Слуцкія яўрэі

Слуцкія яўрэі

22.04.2013
Адной з этна-канфесійных груп насельніцтва, якая аставіла значны след у гісторыі Слуцка, сталі яўрэі. Асабліва моцна яўрэйская прысутнасць вызначала каларыт мясцовага жыцця з канца ХVІІІ да сярэдзіны ХХ ст.

Першыя звесткі
Найранейшыя звесткі аб слуцкіх яўрэях адносяцца да апошняй чвэрці ХVІ ст. У завяшчанні слуцкага князя Юрыя ІІ Юр"евіча Алелькавіча, які памёр у 1578 г., упамінаюцца яўрэі – арандатары мытні. У дакуменце за 1583 г. згадваюцца яўрэі-гандляры са Слуцка. У тых дакументах, верагодна, упаміналіся яшчэ не сталыя жыхары горада, а тыя, хто меў тут часовую працу.

Больш упэўнена пра слуцкую яўрэйскую абшчыну можна гаварыць, разглядаючы пачатак ХVІІ ст. Рашэннем Літоўскага Ваада яна ў 1623 г. была падпарадкавана Брэсцкаму кагалу і стала лічыцца яго філіялам. Афіцыйнае прызнанне дазваляла абшчыне мець малітоўны дом, а потым і ўзводзіць сінагогу, а таксама мець могілкі. А ў 1691 г. Слуцкая абшчына была аб"яўлена самастойнай і нараўне з іншымі галоўнымі абшчынамі краіны атрымала права адпраўляць сваіх дэпутатаў на сесіі Ваада (соймы равінаў і прадстаўнікоў галоўных абшчын краіны). Гэтая падзея сведчыла пра дастатковую колькасць абшчыннікаў і наяўнасць адукаваных настаўнікаў – знаўцаў Торы і Талмуда.

Паступова, пачынаючы з канца ХVІ ст., яўрэі пачалі сяліцца таксама ў Капылі, мястэчках Цімкавічы, Раманава, Грозава, Пагост, Любань, Глуск, Старыя Дарогі, у вёсках. Іх невялікія абшчыны былі прыпісаны да Слуцкай кагальнай акругі і лічыліся яго часткай.

Школішча
У Слуцку для пражывання абшчыны было выбрана месца ў Старым горадзе. З усходу яно абмяжоўвалася невялікай рачулкай (цяпер ручай) Бычок, з захаду вуліцай Капыльскай, на поўначы гарадскім валам, на поўдні выходзіла да Старога замка. Пасярэдзіне квартала арганізавалі плошчу, дзе з дрэва ўзвялі сінагогу. З-за таго, што пры ёй дзейнічалі навучальныя установы – школы, то і сама сінагога ў народзе часцей называлася школай, а ўвесь яўрэйскі квартал атрымаў назву Школішча. Галоўнай вуліцай была Яўрэйская, якая ад плошчы вяла ў бок Старога замка. У ХІХ ст. ёй далі назву Школьная, цяпер гэта вуліца Парыжскай Камуны.

Могілкі былі заснаваны за горадам, на высокім левым беразе Случы, уніз па цячэнню. Апошнія пахаванні там адбываліся перад Айчыннай вайной. Немцамі падчас вайны былі разбураны, а на пачатку 1970 х гг. ліквідаваны. Частка пахаванняў перавезена на гарадскія могілкі па вуліцы 14 Партызан, іншыя знішчаны ў связі са з"яўленнем новага гарадскога мікрараёна. Як сведчыць Слуцкі пінкас (Кніга запісаў), які вёўся з 1679 па 1924 год, за гэты перыяд тут было зроблена больш 20 000 пахаванняў. На слуцкіх могілках хаваліся і члены абшчын са слуцкіх ваколіц.

У адрозненні ад яўрэйскіх абшчын іншых беларускіх гарадоў, якія ў канцы ХVІ ст. пазналі ганенні ад маскоўскіх войскаў цара Івана Грознага, а ў сярэдзіне ХVІІ ст. ад войскаў цара Аляксея Міхайлавіча і ад ад казакоў Багдана Хмяльніцкага, слуцкая абшчына фактычна не пацярпела (акрамя тых, хто падаўся ратавацца ў Вільню), бо горад не быў захоплены казакамі ў 1648 г. і рускімі войскамі ў 1655. У сувязі з ваеннай небяспекай, слуцкія яўрэі тады ўліліся ў шэрагі гарадскога апалчэння і да 1690 х гг. мелі свае тры яўрэйскія палкі, якія складаліся з дзевяці соцен.

Росквіт кагала
Напачатку Слуцкі кагал быў не надта шматлікім і даволі бедным. Каб трымацца, бралі пазыкі. У нясвіжскіх езуітаў у 1690 г. кагал пазычыў 10 тысяч злотых пад 10 % гадавых. Браліся пазыкі ў 1697 (12 тыс.), у 1715 (20 тыс.), у 1739 (16,5 тыс.), у 1764 (больш 30 тыс.). Адных працэнтаў у 1766–1773 гг. ад слуцкага кагала езуіты атрымалі 17 693 злотых, а доўг застаўся на 34 293 злотых.

З другой паловы ХVІІІ ст. слуцкі кагал пачаў багацець і ператварацца ў адзін з галоўных у краіне. Сведчаннем таму стала правядзенне ў Слуцку ў 1761 г. сесіі Ваада.

Па розных прычынах насельніцтва Слуцка напрацягу ХVІІІ ст. змяншалася. Асабліва значныя матэрыяльныя і людскія страты горад панёс у 1764–67 гг., калі на гэты перыяд князь слуцкі Караль Радзівіл урадам быў пазбаўлены права карыстацца сваёй маёмасцю. Случчынай кіравала генеральная літоўская канфедэрацыя. Часовыя гаспадары рабавалі мяшчан, забіралі ў свае маёнткі лепшых рамеснікаў, іншыя ўцякалі з гораду самі. Насельніцтва горада зменшылася, і ў асноўным за кошт прадстаўнікоў хрысціянскага веравызнання. Яўрэйскае насельніцтва к канцу ХVІІІ ст. пачало складаць 37% жыхароў горада. З тых часоў нішу ў гарадскім гандлі і рамястве, якая здаўна была занята і трымалася мяшчанамі-хрысціянамі, занялі яўрэі. Напрыклад, у 1800 г. у Слуцку было тры купцы-хрысціяніны і сорак сем купцоў-яўрэяў.

Напрацягу ХІХ ст., калі расійскім урадам было забаронена пражыванне яўрэяў у вёсках, яны пачалі перасяляцца з акургі ў мястэчкі і гарады. На прыкладзе Слуцка гэта тэндэнцыя выглядала наступным чынам: у 1867 г. з 15 689 жыхароў горада 5 406 былі яўрэі, а цераз дзесяць гадоў з 16 651 жыхара яўрэяў было 10 881. У 1897 г. яўрэі склалі 77% жыхароў Слуцка. Месцам пражывання станавілася не толькі Школішча, але цэнтральныя гарадскія вуліцы і прадмесці.

Займаліся яўрэі рамеснай вытворчасцю, арандатарствам, дробным гандлем у горадзе і буйным з замежжам. Багацейшым купцом Слуцка ў 1810–20 я гг. быў Еўна Ізерліс (1771–1850), які займаўся пастаўкай лесу са Случчыны ў Кенігсберг. Трымалі корчмы на гандлёвай плошчы і пры ўезде ў горад на прадмесцях Трайчаны, Востраў, Выгода; піцейныя ўстановы, з якіх папулярнасцю карысталася піцейная Гіты Салавейчык на Віленскай; наладжвалі прамысловасць на пачатку ХХ ст., трымалі фотасалоны, друкарні.

Адукацыя і культура
Духоўнае жыцце абшчыны трымалася вакол сінагогі. На Школішчы сінагогу пабудавалі, хутчэй за ўсё ў сярэдзіне ХVІІ ст. На плане Слуцка пачатку ХІХ ст. там паказаны две сінагогі (школы) – старая драўляная і новая мураваная. Драўлянай у хуткім часе не стала. Мураваную пабудавалі напрыканцы ХVІІІ ст. за грошы багатай яўрэйскай сям"і Ізерлісаў Абрама і яго сына Еўны. Напрыканцы ХІХ ст. на рагу вуліц Віленскай і Садовай з"явілася яшчэ адна мураваная сінагога – харальная (галоўная). Іншыя сінагогі і малельныя дамы размяшчаліся ў драўляных будынках у розных частках горада. Пры іх дзейнічалі школы. Пачатковыя школы (хедэры) былі прыватныя і грамадскія, агульнаадукацыйныя і прафесійныя, дзе вычылі рамяству. У іх займаліся дзеці ад 5 да 16 гадоў па 8 – 10 чалавек у кожнай. Іх у Слуцку ў 2 й палове ХІХ ст. было дваццаць. На Школішчы, вуліцах Віленскай, Шасейнай, напрыклад, было па чатыры хедэры, на гандлёвай плошчы – пяць. На Млыновай вуліцы дзейнічала ешыва (ешыбот) – вышэйшая навучальная ўстанова, якая мела шырокую вядомасць. У ХІХ ст. расійскім урадам арганізоўваліся дзяржаўныя яўрэйскія школы, дзе ўвага надавалася свецкім навукам і рускай культуры. Тады ж пачалі паступаць у мужчынскую гімназію, якая з кальвінскай навучальнай установы ператварылася ў дзяржаўную. На пачатку ХХ ст. папулярным стала навучанне ў Слуцкім камерцыйным вучылішчы.

У ХІХ ст., як і ў многіх іншых месцах, у Слуцку распачаліся спрэчкі паміж іўдзеямі-равіністамі і хасідамі, апошнія нават выганяліся з гораду. З канца ХІХ ст. многія яўрэі прымалі актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, уваходзілі ў склад як інтэрнацыянальных арганізацый, напрыклад РСДРП, так і нацыяналістычных – сіяністскай, Бунда і іншых. Пасля ўсталявання Савецкай улады прымалі актыўны ўдзел у будаўніцтве народнай гаспадаркі, наладжвалі партыйнае жыццё – бальшавіцкай арганізацыі і камсамола.

Ваенная трагедыя
Слуцк стаў адным з першых беларускіх гарадоў, дзе фашысцкія акупанты ўсчынілі масавую расправу над яўрэйскім насельніцтвам. Неўзабаве пасля захопа горада, напрыканцы лета 1941 г., па вуліцы Валадарскага (цяпер імя Максіма Багдановіча), было арганізавана гета, якое падзялілі на две часткі – рабочае і нерабочае (там жылі пераважна старыя і дзеці). З восені акупацыйныя ўлады пачалі перыядычна вывозіць невялікія партыі, звычайна з нерабочага гета, і растрэльваць ва ўрочышчы Гараваха (прыкладна ў 10 км на захад ад горада). Але самае жахлівае было наперадзе. Раніцай 27 кастрычніка 1941 г. з Каўнаса ў горад прыбыў 12 ы літоўскі паліцэйскі батальён бяспекі пад кіраўніцтвам Антанаса Імпулявічуса і адразу прыступіў да ліквідацыі гета. Старых і хворых грузілі на машыны, іншых гналі пешшу ў Гараваху, дзе растрэльвалі. Нават камендант горада прымушаны быў прызнаць, што дзеянні паліцэйскіх межавалі з садызмам. У дапамогу прыбыўшым быў вылучаны нямецкі 3 ці паліцэйскі батальён і мясцовая дапаможная паліцыя. Растрэлы працягваліся і 28 кастрычніка, ноччу літоўскі батальён выехаў у накірунку да Баранавічаў. Па розных звестках, за тыя два дні загінулі ад пяці да васьмі тысяч чалавек.

Значная колькасць яўрэйскага насельніцтва, тым не менш, ўратавалася. Акупацыйныя ўлады вырашылі стварыць новае гета. Для яго адвялі тэрыторыю былога Школішча. Раён абнеслі калючым дротам і пільна ахоўвалі. На работу і з работы людзей вадзілі пад канвоем. Перад пераводам яўрэеў у новае гета ў красавіку 1942 г. было растраляна некалькі соцен непрацаздольных, якія яшчэ заставаліся ў старым гета па Валадарскага.

У сувязі з нямецкім планам канчатковага рашэння яўрэйскага пытання, прынятым на 1943 г., быў вынесены прысуд і новаму слуцкаму гета. Непадалёку ад вёскі Мохарты былі выкапаны ямы. 7 лютага 1943 г. у Слуцк з Мінска прыбыла зондэркаманда СС, якая разам з мясцовымі акупантамі прыступіла да аперацыі 8 лютага ў 5 гадзін раніцы. Людзей выганялі з дамоў і грузілі на машыны. На гэты раз, аднак, з боку насельнікаў было аказана супрацьдзеянне, таму апоўдні эсэсаўцы са згоды каменданта горада пачалі паліць гета факеламі і агнямётамі, тых хто імкнуўся пакинуць гета, растрэльвалі. Аставілі эсэсаўцы горад 8 лютага каля васьмі гадзін вечара. Гета дагарала яшчэ тры дні. Парэшткі забітых па загаду немцаў былі адвезены на поле непадалёку ад горада, а вясной пахаваны.

Ва ўрочышчы Гараваха, каля вёскі Мохарты і на паўночнай ускраіне Слуцка, там, дзе пахаваны ахвяры згаданых трагедый, пастаўлены помнікі. Цяпер у памяць ахвяр слуцкага гета пад кіраўніцтвам архітэктара Леаніда Левіна рыхтуецца новы помнік, які павінен быць усталяваны непадалёку ад былога ўвахода ў гета на Школішчы.

За доўгую гісторыю са слуцкай абшчыны вышла многа дзеячоў навукі і тэхнікі, мастацтва і культуры, палітычных дзеячоў і вайскоўцаў. Імёны многіх з іх упісаны не толькі ў гісторыю Беларусі, але і іншых краін. З іх можна ўспомніць знакамітага мастака ХVІІІ ст. Хаіма Сегала (прадзеда Марка Шагала), вучонага-ветэрынара і педагога ХІХ ст. Іосіфа Равіча, выдатнага інжынера ХХ ст. – канструктара самалётных і ракетных рухавікоў Сямёна Косберга, паэта-сатырыка і драматурга Давіда Глікмана, пісьменніка Давіда Вендроўскага, які ў кнізе «Наша вуліца» аставіў цікавыя замалёўкі з жыцця Слуцка.

У Слуцку, па дадзеных за 2000 г., пражывала 168 яўрэяў – 0,3% ад усіх жыхароў горада. З 1995 года дзейнічае грамадскае яўрэйскае аб"яднанне «Помні», якое ўзначальвае Раіса Аляксееўна Тычына, рэлігійная іўдзейская абшчына «Хеўра Цегілім» і абшчына прагрэсіўнага іўдаізму «Гешэр».

 

Ігар Ціткоўскі
Краязнаўчая газета, №22 (135), чэрвень 2006 г.