Слуцкае паўстанне 1920 года
Анатолий Петрович Грицкевич
Гістарычны нарыс. — Мн., Бел. кнігазбор, 2005. — 28 с.
ІSBN 985-504-022-8.
Нарыс доктара гістарычных навук прафссара Анатоля Грыцкевіча прысвечаны падзеям на Случчыне (Слуцкім павеце) у 1920 г.
Адрасусцца ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі.
У 2005 г. спаўняецца 85 год падзеям на Случчыне, якія ўвайшлі ў гісторыю Беларусі пад назвай Слуцкі збройны чын, або Слуцкае паўстанне 1920 г. Падзеі пачаліся ў лістападзе, калі войскі Чырвонай Арміі яшчэ не занялі тэрыторыю Слуцкага павета пасля заключэння перамір"я паміж Савецкай Расіяй і Польшчай.
У 1992 г. упершыню на Беларусі шырока святкавалася гадавіна падзеяў 1920 г., пра якія савецкія гісторыкі амаль не ўспаміналі ў сваіх працах, бо гэта было нявыгадна для савецкай гістарычнай навукі, якая сцвярджала, што працоўныя людзі ад самага пачатку змагаліся за савецкую ўладу. У сапраўднасці было зусім не так. Таму і згадак пра Слуцкі збройны чын нават у навуковых працах амаль не было. Так, у 3-м томе пяцітомнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1973) няма ніводнай згадкі пра паўстанне. Нават у «Нарысах гісторыі Беларусі» (1995, ч. 2) гаворыцца (са старых пазіцый савецкіх гісторыкаў), што «ніякага паўстання ў Слуцку не было».
Толькі ў асобных спецыяльных навуковых працах, у тым ліку ў кароткіх артыкулах Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, гэтае паўстанне ўпаміналася. Аднак і гэтыя працы былі аднабаковыя, без уліку публікацый мемуараў і архіўных дакументаў, што знаходзяцца за мяжой. Таму яны (у тым ліку тагачасныя артыкулы аўтара гэтых радкоў) не былі поўнымі, а значыць, і аб"ектыўнымі.
Толькі ў 90-х гадах ХХ ст. пачаліся публікацыі артыкулаў і прац пра Слуцкі збройны чын, з"явіўся нарыс у кнізе «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк» (Мн., 2000, кн. 1). Перавыдадзена кніга Я. Найдзюка «Беларусь учора і сяньня» (Мн., 1993), дзе аўтар прысвяціў падзеям на Случчыне некалькі старонак. Урэшце, у 2001 г. у Мінску выйшаў зборнік «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах». Такім чынам, падзеі далёкай ужо мінуўшчыны вяртаюцца да нас і нашых нашчадкаў. Адраджаецца гістарычная памяць народа.
Чым жа быў Слуцкі збройны чын? Якімі мэтамі кіраваліся яго ўдзельнікі? Хто складаў кантынгент паўстанцаў? У якіх абставінах адбывалася паўстанне? На ўсе гэтыя пытанні аўтар паспрабуе адказаць.
Заканчэнне савецка-польскай вайны
Слуцкі збройны чын за незалежнасць Беларусі адбыўся ў самым канцы 1920 г., тады ішлі апошнія баі, якія вялі на нашай зямлі польскія і расійскія савецкія войскі. Пасля разгрому савецкіх войскаў пад Варшавай у жніўні 1920 г. Чырвоная Армія пачала адступаць на ўсход, аддаючы польскім войскам тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Спроба камандуючага Заходнім фронтам савецкіх войскаў М. Тухачэўскага затрымаць свае арміі на лініі старых германа-расійскіх акопаў (умацаваных падчас пазіцыйнай вайны 1915—1918 гг.) не ўдалася. Гэтую лінію акопаў Мядзел — Смаргонь — Валожын — Ляхавічы — Пінск польскія войскі лёгка пераадолелі і прасоўваліся далей на ўсход. У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі развілі наступ і набліжаліся да Полацка, Менска і Слуцка. Пасля вулічных баёў да вечара 11 кастрычніка польскія войскі занялі Слуцк (ужо другі раз падчас савецка-польскай вайны). Аднак чырвоныя на наступны дзень зноў уварваліся ў горад і вялі на яго вуліцах баі. Урэшце, у выніку контратакі польскіх войскаў адзінкі 17-й дывізіі чырвоных адступілі на ўсход.
А ў сталіцы Латвіі Рызе ішлі мірныя перамовы паміж урадавымі дэлегацыямі Савецкай Расіі і Савецкай Украіны, з аднаго боку, і Польшчы — з другога. Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. А. Іофе не дапусціў прадстаўніка БССР А. Чарвякова да перагавораў, сказаўшы яму, што калі спатрэбіцца, то савецкі бок перадасць Польшчы ўсю тагачасную тэрыторыю Беларускай ССР (шэсць паветаў былой Менскай губерні — да Барысава, Бабруйска і Мазыра ўключна). І сапраўды, А. Іофе зрабіў польскай дэлегацыі такую прапанову, згодна з інструкцыяй урада РСФСР (які ўзначальваў У. І. Ульянаў-Ленін). Кіраўнік аб"яднанай савецкай дэлегацыі прапанаваў Польшчы гэтую тэрыторыю, каб толькі спыніць наступленне польскіх войскаў на ўсход. Аднак старшыня польскай дэлегацыі Ян Домбскі адмовіўся ад гэтага падарунка, бо Польшча лічыла немэтазгодным уключаць вялікую тэрыторыю (разам з Заходняй Беларуссю) з беларускім насельніцтвам у склад Польскай дзяржавы з-за магчымага ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху беларускага насельніцтва.
Узамен польская дэлегацыя прапанавала правесці рэферэндум па ўсёй тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, уключна са Смаленскай губерняй, пад міжнародным кантролем. Добра ведаючы, чым гэта можа скончыцца, — на прыкладзе галасавання за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 г., савецкая дэлегацыя рашуча адмовілася ад такой прапановы.
Паколькі і Чырвоная Армія, і польскія войскі вычарпалі свае асноўныя сілы, а ў Савецкай Расіі ўзнялася хваля сялянскіх паўстанняў супраць бальшавіцкай палітыкі ваеннага камунізму з канфіскацыяй прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сялян-уласнікаў, а ў гарадах запанаваў голад, то савецкі ўрад спяшаўся заключыць калі не мір, то хаця б перамір"е.
12 кастрычніка 1920 г. быў падпісаны дагавор аб перамір"і і прэлімінарных (папярэдніх. — А. Г.) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Але фармальна стан вайны яшчэ працягваўся.
Паводле Рыжскага дагавора Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі ўключаны ў склад Польшчы. Польшча прызнавала незалежнасць Украіны і Беларусі (савецкіх). Таксама ўстанаўлівалася дзяржаўная мяжа паміж Украінай, Беларуссю і Польшчай. Усходняя мяжа Польшчы вызначалася па Заходняй Дзвіне, праходзіла на захад ад Ветрына, Ушачаў, Бягомля, Плешчаніц, Заслаўя, Негарэлага, Капыля, Цімкавічаў, Семежава, Вызны (цяпер Чырвоная Слабада), Старобіна і Турава, а далей ішла на Украіну. За гэтую лінію павінны былі адысці польскія войскі, якія на поўдні Беларусі ўжо паспелі перайсці яе да падпісання перамір"я. Адыход павінен быў адбыцца пасля ратыфікацыі (зацвярджэння) дагавора аб перамір"і ў Маскве і Варшаве.
Так, без удзелу не толькі беларускага народа, але нават і ўрада БССР, быў вырашаны лёс народа і дзяржаўнасці. Як пісаў у сваім вершы «Новы год» Янка Купала:
Ідзеш у край, які бязбожна
Жыўцом парэзалі на часці,
А брат проць брата стаў варожна
І памагае край раскрасці.
Аднак, паводле дагавора, ваенныя дзеянні спыняліся толькі праз шэсць дзён пасля падпісання дагавора, гэта значыць 18 кастрычніка 1920 г. а 24 гадзіне паводле сярэднееўрапейскага часу. Гэтыя дадатковыя шэсць дзён далі магчымасць польскім войскам узмацніць тэмп наступу, адцясняючы дэмаралізаваныя савецкія войскі яшчэ далей на ўсход ад вызначанай дзяржаўнай граніцы.
Паводле дагавора, вызначалася і нейтральная зона паміж польскімі і савецкімі войскамі. Савецкія войскі адыходзілі на 15 кіламетраў ад лініі фронту, польскія на поўнач ад Нясвіжа спыняліся на лініі дзяржаўнай мяжы, а на поўдзень ад яго — на лініі свайго найбольшага прасоўвання (да 18 кастрычніка ўключна). Такім чынам, савецкія войскі апынуліся ў горшай пазіцыі, чым польскія. У выніку значная частка тагачаснай БССР была або ў зоне польскай акупацыі (другая польская акупацыя, першая была ў 1919 — ліпені 1920 г.), або ў нейтральнай зоне і не кантралявалася савецкай уладай. Але, па ўмовах перамір"я, польскія войскі пасля ратыфікацыі дагавора павінны былі адысці, у сваю чаргу, за лінію дзяржаўнай граніцы і выйсці з нейтральнай 15-кіламетровай зоны на польскім баку мяжы.
Усходняя мяжа БССР была вызначана ўрадам РСФСР улетку 1920 г., пасля другога абвяшчэння БССР 31 ліпеня 1920 г. Мяжа паміж БССР і РСФСР супадала з мяжой былой Мінскай губерні на ўсходзе, ды і то не ўсёй. На баку БССР былі Бягомль, Халопенічы, Барысаў, Клічаў, Парычы, Азарычы, Мазыр, Ельск. А ў складзе РСФСР засталіся Лепель, Крупкі, Бялынічы, Рагачоў, Жлобін, Калінкавічы і Нароўля, якія раней уваходзілі ў склад Мінскай губерні. Тэрыторыя БССР узору 1920 г. складалася з 6 паветаў Мінскай губерні, дзе да 1917 г. іх было 9. У склад РСФСР і Польшчы ўвайшла не толькі тэрыторыя іншых губерняў, але і значная частка былой Мінскай. Як адзначыў тады Якуб Колас з горкай іроніяй:
Далі шэсць паветаў.
Дзякуй і за гэта!
Глава Польскай дзяржавы і галоўнакамандуючы Ю. Пілсудскі аддаў загад сваім войскам прасоўвацца наперад і пасля падпісання перамір"я. Батальён польскага войска пад камандаваннем падпалкоўніка Пашкевіча 15 кастрычніка пасля атакі з поўдня заняў Менск, адкінуўшы савецкія часці на Магілёўскую шашу на 5—7 кіламетраў ад горада. Але, паводле ўмоваў перамір"я, 17 кастрычніка польскі батальён пакінуў горад. Разам з палякамі пайшлі тыя жыхары горада, якія ратаваліся ад рэпрэсій бальшавіцкіх уладаў.
На поўдні Беларусі 13 кастрычніка польскія войскі захапілі Тураў, а 16-га — Жыткавічы і Даманавічы, да 18 кастрычніка былі ў Капацэвічах. Да 18 кастрычніка пасля ўпартых баёў адзінкі Чырвонай Арміі былі адціснуты на 25 кіламетраў на ўсход ад Слуцка.
Да моманту спынення ваенных дзеянняў савецкія войскі ў Беларусі размяшчаліся за 15 кіламетраў ад новай мяжы — з поўначы Беларусі да раёна на поўдзень ад Негарэлага. На поўнач ад Узды лінія фронту адыходзіла на паўднёвы ўсход у бок Варкалаў (на поўдзень ад Шацка), далей на ўсход да Амговічаў (Слуцкі раён), Дарасіно і Закальнага (Любанскі раён), на Палессі — па лініі Камаровічы — Бобрык — Галубіца на Прыпяці і далей праз Махнавічы (Мазырскі раён) на Ельск. Такім чынам, польскія войскі на поўдні Беларусі кантралявалі раёны на ўсход ад толькі што вызначанай мяжы Польшчы і БССР. Тэрыторыя Слуцкага павета была цалкам занятая польскімі войскамі, а заходняя яго частка з Нясвіжам, Клецкам, Ляхавічамі і Дзяніскавічамі і афіцыйна ўключана ў склад Польшчы. Фармальна ўсходняя частка Слуцкага павета з горадам Слуцкам лічылася ў складзе БССР, але савецкай улады на яго тэрыторыі не было. Слуцкі рэвалюцыйны камітэт (рэўкам), часовы орган савецкай улады, прызначаны рэўкамам БССР, знаходзіўся за лініяй фронту Чырвонай Арміі — у Старых Дарогах.
Нацыянальна-вызваленчы рух на Случчыне
Слуцк і Слуцкі павет былі асяродкамі дзейнасці беларускага нацыянальнага руху. Тут і раней была моцная нацыянальна-вызваленчая традыцыя, якая падтрымлівалася ідэямі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.
Яшчэ ў 1918 г. у Слуцку быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт на чале са старшынёй Паўлам Жаўрыдам, які адразу прыступіў да творчай дзяржаўнай працы. Тут у 1918 г. была арганізавана і адкрыта Слуцкая беларуская гімназія, адна з першых на Беларусі. Нацыянальны камітэт і гімназію ліквідавалі ў снежні 1918 г. бальшавікі. Аднак карані беларускага нацыянальнага руху тут засталіся. Частка інтэлігенцыі займала актыўныя патрыятычныя пазіцыі.
Да гэтага трэба дадаць і палітычную пазіцыю беларускага сялянства, якое было падманута палітыкай бальшавікоў у аграрным пытанні. Як гэта ні парадаксальна гучыць, аграрная палітыка, у тым ліку і ў галіне падаткаабкладання, якую праводзілі нямецкія (1918) і польскія акупанты (1919—1920), была не такой жорсткай, як палітыка ваеннага камунізму з амаль поўнай канфіскацыяй ураджаю і жывёлы (харчразвёрстка). Усе гэтыя абставіны толькі абвастралі сітуацыю і незадаволенасць беларускага сялянства палітыкай савецкай улады, палітыкай, якая пастаянна праводзілася ў дачыненні да расійскага сялянства і сялянства на самым усходзе Беларусі (у Гомельскай і Віцебскай губернях). Сялянства Случчыны, якое супраціўлялася палітыцы нямецкай, а потым і польскай акупацыйнай улады, таксама займала патрыятычныя пазіцыі.
Асноўным чыннікам паўстання было беларускае сялянства. А актыўным элементам, які падняў сялянства на барацьбу супраць іншаземнага нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту дыктатуры пралетарыяту, была свядомая беларуская інтэлігенцыя.
У Слуцку і Слуцкім павеце ў перыяд другой польскай акупацыі ў кастрычніку — лістападзе 1920 г. размяшчаліся 11-я і 16-я польскія пяхотныя дывізіі. Яшчэ ў лістападзе 1919 г., падчас першай польскай акупацыі, паводле інструкцыі нацыянальных дзеячаў з Менска, сход з 16 чалавек стварыў Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны з 5 сяброў з прадстаўніком партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў Уладзімірам Пракулевічам на чале, які, маючы юрыдычную адукацыю, займаў пасаду суддзі ў Слуцку. Гэты камітэт вёў культурную і кааператыўную працу. Пасля заняцця Слуцка Чырвонай Арміяй у ліпені 1920 г. Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны і яго кааператыў былі зачынены. Але з лета 1920 г. у горадзе працаваў камітэт партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, бо ў часе савецка-польскай вайны 1919—1920 гг. партыя беларускіх эсэраў была саюзніцай бальшавікоў у барацьбе супраць Польшчы, стварыўшы шмат сялянскіх партызанскіх атрадаў, якія каардынавалі сваю барацьбу з чырвонымі партызанскімі атрадамі, якія былі арганізаваны бальшавікамі. Беларускія эсэры не мелі ніякага дачынення да расійскіх эсэраў, бо выйшлі з Беларускай сацыялістычнай грамады.
У кастрычніку 1920 г. Слуцк зноў занялі польскія войскі, і Беларускі нацыянальны камітэт адразу ўзнавіў сваю дзейнасць. Аднак сярод беларускіх нацыянальных дзеячаў у Слуцку не было адзінства. Тут існавалі групы розных палітычных поглядаў.
Адна з гэтых груп 2 лістапада (па іншых звестках, 1 лістапада) 1920 г. арганізавала сход «прадстаўнікоў горада» і двух чалавек з вёскі, на якім у склад Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны было ўведзена яшчэ 7 сяброў. Але стары склад камітэта, у які ўваходзілі ў асноўным беларускія сацыялісты-рэвалюцыянеры, не прызнаў паўнамоцтваў некаторых абраных сяброў, абвінаваціўшы іх у тым, што яны «русіфікатары».
Нават новы старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны лекар Арсен Паўлюкевіч быў абвінавачаны ў тым, што ён дрэнна гаворыць па-беларуску, а дагэтуль наогул пагардліва ставіўся «да ўсяго беларускага». Гэтая групоўка дзеячаў у камітэце арыентавалася на супрацоўніцтва з польскімі ўладамі і генералам Станіславам Булак-Балаховічам, кіраўніком Беларускага асобнага атрада, які разам з польскімі войскамі ваяваў супраць Чырвонай Арміі. А беларускія сацыялісты-рэвалюцыянеры ставіліся непрыхільна да гэтага беларускага генерала. У Беларускім нацыянальным камітэце былі прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча, прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш. Першыя выступалі за саюз з Польшчай, другія — за поўную незалежнасць ад Польшчы і ад Расіі. Некаторыя былі схільныя да пагаднення з савецкай Расіяй.
Гэтае рознагалоссе сярод беларускіх палітычных дзеячаў адмоўна адбілася на далейшым ходзе падзей, бо быў страчаны час для лепшай арганізацыі беларускага войска.
Польскія вайсковыя ўлады даволі позна, толькі ў пачатку лістапада 1920 г., перадалі цывільную ўладу ў Слуцку і павеце Беларускаму нацыянальнаму камітэту Случчыны. У горадзе былі падняты бел-чырвона-белыя сцягі Беларускай Народнай Рэспублікі. Адміністрацыя і гаспадарка перадаваліся ў рукі беларусаў. Але польскія вайсковыя ўлады не дазволілі стварыць нацыянальнае войска, спасылаючыся на ўмовы Рыжскага дагавора. Толькі пачала фарміравацца ўзброеная беларуская міліцыя з пяці тысяч чалавек: 500 чынных, астатнія — у рэзерве міліцыі. Яе ўзначаліў паручнік Янка Мацэлі з Менскага рэзерву Беларускай вайсковай камісіі. Мацэлі быў прыхільнікам беларускага генерала С. Булак-Балаховіча і намагаўся выкарыстаць міліцыю як рэзерв для беларускіх адзінак арміі Булак-Балаховіча, якая была ўжо падрыхтавана для паходу ў Палессе ў лістападзе 1920 г.
У валасцях Слуцкага павета замест прызначаных польскімі ўладамі войтаў былі створаны беларускія камітэты як органы мясцовага самакіравання, абраныя сельскім насельніцтвам. Потым такія ж камітэты былі створаны і ў вёсках, яны замянілі солтысаў. Такім чынам, польскую адміністрацыю з яе прызначэннямі на пасады і савецкую адміністрацыю з вылучанымі штабам Заходняга фронту Чырвонай Арміі рэўкамамі на Случчыне замяніла дэмакратычная форма мясцовага кіравання. Ва ўсіх гэтых камітэтах знаходзіліся прадстаўнікі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (скарочана — беларускіх эсэраў), якая карысталася падтрымкай сялянства.
З"езд Случчыны і Рада Случчыны
Прадстаўнікі беларускіх эсэраў у Слуцку і на Случчыне займалі незалежніцкія пазіцыі ў дачыненні як да Польшчы, так і да Расіі. Яны вырашылі склікаць з"езд Случчыны, каб устанавіць беларускую легальную ўладу. Былі праведзены выбары на з"езд: па 5 прадстаўнікоў ад кожнай воласці і па 1 прадстаўніку ад беларускіх культурна-асветніцкіх гурткоў, асяродкаў беларушчыны на тэрыторыі павета. Такія гурткі існавалі ў горадзе і на вёсках.
Польскія ўлады не запярэчылі скліканню з"езда Случчыны, таму што ў Рызе яшчэ толькі працягваліся мірныя перамовы. А ўсякае аслабленне савецкага боку на перамовах было на карысць Польшчы. Да таго трэба дадаць, што польскія войскі павінны былі пакінуць тэрыторыю БССР, якую занялі ў кастрычніку.
Паводле прэлімінарнага дагавора, перамір"е ўступала ў сілу пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі. Да канца кастрычніка 1920 г. дагавор быў ратыфікаваны. Дагавор аб перамір"і быў ратыфікаваны Усерасійскім Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам 23 кастрычніка, Усеўкраінскім ЦВК — 21 кастрычніка, сеймам Польшчы — 22 кастрычніка, а абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Лібаве (Ліепая) 2 лістапада 1920 г.
Пасля ўступлення ў сілу перамір"я войскі абодвух бакоў павінны былі адысці і размясціцца за 15 кіламетраў па абодвух баках ад лініі дзяржаўнай мяжы. Аднак польскія войскі не спяшаліся. У такіх палітычных стасунках разгортваліся падзеі ў Слуцку.
Першы беларускі з"езд Случчыны быў скліканы па ініцыятыве прадстаўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Адбыўся ён 14—15 лістапада 1920 г. у Слуцку ў вялікай зале дома Эдварда Вайніловіча (фундатара Чырвонага касцёлу ў Менску). На з"езд сабралася 107 дэлегатаў ад Слуцка, 15 валасцей Слуцкага павета і беларускіх культурна-асветніцкіх гурткоў з правам пастанаўляючага голасу і 10 дэлегатаў з правам дарадчага голасу.
З"езд адкрыўся 14 лістапада а 12 гадзіне дня ў багата прыбранай зале і працягваўся да 10 гадзін вечара 15 лістапада. Зеляніна ўперамешку з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі запаўняла залу і трыбуну. Панаваў святочны, прыўзняты і ўсхваляваны настрой.
Кіравалі з"ездам беларускія эсэры. Старшынёю быў абраны Васіль Русак, а віцэ-старшынёю Уладзімір Пракулевіч.
Пасля адкрыцця з"езда і вітання дэлегатаў, як піша ў сваіх успамінах А. Сокал-Кутылоўскі, з дазволу старшыні з"езда на трыбуну ўзышоў малады чалавек, дастаў паперу і сказаў, што ён, Павел Жаўрыд, прызначаны эміграцыйным урадам Беларускай Народнай Рэспублікі камісарам Случчыны. Тут жа ён прачытаў дэкрэт аб сваім прызначэнні. Гучныя воплескі усёй залы былі адказам на гэтую заяву. Воплескі разам з тым былі выяўленнем падпарадкаванасці ўраду БНР. На з"ездзе выступала з прамовамі каля 10 дэлегатаў, у тым ліку Васіль Русак, капітан Анастас Анцыповіч, капітан Антон Самусевіч, Юльян Сасноўскі, Рыгор Грынько і іншыя. Яны выказваліся супраць чужой улады і толькі за тую, што выбрана беларускім народам.
На з"ездзе склалася даволі моцная групоўка прыхільнікаў генерала Булак-Балаховіча на чале з Паўлюкевічам, паручнікам Я. Мацэлі і некаторымі валаснымі начальнікамі міліцыі. Яны заяўлялі, што Булак-Балаховіч абароніць Случчыну ад бальшавікоў. Аднак прыхільнікі генерала былі ў меншасці. Значна больш прыхільнікаў на з"ездзе мелі беларускія эсэры. Яны заклікалі да адзінства беларускай інтэлігенцыі і сялянства. Былі на з"ездзе і людзі, якія не далучаліся да гэтых асноўных груповак.
14 лістапада з"езд прыняў рэзалюцыю, у якой вітаў Найвышэйшую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і заявіў катэгарычны пратэст «проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай савецкай улады». У рэзалюцыі змяшчаўся заклік «да ўсяго свету і Саюза Народаў» (Лігі Нацый. — А. Г.) аб дапамозе ў стварэнні нашай вайсковай сілы».
З"езд Случчыны заявіў, што «ўсе свае сілы аддасць на адбудову сваёй Бацькаўшчыны». Павел Жаўрыд заклікаў да ўзброенага паўстання за незалежнасць Беларусі, а дэлегаты з розных валасцей і горада падтрымалі яго.
На з"ездзе былі абвешчаны патрыятычныя лозунгі, якія адлюстравалі інтарэсы беларускага народа аб «вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспубліцы ў яе этнаграфічных граніцах», аб беларускай арміі і беларускім Устаноўчым сойме, аб братэрстве ўсіх славянскіх народаў. Як сведчыць газета «Беларускае слова» (Гродна) ад 30 лістапада 1920 г., з"езд Случчыны прыняў рэзалюцыю аб мабілізацыі для самаабароны ад бальшавікоў і аб пачатку збройнай барацьбы.
14 лістапада 1920 г. з"езд Случчыны выбраў Раду Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі (інакш Беларускую раду Случчыны) у складзе 17 чалавек на чале з Уладзімірам Пракулевічам, даверыў ёй цывільную ўладу ў горадзе і павеце і даручыў арганізацыю нацыянальнага войска. Рада Случчыны лічылася паўнамоцным часовым урадавым органам улады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) на тэрыторыі Слуцкага павета аж да выбараў беларускага Устаноўчага сойма. Яна стала і палітычным органам кіраўніцтва Слуцкім збройным чынам.
У склад Рады Случчыны было абрана 17 сяброў: Уладзімір Пракулевіч (старшыня), Анастас Анцыповіч, Пётр Бабарэка, Барысавец, Янка Біруковіч, Улас Дубіна, Павел Жаўрыд, Янка Каўпак, Юрый Лістапад, Янка Мацэлі, Анупрый Няронскі, Арсен Паўлюкевіч, Рабы, Ю. Радзюк, Т. Раковіч, Васіль Русак, Юльян Сасноўскі. Кандыдатамі ў сябры Рады Случчыны былі абраны 5 чалавек: Пётр Маліноўскі, Цімафей Мяшочак, Піліп Валодзька, Міхайлоўскі, Дзятловіч.
У складзе Рады Случчыны было 8 беларускіх эсэраў (У. Пракулевіч, В. Русак і іншыя), спачуваючыя ім (Ю. Лістапад) і інш. Другой групоўкай у Радзе былі прыхільнікі Булак-Балаховіча — А. Паўлюкевіч, паручнік Я. Мацэлі і інш. Былі прадстаўнікі і нейтральных груп. Рада Случчыны пачала сваю дзейнасць на наступны дзень пасля заканчэння з"езда — 16 лістапада 1920 г.; нягледзячы на пэўныя ваганні, усе групоўкі згадзіліся ўзняць паўстанне за незалежнасць Беларусі, за інтарэсы сялян.
Адразу пасля закрыцця з"езда Случчыны некалькі дэлегатаў выехалі ў вёскі Грозаўскай, Грэскай, Раманаўскай, Чапліцкай, Быстрыцкай, Старобінскай, Вызнянскай, Капыльскай, Цімкавіцкай ды іншых валасцей, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змагання.
Першачарговай справай Рады з"яўлялася фарміраванне войска, дзеля чаго была створана «вайсковая тройка» з сяброў Рады — П. Жаўрыда, капітана А. Анцыповіча і паручніка Я. Мацэлі. Яны спешна пачалі рыхтаваць і збіраць узброеныя атрады. Іншыя сябры Рады займаліся арганізацыяй розных цывільных устаноў.
Рада занялася і дыпламатычнай дзейнасцю. Яна афіцыйна заявіла энергічны пратэст ураду Савецкай Расіі «проці агрэсіўных намераў савецкага ўрада з Кнорыным на чале», супраць «намераў савецкіх войскаў, якія пасля выйсця польскіх аддзелаў хочуць заняць Слуцк і павет, зневажаючы гэтым волю народа». Рада абвясціла, што яна «сваю ўладу перадасць толькі ўраду, створанаму Усебеларускім кангрэсам 1917 года». Слуцкая Рада заявіла таксама пратэст і польскаму ўраду супраць перадачы Слуцкага павета Чырвонай Арміі.
21 лістапада Слуцкая Рада выдала Дэкларацыю, якая заклікала сялянства на барацьбу «за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах» і за «інтарэсы сялянства».
У Дэкларацыі Рады Случчыны гаварылася: «У мамэнт самавызначэння ўсіх народаў і змагання іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларуская Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму свету аб асноўных дамаганнях беларускага сялянства:
1. Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.
2. Абвяшчаючы аб гэтым і з"яўляючыся выразіцелькай волі народа, Слуцкая Рада дэкляруе цвёрда стаяць за незалежнасць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў.
3. У выпадку патрэбы Слуцкая Рада будзе бараніцца нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу ворага.
Мы верым, што наша справа ёсць справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе».
Ужо пазней, у мястэчку Семежава, гэтая Дэкларацыя, відаць, была пашырана. З копіі чарнавіка Дэкларацыі ад 28—29 лістапада, зробленай В. Русаком, можна ўбачыць, што ў Дэкларацыю былі ўключаны пункты аб дэмакратычных свабодах і эканамічных правах насельніцтва, якія раней былі прыняты ў 2-й Устаўнай грамаце Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 9 сакавіка 1918 г.
Слуцкая брыгада
Пры актыўнай патрыятычнай пазіцыі і падтрымцы сялянства і гараджан Слуцка «вайсковая тройка», вылучаная Радай Случчыны (Жаўрыд, Анцыповіч, Мацэлі) здолела за тры дні сфарміраваць з добраахвотнікаў у Слуцку і павеце 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Брыгада складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Асноўным ядром збройнай сілы сталася беларуская міліцыя, створаная раней для падтрымання парадку ў Слуцку і павеце.
Фарміраванне войска рабілася паспешна, бо, паводле ўмоваў прэлімінарнага мірнага дагавора, польскія войскі павінны былі пачынаць адыход за лінію дзяржаўнай мяжы. Вывад польскіх войскаў пачаўся толькі пасля падпісання спецыяльнага пагаднення (14 лістапада) — з 22 лістапада. Адыходзілі за лінію фронту польскія вайсковыя адзінкі марудна, не па 20 кіламетраў у суткі, як гэта прадугледжвалася ўмовамі перамір"я, а па 10 ці трохі больш кіламетраў. У раёне Слуцка гэты адвод войскаў адбываўся ў апошняй дэкадзе лістапада 1920 г.
24 лістапада 1920 г. польскія войскі пакінулі Слуцк. Савецкія вайсковыя адзінкі паволі прасоўваліся наперад, не сутыкаючыся з польскімі войскамі. 26 лістапада апошнія польскія жаўнеры-ўланы адышлі за лінію мяжы. 29 лістапада 1920 г. савецкія войскі выйшлі на новую дэмаркацыйную лінію: мястэчкі Вызна — Леніна, заняўшы Слуцк. Да канца лістапада яны выйшлі на лінію ад Леніна па рацэ Случ да Турава і спыніліся там паводле ўмоваў перамір"я.
Паміж дзяржаўнаю мяжой і дэмаркацыйнай лініяй савецкіх войскаў утварылася 15-кіламетровая нейтральная паласа. Яна не была занята адзінкамі Чырвонай Арміі.
У Слуцку заставацца было небяспечна. Дастатковую яго абарону яшчэ не арганізавалі. Таму Рада Случчыны прыняла рашэнне, а камандаванне Слуцкай брыгады выдала загад 24 лістапада пакінуць Слуцк і адыходзіць па дарогах, што вядуць на захад, і збірацца ў Семежаве. Слуцк быў пакінуты надвячоркам у той жа дзень. У зводцы палявога штаба Чырвонай Арміі ад 29 лістапада паведамлялася, што часці Чырвонай Арміі занялі горад Слуцк.
Семежава (прыкладна ў 8 кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы) знаходзілася ў 15-кіламетровай нейтральнай зоне з савецкага боку. Такая ж 15-кіламетровая нейтральная зона была і на польскім баку дзяржаўнай граніцы. У нейтральнай зоне (30 кіламетрах) не павінны былі знаходзіцца ні войскі Чырвонай Арміі, ні польскія войскі. Фармальна тут дзейнічала мясцовая міліцыя, арганізаваная кожным з двух бакоў на сваёй тэрыторыі для захавання парадку.
У раёне мястэчка Семежава канчаткова былі сфарміраваны абодва палкі Слуцкай брыгады.
Слуцкая брыгада, як сведчыла гродзенская газета «Беларускае слова» і як потым пацвердзіў камандзір брыгады А. Сокал-Кутылоўскі, першапачаткова складалася з чатырох тысяч чалавек. Але разам з рэзервам яна налічвала 10 тысяч чалавек. На ўсіх зброі не хапала. У пачатку паўстання ў Слуцкай брыгадзе налічвалася ўсяго 300 карабінаў, якія былі перададзены польскімі ўладамі, і 500 вінтовак, што прынеслі самі паўстанцы. Потым, праўда, выявілася, што 200 польскіх карабінаў былі перададзены са збітымі прыцэламі і для баёў аказаліся непрыдатнымі.
Пасля пачатку паўстання праз Беларускую вайсковую камісію з Лунінца Слуцкай брыгадзе былі перададзены яшчэ вінтоўкі і кулямёты. У снежні 1920 г. брыгада мела ўжо 2 тысячы вінтовак і 10 кулямётаў, частка з якіх былі трафейнымі. Аднак артылерыі ў брыгадзе зусім не было, і гэта значна змяншала магчымасць больш актыўных баявых дзеянняў. Забеспячэнне спачатку, дзякуючы добраахвотным ахвяраванням сялян, было наладжана добра, але потым, па меры скарачэння тэрыторыі пад кантролем паўстанцаў, пачало пагаршацца.
Камандзірам Слуцкай брыгады стральцоў войскаў БНР Беларуская рада Случчыны прызначыла капітана Анастаса Анцыповіча. Камандзірам 1-га Слуцкага палка быў прызначаны капітан Генеральнага штаба расійскай арміі П. Чайка (ураджэнец Случчыны), які да другой польскай акупацыі працаваў на пасадзе памочніка ваеннага кіраўніка Слуцкага павятовага ваенкамата. Камандзірам 2-га Грозаўскага палка быў прызначаны капітан Лукаш Семянюк, які з лютага 1920 г. быў камандзірам першага беларускага партызанскага атрада (створанага Беларускай вайсковай камісіяй у Менску). Былі арганізаваны штаб брыгады (начальнік штаба — капітан Антон Борык), аддзелы разведкі і контрразведкі пры штабе. Лекар Арсен Паўлюкевіч арганізаваў палявы шпіталь, а Янка Біруковіч — вайсковы суд. Дзейнічала таксама вайсковая школа для падрыхтоўкі камандзіраў на чале з паручнікам Фёдарам Данілюком. Асноўную частку афіцэрскага саставу складалі беларускія афіцэры з баявым вопытам. Яны былі ўдзельнікамі Першай сусветнай вайны.
Брыгада была пяхотнай; абодва палкі яе падзяляліся на батальёны і роты. У яе складзе таксама знаходзіліся конны атрад, палкавыя абозы і зброевая майстэрня. Быў сфарміраваны і асобны ад брыгады атрад з дзвюх рот. У палках былі створаны свае штабы.
1-шы Слуцкі полк брыгады фарміраваўся ў Слуцку і мястэчку Семежава з беларускай міліцыі, сялян-добраахвотнікаў і жыхароў Слуцка. У пачатку паўстання ў складзе Слуцкага палка налічвалася каля 2 тысяч жаўнераў. Меліся і рэзервы, але зброі і боепрыпасаў было мала. Вінтовак і некалькіх кулямётаў хапіла толькі на чвэрць асабовага складу. За кошт здабытых у баях трафеяў, зброі ад перабежчыкаў-дэзерціраў з Чырвонай Арміі і дапамогі ад Беларускай вайсковай камісіі ў снежні 1920 г. была ўзброена палова жаўнераў палка. 1-шы Слуцкі полк складаўся з 4 батальёнаў, кожны батальён — з 3 рот.
2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў мястэчку Грозаве Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён), Слуцку, а потым і ў мястэчку Семежава з беларускай міліцыі, сялян-добраахвотнікаў, а таксама гараджан Слуцка. Усяго ў пачатку дзеянняў Грозаўскі полк меў каля 2 тысяч жаўнераў. Меўся і рэзерв. Намеснікам камандзіра палка быў капітан Антон Гнароўскі, камандзірамі 1-га батальёна — капітан Антон Самусевіч і 2-га батальёна — ужо штабс-капітан Янка Мацэлі. Узбраеннем (вінтоўкамі і некалькімі кулямётамі) была спачатку забяспечана толькі чвэрць асабовага складу палка. За кошт трафеяў і дапамогі Беларускай вайсковай камісіі пазней была ўзброена палова жаўнераў палка.
Такім чынам, за некалькі дзён была разгорнута 1-я Слуцкая брыгада стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Брыгада была баяздольным вайсковым злучэннем рэгулярнага войска, мела добры афіцэрскі састаў і, галоўнае, жаданне жаўнераў ваяваць за незалежнасць Беларусі.
Слуцкі збройны чын
У канцы лістапада 1920 г. беларускае войска заняло пазіцыі за 35—40 кіламетраў на захад ад Слуцка. 1-шы Слуцкі полк займаў ужо франтавы ўчастак ад Семежава да Вызны, г. зн. працягласцю прыкладна 20 кіламетраў.
Баявыя дзеянні паўстанцаў пачаліся 27 лістапада, калі падраздзяленні 1-га Слуцкага палка зрабілі налёты на размяшчэнне адзінак 8-й дывізіі савецкіх войскаў, на яе палявыя варты і заставы на дэмаркацыйнай лініі.
Гэта быў пачатак Слуцкага збройнага чыну. Гэты дзень — 27 лістапада — адзначаецца як Дзень Слуцкага збройнага чыну 1920 г., як Дзень Герояў, як Дзень Узброеных сілаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
У наступныя дні паўтараліся безупынныя атакі з нейтральнай зоны не толькі на фронце 1-га Слуцкага палка, але і на ўчастку 2-га Грозаўскага палка — на палявыя варты. Асабліва моцна атакавалі праціўніка жаўнеры 1-га і 2-га палкоў на ўчастку Капыль — Цімкавічы — Вызна, працягласцю 60 кіламетраў.
Найбольш значныя баі паасобныя батальёны 1-й Слуцкай брыгады вялі ля вёсак Садавічы, Дошнава, Быстрыца, Лютавічы, Морач, мястэчак Капыль, Вызна. У паасобных баях з чырвонымі паўстанцы наносілі ім значныя страты, бралі палонных, адбівалі назад населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, сілаю мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся ў палон або пераходзілі са зброяй у руках на бок паўстанцаў.
Тады камандаванне 16-й арміі савецкіх войскаў вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход савецкіх войскаў у нейтральную зону 4 снежня, на тры дні. Такім чынам, і польскія ўлады адносіліся адмоўна да паўстанцаў.
Аднак карная аперацыя Чырвонай Арміі дала мізэрны вынік: было затрымана каля 50 дэзерціраў і 15 перабежчыкаў. Камандаванне Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкаю насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войскаў. Толькі ў раёне Семежава частка беларускіх атрадаў была разбіта і 7 снежня перайшла лінію нейтральнай зоны на польскім баку. Польскія вайсковыя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў Слуцкай брыгады.
У гэты час рознагалоссі ў кіраўніцтве паўстанцаў прывялі да змены камандавання брыгадай. Камандзір 1-га Слуцкага палка капітан Павел Чайка быў арыштаваны па абвінавачванні ў здрадзе. П. Чайка праз аднаго старога спрабаваў перадаць пакет з сакрэтнымі дакументамі на савецкі бок. Аднак стары быў затрыманы, а пасля арыштаваны П. Чайка. Аднак пры дапамозе свайго сябра паручніка А. Мірановіча, начальніка контрразведкі, П. Чайка здолеў уцячы з-пад арышту ў Слуцк, але там ён быў арыштаваны за здраду савецкай уладзе і па прысуду «тройкі» асобага аддзела 16-й арміі расстраляны 9 студзеня 1921 г.
Рада Случчыны сабралася на надзвычайнае пасяджэнне і пастанавіла змяніць камандзіра брыгады і начальніка контрразведкі. Камандзірам 1-й Слуцкай брыгады 3 снежня 1920 г. быў прызначаны штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, а камандзірам 1-га палка — падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, раней камандзір 4-га батальёна гэтага палка. Начальнікам контрразведкі быў прызначаны паручнік Тодар Янушэнка. Камандзіру брыгады Рада Случчыны часова перадала дыктатарскія паўнамоцтвы.
Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, за два кіламетры ад ракі Лані, у нейтральнай зоне, але ўжо на тэрыторыі, якая адышла да Польшчы паводле прэлімінарнага дагавора аб міры.
Пасля вяртання савецкіх войскаў з нейтральнай зоны на дэмаркацыйную лінію паўстанцы зноў пачалі нападаць на перадавыя часці Чырвонай Арміі. Звычайна гэта былі начныя налёты. Так, у ноч на 10 снежня жаўнеры напалі на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, у ноч на 12 снежня — на вёску Старынь. Потым паўстанцы зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонай Арміі з занятых пазіцый. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна.
У ноч на 13 снежня жаўнеры 1-га Слуцкага палка і кавалерыйскага атрада пасля жорсткага бою занялі мястэчка Семежава. Вораг страціў забітымі і раненымі 50 чалавек. Але потым паўстанцы з боем вымушаны былі адступіць.
Э. Вайніловіч у сваіх успамінах згадвае, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі, наступаючы на падраздзяленні Слуцкай брыгады, зайшлі далёка за лінію дзяржаўнай мяжы, ажно за Пузаў, пад Ёдчыцы, што было ўжо тагачаснай польскай тэрыторыяй. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся далёка за сваю дэмаркацыйную лінію, каб даць магчымасць савецкім войскам разграміць паўстанцаў.
Штаб Слуцкай брыгады, а з ім і Рада Случчыны перамясціліся ў вёску Морач (за 20 кіламетраў на захад ад Вызны). У ноч на 18 снежня паўстанцы зноў занялі мястэчка Семежава і некалькі вёсак, узяўшы ў палон 25 чырвонаармейцаў, здабылі 1 кулямёт, шмат вінтовак, транспарт з коньмі. У ноч на 19 снежня з боем была занята Вызна. Жаўнеры брыгады прасунуліся на ўсход ад яе.
Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня вайсковыя часці Чырвонай Арміі пачалі наступ, каб ліквідаваць узброенае паўстанне беларускіх вайсковых часцей. У гэты ж дзень чырвонымі была занята Вызна. Жаўнеры пачалі адыходзіць на захад да вёскі Смалічы (за 10 кіламетраў на захад ад Вызны). 20 снежня яны былі адціснуты да ракі Морач. У той жа дзень жаўнераў Слуцкай брыгады з боем выбілі і з Семежава.
Польская дэлегацыя на мірных перамовах у Рызе зноў дала згоду на ўвядзенне савецкіх войск у нейтральную зону, нават на польскую тэрыторыю, каб праследаваць паўстанцаў і там.
Штаб Слуцкай брыгады быў вымушаны перабрацца ў вёску Заастравечча (цяпер Клецкі раён), каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. У гэтую вёску збіраліся паўстанцы з разбітых атрадаў. Рада Случчыны прыняла рашэнне аб пераходзе ракі, бо ўжо не хапала ні боепрыпасаў, ні харчавання.
Перад самым адыходам за Лань 1-шы Слуцкі полк за ўдзел у баях атрымаў у знак узнагароды ад Рады палкавы сцяг залацістага колеру, 2 метры даўжынёю і метр шырынёю. Пасярэдзіне сцяга быў вышыты дзяржаўны герб Пагоня дыяметрам 45 сантыметраў, а навокал Пагоні надпіс: «Першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі».
28 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада перайшла раку Лань. 31 снежня на тэрыторыю, кантралюемую Польшчай, перайшоў апошні атрад слуцкіх паўстанцаў. Аднак днём заканчэння Слуцкага збройнага чыну лічыцца 28 снежня. Такім чынам, ваенныя дзеянні Слуцкай брыгады доўжыліся месяц.
Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі не згадзіўся адысці на польскую тэрыторыю і застаўся ў нейтральнай зоне, каб працягваць ваенныя дзеянні, але ўжо партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Гэты батальён падзяліўся на дзесятак груп, і яго жаўнеры партызанілі яшчэ некалькі гадоў.
Лёс паўстанцаў
Пасля пераходу на тэрыторыю, якую кантралявалі польскія войскі, афіцэры і жаўнеры Слуцкай брыгады былі раззброены і інтэрніраваны (да афіцыйнага заканчэння савецка-польскай вайны і падпісання канчатковага мірнага дагавора) спачатку ў часовы лагер у мястэчку Сіняўка (цяпер Клецкі раён), потым у лагер у Беластоку, а з пачатку сакавіка 1921 г. у лагер у Дарагуску (на рацэ Заходні Буг ля Хэлма). Яны былі вызвалены з лагера толькі ў маі 1921 г., пасля ратыфікацыі ўладнымі органамі РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай, з другога боку, падпісанага ў Рызе 18 сакавіка 1921 г. канчатковага мірнага дагавора (зноў без удзелу БССР). Мірны дагавор быў ратыфікаваны прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 17 красавіка і главой Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім 15 красавіка. Дарэчы, у выніку Рыжскага міру 1921 г. дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і БССР была крыху зменена менавіта на тэрыторыі Слуцкага павета на карысць Польшчы. Да Польшчы адышла тэрыторыя паміж рэкамі Ланню і Случчу, а таксама некаторыя ўчасткі на поўнач ад Менска ў раёне Радашковічаў.
Інтэрніраваныя жаўнеры 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў БНР знаходзіліся ў цяжкіх умовах. Пры дрэнным харчаванні яны мусілі цяжка працаваць на розных работах. Тым не менш у лагеры праводзілася культурна-асветніцкая праца, часам на вечарынах ставіліся п"есы беларускіх аўтараў і дэкламаваліся вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Алеся Гаруна, хор выконваў беларускія песні. 20 красавіка 1921 г. інтэрніраваныя былі пераведзены ў стан жаўнераў і перададзены пад каманду камандзіра 1-й брыгады стральцоў войска БНР капітана А. Сокала-Кутылоўскага, а потым капітана Язэпа Залескага. Пасля вызвалення з лагера жаўнеры і афіцэры Слуцкай брыгады раз"ехаліся ў розныя мясціны Заходняй Беларусі.
Каля 2500 жаўнераў 1-й Слуцкай брыгады, якія не пагадзіліся пайсці ў лагер для інтэрніраваных, засталіся ў ваколіцах Нясвіжа. Яны разам з жаўнерамі аднаго з батальёнаў Беларускай арміі генерала С. Булак-Балаховіча і беларускімі дэзерцірамі з Чырвонай Арміі склалі разам каля 4 тысяч чалавек. Яны арганізоўваліся ў партызанскія атрады, і частка іх пераходзіла на тэрыторыю Савецкай Беларусі для барацьбы супраць савецкай улады.
Частка беларускіх паўстанцаў была арганізавана камандаваннем польскай 4-й арміі ў рабочыя дружыны і займалася адбудаваннем мастоў, дарожнымі і іншымі работамі ў прыфрантавой паласе. У пачатку лютага 1921 г. гэтыя рабочыя дружыны налічвалі больш за паўтары тысячы чалавек. Рабочыя дружыны папаўнялі і беларускія партызаны, якія ў пэўных акалічнасцях вымушаны былі перайсці на польскую тэрыторыю. Пасля ратыфікацыі мірнага дагавора галоўнае камандаванне Войска Польскага 24 красавіка 1921 г. аддало загад усе беларускія вайсковыя фарміраванні і рабочыя дружыны ліквідаваць, што і было выканана ў маі 1921 г.
Архіў Слуцкай брыгады ў ліпені 1921 г. капітан Сокал-Кутылоўскі адвёз у Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу. Сцяг 1-га Слуцкага палка А. Сокал-Кутылоўскі прасіў епіскапа Пінска-Навагрудскага Панцеляймона прыняць у Навагрудскі сабор, але епіскап у просьбе адмовіў.
Шмат слуцкіх паўстанцаў засталося ў Заходняй Беларусі. Частка шарагоўцаў вярнулася ў Беларускую ССР пасля амністыі, абвешчанай савецкай уладай у сувязі з заканчэннем Грамадзянскай вайны ў Расіі. Амністыя была пашырана і на Беларусь. Але нягледзячы на амністыю, шмат шарагоўцаў, якія ўдзельнічалі ў Слуцкім збройным чыне, атрымалі прысуды на 1 год зняволення. Пасля яны працавалі, галоўным чынам, у калгасах. Аднак у 1937—1938 гг. удзельнікі паўстання зноў былі арыштаваны і зніклі бясследна.
Палітычныя і вайсковыя кіраўнікі паўстання ў большасці былі рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі, калі траплялі ім у рукі.
Некалькі афіцэраў Слуцкай брыгады пасля заканчэння паўстання былі перададзены польскімі ўладамі савецкім органам і расстраляны. Паводле сведчання А. Сокала-Кутылоўскага, сярод іх былі капітан Анастас Анцыповіч і Антон Самусевіч. Падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч і паручнік І. Багушэвіч вярнуліся праз некалькі гадоў на Случчыну, паддаўшыся бальшавіцкім абяцанкам аб амністыі, але былі арыштаваны, асуджаны і згінулі ў савецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Такі ж лёс напаткаў і шараговых стральцоў, якія праз 4—5 гадоў вярнуліся з Заходняй Беларусі на Случчыну. Паручнік Бранявіцкі быў забіты ў Польшчы падасланым агентам НКУС. Паручнікі Тодар Янушэнка і Мікола Кернажыцкі былі арыштаваны ў 1939 г., пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, і асуджаны да зняволення ў лагеры. Прапаршчык Рудзік быў рэпрэсаваны ў 1940 г.
Найбольш вядомыя дзеячы, удзельнікі Слуцкага збройнага чыну, таксама былі рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі.
Антон Сокал-Кутылоўскі двойчы арыштоўваўся НКУС — 19 чэрвеня 1941 г. у Баранавічах (але праз некалькі дзён з-за адступлення Чырвонай Арміі вызваліўся з вязніцы) і ў 1945 г. і адбываў пакаранне ў лагерах. Павел Жаўрыд, які вярнуўся на радзіму ў 1923 г., быў арыштаваны ў 1930 г. і памёр у 1939 г. у лагеры. Юрый Лістапад, сябар Рады Случчыны ўлетку 1922 г., вярнуўся на радзіму, тройчы арыштоўваўся, быў асуджаны і расстраляны ў 1938 г.
Макар Касцевіч (Краўцоў), аўтар гімна БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», падпаручнік, загадваў друкарняй паўстанцаў у Клецку. У кастрычніку 1939 г. арыштаваны НКУС у Вільні і вывезены ў СССР. Далейшы лёс яго невядомы.
Язэп Лагіновіч (псеўданім Павел Корчык) быў жаўнерам (старшым пісарам) 2-й роты 1-га Слуцкага палка. У Заходняй Беларусі перайшоў на камуністычныя пазіцыі, прымаў удзел у рэвалюцыйным руху і стаў нацыянальным сакратаром камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Прыгавораны ў СССР да расстрэлу, ён памёр у 1940 г. у мінскай турме.
Сярод слуцкіх паўстанцаў было шмат слаўных людзей. Гэта былі палітычныя і грамадскія дзеячы, афіцэры і шарагоўцы, інтэлігенты, гараджане і сяляне, свядомыя беларусы. Усе яны выступалі за незалежнасць Бацькаўшчыны. Некаторыя працягвалі партызанскую барацьбу і пасля паўстання. Так, Лукаш Семянюк у 1921 г. загінуў у баі.
* * *
1-я Агульнанацыянальная палітычная канферэнцыя прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый з 6 краін, якая праходзіла ў сталіцы Чэхаславакіі Празе 25—28 верасня 1921 г., разглядала сярод іншых пытанняў і пытанне аб Слуцкім паўстанні. Пасля абмеркавання і спрэчак была прынята адпаведная рэзалюцыя аб Слуцкім паўстанні, апублікаваная ў шэрагу беларускіх газет Літвы, Заходняй Беларусі, Чэхаславакіі, у расійскай і ўкраінскай эміграцыйнай прэсе.
У рэзалюцыі канферэнцыі, прынятай 28 верасня 1921 г., адзначалася, што на Случчыне «народ, стыхійна паўстаўшы з аружжам у руках за незалежнасць і непадзельнасць сваёй бацькаўшчыны, напісаў на сваім штандары: ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў. Беларуская нацыянальна-палітычная нарада канстатуе, што гэтае паўстанне было задушана пераважаючымі сіламі абодвух бакоў».
Слуцкія паўстанцы 1920 г. за кароткі тэрмін змаглі ўтварыць баяздольныя адзінкі беларускага нацыянальнага войска, якія здолелі ў неспрыяльных умовах на працягу месяца весці цяжкую барацьбу супраць значна больш мацнейшага праціўніка. Аднак у тых абставінах, якія склаліся ў канцы 1920 г., без якой-небудзь дапамогі звонку, пры варожай, па сутнасці, пазіцыі Польшчы, лёс паўстання быў прадвырашаны. Але гэта не змяншае яго значэння ў гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Слуцкі збройны чын увайшоў у гісторыю як адна са слаўных старонак беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.
Штогод 27 лістапада адзначаецца Беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі ў розных краінах свету як Дзень Герояў, дзень Слуцкага збройнага чыну 1920 г. З 1992 г. гэты дзень святкуецца і нацыянальна свядомымі беларусамі на Бацькаўшчыне. У наш час, для ўмацавання суверэнітэту Беларусі, святкаванне гэтага дня набывае вялікую актуальнасць.
Адной з важнейшых падзей у барацьбе за незалежнасць і суверэнітэт Беларусі быў менавіта Слуцкі збройны чын 1920 г.
Літаратура
1. Грыцкевіч А. Артыкулы «Беларуская рада Случчыны», «Грозаўскі полк», «Слуцкі полк» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 1993—2001. Т. 1, 3, 6 (ч. 1); Беларуская энцыклапедыя. Мн., 1996—2002. Т. 2, 15.
2. Грыцкевіч А. Артыкулы пра Слуцкі збройны чын у газеце «Наша слова». 1998—2004.
3. Грыцкевіч А. Падзеі на Случчыне ў 1920 г. (Слуцкае паўстанне) // Памяць. Слуцкі раён. Слуцк. Кн. 1-я. Мінск, 2000. С. 192—196.
4. Грыцкевіч А. Пра падзеі на Случчыне // Слуцкі край. 1992. № 93—96.
5. Грыцкевіч А. Слуцкае паўстанне 1920 г. — збройны чын у барацьбе за незалежнасць Беларусі // Спадчына. 1993. № 2. С. 2—31.
6. Змагар А. Вызвольныя шляхі. Кліўленд. 1965. С. 41—44.
7. Историко-стратегический очерк XVI армии. Могилев, 1921.
8. Круталевич В. А. История Беларуси: Становление национальной державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999.
9. Лістапад Ю. Узьбіліся на свой шлях // Спадчына. 1998. № 1.
10. Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Мн., 1993.
11. Слуцкі збройны чын у дакумэнтах і ўспамінах. Мн., 2001.
12. Сокал-Кутылоўскі А. Мае ўспаміны аб Слуцкім збройным змаганні з бальшавікамі ў 1920 годзе // Зважай. 1989. № 4.
13. Јatyszonek O. Biaіoruskie formacje wojskowe. 1917—1923. Biaіystok, 1995. S. 195—208.
Скачать книгу в формате PDF (5,06 Мб)
Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі
25.03.2013
Пад час мірных перагавораў у сталіцы Латвіі Рызе паміж савецкай расійска-ўкраінскай дэлегацыяй, з аднаго боку, і польскай, з другога, вызначаўся лёс Беларусі і савецка-польскай граніцы. Прапанова кіраўніка савецкай дэлегацыі А.А. Іофэ ўступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да р. Бярэзіны) за тэрытарыяльныя ўступкі на Украіне не была прынята польскім бокам, бо улады баяліся аб"яднання ўсіх беларусаў у складзе Польскай дзяржавы. У выніку перагавораў 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісана не толькі перамір"е, але і дагавор аб прэлімінарных (папярэдніх) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай – з другога. Польшча прызнавала абедзве савецкія рэспублікі Украінскую і Беларускую (тэрыторыя якой тады заканчвалася за Барысавым і Бабруйскам). Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь прызнаваліся польскай тэрыторыяй. Да падпісання канчатковага міру ўстанаўлівалася нейтральная зона. Чырвоная Армія адыходзіла на адлегласць «не бліжэй 15 км ад зафіксаванага да моманту спынення ваенных дзеянняў польскага фронту». Польскія войскі на поўнач ад Нясвіжа спыняліся на лініі граніцы, а на поўдзень – на лініі свайго найбольшага прасоўвання. Толькі пасля ратыфікацыі гэтага дагавора войскі абодвух бакоў павінны былі паступова адводзіцца за межы сваёй тэрыторыі і размяшчацца на бліжэй 15 км па абодвух баках граніцы. Ад гэтага часу ўстанаўлівалася нейтральная зона шырынёй 30 км.
Гэта азначала, што ў бліжэйшы час, пасля ратыфікацыі прэлімінарнага мірнага дагавора, польскія войскі адыдуць за савецка-польскую мяжу з тэрыторыі Слуцкага павета. У выніку дагавора заходняя частка Слуцкага павета станавілася тэрыторыяй Польскай дзяржавы (Ляхавічы, Нясвіж, Клецк), а Капыль і Капыльская воласць – памежнай тэрыторыяй.
Слуцк і Слуцкі павет у перыяд так званай другой польскай акупацыі ў кастрычніку-лістападзе 1920 г. з"яўляліся месцам канцэнтрацыі 11 й і 16 й польскіх пяхотных дывізій. Тут жа ў кастрычніку 1920 г. фарміраваліся гусарскі, уланскі і Тульскі драгунскі палкі Саюзнай народнай добраахвотніцкай арміі беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Армія фарміравалася з беларускіх і рускіх палкоў.
У Слуцку і Слуцкім павеце моцныя пазіцыі займала партыя эсэраў, якая абапіралася на беларускае сялянства і пад час савецка-польскай вайны разам з партыяй бальшавікоў вяла партызанскую барацьбу супраць польскай акупацыі. Пасля абвяшчэння БССР у другі раз, 31 ліпеня 1920 г., партыя беларускіх эсэраў (як саюзнік Кампартыі Беларусі) заставалася легальнай, хаця бальшавікі ўладай з ёй не падзяліліся. Эсэры па-ранейшаму стаялі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, займалі антыпольскія пазіцыі, былі таксам праціўнікамі вайскова-палітычнага саюзу з Савецкай Расіяй або далучэння да Расіі. Рыхтуючыся да адыходу, польскія вайсковыя ўлады ў пачатку лістапада 1920 г. перадалі ўсю цывільную ўладу беларускім дзеячам.
Пасля заняцця Слуцка польскімі войскамі ў кастрычніку 1920 г. у павятовым цэнтры ўзнавіў сваю дзейнасць Беларускі Нацыянальны Камітэт, створаны яшчэ ў 1918 г. У ім дзейнічалі дзве групоўкі: прыхілбнікі генерала Булак-Балаховіча, якія супрацоўнічалі з польскісмі ўладамі, і беларускія эсэры, прыхільнікі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Эсэры прапанавалі склікаць з"езд Случчыны (у пераважнай большасці з сялянства), каб вырашыць пытанні ўлады. У валасцях павета, у тым ліку і на Капыльшчыне, былі створаны абраныя мясцовымі сялянамі на чале з эсэрамі Беларускія нацыянальныя камітэты як органы народнай улады. Парадак падтрымлівала народная міліцыя з жыхароў мястэчкаў і воласці. і снаваў і рэзерв народнай міліцыі з добраахвотнікаў. Адміністрацыю ў Слуцку і гаспадарчую дзейнасць узначальвалі мясцовыя беларускія дзеячы. За некалькі дзён замест войтаў у валасцях і солтысаў у вёсках былі дэмакратычна абраны Беларускія нацыянальныя камітэты як органы мясцовай улады.
14–15 ліпеня 1920 г. у Слуцку адбыўся Першы беларускі з"езд Случчыны (з"езд сялянства Случчыны) з дэлегатамі ад горада і 15 валасцей, у тым ліку і Капыдьскай. З"езд праходзіў пад уплывам беларускіх эсэраў, прыняў рэзалюцыю аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і выбраў Беларускую Раду Случчыны з 17 сяброў у якасці выканаўчага і распарадчага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі. Паколькі з"езд прыняў пастанову аб падрыхтоўцы збройнага змагання, пасля яго закрыцця некалькі дэлегатаў выехалі ў вёскі Капыльскай, Цімкавіцкай, Грозаўскай, Быстрыцкай і іншых валасцей, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змагання.
Пры падтрымцы сялянства і гаражан Слуцкая рада за тры дні сфармавала з добраахвотнікаў 1 ю Слуцкую брыгаду стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе палкоў: 1 га Слуцкага і 2 га Гозаўскага, прызначыла камандаванне брыгадай, палкамі, займалася забеспячэннем войска зброяй і харчаваннем.
2 гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. У Грозаве добраахвотнікі, сялянскія хлопцы, збіраліся ў памешчыцкім доме, адтуль і пашлі на фронт. Грозаўскі полк складаўся з 2 батальёнаў, а яны падзяляліся на роты. Камандзір палка – капітан Лука Семянюк (былы камандзір 1 га беларускага партызанскага атрада), намеснік камандзіра палка – капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў – капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля. Пасля фарміравання (апроч рэзерву) у 2 м Грозаўскім палку было каля 2 тыс. чалавек. Узбраеннем (вінтоўкі і некалькі кулямётаў) была забяспечана толькі чвэрць асабовага саставу; за кошт трафеяў і дапамогі Беларускай вайсковай камісіі пазней была ўзброена палова жаўнераў палка. У пачатку паўстання полк займаў фронт у 60 км у нейтральнай зоне савецка-польскай граніцы на поўнач ад лініі фронту 1 га Слуцкага палка (лінія Грозаў – Капыль – Цімкавічы – Семежава) і рабіў напады на палявыя каравулы Чырвонай Арміі. Маючы дрэнныя разведвальныя звесткі, камандаванне Чырвонай Арміі спачатку прыняло жаўнераў Слуцкай брыгады за атрады генерала Булак-Балаховіча. Так, у аператыўнай зводцы палявога штаба Чырвонай Арміі ад 2 снежня 1920 г. гаварылася: «У Слуцкім раёне ў 20 вярстах на паўночны захад (раён паміж Капылём і Грозавам. – А.Г.) і ў 25 вярстах на паўднёвы захад ад Слуцка (раён Вызны. – А. Г.) адбываюцца сутычкі з дробнымі вандроўнымі атрадамі балахоўцаў». Баі вяліся ў раёне в. Быстрыца, ля мяст. Капыль і ў іншых населеных пунктах. У гэтых баях паўстанцы наносілі страты, бралі палонных, адбівалі населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, сілай мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся у палон або пераходзілі са зброяй.
У баі ля мяст. Капыль жаўнеры Грозаўскага палка захапілі ў палон роту чырвонаармейцаў з канцылярыяй і ўсёй амуніцыяй. Былі захоплены ў палон і сябры рэўкама, створанага савецкім камандаваннем. Пасля гэтага бою аддзелы 2 га Грозаўскага палка выцяснілі чырвоныя падраздзяленні з Цімкавічаў на ўсход.
Камандаванне 16 й арміі савецкіх войск вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход 4 снежня савецкіх войск (8 й і 17 й стралковых дывізій) у нейтральную зону на тры дні, выказаўшы сваё адмоўнае стаўленне да паўстанцаў. Аднак камандаване Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкай насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войск. Баі вяліся зноў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны. Толькі ў раёне Семежава частка атрадаў паўстанцаў была разбіта і 7 снежня перайшла польскую мяжу. Польскія ваенныя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў. 9 снежня штаб Слуцкай брыгады прызнаў, што пасля баёў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны аддзелы паўстанцаў адступілі да мяжы і дзве роты адышлі на польскую тэрыторыю, дзе былі раззброены польскімі ўладамі.
Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення знаходзіўся ў в. Грыцэвічы, у 2 км ад р. Лань, у нейтральнай зоне, але на тэрыторыі, якая паводле папярэдняга мірнага дагавора адышла да Польшчы. Перагрупіраваўшыся, паўстанцы зноў перайшлі ў наступ. У ноч на 10 снежня яны занялі вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а потым в. Старынь. Жаўнеры брыгады зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонай Арміі з занятых пазіцый. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна. У ноч на 13 снежня паўстанцы адбілі Семежава, дзе захапілі многа боепрыпасаў. Асаблівую адвагу выказалі жаўнеры 2 й роты 1 га Слуцкага палка на чале з паручнікам А. Курыловічам. Аднак савецкія падраздзяленні зноў адбілі ў паўстанцаў Семежава.
Э. Вайніловіч (фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску і ўладальнік майнткаў Пузава і Савічы) у сваіх успамінах згадвае, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную дамовай 12 кастрычніка 1920 г., ажно за Пузаў, пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за савю дэмаркацыйную лінію. Гэта было зроблена, каб даць магчымасць савецкім войскам разгарміць паўстанцаў. У наступных баях атрады паўстанцаў занялі Семежава, Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.
Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. У гэты ж дзень чырвонаармейцамі было адбіта мяст. Вызна. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад. 20 снежня яны былі выціснуты да р. Морач. У той жа дзень іх выбілі з Семежава. Па ўзгадненні расійскай савецкай і польскай дэлегацый на мірных перагаворах у Рызе войскам Чырвонай Арміі дазвалялася праследаваць паўстанцаў і ў нейтральнай зоне, нават на тэрыторыі Польшчы. Штаб Слуцкай брыгады Вымушаны быў перадыслацыравацца ў в. Заастравечча (Клецкі раён) каля р. Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся аддзелы паўстанцаў, якім было нанесена паражэнне. Рада Случчыны БНР прыняла рашэнне перайсці сваім вайсковым аддзелам раку ў раёне размяшчэння 41 га польскага палка. 29 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада стральцоў БНР перайшла за р. Лань і была абяззброена і інтэрніравана польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне і змагаліся яшчэ доўгі час. Камандаванне Чырвонай Арміі адзначала, што беларускія партызаны непакоілі савецкія вайсковыя адзінкі ў Слуцкім павеце ў студзені 1921 г., калі яшчэ вяліся канчатковыя перагаворы яб міры паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Камандаванне 16 й арміі адзначала сур"ёзны характар партызанскага руху, які «не лічыць сваю барацьбу супраць Савецкай Расіі скончанай» і намагаецца «стварэння незалежнай дэмакратычный Беларускай Рэспублікі». Таму тут і пакінулі «найбольш вопытных кіраўнікоў, старых партызанаў і зброю». 17–24 лютага 1921 г. на гэтым участку нейтральнай зоны была праведзена сумесная акцыя «расійскіх і польскіх атрадаў, кожны ў складзе не больш 400 штыкоў (г. зн. пехацінцаў. – А.Г.) пры 4 кулямётах і 60 шабляў (г. зн. коннікаў. – А.Г.)». Аднак гэтая аперацыя не дала вынікаў. Партызаны, якіх падтрымлівала сялянства, выйшлі з-пад удару савецкіх і польскіх вайсковых аддзелаў, пра што сведчаць вайсковыя паведамленні. Нейтральная зона ў раёне Капыля была занята Чырвонай Арміяй да савецка-польскай дзяржаўнай мяжы толькі пасля падпісання 18 сакавіка 1921 г. у Рызе канчатковага мірнага дагавора паміж РСФСР і Польшчай. у выніку якога тэрыторыя Беларусі была разрэзана амаль папалам. У 2 м артыкуле савецка-польскага мірнага дагавора 1921 г. так апісвалася лінія дзяржаўнай мяжы: «…далей да сярэдзіны дарогі паміж Нясвіжам і Цімкавічамі (на захад ад Кукавічаў) пакідаючы вёскі Свярынава, Кутец, Луніна, Язвіны Паўночныя, Белікі, Язвін, Рымашы і Кукавічы (усе тры) на баку Беларусі, а на баку Польшчы вёскі Куль, Бучнае, Дзвянопаль, Журавы, Пасекі, Юшэвічы, Лісуны Паўночныя і Паўднёвыя, Султанаўшчына і Пляшэвічы; далей да сярэдзіны дарогі паміж Клецкам і Цімкавічамі (паміж вёскамі Пузава і Праходы), пакідаючы на баку Беларусі вёскі Раёўка, Савічы, Заракаўцы і Пузава, а на баку Польшчы вёскі Марусін, Смолічы Усходнія, Ляцешын і Праходы; далей да Маскоўска-Варшаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад вёскі Філіпавічы Заходнія, пакідаючы вёску Цехава на баку Беларусі, а вёску Ёдчыцы на баку Польшчы…»
25 сакавіка 1921 г. было падпісана пагадненне польска-расійскай вайсковай камісіяй, якое ліквідавала нейтральную зону. Войскі 16 й арміі прасунуліся да лініі мяжы.
Такім чынам, ваенныя дзеянні на тэрыторыі Капыльскай і суседніх валасцей былі скончаны. На тэрыторыі ўсяго Слуцкага павета ўсталявалася савецкая ўлада.
Паводле А.П. Грыцкевіча «На крутым павароце гісторыі».
23.11.2007