Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку

Гістарычныя звесткі пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку

03.02.2014

Аздобай і характэрнай часткай нашага нацыянальнага строю спрадвеку быў пояс, які насілі паверх цёмнага жупана як заможныя класы, так і вясковы люд, а сяляне да сённяшняга дня амаль паўсюдна ўжываюць розныя скураныя і ўзорыстыя паясы, што з"явіліся ўпершыню, верагодна, у дагістарычнай калысцы Славяншчыны на далёкім Усходзе.

Амаль да канца XV стагодцзя ў Польшчы насілі скураныя, упрыгожаныя спражкамі і бляхамі паясы, ад тае ж пары пачалі ўжываць разнастайныя шарсцяныя, а таксама шаўковыя і парчовыя паясы. Уласна літыя паясы, аднак, пашырыліся ў Польшчы разам з маляўнічым кунтушом, пачынаючы з апошняй чвэрці XVII стагоддзя і, уяўляючы сабой каштоўны дадатак да шляхецкага строю, прывозіліся з-за мяжы, пераважна з Персіі і Турцыі, праз пасрэдніцтва армянскіх купцоў, і каштавалі ад 4 і ажно да 500 дукатаў за штуку.

Гэты гандаль, вельмі і вельмі выгадны, прывёў нарэшце да заснавання ў краі фабрык, названых «персіярнямі», першай і найвядомейшай з якіх была слуцкая фабрыка, бо і сапраўды «персіярня» гэтая, а дакладней ткальня, з пункту гледжання эстэтыкі і майстэрства выканання мае першараднае значэнне ў галіне нацыянальнай мануфактурнай прамысловасці. I калі ў 1878 годзе слуцкія паясы экспанаваліся на сусветнай парыжскай выстаўцы, яны выклікалі захапленне ў замежных знаўцаў (гл. «Tygodnik Ilustrowany» за гэты ж год, № 131, с. 403); з гэтага часу яны ператварыліся ў прадмет, які іншаземцы расшуквалі для сваіх збораў у якасці твора мастацтва.

Адсылаючы чытача па звесткі пра дзесятак айчынных ткальняў да цікавых нататак Юльяна Калачкоўскага, змешчаных у «Przeglаdzie bibliograficzno-archeologicznym» за 1881 год (с. 244–245), я збіраюся гаварыць толькі пра слуцкую ткальню, найважнейшую сярод іншых.

Сям-там ужо сустракаліся асобныя згадкі пра яе, пераважна недакладныя і памылковыя, як, напрыклад, тое, што гэтую фабрыку заснавалі нібыта князь Геранім Фларыян Радзівіл або князь Кароль Пане Каханку [1], прыводзіліся блытаныя звесткі пра майстроў, іх паходжанне, час узнікнення майстэрні, спынення яе працы і г.д. Памылкі гэтыя, перадаваныя з вуснаў у вусны, пэўным чынам падмацавалі сваім аўтарытэтам і вядомыя аўтары, таму часткова мы знаходзім іх: у Балінскага (Старажытная Польшча, т. IV, с. 545, выд. 2-е), у Каратынскага [2] (Вялікая энцыклапедыя Аргельбранта, т. XXIII, с. 693), у Сыракомлі (Вандроўкі, 167), у Мартыноўскага («Kiosy» за 1881 год, № 844, с. 134), у Валіцкага (праца «Станіслаў Манюшка», с. 90), у Кіркора («Opiekun domowy» за 1875 год, № 31, с. 486), у Калачкоўскага (гл. згаданую вышэй працу); пару разоў памыліліся таксама аўтар гэтых радкоў (гл. Геаграфічны слоўнік, т. X, 841, і «Biblioteka Warszawska» за 1890 год, с. 230) і нават вучоны Корзан [3], прыпісваючы заснаванне слуцкай ткальні паясоў князю Міхалу Казіміру Радзівілу, бацьку славутага Пане Каханку; ён не прывёў ніякіх падрабязнасцяў і не пазбег памылкі, калі меркаваў, што слуцкая фабрыка канчаткова перайшла ва ўласнасць Пасхаліса (Унутраная гісторыя, II, 213), хаця вядома, што Пасхалісы мелі свае ткальні толькі ў Ліпкаве і Кабылцы пад Варшавай і што гэта апошняя была знішчана ў 1794 годзе, а слуцкая існавала, як мы ўбачым далей, да 2-й чвэрці XIX стагоддзя, і Пасхаліса тут увогуле не ведалі.

Няма нічога дзіўнага ў тым, што першая айчынная фабрыка адмысловых вырабаў з парчы ўзнікла на Случчыне, бо мастацкая традыцыя з лёгкасцю ўсталявалася тут у розных напрамках, дзякуючы вяльможным Радзівілам, якія мелі рэзідэнцыі ў Слуцку, Міры, Клецку і галоўную – у Нясвіжы. Таму мы бачым, што яшчэ ў XVII стагоддзі, калі на Літве толькі пачулі ўвогуле пра мастацкасць, Слуцк замахнуўся на працу Рыко пра «Турэцкую манархію», аздобленую досыць удалымі гравюрамі беларуса Макса Вашчанкі (1678), а пазней славуты Гершка Ляйбовіч, родам з Нясвіжа, гравіраваў там выдатныя карты і галерэю радзівілаўскіх карцін.

Мастацтва тонаў і пэндзлю заўсёды мела прытулак у Радзівілаў, а багата адораная эстэтычнымі талентамі княгіня Уршуля Францішка Радзівіл з Вішнявецкіх [4], жонка князя Міхала Казіміра Радзівіла па мянушцы Рыбанька [5], абудзіла ў слуцкай старонцы адмысловы інтэлектуальна-мастацкі рух, і кожны, хто пакланяўся навуцы ці мастацтву, сустракаў тут разуменне, а ўсё атачэнне прыстасоўвалася да пануючых на княжацкім двары густаў. Нясвіж і Слуцк былі месцамі сходаў, святкаванняў, строяў; натоўпы шляхты выступалі тут з вялікай пышнасцю. А паколькі Радзівілы вызначаліся польскімі строямі, што нават выклікала вядомы жарт прыхільніка даўніны князя Кароля Пане Каханку ў час прэзентацыі нібыта чалабітнай «да выскачкі» караля Станіслава Панятоўскага [6], то і паясы, як неабходная дэталь нацыянальнага адзення, знайшлі на гэтым грунце падтрымку і мясцовых тытулаваных карыфеяў, і ўсяго грамадства. Гэта зразумеў нейкі практычны Ян Маджарскі, сын Нумы, майстар у галіне мастацкага вырабу тканін і, трапіўшы на нясвіжскі двор князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, дамогся яго пратэкцыі, і ў выніку з"явіліся фабрыкі дываноў у Нясвіжы і каштоўных паясоў у Слуцку.

Пра гэту апошнюю я і буду гаварыць, і хаця не варта нават разлічваць на дакладнасць, якая б вычарпала цікавы прадмет, бо больш падрабязныя звесткі рассеяліся ў часы – і тады, і пазней – не надта крытычныя, аднак я мяркую, што прыведзеная ніжэй інфармацыя пра слуцкую фабрыку стане важным дапаўненнем і ўнясе папраўкі ва ўсё сказанае пра яе іншымі. Бо я збіраў матэрыялы досыць карпатліва і ўдзячны, перш за ўсё, грунтоўнаму знаўцу айчынных спраў п. Аляксандру Валіцкаму, у цяперашні час захавальніку нясвіжскіх архіваў, з ласкі якога мне ўдалося здабыць копіі рэестраў і карэспандэнцыі, што маюць дачыненне да гэтай фабрыкі. З падзякай п. А. Валіцкаму і іншым за прадстаўленыя мне матэрыялы і зробленыя крытычныя заўвагі, адразу прыступаю да справы.

Хаця ў 1758 годзе ў слуцкіх аладыяльных уладаннях жыў яшчэ бяздзетны князь Геранім Фларыян Радзівіл, падчашы і харунжы літоўскі, верагодны малодшы сын князя Кароля Станіслава і Ганны з Сангушкаў, аднак яго старэйшы брат князь Міхал Казімір, бясспрэчны Радзівіл, ардынат, ваявода віленскі, які таксама меў тут удзел, заключыў 24 студзеня дамову з Янам Маджарскім пра заснаванне ў Слуцку «персідскай фабрыкі». Дамова гэтая, дзе тлумачацца аўтэнтычнае паходжанне майстра і варункі вытворчасці, выглядае наступным чынам: «Міхал Казімір Радзівіл, князь у Алыцы, Нясвіжы, Біржах, Дубенках, Клецку і Свяшчэннай Рымскай Імперыі, граф у Міры, Шыдлоўцы, Крожах, Копысі і Белай, а ў Жолкве, Злочаве, Памажанах пан і памешчык, ваявода віленскі, гетман вялікі Вялікага Княства Літоўскага, члухаўскі, камянецкі, наватаргскі, парчэўскі, асецкі і г.д. староста. Паведамляю, каму пра гэта ведаць належыць, што я ўчыніў кантракт з Янам Маджарскім, персідскай, турэцкай, кітайскай, рознай матэрыі і працы майстрам, родам са Стамбула, які ад даты гэтага кантракта абавязваецца ў адпаведнасці з воляй маёй усякія рэчы, менавіта: дыванкі, дываны, паясы рабіць, з кветкамі, асобамі, лічбамі, золатам, срэбрам, шоўкам, паводле пададзенага абрысу. In reconpensam[7] тады гэткай яго працы пастанаўляю яму з казны маёй штотыднёвую пенсію па адным залатым дукаце, якая пунктуальна даходзіць павінна. Гэты ж Маджарскі абавязваецца хлопца навучыць дасканала гэтай персідскай працы. Калі б не ставала казённай працы, дазволена яму будзе дзеля свайго пажытку і выгады са сваіх матэрыялаў ці паясы, ці іншую artis suae[8] работу рабіць і прадаваць. I на тое даўшы гэты кантракт, для большае вагі сваёй уласнай рукой падпісваю. Datum у замку маім нясвіжскім дня 24 January 1758 anno» [9].

Потым ідзе подпіс Маджарскага па-армянску, які я прыводжу іут у вернай копіі пана А. Валіцкага з арыгінальнага аўтографа:


Трэба адзначыць цікавую заўвагу п. Валіцкага, што ўсе лісты Яна Маджарскага хаця і напісаны па-польску, але чужой рукой і ўсюды толькі імя і прозвішча армянскія, напісаныя ўласнаручна, адкуль выснова, што Маджарскі не ўмеў пісаць па-польску, і гэта пэўным чынам пацвярджае яго сапраўднае паходжанне, зразумела, армянскае.

Біёграфы і нашчадкі, што жывуць сёння, называюць Маджарскага венграм; ён знаходзіўся ў турэцкім палоне і там навучыўся свайму майстэрству, аднак нават венгерскае паходжанне роду зусім не пярэчыць яго армянскай крыві, раз Маджарскі, прыехаўшы ў Польшчу, захаваў родную мову. Ужо ў другім пакаленні гэта сям"я стала цалкам польскай, атрымала ў 1790 годзе грамадзянска-шляхецкае пажалаванне ў асобе Леана Маджарскага, сына Яна, які стаў таксама шамбялянам караля Станіслава Аўгуста. Аднак у бягучай чвэрці стагоддзя род польскіх Маджарскіх па мужчынскай лініі скончыўся, і іх кроў захавалася толькі ў старашляхецкіх родах Шпіхальскіх, Манюшкаў, Крушынскіх і, магчыма, іншых праз шлюбы жанчын. Пазней яшчэ будзе нагода прыгадаць Маджарскіх і даць радавод іх чатырох пакаленняў у Польшчы, а цяпер вернемся да гісторыі слуцкай ткальні, якая слушна абавязана ім сваёй славай.

Персіярня з"явілася ў Слуцку ў той час, калі Бацькаўшчына апынулася на пераломе, аднак майстэрня развівалася пад эгідай Радзівілаў і іх кліентэлы, бо акурат тады найбольш выраблялася паясоў. Але шчасце пераменлівае, і неўзабаве радзівілаўскі дом зведаў катастрофы і страты. У 1760 годзе памёр князь Геранім Фларыян Радзівіл, падчашы і харунжы літоўскі, апякун фабрыкі, а ў 1762 годзе не стала і яе фундатара князя Міхала Казіміра, які перадаў сваю вялізную спадчыну сыну Каролю Пане Каханку, неверагоднаму марнатраўцу.

Багацці свае, якія шчодра выдаткоўваліся на оргіі, ён, пэўна, не мог выкарыстоўваць на патрэбы персіярні, тым болей, што князь, умяшаўшыся ў гучную палітычную акцыю супраць абрання Станіслава Аўгуста, у 1764 годзе быў ушчэнт разбіты пад Слонімам, мусіў уцякаць з краю і бадзяўся на чужыне ажно да 1767 года, дзеля таго толькі, каб, вярнуўшыся, кінуцца ў радамскую авантуру [10], потым прыстаць да Барскай канфедэрацыі [11] і, зноў скампраметаваўшы сябе, уцякаць у 1769 годзе ў Сілезію, страціўшы паўторна канфіскаваныя маёнткі. Князь туляўся тады па ўсёй Еўропе, ганяючыся за марай аб выратаванні айчыны, пакуль нарэшце, прыгнечаны падзеямі, змарнаваўшы ўсе грошы, заклаўшы нават маёмасць, не быў вымушаны прыніжана капітуляваць, і хаця ў 1776 годзе сойм даў яму амністыю, ён толькі ў 1778 годзе вярнуўся ў свой Нясвіж і знайшоў яго ў руінах. Зразумела, што ў гэты час блуканняў не было калі думаць пра персіярню, князь мусіў толькі рабіць усё большыя пазыкі.

Адначасова Маджарскі, які паводле кантракту атрымліваў усяго 4 дукаты штомесячна (!), пэўна, добра карыстаўся правам самастойнага вырабу тканін, бо неўзабаве мы бачым яго ў якасці задаткаатрымальніка ў радзівілаўскім фальварку Сёлка непадалёк ад Слуцка.

Але ў 1770 годзе яго ганебна ашукаў нейкі Віт Яновіч, ротмістр вілкамірскі, выплаціўшы Маджарскаму задаткавую суму і сілай заняўшы Сёлка. Маджарскі, гвалтоўна выгнаны ім на слуцкі брук, 20 чэрвеня напісаў князю роспачны ліст, выклаўшы сваю крыўду; нагадаў князю, як некалі, паверыўшы яго слову, прывёз жонку і сына (верагодна, з-за мяжы ў Слуцк), бо атрымаў гарантыі на трыманне Сёлка ў пажыццёвым закладзе, а цяпер яго выкінулі, і княжацкая казна нават не падтрымлівае фабрыку. Ён надта ж скардзіўся, што ротмістр Яновіч абылгаў яго ў вачах грамадскасці, называючы даносчыкам і абвінавачваючы ў тым, быццам ён данёс маскоўскаму каменданту ў Слуцку пра адсутнасць у Яновіча пашпарта, хоць камендант сам высачыў Яновіча, арыштаваў яго на нядоўгі тэрмін, і цяпер Яновіч пагражае яму смерцю. Вось у такім крытычным становішчы Маджарскі «крывавымі слязьмі» просіць справядлівасці, ратунку або вызвалення яго цалкам ад абавязкаў, якія ён ніколі не пакінуў бы, каб не пастаянныя выклікі і «падбухторванні ад двароў».

Ультыматум гэты прынёс хуткія вынікі, бо Маджарскі па-ранейшаму застаўся ў Сёлку, але падрабязнасці яго вяртання са Слуцка ў фальварак у паперах мы не знайшлі.

Потым ужо фартуна, здаецца, спрыяла Маджарскаму, бо калі ў 1773 годзе князь Кароль Радзівіл, маючы пільную патрэбу ў грошах, выдаў 15 красавіка ў Мангайме даверанасць свайму ўлюбёнцу Міхалу Радзішэўскаму на неабмежаванае права пазыкі капіталаў для сябе, Маджарскі не ўпусціў зручны момант і 29 ліпеня гэтага ж года ўручыў Радзішэўскаму 10 000 польскіх злотых, урачыста паабяцаўшы па першым патрабаванні даць удвая большую суму.

За гэтую пазыку ды абяцанне новай князь падзякаваў яму ў лісце са Страсбурга, адрасаваным Радзішэўскаму ад 30 ліпеня, а таксама запрасіў Маджарскага ў Жолкву.

I сапраўды, у наступным 1774 годзе Маджарскі, прыехаўшы ў Жолкву, 21 лютага выплаціў даверанаму генерал-маёру Якубу Фрычынскаму гэтыя абяцаныя 20 000 злотых і атрымаў ад яго даўгавую распіску з гарантыямі, што той выстараецца ў князя Мікалая Радзівіла, крайчага Вялікага Княства Літоўскага, дазволу на пераход 16 сялян з вёскі Іспаскай у фальварак Івань, які ўжо трымаў Маджарскі. Цяпер Маджарскі пачуваўся на сваёй пасадзе больш упэўнена, і з"явілася магчымасць узяць фабрыку ў арэнду; пачаліся перамовы з адміністрацыяй і, нарэшце ў 1776 годзе было заключана арэнднае пагадненне з давераным Радзішэўскім, які 20 мая ў Слуцку выдаў Маджарскаму кантракт […]

Неўзабаве пасля ўзяцця фабрыкі ў арэнду Маджарскі ў лісце ад 29 мая гэтага ж года дамагаўся ад князя выплаты належнай яму сумы ў памеры 46 363 злотых і 5 гр., на фальварак Ванькоўшчына (Ванькоўшчына сёння – фальварак у Слуцкім павеце, каля 40 валок, уласнасць польскай сям"і Разсудоўскіх.), матывуючы сваё патрабаванне сталым векам, а адсюль – жаданнем урэгуляваць сямейныя справы, каб жонка, сын, нявестка і ўнукі мелі цалкам гарантаваны капітал, тым больш, што ўрачыстае абяцанне перадаць яму 16 «спаскіх мужыкоў» так і не было выканана, іх па-ранейшаму трымаў кашталяніч Незабітоўскі.

Свае прэтэнзіі на згаданую суму Маджарскі пацвердзіў рахункамі, з якіх бачна, што апрача толькі што пазычаных 30 000 злотых і пратэрмінаваных 1549 злотых за сукно для міліцыі, княжацкая казна была вінаватая рэшту за ўзятыя паясы для княжацкага гардэроба і падарункі, менавіта: у 1767 годзе ў час Радамскай канфедэрацыі 4410 злотых; у 1768 годзе 2510 злотых; у 1771 годзе 1800 злогых; у 1773 годзе 5994 злотых. Нарэшце ўнізе рахунка знаходзім наступнае заканчэнне петыцыі: «Гэтая сума, калі праз ласку яснавяльможнага пана ардыната будзе прыпісана да фальварка Ванькоўшчына, усе квіткі і квітанцыі вашыя аддам у рукі яснавяльможнага пана Радзішэўскага, палкоўніка міліцыі яснавяльможнага пана ардыната дабрадзея, да рэестра якога ўласнаручна па-армянску падпісваюся. Datt. у Слуцку ut supra Ян Маджарскі мэтр фабр. пер. слуц. м.п.».

Відавочна, Ванькоўшчына не была ўзята ў заклад, калі, як мы ўбачым, сын Яна, Леан Маджарскі, высоўваючы ў 1792 годзе прэтэнзіі да княжацкай казны, падаў у рахунку ўсе пазіцыі пазыкі, пералічаныя ў рахунку яго бацькі ў 1776 годзе, але фабрыка надоўга засталася ў арэндзе ў Маджарскіх, і кантракт працягваўся штогод без змены кошту арэнды.

Калі памёр Ян і калі фабрыку ўзяў яго сын Леан, даведацца не ўдалося. Сваякі, якія жывуць сёння, пра гэта не ведаюць, ніякіх слядоў няма пра гэта і ў нясвіжскім архіве, таму можна толькі выказваць меркаванні.

Ужо ў 1778 годзе княжацкая адміністрацыя аплочвала рахункі Леана Маджарскага, але потым мы зноў знаходзім распіску за 1780 год, ужо ад 13 сакавіка, дадзеную на імя Яна, і гэта быў ужо апошні дакумент, аформлены на бацьку, пасля чаго адміністрацыя мела справы толькі з яго сынам Леанам.

Справы асобы звычайна суладныя становішчу ў грамадстве, слуцкая фабрыка нядоўга магла паспяхова развівацца ў той час, сярод агульнага замяшання, з якога пачаўся заняпад краю.

Праўда, Нясвіж у 1784 годзе, пад час знаходжання там караля, патанаў у раскошы, і слуцкая фабрыка добра гэтым карысталася, але неўзабаве небасхіл пачаў зацягвацца хмарамі. У 1787 годзе памёр князь Геранім, любімы зводны брат (Ад Мыцельскай) князя Кароля, а князь Пане Каханку супакоіўся і згасаў у сумоце ажно да 1790 года. З прычыны непаўналецця князя-ардыната Дамініка Геранімавіча маёмасныя справы Радзівілаў заблыталіся. Нарэшце, пачаліся агульнанацыянальныя падзеі, якія ўсё перамянілі, заняпала таксама і фабрыка. Дарэмна Леан Маджарскі ў 1792 годзе маліў гаспадара ліквідаваць рахункі, што так і не было зроблена, а тым часам становішча яшчэ больш пагоршылася, і хіба адзіным, але слабым суцяшэннем стала яму тое, што акурат тады ён атрымаў тытул шамбяляна польскага двара.

Але тытул, відавочна, не пасаваў да спекуляцый фабрыканта, таму 13 кастрычніка 1795 года Маджарскі праз свайго ўпаўнаважанага Марціна Гротуса дапаўняе сваёй паперай слуцкія акты, заяўляючы, што, паколькі фабрыка з прычыны сумных абставін у краіне цалкам заняпала, ён афіцыйна адмаўляецца ад яе арэнды, абавязку выплачваць 10 000 злотых і просіць генеральны рахунак.

З дакумента гэтага мы даведваемся, што «агульны неспакой» прымусіў Маджарскага пратэрмінаваць аплату, згарнуць палову фабрыкі і плаціць астатнім работнікам кармавыя, хаця ніякай прадукцыі не было, бо людзей у яго забіралі ў канстытуцыйныя войскі; што княжацкая адміністрацыя не выконвала абавязкаў па рамонце фабрыкі, а прывезці матэрыялы з-за мяжы немагчыма, бо шляхі зносін перарэзаны і добра, калі можна будзе выкарыстаць тыя рэшткі матэрыялаў, што засталіся.

Як бачна, і гэтае ўнясенне было безвыніковым, бо апякун непаўналетняга ардыната, князь Мацей Радзівіл, кашталян віленскі, не мог ці не хацеў пакуль што ўладжваць гэтае важнае пытанне. Так яно і заставалася нявырашаным да 1805 года, калі Маджарскі, карыстаючыся тым, што малады князь Дамінік дасягнуў паўналецця, падаў 15 ліпеня Міхалу Залескаму, старосце швянтоўскаму, галоўнаму ўпаўнаважанаму радзівілаўскіх уладанняў, прашэнне з патрабаваннем разліку на суму 234 564 злотых і 10 грошаў, прыклаўшы да яго ad hoc[12] адмысловы paхунак i абгрунтаваўшы яго спасылкай на вусныя абяцанні нябожчыка князя Кароля. Рашэнне па гэтым прашэнні было прынята толькі праз дваццаць месяцаў, бо 12 сакавіка 1807 года да Маджарскага звяртаецца з лістом камісар Слуцкага княства Тамашэўскі, патрабуючы тлумачэнняў. Паколькі на пастаўленыя пытанні Маджарскі мусіў даваць катэгарычныя адказы, дакумент гэты ў значнай ступені адлюстроўвае тагачаснае становішча фабрыкі і тлумачыць розныя справы, таму прыводзім яго цалкам:

1) Пытанне: «На чым грунтуецца прэтэнзія вяльможнага шамбяляна да княжацкай казны? Якія асобы завінаваціліся? Калі? На якую канкрэтна суму і наогул колькі яна можа складаць?»

Адказ: «Прэтэнзія мая да казны яснавяльможнага князя-ардыната міласцівага пана грунтуецца на падставе: дакументаў, квіткоў, квітанцый, як яго светласцю князем міласцівым панам, так і ягонымі паўнаважанымі і рознымі афіцыялістамі ўзятых, на што складаюцца пры гэтым асобныя тлумачэнні».

2) Пытанне: «Копію кантракта на фабрыку будзе вяльможны шамбялян ласкавы падаць мне дзеля інфармацыі і, калі ёсць якое-небудзь апісанне, прад"явіць».

Адказ: «Копіі кантракта і апісання фабрыкі складаюцца».

3) Пытанне: «Ці ў гэтай фабрыцы шмат ёсць розных варштатаў? Шмат з іх працуе? Шмат ёсць пустых? Ці яны цалкам добрыя і забяспечаныя ўсімі прыналежнасцямі?»

Адказ: «На фабрыцы знаходзяцца дваццаць чатыры варштаты, забяспечаныя ўсімі прыналежнасцямі, якія да рэвалюцыі[13] былі ўсе заняты, а ад пачатку рэвалюцыі на дванаццаці толькі варштатах утрымліваецца гэтая фабрыка».

4) Пытанне: «Ці шмат ёсць майстроў, хлопцаў, наглядчыкаў і іншых рамеснікаў? Якім чынам ім плацяць і колькі, прашу падаць падлікі на кожнага з іх».

Адказ: «Майстроў пры варштатах 12, цягальшчыкаў столькі ж, памочнік 1, пісар 1, вязальшчыкаў кветак 1, весці аснову 1, матальшчыкаў шпуль 1, сталяр у гэтай жа фабрыцы 1. Усяго людзей трыццаць. Майстры і цягальшчыкі, што сядзяць пры варштатах, аплочваюцца ў залежнасці ад таго, колькі штук было ў рабоце, а паколькі цяжка вылучыць асобна іх аплату, я пакажу яе пры перадачы фабрыкі. Пісару на месяц выплачваюцца чатыры залатыя дукаты, квартальных (sic) у год дзесяць залатых дукатаў. Вязальшчыку кветак у месяц чатыры залатыя дукаты і квартальныя ў год (sic) дзесяць залатых дукатаў. Матальшчыку шпуль у месяц два залатыя дукаты; памочніку ў месяц трыццаць залатых; сталяру ў месяц шаснаццаць залатых».

5) Пытанне: «Ці можна даць рэестры ўсяго фабрычнага абсталявання і ўсяго начыння, машын і таго, што толькі можа быць патрэбна фабрыцы?»

Адказ: «Усё фабрычнае абсталяванне і ўсё начынне, машыны і тое, што толькі для гэтай фабрыкі патрэбна, з моманту прыняцця фабрыкі будуць аддадзены».

7) Пытанне: «Колькі ўсіх матэрыялаў шаўковых, шаўковых для вышыўкі, золата, серабра, шнуроў, бёрдаў, як дастаўляюцца, з якога месца і па якой цане?»

Адказ: «Усе матэрыялы: шоўк, шоўк для вышыўкі, золата, серабро дастаўляюцца з Гданьска. Цану назваць не магу, бо яна розная. Шнуры вырабляе тутэйшы пазументнік, плата якому ідзе ад фунта. А ніці і бёрды вырабляюцца на фабрыцы».

9) Пытанне: «У гэтай жа фабрыцы толькі паясы, ці таксама розныя матэрыі, хусткі і г.д. гладка і ў розныя ўзоры могуць вырабляцца?»

Адказ: «У гэтай фабрыцы не толькі паясы, але ўсе матэрыі з серабра, золата і шоўку ў розныя ўзоры ў залежнасці ад пажадання вырабляць можна».

Потым ідзе спіс канторшчыкаў, майстроў, што знаходзяцца пры персідска-слуцкай фабрыцы ў 1807 годзе. Пералічаем іх прозвішчы і функцыі.

1. Андрэй Гутоўскі, з Галіцыі, для вязання кветак.
2. Тамаш Барсук, шляхціц, пісар.
3. Міхал Баранцэвіч, шляхціц, для навівання шпуль.
4. Сымон Сегень, з Нясвіжа, весці аснову.
5. Ян Івашкевіч, са Слуцка, памочнік.

Пры варштатах.

1. Юзаф Барсук, шляхціц.
2. Піліп Дубіцкі, з Урэчча.
3. Міхал Надольскі, з Нясвіжа.
4. Ян Канчыла, са Слуцка.
5. Ян Рымашэўскі.
6. Ян Дубіцкі, з Урэчча.
7. Аляксандр Лойка, са Слуцка.
8. Васіль Смяшкевіч, са Свержаня.
9. Фларыян Міхалоўскі, са Слуцка.
10. Кароль Садоўскі, з Белай.
11. Францішак Мушынскі, са Слуцка.
12. Ян Серыкоўскі, са Слуцка.

Цягальшчыкі.

1. Павел Кулікоўскі, са Слуцка.
2. Пасхаліс Івашкевіч, са Слуцка.
3. Якуб Канановіч, са Слуцка.
4. Вінцэнт Івашкевіч, са Слуцка.
5. Юзаф Свянціцкі, са Слуцка.
6. Раман Вархан, са Слуцка.
7. Піліп Талкачэвіч, са Слуцка.
8. Пётр Зянькевіч, са Слуцка.
9. Міхалоўскі, са Слуцка.
10. Андрэй Чайкоўскі, са Слуцка.
11. Сымон Сянькевіч, са Слуцка.
12. Якуб Вайцяхоўскі, з Сёлка.

Сталяр: Казімір Сымановіч, са Слуцка.

Потым 30 сакавіка гэтага ж года Маджарскі падаў княжацкай адміністрацыі мемарандум разам з тлумачэннямі, што ўсім згаданым вышэй работнікам фабрыкі, хаця яна зусім не працавала на працягу 13 месяцаў у час і пасля рэвалюцыі, ён выплаціў з уласнай кішэні 12 669 злотых і 20 грошаў; а Тамашэўскі, камісар Слуцкага княства, рапартам ад 3 красавіка далажыў упаўнаважанаму, што прэтэнзіі Маджарскага трэба прыняць пад увагу.

У гэтым рапарце, паміж іншым, чытаем: «Свайго пэўнага погляду на гэтую справу ў мяне няма; можа, некаторыя артыкулы пры фармальных разліках адпадуць, чаго будзе няшмат, а рэшту трэба будзе прыняць, дзе ёсць рука або саміх князёў, або іх упаўнаважаных, з пералічэннем пэўнай цаны за кожную рэч. На заканчэнне гэтай справы вяльможны Маджарскі хоча адмовіцца не толькі ад фабрыкі, якую лічыць для сябе найвялікшым цяжарам, але і ад фальварка Сёлка, на якім ён мае закладной сумы некалькі тысяч. У канцы ён жадаў бы атрымаць пэўную ўзгодненую і канчаткова вызначаную суму і просіць, каб яна была змешчана ў якім-небудзь іншым фальварку закладным спосабам, абы толькі стары яшчэ пры сваім жыцці мог дачакацца канца. А найбольш турбуе і мучыць яго персідская фабрыка, якой ён хоча пазбавіцца як мага хутчэй, бо старэчыя гады не дазваляюць яму працаваць, а ад сыноў няма ніякай дапамогі. З гэтае прычыны не толькі будаўніцтва гэтай фабрыкі непатрэбнае і руйнуе яго дарэшты, але нават сама фабрыка ўсё больш занепадае ў рамястве і ў дастаўцы матэрыялаў. Таму гэтая справа патрабуе як мага хутчэйшага разгляду і вырашэння».

Нягледзячы на старанні і намаганні Леана Маджарскага вызваліцца ад фабрыкі, якая ў новых абставінах ужо не магла ствараць свае вырабы, нягледзячы нават на тое, што бліжэйшыя адміністрацыйныя органы падзялялі яго прэтэнзіі, князь-ардынат не спяшаўся з ліквідацыяй. Таму Маджарскі зноў штурмаваў упаўнаважанага Залескага ўмольным лістом з Сёлка, напісаным 11 чэрвеня 1807 года: «Вяльможны міласцівы дабрадзей. Не будучы ўжо ў стане ўтрымліваць персіярскую фабрыку, я просьбу сваю, неаднаразова перасыланую і пісьмова, і праз сяброў вяльможнаму міласціваму пану дабрадзею, забраць яе ў казну змушаны зноў паўтарыць у гэтым лісце. Я прасіў вусна і пісаў пра гэтую маю справу вяльможнаму Тамашэўскаму, камісару Слуцкага княства, які меў ад Вас даручэнне скончыць маю справу. Але просьба мая да часу прыбыцця вяльможнага міласцівага пана дабрадзея зацягвалася і выніку не мела. Спадзеючыся, аднак, на ўжо хуткае заканчэнне маёй справы з вяльможным міласцівым панам дабрадзеем, я ўтрымліваў фабрыку звыш маіх магчымасцяў, але ў самы спрыяльны час без якога-небудзь збыту тавараў. Але толькі са стратай апошніх запасаў я мушу яе пакінуць і фабрыку зачыняю. Леташнія чуткі, быццам Случчына будзе прададзена ў манаршую казну, і няспынная вайна не дазволілі мне зрабіць якія-небудзь запасы патрэбных матэрыялаў, таму фабрыку да гэтага часу я ўтрымліваў толькі дзякуючы рэшце былых запасаў, завінаваціўшыся з аплатай рамеснікам. А калі матэрыялы скончыліся, фабрыка спынілася. Спадзяюся, што Вы, вяльможны і міласцівы пан дабрадзей, з той прычыны, што фабрыка ўжо спынілася, і каб задаволіць маю просьбу, загадаеце фабрыку гэтую прыняць у казну і час заканчэння маёй справы прыспешыце, вызначыўшы пэўны тэрмін, бо сам я з-за свайго нездароўя асабіста быць не магу і выкарыстаю свайго сябра, які ад майго імя справу з Вамі закончыць! А пра рамеснікаў, што з дзяцінства былі пры фабрыцы і пасля спынення фабрыкі страцілі сродкі да жыцця, будзьце ласкавы паклапаціцца. Чакаю ласкавага адказу, які з найвышэйшаю пакорнасцю просячы, застаюся з найвышэйшаю павагаю вяльможнага і міласцівага пана дабрадзея найніжэйшы слуга, Леан Маджарскі».

З гэтага ліста бачна, што фабрыка ў 1807 годзе фактычна заняпала, што састарэлы Маджарскі сапраўды не мог займацца далей адмысловай працай, прагнуў адпачынку на схіле гадоў, тым не менш яго сумленнае сэрца цікавілася лёсам супрацоўнікаў-землякоў, таму ён прасіў пра пажыццёвыя прывілеі для іх. Прозвішчы гэтых невядомых раней грамадству нашых рамеснікаў у мастацтве вытанчанага ткацтва мы пералічылі вышэй паводле спіса, што захаваўся на мізэрным архіўным кавалачку паперы.

Гэтым разам рашучая заява Маджарскага падзейнічала, князь распарадзіўся ўрэгуляваць з ім рахункі. I Маджарскі зноў прад"явіў іх у пісьмовым выглядзе за 30 гадоў, з 1776 да 1807 года ўключна. У гэтым рахунку ад 15 кастрычніка знаходзім звесткі, што за ўвесь перыяд арэнды Маджарскія выплацілі арэнднай платы 318 333 злотых і 10 грошаў, а княжацкая каса была вінаватая 180 795 злотых за ўзятыя наяўныя грошы і фабрычныя вырабы. Гэтыя апошнія па распісках розных канторскіх служачых, а таксама касцюмераў Букоўскага і Радзішэўскага, склалі значную суму ў 59 005 злотых.

Нарэшце, 30 лістапада гэтага ж 1807 года было заключана канчатковае пагадненне ардынацыі з Маджарскім. Пагадненне грунтавалася на тым, што князь, не скасоўваючы закладу на Сёлка, за ранейшую суму аддаў Маджарскаму ў трохгадовую арэнду фальварак Манькаў дзеля кампенсацыі 30 000 злотых, а Маджарскі ў прысутнасці запрошаных сведкаў даў наступную распіску: «Я, Леан Маджарскі, былы дырэктар слуцкай персідскай фабрыкі, падпісаўшыся ніжэй уласнаю рукою, паведамляю гэтым маім навечна адступным запісам яснавяльможнаму князю міласціваму Дамініку Радзівілу, ардынату нясвіжскаму і алыцкаму, камергеру двара яго імператарскай вялікасці: што я, Маджарскі, маючы розныя прэтэнзіі да капіталаў яснавяльможнага князя міласцівага ардыната адпаведна за ўзятыя з арандаванай мною слуцкай персідскай фабрыкі паясы і матэрыялы паводле распісак былых яснавяльможных князёў міласцівых Кароля і Гераніма Радзівілаў, а таксама іх фаміліі або канторскіх служачых, да таго ж за страты на ўтрыманне гэтай самай фабрыкі за некалькі апошніх гадоў, калі ў сувязі са зменай палітычных абставін, не маючы магчымасці надалей утрымліваць згаданую фабрыку, я праз суд адмовіўся ад яе, але апекуны яснавяльможнага князя міласцівага ардыната, у той час непаўналетняга, прыняць ад мяне гэтую фабрыку не хацелі; тым не менш за ўзятыя ў розны час наяўныя грошы па распісках, даўгавых абавязацельствах, страхоўках і рэверсах, а асабліва паводле дакументаў яснавяльможнага Радзішэўскага, былога княжацкага ўпаўнаважанага, на польскіх злотых дзесяць тысяч у год 1773, ліпеня 29 дня і паводле рэверсу яснавяльможнага Фрычынскага, генерал-маёра і ўпаўнаважанага, на польскіх злотых 20 000 у год 1774, лютага 21 дня выдадзеных. Калі на ўсе гэтыя прэтэнзіі, пералічаныя або непералічаныя, заканчваючы спосабам сяброўскай памяркоўнасці, я знайшоў у паблажлівым сэрцы яснавяльможнага князя міласцівага ардыната пацвярджэнне сапраўднасці даўгоў і маіх заслуг, за якія, прызначыўшы мне суму ў трыццаць тысяч польскіх злотых, ён дзеля яе кампенсацыі фальварак Манькаў у трохгадовую арэнду перадае, таму я, Маджарскі, гэтую дабрачынную ўзнагароду з найвялікшаю ўдзячнасцю прымаючы, яснавяльможнаму князю міласціваму ардынату навечна і безумоўна даю распіску, ад прэтэнзій розных, як адносна ўтрымання і здачы персідскай фабрыкі, гэтаксама і паводле якіх-небудзь папер і дакументаў, прад"яўленых яснавяльможнаму князю ці тых, што могуць быць прад"яўлены (апрача закладной сумы на Сёлка), адмаўляюся, ні для сябе, ні для маіх пераемнікаў ніякіх правоў на падачу іска не захоўваючы; плацёжныя распараджэнні, загады, квіткі, даўгавыя распіскі, страхоўкі і рознага роду дакументы, што пры мне знаходзяцца, аддаю ў архіў, а на выпадак, калі б яны пазней знайсціся маглі, аб"яўляю іх несапраўднымі і абяцаю ў любы час перадаць яснавяльможнаму міласціваму князю. I ў гэтым даю мой навечна адступны запіс, які пры сведчанні запрошаных канцылярыстаў уласнаручным подпісам пацвярджаю. Напісана ў Нясвіжы года 1807, месяца лістапада 30 дня, Лea Маджарскі».

Далей ідуць подпісы сведкаў, якія мы падаем in extenso[14]: «Вусна i асабіста запрошаны яго міласцю панам Леанам Маджарскім, шамбялянам былога польскага двара, да гэтага навечна адступнога запісу ў адмове ад усіх прэтэнзій паводле даўгавых распісак, плацёжных распараджэнняў, закладаў, рэверсаў і рознага роду дакументаў, падчас арандавання персідска-слуцкай фабрыкі атрыманых, падлічаных, а праз утрыманне пратэрмінаванай арэнды, сяброўскай паблажлівасцю і рашучасцю яснавяльможнага князя міласцівага Дамініка Радзівіла, ардыната Нясвіжскага і Алыцкага, камергера двара яго імператарскай вялікасці, на суму 30 000 польскіх злотых і ўлічваючы ў ёй трохгадовае арэнднае валоданне фальваркам Манькаў большы, яснавяльможнаму міласціваму князю выдадзенага паводле права, канцылярыстам падпісваюся Юзаф Лагкоўскі, м.п. – Вусна і асабіста запрошаны канцылярыст да гэтага навечна адступнога запісу ў вышэйзгаданай справе, паводле права, падпісваюся Міхал Лазаровіч, земскі асэсар Слуцкага павета».

8 кастрычніка 1810 года Леан Маджарскі і яго жонка Марыя з Латкоўскіх пасля заканчэння тэрміну арэнднай дамовы атрымалі ад князя закладныя правы на Манькаў на тры гады, на суму 4500 дукатаў, якія пэўна былі ўзятыя з Сёлка і перанесеныя сюды ў адпаведнасці з даўнім пажаданнем Маджарскіх, як мы бачылі вышэй. Права гэтае зафіксавана ў слуцкіх актах 3 снежня гэтага ж года.

Леан Маджарскі памёр у 1811 годзе, а пазней у 1813 годзе, калі складалі рахункі на сумы з ардынацыі, яны фігуруюць у дакументах толькі на імя Марыі Маджарскай, удавы; і пасля гэтай даты ў архівах знікае ўсякі след стасункаў сям"і Маджарскіх з Радзівіламі, і невядома, якім чынам і калі быў ліквідаваны заклад Манькава, дзе потым досыць доўга жыў сын Леана і Пажарыйскай Антоні Маджарскі, жанаты з Алізаровіч.

Гэты Антоні ў маладосці быў барскім канфедэратам, меў нежанатага сына Леана, вядомага сваёй дасціпнасцю і ліслівасцю, і дачку Эльжбету, замужам за Чаславам Манюшкам, а ад гэтага шлюбу 5 мая 1820 года ва Убелі Ігуменскага павета нарадзіўся бессмяротны ў народзе кампазітар і стваральнік «Галькі» Станіслаў Манюшка.

Жадаючы растлумачыць, як склаўся лёс нашчадкаў Маджарскіх, якія столькі зрабілі для айчыннага прыкладнога мастацтва, мушу заўважыць, што Леан Іванавіч Маджарскі, апрача згаданага Антонія, меў сына Яна, жанатага з Фаустынай Корсак з Мяцевічаў у Слуцкім павеце. Гэты Ян Маджарскі, жывучы па чарзе то ў Дарагабылі, то ў Красевічах на Случчыне, меў сына Эдварда, які памёр у юнацкім узросце, а таксама дачок: Юзэфу, замужам за Трацэўскім (не мела дзяцей), Вікторыю, замужам за Крушынскім, яны мелі 5 сыноў і 3 дачок, нарэшце Марыю, замужам за Юльянам Шпіхальскім, уладальнікам маёнтка Гацішчы ў Наваградскім павеце. Гэтая апошняя, старая жанчына, дваюрадная сястра маэстра Станіслава Манюшкі, дабрадзейная, адукаваная, поўная запалу да ўсяго прыгожага, айчыннага, высакароднага, жыве да гэтага часу ўдавой; яна мела дачку з памешчыкам генералам Галіцкім, а таксама адзінага сына Яна Шпіхальскага, памешчыка, вядомага высакародным розумам і сэрцам.

Вяртаючыся да слуцкай персіярні, працытуем яшчэ некалькі ўспамінаў і прывядзём малавядомыя падрабязнасці. Дык вось, калі ў 1807 годзе фабрыка перайшла ў непасрэднае падпарадкаванне князёў Радзівілаў, кіраванне ёю даручылі вопытнаму майстру Юзафу Барсуку, шляхціцу, прозвішча якога я прыгадаў вышэй у спісе работнікаў майстэрні пад № 1.

Пра гэтага Барсука мне піша сп. Аляксандр Валіцкі: «Я добра яго памятаю, бо ён памёр, калі я ўжо быў ва універсітэце. Гэта быў апошні ў Слуцку стары, які апранаўся па-польску. Ён заўсёды хадзіў у тарататцы, на галаве меў рагатыўку і абапіраўся на тоўстую палку з булавешкай са слановай косці. З таго часу, як польскі строй быў забаронены, ад вырабу паясоў цалкам адмовіліся. Тым не менш персіярня пад кіраўніцтвам Барсука дзейнічала як быццам да 1844 года. Тут выраблялі адну дэталь тагачаснага строю яўрэек. Гэта былі паяскі даўжынёй прыкладна 6 вяршкоў, а шырынёй 2,5 вяршка, якія вырабляліся з парчы, як даўнейшыя польскія паясы. Такімі паяскамі яўрэйкі аздаблялі грудзі пасярэдзіне, прымацоўваючы іх ад шыі да таліі. Яны называліся заложкамі. Указ, што забараняў яўрэям насіць даўнейшы строй, быў адначасова смяротным прысудам персіярні. Бо яна страціла тады сэнс існавання. Памятаю вялікую масянжовую аздабляльную машыну, што стаіць у персіярні, і вялікі запас цудоўнага графіту, які Барсук часам раздаваў кавалкамі сваім улюбёным хлапцам у падарунак».

I другі сведка канаючай слуцкай персіярні, д-р Канстанцін Францкевіч, таксама піша мне: «Будучы ў 1836 годзе васьмігадовым хлапцом, я наведваў фабрыку; тады ўжо паясоў не ткалі, а толькі абшывалі серабром або золатам шаўковыя тканіны на нагруднікі для яўрэек. Я ведаў апошняга інструктара, старэнькага 80-гадовага Барсука, які хадзіў у святочным жупане і падпяразваўся слуцкім поясам. Я памятаю таксама ткача Дубіцкага. Не ведаю, ці разгадоўвалі шаўкапрада, але памятаю старыя тутавыя дрэвы ў былым радзівілаўскім садзе, частка якога сёння стала маім садам».

Існуе неверагодная версія, паўтораная ў друку, якую я знайшоў таксама ў лісце, напісаным вядомым пісьменнікам Дамінікам Ходзькам Адаму Кіркору ў адказ на яго пытанні, менавіта: што пасля Маджарскага персіярняй кіраваў нейкі Каролька, які меў у пажыццёвым валоданні Сёлка, а пасля яго дырэкцыю ўзначаліў Барсук; што дырэктары давалі клятву не выяўляць таямніцу вырабу паясоў, а калі ў 1823–1824 гадах фабрыка спынілася, Барсука зняволіў памешчык Межаеўскі, каб прымусіць выдаць сакрэт вытворчасці, але нічога не змог дабіцца, і Барсук, не выявіўшы сакрэту, памёр у доме Межаеўскага.

Дык вось, усё гэта мусіць быць плёнам фантазіі людзей, незнаёмых з гэтымі рэчамі, заснаваным на памылковым меркаванні, што пасля Маджарскага Сёлка сапраўды трымаў у закладзе шамбялян Каролька, верагодна, пасля 1810 года, бо Маджарскія, як было сказана вышэй, перанеслі з Сёлка закладную суму на Манькаў. Пытанне гэтае цалкам растлумачыла мне ўнучка шамбяляна Каролькі пані Стафанія Цэраская, якая сёння жыве ў Слуцку, асоба паважаная і адукаваная, маці нашага вядомага астранома Вітольда Цэраскага, дырэктара абсерваторыі ў Маскве. Паводле яе вартых даверу слоў, дзед не меў ніякага дачынення да персіярні, а быў толькі залогатрымальнікам Сёлка.

Сапраўды, хто ж мог быць больш вартым наступнікам Маджарскага, калі не Юзаф Барсук, яго вучань, які працаваў у персіярні на 1-м варштаце, і пры гэтым шляхціц з добрага роду; а вось прозвішча Каролькі ні ў спісе майстроў, ні ў мясцовых аповедах пра персідскую фабрыку мы не знаходзім.

Што ж да Барсука, дык ён мог памерці ў памешчыка Межаеўскага (пэўна ў Гразоўцы). Але тое, што ён быццам бы мусіў таіцца са сваім сакрэтам, не мае сэнсу, бо навошта быў патрэбны сакрэт, калі фабрыка ў выніку змены абставін страціла, як слушна гаворыць сп. Валіцкі, сэнс існавання. Дарэчы, веданнем вытворчасці немагчыма авалодаць адразу ж, бо на гэта патрэбна шматгадовая практыка ў адмысловай майстэрні, і толькі такім карпатлівым спосабам слуцкія майстры перанялі сваё майстэрства ад Маджарскіх, а апошнімі іх прадстаўнікамі былі згаданыя Барсук і Дубіцкі, якіх ведалі людзі, што жывуць і сёння.

Слуцкая персіярня, паводле аўтэнтычных нататак, якія ёсць у мяне, месцілася на вялікім пляцы, дзе сёння знаходзіцца вуліца Шырокая, насупраць кальвінскага пансіёна, побач з вялікім садам. Галоўная фабрыка, якую перасякалі калідоры, мела некалькі павільёнаў.

Невядома, ці прадзенне шоўку ажыццяўлялася цалкам машынамі, бо згаданы ўжо шаноўны Ян Шпіхальскі, нашчадак Маджарскіх па жаночай лініі, піша мне, што яго старая маці «ведала ў Слуцку бабульку, якая была прадзільшчыцай на фабрыцы паясоў і дываноў» (sic). А гэта магло б значыць, што там часам выраблялі і дываны, хаця верагодна дыванаткацтвам займаліся ў Нясвіжы, але дакладных звестак пра гэта мы не знайшлі.

Пляц з домам, у якім існавала персіярня з павільёнамі, уладальнік Слуцка князь Людвіг Вітгенштэйн праз пасаг сваёй прыгажуні-жонкі Стафаніі з Радзівілаў падараваў каля 1836 года свайму даверанаму ўрачу, сумнай памяці Аляксандру Мацкевічу, які стаўся непасрэднай прычынай з"яўлення ў айчыннай літаратуры вядомага твора пісьменніка Зыгмунта Красінскага «Летняя ноч»… Калі потым, відавочна дзякуючы Божай справядлівасці, Мацкевіч, страціўшы розум, памёр на чужыне, пляц разам з дамамі былой персіярні купіў урач Юльян Рамашка, а пасля яго смерці палову маёмасці набыў цяперашні ўладальнік урач Канстанцін Францкевіч, другая палова належыць дабрачыннаму камітэту.

Дапаўняючы звесткі пра былую персіярню ў Слуцку, прывядзем дадатковыя сведчанні, каб патлумачыць, якія рэчы і тканіны, апрача паясоў, там вырабляліся. Такім чынам, знаходзім ліст Яна Маджарскага за 1779 год наступнага зместу: «Паводле загаду яснавяльможнага князя міласцівага пана дабрадзея, сінюю камізэльку з золатам у рукі Баяра выдаў, цана якой 6 дукатаў. Таксама дымкі восем клінняў, аздобіўшы, запакаваў. Разам з камізэлькай і для яснавяльможнай князёўны Юзэфы (Князёўна Юзэфа, зводная сястра князя Кароля Пане Каханку ад Мыцельскай, першым шлюбам была за Масальскім, другім – за Грабоўскім) ёсць у гэтым жа пачку мяшочак, аддадзены дзеля аздаблення, за аздабленне гэтай дымкі 2 дукаты. Цяпер атрымаў загад зрабіць светла-блакітную камізэльку з серабром ад яснавяльможнага князя пана, толькі не ведаю, ці для самога яснавяльможнага пана ці дамскую, бо тады трэба рабіць шырэйшую і даўжэйшую, таму буду чакаць такой інфармацыі. Я загадаў пачаць блакітную камізэльку, але яна будзе такой доўгай, як сіняя, і шырокай. Абдымаючы ногі яснавяльможнага пана, застаюся заўсёды найніжэйшым слугою» (армянскі подпіс). Слуцк, 25 жніўня 1779 года.

Мы бачылі са зместу асноўнай дамовы 1758 года, заключанай паміж князем Радзівілам і Янам Маджарскім, што гэты апошні быў названы майстрам «тканін польскіх, турэцкіх і кітайскіх»; сапраўды, у распісках, якія давалі князі і іх служачыя за ўзятыя паясы, часта называюцца «паясы кітайскія фальшывага (sic) колеру сярэбраныя і залатыя» коштам ад 10 да 30 дукатаў, але знаходзім таксама ў рэестрах паясы «парыжскія» (sic) а) «напаўбагатыя, бо напалову з золатам, з палямі на адным баку з шэрага сукна, а з другога – чорнымі з арэхавым, па 6 локцяў, коштам 20 дукатаў», б) «багатыя з золатам і серабром «уп"яўкі» з палямі з абодвух бакоў шэрымі, па чатыры колеры, па 6 локцяў, коштам 25 дукатаў», в) багатыя чорныя з серабром «уп"яўкі» з палямі сінімі і з шэрага сукна, па 6 локцяў, коштам 25 дукатаў», г) багатыя чорныя з золатам у «Мігуркі» (sic) з палямі пунсовымі з абодвух бакоў, з кісцямі, па 8 локцяў, коштам 30 дукатаў». Нарэшце, паясы французскія (sic) з золатам у розных колерах па 15 дукатаў.

Несумненна, што і гэтыя «парыжскія» і «французскія» паясы не імпартавалі, як раней, а выраблялі ў Слуцку, на французскі (ліёнскі) узор, гэтаксама, як «кітайскія» і іншыя паясы, бо навошта ж Маджарскім было прывозіць з-за мяжы парчовыя тканіны, калі яны маглі цудоўна вырабляць іх на ўласных варштатах.

Пад 1779 годам знаходзім заказ князя Кароля для дзвюх сваіх сясцёр Юзэфы і Марыі (Пра Юзэфу мы пісалі вышэй, а Марыя Вікторыя была потым замужам за Беньямінам Марыконі), а таксама для пляменніцы Ржавускай, дачкі харунжага літоўскага, на тры «жэнды» (sic) для амазонак віленскага мундзіра, паводле пасланых формаў, падобна як для брата князя-ардыната ўжо рабілі ў гэтай самай персіярні на залатым фоне ў карпавую луску, толькі драбнейшую, з кармазінавымі закаўрашамі. Таксама князь заказваў шлячкі паводле пасланага ўзору, на залатым фоне ў колерах, як паказвае ўзор, для кожнай з трох дам па 26 локцяў, каб усё было зроблена як мага хутчэй. Несумненна, што заказаныя «жэнды» – гэта не што іншае, як дывандэкі, або ўзорыстыя чапракі для аздобнага пакрыцця асядланых коней, прызначаных для дам на якім-небудзь парадным выступе; а само слова памылкова выкарыстана і няправільна напісана з прычыны няведання роднай мовы асобай, якая яго пісала.

Мы знаходзім след, што на фабрыцы выраблялі «фальбоны» для дамскіх сукенак, а таксама «тканіну на камізэлькі і штаны». Такі камплект, заказаны ў 1771 годзе для расійскага палкоўніка Чарнышова, каштаваў 18 дукатаў.

У 1779 годзе для князя-ардыната зроблена тры «камізэлькі»: папялістая, кармазінавая і чорная, расшытыя золатам, кожная коштам 8 дукатаў. Занатуем таксама кошты тканін, па якіх фабрыка часам збывала іх жадаючым. Такім чынам, у 1787 годзе ў Нясвіж на пахаванне князя Гераніма ўзялі «добрага золата» 69 цэвак, кожная па 12 злотых; кармазінавага шоўку 48 лотаў, кожны па 40 грошаў, усё гэта на кутасы, тасьмы і кісці для савана, які трымала яснавяльможная фамілія. Шлячкі прадаваліся па 7, 12 і 13 злотых за локаць.

Кошт паясоў быў розны. Да таго, што мы гаварылі пpa іх вышэй, дадамо, што рэестры не паказваюць найдаражэйшых, нават з тых, што браліся ў княжацкі гардэроб, звыш 75 дукатаў. Таму традыцыя перабольшвае, гаворачы пра паясы коштам у 100 дукатаў і больш. Самыя танныя паясы былі для альбанскага ўбору сяброў дому Радзівілаў, па 7 дукатаў. За іншыя плацілі па 11, 12, 16, 22 дукаты; «зялёныя багатыя з кісцямі» па 25 і 28 дукатаў. «Лёгкія» паясы ад 8 да 13 дукатаў. Пунсовыя паясы з золатам у «карпавую луску» па 48 дукатаў (у 1786).

Які фабрыка мела абарот і каму прадавала вырабы, апрача дому Радзівілаў, устанавіць не ўдалося, бо паперы сям"і Маджарскіх, як ужо гаварылася, прапалі, а толькі там маглі быць падобныя звесткі. Можна, аднак, меркаваць, што нягледзячы на жахлівыя акалічнасці, у якіх існавала фабрыка больш за паўстагоддзя, канчатковы вынік вытворчасці быў неблагі; бо Маджарскія, здабыўшы ў Польшчы добрую славу, права грамадзянства і багацце, ядналіся са старажытнымі родамі абранай імі Бацькаўшчыны.

Радзівілаўскія заказы напэўна займалі значнае месца ў агульнай колькасці заказаў фабрыкі, бо князі схілялі на свой бок кліентэлу, сяброў не толькі фальваркамі, тытуламі свайго двара, але і багатымі паясамі на ўбранні. У рэестрах мы бачым, як многа іх разыходзілася на розныя падарункі ў час пасяджэнняў трыбуналаў, соймаў або адмысловых камісій, і, несумненна, шмат раздаваных паясоў не запісана ў рахунку Маджарскіх, тых, якія купляліся ў іх за наяўныя грошы, а не ў доўг.

Каб хаця крыху пазнаёміцца з гэтай катэгорыяй выдаткаў князёў, а адначасова і з прыбыткамі фабрыкі, адзначым некаторыя занатаваныя ў рахунках падарункі паясамі, зробленыя розным асобам. Іх атрымалі: у 1768 годзе дэпутат трыбунала Пшыбора, пояс коштам 33 дукаты. У 1778 годзе радзівілаўскія сябры, якія займалі пасады суддзяў у Наваградку, – 8 паясоў. У 1780 годзе віленскі суддзя Рамановіч – пояс коштам 38 дукатаў. У 1786 годзе нейкі Сквароўскі – 2 паясы; палкоўнік Бжастоўскі – 1 пояс; Стэмпкоўскі, ваявода кіеўскі, – 4 паясы, кожны коштам 30 дукатаў; алыцкім суддзям, якія прыбылі на пасяджэнне, дадзена 10 паясоў, коштам 124 дукаты. У 1787 годзе двум упаўнаважаным на наваградскіх гадавінах – 2 паясы, кожны коштам 11 дукатаў. У 1788 годзе pro honorario[15] панам чыноўнікам – 10 паясоў. У 1789 годзе соймавым паслам – 4 паясы па 30 дукатаў, у тым ліку Радзішэўскаму, харунжаму старадубаўскаму, і чыноўнікам, што прыбылі на следства ў княжацкія ўладанні, – 3 паясы коштам 69 дукатаў; Сухадольскаму, люблінскаму паслу, – пояс коштам 75 дукатаў. У 1790 годзе соймавым паслам – 14 паясоў; віленскаму рэгенту Абуховічу за выняцце дэкрэта ў справе паміж князем і Макавецкімі – пояс коштам 21 дукат. Разам – 60 паясоў, уключаных у рахункі.

Хаця першапачаткова слуцкія паясы не мелі штэмпеля фірмы, на іх накладвалі лацінскі надпіс «Factus est Sluciae» [16] ці скарочана толькі першыя літары слоў «F.S.», пазней Леан Маджарскі часам пісаў сваё прозвішча цалкам і, што дзіўна, па-руску: Лео Маджарский.

Цяжка зразумець, што гэта магло значыць, тым больш, што ў той перыяд на Літве выкарыстоўвалі польскую мову ў надпісах нават у былых уніяцкіх цэрквах, як гэта можна сёння ўбачыць у Слуцку ў царкве на Трайчанах на надмагіллі вядомага Міхала Крачэтнікава. Можна хіба толькі меркаваць, што ў час неаднаразовага спусташэння ўладанняў князя Кароля Пане Каханку і знаходжання тады ў Слуцку непрыяцельскіх аддзелаў з"явіўся гэты штэмпель на паясах з прычыны нейкага адмысловага пункту погляду майстра на навакольныя падзеі.

Сёння слуцкія паясы ўжо рэдкасць, і абавязак людзей разумных, якія любяць айчынную гісторыю, – ратаваць іх рэшткі, раскіданыя па ўсім краі. Пакуль яшчэ не навучыліся ў нас цаніць гэтыя айчынныя памяткі прыкладнога мастацтва. У час усеагульнага руйнавання Бацькаўшчыны паступова рознымі шляхамі загінулі і паясы і, што найгоршае, дзякуючы пануючай дэмаралізацыі. Была хвіліна, калі нашыя агідна марнатраўныя пані па-варварску рэзалі на кавалкі багатыя слуцкія паясы дзеля таго, каб аздобіць свае раскошныя туалеты, як, напрыклад, вядомая Лопат, жонка мечніка кароннага, з дому Мараўскіх, пра якую з жахам згадвае ў сваіх дзённіках Ева Фялінская [17].

Праўда, апаганеныя раскошай жанчын, нашы мастацкія вырабы потым выкарыстоўваліся лепш, бо траплялі ў касцёлы і, такім чынам, захаваліся ўзоры айчынных парчовых тканін для даследчыкаў гістарычных памятак. Тым не менш цэласнасць вырабу была сапсавана, а з іншага боку, пасля закрыцця на Літве большай часткі каталіцкіх храмаў было страчана мноства касцельных убранняў. Яны часта траплялі нават да яўрэяў і па-блюзнерску пераплаўляліся на серабро. Мне дакладна вядома, што неаднойчы фамільныя паясы выкарыстоўвалі гэткім чынам на выраб начыння для сталовых сервізаў. Я сам маю такі, вагой больш за 6 фунтаў, з серабра, выплаўленага са слуцкіх паясоў. Гэта вынік выраджэння духу, дурноты, часткова недарэчнай боязі, а цяпер і забароны, зрэшты, вынік пыхлівасці, жадання мець на стале серабро.

У апошнія часы, калі іншаземцы звярнулі ўвагу на мастацкасць слуцкіх паясоў і пачалі іх расшукваць для сваіх збораў, прачнуліся пільныя яўрэйчыкі і, рупліва корпаючыся ў памешчыцкіх дамах, без усялякіх цяжкасцей выкуплялі іх для аматараў, даючы па 100 папяровых рублёў і больш за добры экземпляр. У кожным нашым горадзе ёсць такія спекулянты, quasi[18] антыквары, але ўсё цяжэй ім знайсці здабычу, бо запасы вычарпаліся да мінімуму, ды і людзі, магчыма, крыху паразумнелі і пачалі больш цаніць рэшткі дарагіх сэрцу памятак.

У сапраўдных старых памешчыцкіх дамах і сёння яшчэ з належнай пашанай захоўваюцца слуцкія паясы. Іх збіраў вучоны граф Канстанцін Тышкевіч для свайго музея ў Лагойску (Барысаўскі павет), іх маюць князі Радзівілы з Паланэчкі (Наваградскі павет), але найкаштоўнейшым і самым вялікім зборам слуцкіх паясоў валодае вядомы нумізмат граф Эмерык Чапскі ў сваім выдатным музеі ў Станькаве (Мінскі павет).

Завяршаючы сваю працу пра радзівілаўскую ткальню паясоў у Слуцку, я разумею абмежаванасць яе зместу, але мне ўдалося сабраць толькі гэтыя звесткі, таму я сумленна падаў іх дзеля пашырэння ведаў пра айчынныя рэчы.

«Feci, quod potui, faciunt meliora potentes» [19].

1894

[1] Радзівіл Кароль Станіслаў па мянушцы Пане Каханку (1734–1790) – князь, генерал войск ВКЛ (1759), віленскі ваявода (1762–1764 і пасля 1768), праціўнік караля Станіслава Аўгуста, звязаны з Расіяй, маршалак генеральны Радамскай канфедэрацыі 1767 г. і адзін з кіраўнікоў Барскай канфедэрацыі, адзін з абаронцаў шляхецкай «залатой вольнасці» (шляхецкага нічым не ўтаймаванага самавольства).

[2] Каратынскі Вінцэсь (1831–1891) – беларускі паэт, публіцыст, перакладчык, з 1850 г. сакратар У. Сыракомлі, аўтар гісторыка-краязнаўчых нарысаў, артыкулаў пра пісьменнікаў…

[3] Корзан Тадэвуш (1839–1918) – польскі гісторык…

[4] Радзівіл Францішка Уршуля (1705–1753) – княгіня, драматург, паэт, аўтар драматычных твораў, прызначаных для прыватнага тэатра ў Нясвіжы, і шматлікіх вершаў і трактатаў на польскай і французскай мовах.

[5] Радзівіл Міхал Казімір па мянушцы Рыбанька (1702–1762) – князь, маршалак надворны ВКЛ (1734), гетман польны ВКЛ і кашталян трокскі (1735).

[6] Панятоўскі Станіслаў Аўгуст (1732–1798) – апошні польскі кароль.

[7] У якасці ўзнагароды (лац.).

[8] Свайго мастацтва (лац.).

[9] Datum – дадзена (лац.), anno – года (лац.).

[10] «Радамская авантура» – у 1767 па ініцыятыве Н.В. Рэпніна магнацкая апазіцыя пад кіраўніцтвам К.С. Радзівіла арганізавала Радамскую канфедэрацыю, звязаную са Слуцкай і Торуньскай фармальна для абароны правоў католікаў, якім як быццам пагражалі дысідэнты; на самай справе яна была скіравана супраць караля СтаніславаАўгуста. На так званым Дэлегацыйным сейме ў 1767–1768 гг. прызнала Кацярыну II гарантам дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай.

[11] Барская канфедэрацыя – узброены саюз шляхты (1768–1772), утвораны ў г. Бар (Украіна) пад лозунгам абароны шляхецкіх свабод і незалежнасці Польшчы, накіраваны супраць караля, супраць спроб рэформ.

[12] Дарэчы (лац.).

[13] Маюцца на ўвазе небывалых маштабаў грамадскія канфлікты ў шляхецкім асяроддзі Рэчы Паспалітай.

[14] Цалкам (лац.).

[15] У якасці ганарара (лац.).

[16] Зроблена ў Слуцку (лац.).

[17] Фялінская Ева Зыгмунтаўна (1793–1859) – удзельніца нацыянальна-вызваленчага руху, пісьменніца, мемуарыстка…

[18] Як быццам (лац.).

[19] Я зрабіў, што мог, няхай зробяць лепш тыя, што дадуць рады (лац.).

 

 

Публікуецца па выданні Ельскі, А. Выбранае.
- Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004

 

Тэкст падрыхтавалі:
Анатоль ЖУК і Уладзімір ХВОРАЎ