Слуцкія пратэстанты

Слуцкія пратэстанты

24.04.2013

Магутная хваля Рэфармацыі, якая распаўсюдзілася ў XVI ст. па Заходняй Еўропе, неўзабаве дасягнула і прастораў Вялікага княства Літоўскага. Аднак, у выніку супрацьдзеяння каталіцкай царквы, да канца гэтага стагоддзя пратэстанцкі рух у нашай краіне пайшоў на спад. На гэтым фоне на пачатку XVII ст. нечакана надзейным прытулкам рэфарматаў стаў Слуцк.

Апекуны пратэстантаў
Ідэямі Рэфармацыі ў нашай краіне захапляліся ў першую чаргу вярхі грамадства, асабліва пасля таго, як яе прыхільнікам стаў нясвіжскі князь Мікалай Радзівіл «Чорны». Аднак яго сын Мікалай Крыштоф «Сіротка», выхаваны кальвіністам, перайшоў у каталіцтва і паклапаціўся, каб ад усяго, зробленага бацькам, з дапамогай запрошаных у Нясвіж езуітаў, пазбавіцца. У справах працяга ідэйных пошукаў больш шчаслівы быў паплечнік Мікалая Радзівіла «Чорнага» яго стрыечны брат Мікалай Радзівіл «Руды». Кальвіністамі і апекунамі пратэстантаў былі ўсе нашчадкі «Рудога», у тым ліку і ўнук Януш VI Радзівіл (1579–1620), які пасля смерці жонкі слуцкай княгіні Сафіі Алелькавіч (1585–1612) стаў уладаром Слуцкага і Капыльскага княстваў. З гэтага часу па волі Януша Радзівіла (а пазней і яго сына Багуслава) Слуцк і з"яўляўся значнейшым рэфармацкім цэнтрам краіны. Ганімыя з іншых месцаў Рэчы Паспалітай, а таксама з замежжа, яны знаходзілі надзейны прытулак у Слуцку і пад аховай магутных Радзівілаў адчувалі сябе тут упэўнена.

Кальвіністы
Першыя кальвіністы з"явіліся ў Слуцку напрыканцы XVI ст., яшчэ пры апошніх князях Алелькавічах. З мясцовых жыхароў спавядалі яго вярхі слуцкага грамадства – заможная шляхта і інтэлектуалы. Колькасць кальвіністаў не была вялікай. Аднак іх дзейнасць прынесла гораду вялікую славу.

Першы кальвінскі храм пабудавалі ў 1617 г. у Новым горадзе на беразе Случы па загаду князя Януша Радзівіла. Побач заклалі рэфармацкую школу, якая ў 1630 г. атрымала статус гімназіі. Тут, акрамя багаслоўскіх, значную долю займалі агульнаадукацыйныя прадметы, падчас навучання вырашаліся асветніцкія праблемы. Высокі ўзровень адукацыі стаў прычынай вядомасці Слуцкай гімназіі і ў краіне і за яе межамі, яна прынесла гораду славу цэнтра асветы. Яе дзейнасць назаўсёды засталася яскравай старонкай ў гісторыі педагагічнай справы нашай краіны. Гімназістамі, у адпаведнасці са статутам, маглі станавіцца практычна ўсе здольныя падлеткі, незалежна ад веравызнання і сацыяльнага паходжання. У 1830-я гг. замест драўлянага быў узведзены мураваны двухпавярховы вучэбны корпус. Гэты будынак захаваўся і цяпер з"яўляецца адным з карпусоў Слуцкай гарадской гімназіі.

Слуцкая кальвінская абшчына ўваходзіла ў склад Літоўскай правінцыі, падпарадкоўвалася Віленскаму кальвінскаму сіноду. Слуцкі кальвінскі збор лічыўся кафедральным. У пачатку XIX ст., калі адбылася адміністрацыйная рэформа і з"явіліся рэфармацкія акругі – дыстрыкты, якія ўзначальвалі суперінтэнданты, слуцкі і капыльскі кальвінскі зборы ўвайшлі ў Беларускі дыстрыкт. Слуцк стаў месцам размяшчэння Беларускага суперінтэнданта, які з"яўляўся і пастарам слуцкага збору.

Да XIX ст. будынак храма быў драўляным. Састарэлы будынак, узведзены пры Янушы VI, у нейкі час быў заменены на новы. А ў 1851 г. замест драўлянага быў узведзены мураваны. Паставілі яго побач з мураваным вучэбным корпусам, галоўным фасадам выходзіў ён на вуліцу Шырокую (былую Сенатарскую, цяпер – Камсамольская). Гэты храм, меўшы гатычныя рысы, сучаснікі называлі ўпрыгожваннем горада. Разам з будынкам гімназіі яны стваралі адзін з галоўных архітэктурных ансамбляў Новага горада.

Акрамя кальвінскай гімназіі, у справе асветы вялікае значэнне мела Слуцкая друкарня. З"явілася яна ў 1672 г. па ініцыятыве князя Багуслава Радзівіла (1620–1669). Але сапраўдным заснавацелем і апекуном яе стаў назначаны князем губернатар Слуцкага і Капыльскага княстваў Казімір Клакоцкі (1625–1684). Пасля смерці Багуслава Радзівіла шмат дапамагала слуцкім пратэстантам яго дачка Людвіка Караліна (1667–1695), якая жыла ў Германіі. За яе кошт многія здольныя выпускнікі гімназіі працягвалі вучобу ва ўніверсітэтах Заходняй Еўропы і Кенігсберга. З іх ліку мы можам згадаць Ілью Капіевіча (1651–1714), якому сёлета спаўняецца 355 гадоў з часу нараджэння. Пасля Слуцкай гімназіі ён вучыўся ў Амстэрдаме, праславіўся як усходнеславянскі асветнік, перакладчык і кнігавыдавец, літаратар, навуковец і вынаходнік.

Лютэране
Лютэране з"явіліся ў Слуцку раней кальвіністаў, у 1530-я гг., калі слуцкім князем быў Юрый Сямёнавіч Алелькавіч (1492–1542). Князь быў зацікаўлены ў павелічэнні гарадскога насельніцтва, бо ў тыя часы Слуцк адбудоўваўся пасля разбурэнняў, выкліканых нападамі крымскіх татар, разрастаўся. Пасадская забудова больш і больш займала тэрыторыю на захад ад ручая Бычок. Як раз там, на свабодных землях, за дарогай на Капыль (цяпер гэта вуліца Капыльская), прыбыўшым у Слуцк лютэранам быў выдзелены пляц. У яго цэнтры разбілі плошчу, узвялі кірху. Спачатку плошчу называлі Саксонскай, што, несумненна, сведчыла пра тое, адкуль прыбылі ў Слуцк першыя лютэране. Пазней, калі нашчадкі першых лютэран асіміляваліся і ператварыліся ў карэнных жыхароў, плошча называлась Лютэранскай. У адрозненне ад кальвіністаў, лютэранамі пераважна былі мяшчане – рамеснікі, дробныя гандляры, людзі «інтэлігентных» і «інтэлектуальных» прафесій – цырульнікі, урачы, аптэкары. Напрыклад, першую ў Слуцку, заснаваную Багуславам Радзівілам, гарадскую аптэку ўтрымлівалі лютэране.

Пачатак крызісу
XVII ст. з"явілася перыядам росквіту у Слуцку пратэстантскай культуры. Але ў 1-й палове XVIII ст. магутных апекуноў у слуцкіх пратэстантаў не стала – гаспадарамі краю сталі князі-католікі, прадстаўнікі нясвіжскай галіны роду Радзівілаў. А актыўная дзейнасць ў горадзе каталіцкіх манахаў стала прычынай змяншэння колькасці пратэстантскіх вернікаў. У гэтым плане паказальны прыклад сына слуцкага губернатара кальвініста Казіміра Клакоцкага – Гераніма, які не толькі перайшоў у каталіцтва, але аддаў для ўзвядзення езуіцкага кляштара сваю сядзібу, перадаў ім усю, сабраную яго бацькам, бібліятэку, сам стаў езуітам і ў хуткім часе ўзначаліў слуцкі езуіцкі калегіўм. Тым не менш, казаць пра ўціск і ганенні супраць пратэстантаў у Слуцку не прыходзіцца. Ілюстрацыяй таму могуць служыць звесткі, што слуцкі князь Геранім Фларыян Радзівіл сам нярэдка прысутнічаў на лютэранскіх набажэнствах, дзе любіў слухаць казанні на нямецкай мове.

Да пачатку XIX ст. Слуцк заставаўся даволі значным лютэранскім цэнтрам на абшарах былога Вялікага княства Літоўскага. Напрыканцы XVIII ст. лютэране складалі 3,3 % жыхароў горада – 105 чалавек, кальвіністаў было 547 чалавек. Але да 1852 года лютэран засталося толькі 18 чалавек, а ў 1860-я гг. іх абшчына ўжо не згадвалася. У канцы XIX ст. агульная лічба слуцкіх кальвіністаў і лютэран была 49 чалавек – 0,3 % гарадскога насельніцтва.

Будынка лютэранскай кірхі нестала ў 2-й палове XIX ст., хаця Лютэранская вуліца і Лютэранская плошча ў горадзе былі да пачатку XX ст.

Слабелі і пазіцыі кальвіністаў. З сярэдзіны XIX ст. гімназія ўжо знаходзілася адначасова ў падпарадкаванні і кальвіністаў і дзяржаўных улад, а з 1868 г. стала цалкам дзяржаўнай, атрымала статус класічнай мужчынскай гімназіі.

Пасля рэвалюцыі рэфармацкі збор быў закрыты, апошні яго пастар Курнатоўскі, іншыя служыцелі, а таксама кальвіністы – прафесары Слуцкай гімназіі эмігрыравалі. Будынак храма ў 1925 г. быў прыстасаваны пад электрастанцыю, арган разабраны, архіў знішчаны. Падчас Вялікай Айчыннай вайны гэты будынак быў разбураны. Лютэранскую плошчу ў 1918 г. было вырашана пераіменаваць, цяпер месца былой плошчы занята сучаснай шматпавярховай забудовай.

Новыя пратэстанты
Напрацягу 1910–20-х гг. у Слуцку пачалі з"яўляцца прадстаўнікі новых рэфармацкіх плыняў, перш за ўсё – баптысты. Арганізавалася іх суполка. Можна думаць, што да іх далучыліся і нешматлікія нашчадкі слуцкіх лютэран і кальвіністаў. Захаваліся сведчанні, што свае першыя пасяджэнні баптысты праводзілі ў кальвінскім зборы. Доўгі час барацьба атэістычнай Савецкай улады супраць рэлігіі была скіравана і супраць новых пратэстанцкіх напрамкаў.

Сёння ў горадзе існуюць чатыры афіцыйна зарэгістраваныя ў 1992 г. пратэстанцкія абшчыны. Разам з абшчынамі, размешчанымі па раёну, іх колькасць дасягае чатырнаццаці. Гэта прадстаўнікі Царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў, Царквы хрысціян веры евангельскай, аб"яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля і рэлігійнай абшчыны «Хрысціян-адвенцістаў Сёмага Дня». Звычайна абшчыны карыстаюцца малітоўнымі дамамі. Намаганнямі сябраў слуцкай гарадской абшчыны евангельскіх хрысціян-баптыстаў на вуліцы Якуба Коласа ў 1992 г. быў узведзены мураваны храм, які ў сваім выглядзе мае рысы раманскага стылю. Пры ім дзейнічае царкоўны хор, працуе бібліятэка, праводзяцца заняткі нядзельнай дзіцячай школы. Прэсвітэрам з 2000 г. выбраны Генадзій Ралько. Дзейнасць пратэстантскіх абшчын, як і дзейнасць іншых рэлігійных аб"яднанняў рэгулюецца прынятым у краіне Законам аб рэлігіі.

 

 

 

 

Ігар Ціткоўскі
Краязнаўчая газета, № 19 (132), май 2006 г.