Артылерыя Нясвіжскага замка ў канцы XVI – пачатку XVIII стст.

Артылерыя Нясвіжскага замка ў канцы XVI – пачатку XVIII стст.

24.03.2015

У канцы XVI ст. Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка (1549–1616) заклаў у Нясвіжы новы бастыённы замак (мал. 1–2), які мусіў стаць асновай магутнасці і бяспекі рода на доўгія стагоддзі. Магнат не шкадаваў грошай на новую рэзідэнцыю, таму бастыённы замак у Нясвіжы стаў адной з наймацнейшых магнацкіх фартэцый у Вялікім Княстве Літоўскім і ўсёй Рэчы Паспалітай. Высока ацанілі яго ўмацаванні нават шведы, перад якім замак капітуляваў у 1706 годзе: «Фартэцыя лічылася адной з лепшых у Польшчы (Рэчы Паспалітай – М.В.). Абароненая чатырма каменнымі бастыёнамі і моцным контрэскарпам[1], у ёй кожная рэч была прызначана для абароны без якога-кольвек дэфекту»[2].

Акрамя магутных умацаванняў для дасягнення высокай абароназдольнасці ўмацавання неабходна было добрае ўзбраенне, а найперш артылерыя. Інакш кажучы, карысці ад высокаякасных фартыфікацый было мала, калі фартэцыя не была забяспечана гарматамі і ручной агняпальнай зброі, з дапамогай якіх можна было абараняцца. Таму новазбудаваны Нясвіжскі замак па волі Сіроткі своечасова быў забяспечаны першакласнай артылерыяй, якая заслугоўвае не меншай увагі, чым дасканалыя ўмацаванні замка. Цікавасць да нясвіжскіх артылерыі падмацоўваецца высокімі мастацкімі якасцямі гармат, адлітых па замове Сіроткі для Нясвіжскага замка Германам Мольцфэльтам (Herman Moltzfelt). Невыпадкова восем гармат гэтага майстра, што захаваліся да нашага часу, лічацца шэдэўрамі ліцейнага мастацтва.

У гэтым артыкуле засяродзім увагу на вывучэнні артылерыі, якая мелася ў Нясвіжскім замку з канца XVI да пачатку XVIII ст. Артылерыйскі парк гэтага часу ўяўляе сабою выдатны прыклад забеспячэння фартэцыі высокаякасным узбраеннем. Вывучэнне артылерыі Нясвіжскай фартэцыі азначанага перыяду дасць магчымасць паглыбіць нашыя веды аб артылерыйскай справе ў XVII ст. і непасрэдна аб абарончай сістэме фартэцыі. Пераломнай датай у гісторыі Нясвіжскага замка і яго артылерыі стаў 1706 год, калі фартэцыя была здадзена шведам. Яе фартыфікацыі былі разбураны, палацы – спалены, а артылерыя і іншая зброя – знішчаны альбо вывезены. Толькі частка гармат пазней вярнулася у Нясвіжскім замак. Артылерыйскі парк Нясвіжскага замка XVIII ст. па сваім характары выразна адрозніваўся ад артылерыі XVII ст. Фактычна, значная частка гармат, што меліся ў нясвіжскім арсенале ў XVIII ст., з"яўляліся рарытэтамі, ці своеасаблівым антыкварыятам, якія мусіў сведчыць аб старадаўнасці рода Радзівілаў і яго вайсковай славе. Таму не дзіўна, што, паводле аднаго з інвентароў нясвіжскага арсенала сярэдзіны XVIII ст., з 68 гармат выкарыстоўваць можна было толькі 10, у той час як 35 патрабавалі направы, а 23 былі ўвогуле былі непрыдатныя да выкарыстання[3].

Мал. 1. Нясвіжскі замак. Т. Макоўскі, пач. XVII ст.Асноўнай базай для вывучэння нясвіжскай артылерыі XVII ст. з"яўляюцца інвентары арсенала Нясвіжскага замка, а таксама інвентары фартэцый у Слуцку, Біржах, Глуску, Ляхавічах і Алыцы, куды пры розных абставінах траплялі нясвіжскія гарматы. Храналагічна выяўленыя намі інвентары нясвіжскага арсенала можна падзяліць на тры групы: апісанні другой чвэрці XVII ст. (1626, 1636 гг.)[4], сярэдзіны XVII ст. ці часу вайны 1654–1667 года (1657, 1658 гг.)[5] і апошняй чвэрці XVII ст. (1681, 1693, 1695 гг.)[6]. Такі храналагічны падзел абумоўлены спецыфікай інвентарных апісанняў і паўнатой звестак у іх, а таксама адноснай стабільнасцю артылерыйскага парка фартэцыі ў згаданыя перыяды. Напрыклад, калі ў другой чвэрці XVII ст. гарматы альбо пералічваліся па ўласных назвах, альбо абагульняліся ў тыпы, дык з сярэдзіны XVII ст. абсалютная большасць гармат згадвалася па ўласных назвах, а ў іх апісанні абавязкова фігураваў год вырабу. Дзякуючы уласным назвам, якія мела большасць гармат Нясвіжскага замка, магчыма дакладнае супастаўленне звестак з розных апісанняў і дакладная атрыбуцыя многіх гармат (вызначэнне году вырабу, вагі, майстра, калібру, тыпу гарматы і інш.), якія не захаваліся да нашага часу. Акрамя саміх гармат вартай ўвагі з"яўляецца інфармацыя аб артылерыйскім рыштунку і боепрыпасах, зварот да якіх дазваляе больш грунтоўна даследаваць спецыфіку артылерыі Нясвіжскага замка.

І. Артылерыя.
Збірання артылерыі для Нясвіжскага замка


Мал. 2. Плян Нясвіжа. Пач. ХІХ ст.З часу Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі не захавалася ніводнага інвентарнага апісання арсеналу Нясвіжскага замка. Аднак з дапамогай пазнейшых крыніц можна паспрабаваць рэканструяваць артылерыю фартэцыі ад часу яе стварэння.

Фарміраванне артылерыйскага парка Нясвіжскага замка пачалося з закупкі і збору гармат з іншых фартэцый. У першым вядомым інвентары Нясвіжскага замка датаваным 1626 годам згадваюцца шэраг гармат старых тыпаў: дзве жалезныя і адна «старасвецкая» спіжовая[7] гармата «Месяц» (Miesiąc)[8]. Такога кшталту артылерыю не выраблялі для новага бастыённага замка, а перавезлі з іншай фартэцыі, магчыма, са старога драўлянага замка ў Нясвіжы. Найбольш архаічнымі былі дзве жалезныя гарматы, адну з якіх да 1636 года ўжо пусцілі на жалеза для направы гарматных кол. Уласна тое, што гармата «была разабраная на шыны», сведчыць пра познесярэднявечную тэхналогію яе вырабу: ствол гарматы быў зроблены з каваных жалезных штаб змацаваных жалезнымі абручамі. Гармата «Месяц» знаходзілася ў арсенале Нясвіжскага замка да вайны 1654–1667 гадоў. У час абароны фартэцыі ў 1655–1657 гг. яна разарвалася і была пушчана на матэрыяю для новых гармат.

Мал. 3. «Спаленне» гарматы. З манускрыпта XVII ст.З іншых фартэцый у Нясвіжскі замак, верагодна, трапілі чатыры серпантыны[9] і шротаўніца[10] «Цмок» (Smok, Smoczek). Серпантыны, верагодна, трэба атаясамліваць з чатырма «Кругероўскімі» (Krugierowskie) гарматамі, якія паводле інвентароў 1657 года належалі да артылерыі Нясвіжскага замка. Назва гэтых гармат магла паходзіць ад імя людвісара[11]. Шротаўніца «Цмок» заставалася ў Нясвіжскім замку да 1655 года, пазней была перавезена ў Мірскі замак, а затым трапіла ў Ляхавічы. У інвентары Ляхавіцкай фартэцыі згадваецца, што гармата мела ў даўжыню 2 локці (1,3 м)[12], прызначалася для стральбы шротам, а на яе ствале мелася выява цмока[13]. Магчыма, пасля вайны яна была вернутая Радзівілам, аднак трапіла не ў Нясвіжскі, а ў Алыцкі замак. У прыватнасці, у 1698 годзе у арсенале гэтага замка згадваецца гармата вагамерам 3 фунты[14] пад аналагічнай назвай[15].

Мал. 4. Гармата «Саламандра» (?). XVII-XVIII ст. AGAD. AR. Dz. VII. Nr. 715.Найбольш істотна арсенал Нясвіжскага замка папоўніўся за кошт серыі фальканетаў[16] адлітых у 1576–1577 гады Стэфанам Борнікелем (Steffan Bornikel) па замове Сіроткі. На думку польскага даследчыка Т. Новака, майстэрня Борнікеля знаходзілася ў Вільні[17]. Ускосна аб гэтым сведчыць і тое, што да яго паслуг часта звярталіся магнаты Вялікага Княства Літоўскага. У прыватнасці, вядомыя яшчэ тры гарматы Борнікеля: адна вагамерам 1 фунт пад гербам Мікалая Радзівіла Чорнага[18] і дзве вагамерам 12 фунтаў, адлітыя ў 1571 годзе для Яна Караля Хадкевіча[19]. Што тычыцца фальканетаў вырабленых для Сіроткі, дык яны першапачаткова маглі прызначацца для Мірскага замка, які ў апошняй чвэрці XVI ст. ужо меў пояс земляных бастыённых умацаванняў. Аднак неабходнасць узвядзення больш магутнай рэзідэнцыі прымусіла Сіротку у канцы XVI ст. закласці Нясвіжскі замак, а разам з тым звезці туды ўсю артылерыю, якой валодаў, у тым ліку з Мірскага замка[20].

Паводле інвентароў 1657–1658 гадоў у нясвіжскім арсенале мелася восем гармат адлітых Борнікелем. Напэўна, гэтыя гарматы варта атаясамліваць з фальканетамі, якія згадваюцца ў ранейшых інвентарах. Так, паводле інвентара 1626 года мелася шэсць фальканетаў, якія былі падзеленыя на два тыпы (чатыры былі аднесеныя да аднаго тыпу, два – да другога), а паводле інвентара 1636 года да іх дадаўся яшчэ адзін фальканет выдзелены ў асобны тып. З гэтых інвентароў, аднак, незразумела паводле якога прынцыпу яны былі класіфікаваныя.

Мал. 5. Ствол гарматы «Гідра». Б. Пуляноўскі, пач. ХХ ст.Усе борнікелеўскія гарматы, акрамя адной, вырабленай ў 1576 годзе, мелі лічбы на ствалах (гл. табл. 5 у дадатку). З пяці гармат 1576 года вырабу дзве былі абазначаны лічбай «2», адна – лічбай «3» і дзве – лічбай «4», а на ствалах двух гармат, адлітых у 1577 годзе, мелася лічба «1». Верагодна, гэтыя лічбы абазначалі вагамер кожнай гарматы, пры чым яны былі пастаўлены ўжо пасля вырабу гармат, аб чым сведчыць адсутнасць лічбы на адным з фальканетаў. Дапушчэнне аб пазначэнні вагамера гармат лічбамі пацвярджаецца звесткамі з іншых інвентароў. Напрыклад, у апісанні 1764–1765 гадоў згадваецца, што ў замку меліся дзве гарматы вагамерам 2 і 3 фунты датаваныя 1576 годам[21]. Яшчэ раней, у 1658 годзе, у інвентары Ляхавіцкай фартэцыі згадваецца палявая гармата пад назвай «Борнікель» вагамерам 1 фунт, даўжынёй ствала 2,5 локці (1,62 м), з гербам і імем Сіроткі на ім[22]. Адносна ляхавіцкага «Борнікеля» цяжка вызначыць дакладна, ці гэтая гармата паходзіла з той самай серыі, што і нясвіжскія, ці адна з васьмі нясвіжскіх гармат на той час ужо трапіла ў Ляхавічы.

Мал. 6. Ствол гарматы «Гідра». Фота аўтара, 2011 г.Дадатковую інфармацыю аб параметрах борнікелеўскіх фальканетаў дае інвентар гармат затопленых шведамі ў рэчцы Лахва у 1706 годзе. Сам інвентар быў складзены ў 1717 годзе, калі гарматы былі знойдзены. У ім згадваюцца чатыры фальканеты датаваныя 1576 годам, тры з якіх мелі даўжыню 3,5 локці (2,27 м), а адзін – 2,25 локці (1,46 м). На усіх гарматах меліся надпісы з імем замоўцы, Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, і людвісара, Стэфана Борнікеля[23]. Паколькі паводле ляхавіцкага інвентара аднафунтовы фальканет Борнікеля з Ляхавічаў меў даўжыню 2,5 локці (1,62 м), можна сцвярджаць, што 1‑фунтовыя і 2‑фунтовыя фальканеты былі аднолькавыя па даўжыні. Розніца ў 0,25 локці (0,16 м) між 1‑фунтовай гарматай з Ляхавічаў і 2‑фунтовай з Нясьвіжа тлумачыцца недакладнасцю вымярэнняў зробленых у Ляхавічах: памеры акругляліся па цэлага ці паловы фунта. Такім чынам, вырабленыя ў 1576–1577 гадах два 4‑фунтовыя і адзін 3‑фунтовы фальканеты мелі даўжыню 3,5 локці (2,27 м), а два 2‑фунтовыя і два 1‑фунтовыя – каля 2,25 локці (1,46 м). Фальканет без лічбы, верагодна, з"яўляўся параю 3‑фунтоваму фальканету і меў адпаведныя параметры.

Мал. 7. Ствол гарматы «Цэрбер». Фота аўтара, 2012 г.Аднолькавая даўжыня 1‑фунтовых і 2‑фунтовых, а таксама 3‑фунтовых і 4‑фунтовых борнікелеўскіх фальканетаў – з"ява не тыповая, бо звычайна гарматы аднаго тыпу мелі аднолькавую даўжыню ствала ў калібрах[24]. Калі такім чынам пралічыць даўжыню ствалоў борнікелеўскіх фальканетаў атрымаем наступныя вынікі: даўжыня 1‑фунтовай гарматы складае 26 калібраў, 2‑фунтовай – 21, 3‑фунтовай – 29, 4‑фунтовай – 26. Пры гэтым звычайна даўжыня фальканетаў вагалася у межах 30 і 45 калібраў[25]. Гэтыя падлікі, на нашу думку, сведчаць пра магчымае пазнейшае павялічэнне калібраў некаторых борнікелеўскіх гармат. Так, з двух 1‑фунтовых фальканетаў шляхам пашырэння канала ў ствале гарматы былі зроблены 2‑фунтовыя, а з двух 3‑фунтовых – 4‑фунтовыя. Гэта адпаведна прывяло да змяншэння даўжыні ў калібрах мадэрнізаваных гармат. Такім чынам, першапачаткова усе гарматы Борнікеля, верагодна, мелі вагамер 1 ці 3 фунты пры даўжыні ствала каля 26–29 калібраў, што дазваляе аднесці іх адпаведна да сярэдніх і вялікіх бастардавых фальканетаў[26].

Мал. 8. Ствол гарматы «Вінаград». Б. Пуляноўскі, пач. ХХ ст.Цалкам верагодна, што змяненне калібраў гармат адбылося ўжо ў Нясвіжы, з чым можна звязаць і з"яўленне лічбаў на ствалах фальканетаў, якія, такім чынам, былі упарадкаваныя па вагамерах. Вядома, што ў 1600 годзе злотніку Стэфану, які працаваў у Нясвіжскім замку, былі выплачаны грошы за «выбіванне нумароў» на нейкіх гарматах, якімі маглі быць борнікелеўскія фальканеты[27]. Ддля пашырэння калібраў гармат ў Нясвіжскім замку на зломе XVI-XVII cтст. меліся неабходныя прылады. Прыгадаем, што ў гэты час у людвісарні Мольцфэлта на замкавым дзядзінцы вырабляліся новыя гарматы, у якіх таксама высвідроўваліся каналы ў ствалах.

Ліццё гармат у Нясвіжы

Мал. 9. Ствол гарматы «Цырцэя». Б. Пуляноўскі, пач. ХХ ст.Асновай мусіла артылерыйскага парка Нясвіжскага замка мусіла стаць артылерыя адлітая непасрэдна для новазбудавай фартэцыі. Для ліцця гармат быў спецыяльна запрошаны нямецкі людвісар Герман Мольцфэльт, майстэрня для якога была збудавана на тэрыторыі самога замка. Хаця гарматы адлітыя ў Нясвіжы цікавілі многіх даследчыкаў, дасюль не вядома дакладна, калі людвісар пачаў працаваць на Сіротку і колькі гармат можна прыпісаць ягонаму варштату. Мэтанакіраванае вывучэнне інвентароў нясвіжскага арсенала, а таксама некаторых іншых дакументаў з радзівілаўскага архіва дае магчымасць паглыбіць нашыя веды аб дзейнасці нясвіжскай людвісарні.

Мал. 10. Герб М.К. Радзівіла Сіроткі на ствале «Цырцэі». Фота аўтара, 2011 г.Надзвычай каштоўным дакументам для вывучэння гэтага пытання з"яўляецца недатаваны рахунак коштаў на выраб дзесяці спіжовых гармат, які захаваўся ў архіве Радзівілаў у Варшаве[28]. У ім пазначаны выдаткі на вытворчасць гармат, іх вага, кошт матэрыі і працы людвісара. Першымі ў ім згадваюцца 2 «вялікія» гарматы з выявамі Св. Міколы (S. Nicolaus) і Св. Крыштафа (S. Christophorus), за імі – 4 гарматы «для каменных куль» з выявамі чатырох элементаў[29] і 4 «малыя гарматкі» таксама «для каменных куль» з выявамі чатырох евангелістаў. Пра дзве «вялікія» гарматы, якія згадваюцца ў Нясвіжскім замку толькі ў 1600 годзе, на жаль, вядома мала, аднак астатнія восем гармат добра вядомыя з апісанняў нясвіжскага арсенала XVII ст. У самім рахунку не ўказана ні імя майстра, ні месца вырабу гармат, аднак пэўныя факты, на якіх спынімся крыху пазней, дазваляюць дапускаць, што гэтыя гарматы адліваліся ў Нясвіжы.

Мал. 11. Стволы гармат «Папугай» і «Гідра». Фота аўтара, 2011 г.Ва ўсіх вядомых інвентарах серыя гармат з выявамі чатырох элементаў згадваюцца наўпрост як «Элементы» ці па назвах кожнай асобнай гарматы: «Агонь» (Ignis), «Зямля» (Terra), «Вада» (Aqua), «Паветра» (Aer). Рахунак коштаў на выраб гармат, а таксама інвентары 1626 і 1636 года сведчаць, што ўсе гарматы з гэтай серыі былі аднолькавыя. Таму можна вызначыць вагу кожнай гарматы. Агульная вага чатырох «Элементаў» складала 3578 гданьскіх фунтаў (1553 кг)[30], кожная гармата важыла адпаведна прыкладна па 895 гданьскіх фунтаў (388 кг). У інвентары слуцкага арсенала 1669 года, дзе ў гэты час былі «Элементы», знаходзім інфармацыю, што гэта былі шротавыя гарматы, калібр якіх адпавядаў дыяметру 8‑фунтовай каменнай кулі (каля 145–155 мм)[31]. На ствалах гармат меліся надпісы з іменем Сіроткі і арол з радзівілаўскім гербам «Трубы» на грудзях. Са слуцкага інвентара таксама вядома дата вырабу гармат – 1596 год[32].

Мал. 12. Ствол гарматы «Сава». Фота аўтара, 2011 г.Гарматы з выявамі чатырох евангелістаў, або «Евангелісты»: «Св. Мацвей» (S. Matthæus), «Св. Марк» (S. Marcus), «Св. Лука» (S. Lucas) і «Св. Ян» (S. Ioannes), – упершыню згадваюцца ў інвентары Нясвіжскага замка 1657 года. Магчыма, першапачаткова «Евангелісты» прызначаліся для гарадскіх умацаванняў Нясвіжа, ці іншай фартэцыі, таму не згадваюцца ў інвентарах арсенала Нясвіжскага замка першай палове XVII ст. Як і гарматы з серыі «Элементы», «Евангелісты» былі адолькавыя. Іх сумарная вага складала 3100 гданьскіх фунтаў (1345 кг), кожна гармата адпаведна важыла каля 775 гданьскіх фунтаў (336 кг). Паколькі «Евангелісты» і «Элементы» ў каштарысе былі аднесены да аднаго тыпу («для каменных куль»), то «Евангелісты» пры меншай вазе мелі альбо меншы калібр, альбо меншую даўжыню ў параўнанні з «Элементамі». Урэшце з інвентароў сярэдзіны – другой паловы XVII ст. дакладна вядома, што «Евангелісты» былі адлітыя ў 1597 годзе.

Мал. 13. Ствол гарматы «Мелюзіна». А.М. Тэлот, пач. XVIII ст. Armémuseum, Stockholm. Thelott 5379–83.Нязначная вага «Элементаў» і «Евангелістаў», як і заўвага, про тое, што яны стралялі каменнымі кулямі адназначна сведчыць пра асаблівасць канструкцыі іх ствала. Справа ў тым, што т.зв. «каменныя» гарматы пры нязначай даўжыні ствала і шырокім канале для кулі мелі вузкую камору для пораха. Пра істотны запас каменных куль, які прызначаўся для гэтых гармат, згадваюць інвентары 1657, 1658 і 1681 гадоў. Акрамя стральбы каменнымі кулямі «Элементы» і «Евангелісты» з прычыны адносна вялікага калібру было зручна выкарыстоўваць для стральбы шротам, аб чым пішацца ў слуцкім інвентары 1669 года.

Абапіраючыся на час вырабу «Элементаў» і «Евангелістаў», цяжкія гарматы «Св. Мікола» і «Св. Крыштаф» можна датаваць 1596–1597 гадамі. На тое, што гарматы былі замоўлены менавіта Сіроткам, указвае наўпрост іх прысвячэнне святым заступнікам князя. Паводле рахунку «Св. Мікола» і «Св. Крыштаф» важылі амаль аднолькава: 6948 гданьскіх фунтаў (3015 кг) і 6960 гданьскіх фунтаў (3021 кг). Значная вага гармат сведчыць аб тым, што гэта былі альбо сярэднествольныя картаўны[33], альбо даўгаствольныя кулеўрыны[34]. На жаль, з-за браку інфармацыі немагчыма больш дакладна акрэсліць тып «Св. Міколы» і «Св. Крыштафа», аднак відавочна, што гэта былі самыя вялікія гарматы замоўленыя Сіроткам. Неясным застаецца лёс гэтых гармат, бо ні ў адным з пазнейшых інвентароў замка яны не згадваюцца. Адзінае вядома, што ў 1600 годзе злотнік Стэфан выбіў на гэтых двух гарматах нейкія вершаваныя радкі[35].

Мал. 14. Ствол гарматы «Хімера». Б. Пуляноўскі, пач. ХХ ст.У рахунку гэты дзесяці гармат, як згадвалася раней, не пазначана імя майстра і месца вырабу гармат. Аднак, на карысць майстэрні Германа Мольцфэльта ў Нясвіжы ўскосна можа сведчыць згадка пра закупку матэрыі для гармат і жалеза для акавання лафетаў у Гданьску, а таксама «прывоз жалеза з Вільні». Іншымі словамі, Гданьск і Вільня, як асноўныя людвісарскія цэнтры Рэчы Паспалітай, не маглі быць месцам вырабу гэтых гармат.

З нясвіжскай людвісарняй Германа Мольцфэльта з большай пэўнасцю можна звязаць адлітыя ў 1598–1599 гадах цяжкія гарматы «Кракадзіл» (Crocodilus), «Саламандра», ці «Саламандра ў агні» (Salamandra, Salamandra w ogniu), «Аляксандр» (Alexander) і «Георгій», ці «Юрый» (Georgius, Jerzy)[36]. Амаль ва ўсіх інвентарах указвалася, што «Саламандра» і «Кракадзіл» былі паўкартаўнамі[37], у той час як «Аляксандр» і «Георгій» выдзяляліся ў асобны тып. Паводле інвентара 1693 года, у якім згадваецца аб вялікім запасе гарматных куль вагой 24 і 20 фунтаў, можна дапусціць, што кулі вагой 24 фунты прызначаліся для паўкартаўн «Саламандра» і «Кракадзіл», а кулі вагой 20 фунтаў – для «Аляксандр» і «Георгій». Аднак інвентар 1681 года згадвае толькі кулі вагою 20 фунтаў. Кулі аднесеныя ў 1693 годзе ў групу 24‑фунтовых, як сцвердзім крыху пазней, маглі, насамрэч, быць каменнымі і прызначацца для «каменных» гармат. Такім чынам, вагамер паўкартаўн «Саламандра» і «Кракадзіл» застаецца пад пытаннем, аднак ён быў не меншы за 20 фунтаў. Магчыма, яны адносіліся да тыпу малых 20‑фунтовых паўкартаўн[38]. «Георгій» і «Аляксандр» таксама мелі вагамер не меншы за 20 фунтаў.

Пасля захопу Нясвіжскага замка шведамі ў 1706 годзе ўсе цяжкія гарматы, што меліся на той час у замку, былі «спаленыя», ці пашкоджаны (мал. 3). Пасля зыходу шведаў засталося пяць кавалкаў матэрыі: тры большыя кавалкі важылі кожны па 5400–6200 фунтаў (2000–2300 кг), два меншыя – па 2950–3950 фунтаў (1100–1400 кг)[39] (табл. 1). Тры вялікія кавалкі – гэта не што іншае, як рэшткі трох цяжкіх нясвіжскіх гармат[40]. Магчыма, чацвёртая паўкартаўна была разбіта на два меншыя кавалкі, аднак паводле вынікаў узважвання 1711 года іх сумарная вага, перавышала вагу найбольшага з вялікіх кавалкаў ажно на 15%, што ставіць пад сумненне гэтае дапушчэнне. Праўда, паводле паўторнага ўзважвання 1715 года розніца між сумарнай вагой двух меншых кавалкаў і самага вялікага склала усяго 3%, аднак да гэтага часу частка матэрыі ад іх магла быць наўпрост адбіта. Таму, на нашу думку, два меншыя кавалкі былі рэшткамі двух меншых гармат, у той час як адна з чатырох цяжкіх гармат магла быць вывезена з замку яшчэ да прыходу шведаў.

У варшаўскім архіве Радзівілаў захаваўся малюнак, на якім, на нашу думку, адлюстравана адна з цяжкіх гармат з нясвіжскага арсенала (мал. 4)[41]. Пярэдняя частка ствала выяўленай гарматы аздоблена ў выглядзе рыбінай лускі з галавой пачвары, ад якой цягнуцца языкі полымя. Такога кшталту дэкор надзвычай пасуе да нясвіжскай паўкартаўны вядомай з многіх інвентароў пад назвай «Саламандра ў агні». Калі, насамрэч, гэты малюнак з"яўляецца адлюстраванем сапраўднай гарматы з нясвіжскага арсенала, а не скапіраяваны з адной з кніг па артылерыі, то ён мае надзвычай вялікую каштоўнасць, бо сама гармата не захавалася да нашага часу. Высокамастацкае аздабленне гарматы можа дадаткова сведчыць на карысць таго, што гарматы была выраблена ў людвісарні Мольцфэльта.

Мал. 15. Гармата «Хімера» на рэканструяваным лафеце на дзядзінцы Нясвіжскага замка. Б. Пуляноўскі, пач. ХХ ст.Цягам 1599–1600 гадоў былі адлітыя шэсць меншых гармат, якія захаваліся да нашага часу, і якія даследчыкі адназначна звязваюць з варштатам Мольцфэльта. Гарматы «Гідра» (Hydra) і «Цэрбер» (Cerberus) былі адлітыя ў 1599 годзе, а гарматы «Вінаград» (Vindemia vitis)[42], «Цырцэя» (Circe), «Папугай» (Psittacus) і «Сава» (Noctua)[43] – ў 1600 годзе (мал. 5–12). Вагамер пяці з гэтвх гармат складае ¾ фунта (калібр 47–51 мм), адной – 1 фунта (калібр 56 мм). Даўжыня ствалоў гармат вагаецца ў межах 31–33 калібраў[44], што дазваляе аднесці гарматы да сярэдніх ці малых бастардавых фальканетаў[45].

Апошнімі па замове Сіроткі ў 1602 і 1603 гадах былі адлітыя адпаведна «Мелюзіна» (Mellusina) і «Хімера» (Chimera)[46], якія таксама захаваліся да нашага часу (мал. 13–16)[47]. Менавіта на іх з"яўляецца надпіс з імем людвісара і месцам вырабу гармат: «HERMAN MOLTZFELT ZV NIESWISCH»[48]. «Мелюзіна» мае вагамер 9 фунтаў (калібр 110 мм) пры даўжыні ствала 31 калібр[49], «Хімера» – вагамер 3 фунта (калібр 78 мм) пры даўжыні ствала ў 33 калібры[50]. Паводле прыведзеных параметраў «Мелюзіну» можна аднесці да тыпу звычайных, ці ардынарных паўкулеўрын[51], а «Хімеру» – да тыпу звычайных, ці ардынарных вялікіх фальканетаў[52].

Польскі даследчык Т. Бернатовіч сцвярджае, што ў 1599 годзе былі выраблены гарматы «Св. Міхал» (Św. Michał) і «Св. Рафал» (Św. Rafał), аднак ў апісанні замка 1658 года, на якое ён спасылаецца, інфармацыя аб гэтых гарматах адсутнічае[53]. З пазнейшых інвентароў вядома, што гэтыя гарматы знаходзіліся ў замку ў апошняй чвэрці XVII ст. і мелі вагамер 6 фунтаў. Верагодна, дзве гэтыя гарматы былі «спаленыя» шведамі ў 1706 годзе і іх рэшткамі былі два меншыя кавалкі матэрыі вагой 2950–3950 літоўскіх фунтаў (1100–1400 кг)[54].

У Нясвіжы, верагодна, была выраблена і невялікая марціра «для вогненных куль», якая згадваецца ў інвентарах замка другой чвэрці XVII ст. У прыватнасці ў апісаннях нясвіжскага арсенала 1741 і 1749 гадоў згадваецца марціра з інскрыпцыямі (надпісамі) Сіроткі[55].

У 1819 годзе ў падзямеллі Нясвіжскага замка знайшлі больш за 30 закапаных гармат, сярод якіх згадваецца гармата «князя Мікалая Сіроткі» вагамерам 1 фунт і вагой 443 літоўскіх фунта (166 кг), датаваная 1501 года[56]. Відавочна, дата была расчытана памылкова, а на гармаце, магчыма, стаяў 1601 год, што больш праўдападобна[57]. Параметры ўказваюць на тое, што гэта была невялікая караткаствольная гармата, аднак аб ёй не згадвае ніводзін нясвіжскі інвентар, таму, найврагодней, яна належала да арсенала іншай фартэцыі.

Мал. 16. Тыльная частка ствала гарматы «Хімера». Фота аўтара, 2011 г.У нясвіжскай людвісарні Мольцфэльта відавочна адліваліся найперш гарматы для мясцовай фартэцыі, аднак не толькі для яе. Частка гармат прызначалася, напэўна, для гарадскіх умацаванняў Нясвіжа, а таксама іншых фартэцый. Гэтым у прыватнасці тлумачыцца адстунасць згадак пра некаторыя гарматы адлітыя Мольцфэльтам у інвентарах арсенала Нясвіжскага замка у другой чвэрці XVII ст. Таксама, у выпадку неабходнасці гарматы з нясвіжскага арсенала маглі перамяшчацца ў іншыя фартэцыі ці перадавацца войску. У прыватнасці, вядома, што незадоўга да 1619 года ў Біржанскую фартэцыю з Нясвіжа былі перавезены «Гідра» і «Мелюзіна»[58]. Пазней «Мелюзіна» была перададзена ў Алыцкі замак, а «Гідра» да 1626 года была вернута ў Нясвіж. Гэтаксама, магчыма, яшчэ пры жыцці Сіроткі з Нясвіжскага замка маглі быць вывезены цяжкія гарматы «Св. Мікола», «Св. Крыштаф».

Акрамя абароны самой фартэцыі арсенал Нясвіжскага замка забяспечваў артылерыяй і вайсковыя аддзелы магната. Таму ў інвентарах 1626 і 1636 гадоў шэсць меншых фальканетаў ліцця Мольцфэльта пазначаны як «палявыя гарматы». Магчыма, з гэтым звязаны выбітнае мастацкае афарменне гэтых гармат: артылерыя разам з уласным войскам прэзентавала магната ў вайсковых выправах і рознага кшталту сходах, куды магнат выпраўляў сваё войска для падтрымкі тых ці іншых рашэнняў. У якасці прыкладу можна згадаць з"езд пад Стэжыцамі ў 1575 годзе, дзе пасля уцёкаў Генрыха Валуа ў Францыю абмярковаўліся кандыдытуры на трон Рэчы Паспалітай. Пад Стэжыцы літвіны, сярод якіх быў і Сіротка, прыйшлі з вялікім войскам і гарматамі і, як згадвалі відавочцы, «былі больш гатовыя да бою, чым да абрадавання»[59]. Да палявых гармат адносіліся таксама чатыры серпантыны, фальканеты Борнікеля і іншыя гарматы малога калібру. Такім чынам, значную частку гармат Нясвіжскага замка ў выпадку неабходнасці можна было выкарыстаць у палявых сутычках.

Т. Бернатовіч прыпісвае людвісарні Мольцфэльта ўсе гарматы адлітыя пачынаючы з 1597 да 1603 года. Пры гэтым ён выказвае меркаваньне, што пазней немец не працаваў у Нясвіжы, бо ў кнігах выдаткаў 1604 і 1609 гадоў праца людвісара не згадваецца[60]. На карысць гэтага сведчыць і істотны спад вытворчасці нясвіжскай людвісарні ў 1602–1603 гады (адлітыя толькі дзве гарматы), а таксама адсутнасць звестак пра ліццё гармат у Нясвіжы ў пазнейшы час. Пачаткам працы Мольцфэльта, улічваючы дату вырабу чатырох «Элементаў», можна лічыць 1596 год. Т. Бернатовіч таксама слушна заўважыў, што пасля адліўкі канчатковую апрацоўку гармат праводзіў злотнік Стэфан, а пры вырабе форм для гармат мог удзельнічаць скульптар Філіп. Таму выраб гармат такога высокага мастацкага ўзроўня ў нясвіжскай людвісарні варта лічыць заслугай групы майстроў[61].

Артылерыйскі парк Нясвіжскага замка ў другой чвэрці – сярэдзіне XVII ст.

У першым вядомым інвентары Нясвіжскага замка 1626 года згадваецца 29 гармат, сярод якіх было 2 састарэлыя жалезныя, 1 марціра «для вогненных куль» і 4 маленькія гарматкі. Апошнія знаходзіліся ў пакоі князя і, напэўна, выкарыстоўваліся для аддавання рознага кшталту сігналаў і віватаў. Паводле наступнага інвентара, складзенага ў 1636 годзе, паболела на адзін борнікелеўскі фальканет, а адна са старых жалезных гармат да гэтага часу ўжо пайшла на жалеза для рамонту лафетаў. У наступным інвентары, які быў складзены да пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў, верагодна, у 1650 годзе, згадваюцца тыя ж 29 гармат, у тым ліку 1 састарэлая жалезная. Такім чынам, цягам другой чвэрці XVII ст. артылерыйскі парк заставаўся пастаянным, пры чым большасць гармат была выраблена непасрэдна для фартэцыі пры Сіротку.

Вайна 1654–1667 гадоў істотна паўплывала на артылерыю Нясвіжскай фартэцыі. Артылерыйскі парк, з аднаго боку, папоўніўся новымі гарматамі, звезенымі з іншых больш слабых умацаванняў ці перададзеных войскам, а з іншага боку, у пацярпеў пэўныя страты. Вядома, што ў ліпені 1655 года пасля адступлення з-пад Магілёва войска ВКЛ пакінула ў Нясвіжы частку сваёй артылерыі[62]. Тры 1‑фунтовыя гарматы перадала жонка тагачаснага уладальніка Нясвіжа Міхала Казіміра Радзівіла Кацярына з Сабескіх. У прыватнасці, паводле інвентароў 1657–1658 гадоў у замку з"явіліся наступныя «трафейныя» гарматы: дзве гарматы з гербам Сфорцаў (Вуж, які пажырае дзіця), «Астыкоўская гармат» (Ostykowskie działo) 1552 года ліцця, «Камета» (Cometa) 1557 года вырабу, а таксама «Страла» (Strzała), адлітая ў Рызе ў 1583 годзе. Да таго ж у замку з"явіліся дзве вялікія марціры. Адна з іх, верагодна, надоўга затрымалася ў замку, бо ў інвентарах канца XVII ст. – першай паловы XVIII ст. згадваецца марціра з гербам і інскрыпцыямі Жыгімонта Аўгуста адлітая ў 1557 годзе[63]. Абедзьве марціры, як і гарматы з гербам Сфорцаў, як можна меркаваць па фундатарах, належалі артылерыі ВКЛ і былі пакінутыя ў Нясвіжы ў 1655 годзе пасля няўдалай магілёўскай выправы.

Мал. 17. Ствол гарматы з гербам Сфорца, якая мелася ў Нясвіжскім замку ў др. пал. XVIII – пач. ХХ стст. Г.У. Гумінскі, 1867 г.Больш падрабязна спынімся на гарматах з гербам Сфорцаў. У інвентарах 1657 года, пазначана, што адна з іх была адлітая ў 1532 годзе, аднак у апісанні Нясвіжскага замка 1658 года тая ж гармата датуецца 1537 годам. У тым жа апісанні другая гармата датуецца 1538 годам. Пасля вайны 1654–1667 гадоў абедзьве гарматы зніклі з нясвіжскага арсенала, аднак у апісаннях ХІХ ст. згадваецца, што ў замку ізноў мелася гармата з гербам Сфорцаў 1537 года вырабу. Яна мела калібр 55 мм пры даўжыні ствала 1800 мм (мал. 17)[64]. Ідэнтычная гармата калібрам 55 мм (вагамер 1 фунт) і даўжынёй 1785 мм (32 калібры) захоўваецца цяпер у Музеі Польскага Войска ў Варшаве (мал. 18)[65]. Верагдна, тут мы маем справу з адной і той жа гарматаю, якая знаходзілася ў Нясвіжы ў час вайны 1654–1667 гадоў, а пасля ізноў трапіла ва ўласнасць да Радзівілаў у XVIII‑ХІХ стст. Датаванне гарматы 1532 годам у інвентарах 1657 года можа быць наўпрост вынікам памылковага прачытання даты.

Мал. 18. Ствол гарматы з гербам Сфорца ў збораз Музея Польскага Войска ў Варшаве. Фота аўтара, 2011 г.Акрамя вышэйпералічаных трафейных гармат нясвіжскі арсенал папоўніўся яшчэ васьмю гарматамі: у замак вярнуліся чатыры «Евангелісты», якія не згадваюцца цягам другой чвэрці XVII ст., а з састарэлай гарматы «Месяц», якая разарвалася ў час абароны замка у 1655–1657 гадах, былі адлітыя чатыры гарматы ў гонар «вялікіх прарокаў»[66]. На ствалах апошніх быў змешчаны герб і інскрыпцыі Міхала Казіміра Радзівіла, тагачаснага нясвіжскага ардыната. Гэтыя гарматы маглі быць адлітыя ў старой людвісарні, у якой працаваў яшчэ Мольцфэльт, бо паводле апісання Нясвіжскага замка 1658 года яна ўсё яшчэ стаяла на замкавым дзядзінцы.

У канцы 1655 – пачатку 1656 года Нясвіжскі замак, як і суседні Мірскі замак, быў заняты жаўнерамі слуцкага гарнізона Багуслава Радзівіла. У гэты час з Нясвіжа было вывезена 8 гармат: у Слуцак трапілі чатыры «Элементы», а ў Мірскі замак – дзве «Кругероўскія», «Цмок» і адна жалезная гармат. Акрамя таго, у войска былі перададзеныя дзве іншыя «Кругероўскія» гарматы. Пасля заняцця Мірскага замка жаўнерамі Самуэля Аскеркі «Цмок» быў перавезены ў Ляхавіцкую фартэцыю. Напэўна, у гэты ж час з замка знікла марціра «для вогненных куль», якая не згадваецца ў інвентарах 1657–1658 гадоў.

Такім чынам, у 1657–1658 гадах у арсенале Нясвіжскага замка меліся 32 гарматы і 2 вялікія марціры. Цікавую згадку аб тагачаснай нясвіжскай артылерыі знаходзім у лісце слуцкіх адміністратараў Казіміра Клакоцкага і Ўладыслава Гурына да Багуслава Радзівіла датаваным 28 мая 1659 года. Апісваючы слабасць гарнізону замка і адсутнасць правіянту слуцкія адміністратары наракалі, што з-за гэтага ў выпадку нападу ворага можа быць страчана «такая добрая фартэцыя і такая значная артылерыя (zacna armata)»[67].

Найбольш сур"ёзная небяспека над Нясвіжскім замкам навісла ў 1660 годзе, калі маскоўскія войскі на чале з Сямёнам Змеевым распачалі рэгулярную аблогу фартэцыі. Аднак гераічная абарона суседняй Ляхавіцкай фартэцыі, якая затрымала асноўныя маскоўскія сілы на чале з ваяводай Іванам Хаванскім, а неўзабаве і разгром маскоўскіх войскаў пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 года, выратавалі Нясвіжск замак і яго артылерыю. У выніку гэтых падзей артылерыйскі парк Нясвіжскага замка папоўніўся на адну трафейную маскоўскую гармату, якая была адбіта пад Мірам у час пагоні за ворагам. У кастрычніку таго ж года з нясвіжскага арсенала былі выдадзены 2 гарматы і 1 марціра з неабходнай амуніцыяй для аблогі замка ў Наваградку, у якім працягвала абараняцца маскоўская залога. Пасля паспяховага завяршэння аблогі пазычаная артылерыя мусіла быць вернутая ў Нясвіж, а выдаткі на яе выкарыстанне кампенсаваныя[68].

Размяшчэнне артылерыі на ўмацаваннях Нясвіжскага замка

Акрамя характарыстыкі саміх гармат інвентары нясвіжскага арсенала 1657–1658 гадоў карысныя яшчэ і тым, што ў іх апісана растаноўка гармат на ўмацаваннях фартэцыі. Справа ў тым, што ў мірны час усе лёгкія гарматы знаходзіліся ў арсенале, у той час як на валах заставаліся толькі чатыры цяжкія гарматы, што адзначалася ў інвентарах апошняй чвэрці XVII ст. Небяспека варожага нападу ў час вайны 1654–1667 гадоў прымусіла расставіць на валах усе гарматы. Пры гэтым расстаноўка артылерыі адпавядала ваеннай неабходнасці, таму яе апісанне істотнае для разумення ролі артылерыі ў абароне замка.

Месцамі канцэнтрацыі артылерыі былі бастыёны, на якіх размяшчалася значная частка гармат, у тым ліку ўсе цяжкія гарматы. На заходнім бастыёне былі стаялі дзве паўкартаўны «Саламандра» і «Кракадзіл», а таксама два фальканеты. У 1658 годзе туды ж была пастаўлена вялікая марціра. На паўночным бастыёне знаходзілася цяжкая гармат «Георгій» і тры фальканеты, на паўднёвым – цяжкая гармата «Аляксандр» і адзін фальканет. Замест усходняга бастыёну, пра які ў інвентарах не ўзгадваецца ўвогуле, на стайні з паўночна-ўсходняга боку замка была зроблена моцная батарэя. На ёй паставілі два фальканеты і «Стралу».

На т. зв. «кватэрах» (курцінах, ці валах між бастыёнамі) былі растаўлены ў асноўным фальканеты: адзін – на паўднёва-ўсходняй, тры – на паўднёва-заходняй, два – на паўночна-заходняй. Адзін фальканет і «Астыкоўская» гармата стаялі на паўночна-ўсходняй курціне. У 1658 годзе на паўднёва-усходнюю кватэру дадаткова была пастаўлена вялікая марціра.

«На доле», ці на ніжнім вале стаялі «каменныя» гарматы, ці шротаўніцы і рэшта лёгкіх гармат. Для іх размяшчэння ў мураваны брустверы, які закрываў ніжні вал, меліся спецыяльныя амбразуры. У 1657 годзе усе чатыры «Евангелісты» былі растаўлены з паўночна-ўсходняга боку. У наступным годзе два з іх былі перанесены на паўднёва-ўсходні бок. З паўднёвага-заходняга боку стаяла «Камета», а ў 1658 годзе туды ж перанеслі гармату з гербам Сфорцаў. Другая гармата з гербам Сфорцаў стаяла на паўночна-заходнім баку, куды ў наступным годзе дадаткова быў перанесены фальканет з паўночна-заходняй кватэры.

Такім чынам, на бастыёнах Нясвіжскай фартэцыі былі расстаўлены па 2–4 гарматы, на кватэрах між імі стаяла ад 1 да 3 гармат. На ніжнім вале ў 1658 годзе з кожнага з чатырох бакоў было пастаўлена па 2 гарматы. Пры гэтым 4 цяжкія гарматы вагамерам 20–24 фунты былі ўсталяваны на толькі бастыёнах, дзе мелася дастаткова месца для іх устаноўкі і абслугоўвання. Іх галоўнай задачай было вядзенне артылерыйскай дуэлі на далёкай адлегласці, разбурэння батарэй і ўмацаванняў ворага. У дапамогу ім на бастыёнах, курцінах і батарэі на стайні для знішчэння жывой сілы нападаючых на далёкай адлегласці былі пастаўлены лёгкія гарматы вагамерам 1–4 фунты: 15 фальканетаў ліцця Борнікеля і Мольцфельта і 2 прывазныя лёгкія гарматы. На ніжнім вале стаялі 4 «Евангелісты» і 2 прывазныя лёгкія гарматы (у 1658 годзе да іх дадалі яшчэ 2), асноўнай задачай якіх быў абстрэл ворага шротам і кулямі на блізкай адлегласці. Цікава, што ў гэты час для ўстаноўкі гармат ужо не выкарыстоўвалі батарэі ў фланках бастыёнаў, якія існавалі з часу будаўніцтва фартэцыі. Напэўна, менавіта для іх былі першапачаткова адліваліся караткаствольныя і лёгкія «Элементы» альбо «Евангелісты». Не было артылерыі таксама на равеліне[69] перад брамаю з паўночна-заходняга боку і ў земляных шанцах на поўначы ад фартэцыі.

Такім чынам, найбольшая колькасць гармат была сканцэнтравана на паўночна-заходнім баку фартэцыі. На заходнім і паўночным бастыёнах стаяла 8 гармат (па 4 на кожным), у тым ліку 3 цяжкія. На кватэры, ці курціне між гэтымі бастыёнамі былі размешчаны 3, а на ніжнім вале – 1 гармата. У 1658 годзе гэтая растаноўка зазнала неістотныя змены: 1 гармата з курціны была перанесена на ніжні вал, а на заходнім бастыёне была пастаўлена вялікая марціра. Канцэнтрацыю артылерыі на паўночна-заходнім баку фартэцыі тлумачыцца найбольшая прыдатнасцю заходняга накірунка (з боку горада і Бернардзінскай гары) для абстрэлу фартэцыі і падрыхтоўкі штурма. Таму дзве паўкартаўны, які прызначаліся для знішчэння артылерыйскіх батарэй ворага былі ўсталяваны на заходнім бастыёне, а ім у дапамогу па адной цяжкой гармаце паставілі на паўднёвым і паўночным бастыёнах. Падзеі першай паловы 1660 года пацвердзілі слушнасць такой растаноўкі артылерыі. З ліста Клакоцкага і Гурына да Багуслава Радзівіла вядома, што, менавіта, на тэрыторыі горада паставілі свой лагер маскоўскія войскі ў час аблогі Нясвіжскага замка ў чэрвені 1660 года[70].

Артылерыя ў апошняй чвэрці XVII – пачатку XVIII стст.

Пасля заканчэння вайны 1654–1667 гадоў большасць прывазных гармат, акрамя марцір, па ўсёй верагоднасці, была вернута уладальнікам. Прынамсі ў інвентарах арсенала Нясвіжскага замка апошняй чвэрці XVII ст. яны не згадваюцца. У сваю чаргу са Слуцка вярнуліся нясвіжскія 4 «Элементы». Такім чынам, усяго ў гэты час у фартэцыі знаходзілася 29 гармат: 4 цяжкія, 7 мольцфэльтаўскіх і 6 борнікелеўскіх фальканетаў, 4 «Евангелісты», 4 «Элементы», 2 шасціфунтовыя «Рафал» і «Міхал», 1 жалезная і 1 трафейная маскоўская гармата. Акрамя таго мелася 2 марціры, з якіх адна да 1695 года ўжо знікла за нясвіжскага арсенала.

Істотныя змены ў артылерыйскім парку Нясвіжскага замка адбыліся ў самым канцы XVII – пачатку XVIII стст., бо ў 1706 годзе ў рукі шведаў, якія захапілі фартэцыю, трапіла ўсяго 17 спіжовых і 5 жалезных гармат[71]. Іншымі словамі, з 1695 па 1706 год з замка былі вывезены больш за дзесятак спіжовых гармат, а замест іх з"явілася 4 жалезныя.

Месцам, куды была вывезеная значная колькасць нясвіжскіх гармат незадоўга да шведскага нашэсця, з"яўляецца, па ўсёй верагоднасці Глуская фартэцыя. На карысць гэтай гіпотэзы сведчыць рэестр гармат, вывезеных з Глуска расійскімі войскамі на чале з генералам Валахонскім у 1707 годзе[72]. У ім сярод 33 гармат і 2 марцір згадваюцца 3 гармат ліцця Стэфана Борнікеля, 4 гарматы, на якіх стаяла імя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі, а таксама 4 палявых гарматы з «радзівілаўскімі арламі». Супастаўленне гэтага рэестра са спісамі нясвіжскай артылерыі 1681, 1693 і 1695 гадоў, а таксама са спісам гармат знойдзеных у Лахве ў 1717 годзе сведчыць, што гэтыя гарматы паходзяць, менавіта, з Нясвіжскага замку. Іншымі словамі, частка гармат, што была ў Нясвіжы прынаймней да 1695 года і не была затоплена шведамі ў 1706 годзе, па сваіх характарыстыках адпавядае гарматам з глускага рэестра: 4 палявыя гарматы з «радзівілаўскімі арламі», напэўна, можна атаясамліваць з 4 «Элементамі», на якіх меліся радзівілаўскія арлы. Гэтаксама пад 4 гарматамі, пазначанымі імем Сіроткі, магчыма, хаваюцца 4 «Евангелісты», на якіх меўся тытул князя. Тры борнікелеўскія гарматы, напэўна, можна атаясамліваць з гарматамі адлітымі для Сіроткі ў 1576–1577 гадах. Напрыканцы XVII ст. у Нясвіжы іх было 6, а ў Лахве ў 1717 годзе было знойдзена толькі 4 борнікелеўскіх гарматы. Апроч 2 гармат з Нясвіжскага замка яшчэ адзін борнікелеўскі фальканет мог трапіць у Глуск з іншай фартэцыі. Магчыма, што адна з гэтых трох гармат Борнікеля не належала да артылерыі Сіроткі, бо, як згадвалася вышэй, людвісар вырабляў гарматы для многіх магнатаў ВКЛ.

Акрамя згаданых 11 гармат увагу хацелася б звярнуць яшчэ на адну пазіцыю ў глускім рэестры, а менавіта, на гармату «ў карпавую луску». Магчыма, гэта была паўкартаўна «Саламандра», якая магла разам з іншымі гарматамі быць перавезена ў Глуск. Ускосным пацвярджэннем гэтага дапушчэння служыць малюнак, пра які згадвалася вышэй. Пярэдняя палова гарматы на малюнку акрамя галавы саламандры якраз мае дэкор у выглядзе рыбінай лускі.

Такім чынам, паміж 1695 і 1706 гадамі каля дзесяці нясвіжскіх гармат былі перададзена ці прададзена уладальнікам Глуска Дамініку Мікалаю Радзівілу (1643–1697) ці яго сыну Мікалаю Фаўстыну (1688–1746). Пры дапамозе гэтай артылерыі, напэўна, меркавалася умацаваць Глускую фартэцыю, якая ў 1685 годзе трапіла да Радзівілаў клецкай лініі[73].

Мал. 19. Ствол жалезнай гарматы, знойдзенай ў замкавым рове ў 2010 г. Фота аўтара, 2011 г.Чатыры новыя жалезныя гарматы, што з"явіліся ў нясвіжскім арсенале незадоўга да нашэсця шведаў, былі пэўнай заменай той артылерыі, што была перададзена ў Глуск. Напэўна, адна з гэтых гармат была знойдзена ў рове ў час рэканструкцыі замка ў 2010 годзе[74]. Калібр гарматы складае 100 мм, што адпавядае вагамеру 6 фунтаў (мал. 19).

Акрамя таго пры Каралю Станіславе Радзівіле было выраблена некалькі марцір. З крыніц вядома аб адной марціры адлітай у 1695 годзе[75]. Дзве марціры пазначаныя 1659 годам з інскрыпцыямі падканцлера ВКЛ Караля Станіслава Радзівіла згадваюцца ў рэестры гармат вывезеных з Нясвіжа ў 1771 годзе[76]. У дадзеным выпадку, відавочна, была памылкова перапісана дата вырабу гармат. Гэтыя дзве марціры былі адлітыя не пазней за 1698 год, калі Караль Станіслаў Радзівіл атрымаў пасаду канцлера ВКЛ і не раней за 1695 год. Апошняе сцвярджэнне абгрунтуем наступным істотным фактам. У інскрыпцыях на абодвух марцірах ў адрозненні ад марціры 1695 года сярод тытулаў Караля Станіслава ўказаны «князь на Біржах, Дубінках і Слуцку». Гэта значыць, што у час, калі былі адлітыя гэтыя марціры Караля Станіслаў ужо высоўваў прэтэнзіі на т.зв. нойбургскія ўладанні ці спадчыну Багуслава Радзівіла. Барацьба за гэтыя землі, між іншым, стала прычынай шматлікіх канфліктаў між магнатамі ВКЛ ў канцы XVII – першай палове XVIII ст. Магчыма, менавіта, падрыхтоўка да адкрытай барацьбы за нойбургскія ўладанні і стала асноўнай прычынай зменаў у арсенале Нясвіжскага замка. Умацаванне той жа Глускай фартэцыі коштам пэўнага паслаблення Нясвіжскага замка магло быць тактычным крокам Караля Станіслава Радзівіла, бо абедзве фартэцыі непасрэдна межавалі з вялізным Слуцкім княствам і маглі дапамагчы Радзівілам ва ўсталяванні кантроля над ім.

Лёс артылерыі ў час Паўночнай вайны

Фатальнай Нясвіжскага замка і яго артылерыі стала Паўночная вайна 1700–1721 гадоў. 20 мая 1706 года фартэцыя капітулявала перад шведскім войскам, на чале якога стаяў сам Карл ХІІ. На яго асабісты загад фартыфікацыі замка і яго артылерыя мусілі быць знішчаны. Як згадвалася вышэй, у рукі шведаў трапіла 17 спіжовых і 4 жалезныя гармат, якія, як піша Густаў Адлерфельд, былі знішчаны[77]. Аб знішчэнні ўсіх гармат і продажы матэрыі ад іх пісаў адразу пасля зыходу шведаў і тагачасны адміністратар Нясвіжскага княства Ежы Вінцэнты Таўрыловіч. У прыватнасці, ён адзначаў, што засталося толькі пяць вялікіх кавалкаў матэрыі ад гармат[78]. Аб лёсе гармат ён мала ведаў, таму сапраўднай нечаканасцю стала знаходка у 1717 годзе ў рэчцы Лахва 11 гармат, 2 марціры і 12 гакаўніц, якія паходзілі з Нясвіжа. Пры гэтым Таўрыловіч дакладна не ведаў ці ўсе гарматы ўдалося знайсці і пошукі працягваліся да 1720 года, аднак безвынікова[79].

Знаходка 1717 года праліла свет на лёс значнай часткі нясвіжскіх гармат. Справа ў тым, што адзін з шведскіх вайсковых аддзелаў прыхапіў 11 трафейных спіжовых гармат і 2 марціры і накіраваўся ў Лахву, дзе шведы спадзявалася парабаваць радзівілаўскія маёнткі. Адтуль яны планавалі пераправіцца праз Прыпяць, каб злучыцца з Карлам ХІІ на Украіне. Аднак, не здолеўшы разам з артылерыяй пераправіцца праз раку, шведы былі вымушаны затапіць трафеі.

Узбраенне, што не ўдалося вывезці з Нясвіжскага замка, найверагодней, было знішчана. Як пісалася вышэй, тры цяжкія гарматы і дзве меншыя былі расплаўленыя, бо іх было немагчыма вывезці. Што тычыцца жалезных гармат, якія было цяжка расплавіць, дык іх наўпрост скінулі ў роў і завалілі зямлёй і мурам у час разбурэння замка. Адна з гэтых гармат, магчыма, і была знойдзена ў рове 2010 годзе. Астатнія тры жалезныя гарматы, магчыма, застаюцца да сённешняга часу ляжаць у рове.

ІІ. Забеспячэнне артылерыі
Цэйхгаўз


Імклівае ўзрастанне значэння артылерыі і агняпальнай зброі ў абароне ўмацаванняў у Новы час выклікала неабходнасць будаўніцтва на тэрыторыі фартэцый спецыяльных будынкаў – цэйхгаўзаў, ці арсеналаў, спецыяльна прызначаных для захавання зброі, снарадаў і неабходнага рыштунку. Акрамя таго каля іх канцэнтравалася ўся дзейнасць звязаная з наглядам і направай зброі. Таму ўжо на першым этапе будаўніцтва Нясвіжскага замка у канцы XVI – пачатку XVII ст. на яго дзядзінцы быў узведзены мураваны цэйхгаўз, які добра бачны на вядомым малюнку Т. Макоўскага (мал). Гэта быў выцягнуты ўздоўж паўночна-усходняй курціны аднапавярховы мураваны будынак. Паводле інвентароў 1658 і 1673 гадоў[80] у ім было пяць вокнаў закрытых кратамі і двое варот з боку дзядзінца. Унутраная прастора цэйхгаўза, відаць, не была падзелена і ўтварала адно вялікае памяшканне, у якім захоўвалася артылерыя і зброя. Падлога была вымашчана дылямі[81], сцяна з боку вала зашыта тарчыцамі (дошкамі), а столь перакрыта бэлькамі. На паддашша, якое выкарыстоўвалася для захавання рэчаў немілітарнага характару, можна было трапіць па лесвіцы знутры арсенала, а па спецыяльным пераходзе з боку вала. Двухсхільны дах цэйхгаўза быў накрыты гонтамі. У 1706 годзе разам з іншымі будынкамі замка арсенал быў спалены. У час адбудовы рэзідэнцыі ў першай палове – сярэдзіне XVIII ст. будынак былога арсенала быў значна перабудаваны і ў змененым выглядзе захаваўся да цяперашняга часу.

У мірны час большасць гармат захоўвалася у цэйхгаўзе. Магчыма, у будынак зацягвалі нават цяжкія гарматы, як можна меркаваць па запісах у інвентарах 1626 і 1636 гадоў. Гарматы ставілі пасярэдзіне цэйхгаўза, у той час як уздоўж сцен складвалі снарады, рознага кшталту рыштунак і агняпальную зброю. Гарматныя кулі большага памеру звычайна захоўвалі ў пірамідах ці грамадах, меншыя ядры маглі складаць у скрынях і дзежках. Напрыклад, у інвентары 1636 згадваецца пра 23 новыя скрыні з замкамі, у якіх захоўваліся гарматныя кулі. Пад столь падвешваліся канаты, кноты для зброі, а таксама спецыяльныя вагі для ўзважвання гарматных ствалоў. Акрамя таго ў памяшканні цэйхгаўза захоўваўся шмат іншага рыштунку і дэталяў, неабходных для абслугоўвання і направы гармат.

Пушкары

Як можна меркаваць з урыўкавых звестак з крыніц, у першай чвэрці XVII ст. у мірны час на сталым утрыманні ў Нясвіжскім замку служыў толькі адзін замкавы пушкар, які дадаткова выконваў функцыі цэйгварт, ці загадчыка цэйхгаўза. Пазней у мэтах эканоміі сродкаў ад утрымання замкавага пушкара ў мірны час адмовіліся. Таму, напрыклад, у 1700 годзе, напачатку Паўночнай вайны, у замку не было ніводнага пушкара[82]. У ваенны ж час камендант мусіў вербаваць неабходную колькасць пушкароў. Спецыяльна для пушкароў на дзядзінцы замка паблізу заходняга бастыёна быў збудаваны драўляны будынак крыты драніцамі.

У найбольш цяжкі для фартэцыі час з лютага па ліпень 1660 года ў ёй служыла 4 пушкары, якім за шэсць поўных месяцаў было выплачана па 150 злотых[83]. Улічаваючы, што ў замку на той час мелася 32 гарматы і 2 марціры, кожны пушкар мусіў абслугоўваць 8–9 гармат. Некаторыя ускосныя звесткі сведчаць, што пушкароў у час згаданай вайны магло быць у замку і болей. Так у інвентары нясвіжскага скарбца 1658 года згадваецца аб пяці бандальерах, ці паясах са спецыяльнымі мяшэчкамі для пораху, якія знаходзіліся ў пушкароў[84]. У 1658 годзе пушкароў, такім чынам, магло быць пяцёра. Акрамя таго ў пушкароў, напэўна, меліся памочнікі, таму колькасць задзейнічаных у абслугоўванні артылерыі людзей была большая. Для параўнання ў 1685 ў Слуцку служыла 7 пушкароў і 3 памочніка, якія абслугоўвалі 2 марціры, 44 спіжовыя і 5 спраўных жалезных гармат. На кожнага пушкара прыходзілася па 7–8 спраўных гармат[85]. Паколькі хуткастрэльнасць тагачаснай артылерыі была абмежаваная, дык адзін пушкар адначасова мог упраўляцца з некалькімі гарматамі. Да таго ж трэба ўлічваць, што стральба не вялася адначасова ва ўсіх накірунках. У час варожага нападу пушкары, напэўна, упраўляліся толькі з гарматамі, расстаўленымі з таго боку, адкуль здзяйсняўся напад.

Паводле інвентара 1626 года замкавы пушкар Давід Бухольц (Dawid Bucholtz) трымаў ключы ад цэйхгаўза і, такім чынам, выконваў функцыі цэйгварта. Пасада цэйгварта, напэўна, існавала ад часу ўзвядзення замка да другой чвэрці XVII стст., аднак затым была скасаваная. Паводле пазнейшых інвентароў ключы ад цэйхгаўза захоўваліся ў гараднічага Нясвіжскага замка, які адказваў за ўсю маёмасць і каштоўнасці, што захоўваліся ў замку, і за вайсковую амуніцыю, што захоўвалася ў цэйхгаўзе. Ліквідацыя пасады цэйгварта была звязана, найверагодней, з эканоміяй сродкаў. Асноўным задачай цэйгварта было захаванне ручной агняпальнай зброі і артылерыі ў спраўнасці. Пры неабходнасці цэйгварт мусіў рамантаваць зброю і гарматы ці даручаць гэтую справу рамеснікам. Як дасведчаны пушкар, ён мусіў вырабляць і запраўляць рознага кшталту «агністыя» снарады і бомбы для гармат. Пад адказнасць цэйгварта аддаваўся таксама порах. У выпадку недахопу рыштунка ці матэрыялаў для вырабу боепрыпасаў і направы зброі цэйгварт мусіў інфармаваць каменданта альбо ўладальніка замка аб гэтым. У час небяспекі цэйгварт мусіў пастаянна знаходзіцца ў замку і пры патрэбе выдаваць абаронцам усю неабходную амуніцыю[86].

Снарады

Асноўным відам артылерыйскай амуніцыі былі гарматныя кулі, ці ядры. Большасць гармат страляла літымі жалезнымі[87] кулямі, якія для нясвіжскага арсенала, напэўна, закупаліся. На выпадак, калі б жалезныя кулі пэўнага памеру скончыліся, меўся запас свінца і прылады для ліцця куль рознага калібру. Свінец мае ніжэйшую тэмпературу плаўлення, што рабіла працэс адлівання куль з яго прасцейшым. Аднак свінец мае і шэраг істотных мінусаў: па-першае, ён больш мягкі за жалеза, а, па-другое, нашмат даражэйшы. У інвентарах 1626 і 1636 гадоў згадваецца аб васьмі спіжовы формах для ліцця куль. Пазней, у інвентарах 1657, 1658 і 1681 гадоў, фігуруюць шэсць спіжовых форм з жалезнымі рукаяцямі для ліцця «вялікіх і малых» куль. Таксама ў інвентарах 1657–1658 гадоў згадваецца аб двух жалезных лыжках для адлівання куль для лёгкіх гармат. Такім чынам, у выпадку неабходнасці са свінца маглі адліваць кулі для цяжкіх і лёгкіх гармат, хаця ў асноўным гэты метал прызначаўся для вырабу куль для ручной агняпальнай зброі і некаторых іншых прылад.

Вышэй згадвалася, што аднымі з першых пры Сіротку былі адлітыя восем гармат, прызначаныя для стральбы каменнымі кулямі. Для іх меўся асобны запас каменных куль, якія фігуруюць у інвентарах нясвіжскага арсенала цягам усяго XVII ст. Істотнай перавагай каменных куль была даступнасць матэрыялу: кулі можна было вырабляць нават з камянёў сабраных у бліжэйшым наваколлі.

У большасці інвентароў можна знайсці пэўныя спробы класіфікаваць гарматныя кулі, што дае дадатковую магчымасць для характарыстыкі артылерыйскага парка Нясвіжскага замка. Напрыклад, у апісаннях 1626 і 1636 гадоў згадваюцца «вялікія і малыя» кулі. Такі, на першы погляд, няпэўны падзел, як пабачым далей, мае пад сабой грунт. Па інвентарах 1657–1658 гадоў усе кулі былі падзелены на тры групы, якія складваліся асобна: кулі для цяжкіх гармат, кулі для лёгкіх гармат і гакаўніц і каменныя кулі. Больш дакладны падзел жалезных куль па вазе ўпершыню сустракаецца толькі ў інвентары 1681 года, да якога звернемся пазней. Атрымліваецца, што цягам першай паловы – сярэдзіны XVII ст. кулі для лёгкіх гармат і гакаўніц вагой ад 0,1 да 6 фунтаў (дыяметрам ад 2 см да 9 см), а таксама кулі для цяжкіх гармат вагою ад 20 да 24 фунты (дыяметрам ад 136 да 145 мм) захоўваліся разам. Ужо ў час ваеннай небяспекі, калі гарматы расстаўляліся на бастыёнах і валах, да іх пры дапамозе спецыяльных цыркуляў падбіраліся адпаведныя кулі, якія разам з іншым рыштункам складваліся непасрэдна ля гармат. У інвентары 1636 года згадваецца 25 цыркуляў, з дапамогай якіх вызначалі дакланы памер куль. Аб трываласці такога падзелу гарматных куль у першай палове – сярэдзіне XVII ст. сведчыць аналагічны падзел форм для ліцця куль, шуфлёў і шпунтоў для гармат, а таксама банак для шроту на «вялікія і малыя», «большыя і меншыя».

У інвентарах 1681 і 1693 гадоў у адрозненні ад папярэдніх апісанняў пададзена колькасць гарматных куль размеркаваных па вазе. Аднак прынцып класіфікацыі куль у абодвух інвентарах істотна розніцца. У 1681 годзе асобна былі выдзеленыя каменныя кулі без пазначэння калібра, а жалезныя падзеленыя на кулі з дапамогаю спецыяльнх цыркуляў былі падзеленыя на кулі вагою ½-2, 2–3, 4 і 20 фунтаў. Акрамя таго былі выдзеленыя дзве катэгорыі куль большы за 4 фунты і меншы за 20 фунтаў (табл. 2). Да 1693 года ўсе кулі з дапамогай васьмі спецыяльных тонкіх жалезных форм, пра якія згадвае інвентар 1693 года, былі падзеленыя на восем груп: кулі вагой ½, 1, 2, 3, 6, 12, 20 і 24 фунта (табл. 3). Пры гэтым пра каменныя кулі ўвогуле не згадвалася. Верагодна, разам з жалезнымі кулямі з дапамогай новых форм былі і каменныя кулі. Магчыма, таму ў 1693 годзе з"яўляецца істотны запас 24‑фунтовых куль, пра якія маўчыць інвентар 1681 года (дыяметр 8‑фунтовай каменнай кулі складаў каля 145–155 мм, 24‑фунтовая жалезнай – 145 мм). Новы прынцып падзелу, калі ўсе кулі былі прапушчаны праз формы, прывёў да таго, што напрыклад 4‑фунтовыя кулі былі занесены ў 6‑фунтовыя. Да таго ж пад пытаннем застаецца магчымасць выкарыстання каменных куль, якія прызначался для стральбы жалезнымі ці свінцовымі кулямі.

Нягледзячы на адзначаныя вышэй складнасці, паспрабуем, аднак, вызначыць узровень забеспячанасці кулямі гармат асобных тыпаў. Так 868 каменных куль, пра якія згадвае інвентар 1681 года прызначаліся для васьмі «каменных» гармат (па 108–109 куль на гармату). 20‑фунтовыя кулі прызначаліся для чатырох цяжкіх гармат. У 1681 годзе іх было 314 (па 78–79 на гармату), а ў 1693 годзе – 385 (па 96–97 на гармату). Для двух 4‑фунтовых борнікелеўскіх фальканетаў у 1681 годзе мелася 171 куля адпаведнай вагі (па 85–86 на гармату). У 1693 годзе усе 4‑фунтовыя кулі трапілі у катэгорыю 6‑фунтовых. Для двух 6‑фунтовых гармат «Св. Рафал» і «Св. Міхал» паводле інвентара 1693 года мелася 327 куль (па 163–164 кулі на гармату). На два згаданыя 4‑фунтовыя фальканеты, два 3‑фунтовыя борнікелеўскія фальканеты і мольцфэльтаўскую «Хімеру» ў 1693 годзе мелася 350 3‑фунтовых куль (па 70 на гармату). Што самае цікавае, на адзін 2‑фунтовы борнікелеўскі фальканет у 1693 годзе прыпадала ажно 672 куля. Аднак тут варта зазначыць, што кулі пэўнай вагі маглі ўжывацца для гармат большага вагамеру. Урэшце, з інвентара 1693 года вынікае, што для адзін мольцфельтаўскі і адзін борнікелеўскі фальканета вагамерам 1 фунт мелася 610 куль (па 305 на гармату), а для 5 мольцфельтаўскіх фальканетаў калібрам ¾ фунта – 1665 куль вагой ½ фунты (па 333 на гармату).

Варта ізноў жа паўтарыцца, што прыведзенае размеркаванне куль адносна гармат пэўных калібраў з"яўляецца не да канца дакладным. Да таго ж у дадзеным падліку не былі ўлічаны трафейная маскоўская гармата і жалезная гармата, калібры якіх невядомыя. Для ацэнкі забяспечанасці нясвіжскай артылерыі кулямі прывядзем наступныя прыклады. У лістападзе 1659 года для аблогі Боўскай фартэцыі з Біржанскага замка былі выдадзены тры 6‑фунтовыя гарматы і 150 куль да іх, а ў студзені 1661 года адтуль жа для аблогі Віленскага замка былі выпраўлены дзве паўкартаўны са 100 кулямі[88]. Для адной палявой кампаніі, такім чынам, патрабавалася прынаймней 50 куль на гармату. Нясвіжская артылерыя, дзе на адну гармату мелася ад 70 да 300 куль, такім чынам, была забяспечана нават на выпадак доўгай аблогі. Пры чым знчна больш куль было для гармат меншага калібру, з якіх, напэўна, часцей стралялі. Урэшце пра «дастатак вялікіх і малых куль» напрамую пішацца ў інвентарах 1626 і 1636 гадоў. Як пісалася вышэй, у выпадку неабходнасці пэўная колькасць куль неабходнага памеру магла быць адлітая са свінца. У тым жа 1681 годзе ў нясвіжскім арсенале, напрыклад, мелася 360 фунтаў свінца. У пытанні забяспечанасці артылерыя кулямі варта улічваць яшчэ адзін вельмі істотны фактар, а менавіта наяўнасць неабходнай колькасці пораху, аб чым будзе крыху пазней.

Акрамя звычайных куль у нясвіжскім арсенале меліся і снарады іншага кшталту. У інвентары 1636 года згадваецца пра дзве жалезныя агністыя кулі, для стральбы якімі ў першай палове XVII ст. у Нясвіжскім замку мелася спецыяльная марціра. Верагодна, гэтыя дзве кулі варта атаясамліваць з двума вялікімі літымі жалезнымі гранатамі, якія фігуруюць у інвентарах 1657–1658 гадоў. У мірны час гэтыя пустыя у сярэдзіне гранаты захоўваліся незапраўленымі. Непасрэдна перад стральбой пушкар насыпаў унутр порах і ўстаўляў кнот. На корпусе гранат мелася спецыяльнае вуха, за якое чаплілі вяроўку ці крук для ўкладання гранат ў марціру. Акрамя дзвух вялікіх гранат у нясвіжскім арсенале ў 1657–1658 гадах мелася сем меншых. Яны не мелі вушэй для завешвання, таму, напэўна, прызначаліся не для марцір, а для цяжкіх гармат. Што цікава, у 1693 годзе згадваюцца ўсё тыя ж дзве гранаты для марцір, якія, напэўна, так ніколі і не былі выкарыстаныя, у той час як меншых гранат значна паменела.

Іншы тып снарадаў рэпрэзентуюць смаляныя «агністыя» кулі, якія выкарыстоўваліся для запалення абарончых умацаванняў ці лагера праціўніка. Гэтыя кулі былі абматаныя вяроўкай і аблітыя смалой. Найверагодней, імі стралялі з цяжкіх гармат. Цягам усяго XVII ст. у нясвіжскім цэйхгаўзе захоўвалася адна вялікая смаляная куля, якой, як і дзьвума вялікімі гранатамі так ніколі і не скарысталіся. З 1657 года згадваюцца таксама сем меншых смаляных «агністых» куль, якіх да 1693 года на адну паменела.

Дзейсным сродкам знішчэння жывой сілы праціўніка ў час актыўнага штурма фартэцыі былі карцечныя ці шротавыя снарады, якімі актыўна карысталіся ці меркавалі карыстацца для абароны Нясвіжскага замка ў выпадку штурма. Асновай шротавага снараду была драўляная банка (карцеч) вырабленая на такарскім станку, якая напаўнялася кавалкамі сечанаа жалеза (глотам) ці свінцовымі кулям і накрывалася спецыяльнай накрыўкай. У інвентары 1681 года згадваецца пра 170 такіх снарадаў для гармат рознага калібру. Інвентар 1693 года згадвае пра 94 карцечы запраўленыя шротам.

Порах

Колькасць тых ці іншых снарадаў, відавочна, уплывала на абароназдольнасць фартэцыі, аднак ключавым рэсурсам быў порах. Калі пораху было ці замала, ці ў выніку нядогляду ён псаваўся, ці ворагам удавалася з дапамогай дыверсіі альбо бамбардавання знішчыць усе запасы, абаронцам не выпадала нічога іншага як капітуляваць. Спадзявацца на вядзенне абароны без порах, а значыцца без артылерыі і ручной агняпальнай зброі было немагчыма. Таму ў Нясвіжскім замку для захавання пораху была збудавана спецыяльная мураваная парахоўня. Пры чым склад з гэтым надзвычай небяспечным рэчывам адмыслова збудавалі каля брамы ці як мага далей ад палацаў і арсенала, каб у выпадку выбуху гэтыя будынкі былі як мага менш пашкоджаны. Значная частка парахоўні была схаваная ў земляным вале, што абараняла яе на выпадак бамбардавання. З боку дзядзінца меліся жалезныя дзверы і трое вокнаў для вентыляцыі паветра. Што цікава, у 1657 годзе ва ўмовах ваеннай небяспекі парахоўня была цалкам замураваная.

Большая частка пораха захоўвалася, менавіта, у парахоўні, дзе для яго было найбольш бяспечна. Яго ссыпалі ў барылах, ці невялікіх бочках, у якія змяшчалася 130–150 фунтаў (49–56 кг) пораху[89]. Адносна невялікая вага барылаў рабіла больш зручным перамяшчэнне бочак з порахам. Для параўнання салетру, якая ішла на выраб пораху захоўвалі ў значна большых бочках, куды змяшчалася па 640–770 фунтаў (240–289 кг) салетры[90]. Пры чым захаванне пораху ў малых бочках ці барылах было пашыранай практыкай. Напрыклад, у Біржанскім замку у 1663 годзе порах быў ссыпаны ў бочкі па 150 фунтаў (56 кг)[91].

Для забеспячэння доступу да пораху ў выпадку тэрміновай неабходнасці некалькі бочак знаходзіліся таксама ў іншых частках фартэцыі. Напрыклад, у 1657 годзе ў парахоўні захоўвалася 31 барыла пораху, у той час як ў падзямеллі пад палацам меліся 2 няпоўныя бочкі і 2 няпоўныя барылы, а ў галерэі ля цэйхгаўза – яшчэ 2 поўныя барылы і 2 няпоўныя бочкі, пры чым і бочкі, і барылы, што стаялі ў галерыі былі рознага памеру. Такім чынам, нават у час вайны па-за межамі парахоўні знаходзілася не больш за 1/5 частку пораху, што меўся ў фартэцыі.

Інвентары XVII ст. дазваляюць вызначыць аб"ёмы пораху, якія захоўваліся ў парахоўні Нясвіжскага замка цягам акрэсленага перыяду (табл. 4). 20–30 барылаў пораху (каля 1–1,5 тонны), верагодна, лічылася дастатковым для забеспячэння абароназдольнасці фартэцыі. Найбольш пораху было назапашана ў час вайны 1654–1667 гадоў, у прыватнасці ў 1657 годзе ў парахоўні мелася 31 барыла (каля 3780 фунтаў ці 1420 кг). Для ацэнкі запасаў пораху ў Нясвіжскім замку згадаем Ляхавіцкую фартэцыю, у якой у 1658 годзе мелася 5915 фунтаў (2217 кг) пораху. Напэўна, да першай паловы 1660 года, калі Ляхавіцкая фартэцыя здолела вытрымаць жорсткую аблогу маскоўскіх войскаў, запасы пораху змяніліся нязначна[92]. Іншы прыклад – Біржанская фартэцыя, у якой у 1663 годзе 5640 фунтаў (2114 кг) пораху[93]. Пры гэтым параўнанні, аднак, трэба ўлічваць, што і па сістэме фартыфікацыях і па артылерыі фартэцыі ў Ляхавічах і Біржах былі мацнейшыя за Нясвіжскі замак.

Паводле Дыега Уфана на адзін стрэл з паўкартаўны неабходна было 16 фунтаў «простага» пораху, ці 12 фунтаў «найлепшага»[94]. Тут маецца на ўвазе падзел пораха на гарматны і рушнічны, ці мушкетны. Апошні грануляваі і таму ён быў больш моцны. На жаль, не вядома колькі таго і іншага пораху захоўвалі ў Нясвіжскім замку, аднак згадкі пра два віды пораха часта сустракаюцца ў інвентарах. Карысным для вывучэнне расходу пораха на гарматы розных памераў з"яўляецца спіс рэчаў неабходных для біржанскага арсенала складзены ў 1638 годзе. Напэўна, ён быў складзены дасведчаным пушкаром, а таму інфармацыя, што там пададзена адпавядала рэчаіснасці. Паводле гэтага спісу для стрэлу з паўкартаўны было неабходна 9 фунтаў пораху, з 12‑фунтовай гарматы – 7, з 6‑фунтовай – 3, з 4‑фунтовай – 2[95]. Параўноўваючы з дадзенымі Уфана, можна сцвярджаць, што ўлічваўся больш моцны рушнічны порах. Такім чынам, каб выстраляць, напрыклад, 385 20‑фунтовых куль, якія меліся ў нясвіжскім арсенале з 1693 годзе было неабходна 3485 рушнічнага фунтаў пораху. У той жа час у парахоўні мелася ўсяго 3834 фунтаў пораху. Аднак параўноўваць гэтыя дадзеныя трэба з пэўнай асцярогай, бо нам не вядома якога кшталту порах пераважаў у запасах Нясвіжскага замка. Такім чынам, запас пораху ў фартэцыі моцна карэктуе развагі аб забяспечанасці артылерыі гарматнымі кулямі. У выпадку Нясвіжскага замка запаасаў пораху, напэўна, не хапіла каб выстраляць і палову куляў. У тым жа біржанскім спісе для поўнага забеспячэння мясцовай артылерыі прапаноўвалася закупіць 45000 фунтаў пораху, што, беручы пад увагу прыведзеныя вышэй лічбы па Нясвіжскай, Ляхавіцкай і Біржанскай фартэцыях, было проста нерэальна.

Цікавую інфармацыю аб расходзе пораху ў час аднаго з нападаў на Нясвіжскі замак казакаў змяшчае адзін з інвентароў нясвіжскага арсенала 1657 года. Так адна барыла пораху была расстраляна з гармат і яшчэ адна пайшла жаўнерам на стральбу з гакаўніц і мушкетаў.

Як вынікае з дакументаў, порах маглі альбо закупаць для фартэцыі, альбо вырабляць на месцы з неабходных кампанентаў (салетры, серы і вугля). Гэтыя кампанетны, акрамя хіба вугля, даводзілася, аднак, таксама закупаць. Варыянт вырабу пораху на месцы быў, відавочна, нашмат таннейшы. У інвентары 1658 года згадваецца, што 86 фунтаў серы было перададзена ляснічаму Габрыэлю (Gabryel) для вырабу пораху[96]. Магчыма, яму была таксама перададзена адпаведная колькасць салетры, у той час, як вугаль ён мусіў вырабіць сам. Паводле інвентара 1681 года ў Нясвіжы, апроч 1962 фунтаў пораху было 1600 фунтаў салетры прывезенай з Алыкі. З такой колькасці салетры можна было вырабіць больш за 2100 фунтаў пораху[97]. Для вырабу пораху ў цэйхгаўзе захоўваліся спецыяльныя прылады: спіжовыя і жалезныя ступы для перацірання рэчываў, латунныя шалі для ўзважвання і дакладнай вытрымкі прапорцый неабходных кампанентаў (салетры, серы і вуглю). У ваенны час, калі існавала пільная патрэба ў пораху, яго даводзілася закупаць у гатовым выглядзе. Напрыклад, у першай палове 1660 года ў Слуцк быў закуплены порах, свінец і кноты на сумму 5246 злотых[98].

Рыштунак для абслугоўвання гармат

Для абслугоўвання гармат патрабавалася шмат рознага рыштунку. Найперш спынімся на прыладах, з дапамогай якіх зараджалі гарматы. Для засыпання пораху ў ствол выкарыстоўваўся спецыяльных шуфель, лапатка якога рабілася з медзі, каб пазбегнуць раптоўнага выбівання іскры. У 1681 годзе ў цэйхгаўзе Нясвіжскага замак меўся 21 медны шуфель, а ў 1693 – ужо 25. У ідэале для кожнай гарматы мусіў быць свой шуфель. Медная лапатка шуфля мела дыяметр адпаведна калібру гармат, і на практыцы служыла меркай пораху. Сам порах прыносілі у пульверзаках (спецыяльных торбах для пораху), з барылаў ці бочак, што ў выпадку выкатвалі непасрэдна на батарэю. Напрыклад, у час казацкага нападу, пра які згадвалася вышэй, для гармат з парахоўні узялі дзве барылы пораху, з якіх адну, што не была расстраляна ў час бою, пазней схавалі ў цэйхгаўз. У інвентары 1681 года згадваецца 4 скураных пульверзака, у інвентары 1693 года – 2.

Пасля засыпання ў ствол гарматы порах утрамбоўваўся з дапамогай штэмпля. Затым пры дапамозе таго ж штэмпля забіваўся драўляны шпунт. Шпунты рабіліся на такарскім станку таксама адпаведна калібру гармат і марцір. Штэмплі, як і шуфлі, трэба было рабіць адпаведна калібру гармат, таму іх было шмат: у 1681 годзе – 19, у 1693 – 25. Пасля забівання шпунта ў ствол закідвалася куля ці іншы снарад, пушкар насыпаў у запальную адтуліну порах і з дапамогай цындрота запальваў порах. Вышэй згадвалася, пра пяць паясоў-бандальераў, якія паводле рэестра скарбца 1658 года былі раздадзены пушкарам. На гэтыя паясы вешаліся спецыяльныя мяшэчкі з порахам. Цындрот уяўляў сабою драўлянае дрэўка з металічным мацаваннем для кнота наверсе. У час бою кнот мусіў быць пастаянна запаленым, а яго доўгі канец абвівалі вакол дрэўка. У 1681 годзе ў цэйхгаўзе захоўвалася 3 абвітыя кнотам цындроты, у 1693 годзе іх было 4. Цындроты, пульверзакі і бандальеры былі асабістым рыштункам пушкара, таму іх колькасць ускосна сведчыць пра колькасць пушкароў, якіх пры такім падліку магло быць да 5 чалавек. Для запальвання цындротаў кожны пушкар мусіў мець таксама ўласнае крэсіва.

Пасля выстралу ствол гарматы чысцілі ад рэшткаў пораху і прадуктаў гарэння з дапамогай аўчыны абкручанай вакол дрэўка. У Нясвіжы аўчыну абкручвалі вакол другога канца штэмпля, у выніку чаго атрымлівалася прылада двайнога прызначэння. Для больш якаснай ачысткі, ці «рыхтавання» гарматы выкарыстоўвалі спецыяльныя жалезныя пруты, якіх у 1681 годзе ў нясвіжскім арсенале мелася 7, а ў 1693 годзе – 3. Для выймання снарадаў і шпунтоў з гарматы выкарыстоўвалі крэйцар (кшталту штопара), а таксама адмысловую прыладу з жалезным наканечнікам, пра якія згадваюць інвентары 1681 і 1693 гадоў.

Большасць запасаў кноту ішло на мушкеты і гакаўніцы, значная частка з якіх мелі кнотавыя замкі, аднак, конт быў таксама неабходны для артылерыі. Яго чаплялі на цындроўтаў, а таксама выкарыстоўвалі для запраўкі гранат. Кноты скручвалі ў вязанкі і завешвалі на жэрдках у цэйхгаўзе. У 1657 годзе ў замкавым арсенале мелася 60 вязанак кноту завезеных з Караляўца (Кёнігсберга) і 100 вязанак вырабленых на месцы. Відавочна, вырабляць кнот на месцы было танней, аднак каралявецкі лічыoся больш якасным. У час казацкага нападу, пра які згадвае адзін з інвентароў 1657 года, са 160 вязанак у справу пайшло 15.

 

Акрамя вышэйзгаданых прылад для абслугоўвання артылерыі, а дакладней для падрыхтоўкі артылерыйскіх батарэй і пазіцый выкарыстоўвалі рыдлёўкі і тачкі. Інвентар 1693 года згадвае пра 32 рыдлёўкі рознага кшталту, 14 жалезных пласцін для іх акоўвання, а таксама пра запчасткі для тачак: 48 пар жалезных шыпоў, 10 пар жалезных кольцаў і 11 пар жалезных падковак.

Лафеты

Галоўнай часткаю гарматы, вядома, з"яўляецца ствол, адна без спраўнага лафета немагчыма вядзенне эфектыўнай стральбы і транспартыроўка гармат. Таму пры вырабу якаснага лафета ўдзялялася істотная ўвага. Двухсценны лафет складаўся са станін ці двух дошак пастаўленых на рабро і змацаваных папярочнымі дошкамі, асі і колаў. Усе часткі, як правіла, вырабляліся з дубу і акоўваліся жалезам: акрамя станін, па магчымасці, акоўваліся таксама восі і колы. Паводле рэестра дзесяці адлітых гармат канца XVI ст. толькі адно жалеза для акавання лафета для трохтоннай гарматы «Св. Мікола» каштавала 48 злотых 25 ¼ грошаў. Для параўнання, матэрыя на тую ж гармату каштавала 824 злотых 2 ½ грошаў, а праца людвісара – 269 злотых 28 грошаў. Як выглядаў поўнасцю акаваны лафет можна пабачыць на малюнку з варшаўскага архіва Радзівілаў, на якім, на нашу думку, адлюстравана «Саламандра».

Як можна меркаваць па інвентарах нясвіжскага арсенала, лафеты, якія рабіліся для новых гармат ад пачатку акоўваліся цалкам. Так, паводле інвентароў 1657 года на замкавым дзядзінцы стаялі новаадлітыя гарматы пад тытуламі чатырох «вялікіх» прарокаў на новых цалкам акаваных лафетах. Аднак з часам лафеты зношваліся, рассыхаліся, або згнівалі, і іх даводзілася напраўляць. Найбольш старанна даглядалі за лафетамі для цяжкіх гармат, бо тыя мусілі вытрымліваць значныя нагрузкі. Цягам усяго XVII ст. усе цяжкія гарматы былі забяспечаны цалкам акаванамі лафетамі. Пры чым усе яны гарматы мелі т. зв. «слесарскае акаванне» ці жалезныя накладкі на станінах, з дапамогай якіх станіны дадаткова ўмацоўвалі і адначасова ўпрыгожвалі. За лафетамі лёгкіх гармат даглядалі менш, іх суцэльная направа была неабавязковай. Для прыкладу ў 1657 годзе з 15 фальканетаў 11 мелі акаваныя станіны, 5 – два акаваныя колы, 3 – адно акаванае кола і толькі 2 – акаваныя восі. Да апошняй чвэрці XVII ст. многія лафеты былі адрамантаваны, хаця, як можна меркаваць па характары зменаў, гэта былі толькі направы ці замена асобных элементыў. Новыя лафеты рабіліся рэдка. У параўнанні з фальканетамі лепшыя лафеты мелі «Евангелісты», «Элементы», а таксама «Св. Міхал» і «Св. Рафал». Паводле інвентароў 1681 і 1693 гадоў усе яны мелі акаваныя станіны (акрамя «Св. Міхала» і «Св. Рафала») і стаялі на акаваных колах.

Што тычыцца «каменных» гармат – «Евангелістаў» і «Элементаў» – дык першапачаткова яны маглі мець не звычайныя двухсценныя, а т.зв. фартэчныя лафеты. У прыватнасці, 1657 годзе ў цэйхгаўзе захоўваліся чатыры лафеты ад «Евангелістаў» на «нізкіх цалкам акаваных колках». Гарматы на фартэчных лафетах маглі ставіць у фланкавых батарэях бастыёнаў. Што тычыцца марцір, то іх лафеты зусім не мелі кол, аднак былі цалкам акаваныя жалезам. Для транспартыроўкі цяжкіх гармат на далёкую адлегласць выкарыстоўвалі спэцыяльныя вазы, ці кары, на які асобна ўскладвалі ствол гарматы. Аднак у інвентарах нясвіжскага арсенала кары не згадваюцца, з чаго вынікае, што гэтыя гарматы не планавалася вывозіць. Лёгкія гарматы маглі транспартаваць на ўласных лафетах.

 

Рамонт і направа лафетаў ажыццяўлялася рукамі замкавых кавалёў, слесараў і цесляў. Неабходныя для працы рамеснікаў прылады і матэрыял захоўваўся ў цэйхгаўзе і іншых будынках замка. Жалеза, як правіла, закупалася у Караляўцы ў штабах (балванках), з якіх мясцовыя кавалі і слесары выраблялі неабходныя элементы. Дуб для цесляў браўся з княжацкіх лясоў. Для смазвання колаў і восяў лафетаў выкарыстоўвалі смалу. У 1657 годзе ў замку мелася паўбочкі смалы, а ў 1681 годзе – 5 бочак. Для «варэння» смалы меўся спецыяльны кацёл, пра які згадваюць інвентары 1657 года.

Для пад"ёму і ўстаноўкі ствалоў гармат на лафеты выкарыстоўвалі спецыяльныя пад"ёмнікі. У інвентары 1636 года згадваюцца два латунных пад"ёмнікі, а ў інвентарах 1657 і 1681 гадоў – адзін спіжовы. Пад"ём і ўзважванне цяжкіх рэчаў, як, напрыклад, ствалоў гармат ці бочак з порахам, ажыццяўляўся з дапамогай вагаў, якіх у цэйхгаўзе мелася двое. Іх канструкцыя была досыць простай: пасярэдзіне акаванай жалезам дубовай бэлькі мацавалася жалезнае «сэрца» з гакам (круком) для завешвання, а па абодвух баках – тоўстыя вяроўкі з жалезнымі кольцамі ўверсе і гакамі ўнізе. На гаках віселі акаваныя жалезам дубовыя чашы, на якія ўскладвалі прадметы для ўзважванняў і супрацьвагі. Да гэтых вагаў меліся каменныя, свінцовыя, спіжовыя і латунныя супрацьвагі, ці гвіхты. Паводле інвентара 1681 года ў цэйхгаўзе захоўвалі два спіжовыя гвіхты вагой 2 і 18 фунтаў і шэсці каменных, з якіх пяць важылі 23, 80, 116, 168 і 240 фунтаў. Цікавы факт згадваецца ў інвентарах 1657 года: на адным са спіжовых гвіхтоў меліся літары «NCR». Гэта пацвярджае той факт, што не толькі большая частка артылерыйскага парка Нясвіжскі замка, але і большасць прылад і рыштунку для яго абслугоўвання былі выраблены пры Мікалаю Крыштафе Радзівіле Сіротку.

Высновы
Больш за дзесятак інветароў арсенала Нясвіжскага замка XVII ст., што захаваліся да нашага часу, дазваляюць грунтоўна даследаваць артылерыю фартэцыі. Гэтаму садзейнічае і той факт, што амаль усе нясвіжскія гарматы мелі ўласныя назвы і асаблівы дэкор, што дазваляе супаставіць розныя інвентары і фактычна па дробязях сабраць інфармацыю аб кожнай гармаце. Атрыбуцыя асобных гармат у сваю чаргу дазваляе больш глыбока раскрыць гісторыю фарміравання артылерыі фартэцыі і вызначыць яго характэрныя рысы.

Артылерыйскі парк Нясвіжскага замка быў створаны амаль цалкам высілкамі Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі неўзабаве пасля узвядзення замка. Улічваючы той факт, што цягам усяго XVII ст. ён не зазнаў істотных змен, то інвентары XVII ст. фактычна характарызуюць комплекс артылерыі сфарміраваны яшчэ пры Сіротку на зломе XVI-XVII стст.

Для падтрымання абароназдольнасці Нясвіжскага замка патрабавалася каля 30 гармат рознага тыпу. Найбольш гармат у Нясвіжскім замку было сабрана ў час вайны 1654–1667 года. Паводле крыніц таго часу ў замку мелася 32 гарматы і 2 марціры. Для абслугоўвання нясвіжскай артылерыі ў ваенны час хапала чатырох пушкароў. Значны запас пораху (1–1,5 тоны) і гарматных куль (ад 70 для цяжкіх гармат і да 300 для лёгкіх) дазваляў фартэцыі ў выпадку неабходнасці вытрымаць доўгую аблогу і паспяхова супрацьстаяць магчымым штурмам.

Каля паловы гармат Нясвіжскага замка паходзілі з іншых фартэцый. З іх значную частку складалі даўгаствольныя фальканеты адлітыя Стэфанам Борнікелем для Сіроткі ў 1576–1577 гады, а астатнія адносіліся да рознага кшталту гармат састарэлых тыпаў. Нягледзячы на вялікую колькасць прывазных гармат асновай нясвіжскай артылерыі сталі гарматы адітыя непасрэдна для новай фартэцыі Германам Мольцфэльтам. Як нам удалося вызначыць, да варштату Мольцфэльта, які працаваў у самім Нясвіжы, можна аднесці 25 гармат і 1 марціру, якія былі выраблены з 1596 па 1603 год. Большасць з гэтых гармат прызначаліся для Нясвіжскага замка, некаторыя былі накіраваны ў іншыя фартэцыі. Самымі вялікімі гарматамі, якія можна прыпісаць Мольцфэльту, былі «Св. Мікола» і «Св. Крыштаф» вагою па 3 тоны кожная. Верагодна, з гэтых двух гармат, прысвечаных нябесным заступнікам Сіроткі пачаўся выраб гармат у Нясвіжы. Разам з імі ў 1596–1597 гадах былі выраблены восем лёгкіх гармат, якія прызначаліся для стральбы каменнымі кулямі і шротам з мэтай знішчэння жывой сілы праціўніка на блізкай адлегласці. Наступнымі ў 1598–1599 гадах былі адлітыя чатыры цяжкія гарматы вагамерам 20–24 фунты, які прызначаліся для знішчэння абложных прыставанняў і батарэй праціўніка. У 1599–1600 на свет з"явіліся шэсць даўгаствольных фальканетаў вагамерам ¾ – 1 фунт, якія захаваліся да нашага часу і лічацца шэдэўрамі людвісарскага мастацтва. З вырабам яшчэ двух гармат у 1602 і 1603 гадах Мольцфэльт скончыў сваю працу ў Нясвіжы.

Цягам усяго XVII ст. артылерыйскі парк Нясвіжскага замка заставаўся амаль нязменны. Істотна на ім адбілася толькі вайны 1654–1667 гадоў, калі частка непасрэдна нясвіжскіх гармат была вывезена, а на замену ім з"явіліся іншыя. У канцы XVII – пачатку XVIII ст. пры нявысветленых абставінах каля дзесятка нясвіжскіх гармат трапіла ў Глускую фартэцыю. Неўзабаве прыход шведскіх войскаў на чале з Карлам ХІІ у 1706 годзе паставіў крыж на Нясвіжскай фартэцыі і яе артылерыі, частку з якой шведы няўдала спрабавалі вывезці і затапілі ў рэчцы Лахва. Аднак, гэтая няўдалая спроба ўратавала сем нясвіжскіх гармат, якія былі паднятыя ў 1717 годзе і захаваліся да сёння. Такім чынам, гэтыя гарматы на месцы не знішчылі самі шведы, што яны як правіла рабілі, і яны не трапілі ў рукі расійскіх войскаў, якія не менш старанна «чысцілі» арсеналы фартэцый Вялікага Княства Літоўскага.

Такім чынам, вывучэнне артылерыі Нясвіжскага замка XVII ст. на аснове комплекса пісьмовых крыніц дае магчымасць аднавіць комплекс узбраення асобнай магнацкай фартэцыі. Разам з тым мы робім наступны крок ў даследванні артылерыйскага мастацтва і мілітарнай справы нашых земляў. Далейшы пошук і збор матэрыялу пра артылерыю іншых магнацкіх фартэцый абяццае істотны прагрэс у вывучэнні гісторыі развіцця артылерыі Вялікага Княства Літоўскага XVI-XVIIІ стст.

 

Мікола ВОЛКАЎ

 

Читать сокращенную версию на русском языке

 

 


 


[1] Контрэскарп – схіл ірва фартэцыі са знешняга боку. У Нясвіжскім замку контрэскарп быў умацаваны мураванай сценкай.
[2] Adlerfeld G. The military history of Charles XII. King of Sweden. Vol. II. London, 1740. S. 230.
[3] Archiwum Główne Akt Dawnych (далей - AGAD). Archiwum Radziwiłłów (далей - AR). Dz.VII. Nr. 642. Rejestry przychodu i rozchodu artylerii, broni, amunicji i wszelkiego rysztunku wojskowego w arsenałach radziwiłłowskich. S. 185.
[4] Regestr spisanie rzeczy J.M.ci skarbowych. 3.08.1626 // Bernatowicz, T. Monumenta variis Radivillorum. Wyposażenie zamku Nieświeskiego w świetle źródeł archiwalnych. Część I. XVI-XVII wieku. Poznań, 1998. – S. 35-37;  AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 52. Regestr srebra, obicia, siodeł i armat znajdujących się z zamku Nieświeskim. 4.08.1636. Відаць, копіяй апошняга інвентара з"яўляецца недатаваны спіс гармат з архіва Радзівілаў у Менску, які мае падобную структуры, і ў якім падаецца тая ж колькасць гармат і аднолькавае іх апісанне. Магчыма, гэты спіс гармат быў далучаны да апісання маёмасці, складзенага пасля смерці гараднічага Нясвіжскага замка Матэўша Рудзінскага ў 1650 годзе, да якога, як пісалася ў самім дакуменце, быў прыкладзены рэестр гармат: Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей - НГАБ). Ф.694. Воп.1. Спр.55. Спіс гармат. С. 373.
[5] Цягам 1657-1658 гадоў нясвіжскі арсенала быў апісаны прыйнамней чатыры разы. Два інвентары датаваныя 1657 годам: AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 80. Spisanie armaty więtszey y mnieyszey na fortecy y w cekauzie zamku Je Xciey Mci Nieswieśkie(go). 6.03.1657; AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 81. Podanie armaty więtszey y mnieyszey na fortedcy y w cekauzie zamku Je(go) X Msci Nieswieskiego. 16.04.1657. Трэці інвентар за подпісамі Самуэля Аскеркі і Яна Радзіміновіча, паўстаў, напэўна, пазней з два гэтыя: AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 768. Podanie armaty więtszey i mnieyszey na fortecy y w cekausie zamku Je(go) Xcey Msci Nieswieskiego. B. d. Рэестр гармат таксама быў уключаны ў інвентарнае апісанне Нясвіжскага замка 1658 года: Inwentarz zamku Je(go) Xzcey Msci Nieswieskiego. 29.03.1658. // Bernatorwicz, T. Monumenta variis Radivillorum. Wyposazenie zamku nieswieskiego w swietle zrode archiwalnych. Część I. XVI-XVII wieku. Poznań, 1998. S. 43-60.
[6] AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 103. Inwentarz spisany w ceukhawsie zamku Nieswieskiego. 22.12.1681; AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 112. Inwentarz sporzodzony cekauzu zamku Nieswieskiego y Municyi w nim zostaiacey. 7.01.1693; AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 113. Regestr dział w fortecy Nieswieskiey. 1.02.1695.
[7] Спіж – сплаў медзі з волавам, цынкам і свінцом, які часам залічваюць да бронзы. У XVI-XVII ст. спіж быў асноўным матэрыялам для вырабу гармат і званоў. Цягам усяго XVII ст. у нясвіжскім арсенале спіжовыя гарматы складалі абсалютную большасць артылерыйскага парка.
[8] У дужках прыводзяцца назвы гармат на лацінскай ці польскай мовах з надпісаў на ствалах ці з пісьмовых крыніц, у выпадку калі назва, што мелася на ствале, не вядомая.
[9] Cерпантына - даўгаствольная гармата, з якой стралялі свінцовымі ці жалезнымі кулямі. Т. Новак мяркуе, што серпантыны мелі вагамер ½ фунты. Nowak, T. Sprzęt artylerii polskiej XVI wieku w świetle inwentarza z lat 1551-1565. // Studia i materiały do historii wojskowści. T. 9. Cz. 1. 1963. S. 297. Nowak, T. Polska technika wojskowa w latach 1500-1655 // Studia z dziejów polskiej techniki wojskowej od XVI do XIX wieku. Warszawa, 2001. S. 140. Паводле інвентара Біржанскага цэйхгаўза 1655 года серпенціны мелі вагамер ½ - 1 фунты пры даўжыні ствала ад 30 да 40 калібраў. AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 72. Inventarium der furste. hauser Birzen, was im Zeughaus ist revidirat worden. 29.08.1655.
[10] Шротаўніца – гармата для стральбы шротам з блізкай адлегласці для знішчэння жывой сілы ворага. Шротам называлі невялікія свінцовыя кулі ці кавалкі сечанага жалеза.
[11] Людвісар – ліцэйшчык, альбо майстар па ліцці званоў і гармат.
[12] 1 локаць складаў 0,6496 м. Скурат К.У. Даўнія беларускія меры. Мн., 1974. С.9
[13] Inwentarz obronnego zamku w Lachowiczach sporządzony 26 Lutego 1658 roku // Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы и соединённых с нею владений (1387-1710 гг.). Ч. 1. Вильно, 1858. C. 117.
[14] Вагамер – спосаб вызначэння калібру гарматы праз вагу кулі да яе. Як мяркуе польскі даследчык Т.Новак у Рэчы Паспалітай і ў Вялікім Княстве Літоўскім ў XVI-XVII стст. для вызначэння вагі кулі карысталіся нюрнберскім фунтам, які складаў 509,9 г. Nowak, T. Z dziejów techniki wojennej w dawnej Polsce. Warszawa, 1965. S. 241.
[15] AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 773. Regestr armat i amunicji, znajdującej się w zamku Ołyckim. 1.I.1698.
[16] Фальканет – лёгкая даўгаствольная гармата вагамерам ад ½ да 3 фунтаў. Stefańska, Z. Próba ustalenia typów i nazw dział artylerii polskiej XVI i XVII wieku. // Muzealnictwo wojskowe. T. 1. S. 190-197.
[17] Nowak T. M. Rysunki dział zdobytych przez szwedów w Polsce w XVII i na początku XVIII w. // Studia i materiały do historii wojskowości. T. 20. Warszawa, 1976. S. 289.
[18] AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 126. Inventarium aller undt jeder Stucke und Geschutzen, auch was an Ammunicion undt anderen Zeug Sorten bey Sr: Furste: durche: Herren BOGUSLAUS HERZOG RADZIWILLEN unsere Gnädigsten Herren Vestung Slucko undt Zeughauß unter meiner Verwaltung verhanden. 18.12.1669. Slucko. S. 5-11.
[19] Inwentarz obronnego zamku w Lachowiczach sporządzony 26 Lutego 1658 roku ... C. 117.
[20] Больш падрабязна тут: Волкаў М. Фартыфікацыя і ўзбраенне Мірскага замка. // Беларускі гістарычны часопіс. 1/2012. C. 20.
[21] AGAD. AR. Dz.ХХV. Nr. 2696/1. Inwentarz zamku Nieświeskiego. 11.1764-01.1765.
[22] Inwentarz obronnego zamku w Lachowiczach sporządzony 26 Lutego 1658 roku ... C. 117.
[23] AGAD. AR. Dz.ХХV. Nr. 169. Regestr armat zamku Nieświeskiego, zabranych przez szwedów w roku 1706, które zakopano w Łachwie, a które w roku 1717 wydobyto z wody przywiezieno do Nieświeża. 1717.
[24] Вымярэнне даўжыні ствала гармат ў калібрах дае магчымасць больш дакладна вызначыць іх тып. У дадзеным артыкуле, а таксама ў табліцы прыводзіцца даўжыня ствала гармат без тыльнага ухвата ці вінаграда.
[25] Stefańska, Z. Próba ustalenia typów … S. 190-197.
[26] Да сярэдніх адносіліся фальканеты вагамерам 1 – 1½ фунты, да вялікіх – 2½-3½ фунты. Бастардавымі называлі укарочаныя фальканеты даўжынёй 30-31 калібр. Stefańska, Z. Próba ustalenia typów … S. 190-195.
[27] Bernatorwicz, T. Monumenta variis Radivillorum. S. 75.
[28] AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 126. Computh dzialny. Б.д. і м.
[29] Маюцца на ўвазе чатыры элементы, ці першапачаткі прыроды: агонь, вада, зямля і паветра.
[30] Пад увагу браўся гданьскі фунт, які складаў 0,434 г. Арыентацыя на гэту сістэму вымярэнняў тлумачыцца двумя прычынамі: па-першае, пры вызначэнні вагі акрамя фунтаў у самім дакуменце выкарыстоўваўся цэнтнер, які складаў 120 фунтаў, што адпавядае гданьскай сістэме вымярэнняў, і, па-другое, значная частка матэрыі для вырабу гармат была закуплена, менавіта, у Гданьску.
[31] Шчыльнасць граніту, з якога найчасцей выраблялі кулі для гармат, складае ад 2350 да 2750 кг/м3. Strzyż, P. Średniowieczna broń palna w Polsce. Łódź, 2011. S. 59. Адпаведна дыяметр кулі вагаўся ад 141 да 149 мм, а калібр гарматы мусіў складаць каля 145-155 мм.
[32] AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 126. Inventarium aller undt jeder Stucke und Geschutzen, auch was an Ammunicion undt anderen Zeug Sorten bey Sr: Furste: durche: Herren BOGUSLAUS HERZOG RADZIWILLEN unsere Gnädigsten Herren Vestung Slucko undt Zeughauß unter meiner Verwaltung verhanden. 18.12.1669. Slucko. S. 5-11.
[33] У шырокім значэнні картаўнамі называлі сярэднествольныя гарматы. У вузкім значэнні да картаўн (у адрозненні, напрыклад, ад паўкартаўн ці чвэрцькартаўн) адносіліся цяжкія гарматы вагамерам ад 35 да 50 фунтаў са ствалом даўжынёй ад 11 да 18 калібраў. Stefańska, Z. Próba ustalenia typów … S. 211-213. Паводле вядомага ў Еўропе ў XVII ст. іспанскага тэарэтыка і практыка артылерыі Дыега Уфана (Diego Ufano) картаўна вагамерам 48 фунтаў і даўжынёй ствала 18 калібраў важыла 72 іспанскіх цэнтнеры (3319 кг). Uffan, D. Archelia,to jest nauka i informacja o strzelbie i o rzeczach do niej należących ... Leszno, 1643. S. 19. Iспанскі цэнтнер складаў 100 фунтаў, a іспанскі фунт важыў 0,461 г.: Piaskowski J. Technologia dawnych odlewów artystycznych. Kraków, 1981. S. 31. У 1637 годзе Даніэлем Цімам (Daniel Tim) у Варшаве былі адлітыя дзве картаўны вагой 7772 і 7672 фунты (3373 кг і 3330 кг). Найверагодней, Даніэль Цім карыстаўся гданьскім фунтам, бо лічыў цэнтнеры па 120 фунтаў. Пры гэтым, як піша даследчык, вага гармат Ціма была на 10% большая за вагу прапанаваную галандскім тэарэтыка артылерыі пачатку XVII ст. Генрыкам Гондзіюсам (Henricus Hondius). Nowak, T. Z dziejów techniki wojennej w dawnej Polsce. Warszawa, 1965. S. 138.
[34] У шырокім значэнні кулеўрынамі называлі даўгаствольныя гарматы. У вузкім значэнні да кулеўрын (у адрозненні, напрыклад, ад падвойных кулеўрын ці чвэрцькулеўрын) залічвалі цяжкія гарматы даўжынёй ствала ад 27 да 40 калібраў і вагамерам ад 12 да 25 фунтаў. Stefańska, Z. Próba ustalenia typów … S. 184-186. Паводле Уфана кулеўрына вагамерам 20 фунтаў і даўжынёй ствала 32 калібры важыла 70 іспанскіх цэнтнераў (3227 кг). Uffan, D. Archelia,to jest nauka i informacja o strzelbie i o rzeczach do niej należących ... Leszno, 1643. S. 10.
[35] Bernatorwicz, T. Monumenta variis Radivillorum. S. 75.
[36] У некаторых інвентарах дзве апошнія гарматы таксама называлі “Св. Аляксандр” і “Св. Юрый”.
[37] Паўкартаўна – сярэднествольная гармата вагамерам 20-24 фунты. Stefańska, Z. Próba ustalenia typów … S. 213-214.
[38] Малая паўкартаўна важыла 39 іспанскіх цэнтнераў (1798 кг) і мелі ствол даўжынёй 23 калібры Stefańska, Z. Próba ustalenia typów … S. 214.
[39] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 29.08.1711, Нясвіж; AGAD. AR. Dz. XXVI. Nr. 166. Regestr zepsutych armat znajdujących się w zamku Nieświeskim. 12.XI.1715. Нясвіж. У дадзеным выпадку, напэўна, выкарыстоўваўся літоўскі фунт, вага якога паводле сістэмы мер 1764 года складаў 0,3748 г.
[40] Для параўнання, паводле Уфана паўкартаўна важыла 43 іспанскіх цэнтнеры (1982 кг) Uffan, D. Archelia ... S. 10.
[41] AGAD. AR. Dz.VІІ. Nr.715. А.1.
[42] У крыніцах і літаратуры “Вінаград” згадваецца таксама пад назвамі “Грона” (Grono), “Вінагрона” (Winogrono), “Бахус” (Bachus), “з Бахусам” (z Bachusem), “Кубак” (Puchar).
[43] На цяперашні момант “Вінаград” і “Цэрбер” захоўваюцца ў Ваенна-гістарычным музеі артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі ў Санкт Пецярбургу, а “Гідра”, “Папугай”, “Сава” і “Цырцэя” – ў Музеі Польскага Войска ў Варшаве.
[44] Памеры гармат “Гідра”, “Цырцэя”, “Папугай” і “Сава” прыводзяцца паводле: Grodzicka M. Zabytkowe działa spiżowe w zbiorach polskich // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. 1960, VI. S. 379-381. Памеры гармат “Цэрбер” і “Вінаград” падаюцца паводле ўласных вымярэнняў аўтара.
[45] Да малых адносіліся фальканеты вагамерам ½ фунты (8 унцый) – ¾ фунты (12 унцый). 1 фунт складае 16 унцый. Stefańska, Z. Próba ustalenia typów … S. 195-197.
[46] У час Другой сусветнай вайны надпіс з годам вырабу быў пашкоджаны: ад “M·D·C·III” (1603) захавалася “M·D·C” (1600).
[47] На цяперашні момант “Хімера” захоўваецца ў Музеі Польскага Войска ў Варшаве; “Мелюзіна” – у Музеі Арміі ў Стакгольме.
[48] Як і ў выпадку з датаю, амаль цалкам знікла імя людвісара на “Хімеры”. Паводле нямецкага даследчыка М. Эрэнталя на “Хімеры” было напісана “Герман Мольцэр” (Hermann Molzer), гэтаксама ён расчытваў імя людвісара на “Мелюзіне”. Аднак імя майстра на гармаце, што захавалася ў музеі ў Стакгольме, вядома дакладна – Герман Мольцфэльт (Herman Molzfelt). Ёсць падставы меркаваць, што нямецкі даследчык памыліўся ў адчытанні імя і на “Хімеры”, паколькі М. Брэнштэйн падае імя людвісара на гэтай гармаце адпаведна таму варыянту што захаваўся на “Мелюзіне”. Sprawozdania Komisyi do Badania Historii Sztuki w Polsce. T. VII. 1902. S. CCIX, CCXIII; M. Brensztejn. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach byłego Wielkieko księstwa Litewskiego. Wilno. 1924. S. 37.
[49] Даўжыня і калібр „Мелюзіны” падаецца паводле сайта Музея Арміі ў Стакгольме, дзе захоўваецца гармата: http://www.digitaltmuseum.se/things/6-p-eldrr/S-AM/AM.010107. Аднак вагамер гарматы (6 фунтаў) змешчаны на сайце, а таксама ў некаторай літаратуры вызначаны памылкова. Адпаведна падлікам Т. Новака калібр 110 см адпавядае вагамеру 9 фунтаў. Напэўна, гэтаксама памылкова падаецца вагамер “Мелюзіны” у інвентары Алыцкага замка 1698 года (2 фунты). AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 773. Regestr armat i amunicji znajdującej się w zamku Ołyckim. 1.I.1698.
[50] Памеры “Хімеры” прыводзяцца паводле: Grodzicka M. Zabytkowe działa spiżowe … S. 381-382.
[51] Да звычайных, ці ардынарных паўкулеўрын адносіліся гарматы даўжынёй 31-35,5 калібраў вагамерам 9-13 фунтаў. Stefańska, Z. Próba ustalenia typów … S. 186-188.
[52] Звычайныя, ці ардынарныя вялікія фальканеты мелі 33-37 калібраў у даўжныню. Stefańska, Z. Próba ustalenia typów … S. 190-192.
[53] Bernatorwicz, T. Monumenta variis Radivillorum. S. 25.
[54] Для параўнання, паводле Уфана бастардавая чвэрцькулеўрына вагамерам 6 фунтаў і даўжынёй 29 калібраў важыла 24 іспанскі цэнтнер (1106 кг), а акатава-картаўна тым жа вагамерам і даўжынёй 27 калібраў – 21 іспанскі цэнтнер (968 кг). Uffan, D. Archelia ... S.14, 19.
[55] AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 312. Inwentarz armat, amunicji i innej broni znajdujących się w zamku Nieświeskim. 7.08.1741; AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 376. Podanie arsenału nieświeskiego. 18.09.1749.
[56] AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr. 943. Regestr Armat znalezionych w ziemi. 9.IX.1819.
[57] “M·D·I” (1501) замест “M·D·C·I” (1601).
[58] F354(AR) XXVI 125 Regestr dział fortecy birżańskiej b.d. Сам інвентар, адпаведна можна датаваць 1619-1626 гадамі, бо пазней 1626 года, як сведчаць інвентары, Гідра знаходзілася ў Нясвіжскім замку.
[59] Kempa, T. Mikołaj Krzysztof Radziwiłł Sierotka (1549-1616), wojewoda wileński. Warszawa, 2000. S. 97.
[60] Bernatorwicz, T. Monumenta variis Radivillorum. S. 26.
[61] Ibidem. S. 26-27.
[62] Wisner, H. Janusz Radziwiłł 1612-1655: wojewoda wileński, hetman wielki litewski. 2000. S. 190.
[63] AGAD. AR. Dz.ХХV. Nr. 169. Regestr armat zamku Nieświeskiego, zabranych przez szwedów w roku 1706, które zakopano w Łachwie, a które w roku 1717 wydobyto z wody przywiezieno do Nieświeża. 1717.
[64] Sprawozdania Komisyi do Badania Historii Sztuki w Polsce. T. VII. 1902. S. CXCVII.
[65] Grodzicka M. Zabytkowe działa spiżowe … S. 372.
[66] Чатыры вялікіх прарокі Старога запавета: Ісая, Ерэмія, Езекііл і Данііл.
[67] AGAD. AR. Dz. V. Nr.6865. К. Клакоцкі і У. Гурын да Б. Радзівіла. 28.V.1659, Раманава.
[68] AGAD. AR. Dz.II. Nr.1427. Rewers wojewodztwa nowogrodzkiego dany Łukaszowi Tyborowskiemu gubernatorowi nieswieskiemu na pożyczone dwie arnaty u jeden moździerz. 14.X.1660.
[69] Равелін – дадатковае умацаванне ў форме трохкутніка перад галоўнымі ўмацаваннямі фартэцыі.
[70] AGAD. AR. Dz.V. Nr.6865. К. Клакоцкі і У. Гурын да Б. Радзівіла. 19.VI.1660, Слуцак.
[71] Adlerfeld G. The military history of Charles XII ... S. 230.
[72] AGAD. AR. Dz.VII. Nr.645. Specyfikacya harmaty spizowey zabraney w Hłusku przez Xcia Imc Wołochonskiego generala woysk Cara Imc w roku 1707. S. 1. Дакумент падпісаны Мікалаем Фаўстынам Радзівілам, тагачасным уладальнікам Глуска. Захавалася копія гэтага рэестру, магчыма, больш ранняя. У ёй памылкова замест Глуска ўпісалы Слуцк, а таксама прыводзіцца меншая колькасць гармат: AGAD. AR. Dz.ХХVI. Nr.155. Specifikacya harmaty spizowey zabraney w Słucku przez Xcia Jmsci Wołochonskiego generała woysk Cara Jmsci w Roku 1707.
[73] Lietuvos mokslų akademijos biblioteka (далей – LMAB). F. 18. Nr. 145. Transakcye między Sapiehami y Ogińskiemi o dobra post fata Hlebowiczow spadłe. 1581-1760. S. 59-61.
[74] Мяцельскі А.А. Знаходкі агнястрэльнай зброі ў Нясвіжскім замку // Беларускі гістарычны часопіс. №2. 2011. С. 43-44.
[75] AGAD. AR. Dz.ХХVІ. Nr.169. Regestr armat zamku nieświeskiego, zabranych przez szwedów w roku 1706, które zakopano w Lachwie, a w które w roku 1717 wydobyto z wody przywiezieno do Nieswieza. 1717.
[76] AGAD. AR. Dz.VІI. Nr.645. Konnotacya harmat zabranych z zamku Nieswiskiego. 3.IV.1771. S. 8.
[77] Adlerfeld G. The military history of Charles XII ... S. 230.
[78] AGAD. AR. Dz.V. Nr.16163. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіла. 5.VI.1706, Нясвіж.
[79] Ibidem. Е.В. Таўрыловіч да К.Ст. Радзівіл. 8.VIII.1717, Нясвіж; Е.В. Таўрыловіч да Г.К. Радзівіл. 7.I.1720, Нясвіж.
[80] Inwentarz zamku Je(go) Xzcey Msci Nieswieskiego. 29.III.1658. // Bernatorwicz, T. Monumenta variis Radivillorum. Wyposazenie zamku nieswieskiego w swietle zrode archiwalnych. Część I. XVI-XVII wieku. Poznań, 1998. S. 43-60; Inwentarz zamku Nieswieskiego. 1.II.1673. // Bernatorwicz, T. Monumenta variis Radivillorum. Wyposazenie zamku nieswieskiego w swietle zrode archiwalnych. Część I. XVI-XVII wieku. Poznań, 1998. S. 60-69.
[81] Дыля – распілаванае напалову бервяно.
[82] AGAD. AR. Dz.V. Nr.9133. Ст.М. Маляўскі да К.Ст. Радзівіла. 12.IV.1702, Нясвіж; Ст.М. Маляўскі да К.Ст. Радзівіла. 7.VI.1702, Нясвіж.
[83] AGAD. AR. Dz.ІІ. Nr.1433. Summariusz expanss w praesidium nieswieskim przez 6 miesięcy na ludzie Xcia Je[go] Msci Pana Podczasze[go] W.X.L. łozonych, to jest przez oblęzenie a prim februarii ad ultimam Julii Anni 1600. 14.VI.1661.
[84] AGAD. AR. Dz.XXVІ. Nr.769. Verifikacya rzeczy w skarbcu … zamku Je[go] XMsci Nieswieskim. 6.I.1658.
[85] AGAD. AR. Dz.VІI. Nr. 678. Materjały tyczące się fortecy i garnizonu słuckiego. S.191-198.
[86] AGAD. AR. Dz.XXVI. Nr. 53. Reversał Jakuba Ceikwarta. 6.VIII.1637.
[87] У інвентарах азначэнне “жалезныя” ў адносінах да гарматных куль трэба разумець шырока, бо значная частка куль, напэўна, былі чыгуннымі.
[88] НГАБ. Ф.694. Воп.1. Спр.300. Лісты Міхала Паца да каменданта Біржанскай фартэцыі маёра Карліка аб высылцы яму гармат і пораха і распіскі аб іх атрыманні. 1657-1661. С.5-5аб.
[89] Паводле інвентара 1681 года ў 12 бочках змяшчалася 1563 фунтаў пораху, ці каля 130 фунтаў (49 кг) у кожнай. Паводле інвентар 1693 года ў 26 барылах, з якіх адна была няпоўнай, змяшчалася 3836 фунтаў (1438 кг) пораху, ці каля 150 фунтаў у кожнай (56 кг). Пры пераліку ў кілаграмы пад увагу браўся літоўскі фунт роўны 0,3748 кг.
[90] У 1681 годзе у трох бочках, з якіх адна была напоўнена напалову, захоўвалася 1600 фунтаў (600 кг) салетры, ці каля 640 фунтаў (240 кг) у кожнай. У 1693 годзе ў бочку вагой 91 фунт (34 кг) змясцілася ажно 771 фунт (289 кг) салетры.
[91] AGAD. AR. Dz.XXVІ. Nr.88. Inwentarz dział i amunicji znajdujących się w arsenale birzańskim. 05.03.1663.
[92] Inwentarz obronnego zamku w Lachowiczach sporządzony 26 Lutego 1658 roku ... C. 117.
[93] AGAD. AR. Dz.XXVІ. Nr.88. Inwentarz dział i amunicji znajdujących się w arsenale birzańskim. 05.03.1663.
[94] Uffan, D. Archelia ... S. 19.
[95] AGAD. AR. Dz.XXVІ. Nr.56. Memoriał arsenału birżańskiego spis rzeczy jakie znajdują się w zbrojownie oraz czego brakuję. 13.09.1638.
[96] AGAD. AR. Dz.XXVІ. Nr.769. Verifikacya rzeczy w skarbcu … zamku Je[go] XMsci Nieswieskim. 6.I.1658.
[97] У пораху было каля 75% салетры.
[98] AGAD. AR. Dz.ІІ. Nr.1433. Summariusz expenss w praesidium nieswieskim przez 6 miesięcy na ludzie Xcia Je[go] Msci Pana Podczasze[go] W.X.L. łozonych, to jest przez oblęzenie a prim februarii ad ultimam Julii Anni 1600. 14.VI.1661.