Слуцкая цытадэль XVII–XVIII ст.

Слуцкая цытадэль XVII–XVIII ст.

10.09.2013

Да пытання аб назве і часе узвядзення
За час свайго існавання чатырохбастыённая цытадэль у зарэчнай частцы Слуцка ці т.зв. Новым месце мела розныя назвы. У навуковай літаратуры замацавалася назва «Новы замак», аднак яна паўстала нашмат пазней за сам помнік. Першапачаткова слуцкую цытадэль найчасцей называлі «Новай фартэцыяй»[1]. Гэтаксама рана ў крыніцах з"явілася найменне «цытадэль», якое падкрэслівала галоўную функцыю ўмацавання у сістэме гарадскіх фартыфікацый[2]. Яе маглі называць «слуцкай фартэцыяй», хаця найчасцей гэтае азначэнне адносілася ўвогуле да гарадскіх фартыфікацый[3]. У дзённіку Станіслава Незабітоўскага і некаторых лістах канца XVII – пачатку XVIII стст. цытадэль, як правіла, называлася «шанцам» ці «Новым шанцам»[4]. Пазней, у XVIII–ХІХ стст. стала дамінаваць найменне «Новы замак», што прывяло да «састарэння» ранейшага адміністратыўнага цэнтра горада – комплекса Верхняга і Ніжняга замкаў. Таму, калі ў першай палове XVII ст. ў крыніцах фігуравала паняцце «Слуцкі замак» ці проста «замак»[5], дык з другой паловы XVII ст. пашырылася найменне «Стары замак». Найбольш універсальнай назвай, якая, побач з іншымі, ужывалася на працягу ўсяго існавання ўмацавання, было «цытадэль», таму яно і было вынесена ў загаловак дадзенага артыкула.

З канца XIV да пачатку XVII ст. Слуцак належаў княскаму роду Алелькавічаў. За гэты час горад значна разросся, што дазволіла сынам Юрыя ІІ – Юрыю ІІІ, Аляксандру і Сямёну – падзяліць яго на часткі[6]. Аднак усе тры браты хутка памерлі, а горад у 1600 г. разам з рукою дачкі Юрыя ІІІ Соф"і перайшоў да Януша Радзівіла. Досыць распаўсюджана меркаванне, што бастыённыя ўмацаванні Слуцка і цытадэль былі ўзведзены яшчэ пры апошніх Алелькавічах[7]. Аўтарам гэтай гіпотэзы, відаць, з"яўляецца выкладчык слуцкай гімназіі І. Глебаў, які ў пачатку ХХ ст. пісаў, што ўмацаванні атрымалі ўсе тры часткі: Старое места, Востраў і Новае места. Урэшце, ён наўпрост сцвярджаў, што Новы замак быў пабудаваны яшчэ пры Алелькавічах[8]. Гіпотэзы Глебава прытрымліваўся таксама вядомы даследчык абарончага дойлідства Беларусі М. Ткачоў[9]. А. Грыцкевіч і Л. Калядзінскі былі схільныя адносіць дату з"яўлення фартыфікацыйных ўмацаванняў Слуцка да 1630–1640 г.[10] Нягледзячы на падтрымку меркавання пра ранні пачатак узвядзення бастыённых умацаванняў вакол Слуцка, Ю. Чантурыя звярнуў увагу на падабенства фартыфікацый Слуцка да праектаў вядомага інжынера-фартыфікатара Адама Фрэйтага, а таму лічыў, што цытадэль магла паўстаць у 1640–60-ыя г.[11]

Ключом для вырашэння гэтай праблемы з"яўляецца накід плана Слуцка з альбома малюнкаў сяр. XVII ст. з архіва Радзівілаў, што захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Менску[12]. Дасюль гэты план не выкарыстоўваўся даследчыкамі, бо ён не мае подпісаў, а таму не быў атрыбутаваны. Аднак параўнанне з пазнейшымі планамі Слуцка паказвае, што гэта план горада на Случы. Найбольш карыснымі ў дадзеным выпадку з"яўляюцца планы першай траціны XVIII ст.: першы аўтарства Якаба Фойгта (Jacobus ці Jakob Voigt) 1704 г., другі – Ягана Георга Максіміліяна фон Фюрстэнхофа (Johann Georg Maximilian von Furstenhof) і трэці – Аляксандра Гофаўкса (Alexander Goffaux) 1731 г.[13]. На плане з архіва Радзівілаў адлюстраваны бастыённыя ўмацаванні вакол Старога места з трыма брамамі (Капыльскай, Астроўскай і Ільінскай) і комплекс Верхняга і Ніжняга замкаў. З іншага боку ракі, у Новым месце, прамалявана сетка вуліц і дзве брамы без якіх-кольвек умацаванняў. Адна з гэтых брамаў знаходзілася на месцы пазнейшай цытадэлі. Такім чынам, на момант стварэння дадзенага плана не было ні бастыённых умацаванняў вакол Новага места, ні цытадэлі. З іншага боку, гэта дазваляе абмежаваць час стварэння плана 1655 г., калі паўстала ўласна цытадэль і пачалося насыпанне валоў вакол Новага места. На нашу думку, накід плана Слуцка, як і ўвесь альбом малюнкаў быў выкананы гетманам Янушам Радзівілам[14]. Дапамагчы датаваць гэты план можа больш дакладная атрыбуцыя ўсяго альбома малюнкаў, аднак ужо цяпер зразумела, што гэта самы ранні з вядомых планаў Слуцка.

Гісторыя будаўніцтва
Пасля няўдалага завяршэння зімовай кампаніі 1655 г. стала зразумела, што літоўскае войска не здолее перамагчы ці хаця б стрымаць маскоўскія палкі[15]. Таму, вяртаючыся з-пад Магілёва, тагачасны ўладальнік Слуцка князь Багуслаў Радзівіл (1621–1669) ужо пад Барысавам аддзяліўся ад войка ВКЛ і накіраваўся ў Слуцак для направы ўмацаванняў вакол Старога места і заканчэння Новай фартэцыі, ці цытадэлі, якую загадаў закласці 2 красавіка. Працы ішлі хутка, і ўжо 10 жніўня горад быў падрыхтаваны да абароны[16].

Галоўную ролю ў арганізацыі і кіраванні будаўніцтвам цытадэлі адыграў оберстэр-лейтэнант Вільгельм Патэрсан (Wilhelm Paterson, ці Peterson), якога Багуслаў Радзівіл пасля няўдалай магілёўскай кампаніі прызначыў камендантам і губернатарам Слуцка[17]. Шатландзец па паходжанні, В. Патэрсан, верагодна, ужо добра ведаў Слуцак і праслужыў там не адзін год. Яшчэ ў 1621 г. ў рангу капітана ён упершыню прыняў камандаванне гарнізонам горада[18]. У бурлівым 1655 г. В. Патэрсан адыграў выключную ролю ў фартыфікаванні і абароне Слуцка, таму карыстаўся вялікім аўтарытэтам у мяшчан і жаўнераў. Пра ролю В. Патэрсана ў пабудове фартыфікацый Слуцка красамоўна сведчыць той факт, што адзін з шанцаў[19] у ланцугу ўмацаванняў горада быў ахрышчаны ў гонар каменданта «Вільгельмавым шанцам» ці «Вільгельм-шанцам». Пазней пашырылася спрошчаная назва «Вілім-шанец». У канцы 1659 – пачатку 1660 г., калі над горадам ізноў навісла пагроза нападу маскоўскіх войскаў, тагачасны слуцкі губернатар, плоцкі стольнік Казімір Клакоцкі (Kazimierz Kłokocki) горача заклікаў Багуслава Радзівіла як мага хутчэй вярнуць В. Патэрсана у Слуцак, адзначаючы, што няма больш здольнага для абароны фартэцыі чалавека, які мог падтрымаць дысцыпліну ў горадзе і гарнізоне[20]. У стварэнні першага праекта цытадэлі, такім чынам, мог прымаць удзел сам слуцкі камендант, якога лічылі экспертам у старагаландскай фартыфікацыі[21].

Надзвычай цікавыя звесткі пра фартыфікацыю горада і цытадэлі змяшчае ліст архітэктара і інжынера Тэафіла Спіноўскага (Theophil Spinowski) да Багуслава Радзівіла, напісаны 6 лютага 1658 г.[22] У ім аўтар падрабязна апісвае гісторыю сваёй працы на князя. У час побыту Багуслава Радзівіла ў Слуцку ў 1655 г. Т. Спіноўскі прадставіў князю дэлінацыю ці праект бастыённых умацаванняў вакол горада. Пазней гэты ж праект быў прадстаўлены і вялікаму гетману Янушу Радзівілу. Разам з тым, Т. Спіноўскі згадвае пра выкананы ім праект драўлянага палаца для Новай фартэцыі. Верагодна, разам з Багуславам Радзівілам ён ў 1655 г. з"ехаў са Слуцка на Падляшша, а пазней – у Прусію, дзе пакінуў частку сваіх інструментаў і праектаў. Пасля разгрому атрадаў Багуслава Радзівіла пад Просткамі 8 кастрычніка 1656 г. Т. Спіноўскі, які браў удзел у гэтай бітве на баку канюшага, трапіў да падчашага ВКЛ Міхала Казіміра Радзівіла. Цягам 1657 г. ён жыў у Белай на Падляшшы і ў Нясвіжы, дзе па загадзе падчашага рыхтаваў праект мадэрнізацыі фартыфікацый Нясвіжскага замка ў старагаландскім стылі. Увосень 1657 г. Т. Спіноўскі ўзнавіў перапіску з Багуславам Радзівілам, спадзеючыся вярнуцца да яго на службу. Пры гэтым ён настойліва прапаноўваў ужыць распрацаваны ім праект фартыфікацый для Нясвіжскага замка пры рэканструкцыі Новай фартэцыі ў Слуцку. У канцы студзеня – пачатку лютага 1658 г. архітэктар пакінуў падчашага, так і не скончыўшы працу над праектам для Нясвіжскага замка, і прыехаў у Слуцак. Адразу па прыбыцці ў горад Т. Спіноўскі атрымаў загад ехаць да жмудскага старасты Юрыя Караля Глябовіча, а пасля – да Багуслава Радзівіла ў Кёнігсберг.

Т. Спіноўскі заставаўся на службе Багуслава Радзівіла да самой смерці. У прускай сталіцы ён працаваў над праектам мадэрнізацыі гарадскіх фартыфікацый[23]. Пазней удзельнічаў у пабудове новага палаца ў Біржах, у прыватнасці, выканаў праект роспісаў плафонаў унутраных памяшканняў[24]. У 1662 г. на тэрыторыі Ніжняга замка ў Слуцку па яго праекце будавалася лазня, а ў 1666 г. – новы палац для князя[25]. Як пісаў К. Клакоцкі ў пачатку 1671 г., жонка Т. Спіноўскага настойліва прасіла аддаць ёй грошы, што не былі своечасова выплачаны яе мужу. На той час архітэктар ужо не жыў[26].

Акрамя Т. Спіноўскага і В. Патэрсана, у Слуцку меліся і іншыя інжынеры. У прыватнасці, у канцы красавіка 1655 г., якраз калі пачалося ўзвядзенне цытадэлі, В. Патэрсан загадаў невядомаму інжынеру, які меўся пры слуцкім гарнізоне, выканаць праект новай грэблі ў раёне Ільінскай брамы[27]. Такога кшталту працы мог праводзіць службовец князя Крыштаф Вінклер (Krzysztof Winkler), які ў ліпені-жніўні 1656 г. рабіў дамбы ў гарадскіх ірвах, каб затрымаць у іх ваду, а таксама разметку для равеліна перад Навамейскай брамай[28]. Урэшце, сам Багуслаў Радзівіл быў добра абазнаны ў фартыфікацыі і мог браць асабісты ўдзел у падрыхтоўцы праекта цытадэлі. У сваім лісце да нашчадкаў ён даволі шмат увагі надае парадам, звязаным менавіта са справамі фартэцыяў[29].

Неўзабаве па вяртанні Т. Спіноўскага ў канцы 1658 года на службу да Багуслава Радзівіла пачалася рэалізацыя прапанавага ім праекта перабудовы Новай фартэцыі. У пачатку 1660 г. ва ўмовах надзвычайнай небяспекі, якая навісла над Слуцкам, Багуслаў Радзівіл ізноў накіраваў В. Патэрсана для фартыфікавання і забеспячэння горада і Новай фартэцыі[30]. Аднак з прычыны хуткага наступу маскоўскіх войскаў у Наваградчыне той не здолеў даехаць да Слуцка, таму адказнасць за падрыхтоўку горада да абароны была ўскладзена на К. Клакоцкага. Паводле слоў Уладыслава Гурына (Władysław Huryn), які пэўны час разам з плоцкім стольнікам кіраваў адміністрацый Слуцкага княства, К. Клакоцкі вельмі добра спраўляўся з гэтай задачай. У маі-чэрвені 1661 г., калі над горадам і княствам навісла небяспека новых уварванняў, а К. Клакоцкі ад"ехаў па асабістых справах са Слуцка, Ул. Гурын прасіў Багуслава Радзівіла як мага хутчэй яго вярнуць, бо без К. Клакоцкага ўтрыманне фартыфікацый горада і цытадэлі ў належным стане і іх далейшая разбудова ішлі дрэнна, а ў гарнізоне не было парадку[31].

Паводле загаду Багуслава Радзівіла ад 18 лютага 1662 г., са Старога замка ў цытадэль была перанесена рэзідэнцыя каменданта і харугва слуцкага гарнізона[32]. Аднак будаўнічыя працы працягваліся і надалей. У 1663–1664 г., а напэўна, і колькі год пазней, вяліся працы па насыпанні галоўнага вала цытадэлі. У студзені 1664 г. К. Клакоцкі паведамляў князю, што «адзін бастыён і адна курціна ў цытадэлі яшчэ не скончаны, а каб жаўнеры так рабілі, як у тым годзе, то за два гады можна было б працу скончыць»[33]. У пазнейшым лісце ён выказваў заклапочаннасць, што ўвогуле не будзе з кім працягваць будаўніцтва, і прасіў пераслаць некалькі дзесяткаў маскоўскіх вязняў з Копысі[34].

Ужо ў 1655 г. Т. Спіноўскі выканаў праект палаца, які, па яго словах, павінен быў ідэальна пасаваць да рэгулярнай Новай фартэцыі. Для будаўніцтва палаца было завезена дрэва, якое ў лютым 1658 г. аглядаў архітэктар35. Аднак з-за фінансавых праблем далейшыя працы пастаянна адкладваліся. Урэшце па праекце Т. Спіноўскага ў 1666 г. новы палац пачалі будаваць на тэрыторыі Ніжняга замка, тады як у цытадэлі пры жыцці Багуслава Радзівіла палац, відаць, так і не быў узведзены.

З часу будаўніцтва цытадэлі паходзіць вельмі цікавы план, на якім адлюстравана частка цытадэлі з праектам разбудовы правіянтхаўза (ням. Provianthaus – будынак для захоўвання правіянту для гарнізона)[36]. Акрамя самога будынка на ім ў маштабе адлюстравана таксама паўночная курціна і два бастыёны, што дае надзвычай каштоўную інфармацыю адносна параметраў земляных умацаваннях. Аўтар плана, К. Клакоцкі, выслаў яго разам з лістом да свайго патрона 19 лютага 1662 г.[37] З гэтага ліста і з даволі аб"ёмнага тлумачэння на самім плане вынікае, што да 1662 г. ў цытадэлі ужо існаваў драўляны будынак, у якім знаходзіліся замкавы цэйхгаўз (ням. Zeughaus – арсенал) і правіянтхаўз, пазначаныя на плане літарай «А». Пра гэты правіянтхаўз, відаць, згадваў у 1661 г. Ул. Гурын[38]. Хутчэй за ўсё, пад час узгаднення праекта было вырашана аддаць новы будынак пад цэйхгаўз, бо ў 1666 г. К. Клакоцкі пісаў пра будаўніцтва новага цэйхгаўза, на якім у жніўні ставілі кроквы пад дах[39]. Са згаданага чарцяжа таксама вынікае, што ў 1662 г. з паўночнага боку быў насыпаны толькі галоўны вал, у той час як ніжні вал паўстаў пазней. Хутчэй за ўсё, у другой палове 1660-ых г. асноўныя працы па перабудове Новай фартэцыі па праекце Т. Спіноўскага былі скончаны, і ў такім выглядзе фартыфікацыі цытадэлі захоўваліся ажно да ХІХ ст.

Функцыі
Найважнейшай задачай, якая ўскладалася на цытадэль ва ўмовах пагрозы маскоўскага нападу, была абарона зарэчнай часткі Слуцка або Новага места, што дасюль не мела грунтоўных фартыфікацый. Захоп Новага места быў сур"ёзнай пагрозай для Старога места, якое фактычна рабілася безабароным для атакі з боку ракі. Таму маскоўскія войскі разам з казакамі двойчы ў верасні 1655 г. «спрабавалі ўдачы», менавіта, з боку Новага места. Але энергічныя дзеянні абаронцаў і моцнай артылерыі прымусілі іх ўстрымацца ад штурму і ў хуткім часе адысці[40].

Пасля разбудовы фартыфікацый Новага места ў другой палове 1650-ых г. Новая фартэцыя апынулася ў межах гарадскіх умацаванняў і набыла функцыі цытадэлі, ці цэнтра абароны горада. Перанос у 1662 г. рэзідэнцыі каменданта са Старога замка ў Новую фартэцыю сведчыў, што першы страціў ролю абарончага аб"екта, таму пазней яго фартыфікацыі не мадэрнізаваліся. Аднак цытадэль не здолела перацягнуць на сябе ролю адміністратыўнага цэнтра горада, якую па ранейшаму выконваў Стары замак. Паказальным у дадзеным выпадку з"яўляецца будаўніцтва княскага палаца не ў Новай фартэцыі, а ў Ніжнім замку.

Акрамя ўзмацнення абароны горада, цытадэль забяспечвала кантроль уладальніка над яго насельніцтвам. У пачатку 1660 г. ва ўмовах капітуляцыі старабыхаўскай фартэцыі і імклівага прасоўвання царскіх войскаў пад кіраўніцтвам Івана Хаванскага ў Наваградчыну сярод гарадскога насельніцтва пашырыліся страхі, што ў выпадку аблогі Слуцка ніхто не прыйдзе ім на дапамогу. Таму сярод мяшчанства, асабліва бяднейшага, даведзенага вайной да галечы, узраслі праказацкія настроі[41]. К. Клакоцкі і Ул. Гурын з непрыхаванай занепакоенасцю пісалі да Багуслава Радзівіла, што найбольш баяцца здрады на карысць казакаў[42]. 19 ліпеня 1660 г. на сэсіі мейскай рады нават разбіралася справа аб лістах да казакаў, якія знайшлі ў аднаго з мяшчан[43]. Пад восень 1660 г. пад уплывам разгрому войскаў І. Хаванскага небяспека здрады значна зменшылася[44], аднак прыхільнасць слуцкага плебса да казакаў захоўвалася яшчэ і ў 1664 г.[45] У 1661 г. адбыліся хваляванні мяшчан, выкліканыя ўвядзеннем новага падатку, якія давялося падаўляць з дапамогай гарнізона[46]. Такім чынам, моцная залога і артылерыя цытадэлі мусілі забяспечваць лаяльнасць мяшчан. Таму на слуцкіх камендантаў ускладаўся абавязак «пільнаваць бяспеку фартэцыі і цытадэлі»[47]. Падобную ролю адыгрывала чатырохбастыённая цытадэль Фрыдрыхсбург у Караляўцы (Кёнігсбергу), узведзеная ў 1657 г. ў ланцугу гарадскіх умацаванняў[48]. У 1661–1663 г. яна стала апорай для падаўлення выступлення прускіх станаў, якім кіраваў Багуслаў Радзівіл, на той час губернатар Прусіі.

Фартыфікацыя
Вясной 1655 г., пасля заканчэння няўдалай аблогі Магілёва Багуслаў Радзівіл прыехаў у Слуцак, «дзе спыніўся для рэстаўрацыі гарадскіх валоў, якія былі… паводле новай манеры тых вякоў напраўлены і пекнымі баштамі прыаздоблены»[49]. Наконт свайго праекта перабудовы цытадэлі Т. Спіноўскі наўпрост пісаў, што у ім «усё па-нідэрландску зроблена»[50]. З абодвух цытат вынікае, што як першы праект цытадэлі, якую пачалі будаваць па прыездзе князя, так і другі праект аўтарства Т. Спіноўскага былі выкананы ў старагаланскай манеры фартыфікацыі.

Пра выгляд першай цытадэлі, узведзенай у 1655 г., застаецца толькі здагадвацца. Найверагодней, яна аказала ўплыў і на распрацоўку другога праекта аўтарства Т. Спіноўскага, дакладней, інжынер мусіў прыстасоўвацца да таго, што ўжо існавала. Узведзеная за кароткі тэрмін (тры месяцы) чатырохбастыённая цытадэль магла мець невысокі слабы вал і крыху іншыя параметры абарончых элементаў (бастыёнаў і курцін).

З вяртаннем Т. Спіноўскага на службу да Багуслава Радзівіла ў 1658 г. было вырашана перабудаваць цытадэль паводле прапанаванай архітэктарам мадэлі. Яе вывучэнне і аналіз магчымы дзякуючы планам Слуцка XVIII–XIX стст. Найбольшую каштоўнасць, аднак, мае план часткі цытадэлі, выкананы К. Клакоцкім ў 1662 г. Абрыс фартыфікацый, адлюстраваных на плане, відавочна, быў скапіяваны з праекта цытадэлі, падрыхтаванага Т. Спіноўскім. На гэта ўказвае, між іншым, выкарыстанне дзесяцічнай рэйнскай стапы ў якасці меры, што было характэрна для фартыфікацыйных праектаў[51]. Верыфікаваць памеры, пададзеныя на плане К. Клакоцкага, можна з дапамогай планаў першай траціны XVIII ст., на якіх акрамя абрысу фартыфікацый маецца таксама метрычная шкала ў рэйнскіх прутах. Памер бастыённага фронта цытадэлі ці адлегласць між вугламі яе бастыёнаў на плане К. Клакоцкага складае 515 дзесяцічных стоп ці 51,5 прутоў, у той час як на плане Я. Фойгта – каля 53,5 прутоў, Я. Фюрстэнхофа – каля 54,5 прутоў, А. Гаўфакса – каля 55 прутоў. Як бачна, памеры вельмі блізкія. Пры гэтым перавагу варта аддаць плану К. Клакоцкага як больш падрабязнаму і дакладнаму. На двух астатніх планах заўважныя пэўныя скажэнні, дапушчаныя аўтарамі пры спробе адлюстраваць правільны абрыс цытадэлі.

Каб збудаваць умацаванне па метадзе А. Фрэйтага, неабходна было прапарцыянальна змяніць прапанаваныя ім памеры адпаведна даўжыні бастыённага фронта мяркуемага ўмацавання. Працягласць бастыённага фронта, якая залежала ад умоваў мясцовасці і фінансавых магчымасцяў ініцыятара будаўніцтва, была, такім чынам, асновай пры вызначэнні памераў бастыёнаў і курцін. Апроч таго, А. Фрэйтаг распрацаваў два віды фартэцый. Калі спрасціць, то галоўнае адрозненне палягала ў даўжыні фланка[52] бастыёна: фланкі фартэцый першага віду былі на чвэрць меншыя за фланкі фартэцый другога віду. У лісце ад 6 лютага 1658 г. Т. Спіноўскі адзначаў, што мог бы дапамагчы ў направе старамескіх валоў у адпаведнасці з «другім законам вайсковай архітэктуры» (secundum leges Architecturae Militaris)[53]. Аналіз памераў абарончых элементаў слуцкай цытадэлі паказвае, што яна была спланавана якраз паводле другога закону. Найлепей гэта бачна пры параўнанні памераў з чарцяжа К. Клакоцкага з памерамі, прапанаванымі А. Фрэйтагам для чатырохбастыённай фартэцыі на 50 прутоў: бастыённы фронт цытадэлі – 51,5 прута, па А. Фрэйтагу – 50 прутоў; курціны адпаведна – 22,2 і 21,85; фасы бастыёна – 14,92 і 14,57; фланк бастыёна – 4,85 і 4,85[54]. Памеры абарончых умацаванняў цытадэлі, такім чынам, былі на 2–3 % большыя за прапанаваныя А. Фрэйтагам для фартэцыі на 50 прутоў, акрамя фланкаў, роўных між сабою. Апошняе можна патлумачыць пэўнай недакладнасцю чарцяжа К. Клакоцкага.

Рэалізацыя ў праекце цытадэлі ідэй А. Фрэйтага сведчыць пра тое, што Т. Спіноўскі, які паходзіў, найверагодней, з тэрыторыі Рэчы Паспалітай, мог быць мясцовым вучнем знакамітага фартыфікатара. Магчыма, малады Т. Спіноўскі трапіў на службу да Багуслава Радзівіла па асабістай рэкамендацыі А. Фрэйтага.

Адной з істотных пераваг свайго праекта Т. Спіноўскі лічыў яго «прапарцыянальнасць і рэгулярнасць»[55]. Многія тэарэтыкі пісалі пра лепшыя абарончыя якасці правільных па форме ўмацаванняў, аднак рэалізоўваць такія праекты атрымлівалася далёка не заўсёды, найперш – з-за складаных умоваў мясцовасці (фартэцыі ў Берасці, Глуску, Высокім і інш.). Сярод помнікаў фартыфікацыі на тэрыторыі ВКЛ слуцкая цытадэль – адна з нямногіх, што мае ідэальныя прапорцыі. Будынкі ўнутры фартэцыі меркавалася гэтаксама строга падпарадкаваць сіметрыі, што, аднак, не было здзейснена. Пры жыцці Багуслава Радзівіла з-за браку сродкаў паспелі ўзвесці толькі комплекс будынкаў цэйхгаўза і правіянтхаўза і, магчыма, некаторыя іншыя будынкі. Нерэалізаваным застаўся прапанаваны Т. Спіноўскім яшчэ ў 1655 г. праект палаца, які, паводле слоў самога архітэктара, павінен быў ідэальна пасаваць да рэгулярнай фартэцыі. Акрамя практычных перавагаў правільнасць і сіметрыя фартыфікацый і ўнутранай забудовы комплекса маглі мець і пэўны ідэалагічны падтэкст, выяўляючы дух абсалютызму.

Як пісаў Т. Спіноўскі, у яго праекце няма нічога празмернага, а ўсё лішняе было паадкідана дзеля хутчэйшага ўзвядзення цытадэлі[56]. Асноўны абарончы перыметр умацавання ўтваралі чатыры звязаныя між сабою курцінамі востравугольныя бастыёны. Перад курцінамі і фланкамі бастыёнаў была насыпана фосэбрэя, ці ніжні вал. Тое, што ніжні вал не акружаў усю цытадэль па перыметры, было, дарэчы, істотнай асаблівасцю праекта Т. Спіноўскага. Падобнае вырашэнне варта прызнаць свайго кшталту эксперыментам у фартыфікацыі. Браму цытадэлі, якая знаходзілася ў сярэдзіне заходняй курціны, абараняў невялікі трохкутны равелін. З усходняга напольнага боку цытадэль прыкрываў горнверк[57]. Цытадэль, равелін і горнверк акружалі вадзяныя рвы.

Наяўнасць якасных іканаграфічных крыніц, а таксама інвентары цытадэлі дазваляюць падрабязна вывучыць яе паасобныя элементы. Памер вонкавага палігона цытадэлі (адлегласць паміж вугламі бастыёнаў) складаў 51,5 прут (194 м). Як патрабавала тэорыя старагаландскай фартыфікацыі, бастыёны мелі вугал 60 градусаў, даўжыня іх фасаў ці шчок складала 14,92 прутоў (56,2 м), фланкаў – 4,85 пруты (18,3 м). Бастыёны злучаліся курцінамі працягласцю 222,2 пруты (83,6 м).

Вал цытадэлі фарміраваў галоўную лінію абароны, якая складалася з курцін і бастыёнаў. Ён падзяляўся на тры асноўныя элементы: бруствер, ці парапет, банкет, ці стралецкую лаўку і валавую дарогу. Дзякуючы малюнку з профілямі валоў слуцкіх умацаванняў другой паловы XVII ст. дакладна вядомы параметры вала цытадэлі і ўсіх яго элементаў. Яго шырыня на ўзроўні падэшвы складала 48 дзесяцічных стоп (18 м)[58], вышыня да валавай дарогі – 13 (4,8 м). З боку горада вал меў нахіл каля 40–45 градусаў, а з боку поля – каля 50–55 градусаў. Стромкасць схілу вала, як і яго трываласць, залежала ад якасці зямлі. Для ўмацаванняў вала ў Слуцку выкарыстоўвалі гной, які мяшчане звозілі з падворкаў і вуліц, а таксама дзёрн, якім абкладвалі вонкавы схіл вала.

Валавая дарога, па якой перасоўваліся абаронцы мела ўшыркі 8 дзесяцічных стоп (3 м). З вонкавага боку абаронцаў закрываў земляны бруствер шырынёй 10 дзесяцічных стоп (3,8 м) і вышынёй 5 (1,9 м). Сценку бруствера для забяспячэння стромкасці з унутранага боку апляталі хворастам[59]. Між валавай дарогай і брустверам мелася стралецкая лаўка, на якую ўзыходзілі жаўнеры для стральбы праз бруствер. Яе вышыня і шырыня раўняліся 2 дзесяцічным стапам (0,7 м). У выпадку небяспекі на бруствер маглі ставіць плеценыя з лазы кашы, ці габіёны, якія насыпаліся зямлёй і стваралі дадатковую заслону. Гэткім чынам да абароны рыхтавалі гарадскія валы ў 1655 і 1660 г.[60] Як бачна на чарцяжы профіляў валоў, у іх вонкавы схіл паралельна гарызонту забіваліся завостраныя палі, ці штурмфалы, якія мусілі перашкаджаць штурмуючым забірацца наверх. З асобных згадак вядома, што ў Слуцку для гэтага выкарыстоўвалі дубовыя ці альховыя палі даўжынёй 2 сажні (3,9 м)[61].

Пасярэдзіне заходняй курціны мелася драўляная брама, якую з боку горада закрываў равелін, у астатніх курцінах былі прарэзаны т.зв. выцечкі, ці праходы ў валах, якія выводзілі на ніжні вал і на горнверк. Асноўным месцам устаноўкі артылерыі ў цытадэлі былі бастыёны, якія ў крыніцах часта называлі наўпрост «батарэямі». Пляцоўкі ўнутры бастыёнаў узвышалася над узроўнем дзядзінца цытадэлі. На іх можна было трапіць па спецыяльных узвалоках ці апарэлях[62], якія добра бачны на плане Я. Фойгта. Узвалокі з пляцоўкі бастыёна на валавую дарогу традыцыйна размяшчаліся ў насавых частках бастыёнаў.

Перад галоўным валам курцін і фланкаў бастыёнаў меўся ніжні вал, ці фосэбрэя. Ён служыў для дадатковай абароны галоўнага вала ад артылерыйскага абстрэлу і уяўляў сабою звычайны земляны бруствер, ідэнтычны па параметрах брустверу галоўнага валу. Яго валавая дарога мела шырыню 10 дзесяцічных стоп (3,8 м). Перад ніжнім валам, а таксама фасамі бастыёнаў мелася т.зв. берма, ці лава, за якой пачынаўся роў. Шырыня бермы перад ніжнім валам складала 2,5 дзесяцічныя стапы (0,9 м), а перад фасамі бастыёнаў – 5 (1,9 м).

Шырыня галоўнага рова перад бастыёнамі складала 70 дзесяцічных стоп (26,4 м), а перад курцінамі – 90 (33,9 м). Пры агульнай глыбіні 8 дзесяцічных стоп (3 м), ён запаўняўся вадою на вышыню 6 (2,3 м). Абодва схілы рова мелі па 45 градусаў. Шырокія і адносна неглыбокія ірвы лічыліся ў старагаландскай сістэме фартыфікацыі больш практычнымі, за глыбокія і вузкія.

Прыведзеныя вышэй параметры вала і рвоў слуцкай цытадэлі амаль цалкам адпавядаюць параметрам, прапанаваным А. Фрэйтагам для чатырохбастыённай фартэцыі[63], акрамя адной асаблівасці. Пры аднолькавай шырыні ў падножжы вал слуцкай цытадэлі быў на 1 м вышэйшы за прапанаваны А. Фрэйтагам. Гэта ў сваю чаргу прымусіла зрабіць у цытадэлі на больш чым 3 м вузейшую валавую дарогу ў параўнанні з тым, што прапаноўваў тэарэтык.

Асноўнай задачай невялікага трохвугольнага равеліна з боку горада была абарона брамы. Два вонкавыя бакі равеліна даўжынёй 9 прутоў (34 м) былі мелі невысокі вал з брустверам. З боку цытадэлі равелін быў адкрыты, каб у выпадку захопу вораг не змог на ім замацавацца. Як можна меркаваць па планах Я. Фойгта і Я. Фюрстэнхофа, роў перад равелінам меў шырыню 2 прута (7,5 м).

Горнверк пачынаўся адразу за галоўным ірвом цытадэлі з усходняга боку і меў даўжыню 32 пруты (120 м) і шырыню 23 пруты (86 м). З усходняга боку горнверк прыкрывалі два паўбастыёны з фасамі даўжынёй 8,5 прутоў (32 м) і фланкамі даўжынёй 3,5 прутоў (13 м), якія звязвала курціна працягласцю 7 прутоў (26 м). Вакол горнвека быў выкапаны роў шырынёю 4 пруты (15 м). Як вынікае з планаў Я. Фойгта і Я. Фюрстэнхофа, шырыня валавай дарогі і бруствера галоўнага і ніжняга валоў цытадэлі, а таксама равеліна і горнверка была аднолькавая. Але адрознівалася іх вышыня, пра якую можна меркаваць па памерах рвоў: чым шырэйшы роў, тым болей зямлі з яго было ўзята для насыпання вала. Адпаведна вал горнверка быў меншы за галоўны вал цытадэлі, аднак большы за вал перадбрамнага равелін.

За рвамі цытадэлі, равеліна і горнверка мелася тыповая для старагаланскай фартыфікацыі прыкрытая дарога, якую закрываў невысокі насып – гласіс. Гласіс, разам з ніжнім валам, равелінам і горнверкам быў элементам паглыблення абароны цытадэлі. Яго шырыня разам са стралецкай лаўкай складала 28–29 дзесяцічных стоп (10,5–10,9 м), пры вышыні – 5 (1,9 м). Прыкрытую дарогу шырынёй 9 дзесяцічынх стоп (3,4 м) выкарыстоўвалі для размяшчэння пехоты і нечаканых вылазак у бок непрыяцеля.

Вакол цытадэлі была створана т.зв. эспланада, ці тэрыторыя, ачышчаная ад забудовы, якая магла б перашкаджаць абароне. Вакол мейскіх фартыфікацый шырыня эспланады павінна была дасягаць, паводле інструкцый самога Багуслава Радзівіла, двух стрэлаў з мушкета ці гарматы (450 м)[64]. Паводле плана Я. Фюрстэнхофа, найбліжэйшая забудова размяшчалася ў 180 м ад цытадэлі.

У абароне цытадэлі важную ролю мусіла адыгрываць сістэма вадзяных перашкод, якая, акрамя вадзяных ірвоў, уключала ставы на Случы і балота на паўднёвы ўсход ад горада. З паўночнага боку ад Новай фартэцыі на Случы была насыпана грэбля, якая выходзіла з вала Старога места і ішла ў кірунку цытадэлі. Узвялі яе, верагодна, у другой палове 1660-ых гадоў. Першапачаткова рака каля цытадэлі перакрывалася плавучым штакетам, які тут усталявалі ўжо ў 1655 годзе[65]. Пазней на ёй з"явіўся шлюз і ўзвод, бачныя на планах Я. Фойгта і Я. Фюрстэнхофа. Гэтаксама, як і на грэблі ля Ільінскай брамы, на грэблі ля цытадэлі магла існаваць драўляная баявая галерэя з байніцамі[66].

Будаўніцтва грэблі давала магчымасць штучна павысіць узровень вады ў Случы, напоўніць вадою рвы горада і ўласна цытадэлі, а таксама затапіць значныя землі на паўднёвы ўсход ад горада. Шырокае балота, добра бачнае на планах першай траціны XVIII ст., гарантавала з гэтага боку надзейную абарону гораду і асабліва цытадэлі. Як пісаў К. Клакоцкі, балота за Новым местам «стаяла за асаблівы вал». Небяспека наступала толькі зімою, калі балота замярзала[67]. Падобны гідратэхнічны прыём абароны фартэцыі з"яўляецца тыповым для старагаландскай фартыфікацыйнай школы і крыху раней быў рэалізаваны у Гданьску, дзе шляхам перакрыцця Каменнага шлюза можна было затапіць значныя абшары на паўднёвы ўсход ад горада[68].

Паводле класіфікацыі А. Фрэйтага, слуцкая цытадэль была меншая за фартэцыі класу «малы раяль» з працягласцю бастыённага фронта 60 прутоў і адносілася да шанцаў[69]. Па сістэме фартыфікацыі найбліжэйшымі яе аналагамі з"яўляюцца Фрыдрыхсбург у Караляўцы і перабудаваны ў другой палове 1630-ых г. Біржанскі замак. Паводле ацэнкі Аляксандра Людвіка Шылінга (Alexander Ludwik Szylling), у сярэдзіне XVIII ст. вал біржанскага замка быў большы за вал слуцкай цытадэлі[70]. Пры гэтым, аднак, трэба мець на ўвазе, што замак у Біржах меў характар самастойнага фартыфікацыйнага аб"екта і з"яўляўся фактычна галоўным абарончым збудаваннем ВКЛ на мяжы з Інфлянтамі. Слуцкая Новая фартэцыя, як і каралявецкі Фрыдрыхсбург, былі тыповымі цытадэлямі, што ўваходзілі ў сістэму абароны вялікіх гарадоў-фартэцый.

Забудова
Наяўныя крыніцы дазваляюць дастаткова падрабязна вывучыць забудову, якая існавала калісьці ў слуцкай цытадэлі. Акрамя шматлікай урыўкавай інфармацыі захаваліся інвентары з апісаннем фартэцыі[71]. Аднак з іх часам даволі складана зразумець сістэму забудовы і размяшчэнне асобных будынкаў, таму выключнае значэнне маюць планы цытадэлі. Асабліва каштоўнымі з"яўляюцца планы Я. Фойгта і Я. Фюрстэнхофа, якія адлюстроўваюць стан фартэцыі да канца 1780-ых г., калі па ініцыятыве Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку» ранейшая забудова была разабрана, а на яе месцы паўстала зусім іншая. На расійскіх планах канца XVIII – пачатку XIX стст. адлюстравана сітуацыя, якая склалася пасля перабудовы[72].

Перад тым як перайсці да апісання асобных будынкаў, варта зазначыць, што тэрыторыя цытадэлі забудоўвалася паступова. Найважнейшыя аб"екты (комплекс будынкаў цэйхгаўза і правіянтхаўза, палац, кардыгарда, мураваны парахавы пограб) былі збудаваны ў другой палове XVII ст. і прастаялі да канца XVIII ст. Іншыя, менш значныя будынкі ўзводзіліся па неабходнасці і з ініцыятывы розных людзей. Напрыклад, нейкія «пекныя баракі» былі пабудаваны па загадзе обэрст-лейтнанта дэ Бажэ (de Beauje), драгунская харугва якога прастаяла ў фартэцыі з 13 ліпеня па 1 снежня 1700[73]. Таму забудова тэрыторыі цытадэлі да канца XVIII ст. характарызавалася пэўнай бессістэмнасцю. Будынкі былі згрупаваны адпаведна функцыям і растаўлены па перыметры ўнутранага двара, цэнтр якога заставаўся вольны для вайсковых практыкаванняў і муштры. Амаль усе пабудовы былі драўлянымі, за выключэннем мураваных парахавых пограбоў.

Дзякуючы плану К. Клакоцкага вядома, што дзядзінец ці ўнутраны двор слуцкай цытадэлі меў форму квадрата з бокам даўжынёй 26,3 прута (99 м). Яго плошча, такім чынам, складала амаль гектар.

Трапіць на тэрыторыю фартэцыі можна было цераз равелін і браму ў заходняй курціне. Перад драўляным мостам да равеліна ад самага пачатку існавання цытадэлі мелася кабыліна, ці рагатка, якая перашкаджала раптоўнаму ўварванню варожых вершнікаў[74]. Пазней, у другой палове XVIII ст., згадваюцца дзве рагаткі з абодвух бакоў моста ў выглядзе жалезных ланцугоў, нацягнутых між двума слупамі. У невысокім вале равеліна, паводле інвентара 1687 г., былі ўсталяваны падвойныя дубовыя вароты на чатырох жалезных завесах.

Ад равеліна да сумежнай курціны веў драўляны мост з парэнчамі, даўжыня якога ў адпаведнасці з шырынёй галоўнага рова складала каля 34 м. Пасярэдзіне моста, як бачна на плане Я. Фойгта, знаходзіўся ўзвод, палатно якога не мела восі, а мацавалася на завесах. У 1765 на гэтым мосце было ўжо два ўзводы.

За мостам у заходняй курціне была збудавана драўляная брама. У другой палове XVII ст. яна мела выгляд простага зробленага з дрэва праезду ў вале. Зверху над праездам праходзіла валавая дарога, прыкрытая брустверам. Браму закрывалі масіўныя падвойныя (з двух палотнішчаў) дубовыя вароты пабітыя жалезнымі цвікамі. Абодва палотнішчы варот трымаліся на трох моцных завесах, а ў адным з іх мелася фортка (невялікая дзвер, праз якую праходзілі пешыя).

Дзесьці ў першай траціне XVIII ст. брама была грунтоўна перабудавана. Яна набыла выгляд вежападобнага двухпавярховага збудавання. У абодвух палотнішчах варот было зроблена па фортцы, з якіх адна закрывалася на ўнутраны замок. Па правым баку ў браме знаходзілася ізба з двума вокнамі, вакенцам над дзвярыма і печчу. Сюды з дзядзінца была перанесена кардыгарда. У левым баку месціўся лёх для вязняў з двума закратаванымі вокнамі, трыма дзвярыма і дзвюма печкамі з камінкамі. Другі паверх займала зала, у якой было сем вокнаў і трое дзвярэй. Над другім паверхам ўзвышаўся акруглы купал, крыты гонтамі і завершаны бляшаным арлом.

Для выхаду з тэрыторыі цытадэлі на ніжні вал і на горнверк ў паўднёвай і заходняй курцінах былі зроблены выцечкі (праходы ў вале). Гэтаксама выцечка павінна была існаваць і ў паўночнай курціне, аднак пра яе інвентары не згадваюць. Для яе мусіў прызначацца праезд у комплексе будынкаў правіянтхаўза і цэйхгаўза. Відаць, выцечка з гэтага боку рэдка выкарыстоўвалася і была да канца XVII ст. ужо засыпана. Паводле інвентара 1687 г., усходняя выцечка замыкалася з боку дзядзінца дубовымі дзвярыма на завесах, а паўднёвая – са знешняга боку падвойнымі дзвярыма на завесах. Летам 1748 г. гэтыя дзве выцечкі былі грунтоўна адноўлены[75]. Яны замыкаліся на падвойныя дзверы і мелі драўляныя падлогі. У 1765 г. адна з іх была ўжо спустошана і не мела падлогі.

Адразу пры ўваходзе на дзядзінец справа ад брамы стаяла крытая гонтамі кардыгарда (будынак для варты) з бруса, ці цясанага дрэва. У ёй было чатыры шкляныя вокны ў свінцовых аправах. Кардыгарда падзялялася на дзве цёплыя ізбы і сенцы між імі. У абодвух ізбах стаялі печы, пакрытыя паліванай зялёнай кафляй. Да 1765 г. печы былі перароблены і абкладзены шэрай кафляй, а ў сенях была змуравана кухня.

Дзесьці ў канцы XVII – пачатку XVIII ст. за кардыгардай ў паўднёва-заходнім вуглу дзядзінца з"явіліся будынак для афіцэраў, стайня і кузня. Невялікі афіцэрскі будынак, які стаяў адразу за кардыгардай, складаўся з сенцаў і ізбы, дзе былі два акны і печ, абкладзеная зялёнай кафляй. Уздоўж паўднёвай курціны паставілі крытую драніцамі стайню з бярвёнаў[76]. У зрубленай з цясанага дрэва і крытай гонтамі кузні з шасцю вокнамі месціўся мураваны горн.

Аднымі з першых на тэрыторыі цытадэлі з"явіліся цэйхгаўз (арсенал) і правіянтхаўз. Як можна бачыць на плане К. Клакоцкага, першапачаткова яны месціліся ў драўляным будынку, узведзеным ўздоўж паўночнай курціны на адлегласці 16 дзесяцічных стоп (6 м) ад яе. Выцягнуты будынак памерам 30 (11,3 м) на 78 дзесяцічных стоп (29,3 м) быў падзелены на тры памяшканні. Адзіны ўваход вёў у сярэдняе памяшканне шырынёй у 21 дзесяцічную стапу (7,9 м), адкуль можна было трапіць у два бакавыя – шырынёй 27,5 дзесяцічных стоп (10,4 м), дзе ўласна і месціліся правіянтхаўз і цэйхгаўз. У прахадным памяшканні мелася лесвіца на другі паверх, пра які згадваюць пазнейшыя інвентары. Да 1662 г. ў гэтым невялікім будынку заховаўся і правіянт, і ўзбраенне, таму Багуслаў Радзівіл запатрабаваў збудаваць другі правіянтхаўз такога ж памеру, як і ўвесь гэты будынак. Як згадвалася вышэй, праект падрыхтаваў у 1662 г. К. Клакоцкі. Ён прапановаў паставіць будынак новага правіянтхаўза па лініі ранейшага ўздоўж паўночнай курціны, пакінуўшы між імі праезд шырынёй 22 дзесяцічныя стапы (8,3 м). Акрамя таго, К. Клакоцкі лічыў неабходным да абодвух правіянтхаўзаў з захаду і ўсходу дабудаваць дзве шопы[77], кожная шырынёй па 22 дзесяцічныя стапы (8,3 м), для захавання гармат, вазоў, тачак і іншага начыння. Увесь комплекс будынкаў агульнай даўжынёй 222 дзесяцічныя стапы (83,6 м) К. Клакоцкі прапаноўваў накрыць адным дахам уключна з праездам між правіянтхаўзамі, а вялікае паддашша выкарыстоўваць для захавання рознага рыштунку.

У 1666 г. праект К. Клакоцкага быў рэалізаваны, аднак пры гэтым змянілася функцыянальнае прызначэнне будынкаў: новы вялікі будынак быў цалкам аддадзены пад цэйхгаўз, а стары – пад правіянтхаўз. Ні з апісанняў, ні з планаў да канца не зразумела, ці былі збудаваны дадатковыя шопы, як гэта прапаноўваў К. Клакоцкі. Усе будынкі былі зроблены з цясанага дрэва і накрыты гонтавым дахам. У інвентары 1687 г. згадваюцца два спіхлеры[78], да якіх вялі падвойныя вароты. Адзін са спіхлераў меў другі паверх, на які можна было трапіць праз вонкавыя дзверы. На першым паверсе было дванаццаць вокнаў, на другім – тры. Цэйхгаўз меў восем вокнаў і два ўваходы: з боку дзядзінца і з тарца. У першай палове – сярэдзіне XVIII ст. увесь комплекс быў аддадзены пад цэйхгаўз, таму ў інвентарах таго часу згадваліся два цэйхгаўзы. Праезд паміж імі быў забудаваны і выкарытоўваўся як шопа з асобным уваходам. Над цэйхгаўзам па-ранейшаму існаваў другі паверх з вонкавымі дзвярыма і трыма вокнамі. Унізе меліся двое падвойных варот і васемнаццаць вокнаў, часткова закрытых кратамі.

Ужо ў 1662 г. па восі запланаванага праезда між будынкамі правіянтхаўза і цэйхгаўза існавала студня. Тады ж у ёй былі ўсталяваны дзве помпы, якія качалі ваду. Зверху студню прыкрываў крыты гонтамі шатровы дах на шасці слупах.

За правіянтхаўзам ў паўночна-усходнім бастыёне, напэўна, яшчэ на першым этапе будаўніцтва цытадэлі быў змураваны парахавы пограб ці парахоўня. Будынак памерам 16,5х12,25 локцяў (10,7х8 м)[79] і вышынёй 3 локці (1,9 м) быў накрыты ў розныя часы драніцамі ці гонтамі[80]. Неабходнасць захавання пораху нават ва ўмовах варожага абстрэлу ці бамбардавання абумовіла наяўнасць скляпенняў і муроў таўшчынёй 2 локці (1,3 м)[81]. На ўваходзе ў будынак былі павешаны акаваныя дзверы, за якімі меліся яшчэ адны – дубовыя. У сценах меліся тры большыя і адно меншае вакенцы, закрытыя кратамі і прызначаныя для вентыляцыі памяшкання. У 1757 г. ў пограбе змясцілі 61 з паловай бочку пораху, якія перавезлі з цэйхгаўза, бо, як пісаў слуцкі камендант Ян Фрыдэрык Фогт (Jan Fryderyk Fogt), гэта было найлепшае месца для захоўвання пораха. Пазней дадалі яшчэ 22 бочкі[82].

У другой палове XVII ст. за парахавым пограбам у бастыёне знаходзілася крытая гонтамі драўляная шопа з падвойнымі варотамі. У ёй быў конскі млын і трое ручных жорнаў з усім неабходным абсталяваннем. Шопа, найверагодней, прызначался для выкарыстання ў час аблогі, калі маглі спыніць працу вадзяныя млыны на Случы. Па неабходнасці тут можна было малоць муку на хлеб ці вырабляць порах. Аднак, відаць, з-за таго што выкарыстоўвалі гэты млын рэдка, у пачатку XVIII ст. ён быў разабраны.

Паводле інвентара 1765 г. каля ранейшага мураванага парахавога склада, магчыма, у вале, быў збудаваны дадатковы мураваны пограб для захоўвання пораху. Да яго вяла драўляная «шыя» з дубовымі дзвярыма, у якой былі два малыя акенцы. Уваход у сам склеп закрывалі акаваныя жалезам дзверы, а ў сцяне мелася адно закратаванае акенца. Увесь пограб ці толькі яго «шыя» былі накрыты драніцамі.

На плане Я. Фюрстэнхофа ў паўночна-заходнім куце бастыёна паказаны будынак, пра які не згадваецца ў інвентарах. Па месцы размяшчэння можна дапусціць, што гэта збудаванне таксама мела вайсковае прызначэнне.

Уздоўж усходняй курціны месціліся жылыя і гаспадарчыя памяшканні. Насупраць брамы ля гэтай курціны дзесьці ў канцы 1660-ых – першай палове 1680-ых быў збудаваны «вялікі дом» ці палац. Невялікі (у параўнанні з палацам князя на Ніжнім замку), зроблены з цясанага дрэва і накрыты гонтавым дахам, палац займаў, відаць, слуцкі камендант, які меў у цытадэлі сваю рэзідэнцыю. Варта падкрэсліць, што палац быў збудаваны не на галоўнай восі фартэцыі, а збоку, што істотна зніжала яго значэнне. Ён падзяляўся на тры цёплыя ізбы з пячамі, абкладзенымі зялёнай і белай кафляй, і тры каморы[83]. Пасярэдзіне меліся сенцы, да якіх знадворку вёў ганак. З сенцаў лесвіца вяла ў залу на другім паверсе. З тыльнага фасада да палаца быў прыбудаваны т.зв. алькеж[84], які быў накрыты асобным дахам і складаўся з трох частак: сенцаў, уласна алькежа і каморы. У каморы мелася печ. Усяго ў палацы было 16 шкляных вокнаў у свінцовай аправе (12 – у памяшканнях першага паверха, 2 – у алькежы, 2 – у зале на другім паверсе).

Паводле інвентара 1765 г., выгляд палаца быў крыху зменены, што магло стаць вынікам частковай перабудовы. Перад падвойнымі дзвярыма да сенцаў быў дабудаваны шырокі ганак на васьмі слупах з лавамі. Сярод памяшканняў палаца згадваюцца: зала, пакой з печчу, абкладзенай зялёнай кафляй, два алькежы, у адным з якім мелася печ, абкладзеная зялёнай кафляй, кухня і невялікая спіжарня[85]. Частка вокнаў была закрыта жалезнымі кратамі. Справа ў тым, што з 1760 г. палац на доўгі час стаў вязніцай для літоўскага крайчага Марціна Мікалая Караля Радзівіла. У 1760 Міхал Казімір «Рыбанька» нават загадаў збудаваць вакол палаца паркан, каб забараніць якія-кольвек кантакты з крайчым[86]. У 1765 г. паркана ўжо не было. Напэўна, менавіта для крайчага да палаца ці паблізу ад яго з цясанага дрэва была збудавана крытая гонтамі невялічкая каплічка.

На поўнач ад палаца, бліжэй да вала, з другой паловы XVII ст. стаяў драўляны свіран[87], пад якім меўся мураваны пограб, дзе захоўвалі прадукты. Свіран меў два акны і быў накрыты гонтавым дахам. Пазней каля яго з дыляў[88] збудавалі стайню. Пры стайні мелася дрывотня з цясанага дрэва для захавання дроў. Абодва будынкі былі накрыты драніцамі.

На поўдзень ад палаца ўздоўж усходняй курціны дзесьці ў XVII ст. з цясанага дрэва была пабудавана афіцына[89], крытая гонтамі. Унутры яна падзялялася на пяць пакояў, у якіх стаялі дзве печы, абкладзеныя шэрай кафляй. Кожны пакой меў асобныя дзверы і па два акны. Перад афіцынай быў разбіты сад са сцежкамі, абсаджанымі агрэстам і парэчкамі, і з альтанкай, пакрытай гонтамі. Звонку ён быў абгароджаны напалову штыкетнікам, а напалову каламі.

Змены ў забудове, якія адбыліся ў сярэдзіне XVIII ст., сведчаць, што цытадэль паступова губляла функцыі абарончага аб"екта. У 1746 г. па загадзе Гераніма Фларыяна Радзівіла на тэрыторыі горнверка быў збудаваны т.зв. «хэцгартэн» (Hecgarten), ці звярынец[90]. У 1765 г. ў ім меўся драўляны жылы будынак з цясанага дрэва, свіран з акруглых брускоў, малы манеж для медзведзянят, зроблены з бярвёнаў, і вялікі манеж з цясанага дрэва. Усе будынкі былі накрыты драніцамі, акрамя вялікага манежа, крытага гонтамі. Відаць, у час таго ж Гераніма Фларыяна Радзівіла на месцы шырокай эспланады з боку места быў пасаджаны сад. У прыватнасці, у 1771 г. згадваецца будынак садоўніка, што стаяў ля цытадэлі[91]. Між тым, як пісаў да Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі» камендант Я. Фогт, стан фартэцыі ў 1767 г. быў сумны: «У цытадэлі валы апусціліся, брама і арсенал запалі ў зямлю… Там жа будынкі, дзе Ясна Асвечаны Князь Ягамосць Крайчы жыве, патрабуюць значнага рамонту»[92].

У 1788 г. на тэрыторыі цытадэлі разгарнулася шырокая будаўнічая дзейнасць. Адных толькі парабкаў тут працавала 70 чалавек[93]. Большасць старых будынкаў была знесена, а на іх месцы паўстаў цалкам новы ансамбль. Кіраваў працамі архітэктар Лявон Лютніцкі (Leon Lutnicki), якому дапамагаў камендант Міхал Мараўскі (Micha? Morawski)[94]. У 1788 г. завяршылася аднаўленне брамы і была накрыта большасць будынкаў. Аднак будаўніцтва, якое працягвалася да 1790 г., так і не было скончана, відаць, з-за смерці Караля Станіслава Радзівіла.

Дзякуючы інвентарам 1791, 1803 і 1806 г. і расійскім планам канца XVIII – пачатку ХІХ ст. можна ўявіць, як выглядала забудова цытадэлі таго часу[95]. На мосце цераз роў да брамы застаўся толькі адзін узвод. Была грунтоўна перабудавана брама, другі паверх якой набыў выгляд вежы ў форме васьмерыка. Адразу за брамай па абодва бакі стаялі дзве кардыгарды, якія мелі па два акны і адной печы, абкладзенай зялёнай кафляй. Уздоўж заходняй і ўсходняй курцін сіметрычна адна адной стаялі дзве выцягнутыя афіцыны. У кожнай было па 10 пакояў і 16 вокнаў. Да канца была дабудавана толькі паўночная афіцына, у той час як ў паўднёвай былі толькі сцены і дах. Завяршаў сіметрычную кампазіцыю пастаўлены перад усходняй курцінай па восі комплекса палац, будаўніцтва якога таксама не было скончана. Як бачна на планах, на дзядзінцы быў сфарміраваны шырокі двор-курданер, а цытадэль была пераўтворана ў рэпрэзентацыйны комплекс. Усе вышэйпералічаныя жылыя будынкі былі збудаваны з цясанага дрэва і накрыты гонтамі, мелі падлогі і столі з тарчыц. Агулам у іх мелася 18 печаў, абкладзеных кафляй рознага колеру, і 48 зашклёных вокнаў.

За афіцынамі, узнятыя на слупах над зямлёю, стаялі два спіхлеры з саламянымі дахамі, для захавання збожжа. Амуніцыю, што засталася ў замку, змясцілі ў колішнюю мураваную парахоўню ў паўночна-ўсходнім бастыёне. Для захоўвання пораху на месцы былых выцечак ў паўднёвай і ўсходняй курцінах ў 1788 г. былі змураваны новыя парахавыя пограбы[96].

Так і не завершаны рэзідэнцыйны комплекс у Слуцку ў хуткім часе пачаў занепадаць. У канцы XVIII – першых г. ХІХ ст. цытадэль, відаць, трапіла ў распараджэнне расійскіх вайскоўцаў. Перад мостам на равелін была збудавана з бярвёнаў простая кардыгарда, крытая драніцамі, а каля яе – шопа з бярвёнаў. У самой цытадэлі палац быў раскіданы, знік адзін са спіхлераў, а афіцыны, як бачна з расійскіх планаў, былі аддадзены пад склады. Надалей выкарыстоваўліся парахавыя паграбы ў курцінах. Порах захоўвалі таксама і ў старой мураванай парахоўні.

З 1804 г. ў пакінутай цытадэлі была заснавана фабрыка па вытворчасці салетры[97]. Ад ранейшых будынкаў захаваліся толькі брама і мураваны парахавы пограб. Паўночная кардыгарда была перароблена пад жылы будынак. У ёй было дзве ізбы з чатырма вокнамі. Унутры стаялі дзве печы: адна, абкладзеная зялёнай кафляй, – для абагрэву, а другая – кухарская. Дзесьці паблізу ад былой кардыгарды стаяла пякарня памерам 3х2,5 сажні (5,8х4,9 м)[98], якая была збудавана, відаць, раней, бо ў 1806 г. стаяла без даху. Унутры ў ёй стаялі дзве хлебныя печы. Па-ранейшаму выкарыстоўваўлася старая студня, з якой чарпалі ваду з дапамогаю простага жураўля. Для вырабу салетры былі збудаваны новыя будынкі: папялуха памерам 10х5 сажаняў (19,5х9,7 м) для ссыпання попелу, шура памерам 12х4 сажаняў (23х8 м) для фармавання салетры, брасеварня памерам 4х6 сажаняў (7,8х11,7 м) для захавання начыння і паветка памерам 8,5х5 сажаняў (16,6х9,7 м). Усе фабрычныя будынкі мелі простую канструкцыю. Па вуглах і ў сценах ставіліся шулы, на якія зверху клаліся дубовыя брусы ці «гзымс», у які ўпіраліся кроквы страхі. Вільчык страхі абапіраўся на высокія брусы, пастаўленыя ў сярэдзіне будынку. Сцены былі аплецены хворастам і абкладзены звонку кулямі саломы. Дах накрываўся саломаю. Акрамя таго, у бастыёнах стаялі печы ці горны з катламі для вырабу салетры[99].

Вытворчасць у цытадэлі магла працягвацца толькі да вайны 1812 г., аднак цікава, што моцны пах салетры стаяў тут ажно да 1860-ых г. Пры французах, якія занялі Слуцак, фартыфікацыі былі рэстаўраваны і падрыхтаваны да абароны ў апошні раз[100].

Заняпад
Пасля вайны 1812 г. цытадэль была закінута. Яшчэ раней, з канца XVIII ст., быў занядбаны горнверк, тэрыторыя якога выкарыстоўвалася пад сенажаць. У 1815 г. засыпалі роў вакол равеліна, аднак захаваўся мост цераз галоўны роў, за якім замест колішняй брамы стаялі простыя падвойныя вароты. На тэрыторыі самой цытадэлі засталіся толькі былыя выцечкі ў валах і парахоўня ў бастыёне – ужо без даху, акаваных жалезам дзвярэй і кратаў на вокнах[101]. Толькі пра адну закінутую парахоўню згадваецца ў інвентары Слуцка 1818 г.[102] У 1815 і 1822 г. тэрыторыя былых умацаванняў была абмерана для вырашэння пытання далейшага яе выкарыстання. Плошча цытадэлі з валамі і рвамі, паводле абмеру 1815 г., склала 3 моргі 291 прут (2,82 га)[103], паводле абмеру 1822 г. – 3 моргі 160 прутоў (2,51 га), а плошча горнверка – 1 морг 150 прутоў (1,07 га)[104]. У 1820-ых г. закінутая цытадэль парасла хмызняком і лесам[105]. Паўз паўночную курціну між ірвом цытадэлі і Случчу была пракладзена дарога ў бок вёскі Ячава. У 1846 г. князь Леў (Людвіг) Пятровіч Вітгенштэйн, якому тады належаў Слуцак, прадаў горад скарбу Расійскай імперыі[106]. Пры гэтым былыя цытадэль і горнверк заставаліся ў яго ўласнасці[107]. Паводле плана 1878 г., тэрыторыя цытадэлі, дзе яшчэ захоўваліся валы і рвы, па-ранейшаму не выкарыстоўвалася. Да таго часу парахоўню ў бастыёне ўжо разабралі на цэглу. На месцы горнверка быў збудаваны гаспадарчы двор князя Вітгенштэйна. Пра існаванне рэшткаў цытадэлі згадваў у 1904 г. І. Глебаў[108].

Да 1920-ых г. тэрыторыю цытадэлі ўжо забудавалі. Ірвы засыпалі, а па валах былі пракладзены вуліцы. Камсамольскую (колішнюю Сенатарскую) вуліцу правялі па паўночнай курціне, а ад яе па заходняй і ўсходняй курцінах праклалі 1-ы і 2-і Камсамольскія завулкі. У першую пяцігодку савецкай індустрыялізацыі на месцы колішняй эспланады перад цытадэллю быў збудаваны ліцейна-механічны завод, які часткова закрануў і паўднёва-заходні бастыён цытадэлі. Большасць яе тэрыторыі заняла прыватная забудова.

Першы пасляваенны генеральны план, падрыхтаваны Г. Парсадонавым у 1948 г., прадугледжваў захаванне рэшткаў мейскіх фартыфікацый у выглядзе шырокага паса паркаў і зялёных насаджэнняў. Тое, што засталося ад цытадэлі, пры гэтым падлягала нівеляцыі і механічнаму ўключэнню ў гэты пас. Апошняе можна патлумачыць, напэўна, недахопам ведаў пра помнік, паколькі Г. Парсадонаў даволі ўважліва ставіўся да фартыфікацыйнай спадчыны горада. Ён жа падкрэсліваў памылковасць размяшчэння ў цэнтры Слуцка прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку – ліцейна-механічнага завода, прапануючы вынесці іх на ўскраіну горада[109]. У пазнейшых генеральных планах 1962–1963 і 1971 г. ідэя стварэння паркаў на месцы былых умацаванняў перыядычна ўваскрасала, аднак так і не была рэалізавана[110]. Між іншым, на плане 1971 г. выразна бачны рэшткі колішняй цытадэлі. Ідэя захавання фартыфікацыйнай спадчыны Слуцка жыла і пазней. У прыватнасці, існавала цікавая праектная прапанова па частковым аднаўленні ўмацаванняў цытадэлі ў выглядзе ландшафтнага помніка і стварэнні каля яе парка[111].

На жаль, да цяперашняга часу на тэрыторыі былой цытадэлі не праводзіліся ні натурныя, ні археалагічныя даследванні. Спадзяемся, што матэрыял, прадстаўлены ў гэтым артыкуле, паспрыяе далейшаму даследванню і, што нашмат важней, ахове помніка. На цяперашні час рэшткі цытадэлі і культурныя напластаванні на яе тэрыторыі працягваюць разбурацца. Аднак унікальны помнік мае вялікі патэнцыял не толькі і не столькі для даследчыкаў матэрыяльнай гісторыі XVIІ–XIX стст., колькі для развіцця самога старажытнага Слуцка.

Спіс крыніц і літаратуры
1. Lauda albo uchwały do obrony, porządku i ozdoby miasta Słucka: Lietuvos mokslų akademijos biblioteka (далей – LMAB). F. 9. Nr. 1873. S. 67, 78, 175-176. Копія XIX ст.: Biblioteka Muzeum im. Ks.Czartoryskich w Krakowie (далей – BCzart.). Rkps 389.
2. Ibidem. S. 123, 233, 235.
3. B. Radziwiłł do K. Kłokockiego i W. Huryna, Królewiec, 7.VI.1659. Archiwum Głowne Akt Dawnych (далей – AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей – AR). Dz. IV., K. 50.
4. Stanisław Niezabitowski. Dzienniki 1695-1700. Poznań, 1998. S. 105, 173, 298; Miasto Słuck do St. Niezabitowskiego. Słuck, 24.XI.1712. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 14627. Шанцамі называлі палявыя земляныя ўмацаванні сярэдніх і малых памераў.
5. Inwętarz księstwa Słuckiego. 1600. AGAD. AR. Dz. XХV. Nr. 3828. A. 1; Kopia podania Zamku Słuckiego wespoł z instrukcją Jmp kapitanowi. 1621. AR. Dz. VII. Nr. 678. A. 5.
6. Глебов И.А. Город Слуцк. Вильна, 1904. С. 11.
7. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т. – Т. 6, ч. І, Мінск, 2001. С. 353.
8. Глебов. С. 10.
9. Ткачоў М. А. Замкі і людзі. Мінск, 1991. С. 25.
10. Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 577; Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. С. 447.
11. Архітэктура Беларусі. Нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце. У 4 т. Т. 2: XV – сярэдзіна XVIII ст. Мінск, 2006. С. 112.
12. Альбом малюнкаў Багуслава Радзівіла. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГАБ). Ф. 694. Воп. 1. Спр. 287. Арк. 40.
13. Падрабязней пра гэтыя планы: Белы А. Планы гарадоў Беларусі з калекцыі Яна Георга Максымільяна фон Фюрстэнхофа. Дата доступа: 05.08.2008. Рэжым доступа: http://autary.iig.pl/bely/www/kartahrafija/materyjaly/furstenhof.html. План А. Гофаўкса выяўлены аўтарам дадзенага артыкула ў Драмштаце: Plan de la Ville, et Fortresse de Sluczk. 1731. Hessisches Staatsarchiv Darmstadt. P 2 (Kartenwerke). Sig. 67/101. 
14. Волкаў М. Да пытання аб аўтарстве калекцыі малюнкаў сярэдзіны XVII ст. з архіва князёў Радзівілаў // Беларускі гістарычны часопіс. №7. 2012. С. 34-38.
15. Бабятынскі К. Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654-1655). Вільня-Беласток, 2011. С. 140-142.
16. Bogusław Radziwiłł. Autobiografia. Wstęp poprzedił i opracował Tadeusz Wasilewski. Warszawa, 1979. S. 136.
17. Popiński A. Żywot Jaśnie Oświeconego Księcia Bogusława Radziwiłła. Z rękopismów hr. T. Działyńskiego. Poznań, 1840. S. 119.
18. Kopia podania Zamku Słuckiego wespoł z instrukcją Jmp kapitanowi. 1621. А. 5.
19. Шанец – замкнутае земляное палявое ўмацаванне.
20. K. Kłokocki do B. Radziwiłła. 23.XII.1659, Słuck; K. Kłokocki do B. Radziwiłła. 21.I.1660, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 6865.
21. Popiński. S. 119.
22. T. Spinowski do B. Radziwiłła. 6.II.1658, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 14914.
23. T. Spinowski do B. Radziwiłła. 10.VI.1660, Królewiec; 12.VII.1660, Królewiec; 23.VII.1660, Królewiec; 26.VIII.1660, Królewiec. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 14914.
24. Wasilewski T. Budowa zamku i rezydencji Radziwiłłów w latach 1586-1654. // Podług nieba i zwyczaju polskiego. Warszawa, 1988. S. 270.
25. W. Huryn do B. Radziwiłła. 28.VIII.1662, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 5569; K. Kłokocki do B. Radziwiłła. 4.VI.1666, Słuck; K. Kłokocki do B. Radziwiłła. 5.VI.1666, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 6865.
26. Kłokocki do J.R. Fehra. 13.1.1671, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 6865.
27. Lauda. S. 24
28. Ibidem. S. 114, 120. Тут Вінклер двойчы згадваецца пад прозвішчам Вінк (Wink).
29. Dybaś B. Fortece Rzeczypospolitej. Studium z dziejów budowy fortyfikacji stałych w państwie polsko-litewskim w XVII wieku. Toruń, 1998. S. 109.
30. Instrukcja Wilhelmowi Petersonowi. 8.I.1660. AGAD. AR. Dz. VII. Nr. 678. S. 15-18.
31. W. Huryn do B. Radziwiłła. 18.V.1661, Słuck; W. Huryn do B. Radziwiłła. 18.VI.1661, Słuck; W. Huryn do B. Radziwiłła. 27.VI.1661, Słuck; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 5569.
32. A. Schilling do B. Radziwiłła. 21.III.1662, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 14021.
33. K. Kłokocki do B. Radziwiłła. 19.I.1664, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 6865.
34. K. Kłokocki do B. Radziwiłła. 9.II.1664, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 6865.
35. T. Spinowski do B. Radziwiłła. 6.II.1658, Słuck. Дрэва для палаца ў цытадэлі ляжала яшчэ ў 1662 годзе, пра што згадваў сам Багуслаў Радзівіл: B. Radziwiłł do W. Huryna. 7.V.1662, Pułtowsk. AGAD. AR. Dz. IV. K. 54.
36. AGAD. AR. Dz. VII. Nr. 678. Ark. 41.
37. K. Kłokocki do B. Radziwiłła. 19.II.1662, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr.6865.
38. W. Huryn do B. Radziwiłła. 18.VI.1661, Słuck; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 5569.
39. K. Kłokocki do B. Radziwiłła. 28.VIII.1666, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 6865.
40. Ibidem. S. 66.
41. K. Kłokocki i W. Huryn do B. Radziwiłła. 23.XII.1659, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr.6865.
42. W. Huryn do B. Radziwiłła. 3.ІІI.1660, Słuck; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 5569; K. Kłokocki i W. Huryn do B. Radziwiłła. 23.ІII.1660, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr.6865.
43. Lauda. S. 255-256.
44. W. Huryn do B. Radziwiłła. 4.XI.1660, Słuck; AGAD. AR. Dz. V. Nr. 5569.
45. K. Kłokocki do B. Radziwiłła. 19.VІII.1664, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr.6865.
46. Ткачоў. С. 34.
47. Jurament kommendanta w Słucku. НГАБ. Ф. 694. Воп. 1. Спр. 410. Арк. 8.
48. Köster, Baldur. Königsberg. Architektur aus deutscher Zeit. 2000. S.20.
49. Popiński. S. 119.
50. T. Spinowski do B. Radziwiłła. 6.II.1658, Słuck.
51. Звычайная рэйнская стапа раўнялася 0,3138 м. 12 стоп складалі 1 рэйнскі прут (3,7668 м). Т.зв. дзесяцічная рэйнская стапа была вынайдзена для зручнасці вылічэння памераў фартыфікацыйных умацаванняў. У адным пруце было 10 дзесяцічных стоп. 1 дзесяцічная стапа складала, такім чынам, 0,37668 м. Freytag. S. 31.
52. Фланк бастыёна – сумежны з курцінай бок бастыёна, на якім ставілася артылерыя для абстрэлу рова перад курцінай і суседнім бастыёнам.
53. T. Spinowski do B. Radziwiłła. 6.II.1658, Słuck.
54. Freytag. Taffel Num. VI zu Pag. 24.
55. T. Spinowski do B. Radziwiłła. 6.II.1658, Słuck.
56. Ibidem.
57. Горнверкам называлі дадатковае абарончае ўмацаванне з двума паўбастыёнамі.
58. Паводле чарцяжа К. Клакоцкага шырыня вала складала 45 дзесяцічных стоп (17 м).
59. Lauda. S. 122.
60. Ibidem. S. 53, 207, 234.
61. Ibidem. S. 185, 206, 240; K. Kłokocki i W. Huryn do B. Radziwiłła. 1.II.1660, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 6865.
62. Апарэль ці ўзвалок –  нахілены земляны насып для пад"ёму на валавую дарогу ці вышэйшую тэрасу.
63. Freytag. Taffel zu Pag. 37.
64. B. Radziwiłł do W. Huryna. 24.VII.1661, Warszawa; B. Radziwiłł do W. Huryna. 23.IX.1661, Brandenburg. AGAD. AR. Dz. IV. K. 50. Паводле А. Фрэйтага, адлегласць прыцэльнага стрэлу мушкета складала 60 рэйнскіх прутоў (226 м). Freytag. S. 18.
65. Ibidem. S. 67, 123.
66. Ibidem. S. 234.
67. K. Kłokocki i W. Huryn do B. Radziwiłła. 7.X.1659, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 6865.
68. Szczepański J. Woda a obrona miasta // Fortyfikacje Gdańska. Gdańsk, 2009. S. 131-133.
69. Freytag. S. 15.
70. Szylling A. L. do M.K. Radziwiłła. B.d. i b.m. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 15984/10. S. 75.
71. Inwentarz fortec i zamków w Słucku, 1687. AGAD. AR. Dz. XXV. Nr. 3834/2. Надрукаваны ў Mikulski W., Zawadzki J. Opisy zamków białoruskich. Warszawa, 1999; Rewizja miasta Słuck, 1765. AGAD. AR. Dz. XXV. Nr. 3839/a. Інвентар 1765 года слова ў слова паўтарае: Inwentarz miasta Słuck, 1767. AGAD. AR. Dz. XXV. Nr. 3841/1.
72. План канца XVIII – пачатку ХІХ ст. быў апублікаваны ў: Ткачоў. С. 24; іншыя два планы, якія фактычна з"яўляюцца копіямі, апублікаваны ў: Чантурия Ю.В. Градостроительное искусство Беларуси второй половины XVI – первой половины ХІХ в. Минск, 2005. С. 2, 127.
73. M.W. Aszard do St. Niezabitowskiego. 7.VII.1701, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 212.
74. Lauda. S. 123.
75. Königsek do H.F. Radziwiłła. 22.IX.1748, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 7127.
76. Драніцы (дранка, дрань) – матэрыял для пакрыцця даху, які вырабляўся з дрэва. У адрозненне ад гонты, яны не мелі шыпа для мацавання, а прыбіваліся.
77. Шопа – будынак для захавання сена, дроваў, будаўнічых матэрыялаў, рыштунку і інш.
78. Спіхлер – будынак, прызначаны для захоўвання збожжа ці іншых сельскагаспадарчых прадуктаў.
79. Локаць у сістэме мер Вялікага Княства Літоўскага, паводле пастановы сойма 1766 года, складаў 0,6496 м: Скурат К.У. Даўнія беларускія меры (лексічны аналіз). Мінск, 1974. С. 9.
80. Гонты – матэрыял для пакрыцця даху, які вырабляўся з дрэва. Меў выгляд клінападобных дошчачак з шыпамі для мацавання.
81. Opisanie domów i placów skarbowych w mieście powiatowym Słucku. 1815. НГАБ. Фонд 694. Воп. 2.  Спр. 7527. А. 1145аб.
82. J.F. Fogt do H.F. Radziwiłła. 5.II.1757; J.F. Fogt do H.F. Radziwiłła. 26.II.1757. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 3815.
83. Камора – невялікае памяшканне для захоўвання рэчаў.
84. Алькеж – дадатковае адасобленае памяшканне, якое выступала з асноўнага аб"ёму дома і выкарыстовалася ў якасці каморы, кабінета ці спальні.
85. Спіжарня – памяшканне, у якім захоўвалі харчовыя прыпасы.
86. J.J. Berg do M.K. Radziwiłła. 5.IX.1760, Słuck; J.J. Berg do M.K. Radziwiłła. 15.IX.1760, Słuck; J.J. Berg do M.K. Radziwiłła. 1.X.1760, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 564.
87. Свіран – гаспадарчае збудаванне для захоўвання зерня.
88. Дыля – бервяно ці брус, расколаты ўздоўж на дзве або чатыры часткі.
89. Афіцына — дапаможная пабудова каля палаца, куды пераносіліся службовыя памяшканні і жыллё для гасцей і слуг.
90. Königsek do H.F. Radziwiłła. 8.VII.1746, Słuck; Konigsek do H.F. Radziwiłła. 18.VII.1746, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 7127.
91. Inwentarz ogólny dobr wolnych w księstwie Słuckim i Kopylskim sytuowanych. 1771. AGAD. AR. Dz. XХV. Nr. 3851. S. 3
92. Punkta o fortecy słuckiey y garnizonie potrzebujące. 8.VII.1767. AGAD. AR. Dz. VII. Nr. 678. S. 23-25.
93. Specyfikacya ludziom przy fabryce cytadelli robiącym maystrow, podmaystrow ett. 19.V.1788. AGAD. AR. Dz. VII. Nr. 678. S. 190.
94. L. Lutnicki do K.St. Radziwiłła. 11.VII.1790, Nieswież. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 8726; M. Morawski do K.St. Radziwiłła. 21.VIII.1790, Słuck; M. Morawski do K.St. Radziwiłła. 28.VIII.1790, Słuck. AGAD. AR. Dz. V. Nr. 9993.
95. Inwentarz mebliów i wszelkich sprzętów w Zamku i Cytadelli najdujących się. 23.VII.1791. НГАБ. Ф. 694. В. 2. Спр. 7396. А. 22-26; Opisanie Cytadelli albo Nowego zamku. НГАБ. Ф. 694. В. 2. Спр. 7491. A. 52аб-53; Opisanie budowli, znayduiącey się w cytadelli Słuckiey. 20.XI.1806. Lietuvos Valstybinis Istorijos Archyvas (далей – LVIA). F. 1280. A. 1. B. 2102. P. 2. Копія інвентара: НГАБ. Ф. 694. В.2. Спр. 7491. A. 16-16аб; Инвентрь или подробное описание города Слуцка, принадлежащего князю Доминику Радзивиллу, предлагаемого в казённую продажу. Б.д. LVIA. F. 1280. A. 1. B. 2102. P. 9-42v.
96. Ibidem. S. 190.
97. Opisanie budowli, znayduiącey się w cytadelli Słuckiey. 20.XI.1806. P. 2.
98. Сажань у сістэме мер ВКЛ (1766 г.) складаў 194,82 см.: Скурат. С. 14.
99. Opisanie domów i placów skarbowych w Słucku. 1815. AGAD. AR. Dz. XХV. Nr. 3857. A. 1154аб.
100. Василевский В. Слуцкое княжество во время князей Радзивиллов. 1867. LMAB. F.40. Nr. 888. Sygn. 1085. P. 102-103.
101. Opisanie domów i placów skarbowych w Słucku. 1815. AGAD. AR. Dz. XXV. Nr. 3857. S. 31.
102. Inwentarz miasta powiatowego Słuck. 1818. AGAD. AR. Dz. XXV. Nr.3858/1. S. 21.
103. 1 прут у сістэме мер ВКЛ (1766 г.) складаў 23,73 кв. м., морг – 7100 кв. м: Скурат. С. 25, 40.
104. Opisanie domów i placów skarbowych w miescie powiatowym Słucku. 1815.; Opisanie wolnych placów w Słucku. 1822. НГАБ. Ф. 694. Воп. 2.  Спр. 7527. Арк. 957 аб.
105. Статистическое описание уездов. 1826-1828. LVAB. F.18. B. 228. P. 151v.
106. Грыцкевіч А.П. Гісторыя куплі Слуцка. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1975. № 4. С. 42-43.
107. Геометрический план уездного города Слуцка с окрестностями. 26.II.1840. AGAD. F. 402. T. 452. Nr. 22; План плацев состоящих в городе на форштате Колония и Цитадели. AGAD. F. 402. T. 452. Nr. 11.
108. Глебов. С. 23.
109. Проект планировки и застройки г. Слуцка. Опорный план. 1948. Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі (далей – БДАНТД). Ф. 3. Воп. 4. Спр. 594; Проект планировки и застройки г. Слуцка. Пояснительная записка. 1948.  БДАНТД. Ф. 3. Воп. 4. Спр. 595. С. 86-87.
110. Генеральный план г. Слуцка. Технико-экономическое обоснование. Том 2. 1971. БДАНТД. Ф. 7. Воп. 1. Спр. 212. С. 86-87.
111. Кузнецов Т.Т. Типология пусковых градостроительных комплексов для малых городов Белоруссии. // Строительство и архитектура Белоруссии. № 3. 1986. С.13.


 

Мікола ВОЛКАЎ