Яраслаў Мудры (974/78–2.2.1054)
Яраслаў Мудры (у хрышчэнні Георгій) – трэці сын вялікага князя кіеўскага Уладзіміра. Спачатку быў намеснікам бацькі ў Ноўгарадзе Вялікім, а ў 1019 г. стаў вялікім князем кіеўскім. Паспяхова вёў барацьбу за падпарадкаванне сабе ўсіх рускіх земляў. Ваяваў супраць свайго пляменніка полацкага князя Брачыслава Ізяславіча. У 1036 г. канчаткова разбіў печанегаў.
У летапісе прыводзіцца, што яго маці – полацкая княгіня Рагнеда, што ў некаторых цяперашніх даследчыкаў выклікае сумненне. Выказваюцца меркаванні, што гэтым ідэалагічна абгрунтоўваліся прэтэнзіі Яраслава і яго нашчадкаў на Полацкае княства.
Жонкай Яраслава была Інгігерда (Ірына) – дачка шведскага караля Олафа. Мела княжацкая сям'я сем сыноў і трох дачок, апошнія сталі жонкамі каралёў Францыі, Венгрыі, Нарвегіі.
У Кіеве пры Яраславе былі пабудаваны Залатыя вароты, Сафійскі сабор, заснаваны Кіева-Пячэрскі манастыр, узніклі першыя на Русі бібліятэкі, створаны звод законаў «Праўда Яраслава». Заснаваны гарады, у тым ліку Юр'еў (цяпер Тарту, Эстонія) і Новы гарадок (цяпер Навагрудак, Беларусь).
На працягу разглядаемага часу Тураўскае княства знаходзілася ў падпарадкаванні Яраслава Мудрага.