Слуцкі Дом дзіцяці

Слуцкі Дом дзіцяці

У Слуцку, які моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны, захавалася мала будынкаў даваеннага перыяду. Цікавым аб’ектам з’яўляецца ўзведзены ў 1-й палове 1930-х гадоў з цэглы двухпавярховы будынак, дзе цяпер размяшчаецца Дом дзіцяці (вуліца Манахава, 15). Нажаль невядома дакладная дата яго пабудовы і імя аўтара праекту. Аднак відавочна, што праект ствараўся тады, калі ў архітэктурнай практыцы не адышлі яшчэ ў нябыт ідэі функцыяналізму і канструктывізму, але адчуваўся і подых вяртаючага свае пазіцыі класіцызму. У плане гэта сіметрычная “Т”-падобная архітэктурная кампазіцыя, для знешняга выгляду якой характэрны дакладны геаметрызм аб’ёмаў і лаканізм дэкору.

Стаіць будынак на вуліцы Манахава (да рэвалюцыі Завальная, потым Турэмная), непадалёку ад злучэння яе з вуліцай Капыльскай. Выцягнуты ўздоўж вуліцы галоўны фасад сіметрычны, з бакавымі выступамі-рызалітамі і нязначным паглыбленнем сярэдняй часткі сцяны. Фасаду такім чынам надаецца своеасаблівы характар з яскрава выяўленым рытмам руху кубападобных аб’ёмаў ад цэнтра да бакоў, а з боку вуліцы фарміруецца невялікі дворык – «курданёр». Сцены праразаюць вялікія прамавугольныя аконныя праёмы, апрацаваныя тонкімі ліштвамі. Уваход арганізаваны з боку двара.

Дакладных падцверджанняў не знойдзена, але са слоў некалькіх старажылаў вядома, што тут размяшчалася гарадская школа №6. Школа пад такім нумарам пачала дзейнічаць у Слуцку пасля ўсталявання Савецкай улады ў памяшканнях былога камерцыйнага вучылішча. А ў 1927 г. на змену ёй прыйшоў педтэхнікум. Таму выглядае лагічным, што для шостай школы ў канцы 1920-х – пачатку 1930-х гадоў узводзіўся новы корпус па вуліцы Манахава.

Пасля заняцца горада ў 1941 годзе нямецкімі акупантамі будынак знаходзіўся ў распараджэнні гестапа. У хуткім часе ў яго двары адбылося першае ў горадзе пакаранне смерцю захопленых акупантамі патрыётаў.

З 1944 года ў Слуцку для тых, хто згубіў у гады вайны бацькоў, арганізавалі Дом дзіцяці. Спачатку ўстанова размясцілася ў прыстасваным драўляным доме па вуліцы К. Лібкнехта (цяпер Віленская).
А ў чэрвені 1947 года, калі завяршыліся рамонтныя работы ў разглядаемым намі будынку па вуліцы Манахава, Дом дзіцяці перавялі туды. Да 1982 года частку будынка таксама займалі дзіцячыя яслі.

На працягу 1994–99-х гадоў у Доме дзіцяці праводзіўся рамонт і рэканструкцыя. У выніку плошча корпуса павялічылася амаль у тры разы. Кабінеты ўстановы папоўніліся новым абсталяваннем. Побач з’явіўся комплекс дадатковых і гаспадарчых пабудоў: пральня, харчблок і іншыя.

Апошнія будаўнічыя работы прывялі да змянення суадносін аб’ёмаў і форм, закладзеных у першапачатковым праекце. Павялічылася шырыня бакавых рызалітаў, іншым з выгляду стала дахавае перакрыццё, змяненні закранулі тарцовую частку будынка, што знаходзіцца ў двары.

Нягледзячы на згаданую рэканструкцыю, будынак Дома дзіцяці для Слуцка з’яўляецца ўнікальным па сваім архітэктурным рашэнні: ён не мае аналогій у цяперашняй забудове горада і прадстаўляе сабою помнік, які ілюструе цікавую старонку развіцця архітэктуры Беларусі 1-й паловы ХХ стагоддзя.

Ігар Ціткоўскі