Успаміны аб мінулым

Успаміны аб мінулым

09.01.2019

1. Блуканне па пакутах

Нарадзіўся я ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна ў 1946 годзе. А калі больш канкрэтна, то нарадзіўся ў будынку школы, дзе жылі і працавалі настаўнікамі мае бацькі (яны скончылі Віцебскі педагагічны інстытут, фізіка-матэматычны факультэт). Дарэчы, гэтая школа, дзе я з"явіўся на свет, існуе і да цяперашніх дзён. Мае калегі (калі мы праязджалі ў недалёкім мінулым праз вёску Лядна) жартавалі: «Стаў бы ты, Барысавіч, вядомым вялікім чалавекам – зрабілі б у гэтай школе музей Аляксандра Рабцава».

Да 1951 года я сябе не памятаю, але са слоў бацькоў ведаю, што жыццё было вельмі цяжкае, паўгалоднае. Тата калісьці распавядаў, што аднойчы яму давялося памяняць каністру бензіну ў вайскоўцаў, калона якіх праходзіла праз Лядна, на буханку хлеба. Дык мы гэтую буханку елі тыдзень усёй сям"ёй з пяці чалавек (у мяне была старэйшая сястра Валя, і з намі жыла бабуля Марына – маміна мама).

У 1951 годзе наша сям"я пераехала ў вёску Вялікая Раёўка Капыльскага раёна, дзе амаль два гады здымала жытло з працякаючымі дахамі, пакуль не купілі хату ў вёсачцы пад назвай Раёк, што паміж вёскамі Калодзезнае і Вялікая Раёўка. Гэта быў сапраўды Раёк, хоць да школы, дзе я пасля навучаўся і дзе працавалі мае бацькі, было амаль тры кіламетры.

Непадалёку працякала невялікая рэчка пад назвай Мажа. Колькі ў ёй было ўсялякай рыбы! Лавілі звычайным кашом. Вылезеш з вады, а на нагах – тры ці болей п"явак, а колькі было апалонікаў, слімакоў, жаб! Даставалі з-пад карчоў ракаў, разводзілі ўвечары на вуліцы вогнішча і варылі іх. Правы бераг рэчкі быў круты, там мы, дзеці, узімку коўзаліся на лыжах, санках. Левы бераг, дзе раскінулася наша вёска, быў больш спадзісты, на ім знаходзілася, як мы называлі, гравільная яма. Яе паходжанне для нас было невядома: ці то людзі выкапалі, ці гэта была варонка ад бомбы. У гэтай яме ляжаў вялізны валун, які быў цёплы, чамусьці, у любое надвор"е. Пасля дажджу, калі рэчка разлівалася, мы купаліся і беглі грэцца на той валун.

У кіламетры ад вёскі быў лес, у які мы бегалі па грыбы, і ведалі мы яго як свае пяць пальцаў. Калі не хацелася бегчы ў лес, я выбягаў у прыдарожныя прысады раніцай і набіраў там на добрую патэльню грыбоў (бабак, чырвонагаловікаў). А як хораша спявалі жанчыны, калі вечарам ішлі з сенакосу, якія прыгожыя былі жытнія палі, ўздоўж якіх раслі рамонкі і валошкі, з якіх дзяўчынкі плялі вельмі прыгожыя вянкі! Цяпер усяго гэтага няма, але пра гэта – пазней.

Цяжка жылося ў першыя гады пасля пераезду на новае месца жыхарства. Паколькі бацькі былі настаўнікамі, а не калгаснікамі, ім не дазвалялася мець зямлі больш за 15 сотак разам з падвор"ем. З калгаса не давалі каня, але нам амаль заўсёды дапамагаў сусед па вясковай мянушцы Прымачок. Добры быў сусед, нашы сем"і сябравалі. Зямлю абрэзалі па самы парог. На адабранай зямлі забаранялася што-небудзь сеяць, з году ў год на ёй раслі бур"ян ды лябяда. Аднойчы бацька вырашыў заараць гэты бур"ян і пасадзіць бульбу. Тут жа, па чыймусьці даносу, прыляцеў на брычцы старшыня сельсавета і давай бацьку даймаць на ўсе лады. Бацька не стрымаўся, схапіўся за сахор – старшыня знік у клубах пылу, але назаўтра прыехалі міліцыянты, і бацька адседзеў у астрозе 15 сутак. Вось такія былі парадкі. Памятаю, як бацька прасіў мяне пайсці ў поле раніцай напрадвесні сабраць змерзлай бульбы, за што ён прынясе мне са школы ліхтарык (бацька выкладаў фізіку, а трафейны ліхтарык там быў як наглядны прыбор).

Потым, як памёр Сталін, жыць стала крыху лягчэй. Абзавяліся якой-ніякой жыўнасцю, купілі матацыкл з каляскай М-72 (у 1953 годзе такі матацыкл быў зняты з узбраенняў і паступіў у продаж), які служыў нам як транспарт і быў замест каня. Я ўжо ў 8 гадоў спраўна кіраваў матацыклам. Пальцы на руках былі яшчэ кароткія (не даставалі да рычагоў счаплення і тормазу), дык бацька зрабіў мне скураныя хамуцікі. Я садзіўся за руль, бацька ззаду – за плуг і так аралі пад дрэвамі ў садзе зямлю. На матацыкле ездзілі ў лес па жэрдкі, падпоры для саду. Накладвалі іх паміж каляскай і матацыклам – і наперад! Адным словам, матацыкал стаў палачкай-выручалачкай.

Да вучобы ў інстытуце бацька скончыў адзін курс мастацкага тэхнікума, нядрэнна маляваў і мяне навучыў. Разам з ім я хадзіў на прыроду і маляваў розныя краявіды. У мяне і цяпер захавалася шмат бацькавых і маіх карцін. Дык вось памятаю: вісеў у хаце партрэт Сталіна, які намаляваў бацька (дарэчы, гэты партрэт быў адобраны спецыяльнай камісіяй з вобласці). Але пасля ХХ з"езда КПСС у 1956 годзе, калі Хрушчоў выкрыў Сталіна, бацька сарваў са сцяны гэты партрэт, паламаў на калена і кінуў у печ. Калі памёр Сталін, да нас збегліся ўсе сяляне з вёскі слухаць радыё, бацька адчыніў усе вокны ў хаце. Толькі ў нас адных у вёсцы быў радыёпрымач «Родина-Р47» на вялізных батарэях, якія бацька купляў у Капылі. У вёсцы не было электрычнасці аж да 1963 года. Людзі плакалі, а мы, малыя, мала што разумелі і скаліліся, седзячы на печы.

Памятаю, як пасля смерці Сталіна адбываліся нейкія выбары. І ў адным з класаў школы, дзе праходзіла галасаванне, вісеў партрэт Малянкова. У клас увайшла адна з вясковых бабуль, бразнулася на калені перад партрэтам і давай маліцца. (Мяне бацькі часта бралі з сабою ў школу на свае ўрокі, калі я яшчэ не хадзіў у яе.) Здаецца, пасля смерці Сталіна Малянкоў адмяніў усе падаткі, вось тады бабкі і маліліся на яго.

Так, ёсць што ўспомніць. На летніх канікулах мы, малалеткі, хадзілі ў калгас на працу. Рабілі ўсё, што і дарослыя: абганялі бульбу, адвозілі ад камбайнаў зерне, ганялі коней у начное (пасвіць). Амаль у кожнага з нас быў у канюшні, так сказаць, замацаваны конь. За мной замацавалі кабылку Мышку – маленькую, паслухмяную. Заўсёды адклікалася на сваё імя і бегла да мяне, а я прыносіў ёй кавалачак цукру. Калі запрагаў, яна пакорліва схіляла галаву, каб я надзеў хамут.

У школу я пайшоў у 1954 годзе. Прыходзілася хадзіць за тры кіламетры. У тыя гады, пасля вайны, у нашай мясцовасці было многа ваўкоў, і мы, малыя, пакуль даходзілі да дому (узімку чамусьці заўсёды навучаліся ў другую змену), спальвалі амаль усе сшыткі, а потым заводзілі новыя (асабліва тыя, у каго былі двойкі). Было страшна, бо праходзілі праз так званую, заросшую быллём, балку (нізіну, дзе працякала рэчка), а там нас амаль заўсёды сустракалі ваўкі. Калі-нікалі нас перавозіў праз гэтую балку на кані мясцовы каваль Вульян, у якога быў свой конь. У 1955 годзе ў нас нарадзілася сястрычка Таня. Спачатку мне гэта не вельмі падабалася, а потым яна стала маёй самай лепшай сяброўкай.

2. Музыка

У Райку побач з намі жыў сусед па прозвішчы Прахор, які добра іграў на трафейным гармоніку з так званым нямецкім строем. Некаторыя казалі, што Прахор быў паліцаем і адседзеў за гэта 6 гадоў, а хтосьці казаў, што ён дапамагаў партызанам. Я не веру ў тое, што ён быў паліцаем, бо ён вельмі пяшчотна, шчыра адносіўся да дзяцей, любіў іх. Але ў Сталіна і яго прыслужнікаў у той час амаль усе былі шпіёнамі і здраднікамі. Дык вось, Прахор і навучыў мяне іграць на гэтым складаным гармоніку, а потым і падарыў яго мне. Пазней бацькі купілі мне рускі гармонік, а пасля – і баян.

3. Нясвіжскія прыгоды

У 1959 годзе, пасля сканчэння пяці класаў Вялікараёўскай сярэдняй беларускамоўнай школы, паколькі я праяўляў павышаны інтарэс да музыкі, мяне аддалі вучыцца ў Нясвіж, у музычную школу па класе баяна.

Не ведаю, чаму (гэта справа бацькоў), але мне давялося на працягу двух гадоў вучобы змяніць тры адрасы пражывання. Спачатку жыў у сям"і палякаў-каталікоў у так званым Новым Мясцы, што на ўездзе ў Нясвіж з боку Цімкавіч да Слуцкай брамы. Потым – на вуліцы Гарадзейскай, што ля школы №2, у якой я вучыўся. Апошні адрас пражывання быў у цэнтры горада, у цёткі Таццяны. «Хапіў ты гора, сынок», – казалі мне бацькі. Мне ж здавалася, што ніякага гора я не спытаў, хаця і хадзіў часта з сінякамі пад вачыма: даставалася мне, і не толькі мне, ад пераростка Бабіцкага і яго сяброў.

У мяне ў той час было трое неразлучных сяброў: Сяргей Басалыга – сын дырэктара школы №2, у якой мы ўсе трое вучыліся, Колька Макарчык і Толік Несцераў – сын старшыні Нясвіжскага райвыканкама. Быў яшчэ адзін сябар – Сярожка Плакса, мы звалі яго выпрабавальнікам, бо ён выпрабоўваў усе нашы вынаходніцтвы, часцей за ўсё – зброю (самапалы, стрэльбы і г.д.). Даставалася яму за гэта, але і Бог мілаваў. Сяброўства наша было вельмі моцным, як кажуць, не разлі вада, але банду Бабіцкага не заўсёды ўдавалася перамагчы. Іх, старэйшых за нас, было значна больш, дый падсцерагалі яны нас, звычайна, па адным. Паражэнні мы пераносілі моўчкі і ніколі нікому не скардзіліся.

У Нясвіжы я ў першыню ўбачыў тэлевізар у сям"і Мешчаракова, аўтамабіль «Волга» з аленем на капоце, упершыню з"еў марозіва, якое прадаўшчыца накладвала лыжкай з малочнай флягі, абкладзенай лёдам, у папяровы стаканчык і ўстаўляла ў яго драўляную трэску. А якім смачным быў газіраваны напой з сіропам, што налівалі са шкляных конусных ёмістасцяў! Так, многае ў Нясвіжы я ўбачыў упершыню, прыехаўшы з вёскі.

Памятаю, як бегалі ў касцёл слухаць арган. Хоць касцёл у той час, здаецца, і быў электрыфікаваны, але чамусьці паветра ў арган запампоўвалі ўручную, і мы нярэдка дапамагалі дарослым у гэтай справе. Заглядвалі праз вокны, закрытыя кратамі, у склеп пад касцёлам, дзе з драўляных паўраскрытых грабніц вытыркалі жоўтыя ногі. Увогуле, з Радзівілаўскім замкам і ўсім наваколлем звязана шмат нашых дзіцячых прыгод.

У той час існавала нямала легендаў наконт Радзівілаўскіх уладанняў. Казалі, што вакол замка ёсць 5 азёр, пад якімі быццам існуюць падземныя хады, што выходзяць на 5 горак. Адну з іх, пад назвай Папоўская горка, дзе размяшчаліся могілкі слуг Радзівілаў, мы аблазілі ўсю. Знайшлі там уваход у нейкае падзямелле, жалезныя дзверы якога былі завалены вялізным каменем. Пад ім мы знайшлі ключ з мудрагелістым пяром і прыйшлі да высновы, што ключом можна адамкнуць гэтыя дзверы. Намі завалодала жаданне пранікнуць у падзямелле. Што мы толькі ні рабілі: спрабавалі ўзарваць камень з дапамогай усялякіх самаробных выбуховых прыстасаванняў, хацелі выкарчаваць вялізнае дрэва, якое расло над уваходам у падзямелле. Але нічога не атрымалася, і мы аддалі знойдзены ключ настаўніцы гісторыі. Яна паабяцала нам, што калісьці ўсё зменіцца, і ўлады зробяць так, каб Радзівілаўская спадчына была адроджана і засталася ў народным карыстанні. Як бачым, так яно і здарылася. Добрая, прадбачлівая была настаўніца, і, памятаю, усе вучні яе вельмі любілі. Было яшчэ шмат якіх прыгод: як я ледзь не патануў у возеры, не даплыўшы да санаторскага пляжу, і мяне выратаваў нейкі салдат у аквалангу, як бегалі ў санаторскую кіназалу ў кіно, але пра ўсё не раскажаш.

У апошні час, калі хутка пачала апаноўваць старасць, усё часцей чамусьці падрабязна ўспамінаецца дзяцінства, вучоба, настаўнікі. Увогуле, мне вельмі шанцавала ў жыцці на добрых настаўнікаў, мо таму, што бацькі былі настаўнікамі з вялікай літары. Памятаю настаўніка габрэя Злотнікава Яўхіма Львовіча. Цудоўны быў настаўнік і чалавек! Выкладаў фізіку і матэматыку. З якім захапленнем слухалі яго вучні! Ён дасканала ведаў свой прадмет і цікава мог яго прыпаднесці. Была ў яго дачка Соня, з якой я навучаўся ў адным класе. Даведаўшыся, што я кватарую ў Нясвіжы адзін, разы два на тыдзень Яўхім Львовіч запрашаў мяне да сябе дамоў. Яго жонка частавала нас з Соняй смачным абедам, потым Яўхім Львовіч распачынаў з намі, як ён казаў, «ЛИКБЕЗ»: паўтаралі мінулыя тэмы, больш дасканала, чым у класе, вучылі зададзены матэрыял. Мой бацька часта прыязджаў да мяне ў Нясвіж і вельмі быў рады пазнаёміцца з Яўхімам Львовічам, бо сам выкладаў у школе фізіку і астраномію. Мае бацькі засталіся вельмі ўдзячнымі сям"і Злотнікавых.

Заняткі ў музычнай школе мне падабаліся. Яшчэ больш падабалася мне настаўніца Нона Пятроўна Растоцкая: маладая, вясёлая, энергічная і, як мне падавалася, вельмі таленавітая. Памятаю, як падчас экзаменаў за другі клас я падарыў ёй намаляваную мною карціну «Лунная ночь», як збегліся слухаць амаль усе настаўнікі і вучні, калі я зайграў «Узяў бы я бандуру…».

Па заканчэнні навучальнага 1961 года я развітаўся з Нясвіжам і з тым, што было з ім звязана. Сям"я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Слуцк, дзе бацькі таксама працавалі настаўнікамі ў розных школах. У Слуцку мы зноў пачалі бадзяцца па кватэрах. У 1963 годзе бацька арганізаваў другі ў горадзе жыллёвы кааператыў і стаў яго старшынёй. Але праз год будаванне дома застапарылася, і бацька ўспомніў пра Пятра Міронавіча Машэрава, з якім разам вучыўся ў адной групе ў Віцебскім педагагічным інстытуце (У той час Машэраў, калі не памыляюся, быў другім сакратаром Мінскага абкама партыі). Сустрэліся, паўспаміналі мінулае, папілі гарбаты, а па прыездзе таты ў Слуцк дом пачаў расці як на дражджах: з"явіліся матэрыялы, рабочыя, і дом быў заселены ўжо напрыканцы 1964 года. Але, паверце, гэта не быў нейкі паклёп, гэта была неабходная скарга, якая паспрыяла працягу будаўніцтва, а мясцовыя чыноўнікі панеслі справядлівае пакаранне.

4. Наведванне малой Радзімы

У чэрвені 2015 года да мяне прыехала старэйшая сястра Валянціна, якая жыве ў Расіі ў горадзе Вязьма, і папрасіла звазіць яе на нашу малую радзіму, у вёску Раёк. Мая «капейка» была няспраўная, і нас павёз на сваім «фальксвагене» пляменнік Андрэй (малодшы сын малодшай сястры). Валянціна жахнулася, убачыўшы, у што ператварылі ўлады нашу малую радзіму. На вачах у яе, як і ў мяне калісьці, калі я па службовых абавязках прыязджаў сюды ў 1996 годзе, выступілі слёзы. Яна не пазнала мясціны і спытала: «Куды ты мяне прывёз?». Заліўны поплаў абапал рэчышча зааралі, знішчыўшы крыніцы, таму знікла і рэчка, якую схавалі ў звычайную жалезабетонную трубу (раней тут быў вялікі драўляны мост).

Мяне цікавіць адно пытанне: ведалі ці не чыноўніцкія галовы, што некрануты поплаў і жывая рэчка прынясуць больш карысці, чым тое, што яны зрабілі? Дык хто намі кіруе? Цікава, як такія людзі трапляюць ва ўладу?

Я ўжо ўпамінаў, што ў гэтай рэчцы вадзілася многа ўсялякай рыбы, якую мы, малыя, лавілі звычайнымі кашамі. А колькі было ўсялякай жыўнасці: слімакоў, п"явак, апалонікаў, жабурэння і жаб! Па вечарах жабы ладзілі такі хор, што яго чула ўсё наваколле, але гэта вельмі не падабалася нашай бабулі. Мноства камароў, усялякіх жукоў, павукоў былі харчам для птушак. Зараз жа птушкі ператварыліся ў вегетарыянцаў і клююць вішні ды чарэшні. Знішчыў чалавек асяроддзе і працягвае знішчаць яго і сам сябе. Мой бацька ў 1960-х, 1970-х гадах выпісваў часопіс «Наука и жизнь». Мне ў той час запомніўся з гэтага часопіса артыкул нейкага навукоўца (не памятаю яго прозвішча), дзе ён казаў пра асушэнне палескіх балот: «Опомнитесь, ещё не поздно отказаться от этого мероприятия, сделайте хотя бы реверсивную систему осушения». Паслухалі? Як бы не так, думаю: хаця б жывы застаўся той навуковец.

Памятаю, як я прыехаў у Раёк у 1986 годзе і трапіў на выпускны школьны баль, у якім удзельнічала і дачка маёй былой суседкі. Я потым доўга ўспамінаў гэты вечар. Мне прапанавала суседка пераначаваць у хаце, але я адмовіўся, узяў коўдру і пайшоў на квітнеючы поплаў. Паверце, гэта было нейкае цуда, пра якое я доўга яшчэ ўспамінаў.

Не пазнаць было і нашай вёскі: з 15-ці хат засталася адна, у якой жыла сям"я. Вёска з Райка ператварылася ў «Хатынь»: абапал вуліцы – сухія старыя або паваленыя дрэвы, разбураныя ці згарэлыя хаты. Людзі пачалі з"язджаць з вёскі яшчэ ў сярэдзіне пяцідзесятых гадоў. Мясцовая жыхарка казала, што сучасны выгляд вёска набыла ўжо ў час кіравання Лукашэнкі (пры камуністах усё гэта было не кранутым).

З вялікай чуйнасцю і павагай успамінаю сваю бабулю Марыну. Каб не яна, я, можа б, і не выжыў (вельмі часта хварэў). Бывала, раніцай карову падоіць, нясе мне кубак малака і кажа: «Выпі сырадойку». А які смачны і духмяны хлеб яна пякла ў печы на кляновым лісці! Дарэчы, у мяне – два дні нараджэння: 20 снежня 1946 года, калі я нарадзіўся, і 20 студзеня 1947 года, так званы паперны, калі мяне запісалі ў метрыкі. А здарылася гэта таму, што пасля нараджэння ў мяне насупраць сэрца ўтварылася вялікая скула, і мясцовы фельчар вынес мне прыгавор: «Ён – не жылец». Мяне закінулі на прагрэтую печ паміраць, а бабка распарыла вялікую цыбуліну і прыклала яе да скулы. Раніцай бацькі пачулі на печы вяканне, скула прарвала, і я застаўся жыць.

5. Мае першыя настаўнікі

З усяго пражытага найбольш успамінаецца чамусьці дзяцінства, навучанне ў школе, вучні, настаўнікі. Фота настаўніцкага калектыву Вялікараёўскай сярэдняй школы захоўваецца ў мяне да гэтага часу, на адваротнай старонцы яго ёсць надпіс: «Май 1956 г.», зроблены маім татам.

Я амаль штодзень бяру гэтае фота ў рукі і ўспамінаю свае школьныя гады: вось Шукевіч Адам Тадэвушавіч, выкладчык нямецкай мовы, паляк па нацыянальнасці. У яго ў портках на задніцы была маленькая дзірачка, праз якую віднеліся сподні. Калі ён праходзіў па радах уздоўж партаў, у гэтую дзірачку Сяргей Даўгаполаў (быў такі вучань) устаўляў саломінку, і яна віляла з боку ў бок пры яго хадзьбе. Клас клаўся ад рогату, а настаўнік, ведаючы, чыя гэта выхадка, браў Сяргея за каўнер, штурхаў і крычаў: «Стань у вугаў!» (палякі пры размове замест літары «л» вымаўляюць літару «ў» або «в» у залежнасці ад таго, дзе яна знаходзіцца), але той і ў вуглу працягваў грымаснічаць. Тады Адам Тадэвушавіч крычаў: «Выйдзі з кваса!». Або яшчэ прыкол: на правай руцэ ў Шукевіча адсутнічаў вялікі палец, і ён браў мел у пучкі (паміж указальным і сярэднім пальцамі). Перад яго ўрокам хто-небудзь ламаў мел на дробныя кавалачкі, тады разгневаны Шукевіч крычаў: «Дзе меў, хто сёння дзяжурны?». Адным словам, здзекаваліся з яго мы, дурні, выкарыстоўваючы яго недахопы. Шукевіч быў мала прыстасаваны да жыцця. Памятаю, як ён пытаў у майго таты, гледзячы на кола матацыкла: «Барыс Герасімавіч, а чаму спіцы такія тонкія, а не гнуцца?». Або, вастрыўшы кол сякераю (сам сведка), так яго счэсваў, што ад кала заставаўся кароткі абрубак, за які нельга было трымацца. Ён яго выкідваў і ціхенька прыгаворваў пры гэтым: «Псякрэў».

Быў унас яшчэ адзін цікавы, на мой погляд, настаўнік, Ляшкевіч Уладзімір Якаўлевіч, выкладчык хіміі. Нізенькі, гарбаты. Вельмі любіў прыроду, паляванне з фотаапаратам. Бывала, павесіць на шыю дробнакаліберную вінтоўку (хоць ні разу з яе ні страляў), бінокль, фотаапарат і блукае па наваколлі. Жыў ён вельмі сціпла. У краме купляў крыху камсы, тут жа сядаў на прыступкі і абедаў. Можа, таму і купіў адным з першых у вёсцы аўтамабіль «Масквіч-403», але ім амаль не карыстаўся. Дзіўны быў чалавек. Аднойчы папрасіў ён майго тату палячыць радыкуліт пчоламі (мой тата быў заядлы пчаляр і трымаў пчальнік). Тата яму і кажа жартам: «Здымай порткі і выстаўляй зад пад ляток», што ён і зрабіў, прыняўшы ўсур"ёз гэтую параду. Пчолы абляпілі яго і так далі, што ён заблытаўся ў портках, упаў у разору і нарабіў такога крыку, што тата схапіў бярозавы венік, вядро з вадою і пабег яго ратаваць.

Так, хапала ўсялякіх прыгод. У вёсцы, як я ўжо распавядаў, не было электрычнасці, кіно «круцілі» кінаперасоўкай, якую прывозіў кінамеханік Вітак (таксама ў мінулым настаўнік). Калі мы, малыя, бачылі, што Вітак вязе на падводзе кінаперасоўку, пыталі ў яго: «Вітак, Вітак, я…а з нітак, пра што кіно?». Але ён на нас не крыўдзіўся, разумеў, мабыць: што з дурных малых узяць? Калі кіно было не пра вайну, то і не вельмі хацелася яго глядзець. Квіток у кіно каштаваў 50 капеек, і калі грошай не было, прыходзілася лезці ў куратнік, красці з-пад курыцы яйцо, здаваць яго ў краму (як мы казалі – у каперацыю) і купляць квіток у кіно. Калі хто спрытна дапамагаў разгортваць кінаперасоўку, таго Вітак мог пусціць у кіно і задарма. Калі ніяк не атрымлівалася трапіць у кіно, тады засоўвалі бульбіну ў выхлапную трубу матор-генератара – і наўцёкі.

6. Бацькі – настаўнікі

Раней я пісаў пра незвычайныя звычкі і прыгоды некаторых настаўнікаў Вялікараёўскай сярэдняй школы. Зразумела, гэта – без зламыснасці і злараднасці, наадварот, я ўспамінаю пра іх і адношуся да іх з вялікай павагай і пяшчотай. Асабліва часта я ўспамінаю сваю першую настаўніцу пачатковых класаў Рацько Соф"ю Васільеўну. Без перабольшання можна сказаць – гэта была настаўніца з вялікай літары.

Некалькі слоў хачу сказаць пра сваіх бацькоў, таксама настаўнікаў: бацьку – выкладчыка фізікі і матулю – выкладчыцу матэматыкі ў гэтай жа школе. Я з вялікай павагай адносіўся да свайго бацькі, паважалі яго і ўсе вучні. Дзякуючы бацьку я навучыўся маляваць, сталярнічаць (з бацькам удваіх прыбудавалі трохсценак да хаты і тым самым павялічылі жылую плошчу) і шмат чаму іншаму. Паколькі ў тыя часы было не вельмі шмат наглядных прыстасаванняў, ён рабіў іх сам: напрыклад, перыскоп, «мёртвую пятлю» і многае іншае. У той час у вёсцы не было электрычнасці, і бацька неяк угаварыў дырэктара набыць для школы матор-генератар. Вучні, у тым ліку і я, накінуліся на мантаж электраправодкі, набылі кінапраектар. Як усе радаваліся, калі ў класах замест газных (керосиновых) лямпаў загарэліся электрычныя! Матуля вельмі добра ведала матэматыку і выкладчыцкую справу і не аднойчы ўдзельнічала ў розных конкурсах і мерапрыемствах. Бацьку ў 1957 годзе прысвоілі званне «Заслужаны настаўнік БССР». Дарэчы, і бацька, і маці былі актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці.

У пасляваенныя гады класы былі перапоўнены. У школу хадзілі вучні з шасці навакольных вёсак, у тым ліку нямала пераросткаў: вайна не дазволіла ім у свой час скончыць школу. Многім выпускнікам было амаль за дваццаць гадоў і яны добра разумелі жыццё, адносіліся да навукі і да настаўнікаў з разуменнем і павагай. Яны памяталі сваіх настаўнікаў і пасля заканчэння школы. Успамінаю такі выпадак: адзін з выпускнікоў у будучым стаў знакамітым кампазітарам, яго прозвішча Шумілін (памятаеце песню «Ой, мой Мінск, мая сталіца Беларусіі радной»?). Неяк ён прыехаў у сваю вёску, да землякоў і прывёз с сабою бочку піва. Паставіў яе на ганак крамы і частаваў усіх гэтым півам. Тады ён гасцяваў у маіх бацькоў мо з тыдзень. А другі выпускнік, па прозвішчы Бабеня, у будучым ваеннаслужачы, дапамог бацьку, і не толькі яму, набыць матацыкл М-72.

Бацька распавядаў неяк пра тое, як ваяваў, як трапіў у фашысцкі палон у чэрвені 1941-га, дзе прабыў роўна два месяцы, і арганізаваў групавыя ўцёкі. Потым ваяваў у партызанскім атрадзе да вызвалення Радзімы Чырвонай Арміяй, з якой дайшоў да Ной-Шчэціна. Але чамусьці гаварыў ён пра гэта не вельмі ахвотна (мабыць, самому было непрыемна ўспамінаць, дый быў ён занадта сціплы). Суседка Таісія Іванаўна (таксама настаўніца) аднойчы выведала пра бацькавыя баявыя шляхі і надрукавала ў газеце «Слуцкі край» (за 21жніўня 1999 года) невялікі нарыс «Успамінаюцца дні баявыя». У 1970-х, 1980-х і нават у 1990-х гадах дзяржава не вельмі клапацілася пра ветэранаў вайны і рэдка аб іх успамінала. Бацька ж не крыўдзіўся і, тым больш, нікому не скардзіўся. І толькі цяпер, калі ветэранаў амаль не засталося, пачалі іх заўважаць і паважаць.

Напэўна, у 2011 годзе школу закрылі з-за дэмаграфічнага і эканамічнага становішча. Што будзе з цагляным будынкам далей – невядома. Хацелася б, каб ён ператварыўся ў дом састарэлых і працягваў служыць на карысць насельніцтву, але гэта – справа мясцовай улады.

 

 

Фота: Настаўніцкі калектыў Вялікараёўскай сярэдняй школы. Травень 1956 года. У ніжнім радку першыя злева – мае бацькі: маці – выкладчыца матэматыкі, бацька – выкладчык фізікі. У сярэднім радку трэцяя злева – мая першая настаўніца Рацько Соф"я Васільеўна. Нізкі Вам паклон і вялікі дзякуй.


 

 

Аляксандр РАБЦАЎ
г. Слуцк
ryabtsev.b@gmail.com

Успаміны аб мінулым (Працяг)

 

 

Благодарим:
- главного редактора газеты «Капитал» за предоставленный материал,
- Анатолия Жука за подготовку текста к публикациии.