Святаполк Ізяславіч (8.11.1050–16.4.1113)
Пасля смерці Яраполка Тураўскім князем стаў яго брат Святаполк Ізяславіч (у хрышчэнні Міхаіл), які перад тым быў князем Наўгародскім. Пасля смерці вялікага князя кіеўскага Усевалада Святаполк Ізяславіч стаў і князем кіеўскім. Разам з сынам Усевалада чарнігаўскім князем Уладзімірам Манамахам умацоўваў Русь. Яны ініцыявалі Любечскі з'езд князёў 1097 г., дзе вырашаліся праблемы спрэчак паміж князямі за спадчыну, і дзе было вырашана, каб кожны з іх валодаў толькі сваёй бацькаўшчынай, а на чужую не прэтэндаваў. Было дамоўлена, што за Святаполкам і яго сынамі замацоўваўся Тураў і дрыгавіцкія землі з абодвух бакоў Прыпяці.
З апісання вядома, што Святаполк росту быў высокага, меў доўгую бараду, прамыя чорныя валасы. Любіў чытаць, меў добрую памяць. Войны не любіў, але быў срэбралюбівы і скупы. Меў трох дачок і чатырох сыноў. Адзін з іх, Мсціслаў загінуў у барацьбе з валынскімі князямі. Другі, Яраслаў – пераможца ятвягаў, загінуў у барацьбе з Уладзімірам Манамахам за Кіеў. Іншыя засталіся ўладарамі Тураўскіх земляў.
Жонка Святаполка – грэчаская царэўна Варвара (?-1125). Яна заснавала першы ў Тураве праваслаўны жаночы Варварынскі манастыр, дзе засталася жыць пасля смерці мужа.