Ад «Молота и плуга» да «Слуцкага краю»
11.11.2013
Біяграфія «Cлуцкага краю» пачалася 25 сакавіка 1919 года, калі ў якасці органа Слуцкага павятовага выканаўчага камітэта Савета рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў і падраённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі выйшаў першы нумар газеты «Молот и плуг». Чаму Літвы і Беларусі? Калі памятаеце, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка была абвешчана 1 студзеня 1919 года. Але хутка пад націскам Цэнтральнага камітэта Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) і Савета Народных Камісараў РСФСР на чале з У.І. Леніным была створана Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (2–3 лютага 1919 года І Усебеларускі з"езд Саветаў і 18–20 лютага 1919 года І з"езд Саветаў Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прынялі дэкларацыі аб аб"яднанні рэспублік). А што датычыць молата і плуга ў назве газеты, то гэтыя прылады працы былі выкарыстаны як сімвал адзінства рабочых і сялян, іх імкнення да мірнай стваральнай працы.
Газета «Молот и плуг» змяшчала рашэнні павятовага выканкама, матэрыялы аб арганізацыі ў Слуцку і на тэрыторыі Слуцкага павета камун і працоўных арцеляў, ліквідацыі памешчыцкага землеўладання, пераходзе на практыцы да сацыялістычных прынцыпаў гаспадарання. Аднак мірнае жыццё працягвалася нядоўга: на беларускія землі пачалі наступаць войскі Рэчы Паспалітай Польскай. Ужо ў ліпені 1919 года газета, якая стала называцца «Плуг и молот», выходзіла з заклікамі: «Все на помощь фронту!», «На защиту Слуцка!», «Рабочие и крестьяне! К оружию и на фронт!». 10 жніўня 1919 года пасля дзвюхгадзіннага бою на слуцкіх вуліцах падраздзяленні Чырвонай Арміі адышлі на ўсход, пакінуўшы Случчыну на літасць польскіх акупантаў.
Выданне газеты «Плуг и молот» было адноўлена 7 лістапада 1921 года (выходзіла да 4 студзеня 1922 года тыражом 800 экзэмпляраў). Затым газета мела назвы «Вясковы будаўнік», «Ленінскі шлях», «Праўда на рубяжы», а з 1938 года да чэрвеня 1941 года – «За сацыялістычную Радзіму».
Асобная старонка ў гісторыі газеты – Вялікая Айчынная вайна. На акупіраванай гітлераўскімі захопнікамі тэрыторыі 1 красавіка 1943 года пачала выходзіць на беларускай мове газета «Народны мсцівец» – орган Слуцкага падпольнага раённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Газета друкавала заклікі да ўсенароднай барацьбы супраць захопнікаў, матэрыялы пра звярыную сутнасць акупантаў. «Новыя намеры людаедаў» – пад такім загалоўкам у газеце «Народны мсцівец» за 13 чэрвеня 1943 года Іван К. пісаў: «На Случчыне фашысты ўжо закатавалі і забілі дзесяткі тысяч нявінных людзей… Больш як тысячу савецкіх грамадзян забілі і закапалі фашысцкія каты ў саўгасе «Вясея» (маёнтак Махорты), тысячы людзей расстралялі і закапалі жывымі ў Жураўскім лесе, у Слуцку на двары быўшых дзетясляў на Манахавай вуліцы, у ціры 11 палка, каля скотабазы, у Бязверхавічах, на амговіцкіх могілках…».
У газеце змяшчаліся загады Вярхоўнага Галоўнакамандуючага, прамовы членаў урада, весткі з фронту, вершы беларускіх паэтаў. Як успамінаў тагачасны рэдактар газеты М.Е. Дастанка, калектыў рэдакцыі «Народнага мсціўца» рабіў «усё неабходнае для таго, каб кожны нумар газеты гранатай і бомбай узрываўся ў стане ворага, а баявыя радкі касілі ворага нібы кулямётныя і аўтаматныя чэргі, каб палымяныя заклікі падымалі новыя атрады бясстрашных патрыётаў на бой з ненавісным ворагам. І ў адказ на гэта агнём свяшчэннай помсты гарэла слуцкая зямля пад нагамі акупантаў». У падпольнай друкарні наборшчыцамі працавалі Любоў Куляшова, Любоў Шаўчук, друкарамі былі Уладзімір Канановіч, Мікалай Торхаў. Матэрыялы для газеты збіралі і рыхтавалі супрацоўнікі рэдакцыі Іван Хатэнка, Іван Куляшоў, Вячаслаў Харытонаў, Віктар Плешавеня. Радыст Сцяпан Раменчык своечасова прымаў радыёперадачы з-за фронту. Навіны адразу ішлі ў нумар газеты.
Нідзе адступніцтва і здрады
Не знойдзе вораг між случчан,
Бо што ні вёска, то атрады
Народных мсціўцаў-партызан.
Няхай дрыжыць ад помсты вораг,
Бо Случчына ідзе на бой,
Бо быў, і ёсць, і будзе порах
У нас заўсёды пад рукой.
А гэта – радкі аднаго з вершаў беларускага паэта Анатоля Астрэйкі з яго паэтычнага зборніка «Слуцкі пояс», які быў выдадзены ў 1943 годзе рэдакцыяй газеты «Народны мсцівец». Унікальная з"ява ў гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры! Прадмову да кнігі напісаў сакратар Слуцкага падпольнага райкама КП(б)Б І.С. Канановіч. Ён адзначыў антыфашысцкі, патрыятычна-вызваленчы пафас кнігі, у якой гучыць «гарачы заклік да… усенароднай партызанскай вайны ў тыле ворага, каб хутчэй вызваліць родную зямлю ад нямецкіх акупантаў».
Як толькі ў 1944 годзе Случчына была вызвалена ад гітлераўскіх захопнікаў, аднавіўся выпуск газеты «За сацыялістычную Радзіму». Газетныя радкі таго часу захавалі для нашчадкаў сведчанне самаадданай працы случчан па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі і сацыяльна-культурнай сферы раёна. Будаўніцтва новых прадпрыемстваў і жылых дамоў, арганізацыя творчых калектываў, асваенне новай тэхнікі і сучасных тэхналогій у вытворчасці, патрыятычныя ініцыятывы гараджан і вяскоўцаў і многае іншае знаходзіла месца на старонках раённай газеты. У 1962 годзе яна займела назву «Шлях Ільіча», а ў 1992 годзе – «Слуцкі край».
Рэдактарамі раённай газеты ў пасляваенны час былі: М.Е. Дастанка (1944–1945), І.С. Русаковіч (1945), П.П. Блахін (1945–1950), А.А. Власаў (1950–1959), У.М. Перасятнік (1959–1971), В.М. Макарэня (1971–1985), А.У. Алпатаў (1985–1986), У.С. Коўцік (1986–1995), У.М. Цішкевіч (1995–1998), А.У. Жук (1998–2012). У 2012 годзе галоўным рэдактарам газеты «Слуцкі край» прызначана В.В. Ражанец.
Як бы ні мяняліся назвы газеты, супрацоўнікі яе рэдакцыі заўсёды імкнуцца ісці ў нагу з часам, па крупінках збіраюць інфармацыю аб жыцці нашага краю і ствараюць на газетных старонках не толькі шырокую панараму слуцкай мінуўшчыны, але і своеасаблівую галерэю партрэтных вобразаў сваіх сучаснікаў. У «Слуцкім краі» вы знойдзеце разнастайную інфармацыю аб падзеях у краіне, аб дзейнасці працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый раёна, пазнаёміцеся з афіцыйнымі дакументамі раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, са случчанамі, якія сваёй працай стваралі і ствараюць гісторыю нашага краю. А яшчэ ў газеце – рэклама і прыватныя аб"явы, віншаванні, красворды, праграма тэлебачання, прагноз надвор"я на бліжэйшыя дні і іншая інфармацыя.
Пры рэдакцыі з 1964 года працуе школа маладога журналіста, каля ста выпускнікоў якой звязалі свой лёс з журналістыкай.
«Слуцкі край» выходзіць на беларускай і рускай мовах два разы на тыдзень тыражом (на 1 кастрычніка 2013 года) 6 195 экзэмпляраў (аўторак – 4 паласы) і 7 225 экзэмпляраў (пятніца – 20 палос). Газета распаўсюджваецца па індывідуальнай і ведамаснай падпісцы, прадаецца ў розніцу праз сістэму «Белсаюздруку» і аддзяленні паштовай сувязі. Яе можна пачытаць і ў электронным варыянце (www.s-k.by).
«Слуцкі край» зарэгістраваны ў Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь, рэгістрацыйны № 950. Заснавальнікі: Слуцкі раённы выканаўчы камітэт, Слуцкі раённы Савет дэпутатаў.
Газета ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, двойчы была (у маштабах Савецкага Саюза) лаўрэатам прэміі імя М.І. Ульянавай за добрую пастаноўку масавай работы, неаднаразова выходзіла ў пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і абласных конкурсаў і спаборніцтваў. Напрыклад, у 2000-м і 2006 гадах рэдакцыя заняла другое месца, у 2008 годзе – трэцяе месца ў штогадовым спаборніцтве сярод рэдакцый раённых і гарадскіх газет Мінскай вобласці і ўзнагароджана Ганаровымі граматамі абласнога выканаўчага камітэта. Але галоўнае для супрацоўнікаў рэдакцыі «Слуцкага краю» – давер і падтрымка чытачоў, дзеля якіх і ствараецца газета, дзеля якіх працавалі і працуюць газетчыкі.
У структуры рэдакцыі працуе праграма радыёвяшчання «Весткі Случчыны», якая выходзіць пяць разоў на тыдзень: у панядзелак (22.05), аўторак (11.40), чацвер (11.40), пятніцу (6.25), суботу (8.00). Перадачы радыё даступныя для слухачоў і на інтэрнэт-сайце газеты «Слуцкі край».
Газета і радыё аб"яднаны ў дзяржаўную ўстанову «Рэдакцыя газеты «Слуцкі край» і праграмы радыёвяшчання «Весткі Случчыны»», якая знаходзіцца па адрасе: вуліца Леніна, 189, 223610, горад Слуцк.
Тэлефоны:
галоўнага рэдактара – 5–36–44;
намесніка галоўнага рэдактара – 5–21–52;
старшага рэдактара праграмы радыёвяшчання – 5–53–24;
бухгалтэрыі і аддзела рэкламы – 5–21–51.
E-mail: slutskiy_kray@rambler.ru
08.11.2017
С 3 ноября 2017 года на должность главного редактора ГУ «Редакция газеты «Слуцкий край» и программы радиовещания «Вести Слутчины» назначена Коваленко Ирина Михайловна, ранее занимала должность ответственного секретаря ГУ «Редакция газеты «Слуцкий край» и программы радиовещания «Вести Слутчины».
Фотографии из личных архивов работников редакции газеты «Слуцкі край»
Анатолій ЖУК