Прыватнае камерцыйнае вучылішча Міхаіла Кірыакава

Прыватнае камерцыйнае вучылішча Міхаіла Кірыакава

15.06.2022

 

У 1909 г. у Слуцку было заснавана, а з 1910 г. распачало дзейнасць прыватнае камерцыйнае вучылішча Міхаіла Кірыакава. Кірыакаў быў палкоўнікам у адстаўцы, уладальнікам маёнтка Івань і адным з багацейшых жыхароў павета. Дапамогу ў арганізацыі вучылішча аказаў памешчык Эдвард Вайніловіч, ганаровы суддзя Слуцкага павета, вядомы ў свой час дзяржаўны дзеяч, чый маёнтак знаходзіўся ў мястэчку Савічы цяперашняга Капыльскага раёна. Актыўны ўдзел прымаў у гэтай справе ўладальнік маёнтка Рачкавічы пан Браніслаў Залескі.

 

Заняткі распачаліся ў прыстасаваным аднапавярховым драўляным будынку. А на заходняй ускраіне, па левым баку вуліцы Шасэйнай на выездзе ў напрамку Баранавіч, пачалі ўзводзіць вучэбны корпус, які быў завершаны ў 1911 (або ў 1912 г.). На вучобу прымаліся хлапчукі з 12 гадоў. Навучанне было платным. Выпускнікі, акрамя прафесіі, атрымлівалі сярэднюю адукацыю.

 

Корпус камерцыйнага вучылішча стаў адным з адметнейшых збудаванняў горада. Быў «Г» – падобны ў плане, двухпавярховы, з паўпадвальным паверхам. Неатынкаваныя фасады ўпрыгожвалі выкладзеныя з простай брусковай і фігурнай цэглы нішы, паяскі, аконныя ліштвы. Гэта быў узор распаўсюджанай у тыя часы «цаглянай архітэктуры». Рысы стылю мадэрн яму надавала спалучэнне на галоўным фасадзе двух нераўназначных частак, кожная з якіх, у сваю чаргу, будавалася па прынцыпе сіметрыі. Разам яны зліваліся ў агульную сцяну галоўнага фасада. Сцяна меншай левай часткі завяршалася складаным атыкавым франтонам. Сярэдзіна большай правай таксама завяршалася франтонам. Жывапісная фактура падмурка, выкладзенага з буйнага бутавага каменю, кантраставала з роўнымі радамі цэглы вышэйшых паверхаў.

 

На вядзенне вучэбнага працэсу накладвалі адбітак складанасці часу: Першая сусветная вайна, рэвалюцыйныя падзеі і грамадзянская вайна. 15 ліпеня 1920 г. будынак вучылішча быў спалены адступаючым з горада польскім войскам. Дзейнасць вучылішча спынілася.

 

Пасля ўсталявання Савецкай улады, да кастрычніка 1924 г. будынак быў адноўлены. Вонкавы выгляд яго змяніўся. Тарцовыя сцены замест трохвугольных атрымалі больш высокія трапецыяпадобныя франтоны, што дазволіла ўзвесці з дрэва трэці мансардны паверх. Цагляныя франтоны галоўнага фасада прынялі від прамавугольных сценак, якія ўвайшлі ў склад новых элементаў – купалоў. Цяпер над памяшканнем актавай залы ўзвышаўся купал з фігурным шпілем. Складаную купальную канструкцыю атрымаў левы край будынка. Над галоўным уваходам з"явіўся каваны металічны балкон, на які можна было трапіць з актавай залы.

 

Можна выказаць меркаванне, што пры аднаўленні будынак атрымаў выгляд адпаведна пачатковаму праекту, які па нейкіх прычынах не быў рэалізаваны да рэвалюцыі. З гэтага часу ён стаў самым высокім збудаваннем у горадзе.
 

Тут размясціліся камітэты прафсаюзаў і Дом культуры. У актавай зале, аб"ём якой аб"ядноўваў другі і трэці паверхі, праводзіліся гарадскія канферэнцыі, з"езды, выступленні мясцовых самадзейных і прыезджых прафесіўных артыстаў, у тым ліку труппы Уладзіслава Галубка. Некалькі пакояў, якія належылі Дому культуры, у 1926 г. былі выдзелены для Слуцкага акруговага краязнаўчага музея.

 

Асноўную частку заняла школа-сямігодка, якой прысвоілі №6. З 1927 г. школу змяніў педагагічны тэхнікум. А ў 1937 г. тэхнікум быў рэарганізаваны ў педвучылішча.

 

Выпускнікі слуцкай педагагічнай установы зрабілі вялікую справу ў арганізацыі і дзейнасці пачатковых і сярэдніх школ краю як у даваенныя, так і пасляваенныя гады. Сярод тых, хто вучыўся тут, былі будучыя пісьменнікі Антон Алешка, Алена Васілевіч, Лявон Случчанін, кандыдат гістарычных навук Яўхім Шулякоўскі, прафесар, кандыдат педагагічных навук Фёдар Кітуновіч, доктар медыцынскіх навук Аляксандр Гладкі.

 

У ліку навучэнцаў камерцыйнага вучылішча быў сын слуцкага каваля Сямён Косберг. Пазней ён стаў выдатным вучоным, канструктарам авіяцыйных і ракетных рухавікоў, у 1959 г. атрымаў ступень доктара тэхнічных навук, а ў 1961 г. званне Героя Сацыялістычнай працы.

 

У гады фашысцкай акупацыі пад наглядам немцаў у будынку педвучылішча таксама праводзіліся розныя мерапрыемствы. Была арганізавана школа гестапа па падрыхтоўцы разведчыкаў і дыверсантаў.

 

Моцна пацярпеў будынак пры вызваленні горада ад акупантаў у чэрвені 1944 г. Пасля вайны яго хацелі разабраць канчаткова, але сцены аказаліся досыць трывалымі. Таму вырашана было зрабіць рамонт. З такой ўмовай яго залічылі на баланс педвучылішча, дзейнасць якога аднавілася з 1944 г. у памяшканнях былога духоўнага вучылішча. З-за адсутнасці сродкаў на рамонт, восенню 1950 г. рашэннем мясцовага выканкама будынак перадалі слуцкаму гарнізону з умовай рамонта і наступнай арганізацыі ў ім кватэр для кіруючага склада слуцкага вайсковага гарнізона. Аднак і гэты праект не быў ажыццёўлены, і ў рэшце яго перадалі размешчанаму побач заводу. З 1953 г. ён называўся сокавым, а з 1964 г. – кансервавым.

 

У 2014 г. слуцкі кансервавы завод сваю дзейнасць завяршыў. На мясцовым узроўні разглядаліся два варыяны: або захаваць гістарычны будынак, або разбурыць разам з пазнейшымі прамысловымі карпусамі. Але ў 2015 г. былы корпус камерцыйнага вучылішча быў аб"яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння і ўзяты пад ахову дяржавы. Цяпер ён чакае рэстаўрацыі.

 

     

 

аўтар: Ігар Ціткоўскі