Уладзімір Манамах (1053–19.5.1125)

Уладзімір (у хрышчэнні Васіль) – сын вялікага князя кіеўскага Усевалада і візантыйскай царэўны Марыі. Па імені дзеда па маці ён атрымаў прозвішча «Манамах».
3 1113 г. Уладзімір стаў вялікім князем кіеўскім. Неаднаразова і паспяхова хадзіў на полаўцаў, якія ў выніку надоўга пакінулі рускія землі. Спыніў усобіцы, аб'яднаў пад сваёй уладай амаль усе, акрамя Полаччыны, рускія землі. Аднак яго спроба канчаткова замацаваць адзінства ўсходнеславянскіх земляў пад уладай Кіева поспеху не мела. Пасля смерці яго сына Мсціслава Русь канчаткова распалася на ўдзелы.
Жонкай Уладзіміра была дачка англійскага караля Гіда, мелі яны васьмярых сыноў і чатырох дачок. Ён аўтар «Павучэння Уладзіміра Манамаха», у якім заклікаў князёў быць для другіх узорам высокай маралі.
Улада сыноў Святаполка – Ізяславічаў у Тураўскім княстве ў той час была слабаю. Уладзімір Манамах урэшце адабраў у іх Тураў і ўсю дрыгавіцкую зямлю, а Ізяславічам пакінуў толькі Уладзімір-Валынскі.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  

 

 

 

 

 

 

 

У княжацкіх усобіцах прымалі ўдзел не толькі шматлікія кіеўскія нашчадкі Рурыка. Да іх усіх, а ў асаблівасці да Кіева, недружалюбна ставіліся князі Полацкія, якія паходзілі з роду князя Ізяслава Уладзіміравіча (?-1001) – сына Рагнеды Полацкай і Уладзіміра Святога, а дзедам якога быў князь полацкі Рагвалод. У гэтай барацьбе Полацк адстаяў незалежнасць ад Кіева. Мяжа паміж уладаннямі полацкімі, паўднёвым фарпостам якіх быў Мінск, і кіеўскімі, а больш правільна – тураўскімі, паўночным фарпостам якіх быў Слуцк, у нашых месцах праходзіла ў раёне цяперашніх Валяр'янаў.
На такім гістарычным фоне ў часы княжацкіх усобіц з'яўляецца на старонках летапісаў першае вядомае на сёння ўпамінанне пра Слуцк. Хаця адзначым, што ёсць спасылкі на больш раннія даты ўпамінання горада, але на сёння яны не пацверджаныя.
Сын Усяслава Брачыславіча Полацкага князь мінскі Глеб (1060-1119) зрабіў паход на дрыгавіцкія землі, падчас якога спаліў Слуцк. У адместку аб'яднаныя войскі княстваў Пераяслаўскага, Чарнігаўскага, Смаленскага пад кіраўніцтвам вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Манамаха абрынуліся на ўладанні Глеба: «В лето 6624 (1116). Приходи Володимер на Глеба: Глеб бо бяше воевал Дреговичи и Случеск пожег «. Для Глеба барацьба скончылася трагічна – у 1119 г. ён быў паланёны і ў кіеўскай вязніцы памёр.
Пасля смерці Уладзіміра Манамаха ў 1125 г. кіеўскім князем стаў яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч, а Тураўскае княства дасталося другому сыну – Вячаславу Уладзіміравічу, які пасля смерці Мсціслава ў 1139 г. стаў і князем кіеўскім.
3 1140г. назіраецца частая змена князёў у Кіеве – нашчадкаў Уладзіміра «Святога», прадстаўнікоў розных адгалінаванняў яго роду – Ольгавічаў, Манамахавічаў, Ізяславічаў. У залежнасці ад вынікаў перамогі мяняліся і ўладальнікі Турава і Слуцка.
У 1142 г. на кіеўскім троне ўжо сядзеў князь Усевалад Ольгавіч чарнігаўскі. Ён аддаў Тураў свайму сыну Святаславу, а Клецк і Слуцк – брату Святаславу Ольгавічу. Аднак у хуткім часе Слуцкам ужо валадарыў князь Уладзімір Давыдавіч (на апошняга Святаслаў Ольгавіч скардзіўся – «трымаеш маю вотчыну ...і Случаск і Клечаск»). А калі князем кіеўскім на непрацяглы час станавіўся прадстаўнік Ізяславічаў тураўскі князь Ізяслаў II, то Случчынай валадарыў яго сын.
У 1149 годзе ў барацьбу за Кіеў уключыўся ўладзімірскі князь Юрый Далгарукі.
Пасля паразы ў 1149 г. пад Пераяслаўцам вялікага князя кіеўскага Ізяслава II ад аб'яднаных войскаў пад кіраўніцтвам князя Юрыя Далгарукага апошні зноў аддае Слуцк свайму саюзніку чарнігаўскаму князю Святаславу Ольгавічу. 3 гэтага часу клецкія і слуцкія землі знаходзяцца ва ўладанні чарнігаўскіх князёў.
У Тураве таксама назіраецца хуткая змена князёў: у 1154 г., пасля смерці Ізяслава Мсціславіча, новы кіеўскі ўладар, яго брат Расціслаў Мсціславіч перадаў Тураў Святаславу Усеваладавічу, а ў 1155г., калі Кіеў захапіў Юрый Далгарукі, Тураў перайшоў да яго сына Барыса.
У 1158 г. памёр Юрый Далгарукі, і зноў абвастрылася барацьба за Кіеў. Карыстаючыся адсутнасцю тураўскага князя Барыса Юр'евіча – ён паехаў на пахаванне бацькі, на кіеўскі трон сеў ІзяслаўДавыдавіч, а Тураў захапіў прадстаўнік дынастыі Ізяславічаў князь Юрый Яраславіч. Паход войска кааліцыі рускіх князёў пад зверхнасцю новага кіеўскага князя на Тураў супраць Юрыя з мэтай выгнаць апошняга і далучыць Тураў да Кіева вынікаў не даў.
Такім чынам, у 1158 г. у Тураве зноў замацаваліся прадстаўнікі дынастыі Ізяславічаў і, як пакажа час, на гэты раз трывала. Несумненна, захоп гэты Ізяславічы разглядалі як акт справядлівы, бо Тураўскія землі яшчэ Любечскім з'ездам князёў замацоўваліся за іх родам.