Успаміны пра храм

Успаміны пра храм

Дзевяноста гадоў таму, у 1934 г. у Слуцку быў разбураны галоўны праваслаўны храм горада – Мікалаеўскі сабор. Ён стаяў на Саборнай горцы, якую пасля згаданых падзей атэісты перайменавалі ў Бязбожную. Горка – гэта тэрыторыя колішняга дзядзінца – умацаванай часткі старажытнага Слуцка. На пачатку XVI ст. дзядзінец быў ператвораны ў замак, яго назвалі Верхнім, бо побач у той жа час быў закладзены Ніжні замак.  

Здаўна на дзядзінцы (пазней Верхнім замку) стаяў праваслаўны Успенскі сабор. Храм быў драўляны, за сваю гісторыю па розных прычынах не раз перабудоўваўся або адбудоўваўся нанава. Напрыклад у 1702 г. падчас навальніцы ў яго галоўны вышэйшы купал трапіла маланка і ён загарэўся. Адбудованы храм зноў пацярпеў у час гарадскога пажару ў 1745 г. Аднаўленне пасля гэтага ішло марудна, і ў той перыяд функцыі гарадскога сабора выконвала Мікалаеўская царква, што стаяла ў Старым горадзе на вуліцы Капыльскай. Але ў 1811 г. у тым квартале адбыўся пажар, разам з іншай забудовай пацярпела і Мікалаеўская царква. 

Новы сабор узводзілі ў 1816-1819 гг. на Замкавай горцы. Назвалі яго Успенска-Мікалаеўскім. Ён быў драўляным, у плане меў форму выцягнутага крыжа, завяршаўся адным купалам на светлавым барабане. Побач паўстала 3-ярусная купальная званіца. Сцены пафарбавалі ў чырвоны колер. Дах, а таксама купалы храма і званіцы мелі зялёную афарбоўку. Але ў 1880-я гг. палічылі, што храм састарэў і на змену яму вырашылі будаваць новы мураваны.   

Будаўніцтва вялося з 1885 па 1889 г. Храм, узведзены ў візантыйскім стылі, асвяцілі ў гонар святога Мікалая. Ён меў адзін купал, што пакрываў шматгранны светлавы барабан, утвораны за кошт паступовага зрэзу вуглоў чацвярыка галоўнага аб’ёму. Па галоўнай восі да яго прымыкала купальная трох’ярусная званіца. Сцены былі чырвонага колеру, з асобнымі выбеленымі дэталямі. Дах, купалы храма і званіцы мелі зялёную афарбоўку. Як успамінала пісьменніца Алена Васілевіч, з-за колеру купалоў у народзе храм называлі «Зялёны сабор». Яго вярхі можна было заўважыць з самых аддаленых частак горада. Унутраная прастора мела манументальную размалёўку. Над роспісам, разам з іншымі, працаваў мясцовы мастак Васіль Вяроўскі. Пры храме дзейнічаў царкоўны хор, які пасля рэвалюцыі склаў аснову Слуцкага беларускага народнага хора. 

Пасля ўсталявання Савецкай улады сабор закрылі. Падзеі былі звязаны з распачатай барацьбой з рэлігіяй. Фармальнай падставай стала «раскрыццё» у 1933 г. АДПУ-НКУС БССР у краіне «контррэвалюцыйнай царкоўнай арганізацыі», якая быццам-бы складалася з трох філіялаў, адным з якіх называўся Слуцк на чале з епіскапам слуцкім Мікалаем Шамяціла. Тады ж былі арыштаваны настаяцель сабора Генадзій Захарэвіч разам з святарамі Мікалаем Крывадубскім і Пракофіем Жданко. Мікалаеўскі сабор, як пісаў сучаснік, «бязбожным камунізмам быў ператвораны ў нейкі склад і прыкрым дысанансам разіў вока на агульным фоне цэнтральнай часткі горада». Летам 1934 г. яго ўзарвалі. На падмурку знішчанага храма пачалося ўзвядзенне храма новай эпохі – Дома культуры, якое завяршылася пасля вайны.

аўтар артыкула: Ігар Ціткоўскі