Слуцкі Успенскі сабор
28.10.2013
Якім быў Слуцкі Успенскі сабор у XVIII стагоддзі? «Узведзены ў Слуцку на пачатку XVIII ст. драўляны Успенскі сабор атрымаў цудоўны выгляд», – прыкладна так, занатоўваючы сваё ўражанне на паперы, выказаўся адзін з тагачасных жыхароў горада. Хаця канкрэтнага ўяўлення пра гэты храм на падставе такой кароткай характарыстыкі зрабіць немагчыма, але, калі прыняць да ўвагі, што іншых звестак пра яго ў літаратуры не сустракаецца, дык і яна заслугоўвае ўвагі, бо сведчыць пра неардынарнае аблічча галоўнай гарадской царквы.
Гісторыя Слуцкага Успенскага сабора прасочваецца з XV ст. Стаяў ён на паўднёвым баку Замкавай горкі. Акрамя Галоўнага прастола ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы, меў Уваходаіерусалімскі і Богаяўленскі прастолы. Адной з шанаваных святынь храма быў цудатворны абраз Маці Божай. Каля правага кліраса ў ім быў пахаваны адзін з апошніх слуцкіх князёў Алелькавічаў – Юрый III Юр"евіч (1559–1586).
Сабор некалькі разоў цярпеў ад пажараў і адбудоўваўся. Так здарылася і ў 1702 г., калі ў навальніцу ад маланкі загарэўся найвышэйшы сярэдні купал. Пачаўся пажар зверху, таму практычна не закрануў інтэр"ер, іканастас і царкоўную маёмасць. Аднак сам будынак прыйшлося аднаўляць. Цытаваны вышэй аўтар, які пакінуў на старонцы кнігі, што захоўвалася ў Слуцкім Троіцкім манастыры запіс аб будаўніцтве сабора пасля пажару, дадае, што быў ён у 1709 г. практычна гатовы, заставалася толькі завяршыць капліцу над пахаваннем князя Юрыя Алелькавіча.
Больш дакладную інфармацыю аб замкавай царкве могуць даць складзеныя на пачатку XVIII ст. нямецкімі картографамі планы Слуцка. На выкананым Якубам Фойгтам плане 1704 г., які цяпер захоўваецца ў Пецярбургскай бібліятэцы Акадэміі навук, паказана забудова Верхняга і Ніжняга замкаў, цытадэль і гарадскі абарончы вал. На другім, які датуецца пачаткам XVIII ст. і знаходзіцца ў Саксонскай зямельнай бібліятэцы ў Дрэздэне, акрамя ўмацаванняў, паказаны і гарадскія кварталы. Нямецкае паходжанне планаў тлумачыцца тым, што Случчына, якая юрыдычна захоўвала форму ўдзельнага княства, напрыканцы XVII ст. у выніку дынастычных сувязей аказалася ўласнасцю Нойбургаў, якія жылі ў Германіі. Пасля смерці Людвікі-Караліны Радзівіл (1667–1695) да 1742 г. краем кіраваў з дапамогай намеснікаў яе муж – нямецкі князь Карл Філіп Нойбургскі.
На планах на паўднёва-ўсходнім баку Верхняга замка паказаны выцягнуты ў даўжыню будынак. З усходу ён мае алтарны выступ, з супрацьлеглага боку – уваходны тамбур, а па кутах, фланкіруючы ўваход і апсіду, да яго далучаюцца 4 прамавугольныя прыбудовы. Заўважым і іншыя прыбудовы, што сведчыць аб даволі складанай архітэктуры сабора.
На двух згаданых планах горада выявы сабора крыху адрозніваюцца ў дэталях, верагодна, з-за таго, што адлюстроўваюць розныя этапы будаўніцтва.
Для грунтоўнай размовы пра выгляд сабора згаданых матэрыялаў таксама недастаткова. Але нечаканую падказку ў гэтай справе могуць даць іншыя крыніцы, у тым ліку складзеныя рускімі картографамі планы Слуцка XVIII – пачатку XIX стст. Хаця Успенскага сабора на Замкавай горцы тады ўжо не было, тут бачны амаль аналагічны сабору план езуіцкага касцёла ў Новым горадзе: такі ж прамавугольны ў плане аб"ём, да зрэзаных кутоў далучаюцца квадратныя прыбудовы – капліцы. Праваслаўны і каталіцкі храмы, дарэчы, і з"явіліся амаль адначасова, а гэта дае падставу выказаць меркаванне, што магло быць у іх і знешняе падабенства.
Пра касцёл матэрыялаў захавалася больш, таму, карыстаючыся імі, можна зрабіць спробу хаця б у агульных рысах уявіць і выгляд сабора. Аднак спачатку звернем увагу на гісторыю Слуцка XVII–XVIII стст.
У параўнанні з іншымі гарадамі, у Слуцку езуіты з"явіліся позна – напрыканцы XVII ст. Прычынай таму, найбольш верагодна, было стаўленне да ордэна гаспадароў краю. Слуцкія Радзівілы спавядалі кальвінізм і апекаваліся ў першую чаргу пратэстантамі і праваслаўнымі жыхарамі княства. Каталікі ў Слуцку жылі здаўна, але колькасць іх не была вялікай. У 1671 г. у горадзе заснавалі свой кляштар манахі-бернардзінцы, з 1689 г. вядома дзейнасць манахаў-аўгусцінцаў. Езуіты ж пачалі ўмацоўвацца ў Слуцку пасля таго, як памерла апякунка пратэстантаў Вялікага княства – княгіня Людвіка-Караліна Радзівіл. Тады Случчына перайшла ў спадчыну да яе дачкі, з-за малалецтва якой краем кіраваў яе бацька Карл Філіп, шчыры каталік, які шмат дапамагаў езуітам і ў сваіх нямецкіх уладаннях.
Езуіцкая місія пачала дзейнасць у Слуцку з 1693 г. у складзе трох манахаў, у 1704 г. была ператворана ў рэзідэнцыю, і ў Старым горадзе пачалося будаўніцтва драўлянага кляштара з касцёлам Святога Духа. Польскі даследчык Ежы Пашэнда, які займаўся гісторыяй рэзідэнцыі езуітаў у Слуцку, прыводзіць прыблізную дату ўзвядзення касцёла – 1720 г. Другі езуіцкі кляштарны комплекс з"явіўся ў Новым горадзе ў 1710 г., дзе на працягу 1710–1715 гг. узводзіўся драўляны Троіцкі касцёл.
Такім чынам, мы бачым, што з"яўленне Замкавай царквы і езуіцкіх касцёлаў раздзяляе невялікі прамежак часу, але праваслаўны храм быў пабудаваны раней.
Як вядома, езуітам дазвалялася адступаць ад некаторых патрабаванняў, абавязковых для манахаў іншых ордэнаў. Іх кляштары мелі больш адкрыты характар, храмы выходзілі галоўным фасадам на гарадскі пляц, не заўсёды прытрымліваючыся арыентацыі па восі «ўсход-захад». Можна меркаваць, што ў сваёй дзейнасці ў Слуцку, дзе асноўную масу жыхароў складалі не каталікі, езуіты імкнуліся выкарыстоўваць формы, больш звыклыя месцічам.
У гэтым можна бачыць прычыну пайменавання ў гонар Святой Тройцы кляштара ў Новым горадзе – на ўзор старажытнага праваслаўнага Троіцкага манастыра. З той жа прычыны маглі яны і сваім слуцкім касцёлам надаць падабенства да ўжо існаваўшых мясцовых храмаў, і ўзорам у першую чаргу мог паслужыць Успенскі сабор.
Даследчыкі адзначаюць, што слуцкія езуіцкія касцёлы мелі агульныя рысы: галоўныя аб"ёмы (адзін квадратны, другі прамавугольны) завяршаліся магутным купалам, а да чатырох зрэзаных кутоў прымыкалі вежападобныя купальныя капліцы, што ўрэшце стварала кампазіцыю цэнтрычнага пяцікупальнага храма.
У 1978 г. Ежы Пашэнда апублікаваў сваю працу, у якой прывёў адшуканыя ім рабочыя план і разрэз слуцкага Троіцкага касцёла, зрабіў рэканструкцыю яго выгляду. Адзначаючы ўплыў праваслаўнага дойлідства на архітэктуру беларускіх драўляных цэнтрычных касцёлаў, даследчык гісторыі драўлянай архітэктуры Сяргей Сергачоў звяртае ўвагу на сувязь слуцкіх касцёлаў з архітэктурай мураваных беларускіх цэркваў XVI ст. абарончага тыпу. Аднак узнікае пытанне: з якой бы нагоды дойліды езуіцкіх касцёлаў у Слуцку бралі за ўзор для пераймання праваслаўныя храмы XVI ст., якія, дарэчы, знаходзяцца далёка ад Слуцка? І тут мы можам зрабіць яшчэ адну выснову на карысць гіпотэзы, што, хутчэй за ўсё, за ўзор быў узяты Успенскі сабор, завершаны незадоўга перад тым. Адсюль можна выказаць меркаванне, што ўзведзены на пачатку XVIII ст. Успенскі сабор атрымаў выгляд, нечым падобны да мураваных праваслаўных цэркваў XVI ст. абарончага тыпу. Магчыма, гэта была інтэрпрэтацыя ў дрэве храма ў Супраслі або Сынкавічах. Хаця іншае пытанне – што прымусіла дойлідаў увасобіць менавіта такі тып храма, застаецца адкрытым.
Гісторык архітэктуры Тамара Габрусь у сваёй працы, прысвечанай асаблівасцям архітэктуры слуцкага езуіцкага Троіцкага касцёла, назвала яго «Цудам з дрэва». Па аналогіі з яе выказваннем, а таксама ўлічваючы дадзеную жыхаром Слуцка XVIII ст. характарыстыку сабора, з якой і пачаўся наш артыкул, мы таксама можам назваць узведзены ў 1709 г. на тэрыторыі Слуцкага Верхняга замка Успенскі сабор «Цудам з дрэва».
Нажаль, гэты Успенскі сабор прастаяў нядоўга. Пажар 1745 г. стаў прычынай яго знікнення. З"яўленне гэтага храма прыходзіцца на цікавы перыяд гісторыі Слуцкага краю, сам ён, несумненна, уяўляў цудоўны, але, на жаль, страчаны ўзор беларускага драўлянага дойлідства.
Ігар ЦІТКОЎСКI
apostol.by