Уся Случ
03.03.2014
Ну вось, закончылася вандроўка-плаванне па рацэ Случ, і заканчваецца маё апавяданне, мая песня пра яе. Мне сумна.
Я шчыра падзяліўся з чытачом сваімі назіраннямі, думкамі. Расказаў і пра сябе сёе-тое, бо ці будзе калі яшчэ такая магчымасць…
Случ – адна з цікавейшых рэк Прыпяцкага басейна. Пачыналася яна з-пад лазовага куста сярод неабсяжных балот ля водападзелу з Нёманам блізка ад вёскі Крывая Града ў Слуцкім раёне. Мы з Леанідам Круковічам, шахцёрам з чацвёртага рудніка, адшукалі тое месца і ўстанавілі знак «Выток ракі Случ». Але сапраўднай вытокі там цяпер няма. Усё зруйнавалі меліяратары, уся плошча асушана і зрэзана канавамі. Да самага Салігорскага вадасховішча няма рэчышча Случы – скрозь шлюзаваная канава. Сапраўдная Случ цяпер пачынаецца ад Старобіна, а сапраўдны лес на яе берагах – пасля Залюцічаў.
Аб даўжыні ракі ў розных крыніцах прыводзяцца розныя лічбы. Найбольш правільнымі, на мой погляд, павінны быць тыя, якія здабыты ў выніку пошукаў пры будаўніцтве Салігорскага вадасховішча – 228 км. Случ збірае ваду з плошчы ў 5276 квадратных кіламетраў. Рачная сетка Слуццанскага басейна складаецца са 117 прытокаў, агульнай даўжынёй у 1350 кіламетраў.
Колькі вады нясе Случ? У 1958 г. у Леніне зафіксавана найбольшая лічба – 576 кубаметраў у секунду. Ніжэй Леніна назіранні не вяліся. Агульнае падзенне ракі – 46,6 м. У апошнія гады рака фактычна перасыхае. Прападае.
Цікава, што большасць паселішчаў узнікла першапачаткова і знаходзіцца цяпер на правым заходнім беразе ракі, хоць ёсць сухія месцы і на левым. Тлумачыцца гэта, мабыць, тым, што чалавеку прыемней бачыць раку там, адкуль раніцай свеціць сонца, прыходзіць цяпло.
З аднаго плавання Случ не запомніш і не вывучыш. Я разглядаю фотаздымкі. Іх некалькі сотняў. I зноў перажываю ўсе падзеі плавання. Бачу, як днём сонейка купаецца ў хвалях, ноччу месячык і зоры глядзяцца ў ваду.
Хочацца яшчэ раз прайсці па Случы. I, вядома ж, я шчаслівы, што збылася мая мара. Тым больш што найпрыгажэйшую частку ракі мы прайшлі разам з жонкай і дачушкай.
Выйдзі ў любым месцы на бераг Случы, сядзь і глядзі – ніколі не надакучыць! Чараўніца-рака зачаруе цябе. Адыйдзеш ад яе – захочацца вярнуцца назад. Дадому прыйдзеш – будзе мроіцца няспешная плынь вады, стануць разгортвацца таямнічыя павароты ракі, у вачах паўстане буйная зеляніна на яе берагах, дрэвы над вадой, сніцьмуцца белыя лілеі ў азёрах і белыя аблокі над плёсамі, будзе чутны птушыны спеў, шэпат ветру ў чаратах і вербалозах. Ногі ў цёплай пасцелі адчуюць пясок на рачным дне.
I якіх рэк мне не давялося б пабачыць яшчэ, ведаю: мілей за Случ нічога не будзе. Любоў мая да яе на ўсё жыццё.
…Вось і пастаўлена апошняя кропка. Мне хацелася расказаць табе, дарагі чытач, вельмі шмат. Ці ўдалося? Адно ведаю: шчасце, якое дае чалавеку Радзіма, непараўнальнае ні з чым. А мая родная Беларусь, маё мілае Палессе – найпрыгажэйшы куток зямлі. Поўная паэтычнасці, летуценная і задумлівая, яна бясконца і пяшчотна размаўляе з намі, нядбайнымі часам дзецьмі. Галасамі птушак, звонам мноства мошак, поіць сваімі сокамі, абвявае водарам лясоў і палёў. Яна быццам не заўважае нашай няўдзячнасці і, як маці, даруе ўсё…
Няма прыгажэйшай чым ты, зямля Беларусі, нідзе-нідзе. Ва ўсім свеце ты самая мілая, цёплая, найродная.
Песня пра Случ
Жонцы Ганне Раманоўскай
Воблакам, воблакам беглым дзяцінства
Хутка сплыло за рачны паварот.
Толькі ў сэрцы, як дзедаў гасцінец,
Белых лілеяў зацвіў карагод.
Срэбныя. срэбныя хвалі,
З краскаў вянкі-берагі,
Музыкай поўняцца далі –
Случ мая, край дарагі!
Чыстыя, чыстыя ціхія воды
Бацьку і дзеду люлялі чаўны,
Людзям Палесся – абранцам свабоды,
Шляхам яднання былі з даўніны.
Срэбныя, срэбныя хвалі,
З краскаў вянкі-берагі,
Музыкай поўняцца далі –
Случ мая, край дарагі!
Роснаё, роснае ранне ў ракіце
Будзіць залеглыя ўсцяж туманы,
Бусел лунае ў надхмарным блакіце –
Любіць глядзецца ў плёс люстраны.
Срэбныя, срэбныя хвалі,
З краскаў вянкі-берагі,
Музыкай поўняцца далі –
Случ мая, край дарагі!
Шчасную, шчасную стрэчу з каханнем
Ты, мая рэчанька, нам прыпасла,
Нас павянчала ў сонечным ззянні,
Сцежку жыццёвую ў кветках спляла.
Срэбныя, срэбныя хвалі,
З краскаў вянкі-берагі,
Музыкай поўняцца далі –
Случ мая, край дарагі!
Беражыце прыроду радзімую
«Слуццалюб» (Лявон Шпакоўскі - Случанін)
Адкуль цячэ Случ
Дзеньдругі. Раніца
Дзень першы
Случ, мая мілая, што з табой нарабілі?
Ад вытоку да Слуцка
Салігорскае вадасховішча
Зайздросьце (Леанід Якубовіч)
На парозе Палесся
Майстры (Анатоль Крывіцкі)
Пра далейшае пішу таксама з болем
Давайце адпачнём ад змрочных успамінаў
... Зноў пра ваеннае ліхалецце
Паўтарэнне - маці вучэння?... (Анатоль Грыцкевіч)
Администрация сайта сожалеет о том, что не может предоставить качественные фотографии автора книги.