4. Iудзейскія сінагогі

4. Iудзейскія сінагогі

Яўрэйская абшчына ў горадзе існуе, верагодна, з сярэдзіны XVІ ст. Першыя ўпамінанні пра яе ў гістарычнай літаратуры адносяцца да апошняй чвэрці ХVІ ст. Доўгі час была яна нешматлікай і даволі беднай. У XVIII ст. знаходзілася ў значнай фінансавай залежнасці ад нясвіжскіх і слуцкіх езуітаў. З 2-й паловы XVIII ст. становіцца больш моцнай і багатай, ператвараецца ў адну з уплывовых у Рэчы Паспалітай. К канцу ХVIII ст. колькасць яўрэйскага насельніцтва прапарцыянальна ўзрасла і склала трэцюю частку жыхароў горада. На працягу ХІХ ст. павялічылася да 50%, а на пачатку ХХст. – больш 70% жыхароў горада былі яўрэі. Была гэта ўжо не замкнёная абшчына, пражыванне якой абмяжоўвалася Школішчам. Месцам рассялення становяцца іншыя гарадскія раёны і прадмесці. Гістарычныя крыніцы прыводзяць, што ў 1800 г. у Слуцку было чатыры сінагогі і некалькі драўляных малітоўных дамоў у розных частках горада. У 1862 г. мелася адна мураваная, чатыры драўляныя сінагогі і шэсць малітоўных дамоў.
ХХст. было для абшчыны трагічным. Пад час Айчыннай вайны значная колькасць яўрэяў была знішчана нацыстамі. Многія на працягу 1980–90-х гг. эмігрыравалі.

 

Драўляная сінагога на Школішчы
Школішча – квартал Старога горада, які ў XVI ст. быў выдзелены для пражывання яўрэйскай абшчыны. Квартал быў абмежаваны вуліцай Капыльскай, ручаём Бычок і гарадскім валам. Такую назву атрымаў ад сінагогі, пры якой меліся памяшканні, прыстасаваныя для навучальных класаў, і якую называлі школай.
На планах горада ХVІІІ–ХІХ стст. на Школішчы паказана старая драўляная сінагога. Можна выказаць меркаванне, што пабудавалі яе ў 2-й палове XVI, альбо ў ХVІІ ст. У плане была квадратная. Хутчэй за ўсё, мела цэнтрычную пірамідальную архітэктурную кампазіцыю з вылучаным галоўным аб"ёмам. Стаяў гэты будынак, верагодна, да пачатку ХІХст., а потым яго не стала.

 

Мураваная сінагога на Школішчы
У другой палове або напрыканцы ХVІІІ ст. на плошчы (пасярэдзіне Школішча), непадалёку ад старой драўлянай была пабудавана мураваная сінагога. Мела яна прамавугольны ў плане, набліжаны да квадрата, аб"ём, накрыты двухсхільным дахам. Шырокія тарцовыя сцены завяршаліся фігурнымі трохлопасцевымі шчытамі. З трох бакоў, акрамя галоўнага фасада, будынак абкружала невысокая крытая прыбудова з прамавугольнымі ваконнымі і ўваходнымі праёмамі, дзе размяшчаліся крамы і навучальныя класы. Сцены асноўнага аб"ёма вышэй прыбудовы праразаліся вялікімі, выцягнутымі ўгору, лучковымі аконнымі праёмамі. З боку галоўнага фасада сіметрычна размешчаныя магутныя валюты стваралі плаўны пераход сілуэта галоўнага аб"ёма да прыбудоў. Па стылю будынак адносіўся да помнікаў архітэктуры позняга барока.
Як і іншыя культавыя ўстановы, сінагогу закрылі пасля ўсталявання Савецкай улады. Разам з іншымі будынкамі на Школішчы яна была разбурана пад час правядзення фашыстамі карнай аперацыі па ліквідацыі яўрэйскага гета ў 1943 г. Цяпер месца былога Школішча займаюць макаронная фабрыка і шматпавярховая забудова па вуліцы Парыжскай камуны.

 

Харальная сінагога
Мураваная харалыіая (галоўная) сінагога была пабудавана на рагу вуліц Віленскай і Садовай у канцы XIX ст. Мела прамавугольны, набліжаны да квадрата, план. Была пакрыта схільным дахам. Пасля рэвалюцыі сінагогу закрылі і пераабсталявалі пад кінатэатр, які дзейнічаў і пад час Айчыннай вайны. Немцы пры адступленні ў 1944 годзе будынак узарвалі. Цяпер месца, дзе яна некалі стаяла – засаджаны дрэвамі сквер на- супраць СШ №5.