XII-XVII стагоддзе

XII стагоддзе
Слуцк у 2-й палове XII ст. стаў сталіцай удзельнага княства, якое вылучылася з княства Тураўскага. Яго ўладарамі былі князі Ізяславічы-нашчадкі тураўскага князя Юрыя Яраславіча (праўнука старэйшага сына кіеўскага князя Яраслава Мудрага-Ізяслава). Культурнае, царкоўнае і эканамічнае жыццё Слуцка было звязана з Туравам, а таксама з Клецкам, Пінскам, Дубровіцамі, Сцяпанню - цэнтрамі ўдзельных княстваў, якія раней уваходзілі ў склад Тураўскага і дзе таксама ўладарылі прадстаўнікі роду Ізяславічаў. Існавалі і сувязі Слуцка з Кіевам.
Археалагічныя даследаванні, праведзеныя на слуцкім замчышчы ў 1985-86-я гг., дазволілі зрабіць выснову, што ўХІІ ст. там стаяў мураваны храм. Магчыма, што ён быў узведзены напрыканцы 1170-х - пачатку 1180-х гг. і па архітэктуры мог нагадваць пабудаваную незадоўга перад тым мураваную царкву ў Тураве. У горадзе і навакольных паселішчах, несумненна, былі і храмы, будаваныя з дрэва. Такім чынам, можна заключыць, што жыхары тагачаснага Слуцка былі знаёмы з іканапісам, магчыма і з дэкаратыўна-манументальным мастацтвам. У Слуцк творы царкоўнага мастацтва верагодна дастаўляліся з больш развітых культурных цэнтраў, у першую чаргу з Кіева, а каліствараліся на месцы, то, хутчэй за ўсё, запрошанымі майстрамі.
Падчас археалагічных даследаванняў знойдзены і творы свецкага мастацтва, пераважна дэкаратыўна-прыкладнога - як мясцовай вытворчасці, так і прывазныя. Былі знойдзены таксама творы дробнай пластыкі - дзве драўляныя і дзве касцяныя шахматныя фігуркі. З іх найбольш цікавай з"яўляецца касцяная фігурка караля ў выглядзе чалавека на троне.
Са сказанага бачна, што ў XII ст. у Слуцку працавалі майстры, чые творы разам з творамі прывазнымі задавальнялі культурныя запатрабаванні тутэйшага грамадства. Духоўнае і культурнае жыццё слуцкай знаці верагодна працякала пад уплывам Кіева і мела адпаведную візантыйскую афарбоўку. Хутчэй за ўсё, што існавалі і сувязі са скандынаўскай (варажскай) культурай. У народнай жа культуры, відавочна, захоўваліся традыцыі, вытокі якіх губляліся ў часах першабытнага ладу.

XIII стагоддзе
На пачатку XIII ст. Слуцкае княства трапіла ў залежнасць ад Галіцка-Валынскага княства. Барацьба яго гаспадароў з палякамі прывяла да вайны. Захаваліся звесткі, што ў 1205 г. ад палякаў пацярпеў Слуцкі Троіцкі манастыр. Ці пацярпеў Слуцк ад мангола-татараў - дакладных звестак няма, хаця вядома, што ў 1274 г. пад Слуцкам адбылася бітва дружын турава-пінскіх князёў з татарамі. У тыя ж 1270-я гг. у выніку барацьбы вялікага князя літоўскага Трайдзеня з вайсковай кааліцыяй, якую ўзначальваў галіцка-валынскі князь Леў Данілавіч і ў якую ўваходзілі Ізяславічы, ваколіцы Слуцка былі спустошаны, а сам горад моцна разбураны. Пасля заняпаду Слуцка буйнейшым горадам краю застаўся Капыль.
Можна думаць, што ў выніку войнаў і разбурэнняў як эканамічнае, так і культурнае жыццё на Случчыне, асабліва ў другой палове XIII ст., прыйшло ў заняпад.

XIV стагоддзе
У сярэдзіне 1320-х гг. Случчына ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага. Гаспадарамі княства заставаліся прадстаўнікі роду Ізяславічаў. Апошнія з іх упамінаюцца ў 1380-я гг. Напрыканцы XIV ст. Капыльска-Слуцкае княства стала спадчынным уладаннем князёў Алелькавічаў, якія паходзілі з роду вялікага князяЛітоўскага Альгерда. Сталіцай краю заставаўся Капыль, а Слуцк пасля разбурэнняў XIII ст. паступова аднаўляўся.

XV стагоддзе
Калі Случчына стала ўдзелам дынастыі князёў Алелькавічаў, пачалі аднаўляцца страчаныя раней сувязі з Кіевам. З"явіліся і новыя вектары культурнага ўплыву і ўзаемадзеяння - Маскоўскае княства, Наўгародская рэспубліка, Польшча.
Князь Аляксандр Уладзіміравіч, які адправіўся на княжэнне ў Кіеў, сваімі намеснікамі аставіў у Слуцку старэйшага сына Сімяона, а ў Капылі малодшага Міхаіла. Гэта сведчыць, што Слуцк зноў стаў галоўным горадам краю. Ён адным з першых беларускіх гарадоў у 1441 г. атрымаў Магдэбургскае права, уваходзіў у лік 15 буйнейшых гарадоў ВКЛ.
Да другой паловы XV ст. адносяцца звесткі пра працу ў Слуцку перапісчыкаў кніг. Выкажам меркаванне, што кнігапісанне ў горадзе распачалося раней, яшчэ на пачатку стагоддзя. З тых часоў разам з перапісчыкамі маглі працаваць і мастакі, якія ўпрыгожвалі рукапісныя кнігі ілюстрацыямі, застаўкамі, ініцыяламі.
Пачатак іканапіснага мастацтва на Случчыне таксама можна шукаць у XV ст. Невядома, працавалі тады ўжо мясцовыя майстры, ці запрошаныя з якога іншага месца. Верагодна, у Слуцку напісана ікона «Маці Божая Адзігітрыя», якая датуецца канцом XV ст. Цяпер яна знаходзіцца ў зборы Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску, куды трапіла са Случчыны. Аналіз манеры пісьма абраза сведчыць, што тагачасныя мастакі арыентаваліся ў асноўным на візантыйскі і рускі дамангольскі жывапіс. Тут можна заўважыць і прыкметы ўплыву развітай на той час Маскоўскай іканапіснай школы. А сціплае рэльефнае аздабленне німбаў святых сведчыць пра знаёмства і перайманне прыёмаў італьянскага мастацтва.

XVI стагоддзе
На працягу XVI ст. мацнелі сувязі Вялікага княства Літоўскага з Заходняй Еўропай. Відавочным станавілася ўздзеянне культуры італьянскага Рэнесансу, крыху пазней - ідэй паўночна-еўрапейскай Рэфармацыі.
Культурныя кантакты з усходнерускімі землямі ў выніку абвастрэння ўзаемаадносін з Маскоўскай дзяржавай паступова слабелі.
XVI ст. мы можам прыняць за пачатак фарміравання рэгіянальнай Слуцкай архітэктурна - мастацкай школы.
Асноўным заказчыкам твораў мастацтва з"яўлялася царква. Неабходнасць забяспечваць храмы і манастыры краю богаслужэбнай літаратурай і абразамі спрыяла працы ў Слуцку іканапісцаў і ілюстратараў рукапісных кніг. Развівалася і свецкае мастацтва - па заказу слуцкіх князёў мастакі пісалі партрэты. Слуцк станавіўся адным з цэнтраў мастацкага жыцця краіны.

Іканапіс
Ікона сярэдзіны XVI ст. «Святая Параскева», якая трапіла ў Нацыянальны мастацкі музей са Случчыны, з"яўляецца яскравым узорам тагачаснага беларускага іканапісу. Асаблівасці манеры пісьма (імкненне да праўдападобнасці ў перадачы формы, прапорцый, аб"ёму частак цела ў спалучэнні з умоўнасцю і дэкаратыўнасцю пры выяўленні іншых дэталяў) сведчаць, што іканапісцы былі знаёмы з заходнееўрапейскім мастацтвам і пераймалі яго дасягненні. Адметная рыса абраза - рэнесанснага характару рэльефны арнамент фона. Асновай іканапісу, яго іканаграфіі, застаюцца каноны праваслаўнага мастацтва. Аналіз творадазваляе даследчыкам зрабіць выснову і пра існаванне кантактаў з паўднёваславянскімі культурамі.

Мастацтва кнігі
Выдатным узорам мастацтва мясцовых майстроў кніжнай графікі з"яўляюцца выкананыя акварэллю малюнкі Чацвераевангелля, якое сам перапісаў і ў 1584 г. падарыў Слуцкаму Троіцкаму манастыру князь Юрый Алелькавіч. Разглядаючы іх, можна зрабіць выснову, што над аздабленнем кнігі працавалі два або тры мастакі. Застаўкі першых двух частак зроблены ў стылі традыцыйнай для старажытнарускага кніжнага мастацтва дэкаратыўнай пляцёнкі. Па вуглах і па сярэдзіне выкарыстаны стылізаваныя раслінныя матывы. Застаўкі маюць вытанчаны лінейны малюнак, ажурны сілуэт і гарманічнае колеравае рашэнне арганізаваных перапляценнямі ўнутраных палёў. Застаўка трэцяй часткі (Евангелле ад Лукі) адрозніваецца большай масіўнасцю. Малюнак пляцёнкі менш дасканалы: адсутнічае геаметрычная выверанасць і сіметрыя, рознакаляровыя палі менш згарманіраваны, затое дадаткова дэкарыраваны хрысціянскай сімволікай (крыжыкамі, кружкамі). Застаўка чацвёртай часткі (Евангелле ад Іаана) - таксама масіўная. Гэта не пляцёнка, а закампанаваная ў прамавугольнік камбінацыя стылізаваных раслінных элементаў, якім уласціва жывапіснасць колеравых спалучэнняў і пластычнасць контураў.
У стылістыцы выканання загалоўных літар (ініцыялаў) больш агульнага. Яны, як і застаўкі, дэкарыраваны пляцёнкамі з расліннымі матывамі. Тут таксама можна заўважыць руку двух розных майстроў.
Да пачатку XXст. у Слуцку захоўваліся і іншыя ўпрыгожаныя малюнкамі рукапісныя кнігі. Яны былі аб"ектам увагі даследчыкаў Андрэя Сніткі, мастака Юзэфа Смалінскага, пісьменніка Ф. Серна-Салаўевіча.

Партрэтны жывапісНевядомы мастак. Партрэт Кацярыны Тэнчынскай. 1580 г.
Хто стаў першым мастаком-партрэтыстам у Слуцку - невядома. Магчыма ім быў запрошаны заходнееўрапейскі майстар, але мог быць і мясцовы мастак - з тых, хто навучаўся ў замежжы. Узорамі для пераймання і навучання на месцы маглі таксама служыць і прывезеныя творы.
Жывапісныя выявы слуцкіх князёў і іх сваякоў размяшчаліся ў партрэтнай зале княжацкага палаца. Большасць з іх у пазнейшыя часы была вывезена са Слуцка і асела ў разнастайных магнацкіх калекцыях, некаторыя трапілі ў Слуцкі Троіцкі манастыр. Частка прапала пад час войнаў.
З літаратуры вядома, што да пачатку XX ст. у галоўнай царкве Троіцкага манастыра віселі партрэты князя Сімяона Міхайлавіча Алелькавіча (1460-1505) і яго жонкі Анастасіі Іванаўны (1473-1524). Яны былі зроблены ў іканапіснай манеры. Хутчэй за ўсё, што іх аўтарам быў мясцовы іканапісец, які толькі пачынаў засвойваць мастацтва партрэта.
Пра партрэт князя Юрыя II Юр"евіча (1530-1578) звестак не захавалася, але ён, верагодна, стаў узорам для партрэта Юрыя з фігурай ангела, выкананага ў XVIII ст. Партрэт яго жонкі княгіні Кацярыны Тэнчынскай (на час напісання ў 1580 г. - ужо ўдавы) захаваўся, знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Аналіз жывапісных асаблівасцяў твора сведчыць пра знаёмства аўтара партрэта з кракаўскай мастацкай школай. Гэта не выпадкова, бо княгіня была родам з Кракава і сувязі слуцкага княжацкага двара з польскай сталіцай існавалі. Гэта ўзор распаўсюджанага ў той час тыпу «сармацкага партрэта».
Магчыма, што невядомыя нам партрэты апошніх слуцкіх князёў выкарыстаў мастак канца ХVІ - пачатку XVII ст. для стварэння «Партрэта чатырох князёў Слуцкіх». Разам з апошнімі прадстаўнікамі роду Алелькавічаў тут бачым выяву іх продка - Аляксандра Уладзіміравіча, які жыў у XV ст.
Можна меркаваць, што ў Слуцку пісаліся і партрэты іншых магнатаў, якія мелі з Алелькавічамі дынастычныя або палітычныя сувязі.

XVIІ стстагоддзе
Слуцк у XVII ст. з"яўляўся цэнтрам краю, дзе пераважала насельніцтва праваслаўнага веравызнання. Другой адметнасцю духоўнага жыцця горада стала ператварэнне яго ў буйнейшы ў краіне цэнтр пратэстантызму. Спрыялі гэтаму новыя, што прыйшлі на змену Алелькавічам, гаспадары краю - князі Радзівілы, якія спавядалі кальвінізм. Іх сувязь з пратэстанцкімі краінамі, набыццё твораў нямецкіх і галандскіх майстроў пашыралі вектар паўночна-еўрапейскага ўплыву на культурнае жыццё вярхоў слуцкага грамадства.

Іканапіс
На Случчыне праваслаўная царква мела моцныя пазіцыі. Архімандрыты Троіцкага манастыра з"яўляліся намеснікамі праваслаўнага Кіеўскага мітрапаліта і фактычна былі самастойнымі кіраўнікамі на значным абшары краіны. Неабходнасць самім забяспечваць храмы горада і края царкоўнымі творамі і начыннем стала стымулам для росквіту ў Слуцку дэкаратыўна-прыкладнога і іканапіснага мастацтва.
У іканапісе назіраецца пранікненне барочных тэндэнцый, якія ішлі з Захаду. Аднак, у параўнанні з мастакамі іншых рэгіёнаў, слуцкія іканапісцы ў меншай ступені былі падвержаны ўплыву заходнееўрапейскага рэалістычнага і барочнага жывапісу, заставаліся больш адданымі старажытным традыцыям. Прычыны таму можна шукаць у акружэнні праваслаўнай Случчыны рэгёнамі, дзе пераважала ўніяцкая і каталіцкая канфесіі, адносіны з якімі былі часам напружанымі. Такі своеасаблівы кансерватызм з"яўляўся спробай абараніцца ад пранікнення чужародных ідэй. Прыкладам тагачаснага слуцкага іканапісу з"яўляецца абраз сярэдзіны XVII стагоддзя «Узнясенне». Да 1921 г. ён знаходзіўся ў слуцкай Стэфанаўскай царкве на Трайчанах, а потым трапіў у збор Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску. 
Мастацтва кнігі
Даследчык Андрэй Снітка, які на пачатку XX ст. вывучаў помнікі слуцкай старасвеччыны, згадвае рукапісны «Актоіх», перапісаны з друкаванага маскоўскага выдання 1631 г. і ўпрыгожаны, як піша аўтар, «добрымі застаўкамі». Гэта сведчыць, што праца ілюстратараў рукапісных кніг у Слуцку працягвалася, а друкаваная літаратура была, прынамсі на працягу першай паловы стагоддзя, у карыстанні рэдкай.
Важнай старонкай культурнага жыцця Слуцка з 1672 па 1705 г. стала дзейнасць радзівілаўскай друкарні. З ёй супрацоўнічалі вядомыя беларускія мастакі Максім Вашчанка і Аляксандр Тарасевіч. Так як мастацтва гравіроўкі і разьбы па дрэву і металу ў Слуцку было на высокім узроўні, то можна думаць, што знаходзілі ў друкарні працу і мясцовыя майстры, якія маглі рабіць гравіраваныя на метале і рэзаныя на дрэве друкарскія формы.

Партрэтны жывапіс
Партрэт княгіні Сафіі АлелькавічДа пачатку XX ст. у Троіцкім манастыры знаходзіліся пагрудныя выявы княгіні Сафіі Алелькавіч (1584-1612) і яе мужа князя Януша Радзівіла (1579-1620). Партрэт Сафіі пазней апынуўся ў музеі І. Луцкевіча ў Вільні, куды дзеўся партрэт Януша - невядома. Выкажам меркаванне, што напісаны яны былі невядомым нам аўтарам на пачатку XVII ст. у Слуцку.
Сын Януша князь Багуслаў Радзівіл шмат часу праводзіў па-за межамі краю. Яго дачка Людвіка-Караліна жыла ў Германіі. У Вільні і Германіі, як сведчаць літаратурныя крыніцы, яны карысталіся паслугамі замежных мастакоў. Багуслаў праяўляў вялікую цікавасць да партрэтнага жанру. Вядома апісанне партрэта яго жонкі ў выглядзе Дыяны са стрэламі. У 1670 г. князь завяшчаў сабраны ім альбом малюнкаў прадстаўнікоў роду з 43 партрэтамі ў авальных рамах сваякам у Нясвіж.
Хутчэй за ўсё, што і праца слуцкіх партрэтыстаў карысталася попытам.
Магчыма, у Слуцку ў 1641 г. для княжацкай галерэі быў напісаны партрэт Аляксандры Вішнявецкай-Радзівіл - жонкі стрыечнага дзеда Багуслава Радзівіла. У ліку заказчыкаў маглі быць мясцовая шляхта і купцы. Тады, відаць, з"явіўся партрэт слуцкага купца Мелентовіча, які гандляваў з Масквой у сярэдзіне XVII ст. Партрэт гэты ў XIX ст. знаходзіўся ў слуцкай Юр"еўскай царкве.

Мастакі XVII стагоддзя
Аляксандр малер
Слуцкі мастак 2-й паловы XVII ст. Упамінаецца ў інвентары за 1683 г.

Вашчанка Максім Ярмалініч (2-я пал. XVII ст, - 1708)
Беларускі мастак-графік, друкар, кнігавыдавец. Паходзіў з роду магілёўскіх мяшчан. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672) і магістра навук (1673). З 1690-х гг. і па 1708 год узначальваў друкарню магілёўскага Богаяўленскага брацтва. З"яўляецца заснавальнікам і адным з найбольш яскравых прадстаўнікоў Магілёўскай школы гравюры. Працаваў пераважна ў тэхніцы медзярыту, з якой пазнаёміўся ў Вільні.
Значнай работай ранняга перыяду творчасці, якая, на думку даследчыкаў, стала этапнай і для творчага лёсу самога мастака, і для магілёўскай гравюрнай школы, а таксама і для далейшага развіцця нацыянальнага мастацтва кнігі ўвогуле, была серыя ілюстрацый для кнігі П. Рыко «Манархія Турэцкая». Кніга была выдадзена слуцкай радзівілаўскай друкарняй у 1678 г. Рабіліся ілюстрацыі ў Магілёве, а заказчыкам выступаў заснавальнік і апякун друкарні слуцкі губернатар К. Клакоцкі (1625-1684), які з"яўляўся і перакладчыкам твора Рыко з французскай мовы на польскую. Напісаная англійскім пасланнікам у Турцыі, кніга распавядае пра незнаёмую на той час еўрапейцам краіну. На 18 ілюстрацыях чытач бачыць прадстаўнікоў турэцкага грамадства рознага стану, знаёміцца з архітэктурнымі і іншымі краявідамі. Тут выяўлены султан Магамет Хан, турэцкія начальнікі - начальнік (башы) над царскімі агародамі, начальнік над еўнухамі, разнастайныя царскія слугі, кожны з якіх паказаны з прыладамі, што характэрызуюць яго службу - хто нясе царскую шаблю або збан з вадой, тут жа царскі аптэкар і казначэй, ёсць малюнкі царскіх шутоў і нямых. Пачынаючы з перадтытульнай кампазіцыі бачым воінаў - або пешых, або на конях. Звяртаецца ўвага на цікавыя строі жанчын. Паказаны турэцкія святыні і людзі веры - царская мячэць, дзервішы, пустэльнікі. Кожная ілюстрацыя ўключае ў сябе зверху тэкст, дзе тлумачыцца, што або хто намаляваны.
Гравюры Вашчанкі з"яўляюцца, па сутнасці, больш ці менш дакладнымі копіямі і люстэркавымі адбіткамі ілюстрацый французскага выдання гэтай кнігі, зробленых французскімі мастакамі С.Леклерам і Н.Кашэнам (1670).
З іх семнаццаць кампазіцыйна паўтараюць гравюры французскіх мастакоў, і толькі адна крыху адрозніваецца.
Акрамя гэтых медзярытаў, у тэксце ў якасці канцовак выкарыстаны гравіраваныя на дрэве выявы арла - герба Радзівілаў, княжацкай кароны, завітка і арнаментальнага паяска. Можна выказаць меркаванне, што гэтыя дрэварыты выканаў не Вашчанка, а яны меліся ў слуцкай друкарні і выкарыстоўваліся пры выданні і іншых кніг.
Узяўшы за ўзор ілюстрацыі французскага выдання, Вашчанка паказаў сябе майстрам такой новай на той час для беларускіх мастакоў тэхнікі, як разцовая гравюра на медзі (медзярыт). Хаця работа Вашчанкі над ілюстрацыямі мела ў пэўнай меры яшчэ вучнёўскі характар, яна сёння разглядаецца як работа, што мае вялікае значэнне ў гісторыі беларускага мастацтва кнігі. Гэта першы пададзены чытачу цалкам свецкі цыкл малюнкаў. У іх можна заўважыць фарміраванне рысаў індывідуальнай аўтарскай манеры, што будзе ўласціва пазнейшым творам мастака.

Вішнячэня малер
Мастак, які ў 1670-1674 гг. працаваў у мястэчку Цімкавічы (цяпер вёска ў Капыльскім раёне).

Галаўчынец Іван
Слуцкі мастак (малер) 2-й паловы XVII ст. Упамінаецца ў інвентары за 1683 г.

Іван багамаз
Слуцкі іканапісец 2-й паловы XVII ст. Упамінаецца ў інвентары за 1683 г.

Казак Паўла
Слуцкі іканапісец (багамаз) 2-й паловы XVII ст. Упамінаецца ў інвентары за 1683 г.

Мікіта малярыч
Мастак, які ў 1691 г. працаваў у мястэчку Цімкавічы (цяпер Капыльскі раён).

Тарасевіч Аляксандр (2-я пал. XVII ст. - 1730)
Гравёр, майстар станковай і кніжнай графікі. Нарадзіўся, як мяркуюць, у Глуску. Вучыўся ў Барталамея і Філіпа Кіліянаў у Аўсбургу (Баварыя). Яго творчая дзейнасць праходзіла на Беларусі і Украіне. Працаваў у тэхніках афорта і разцовай гравюры на медзі. З яго імем звязаны вышэйшыя дасягненні мастацтва барока ў беларускай гравюры. Супрацоўнічаў з шэрагам беларускіх друкарняў, у тым ліку са слуцкай. У 1685 г. для аднаго з выданняў слуцкай друкарні выканаў партрэт слуцкага губернатара Казіміра Клакоцкага (1625-1684) з якім, верагодна, быў добра знаёмы. Партрэт зроблены праз год пасля смерці Клакоцкага.
Гэтым абумоўлены характар кампазіцыі і ўжываемая сімволіка: зверху пасярэдзіне размяшчаецца медальён з партрэтам былога слуцкага губернатара, арганізатара і апекуна друкарні. Медальён абгорнуты рушніком з завязанымі ўнізе канцамі, што сімвалізуе смутак па нябожчыку. На фоне - кантрастнае супрацьпастаўленне засохлых і зелянеючых дрэў, што сімвалізуе жыццё скончанае і квітнеючае. Унізе - смерць верхам на кані скача наўздагон аленю, на рагах якога цыферблат - сімвал хуткабягучага часу. Ніжэй размяшчаецца картуш з тэкстам-эпітафіяй.

Хіліцкі Яцак
Костел в д. ЗамостьеМастак-жывапісец 2-й паловы XVII ст. Нарадзіўся на Гродзеншчыне. У вёсцы Замосце цяперашняга Слуцкага раёна ў касцёле св. Барбары на працягу 1681-1683 гг. выканаў роспісы - тры насценныя кампазіцыі на гістарычныя тэмы, у 1689 г. - размалёўкі плафонаў на міфалагічныя сюжэты ў палацы.

Якуб багамаз
Слуцкі іканапісец 2-й паловы XVII ст. Упамінаецца ў інвентары за 1683 г.