Успаміны аб мінулым (Працяг)

Успаміны аб мінулым (Працяг)

Пачатак
 

7. Слуцк
З 1961 года сям’я жыве ў Слуцку, вясковае дзяцінства перайшло ў гарадское юнацтва. Спачатку мы з татам здымалі кватэру на вуліцы Старобінская ў нейкай бабулі Іванаўны. Потым, калі да нас далучыліся матуля з сястрычкай Таняй і бабуля, мы пачалі здымаць жытло на вуліцы Карла Лібкнехта, непадалёку школы №2, дзе працаваў мой тата і навучаўся я. Апошняе месца нашага кватаравання – вуліца Чырвонаармейская, у нейкіх Паўлючэнкавых.

Напрыканцы 1964 года сям’я, нарэшце, пераехала ў сваю двухпакаёвую кватэру ў чатырохпавярховым кааператыўным доме на вуліцы 1-я Працоўная (цяпер вуліца Корзуна). Пра будаўніцтва гэтага дома – асобная гісторыя, пра якую маю намер напісаць крыху пасля.

У Слуцку пайшоў вучыцца ў восьмы клас школы №2, дзе надбаў новых выдатных сяброў, а таксама і ворагаў (як жа без іх). Як звычайна, кожны з сяброў мае тое ці іншае захапленне ў якой-небудзь справе, якая, як зараза, перадаецца і табе. Так, Мішка Забагрын і Лёнька Глазкоў (мае лепшыя сябры) былі зацятымі паляўнічымі і аматарамі стэндавай стральбы (іх таты былі вайскоўцамі). Стральбой захапіўся і я. Паколькі мае бацькі былі чамусьці супраць, я паставіў ультыматум: не купіце ружжо – не буду хадзіць у музычную школу. Дарэчы, захапленне музыкай, якую я спасцігаў у музычнай школе, з прыездам у Слуцк чамусьці рэзка паменшылася. Нават дасюль не ведаю, з чым гэта звязана. Мабыць, не апошнюю ролю адыграла тое, што мой настаўнік па класу баяна Васіль Іванавіч Васіленка і яго сябар Іван Васільевіч, таксама класны баяніст, былі вялікімі прыхільнікамі «чарніла». Іван Васільевіч быў яшчэ і заядлым паляўнічым. Яго вельмі вабіла тое, што наша сям’я мела матацыкал «М-72» з каляскай, якім я добра кіраваў з маленства, а ў 16 гадоў атрымаў пасведчанне матацыкліста. З-за гэтага ў мяне прапаў інтарэс да музыкі і пацягнула да палявання (хаця мне вельмі падабаліся такія дысцыпліны, як музлітаратура, сальфеджыа, кампазітарства, якія выкладаў мой любімы настаўнік, завуч Мякіннікаў Арэст Осіпавіч, таму і дагэтуль люблю класіку). Ультыматум падзейнічаў – ружжо я атрымаў, скончыў паляўнічыя курсы і стаў сапраўдным паляўнічым, праўда, не вельмі ўдалым (аднойчы выехалі з татам на паляванне на матацыкле і забылі ўзяць стрэльбу). Праз некаторы час я зусім кінуў паляванне (птушанят стала шкада), але працягваў займацца стэндавай стральбой і стральбой у цэлым. Тата Мішкі Забагрына часта вадзіў нас у вайсковы цір, дзе мы стралялі з дробнакалібернай вінтоўкі і спартыўнага пісталета сістэмы «Марголін». У 19 гадоў я атрымаў 2-гі разрад па стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі і пазней, калі працаваў на Слуцкім прадпрыемстве электрычных сетак, заўсёды ездзіў на спаборніцтвы па мнагабор’і ў складзе спартыўнай каманды прадпрыемства.

Адначасова з паляваннем я захапіўся фатаграфаваннем (у дзяцінстве, калі сям’я жыла ў вёсцы, мой родны дзядзька падарыў мне фотаапарат «Камсамолец» з кадрам 6×9, таму нейкі вопыт я ўжо меў), і бацькі вымушаны былі купіць мне фотаапарат «Зорький» і ўсе «прычындалы» для вырабу фотаздымкаў. Фоталабараторыяй служыў пакой ваннай. З мяне атрымаўся неблагі фатограф (гэта асабіста мая думка). У сям’і з той пары засталося шмат чорна-белых здымкаў, па якіх можна адсочваць, як развіваўся Слуцк з 1961 года па 2000 год. Пасля 2000 года (прыблізна), калі ў моду ўвайшло каляровае фота і ўсё цяжэй стала набываць плёнку і фотарэактывы, я пачаў здымаць лічбавым фотаапаратам. Але гэта фатаграфаванне нельга назваць сапраўдным мастацтвам. У мяне захаваўся фотаапарат «Зенит», якім, я мяркую, будуць карыстацца мае ўнукі.

Паколькі я перастаў займацца паляваннем, то ружжо прадаў, хаця мае сябры заставаліся прыхільнікамі палявання. Вось яшчэ адна падзея, з якой звязаны самыя добрыя ўспаміны. Маю на ўвазе мой удзел у дзіцячым школьным духавым аркестры, якім кіраваў былы дырыжор палкавога аркестра Кушнір Уладзімір Аронавіч. Я быў трубачом. Аркестр удзельнічаў у святочных парадах, аглядах мастацкай самадзейнасці, іграў у гарадскім Доме культуры на розныя святы і танцы па выхадных вечарах. Калі мы ігралі, дык, памятаю, на нас больш глядзелі, як на якое дзіва, чым танцавалі.

1963 год – першы год маёй працоўнай дзейнасці і год пераходу сярэдняга навучання з дзесяцігадовага на адзінаццацігодку. Каб сэканоміць год, я стаў вучыцца ў школе працоўнай моладзі №1 горада Слуцка, дзе яшчэ існавала дзесяцігадовае навучанне, і пачаў працаваць у школе №2 лабарантам фізічнага кабінета. У 1964 годзе скончыў сярэднюю і музычную школы і пайшоў працаваць маляром 2-га разраду ў атобусна-таксаматорны парк. Працаваў я разам з Тураўцом Аляксандрам – інвалідам з дзяцінства, які страціў кісць левай рукі і вялікі палец правай рукі падчас разборкі нейкага выбуховага прыстасавання. Нягледзячы на гэта, ён быў класны спецыяліст як мастак і маляр (мы займаліся і мастацкім афармленнем прадпрыемства). Меў ён адзін недахоп: злоўжыванне спіртнымі напоямі. У той час багатыя ўладальнікі аўтамабіляў «Москвич-408» (звычайна гэта былі салігорскія шахцёры) часта траплялі ў дарожна-транспартныя здарэнні, і таму для нас Салігорск быў сапраўдным Кландайкам. Бывала, едзем у Салігорск на матацыкле, у калясцы – кампрэсар, а назад – у калясцы п’яны Туравец. Да таго ж я меў някепскія заробкі ад продажу копій розных карцін, якія я маляваў і прадаваў. Асабліва копіі падабаліся Эрнсту Шлейзенгеру, які працаваў у АТП бляхаром.

Памятаю такі выпадак: палякі, якія будавалі цукровы завод у Слуцку, трапілі ў аварыю на сваёй «Варшавке» (наша былая «Победа»). Аўтамабіль атрымаў такія пашкоджанні, што знакаміты ў той час бляхар Шлейзенгер, выхадзец з Аўстрыі, не браўся за працу, але, пачуўшы пра вялікую ўзнагароду, пагадзіўся: «Бутам тэляць» (больш за 20 гадоў пражыў у Савецкім Саюзе, а размаўляць па-руску не навучыўся). Аўтамабіль трэба было адрамантаваць хутка, бо польскае кіраўніцтва загадала начальству будоўлі з’явіцца ў Варшаву на сваім аўтамабілі. Рамонт, як і было абяцана, зрабілі ў належны тэрмін (працавалі і днём, і ноччу) і вельмі добраякасна, кожны атрымаў сваю ўзнагароду. Туравец, памятаю, пагадзіўся на скрынку «выбаровай». Ну што тут казаць: кожнаму – сваё.

8 сакавіка 1966 года (у той час гэта быў працоўны дзень) я ўладкаваўся на працу ў Слуцкі раён электрычных сетак, які ў будучым стаў называцца прадпрыемствам электрычных сетак. Там я арганізаваў эстрадны аркестр, які існаваў амаль да 1980 года і ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах (святочныя вечары, агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці і іншыя). Скончыў інстытут, працаваў на розных пасадах і ў 2011 годзе пайшоў на пенсію.

Так, ёсць што ўспомніць, шкада толькі, што ўжо ніколі не вярнуць пражытае. І не таму, каб нешта змяніць, перайначыць, а таму, каб сустрэцца з сябрамі, таварышамі па службе, з якіх шмат каго ўжо няма, але…


 

Аляксандр РАБЦАЎ
г. Слуцк, 2019 г.
ryabtsev.b@gmail.com

Фото из аккаунта социальной сети «ОК».