашніх рэстарана «Вежа», дзіцячага садка і дамоў па вуліцы Піянерскай, ляжаў неўмацаваны пасад. Калі нападалі ворагі, жыхары пасада хаваліся за сценамі дзядзінца, або ў лесе, які падступаў блізка да горада.
Даволі лёгкія пераходы Слуцка ад аднаго князя да другога сведчаць, што ён не быў моцнай крэпасцю. Развіваўся горад перш за ўсё як рамесны цэнтр. Рамеснікі забяспечвалі сваімі вырабамі земляробаў краю, працай сваёй таксама спрыялі ўсталяванню гандлёвых сувязяў з іншымі рэгіёнамі. Транспартнай магістраллю служыла рака Случ. Праз лясы і балоты да іншых гарадоў былі пракладзены дарогі, напрамкі якіх сёння вызначаюцца вуліцамі Капыльскай, Віленскай і імя Максіма Багдановіча.
ХШ ст. у параўнанні з папярэднім XII выглядае для нас «глухім», бо летапісы ў той час альбо не вяліся, альбо не захаваліся. Гэта не выпадкова, бо большасць усходнеславянскіх земляў, ды і не толькі яны, ляжалі ў руінах пасля мангола-татарскага нашэсця. Ці штурмавалі азіяцкія заваёўнікі Слуцк – дакладна невядома. Магчыма, што лясы і балоты сталі перашкодай для сцепнякоў, і яны прайшлі міма.
Імёны ўладароў Случчыны на працягу гэтай сотні гадоў крыніцы не згадваюць. Вядома, што на пачатку XIII ст. Случчына трапіла ў залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства. Барацьба яго гаспадароў з палякамі прыводзіць да вайны. Захаваліся звесткі, што ў 1205 г. ад палякаў пацярпеў Слуцкі Троіцкі манастыр.
ХIVст. таксама з'яўляецца сціплым на звесткі. Верагодней за ўсё, што Слуцкім княствам, як і іншымі ўдзеламі, што некалі ўваходзілі ў склад Тураўскага княства, валодалі нашчадкі тураўскіх Ізяславічаў. Вайсковая моц іх саступала сіле валынскіх і літоўскіх князёў, таму ім, у залежнасці ад палітычнай сітуацыі, прыходзілася падтрымліваць таго ці іншага больш магутнага суседа. Не раз Ізяславічы ўцягваліся ў барацьбу валынскіх і літоўскіх князёў як паміж сабою, так і ў іх войны з Польшчай.
У сярэдзіне 1320-х гг. Случчына ўвайшла ў склад новай вялікай усходнееўрапейскай краіны – Вялікага княства Літоўскага. Пінскае княства перайшло ў валоданне сына вялікага князя літоўскага Гедыміна Нарымута. Астатнія, у тым ліку і Слуцкае, заставаліся за Ізяславічамі. Верагодна, са Слуцкага княства як асобны ўдзел у нейкі час вылучылася Капыльскае княства.