Яраполк Ізяславіч (1043/50–22.11.1086)

Яраполк Ізяславіч (у праваслаўным хрышчэнні Гаўрыіл, у каталіцтве Пётр) у 1073 г. у выніку міжусобіц разам з бацькам і братам Святаполкам Ізяславічам быў выгнаны з Русі.
Дапамогу выгнанцы шукалі ў Польшчы і Германіі. Яраполк ажаніўся там з дачкой мейсенскага маркграфа Атона Кунігундай (Ірынай). Спадзяючыся на дапамогу (з мэтай атрымаць Кіеў), у 1075 г. ён заключыў дамову з папам Рымскім.
Яраполк кіраваў у Тураве пасля смерці свайго бацькі Ізяслава Яраславіча на працягу 1078-1086 гг. Паставіў яго ў Тураў новы кіеўскі князь Усевалад. Апошні надзяліў Яраполка і землямі на Валыні. Але за Валынь распачалася барацьба з ранейшымі яе ўладарамі, падчас якой ад рук падасланых забойцаў Яраполк загінуў.
У Яраполка Ізяславіча і Ірыны былі сыны Вячаслаў і Яраслаў (князь брэсцкі), і дзве дачкі, з якіх Анастасія стала жонкай князя мінскага Глеба.Праваслаўнай царквой князь Яраполк (Гаўрыіл) далучаны да ліку святых. Дзень яго памяці – 22 лістапада (5 снежня н.с.).