Святаполк Яраполчыч (980–1019)

У 988-1015 гг. у Тураве княжыў сын кіеўскага князя Яраполка Святаполк (у хрышчэнні Пётр). Яго маці – грачанка. Нарадзіўся Святаполк калі бацькі жывым ужо не было – той загінуў у міжусобнай барацьбе. На кіеўскім троне сядзеў князь Уладзімір Святаславіч (951-1015). Уладзімір усынавіў Святаполка і ў малым узросце паслаў яго ў Тураў сваім намеснікам. Верагодна, у 1005 г., пры Святаполку была заснавана праваслаўная Тураўская епіскапская кафедра.
У 1010 г. жонкай Святаполка стала дачка польскага караля Баляслава Храбрага, разам з якой у Тураў прыбыў і епіскап калабжэгскі Рэйнберт. Адбылося збліжэнне Турава з Польшчай. Прыкладна ў 1012 г. Святаполка з жонкай і епіскапам арыштавалі, пазней князь знаходзіўся зняволеным у Вышгарадзе пад Кіевам. Можна думаць, што была гэта расплата за спробу Святаполка з дапамогай Польшчы адарваць ад Кіева Тураўскае княства.
Пасля смерці Уладзіміра, празванага за ўвядзенне ў 988 г. на Русі хрысціянства «Святым», Святаполк на кароткі час стаў вялікім князем кіеўскім. Аднак у распачатай барацьбе за Кіеў паміж сынамі Уладзіміра перамог наўгародскі князь Яраслаў. Разгромлены Святаполк загінуў у выгнанні. У летапісах яго называюць «Акаянным», прыпісваюць забойства братоў Барыса і Глеба. На думку некаторых сучасных даследчыкаў, падобныя абвінавачанні несправядлівыя. Святаполк – першы вядомы з летапісаў уладар нашага краю.